ФІЗІЧНАЯ ОПТЫКА

Найбольшае развіццё на Беларусі атрымалі такія раздзелы фізічнай оптыкі, як крышталяоптыка, распаўсюджванне святла ў дысперсных асяроддзях, галаграфія.

Крышталяоптыка развіваецца з 1950-х г. у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі і БДУ. На аснове каварыянтнага бескаардынатнага метаду Ф.​І.​Фёдаравым створана тэорыя распаўсюджвання эл.-магн. хваль у празрыстых і паглынальных крышталях, прадказаны бакавы зрух светлавога пучка пры поўным адбіцці (зрух Фёдарава). Ф.​І.​Фёдаравым разам з супрацоўнікамі пабудавана паслядоўная тэорыя аптычна актыўных асяроддзяў (Б.​В.​Бокуць, А.​М.​Сердзюкоў); дадзена класіфікацыя паглынальных крышталёў, даследаваны паверхні рэфракцыі і абсорбцыі, пабудавана тэорыя аптычных хваляводаў (А.​М.​Ганчарэнка); абагульнены закон адбіцця і пераламлення незвычайных прамянёў у крышталях (В.​В.​Філіпаў); распрацаваны аператарны метад апісання аптычных палёў у складаных асяроддзях (Л.​М.​Баркоўскі), тэорыя хваль у магнітных крышталях (Л.​М.​Тамільчык), малекулярная тэорыя поўнага адбіцця святла і выяўлена сувязь кагерэнтнасці з энтрапіяй выпрамянення (Б.​А.​Соцкі); выяўлены новы тып неаднародных хваль у крышталях (М.​С.​Пятроў). Распрацаваны палярызацыйна-аптычны метад даследавання цячэння вязкіх асяроддзяў пры дэфармацыі (Б.​Б.​Бойка), асновы электрааптычнага кіравання светлавымі пучкамі (М.​А.​Гусак і інш.). Даследавана структура лазернага выпрамянення ў розных асяроддзях (А.​П.​Хапалюк). Тэорыя распаўсюджвання эл.-магн. хваль абагульнена на пругкія хвалі ў крышталях (Ф.​І.​Фёдараў); вызначаны асаблівыя напрамкі распаўсюджвання папярочных хваль у крышталях і акустычныя восі, асаблівасці канічнай рэфракцыі, на аснове чаго дадзена класіфікацыя крышталёў паводле акустычных уласцівасцей (Ф.​І.​Фёдараў, А.​Р.​Хаткевіч). Адкрыты адзін з тыпаў сінхранізму, эфектыўны для пераўтварэння частаты светлавых хваль у нелінейных крышталях (Б.​В.​Бокуць, А.​Р.​Хаткевіч). Прапанаваны вектарны сінхранізм аптымальнага пераўтварэння пучкоў святла, распрацаваны і рэалізаваны высокаэфектыўныя метады і ўстройствы нелінейнага аптычнага і акустааптычнага пераўтварэння частаты лазернага выпрамянення (М.​С.​Казак і інш.). Адкрыта магчымасць бездыфракцыйнага распаўсюджвання і факусіроўкі святла ў гіратропных крышталях (А.​М.​Ганчарэнка і інш.). Даследаваны асаблівасці распаўсюджвання і пераўтварэння частаты беселевых пучкоў (У.​М.​Белы, М.​С.​Казак і інш.).

Распаўсюджванне святла ў дысперсных асяроддзях. Даследаванні ў гэтым кірунку пачаты ў 1950-я г. працамі Б.​І.​Сцяпанава разам з А.​П.​Прышывалкам і Ю.​І.​Чакалінскай па спектраскапіі дысперсных асяроддзяў і распрацоўкамі М.​А.​Барысевіча разам з вучнямі па стварэнні дысперсійных святлафільтраў. З 1959 пад кіраўніцтвам А.​П.​Іванова вядуцца даследаванні распаўсюджвання святла ў розных рассейвальных аб’ектах: атмасферы, водных асяроддзях, фатаграфічных матэрыялах, люмінесцыруючых экранах, біялагічных тканках і інш. Развіта тэорыя і распрацаваны метады лабараторнага мадэліравання прыродных працэсаў, павышэння далёкасці і якасці бачання ў замутненай атмасферы і акіянскіх водах, апрацоўкі спадарожнікавых спектральных відарысаў наземных аб’ектаў, вызначэння мікраструктурных характарыстык асяроддзяў і аб’ектаў, лазернага зандзіравання атмасферы і гідрасферы. У Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі створана серыя празрыстамераў, пры дапамозе якіх выкананы даследаванні забруджанасці вод шэрагу акваторый мораў і акіянаў, а таксама азёр Беларусі; у рамках праграм Дзяржкамгідрамета СССР была арганізавана сетка лідарных лазерных станцый кантролю за забруджанасцю паветра ў розных рэгіёнах СССР; у наш час у каардынацыі з Еўрапейскай лідарнай сеткай вядзецца лазерны маніторынг аэразолю ў атмасферы. Створаныя ў Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі і НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ спектрометры выкарыстоўваліся на сав. касмічных апаратах. Рэспубліканскі навук.-тэхн. цэнтр дыстанцыйнай дыягностыкі прыроднага асяроддзя праводзіць рэгіянальны маніторынг і картаграфаванне для вырашэння праблем экалогіі і рэсурснага аналізу. Вырашаны шэраг важных задач па тэорыі ўзнікнення і распаўсюджвання інфрачырвонага выпрамянення ў ракетных струменях (Ін-т фізікі Нац. АН Беларусі) і радыяцыйнага цеплаабмену (Ін-т цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі). Навук. вынікі бел. вучоных у галіне рассеяння і пераносу выпрамянення прыведзены ў больш як 20 манаграфіях і адзначаны 2 Дзярж. прэміямі СССР (М.​А.​Барысевіч, В.​Р.​Верашчагін; Б.​І.​Бяляеў, Л.​І.​Кісялеўскі, А.​А.​Каляда, В.​В.​Равінскі, А.​Ф.​Чарняўскі) і Дзярж. прэміяй Беларусі (А.​П.​Іваноў, А.​А.​Кавалёў, У.​Я.​Плюта, А.​П.​Чайкоўскі).

Галаграфія. Даследаванні на Беларусі вядуцца з канца 1960-х г. У Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі закладзены асновы дынамічнай галаграфіі і оптыкі фазавага спалучэння. Адкрыта з’ява абарачэння хвалевага фронту лазернага выпрамянення пры чатыроххвалевых узаемадзеяннях (Я.​В.​Івакін, А.​С.​Рубанаў, Б.​І.​Сцяпанаў); вывучаны ўласцівасці дынамічных галаграм у рэзанансных асяроддзях і на іх аснове распрацаваны метады пераўтварэння прасторава-часавай структуры лазерных пучкоў; развіты метады выкарыстання дынамічнай галаграфіі ў адаптыўнай оптыцы, сістэмах апрацоўкі інфармацыі, лазернай тэхніцы, спектраскапіі (П.​А.​Апанасевіч, А.​А.​Афанасьеў, Я.​В.​Івакін, У.​В.​Кабанаў, А.​М.​Лазарук, І.​П.​Пятровіч, А.​С.​Рубанаў, А.​Л.​Тоўсцік, А.​В.​Чалей). За цыкл работ у гэтым кірунку П.​А.​Апанасевічу, Я.​В.​Івакіну, А.​С.​Рубанаву, Б.​І.​Сцяпанаву прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1982. Распрацаваныя метады святлоіндуцыраваных дынамічных рашотак (Я.​В.​Івакін, А.​С.​Рубанаў) выкарыстоўваюцца для вымярэння фіз. уласцівасцей матэрыялаў. У галіне статыстычнай галаграфіі распрацаваны метады даследавання дэфармацый і вібрацый розных аб’ектаў і рэльефу паверхняў, створаны сістэмы аптычнай памяці і кадзіравання інфармацыі (А.​А.​Кавалёў, У.​А.​Піліповіч, Л.​В.​Танін, Б.​М.​Цюшкевіч; Ін-т электронікі Нац. АН Беларусі), развіты метады радыё- і акустычнай галаграфіі (М.​А.​Вількоцкі, А.​С.​Ключнікаў, П.​Дз.​Кухарчык; НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ). Наладжана серыйная вытворчасць мастацкіх і ідэнтыфікавальных адбівальных галаграм (Л.​В.​Танін). У наш час даследаванні і распрацоўкі вядуцца ў ін-тах фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі, БДУ, навукова-вытворчай фірме «Галаграфічная індустрыя».

