МАСКО́ЎСКАЯ КАМПА́НІЯ, Руская кампанія,

першая англійская гандлёвая кампанія, якая атрымала ў 1554 хартыю свайго ўрада на права манапольнага гандлю з Рас. дзяржавай. Імкнучыся да пашырэння сувязей з краінамі Зах. Еўропы, цар Іван IV даў М.к. права свабодна перамяшчацца і бяспошлінна гандляваць з Рас. дзяржавай, а ў 1569 — права транзітнага гандлю па волжскім водным шляху з краінамі Усходу. М.к. імкнулася манапольна авалодаць рас. рынкам, выцясняючы з яго канкурэнтаў (найперш прадстаўнікоў Галандыі). Спыніла дзейнасць пасля 1649, калі ўрад выслаў з Расіі яе агентаў і інш. англічан у сувязі з пакараннем смерцю англ. караля Карла I.

т. 10, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРА́НТ (ад англ. warrant паўнамоцтва, правамоцтва),

1) пасведчанне, якое выдаецца таварнымі складамі аб прыняцці тавару на захоўванне. Дае права яго трымальніку ўзяць пазыку пад заклад названага ў варанце тавару.

2) Дадатковае пасведчанне, якое выдаецца разам з каштоўнай паперай і дае яе ўладальніку права на дадатковыя льготы па сканчэнні пэўнага тэрміну.

т. 4, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТ ЮРЫДЫ́ЧНЫ,

афіцыйны дакумент, які выдаецца дзярж. органам ці службовай асобай у межах іх кампетэнцыі і мае абавязковыя для выканання прадпісанні. Падзяляюцца на нарматыўныя (устанаўліваюць нормы права і рэгламентуюць пэўную сферу грамадскіх адносін) і індывідуальныя (спараджаюць канкрэтныя правы і абавязкі для канкрэтных суб’ектаў права) акты. Актам юрыдычным наз. таксама дакумент, які сведчыць аб факце юрыдычным.

т. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСТАМА́НТЭ КО́ДЭКС,

адна з найбольш значных кадыфікацый міжнар. прыватнага права. Прыняты 20.2.1928 у Гаване на 6-й Панамерыканскай канферэнцыі. Названы па прозвішчы складальніка — А.Бустамантэ-і-Сірвена. Уключае 437 артыкулаў, у якіх разглядаюцца пытанні міжнар. цывільнага, гандлёвага, крымінальнага права і міжнар. працэсу. Б.к. ратыфікаваны шэрагам амер. краін, у інш. выкарыстоўваецца судамі пры «мэтазгоднасці».

т. 3, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАХТА́НГА ЗАКО́НЫ,

кодэкс феад. права Грузіі, складзены ў 1705—08 пад кіраўніцтвам цара Картлі Вахтанга VI. Складаюцца з вытрымак з Бібліі, візант., арм. і груз. законаў і ўласна Улажэння Вахтанга VI. Вахтанга законы юрыдычна аформілі прыгоннае права; фактычна дзейнічалі па ўсёй Грузіі, а некаторыя законы — і пасля далучэння Грузіі да Расіі (пач. 19 ст).

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНАРА́Р А́ЎТАРСКІ,

гл. ў арт. Аўтарскае права.

т. 5, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПЕРАТЫ́ЎНАЯ НО́РМА,

гл. ў арт. Норма права.

т. 7, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМЯ́ ў цывільным праве.

Даецца чалавеку пры нараджэнні і служыць сродкам індывідуалізацыі асобы ў грамадскім жыцці. Права на І. — неад’емнае права грамадзяніна, замацаванае Міжнар. пактам аб грамадз. і паліт. правах 1966. Паводле Цывільнага кодэкса Рэспублікі Беларусь грамадзянін набывае і ажыццяўляе правы і абавязкі пад сваім імем, якое ўключае прозвішча і ўласна L, а таксама І. па бацьку. У выпадках і парадку, прадугледжаных законам, грамадзянін можа выкарыстаць псеўданім, перамяніць І. Грамадзянін, які памяняў І., мае права патрабаваць унясення за свой кошт адпаведных змен у дакументы, аформленыя на яго ранейшае І. Атрыманае грамадзянінам І. пры нараджэнні, а таксама перамена яго, падлягаюць рэгістрацыі ў органах ЗАЦСа.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎНІК (польск. ławnik засядацель),

1) член магістрата ў гарадах Польшчы і ВКЛ, якія мелі права на самакіраванне (магдэбургскае права і інш.). Выбіраліся гар. абшчынай (грамадой), радай ці прызначаліся войтам з мяшчан гэтага горада. Разам з войтам складалі войтаўска-лаўніцкі суд, які разглядаў крымінальныя справы гараджан. Часам Л. былі і ў гарадах без права на самакіраванне.

2) Службовая асоба ў дзяржаўнай (велікакняжацкай) вёсцы ВКЛ, уведзеная паводле «Уставы на валокі» 1557 на польскі ўзор. Выбіраўся або прызначаўся з заможных сялян (па 2—3 у кожнай вёсцы), падпарадкоўваўся войту. Л. разглядалі дробныя справы, выконвалі паліцэйскія функцыі. У 16—18 ст. Л. былі і ў прыватнаўладальніцкіх вёсках.

т. 9, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУТШЭ́БА ((Kutrzeba) Станіслаў) (15.11.1876, г. Кракаў, Польшча — 7.1.1946),

польскі гісторык. Чл. Польскай АН у Кракаве (1918). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1898), з 1908 праф. гісторыі права ў ім. У 1926—39 ген. сакратар, у 1939 прэзідэнт Польскай АН у Кракаве. У 2-ю сусв. вайну вязень канцлагера Заксенгаўзен (1939—40), арганізатар падп. ун-та ў Кракаве (1942). Чл. Краёвай Рады Нарадовай (1945), удзельнік міжнар. канферэнцыі ў Маскве, у выніку якой створаны Часовы ўрад нац. адзінства. Даследаваў гісторыю дзяржавы і права Польшчы і Рэчы Паспалітай. Аўтар прац: «Суды земскія і гродскія ў сярэднія вякі» (1901—02), «Нарыс гісторыі дзяржаўнага і грамадскага ладу Польшчы» (т. 1—4, 1905—17), «Старажытнае польскае судовае права» (т. 1—2, 1921), «Гісторыя крыніц старажытнага польскага права» (т. 1—2, 1925—26). Выдаў зб. дакументаў: «Акты уніі Польшчы з Літвой 1385—1791» (1932, з У.​Сямковічам), «Польскія вайсковыя палажэнні і артыкулы з XV да XVIII ст.» (1937) і інш.

т. 9, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)