ЧА́РЛТАН (Charlton) Роберт (Бобі; н. 11.10.1937, г. Ашынгтан, Вялікабрытанія),

англ. спартсмен (футбол). Выступаў за англ. клубы «Манчэстэр Юнайтэд» (1954—73) і «Прэстан Норт Энд» (1973—75), ірландскі клуб «Уотэрфорд» (1976). У зборнай камандзе Вялікабрытаніі (1957—73) згуляў 106 матчаў, забіў 49 мячоў. Чэмпіён свету (1966), бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1968), чэмпіён Англіі (1957, 1965, 1967). Уладальнік Кубка свету (1966), Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1968), Кубка Англіі (1963). Уладальнік прыза «Залаты мяч» (1966). З 1984 тэхн. дырэктар, пазней віцэ-прэзідэнт клуба «Манчэстэр Юнайтэд».

А.​М.​Петрыкаў.

т. 17, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́ЛГАР (Elgar) Эдуард Уільям

(2.6.1857, Бродхіт, каля г. Вустэра, Вялікабрытанія — 23.2.1934),

англійскі кампазітар, дырыжор; прадстаўнік англ. муз. рамантызму і руху за адраджэнне традыцый англ. нар. і стараж. музыкі. Муз. адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам бацькі. З 1877 кіраваў муз. т-вамі і аркестрамі, выступаў як піяніст і арганіст у Вустэры, працаваў у Лондане і Молверне. У творчасці пераважаюць вак.-сімф., арк., хар. творы буйн. форм: сімфоніі (1908, 1911), 5 араторый, у т. л. «Сон Герантыуса» (1900), «Апосталы» (1903), кантаты, уверцюры, хары, у т. л. царк., і інш.

т. 18, кн. 1, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫЛІ́НСКАЯ Наталля Валер’еўна (н. 30.9.1975, Мінск),

бел. спартсменка (веласпорт). Засл. майстар спорту Беларусі (2001). Скончыла Акадэмію фіз. выхавання і спорту (1999). З 1991 спартсмен-інструктар Мін-ва спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Чэмпіёнка свету (2000, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія; 2002, Капенгаген) у спрынце і гіце на 500 м. Бронз. прызёр чэмпіянату свету сярод юніёрак у спрынце (1993, г. Перт, Аўстралія). Сярэбраны прызёр Кубка свету (2002) у спрынце і гіце на 500 м. Пераможца пяршынстваў СССР (1989—92) у спрынце і гіце на 500 м.

А.​А.​Дубовік.

Н.В.Цылінская.

т. 18, кн. 1, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЫНГТО́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1921—22,

па абмежаванні марскога ўзбраення і па далёкаўсходніх і ціхаакіянскіх пытаннях. Праходзіла ў Вашынгтоне з 12.11.1921 да 6.2.1922. Склікана па ініцыятыве ЗША, якія разлічвалі дамагчыся спрыяльнага для сябе вырашэння пытання аб марскім узбраенні і замацавання новых суадносін сіл імперыял. дзяржаў у Кітаі і ў бас. Ціхага акіяна. Удзельнічалі ЗША, Вялікабрытанія, Кітай, Японія, Францыя, Італія, Нідэрланды, Бельгія і Партугалія, а таксама дэлегаты Індыі і брыт. дамініёнаў. РСФСР як далёкаўсходняя краіна запрошана не была, не была дапушчана на Вашынгтонскую канферэнцыю дэлегацыя Далёкаўсходняй рэспублікі (прыбыла ў Вашынгтон у снеж. 1921).

Асн. дакументы Вашынгтонскай канферэнцыі: Дагавор чатырох дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі і Францыі) пра сумесную абарону іх праў на астраўныя ўладанні ў раёне Ціхага акіяна. Адначасова прадугледжваў ліквідацыю англа-японскага саюза, чаго і дамагаліся ЗША. Дагавор пяці дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі, Францыі і Італіі) пра абмежаванне марскіх узбраенняў. Падпісваючы гэты дагавор, Вялікабрытанія пацвярджала сваю вымушаную згоду на адмову ад панавання на моры. Дагавор устанаўліваў пэўную прапорцыю гранічнага танажу лінейнага флоту дзяржаў-удзельніц. ЗША станавіліся першай дзяржавай паводле стратэг. перавагі ў гэтым рэгіёне, на другім месцы была Японія. Дагавор дзевяці дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Партугаліі і Кітая) пра палітыку ў Кітаі абвяшчаў прынцыпы «роўных магчымасцей» у Кітаі для гандлю і прадпрымальніцтва ўсіх краін. Адпавядаў амер. палітыцы «адчыненых дзвярэй» і дазваляў ЗША як найбольш магутнай дзяржаве выцесніць сваіх канкурэнтаў з Кітая.

Рашэнні Вашынгтонскай канферэнцыі дапоўнілі Версальскі мірны дагавор 1919 і сталі састаўной часткай версальска-вашынгтонскай сістэмы міжнар. адносін.