Літ.:

Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;

Гончаренко А.М., Карпенко В.А. Основы теории оптических волноводов Мн., 1983;

Барковский Л.М., Фурс А.Н. Операторные методы описания оптических полей в сложных средах. Мн., 2003;

Бельский А.М., Корнейчук Т.М., Хапалюк А.П. Пространственная структура лазерного излучения. Мн., 1982;

Белый В.Н., Казак Н.С., Хило Н.А. Преобразование частоты бесселевых световых пучков нелинейными кристаллами // Квантовая электроника. 2000. Т. 30, №9;

Борисевич Н.А., Верещагин В.Г., Валидов Н.А. Инфракрасные фильтры. Мн., 1971;

Иванов А.П. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;

Яго ж. Физические основы гидрооптики. Мн., 1975;

Иванов А.П., Предко К.Г. Оптика люминесцентного экрана. Мн., 1984;

Пришивалко А.П., Бабенко В.А., Кузьмин В.Н. Рассеяние и поглощение света неоднородными и анизотропными частицами. Мн., 1984;

Степанов Б.И., Ивакин Е.В., Рубанов А.С. О регистрации плоских и объемных динамических голограмм в просветляющих веществах // Докл. АН СССР. 1971. Т. 196, №3;

Рубанов А.С. Некоторые вопросы динамической голографии // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980;

Толстик А.Л. Многоволновые взаимодействия в растворах сложных органических соединений. Мн., 2002.

П.​А.​Апанасевіч, А.​П.​Іваноў, А.​Р.​Хаткевіч.

т. 18, кн. 2, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМЯСТВО́,

рамяство і промысел, вытворчасць прамысловых вырабаў з дапамогай нескладаных традыц. інструментаў; майстэрства ўмелых рук (ад стараж.-рус. рукамясло); першая гіст. стадыя ў развіцці прамысл. вытв-сці. Паралельнае ўжыванне тэрмінаў «Р.» і «промысел» адлюстроўвае поўнае ці частковае супадзенне іх прадметнага зместу, а разыходжанні звязаны з асэнсаваннем іх з пункту гледжання сац.-эканам. характарыстыкі, сувязі з земляробствам і інш. Вырашальным для Р. з’яўляецца асабістае майстэрства рамесніка і індывід. характар вытв-сці (звычайна рамеснік працуе адзін або з невял. колькасцю памочнікаў). У залежнасці ад зыходнага матэрыялу вылучаюць асобныя групы Р. (дрэва- і металаапрацоўчыя, гарбарна-кушнерскае, апрацоўка мінер. сыравіны, валакністай сыравіны і выраб адзення), якія былі пашыраны на Беларусі і далі пачатак розным галінам прамысл. вытв-сці. Паводле сац. арганізацыі Р. падзяляюць на хатнія (для ўласных патрэб), на заказ і на рынак (дробнатаварная вытв-сць). У гіст. і сацыяльна-эканам. л-ры прадметны сэнс Р. нярэдка абмяжоўваецца вытв-сцю на заказ, а Р. на рынак наз. саматужным промыслам, хатняе Р. — хатнім промыслам. Паводле характару арганізацыі працы вылучаюць таксама стацыянарныя і адыходныя, ці вандроўныя Р. і промыслы (дойлідства, буд-ва мастоў, шапавальнае і інш.). У асобную групу вылучаюць маст. промыслы, у якіх найб. яскрава ўвасоблены нар. творчасць, маст. густы, духоўныя памкненні і нац. вытв. традыцыі народа.

У феад. перыяд амаль кожны сял. двор выступаў як самаст. вытв. калектыў з шырокім дыяпазонам гасп. дзейнасці. Разнастайныя жыццёва неабходныя прадметы (харч. прыпасы, жыллё, адзенне, тканіны, скуры, рэчы хатняга ўжытку, посуд, с.-г. прылады і трансп. сродкі) у большасці вырабляліся на месцы сваімі рукамі. Універсальны характар сял. гаспадаркі быў шырокай базай вытв. вопыту і нар. ўмельства, што абумовіла агульны росквіт Р. і промыслаў. З сельскага насельніцтва вылучаліся майстры, для якіх Р. станавілася важнай ці нават асн. крыніцай існавання. Частка іх несла дваровую службу пры ланскіх ці дзярж. (гаспадарскіх) маёнтках і манастырах. Часам двары-службы ўтваралі цэлыя пасяленні рамеснікаў пэўнай спецыяльнасці — цесляроў, бондараў, гантароў, гарбароў, ганчароў, гутнікаў, буднікаў і інш.; іх прадукцыя забяспечвала патрэбы маёнтка, прадавалася на кірмашах, збывалася за мяжу. Статуты ВКЛ замацоўвалі роўныя прывілеі для рамеснікаў, якія паводле свайго юрыдычна-прававога становішча стаялі ў феад. іерархіі вышэй за сялян-земляробаў. Частку залежных рамеснікаў феадалы сялілі ў горадзе на землях сваіх юрыдык. Гар. Р. ў значнай ступені развівалася за кошт прытоку ў горад сельскіх майстроў і адначасова ўплывала на развіццё і тэхн. ўзровень сельскага Р. Сельскае насельніцтва, якое перасялялася ў горад, прыносіла з сабой абшчынныя традыцыі, што складаліся ў нормы звычаёвага права і адбіваліся на паўсядзённым жыцці брацтваў. Развіццю бел. Р. і промыслаў, іх спецыялізацыі і арганізац. ўпарадкаванню садзейнічала магдэбургскае права. У 16—17 ст. у гарадах Беларусі зафіксавана каля 200 спецыялізаваных відаў Р. і промыслаў. Найб. пашыраны былі ў гарадах — кавальскае, кравецкае, шавецкае, гарбарнае, ганчарнае; у вёсках — розныя віды дрэваапрацоўкі (выраб посуду, с.-г. прылад, цяслярства), апрацоўка лёну і воўны, ткацтва, пляценне. Гар. рамеснікі аб’ядноўваліся ў асобныя прафесійныя арг-цыі — цэхі. Такія карпарацыі наз. брацтвамі (Брэст, Гродна, Мінск, Вільня) або староствамі (Магілёў, Полацк). У склад цэха (40—50 чал.) уваходзілі людзі рамесных прафесій, а таксама рыбаловы, бортнікі, шынкары і інш., што займаліся промысламі ў шырокім сэнсе. У 17 ст. на Беларусі 116 цэхаў, кожны цэх меў свой статут, які вызначаў яго структуру, парадак прыёму новых членаў, рэгуляваў унутрыцэхавыя адносіны і інш., а таксама меў свой сцяг, зброю, сімвал, агульную касу; у час вайны абараняў горад. Цэхавая арг-цыя садзейнічала далейшаму развіццю Р., іх спецыялізацыі і павышэнню ролі ў сістэме грамадскай вытв-сці. Значэнне цэхаў выходзіла далёка за межы карпаратыўна-прафес. арг-цыі. Яны адыгрывалі значную ролю ў паліт. жыцці гарадоў, барацьбе супраць прыгонніцтва, за грамадзянскія правы і незалежнасць. Ваенныя падзеі ў 2-й пал. 17—пач. 18 ст. (войны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўн. вайна 1700—21) згубна адбіліся на развіцці рамеснай вытв-сці на Беларусі. Напр., у Віцебску, буйнейшым цэнтры рамеснай і прамысл. дзейнасці, у сярэдзіне 17 ст. было больш за 1 тыс. майстроў розных спецыяльнасцей, а ў 1665 засталіся 72 рамеснікі. У 2-й пал. 18 ст. назіралася адраджэнне традыц. Р. Асабліва хутка расла колькасць кавалёў, слесараў, цесляроў, шаўцоў, краўцоў, гарбароў і інш. Да 19 ст. цэхавае Р. вычарпала свае магчымасці. Аднак яно падрыхтавала глебу для сучасных форм вытв-сці. Побач з Р. значна пашырыліся мануфактуры, якія ўзніклі і працавалі на базе мясц. нар. Р. і промыслаў. Пэўнае месца ў вытв-сці прамысл. тавараў займала т.зв. рассеяная мануфактура. Часам мануфактурная і саматужна-рамесная вытв-сць аб’ядноўваліся ў адзіную сістэму вытв. сувязей. Больш выразны падзел працы, дыферэнцыяцыя вытв. працэсу на шэраг спецыялізаваных рамесных заняткаў садзейнічалі назапашванню вытв. ведаў, усталяванню новых, больш дасканалых і спецыялізаваных інструментаў, што з’яўлялася перадумовай вынаходства машын, У 19 ст. разам з ажыўленнем гандлёва-эканам. адносін прыкметна вызначылася геагр. спецыялізацыя с.-г. і саматужна-прамысл. вытв-сці. На Падняпроўі былі шырока развіты гарбарная, ганчарная, шкляная вытв-сці, лясныя і дрэваапр. промыслы. У Падзвінні важнае эканам. значэнне набылі вырошчванне лёну і яго апрацоўка, суднабудаванне, каменячосны і кавальскі промыслы, а з дрэваапрацоўкі — цяслярства. У Панямонні былі больш пашыраны вытв-сць сукна, харчовая, гарбарная вытв-сць, шавецкая і кравецкая справы. На Палессі важнае месца займалі здабыўныя промыслы (рыбалоўства, бортніцтва, збіральніцтва), а з рамесных — суднабудаванне, выраб бандарнага і плеценага посуду. Рэформа 1861 узмацніла сац. расслаенне, вызваліўшы частку прац. рэсурсаў для неземляробчых заняткаў. Прыкметна змянілася і структура Р., іх месца ў грамадскай вытв-сці. Развіццё буйной прам-сці абумовіла паступовае скарачэнне ткацтва, ганчарства, звузіліся маштабы вышыўкі, набойкі, крашаніны, апрацоўка ліпавай кары, выраб рагож і цыновак. Аднак некат. Р. да пач. 20 ст. пашырыліся, у іх ліку кравецкае, шавецкае, шапавальнае, аўчыннае, кавальскае, выраб шкла, цэглы, кафлі, а з дрэваапрацоўчых — сталярнае і цяслярнае. Змяніліся сац. характар Р. і промыслаў, іх сувязь з рынкам збыту, узаемаадносіны гар. і сельскага Р., Р. і буйной прам-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 саматужна-рамесніцкая вытв-сць разглядалася як адна з форм пераходу да сацыяліст. прам-сці, што знаходзіла сваё ўвасабленне ў прамысл. кааперацыі.

