германскае племя. Упершыню ўпамінаецца ў пач. 6 ст. Магчыма, паходзіць ад маркаманаў. У сярэдзіне 6 ст. бавары занялі частку тэр. былых рым. правінцый Норык і Рэцыя (засялілі тэр. сучасных Верхняй Аўстрыі, Зальцбурга, Верхняй і Ніжняй Баварыі, часткова Ціроля). З 6 ст. вядома племянное герцагства (гл.Баварыя). На тэр. іх рассялення ў 7—8 ст. дзейнічала звычаёвае права — Баварская праўда (гл. ў арт.Варварскія праўды). Разам з інш.герм. плямёнамі бавары заклалі аснову ням. і аўстр. народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́БА, Гебея,
у грэчаскай міфалогіі багіня юнацтва, дачка Зеўса і Геры, сястра Арэса. На Алімпе ў палацы Зеўса на баляваннях багоў выконвала абавязкі віначэрпа (пазней яны перайшлі на Ганімеда). Пасля абагаўлення Геракла Геба стала яго жонкай. Вяселле Гебы і Геракла — часты сюжэт у ант. паэзіі (Сапфо, Піндар, Авідзій), выяўл. мастацтве (рэльефы, творы вазапісу, скульптуры А.Кановы, Б.Торвальдсена), у музыцы (оперы Р.Кайзера, К.В.Глюка) і інш. У рым. міфалогіі Гебе адпавядае Ювента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПА РЫ́МСКІ,
кіраўнік каталіцкай царквы і вярх. правіцель (абсалютны манарх) дзяржавы-горада Ватыкан. Выбіраецца канклавам (калегіяй кардыналаў) пажыццёва 2/3 галасоў + 1 голас (з 1389 толькі з кардыналаў). Згодна з догматам каталіцкай царквы, прынятым I Ватыканскім саборам у 1870, лічыцца бязгрэшным у справах веры і маралі. У афіц. спісе рым. пап, які выдаецца Ватыканам, 262 папы. З 1523 папскі прастол займалі італьянцы. Традыцыя парушана ў 1978, калі папам абраны польскі кардынал Караль Вайтыла, які прыняў імя Іаан Павел II.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРАВІ́НГІ (позналац. Merovingi),
першая каралеўская дынастыя ў Франкскай дзяржаве ў 457—751. Назва ад легендарнага родапачынальніка Меравея (Merovaeus). У перыяд праўлення М. у франкаў зарадзіліся феад. адносіны. Гал. прадстаўнікі: Хільдэрык I [457—81] — фактычны заснавальнік дынастыі; Хлодвіг I [481—511], пры якім франкі заваявалі рым.Галію; Хлотар II [584—629], Дагаберт I [629—39]. Пераемнікі Дагаберта I, т.зв. «лянівыя каралі», былі фактычна адхілены ад улады сваімі маярдомамі (вышэйшымі саноўнікамі), адзін з якіх — Піпін Кароткі — скінуў апошняга караля з дынастыі М. Хільдэрыка III [743—51] і паклаў пачатак дынастыі Каралінгаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НА, Афіна Палада,
у стараж.-грэч. міфалогіі багіня вайны і перамогі, мудрасці, ведаў, мастацтваў і рамёстваў. Паводле міфа, Афіна ў шлеме і панцыры выйшла з галавы Зеўса. Культ Афіны быў распаўсюджаны па ўсёй Грэцыі, асабліва яе шанавалі ў Афінах. З Афінай грэкі звязвалі назву горада, лічылі багіню яго апякункай. У гонар Афіны штогод спраўлялі свята Панафінеі. Храм Афіны Парфенон — выдатны помнік стараж.-грэч. мастацтва. У рым. міфалогіі ёй адпавядае Мінерва.
Афіна. Скульптар Міран. Сярэдзіна 5 ст. да н.э. Рымская копія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНА́Т (Banat),
гістарычная вобласць у Паўд.-Усх. Еўропе, паміж Трансільванскімі Альпамі на У, рэкамі Ціса на З, Мурэш на Пн, Дунай на Пд. На пач. нашай эры тэр. Баната ўваходзіла ў склад рым. правінцыі Дакія. З 1028 пад уладай Венг. каралеўства. Да 16 ст. заваяваны Асманскай імперыяй. Паводле Пажаравацкіх мірных дагавораў 1718 Банат перайшоў да Аўстрыі (пазней Аўстра-Венгрыі). Паводле Трыянонскага мірнага дагавора 1920 2/3 яго тэрыторыі адышлі да Румыніі, амаль ⅓ — да Югаславіі, землі вакол г. Сегед — да Венгрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЫ (лац. Galli),
кельцкія плямёны, якія ў 6—5 ст. да н.э. засялілі тэрыторыю, названую рымлянамі Галія. У Італію галы прыйшлі, верагодна, з Поўначы, у 387 да н.э. захапілі Рым, пасля адступілі і аселі на Пн ад р. По. У 3 ст. да н.э. занялі Швейцарыю, у 2 ст. да н.э.паўн.-ўсх. раёны Галіі. Пасля 2-й Пунічнай вайны (218—201 да н.э.) галы ў Італіі трапілі пад уладу Рыма. Мелі даволі высокую культуру (гл.Латэн), гандлявалі з Грэцыяй, Італіяй, чаканілі манету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬНААДПУ́ШЧАНІКІ,
у антычным і раннефеад. грамадстве рабы, адпушчаныя на волю ці выкупленыя на ўласныя зберажэнні. Грамадз. правы вольнаадпушчанікаў былі абмежаваны, часцей яны па-ранейшаму служылі сваім гаспадарам. У Стараж. Грэцыі пры вызваленні рабам не давалі грамадзянства, і яны станавіліся метэкамі пад патранатам б. гаспадара. У Стараж. Рыме вольнаадпушчанікі атрымлівалі радавое імя б. гаспадара і рым. грамадзянства, але без права адпраўляць магістратуры і служыць у арміі. У герм. плямёнах і ў «варварскіх» дзяржавах рабоў звычайна адпускалі з захаваннем іх асабістай залежнасці ад ранейшага патрона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РМСКІ ЭДЫ́КТ 1521,
заканадаўчы акт, накіраваны супраць пратэстанцкага вучэння ідэолага ням. Рэфармацыі М.Лютэра. Прыняты па патрабаванні імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла V на рэйхстагу ў г. Вормс (Германія) у крас. 1521 пасля таго, як прысутны на рэйхстагу Лютэр адмовіўся адрачыся ад сваіх рэліг. поглядаў. Эдыкт абвяшчаў Лютэра ерэтыком і ставіў па-за законам, яго вучэнне забаранялася падтрымліваць, а творы — чытаць і распаўсюджваць. У час вяртання з Вормса Лютэра схаваў ад праследаванняў у замку Вартбург (каля г. Айзенах) саксонскі курфюрст Фрыдрых Мудры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЦЫІ (Horatii),
старажытны рымскі патрыцыянскі род. Яго легендарнымі прадстаўнікамі лічыліся тры юнакі-блізняты Гарацыі, якія перамаглі ў адзінаборстве трох блізнят Курыяцыяў з Альба-Лонгі ў час вайны Рыма з Альба-Лонгай (7 ст. да н.э.); Марк Гарацый Пульвіл, адзін з першых консулаў Рэспублікі, які заключыў дагавор Рыма з Карфагенам у 510—509 да н.э. і асвяціў Капіталійскі храм; Публій Гарацый Коклес (аднавокі). Праславіўся тым, што адзін абараняў мост цераз р. Тыбр ад этрускаў, якія ў 508 да н.э. наступалі на Рым.