т. 4, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНКУ́ВЕР (Vancouver) Джордж (22.6.1757, г. Кінгс-Лін, Вялікабрытанія — 10.5.1798),

англійскі мараплавец. Удзельнік 2-га (1772—75) і 3-га (1776—80) плаванняў Дж.Кука. У 1791—94 здзейсніў кругасветнае плаванне з заходам у зал. Аляска. Даследаваў адкрытыя Кукам Гавайскія а-вы і Ціхаакіянскае ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі паміж п-вамі Кенай і Каліфорнія. Разам з Х.​Бадэга-і-Куадра (кіраўнік ісп. экспедыцыі) адкрыў і даследаваў востраў (пазней названы імем Ванкувера) з прылеглымі астравамі і пралівы, што іх аддзяляюць, прадоўжыў даследаванне архіпелагаў Каралевы Шарлоты, Аляксандра і інш. астравоў. Яго імем названы гарады ў Канадзе і ЗША.

т. 3, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РЫК (Garrick) Дэвід (19.2.1717, г. Херэфард, Вялікабрытанія — 20.1.1779),

англійскі акцёр, драматург, тэатр. дзеяч. Заснавальнік рэалізму ў англ. т-ры. З 1742 у т-ры «Друры-Лейн» (у 1747—76 яго ўладальнік). Выканаўца трагедыйных і камедыйных роляў у п’есах У.​Шэкспіра: Кароль Лір, Гамлет, Макбет, Рычард III (аднайм. п’есы), Бенядзікт («Многа шуму з нічога»), усяго 25 роляў, а таксама Джон Брут («Раззлаваная жонка» Дж.​Ванбру), Абель Дрэгер («Алхімік» Б.​Джонсана) і інш. Дасканала валодаў мастацтвам пераўвасаблення, вял. сцэн. тэмпераментам. Залажыў асновы мастацтва рэжысуры. Адрадзіўшы на англ. сцэне Шэкспіра, імкнуўся зрабіць яго творы сродкам прапаганды асветніцкай ідэалогіі. Аўтар каля 40 п’ес.

т. 5, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р ПЯЦІ́ ДЗЯРЖА́Ў аб абмежаванні марскіх узбраенняў.

Падпісаны 6.2.1922 на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі, Францыі і Італіі. Прадугледжваў устанаўленне суадносін лінейнага флоту названых дзяржаў як 5:5:3:1,75:1,75 адпаведна, забарону будаваць лінейныя караблі водазмяшчэннем больш за 35 тыс. т, ствараць новыя ваенна-марскія базы і ўзмацняць берагавую ахову (толькі ЗША атрымалі права ўмацоўваць астравы, якія абараняюць непасрэдныя подступы да іх тэр. вод, а Вялікабрытанія—дамініёны Канада, Аўстралія і Новая Зеландыя) і інш. Найб. выгадным дагавор быў для ЗША і Японіі. Дзейнічаў да 2-й сусв. вайны.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́ВАНС (Jevons) Уільям Стэнлі (1.9.1835, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 13.8.1882),

англійскі эканаміст, статыстык і філосаф-логік. Праф. логікі, філасофіі і паліт. эканоміі ў Манчэстэры (1866—76) і Лондане (1876—80). Заснавальнік матэм. школы ў паліт. эканоміі, адзін з заснавальнікаў гранічнай карыснасці тэорыі. З эканам. прац найб. вядомая «Тэорыя палітычнай эканоміі» (1871). Гал. праблему эканам. навукі бачыў у вывучэнні спажывання, асн. законам якога лічыў закон убываючай карыснасці. Даследаваў праблемы грашовага абарачэння, індэкса цэн, тэорыі эканам. цыклаў, матэм. логікі і інш. Стварыў адну з першых лагічных машын (1869), звязаў тэорыю лагічнай індукцыі з тэорыяй імавернасці.

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ВІН (Bevin) Эрнест (9.3.1881, Уінсфард, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 14.4.1951),

палітычны і прафс. дзеяч Вялікабрытаніі. У 1910—21 у складзе кіраўніцтва заснаванага ім прафсаюза докераў. У 1922—40 ген. сакратар аб’яднанага прафсаюза транспартных і некваліфікаваных рабочых. У 1925—40 член і ў 1937 старшыня Генсавета Брыт. кангрэса трэд-юніёнаў. У 1940—45 міністр працы і нац. павіннасці ў кааліцыйным урадзе У.​Чэрчыля. У 1945—51 міністр замежных спраў у лейбарысцкім урадзе К.​Этлі. Садзейнічаў ажыццяўленню Маршала плана, заключэнню Брусельскага (1948) і Паўночнаатлантычнага (1949) дагавораў. У 1951 ініцыятар плана эканам. дапамогі Азіі (план Каломба).

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ІНСКАЯ ПАВІ́ННАСЦЬ,

устаноўлены законам абавязак насельніцтва несці ваенную службу ва ўзбр. сілах сваёй краіны. Упершыню воінская павіннасць уведзена ў 1798 у Францыі законам пад назвай «канскрыпцыя». З мэтаю стварэння масавай арміі да сістэмы воінскай павіннасці паступова перайшлі Прусія (1814—15), Аўстра-Венгрыя (1868), Расія (1874; да гэтага існавала рэкруцкая павіннасць), Італія (1875) і інш. дзяржавы. Вялікабрытанія і ЗША, дзе войскі камплектаваліся праз вярбоўку, уводзілі ўсеагульную воінскую павіннасць у час 1-й і 2-й сусв. войнаў. У СССР ваен. служба ажыццяўлялася на аснове абавязку воінскага. Гэты спосаб камплектавання ўзбр. сіл захаваўся і ў Рэспубліцы Беларусь.

т. 4, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)