У сферы грамадскай вытв-сці развіццё буйной прам-сці адцясніла Р. і промыслы на другараднае месца. Аднак яны не зніклі, эканамічна апраўданы як дапаможны промысел, як спецыялізаваная дзейнасць майстроў. Асваенне лепшых традыцый нар. Р. — адзін з важнейшых кірункаў у развіцці мясц. прам-сці. Нар. промыслы, пераасэнсаваныя і адроджаныя на новай арганізац.-прававой і тэхн. асновах, набываюць самаст. ролю як адзін з камерцыйна-эканам. рычагоў грамадскай вытв-сці, а таксама як састаўная частка бел. нац. культуры. З мэтай захавання і адраджэння традыцый бел. Р. створаны Саюз майстроў нар. творчасці (1992). Узоры нар. Р. шырока выкарыстоўваюцца ў розных відах прафесійнага нац. мастацтва.

В.​С.​Цітоў.

Да арт. Рамяство. Разьба па дрэве. Пляценне з саломы..

т. 13, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАЎЛЕННЕ І РАЗВІЦЦЁ НАРОДНАЙ ГАСПАДАРКІ БЕЛАРУСІ ПАСЛЯ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ (2-я палова 1940-х—1950-я г.)

Народная гаспадарка. З пачатку вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў неабходна было за кароткі тэрмін ліквідаваць вынікі спусташальнай вайны, аднавіць і забяспечыць развіццё нар. гаспадаркі, знайсці рэсурсы для паляпшэння жыцця людзей. Людскія страты Беларусі за гады Вял. Айч. вайны (1941—44) склалі каля 3 млн. чал., што было больш за 11% ад агульных страт СССР. На катаржныя работы акупанты вывезлі каля 380 тыс. чал. У выніку ў 1945 у гаспадарцы рэспублікі рабочых і служачых было на 474 тыс. (на 53,3%) менш, чым у 1940. Толькі прамыя нар.-гасп. страты дасягалі 75 млрд. руб. (у цэнах 1941). Знішчана больш за палавіну нац. багацця Беларусі (страты па СССР складалі каля 30% нац. багацця). Па некаторых важных галінах (прамысловасць, энергетыка) эканоміка Беларусі была адкінута да ўзроўню 1913, а па агульным узроўні развіцця — да 1928. За гады вайны на Беларусі знішчана 209 (з 270) гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 сёл і вёсак, разбурана больш за 10 тыс. прадпрыемстваў (85% даваен. фабрык і заводаў).

Пасля вызвалення дзейнічалі толькі 2% даваен. энергетычных магутнасцей. Асабліва вял. страты панёс транспарт. У сельскай гаспадарцы захопнікі разрабавалі і спустошылі 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС. У параўнанні з 1940 на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, пагалоўе буйн. раг. жывёлы — прыблізна на ​2/3, коней — на 61%, свіней — на 89%, авечак і коз — на 78%.

З вызваленнем усх. раёнаў Беларусі ў вер. 1943 пачаліся аднаўленчыя работы. Аднак гэты працэс ускладняўся тым, што яшчэ больш як 1,5 года ішла вайна Сав. Саюза супраць фаш. Германіі і значная частка сродкаў накіроўвалася на патрэбы фронту. У гэтай сувязі гал. ўвага аддавалася аднаўленню цяжкай прамысловасці і транспарту, якія забяспечвалі наступленне сав. войск. У пач. 1944 адраджэнне эканомікі пачалося ў 36 вызваленых раёнах Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абл. У маі 1944 уведзены ў дзеянне гомельскія паравозарамонтны і цагельны з-ды, у жніўні — з-д «Гомсельмаш». У вызваленым 3.7.1944 Мінску ў пач. жніўня далі прадукцыю 13 фабрык і заводаў. Хутка аднаўляўся транспарт. Першы цягнік у Мінск прыйшоў на сёмы дзень пасля вызвалення — 10 ліпеня, у Маладзечна — 11, у Ліду — 19 ліпеня. За 1944 адноўлена і здадзена ў эксплуатацыю 196 маш.-буд. прадпрыемстваў, у т. л. 18 буйных, якія выраблялі ваен. матэрыялы, рамантавалі і збіралі самалёты, танкі, аўтамашыны і інш. тэхніку для патрэб фронту. Да мая 1945 пачалі працаваць каля 12 тыс. прамысл. аб’ектаў, у т. л. 8 тыс. прадпрыемстваў, 4 тыс. арцелей і майстэрань. З поўным вызваленнем рэспублік ад акупацыі пачаўся наступны этап адраджэння эканомікі Беларусі. У 1945 выраблена прамысл. прадукцыі ў 3,7 раза больш, чым у 1944; але яе аб’ём за гэты перыяд складаў каля 20% (па СССР — 92%), выпрацоўка электраэнергіі — 16, металарэзных станкоў — 3, фанеры і абутку — па 5%. Да канца 1945 адноўлена 2574 км гал. чыгуначных пуцей. Больш марудна адраджалася харч. прамысловасць. Да канца 1945 на Беларусі працавала 118 прадпрыемстваў гэтай галіны, якія давалі 18% валавой прадукцыі даваен. ўзроўню. У сельскай гаспадарцы вясной 1945 пасяўныя плошчы дасягнулі 73,8% даваенных. Валавы збор збожжа ў 1945 складаў каля 50% ад даваеннага, слаба развівалася грамадская жывёлагадоўля. Цяжкія вынікі вайны, захаванне пазаэканам. прымусу, адсутнасць матэрыяльнага заахвочвання абумовілі нізкія тэмпы аднаўлення агр. вытворчасці.

