БЕЛАРУ́СКАЯ АНТЭКЛІ́ЗА,

вялікая дадатная структура на З Рускай пліты з высокім заляганнем крышт. фундамента. Займае цэнтр. і паўн.-зах. часткі тэр. Беларусі і паўн.-ўсх. Польшчы. Вылучаецца па ізагіпсе -500 м у падэшве, у скляпеністай ч. па ізагіпсе -300 м. Выцягнутая з У на З на 350 км, пры шыр. 40—120 км. Абмежавана на Пд Падляска-Брэсцкай упадзінай, Палескай седлавінай і Прыпяцкім прагінам, на У і ПнУ Жлобінскай седлавінай і Аршанскай упадзінай, на Пн Латвійскай седлавінай, на ПнЗ Балтыйскай сінеклізай, на З Варшаўскай упадзінай.

Фарміравалася ад позняга пратэразою да антрапагену ўключна. У скляпенні крышт. фундамент залягае на абс. адзнаках -50 — +87 м, на схілах апускаецца на глыб. 500—700 м, на З 1500—2000 м. Ён складзены з архейскіх і ніжнепратэразойскіх метамарфізаваных, ультраметамарфізаваных і вывергнутых парод. Платформавы чахол утвораны з верхнепратэразойскіх, палеазойскіх і меза-кайназойскіх парод. Найб. паднятая частка Беларускай антэклізы вылучаецца як Цэнтральна-Беларускі масіў, на якім развіты толькі неагенавыя і антрапагенавыя адклады. На Беларускай антэклізе вядомы падпарадкаваныя структуры — пахаваныя выступы фундамента (Бабаўнянскі, Бабруйскі, Вілейскі, Івацэвіцкі, Мазурскі), грабен (Валожынскі) і монакліналі (Прыбалтыйская і Прыаршанская). У крышт. фундаменце Беларускай антэклізы выяўлены Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых рудаў і Аколаўскае радовішча жалезістых кварцытаў.

т. 2, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЫНГАВА МО́РА,

паўзамкнёнае мора Ціхага ак. паміж Азіяй на З, Паўн. Амерыкай на У, Алеуцкімі і Камандорскімі а-вамі на Пд. Берынгавым прал. злучана з Чукоцкім м. Пл. 2315 тыс. км², найб. глыб. 5500 м. Залівы: Анадырскі, Брыстольскі, Нортан, Алютарскі. Самыя вял. а-вы: Св. Лаўрэнція, Нунівак, Прыбылова, Карагінскі. Берагі моцна парэзаныя, усх. — нізінныя, зах. — пераважна гарыстыя. Упадаюць рэкі Анадыр і Юкан. Клімат на Пн арктычны і субарктычны з адметнымі рысамі кантынентальнасці, на Пд умераны марскі. Т-ра паверхневых водаў у лютым на Пд 2 °C, на Пн ніжэй за -1 °C, у жніўні 5—6 °C на Пн і 9—10 °C на Пд. Большую ч. года ўкрыта плывучымі льдамі. Салёнасць 28—33‰. Прылівы на ПнЗ паўсутачныя, на астатняй плошчы — няправільныя паўсутачныя (да 8,3 м у Брыстольскім зал.). Берынгаву мору ўласціва з’ява свячэння мора. Рыбалоўства (ласасёвыя, камбала, селядзец, сайра, мінтай); промысел марскіх коцікаў, цюленяў. На берагах і астравах птушыныя «базары». Гал. парты: Анадыр, Правідзення (Расія), Ном (ЗША). Названа ў гонар В.Берынга.

т. 3, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІНЕ́Я НІ́ЖНЯЯ,

прыродная вобласць у Цэнтр. Афрыцы, уздоўж узбярэжжа Гвінейскага зал. і Атлантычнага ак., паміж зал. Біяфра на Пн і нізоўямі р. Кванза на Пд. Уключае вузкую (50 — 100 км) прыморскую нізіну і стромка ўзнятае над ёю Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Пераважныя выш. ад 700 да 2000 м, найб. — 4070 м (дзеючы вулкан Камерун). Клімат пераходны ад экватарыяльнага на Пн да трапічнага пасатнага на Пд. Вільготнасць памяншаецца з Пн на Пд пад уплывам халоднага Бенгальскага цячэння. Ападкаў на б. ч. тэр. 1000—1500 мм за год, на наветраных схілах гор 3000—4000 мм (на зах. схілах г. Камерун больш за 10 000 мм — самае вільготнае месца Афрыкі). На тэр. Гвінеі Ніжняй у акіян упадае р. Конга (Заір). На Пн — вечназялёныя экватарыяльныя лясы, на Пд ад вусця р. Конга пераважаюць саванны. На крайнім Пд знаходзяцца прыморскія нізіны — паўпустыні і пустыні. У межах Гвінеі Ніжняй поўнасцю або часткова размешчаны Камерун, Экватарыяльная Гвінея, Габон, Конга, Заір, Ангола.