Пасля завяршэння вайны аднаўленчыя работы ў рэспубліцы яшчэ больш актывізаваліся. Матэрыяльная база аднаўлення фарміравалася за кошт цэнтралізаваных фін. асігнаванняў, паставак саюзнага ўрада, рээвакуацыі абсталявання бел. прадпрыемстваў і мат.-тэхн. каштоўнасцей з сав. тылу, дапамогі сав. рэспублік. Некаторай кампенсацыяй страт гаспадаркі Беларусі былі рэпарацыйныя пастаўкі з былых краін гітлераўскага блока. Падтрымку бел. народу аказвала міжнар. грамадства. На працягу 1945—47 Беларусь атрымала пэўную колькасць прадуктаў харчавання, адзення, абутку, мед. абсталявання, лекаў і інш. аб’ёмам каля 142 тыс. т на суму амаль 61 млн. долараў ЗША па лініі Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый (ЮНРРА).

Закон аб пяцігадовым плане аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі БССР на 1946—50 гал. задачай ставіў аднаўленне нар. гаспадаркі ў межах даваен. ўзроўню і яе далейшае развіццё. Значную ролю ў яго выкананні адыгрывалі энтузіязм насельніцтва, парт. прапаганда ў спалучэнні з цвёрдым вытв. рэжымам, што захаваўся ад ваен. часу, сацыяліст. спаборніцтва. Найб. ўвага аддавалася цяжкай прамысловасці, найперш машынабудаванню. Ужо ў 1946 у параўнанні з папярэднім годам аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 1,5 раза, павысілася прадукцыйнасць працы. Паступова аднаўлялася паліўна-энергетычная база. У 1948 здабыча торфу складала 116,6% ад узроўню 1940. Да пач. 1949 агульная магутнасць электрастанцый рэспублікі дасягнула 116,3% даваен. ўзроўню. Змянялася структура прамысл. вытворчасці, зніжалася ўдзельная вага лёгкай, харч., лясной, дрэваапрацоўчай галін, затое расла доля электраэнергетыкі, машынабудавання, металаапрацоўкі. Пры агульным росце аб’ёму вытворчасці ўсёй прамысловасці на 115% у параўнанні з 1940 аб’ём машынабудавання і металаапрацоўкі вырас амаль у 2,4 раза, у т. л. машынабудавання ў ​3/4 раза. З мэтай удасканалення тэрытарыяльнай структуры прамысл. вытворчасці больш хуткімі тэмпамі ішло эканам. развіццё зах. абласцей БССР, дзе аб’ём валавой прадукцыі ў 1950 павялічыўся ў параўнанні з 1940 амаль удвая. Доля зах. абласцей у агульным аб’ёме прамысл. вытворчасці рэспублікі вырасла амаль да 15%. Марудна аднаўлялася вытворчасць тавараў нар. ўжытку. Лёгкая прамысловасць у 1950 у параўнанні з даваен. узроўнем выпусціла баваўняных тканін толькі 17,7%, панчошна-шкарпэткавых вырабаў 33, бялізнавага трыкатажу 31,6%. Адставала і вытворчасць харч. прадукцыі. У канцы 4-й пяцігодкі мясаперапрацоўчая прамысловасць дала толькі 65% прадукцыі ў параўнанні з 1940, вытворчасць макаронных вырабаў склала 73, хлебабулачных — 57,3%.

На аднаўленні сельскай гаспадаркі неспрыяльна адбілася засуха 1946 (не выкананы планы сяўбы збожжавых і развіцця жывёлагадоўлі). Нізкія тэмпы развіцця с.-г. вытворчасці былі абумоўлены адсутнасцю матэрыяльнага стымулявання працы ў калгасах, непрадуманай падатковай палітыкай і планаваннем. Асаблівасці аднаўлення зах.-бел. вёскі выяўляліся ў пераводзе прыватнаўласніцкіх гаспадарак на «калектыўны шлях развіцця». Да канца 1946 там арганізаваны 133 калгасы (0,6% усіх сял. гаспадарак). Пасля некаторых падрыхтоўчых мерапрыемстваў у 1949 пачалася прымусовая масавая калектывізацыя, без уліку вопыту 1930-х г. Да канца 1950 пераважная частка сялян зах. абласцей Беларусі ўцягнута ў калгасы, якія аб’ядналі каля 84% гаспадарак. Разбурэнне традыцыйнага сялянскага ўкладу прывяло там да істотнага скарачэння пагалоўя жывёлы: буйн. раг. жывёлы прыкладна ў 8 разоў (у т. л. кароў — больш чым у 9), свіней — у 8 разоў. У цэлым за 4-ю пяцігодку ў агр. сектары Беларусі адбыліся пазітыўныя змены. Вытворчасць збожжа павялічылася на 12%, бульбы — на 15, ільновалакна — на 36%, цукр. буракоў — у 2,5 раза. Аднак па шэрагу важных галін сельская гаспадарка не выканала заданняў. У параўнанні з даваенным перыядам у 1950 пасяўныя плошчы складалі 94,3%, валавы збор збожжа — 98,4, бульбы — 80,3, пагалоўе буйн. раг. жывёлы — 96,6, коней — 62, свіней — 64,4, авечак — 54,7%.

У 5-м пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі БССР на 1951—55 пастаўлены задачы павышэння матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця насельніцтва, актыўнага ўключэння ў навукова-тэхн. рэвалюцыю. Ажыццяўленню іх садзейнічаў перагляд эканам. палітыкі ў бок змяшчэння акцэнтаў у нар.-гасп. развіцці на карысць вытв-сці тавараў нар. ўжытку, павелічэння капіталаўкладанняў у лёгкую і харч. прамысловасць, сельскую гаспадарку. У 1-й пал. 1950-х г. уведзены ў дзеянне заводы падшыпнікавы, гадзіннікавы і буд. матэрыялаў у Мінску, цукровы ў Скідзелі, швейных машын у Оршы, шаўкаткацкая ф-ка ў Віцебску і інш. За 1951—55 пабудавана 1010 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных, аб’ём прамысловасці Беларусі павялічыўся больш чым у 2 разы, а колькасць прадпрыемстваў — толькі на 9%. Павялічыўся асартымент прамысл. вырабаў, наладжаны серыйны выпуск трактароў, грузавых аўтамабіляў, металарэзных станкоў. Пераадолена адставанне лёгкай і харч. прамысловасці, што дазволіла павялічыць амаль удвая вытворчасць тавараў нар. ўжытку. У гэты перыяд праведзены шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на аднаўленне матэрыяльнага стымулявання, удасканаленне планавання с.-г. вытворчасці, павышэнне яе самастойнасці: павышаны нарыхтоўча-закупачныя цэны, адменены абавязковыя пастаўкі з уласнай дапаможнай гаспадаркі і інш. У агр. сектары ўпершыню за пасляваен. гады адбыліся пэўныя зрухі, больш стала буйн.-раг. жывёлы, пабольшаў валавы збор с.-г. культур, пашырыліся механізацыя і электрыфікацыя. У параўнанні з 1950 вытворчасць мяса ў калгасах павялічылася на 41%, малака — на 28%, пасяўныя плошчы расшыраны на 540 тыс. га, магутнасць трактарнага парка вырасла ў 2 разы, колькасць збожжавых камбайнаў — у 4,8, грузавых аўтамабіляў — у 2,6 раза. Аднак карэнных змен у развіцці сельскай гаспадаркі не адбылося. Заданні 5-га пяцігадовага плана не былі выкананы па ўсіх асн. паказчыках, а па вытворчасці збожжа, бульбы, пагалоўі кароў, свіней, авечак не быў дасягнуты даваен. ўзровень. У 1958 для павышэння эфектыўнасці агр. вытворчасці былі ліквідаваны МТС, на іх базе створаны станцыі па рамонце с.-г. тэхнікі, а тэхніка перададзена калгасам за выкуп. Але неадкладны выкуп зношанага парка МТС паставіў шматлікія эканамічна слабыя калгасы ў цяжкае фін. становішча.

Грамадска-палітычнае жыццё. Гал. асаблівасцю сав. паліт. сістэмы, якая складалася з Камуніст. партыі, сав. дзяржавы, прафсаюзаў, камсамола, каап. аб’яднанняў, грамадскіх арг-цый, быў яе замкнуты характар. Ядром з’яўлялася Камуніст. партыя. Усе грамадска-паліт. арг-цыі дзейнічалі пад яе непасрэдным кіраўніцтвам.

ВКП(б) (потым КПСС).была не столькі палітычнай, колькі дзярж. арг-цыяй, мела ўсе функцыі заканадаўчай і выканаўчай улады. КП(б)Б з’яўлялася яе састаўной часткай. У 1945—46 пярвічныя парт. арг-цыі створаны на большасці прадпрыемстваў, у шэрагу калгасаў і саўгасаў. На 1.1.1946 у БССР было 48,2 тыс. членаў партыі, а ў пач. 1958—172,7, тыс. Парт. к-ты займаліся падборам і расстаноўкай кадраў. Пад гэты прынцып падпадала выбарчая сістэма ў саміх парт. органах, Саветах, усіх грамадскіх арг-цыях. Выбары павінны былі дэманстраваць поўную згоду мас з парт. ўстаноўкамі. Усе кандыдаты ў дэпутаты вылучаліся са згоды і па рэкамендацыі парт. органаў.

Паводле Канстытуцыі СССР гал. функцыі дзярж. кіраўніцтва і арганізацыі грамадскага жыцця належалі Саветам. У 1947 адбыліся выбары ў Вярх. Савет БССР (абраны 371 дэпутат), у 1948 — у мясц. Саветы (абрана 65 тыс. дэпутатаў). У задачы Саветаў уваходзіла аднаўленне нар. гаспадаркі, адраджэнне гарадоў і вёсак, развіццё культуры і адукацыі, паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва. Але яны не з’яўляліся сапраўднымі органамі народаўладдзя, а знаходзіліся на службе парт. апарату, які праз камуністаў праводзіў у жыццё свае рашэнні і дырэктывы. Колькасць членаў партыі ў мясц. Саветах пастаянна павялічвалася. Так, у 1948 пасля выбараў у мясц. Саветах Беларусі камуністы складалі 26,68%, у 1950—30,4, у 1953—35,6, у 1955—40,79%. З сярэдзіны 1950-х г. рабіліся спробы павысіць ролю Саветаў у кіраўніцтве краінай і грамадствам. У выніку роля рэсп. і мясц. Саветаў у кіраўніцтве эканомікай і грамадска-паліт. жыццём вырасла, актывізавалася заканадаўчая дзейнасць Вярх. Савета БССР. Ствараліся новыя камісіі па кіраўніцтве гасп. дзейнасцю ў мясц. Саветах.

Прафесійныя саюзы ў пасляваен. гады займаліся ў асн. арганізацыяй працоўных на выкананне вытв. планаў, сац. абарона рабочых і служачых ажыццяўлялася недастаткова. У 1946 у БССР налічвалася больш за 350 тыс. членаў прафсаюзаў (каля 70% агульнай колькасці працаўнікоў). Была адроджана ўся структура прафес. органаў (фабрычна-заводскія і мясц. к-ты, якія арганізоўвалі спаборніцтва працоўных, наладжвалі работу клубаў, дамоў культуры, садзейнічалі тэхн. творчасці, клапаціліся пра жыллёва-быт. ўмовы і інш.). У 1948 створаны Бел. рэсп. савет прафсаюзаў, абласныя саветы і к-ты, гар. і раённыя к-ты прафсаюзаў, адначасова дзейнічалі і галіновыя к-ты. Такім чынам, у будове прафсаюзаў спалучаліся галіновы і вытв.-тэр. прынцыпы, што адпавядала структуры парт. арг-цый. У адпаведнасці з рашэннямі снежаньскага (1957) пленума ЦК КПСС прадугледжваліся меры па павышэнні ролі прафсаюзаў у жыцці сав. грамадства, кіраўніцтве вытворчасцю, абароне правоў і інтарэсаў працоўных. Пад кіраўніцтвам прафсаюзаў на прадпрыемствах сталі дзейнічаць вытв. нарады. Але ўдасканаленне структуры, форм і метадаў іх дзейнасці адбывалася ў рамках адм.-каманднай сістэмы кіравання, якая выключала самастойнасць прафсаюзаў.

У жыцці моладзі вызначальную ролю адыгрываў камсамол (у СССР — ВЛКСМ, у БССР — ЛКСМБ), які займаўся пытаннямі патрыят. выхавання моладзі, яе шэфствам над новабудоўлямі і інш. Спробы перабудовы работы камсамола ў 2-й пал. 1950-х г. не выходзілі за межы структурных змен і ўмацавання ўлады бюракратычнага апарату над моладдзю. У Беларусі існавалі і інш. грамадскія арг-цыі тыпу ДТСААФ, ДНД, дваровыя і вулічныя к-ты, культ., навук.-спарт. і інш. аб’яднанні. Такім чынам, у першыя пасляваен. гады ў СССР і Беларусі захоўвалася паліт. сістэма, якая склалася ў 1920—30-я г. Прыкметай таго, што яна стала менш жорсткай, быў і ўказ Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 26.3.1947 аб скасаванні ў краіне смяротнага пакарання. На працягу 1948—49 у СССР не было вынесена ніводнага смяротнага прысуду. Аднак у студз. 1950 выйшаў новы ўказ, паводле якога смяротнае пакаранне зноў аднаўлялася. Відаць, гэта было звязана з пачаткам працэсаў па т.зв. «ленінградскай справе», па якой больш за 200 парт. і сав. работнікаў асудзілі, а некаторых прыгаварылі да расстрэлу. Актывізаваліся рэпрэсіі і ў Беларусі. Як і ў перадваен. час, да ліст. 1951 іх арганізатарам быў міністр дзярж. бяспекі БССР Л.​Ф.​Цанава. У канцы 1940-х г. ён паспрабаваў расправіцца з С.​В.​Прытыцкім, які ўзначальваў Гродзенскі абком партыі. I толькі дзякуючы прынцыповай пазіцыі ЦК КП(б)Б, найперш яго 1-га сакратара М.​С.​Патолічава, Прытыцкага здолелі абараніць. Шырокую агалоску ў 1951 атрымала т.зв. «справа Саевіча». Міністр асветы БССР П.​В.​Саевіч быў абвінавачаны ў змове з «югаслаўскімі рэвізіяністамі», трацкізме, нацыяналізме, «валютных махінацыях». Ваен. трыбунал БВА прыгаварыў яго да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У пасляваен. гады былі зноў рэпрэсіраваны бел. пісьменнікі А.​Александровіч, У.​Дубоўка, А.​Звонак, П.​Пруднікаў. Усяго ў студз. 1953 у лагерах СССР знаходзіліся 2 468 524 вязні. Пры гэтым асуджаныя па паліт. матывах складалі 21%.

Адукацыя, навука, культура. За гады вайны на Беларусі было знішчана каля 7 тыс. будынкаў навучальных устаноў, што значна ўскладніла працэс аднаўлення сістэмы адукацыі. Аднак ужо ў 1945/46 навуч. г. ў рэспубліцы працавала амаль 11 тыс. навуч. устаноў (1,3 млн. вучняў), з якіх 82% былі пачатковымі, 15% — сямігадовымі і толькі 3% — сярэднімі. На бел. мове заняткі вяліся ў 96,5% школ (у Мінску ў 50%). Больш за 40% навуч. устаноў размяшчаліся ў часовых і прыстасаваных памяшканнях. Адраджалася сістэма вячэрняй адукацыі (у 1951 дзейнічала 230 школ рабочай і 714 сельскай моладзі). На працягу 1949—52 уведзена абавязковае сямігадовае навучанне з пераводам выкладання на двухмоўную аснову. Значныя сродкі выдзяляліся на развіццё сярэдняй спец. адукацыі (у сярэдзіне 1950-х г. на Беларусі былі 123 тэхнікумы і вучылішчы). У 1950-я г. істотна скарацілася колькасць пачатковых школ пры адначасовым пашырэнні сярэдніх і сямігадовых навуч. устаноў. У 1955/56 навуч. г. ў рэспубліцы было 11,4 тыс. школ з 1,2 млн. вучняў, але ў гарадах практычна не засталося беларускамоўных школ.