т. 5, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАВІ́НЬСКА (Szewińska; дзявочае Кіршэнштэйн) Ірэна

(н. 24.5.1946, С.-Пецярбург),

польская спартсменка (лёгкая атлетыка, бег). Чэмпіёнка XVIII, XIX i XXI Алімп. гульняў (1964, Токіо — у эстафеце 4 × 100 м; 1968, Мехіка — у бегу на 200 м; 1976, г. Манрэаль, Канада — у бегу па 400 м), сярэбраны прызёр (1964 — бег на 200 м і скачкі ў даўжыню), бронз. прызёр (1968 — бег на 100 м; 1972, на XX Алімп. гульнях, г. Мюнхен, Германія — бег на 200 м). Чэмпіёнка Еўропы (1965 — бег на 200 м, эстафета 4 × 100 м, скачкі ў даўжыню; 1974 — бег на 100 і 200 м), сярэбраны прызёр (1966 — бег на 100 м; 1971, у закрытых памяшканнях — скачкі ў даўжыню), бронз. прызёр (1971 — бег на 200 м; 1974 — эстафета 4 × 100 м; 1975, у закрытых памяшканнях — бег на 60 м; 1978 — бег на 400 м і эстафета 4 × 100 м). Рэкардсменка свету (1965—78) у бегу на 100, 200 і 400 м. З 1988 нам. старшыні Алімп. к-та Польшчы.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 17, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІФАРНІ́ЙСКАЯ ДАЛІ́НА,

упадзіна паміж гарамі Сьера-Невада на У і Берагавымі хр. на 3, у зах. поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі (ЗША). Даўж. каля 800 км, шыр. да 80 км, выш. ад 20 да 160 м. Паводле паходжання — тэктанічны прагін, запоўнены магутнай тоўшчай асадкавых парод мелавога, палеаген-неагенавага і антрапагенавага ўзросту. Радовішчы нафты. Паверхня роўная, месцамі слабаўзгорыстая. Клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу, кантынентальны. Ападкаў ад 150 мм (на Пд) да 1000 мм за год (на Пн). Гал. рэкі Сакрамента (на Пн) і Сан-Хаакін (на Пд). Густая сетка арашальных каналаў. На Пн субтрапічныя стэпы, на Пд — паўпустыні. Садаводства, вінаградарства. На Пд жывёлагадоўля. Гарады: Сакрамента, Стоктан, Фрэсна.

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЦ Уладзімір Пятровіч (7.2.1927, с. Алексіна Трасцянецкага р-на Сумскай вобл., Украіна — 16.8.1975),

савецкі спартсмен (лёгкая атлетыка, бег). Засл. майстар спорту СССР (1954). Скончыў Ленінградскі ін-т фіз. культуры (1961). Трэнер. Чэмпіён XVI Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія) у бегу на дыстанцыях 5 і 10 км. Чэмпіён Еўропы (1954) на дыстанцыі 5 км, СССР (1953—57, на дыстанцыі 5 км; 1953—56, на дыстанцыі 10 км; 1957, у кросе на 8 км). Рэкардсмен свету (7 рэкордаў) у бегу на 3 мілі (1954), на 5 км (1954—55, 1957, 1965), на 10 км (1956, 1960), СССР (13 рэкордаў).

Тв.:

Повесть о беге. М., 1964.

т. 9, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАСТО́П (ад аўта... + англ. stop спыненне),

1) прыстасаванне на лакаматыве і чыг. пуці для аўтам. спынення чыг. поезда. Адрозніваюць аўтастопы механічныя (на чыгунках метрапалітэнаў) і эл.-магнітныя (на магістральных чыгунках). Сістэма аўтастопа на лакаматыве злучана з паветраным тормазам, на чыг. пуці — з пастаяннымі пуцявымі сігналамі. Паводле прынцыпу ўздзеяння на лакаматыўныя тармазныя сістэмы аўтастопы бываюць кропкавыя (індуктыўнарэзанансныя; уздзеянне аўтастопаў на лакаматывы перадаецца ў вызначаных пунктах) і безупынныя (на працягу ўсяго блок-участка).

2) У самадзейным турызме — метад падарожжа па краіне з дапамогай безаплатнага спадарожнага аўтатранспарту.

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЎ, План,

рака на Украіне і ў Лельчыцкім р-не (ніжняе цячэнне) Гомельскай вобл., правы прыток р. Сцвіга (бас. р. Прыпяць). Даўж. 45 км, у т. л. на Беларусі 14 км. Пл. вадазбору 326 км², у т. л. на Беларусі 68 км². Пачынаецца за 4 км на ПнЗ ад в. Юрове Алеўскага р-на Жытомірскай вобл., цячэ па Жытомірскім Палессі, на Беларусі па нізіне Прыпяцкае Палессе. Вусце за 5 км на ПнЗ ад в. Дзяржынск. Рэчышча ў верхнім цячэнні слабазвілістае, на астатнім працягу каналізаванае.

т. 12, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СІЦА,

рака ў Латвіі і Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 51 км, у т. л. ў межах Беларусі 36 км. Пл. вадазбору 279 км², у т. л. на Беларусі 150 км². Пачынаецца за 2 км на ПдЗ ад в. Пустыня Краслаўскага р-на Латвіі, вусце на мяжы з Латвіяй за 700 м на З ад в. Новае Сяло Верхнядзвінскага р-на. Цячэ ў межах Латгальскага ўзвышша. Рэчышча на тэр. Латвіі і 1 км на Беларусі каналізаванае, далей сярэдне звілістае.

т. 13, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЧНА,

балота на ПдЗ Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Беларусі і на Украіне. Мяшанага (70%), нізіннага (25%) і вярховага тыпаў. Пл. ў межах Беларусі 12,8 тыс. га, на Украіне 0,6 тыс. га, у межах прамысл. пакладу на Беларусі 10,2 тыс. га. Глыб. торфу да 5,7 м. Амаль на ўсёй плошчы падсцілачны торф магутнасцю 1,2 м, месцамі пад ім трапляецца сапрапель. На асушаных землях сеюць збожжавыя і прапашныя культуры, травы.

т. 10, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)