Да канца вайны працу аднавілі 12 ВНУ (з 25), у іх было 600 выкладчыкаў, 5 тыс. студэнтаў. Цэнтрам вышэйшай адукацыі БССР быў Мінск, дзе акрамя 8 даваен. ВНУ (БДУ, ін-ты — пед., мед., політэхн., юрыд., нар. гаспадаркі, фіз. культуры, кансерваторыя) у 1945 адкрыты лесатэхн. (з 1961 тэхналагічны) і тэатральны (з 1953 тэатральна-мастацкі) ін-ты. Асаблівая ўвага звярталася на стварэнне пед. ін-таў, якіх у 1953 у БССР налічвалася 11 — у Гродне (1944), Брэсце (1950), Полацку (1953) і інш. Пры заснаванні новых ВНУ у 1-е пасляваен. дзесяцігоддзе перавага аддавалася спецыяльнасцям, неабходным для развіцця нар. гаспадаркі. Былі адкрыты Гродзенскі с.-г. ін-т (1951), Гомельскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1953), Мінскі ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1954). Недахоп выкладчыкаў вымушаў запрашаць на працу ў айч. ВНУ спецыялістаў з інш. рэспублік, што паскорыла русіфікацыю бел. вышэйшай школы, вяло да заняпаду вывучэнне нац. гісторыі і культуры (у БДУ нават часова была скасавана кафедра гісторыі Беларусі). Пры гэтым у 1950-я г. 1 студэнт у БССР прыпадаў на 550 чал. (у Украіне на 300).

Нягледзячы на амаль поўнасцю разбураную за час акупацыі доследна-эксперыментальную базу айч. навук. устаноў, ужо ў 1944 у Мінску аднавілі дзейнасць ін-ты гісторыі, эканомікі і сельскай гаспадаркі АН Беларусі. У 1946 працавала 38 навук. устаноў, у т. л. 21 НДІ. Запрашэнне на працу ў АН Беларусі спецыялістаў з вядучых навук. цэнтраў СССР дазволіла істотна павялічыць колькасны склад навук. супрацоўнікаў. У 1955 у 76 навук. установах рэспублікі працавала 4,1 тыс. чал. (125 дактароў і 1354 канд. навук). Былі адкрыты ін-ты філасофіі і права (1947), энергетыкі (1952), фізіялогіі (1953), фізікі і матэматыкі (1955), мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (1957). Паводле новага (1957) статута АН Беларусі падзялялася на 5 аддзяленняў: грамадскіх, фізіка-тэхн., фізіка-матэматычных, біял., хім. і геал. навук; было 38 акадэмікаў і 28 член-карэспандэнтаў, пад кіраўніцтвам якіх распрацоўвалася 258 навук. тэм (60 мелі агульнасаюзнае значэнне). Навук. праца шэрагу бел. вучоных была высока ацэнена: Дзярж. прэмію СССР атрымалі Г.​В.​Багамолаў (1947, 1952) і П.​І.​Альсмік (1951). За крытыку «лысенкаўскага» кірунку ў развіцці сав. біялогіі і абарону генетыкі ў кастр. 1947 зняты з пасады прэзідэнт АН Беларусі А.​Р.​Жэбрак; член-карэспандэнт А.​М.​Жырмунскі падвергся праследаванню за выступленне на Міжнар. кангрэсе геолагаў.

Актывізацыя знешнепалітычнай дзейнасці БССР. Новы этап знешнепаліт. дзейнасці Беларускай ССР пачаўся ў 1944, калі Вярх. Савет СССР прыняў 1 лютага Закон «Аб прадастаўленні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у галіне знешніх зносін і аб пераўтварэнні ў сувязі з гэтым Народнага камісарыята замежных спраў з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспубліканскі народны камісарыят». У выніку саюзныя рэспублікі атрымалі права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. Адначасова прыняты законы аб стварэнні вайсковых фарміраванняў саюзных рэспублік, аб скасаванні ўпраўленняў упаўнаважаных НКЗС СССР пры СНК саюзных рэспублік. На Беларусі такое ўпраўленне, створанае ў 1923 замест ліквідаванага тады рэсп. НКЗС, фактычна спыніла сваю дзейнасць у пач. 1930-х г. У сак. 1944 6-я сесія Вярх. Савета БССР, якая сабралася ў нядаўна вызваленым ад акупантаў Гомелі, абмеркавала пытанне аб стварэнні саюзна-рэсп. наркаматаў замежных спраў і абароны. У дакладзе Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР Н.​Я.​Наталевіча падкрэслівалася, што пашырэнне правоў саюзных рэспублік у галіне абароны і знешніх зносін з’яўляецца важным крокам у развіцці бел. дзяржаўнасці, адзначалася вялікае практычнае значэнне выхаду Беларусі на міжнар. арэну. Ён вылучыў 3 асноватворныя прынцыпы будучай знешнепаліт. дзейнасці рэспублікі: БССР выходзіць на міжнар. арэну як самастойная дзяржава ў складзе Саюза ССР; у сваёй знешняй палітыцы яна будзе абапірацца на ўзрастаючую гасп., паліт. і культурную моц усяго СССР; на міжнар. арэне Беларусь зойме належнае ёй месца, бо па ўзроўні прамысловай і с.-г. вытворчасці, культурнага развіцця, багатай гіст. мінуўшчыны, колькасці насельніцтва і тэрыторыі яна з поспехам вытрымлівае параўнанні з многімі дзяржавамі Еўропы і інш. кантынентаў. Наталевіч сфармуляваў бліжэйшыя мэты і задачы знешняй палітыкі Беларусі: рабіць усё магчымае для хутчэйшай перамогі над фашызмам і рыхтаваць рахунак Германіі за страты, якія Беларусь панесла ў гады вайны; умацоўваць палітыку міру, наладжваць і пашыраць сувязі з усімі свабодалюбівымі краінамі, найперш з дзяржавамі, саюзнымі па антыгітлераўскай кааліцыі; усталяваць дружалюбныя і добрасуседскія адносіны з Польшчай. У дакладзе былі вызначаны прынцыпы, мэты і задачы знешнепаліт. дзейнасці, якімі рэспубліка збіралася кіравацца ў перыяд заканчэння вайны і пасляваен. гады. 24.3.1944 Вярх. Савет БССР прыняў Закон «Аб стварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага камісарыята замежных спраў Беларускай ССР». У адпаведнасці з ім Канстытуцыя БССР 1937 дапоўнена арт. 16а, паводле якога рэспубліка атрымала права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. Змены, што тычыліся знешнепаліт. паўнамоцтваў вышэйшых органаў дзярж. улады, былі ўнесены і ў інш. артыкулы Канстытуцыі БССР. 30.3.1944 нам. Старшыні СНК БССР К.​В.​Кісялёў прызначаны наркомам замежных спраў Беларусі. У 1946 НКЗС перайменаваны ў Мін-ва замежных спраў БССР. Гал. прычынай прадастаўлення, а дакладней вяртання, саюзным рэспублікам знешнепаліт. правоў былі разлікі тагачаснага сав. кіраўніцтва атрымаць у асобе 16 саюзных рэспублік СССР дадатковыя галасы ў Арг-цыі Аб’яднаных Нацый (ААН) і на пасляваен. міжнар. канферэнцыях.

Першы этап знешнепаліт. дзейнасці БССР пасля аднаўлення НКЗС ахоплівае 1944—53. Гэта час другога (пасля 1918—22) выхаду Беларусі на міжнар. арэну, фарміравання асн. кірункаў дыпламат. актыўнасці Беларусі, станаўлення яе дыпламат. школы. У апошнія ваен. і першыя пасляваен. гады знешнепаліт. дзейнасць БССР была асабліва актыўная і прыкметная. Дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала ў працы Падрыхтоўчай камісіі ААН у Лондане (ліст.—снеж. 1945), 1-й і наступных сесій Ген. Асамблеі ААН, была абрана ў 1946 у члены Эканам. і Сац. Савета. Па ініцыятыве бел. дэлегацыі ў лют. 1946 прынята адна з першых рэзалюцый Ген. Асамблеі — аб выдачы і пакаранні ваен. злачынцаў. На працягу 1946—48 Беларусь прынята ў 4 спецыялізаваныя ўстановы ААН: Міжнар. саюз электрасувязі, Сусв. паштовы саюз, Сусв. метэаралагічную арг-цыю, Сусв. арг-цыю аховы здароўя (СААЗ). Аднак актыўнага ўдзелу ў іх працы не прымала, а з пачаткам «халоднай вайны» засяродзілася на канфрантацыі з зах. дзяржавамі. У 1949 дэлегацыі СССР, УССР, БССР і інш. краін Усх. Еўропы па распараджэнні саюзнага кіраўніцтва пакінулі СААЗ і працягвалі ўдзельнічаць толькі ў 3 з 11 спецыялізаваных устаноў ААН. У 1948 бел. дэлегацыя ўстрымалася ў ліку 8 дэлегацый у час прыняцця Усеаг. дэкларацыі правоў чалавека, у 1950 байкатавала працу Ген. Асамблеі і астатніх органаў і камітэтаў ААН. Пазіцыя БССР па ўсіх пытаннях парадку дня Ген. Асамблеі і інш. органаў ААН дыктавалася неабходнасцю строгага выканання дырэктыў Палітбюро ЦК ВКП(б)—КПСС і асабіста І.​В.​Сталіна.

У 1946—53 дэлегацыя БССР унесла ў розныя органы ААН 21 прапанову, з якіх, аднак, былі прыняты толькі 3. У прыватнасці адхілены неаднаразовыя бел. прапановы па праблемах бежанцаў, перамешчаных асоб, апатрыдаў (асоб без грамадзянства) і беспадданых, якія прадугледжвалі прымусовую рэпатрыяцыю грамадзян Беларусі і асоб бел. нацыянальнасці. СССР, УССР і БССР галасавалі супраць стварэння Міжнар. арг-цыі па справах бежанцаў і Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў, адмовіліся ўдзельнічаць у іх працы і падпісаць Канвенцыю аб статусе бежанцаў ад 25.7.1951. Да канца 1950-х г. БССР падпісала 54 міжнар. дагаворы, канвенцыі і пагадненні, у т. л. Канвенцыю аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго (1948), Жэнеўскія канвенцыі аб абароне ахвяр вайны (1949). Амаль усе яны былі шматбаковымі і заключаліся ў рамках ААН і яе спецыялізаваных устаноў.

8.2.1947 Кісялёў выступіў з заявай урада БССР па германскім пытанні на нарадзе намеснікаў Савета Міністраў замежных спраў (СМЗС) у Лондане. У заяве патрабавалася ад Германіі выплаціць рэпарацыю на карысць Беларусі ў суме 1,5 млрд. долараў, што складала не больш за 10% ад агульнай сумы яе страт у гады вайны. Бел. ўрад выступаў за дэмілітарызацыю, дэмакратызацыю і дэнацыфікацыю Германіі, супраць яе расчлянення, але за ўстанаўленне кантролю над яе паліт. і эканам. жыццём з боку 4 дзяржаў-пераможцаў. У парадку разлікаў па рэпарацыях з Германіі на Беларусь вывезены 182 прадпрыемствы (больш за 30 тыс. адзінак абсталявання). 16.4.1948 Кісялёў выступіў на нарадзе намеснікаў СМЗС з заявай урада БССР па пытанні аб былых італьянскіх калоніях.

Статус паўнапраўнага члена ААН дазволіў Беларусі прыняць удзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі (29.7—15.10.1946), прысвечанай распрацоўцы мірных дагавораў дзяржаў-пераможцаў з былымі саюзнікамі фаш. Германіі (Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй). У рабоце канферэнцыі ўдзельнічалі дэлегацыі 21 дзяржавы, якія зрабілі найб. ўклад у перамогу над фаш. кааліцыяй, у т. л. СССР, УССР і БССР. У склад дэлегацыі БССР уваходзілі 7 паўнамоцных дэлегатаў (Кісялёў — кіраўнік, А.​Г.​Бондар, П.​В.​Лютаровіч, А.​А.​Чыжоў, Ф.​П.​Шмыгаў, Г.​Г.​Навіцкі, В.​І.​Фясько) і 2 прадстаўнікі (Н.​П.​Новак і У.​М.​Яшумаў). Бел. дэлегацыя, якая дзейнічала ў адпаведнасці з агульнасаюзнай лініяй і падзелам працы паміж 3 сав. дэлегацыямі, падтрымлівала праекты мірных дагавораў і выступала са сваімі прапановамі і заўвагамі. Члены дэлегацыі ўдзельнічалі ў рабоце 10 камісій, зрабілі 50 выступленняў у камісіях і на пленарных пасяджэннях канферэнцыі. Беларусь была абрана ў склад мандатнай камісіі, а Кісялёў узначальваў камісію па паліт. і тэр. пытаннях для Балгарыі і выступаў у абарону яе інтарэсаў. У італьянскай камісіі бел. дэлегацыя прапанавала свой варыянт італа-югаслаўскай граніцы, які прадугледжваў адыход да Югаславіі спрэчных тэрыторый са слав. насельніцтвам, аднак большасцю галасоў «беларуская лінія» была адхілена. Не прайшла і бел. папраўка аб удакладненні мяжы паміж Югаславіяй і Трыестам. Бел. дэлегацыя выказалася ў падтрымку ’рэпарацыйных патрабаванняў сав. ўрада да былых саюзнікаў фаш. Германіі, аднак не ставіла пытанне пра задавальненне рэпарацый непасрэдна на карысць Беларусі. У атмасферы вострай паліт. і дыпламат. барацьбы паміж сав. і зах. блокамі прадстаўнікі БССР часам праяўлялі спрошчаны, прапанаваны з Масквы, падыход да вырашэння канкрэтных пытанняў мірнага ўрэгулявання, выступалі супраць выкарыстання Міжнар. суда для вырашэння спрэчак адносна тлумачэння ці выканання мірных дагавораў з былымі саюзнікамі Германіі. У час канферэнцыі і пасля яе завяршэння кіраўніцтва Балгарыі і Югаславіі выказвала падзяку дэлегацыі Беларусі за адстойванне інтарэсаў гэтых дзяржаў. Тэксты гэтых мірных дагавораў канчаткова ўзгоднены ў ліст.—снеж. 1946 на сесіі СМЗС — СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі ў Нью-Йорку. 10.2.1947 міністр замежных спраў БССР Кісялёў падпісаў у Парыжы мірныя дагаворы з Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй, Італіяй і Фінляндыяй. 13.9.1947 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў іх.

Членства БССР у ААН дазволіла рэспубліцы атрымаць міжнар. дапамогу з боку Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый (ЮНРРА), якая ў 1943—47 дзейнічала з мэтай аказання дапамогі ў аднаўленні эканомікі краінам, што пацярпелі ад дзяржаў фаш. «восі» ў выніку 2-й сусв. вайны. 18.12.1945 у Вашынгтоне падпісана пагадненне паміж урадам БССР і ЮНРРА аб пастаўках тавараў, абсталявання і харчавання ў Беларусь на суму 61 млн. дол. да 30.6.1946 (пазней яго тэрмін прадоўжаны да 31 снежня). Праграма паставак ЮНРРА для Беларусі выконвалася з канца 1945 да 31.3.1947 (некаторыя тавары паступалі і пасля яе заканчэння). Беларусь атрымала тавараў на суму 60 820 000 дол. агульнай вагой каля 142 тыс. т. На падставе пагаднення ў Мінску дзейнічала місія ЮНРРА, якая назірала за размеркаваннем паставак. Асн. катэгорыямі паставак былі харч. тавары, прамысл. і с.-г. абсталяванне, адзенне і абутак, мед. абсталяванне і лекі. Большую частку складалі тавары з ЗША. Памер атрыманай Беларуссю дапамогі складаў 2,6% паставак ЮНРРА для Еўропы ў доларах і 0,9% у вазе. Дапамога ЮНРРА, нягледзячы на ўсю яе эканам. і маральна-паліт. значнасць, задавальняла толькі самыя неабходныя патрэбы рэспублікі.

Яскравай праявай знешнепаліт. дзейнасці Беларусі было пагадненне паміж урадам БССР і Польскім к-там нац. вызвалення (ПКНВ) ад 9.9.1944 аб эвакуацыі бел. насельніцтва з тэр. Польшчы і польскіх грамадзян з тэр. Беларусі. Яго падпісалі старшыні СНК БССР П.​К.​Панамарэнка і ПКНВ Э.​Асубка-Мараўскі. Пагадненне датычылася рэпатрыяцыі бел. і польскага насельніцтва ў сувязі са зменай савецка-польскай граніцы ў выніку падпісання адпаведнага дагавора 16.8.1945. У адпаведнасці з пагадненнем рэпатрыяцыі падлягалі ўсе грамадзяне бел., укр., рус. і русінскай нацыянальнасцей, што пражывалі на тэр. Польшчы (на З ад «Керзана лініі») і жадалі перасяліцца на Беларусь, а таксама ўсе палякі і яўрэі, якія былі ў польскім грамадзянстве да 17.9.1939, пражывалі ў Зах. Беларусі і жадалі перасяліцца ў Польшчу. Асн. хваля рэпатрыяцыі адбылася ў 1944—46. У 1944—48 у Польшчу з СССР перасяліліся 1 417 583 чал., у т. л. з Украіны амаль 788 тыс. (каля 52%), Беларусі 274 163 (18%). Пераважная частка перасяленцаў накіроўвалася на зах. землі Польшчы, якія яна атрымала за кошт тэр. Германіі паводле Патсдамскіх пагадненняў 1945. Паміж урадамі СССР і Польшчы 6.7.1945 падпісана пагадненне аб праве на выхад з сав. грамадзянства асоб польскай і яўр. нацыянальнасцей, што пражывалі ў СССР, аб іх эвакуацыі ў Польшчу і аб праве на выхад з польскага грамадзянства асоб рус., укр., бел., русінскай і літоўскай нацыянальнасцей, якія пражывалі на тэр. Польшчы, і аб іх выездзе ў СССР. Гэта пагадненне датычыла гал. чынам палякаў і яўрэяў, дэпартаваных у аддаленыя раёны СССР у 1939—41. Усяго ў Польшчу, паводле падліку бел. эмігранцкага гісторыка М.​Волаціча, у 1944—49 пераселена 674 тыс. выхадцаў з бел. этнічнай тэрыторыі (з улікам Віленшчыны і тых, хто пераехаў з інш. краін), у т. л. 120 тыс. палякаў, 469 тыс. беларусаў (пераважна католікаў, якія падалі сваю нацыянальнасць як польскую), 85 тыс. яўрэяў. З Польшчы ў СССР за перыяд з вер. 1944 да снеж. 1946 перасялілася 518 219 чал., у т. л. ў БССР 35 961 чал. Кіраўніцтва БССР аддавала значную ўвагу пытанням перасялення. У 1944—46 на пасяджэннях бюро ЦК КП(б)Б яны разглядаліся 16 разоў, прынята 5 сумесных пастаноў СНК БССР і ЦК КП(б)Б. Парт.-дзярж. кіраўніцтва БССР неаднаразова звяртала ўвагу парт. і сав. органаў на сур’ёзныя недахопы ў правядзенні перасяленчай кампаніі, у т. л. на рэгістрацыю беларусаў-католікаў на выезд у Польшчу, факты безгаспадарнасці і бяздушныя адносіны да беларусаў, якія прыбывалі з Польшчы. Пасля заканчэння рэпатрыяцыі ў СССР засталося каля 680 тыс. т.зв. «забужанскіх» палякаў, у т. л. 250 тыс. жыхароў Беларусі. 25.3.1957 у Маскве падпісана пагадненне аб тэрмінах і парадку далейшай рэпатрыяцыі з СССР асоб польскай нацыянальнасці.

Сав. ўрад выказаў гатоўнасць садзейнічаць добраахвотнай рэпатрыяцыі палякаў, якія мелі сем’і ў Польшчы, а таксама тых, хто раней не змог скарыстацца правам на рэпатрыяцыю, сваякам рэпатрыянтаў у СССР.

Паводле дагавора паміж СССР і Польшчай аб сав.-польскай дзярж. граніцы ад 16.8.1945 сав. ўрад перадаў Польшчы са складу БССР Беластоцкую вобл. і частку Белавежскай пушчы. Ад БССР адыходзілі 17 раёнаў Беластоцкай вобл. з г. Беласток і 3 раёны Брэсцкай вобл. Польскі бок перадаваў БССР 15 вёсак, населеных пераважна беларусамі. Ад Беларусі была адрэзана тэрыторыя плошчай 14,3 тыс. км² з насельніцтвам каля 638 тыс. чал. (паводле польскага перапісу 1946). Дэмаркацыя граніцы завяршылася ў крас. 1947. Да 1955 бел.-польская граніца, паводле рашэнняў сав. ўрада, перасоўвалася на У 4 разы. Падрыхтоўка, падпісанне і ратыфікацыя дагавора былі зроблены без удзелу ўпаўнаважаных прадстаўнікоў Беларусі, чые інтарэсы ён непасрэдна закранаў. Беларусь і Украіна не мелі дыпламат. адносін з замежнымі дзяржавамі. У 1945 сав. ўрад не падтрымаў прапанову польскага боку пра адкрыццё консульстваў Польшчы ў Кіеве, Мінску і Вільнюсе.

Пасля смерці Сталіна і прыходу да ўлады новага кіраўніцтва, асабліва пасля XX з’езда КПСС (1956) знешнепаліт. дыктат цэнтра ў адносінах да саюзных рэспублік аслабеў, пашырыліся магчымасці ўдзелу Беларусі ў міжнар. жыцці. У 1958 адкрыта пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ААН у Нью-Йорку, у 1962 — пры Еўрап. аддзяленні ААН у Жэневе, пры ЮНЕСКА у Парыжы; пашырылася і кола спецыялізаваных устаноў ААН, у якія разам з СССР і Украінай уступіла Беларусь. У 1954 яна стала членам Міжнар. арг-цыі працы і ЮНЕСКА, у 1957 — МАГАТЭ, пачала ўдзельнічаць у праграмах тэхн. дапамогі ААН слабаразвітым краінам. Аднак для знешнепаліт. дзейнасці БССР было ўласціва прамаруджванне ў далучэнні да асобных міжнар. пактаў ці іх ратыфікацыі, неадпаведнасць рэсп. заканадаўства пэўным палажэнням міжнар. пактаў (асабліва па правах чалавека). У 1953 пры Савеце Міністраў БССР створана Упраўленне па замежным турызме. У 1955 Беларусь наведалі першыя групы іншаземных турыстаў, больш за 100 яе пасланцоў пабывалі за мяжой. Пачало функцыянаваць Бел. аддзяленне Усесаюзнай гандл. палаты. Аднак гандл. сувязі былі невялікія па памерах і асартыменце. Экспартныя пастаўкі з Беларусі ў гэты час уключалі 15—18 таварных пазіцый, большасць якіх прыпадала на сыравіну. Толькі з сярэдзіны 1950-х г. у экспарце павялічылася доля машын і абсталявання. Напр., Фінляндыя ў 1955 набыла 25 трактароў Мінскага з-да; у 1956 больш за 100 прадпрыемстваў рэспублікі пастаўлялі сваю прадукцыю ў 47 краін. Асн. частка прадукцыі бел. прадпрыемстваў накіроўвалася краінам — членам Савета Эканам. Узаемадапамогі (СЭУ), прыкладна ​1/3 яе — усім астатнім дзяржавам.

З сярэдзіны 1950-х г. развіваліся сувязі прыгранічных, а пазней — і ўнутраных абласцей, краёў, гарадоў, раёнаў на аснове дагавораў аб супрацоўніцтве з аналагічнымі адм.-тэр. адзінкамі краін — членаў СЭУ. У 1956 Гродзенская і Брэсцкая вобл. першыя заключылі пагадненні з прыгранічнымі Беластоцкім і Люблінскім ваяв. Польшчы. Па лініі мясц. органаў улады новы імпульс набылі сувязі параднёных гарадоў СССР, у т. л. і БССР, і замежных дзяржаў. Першымі былі Мінск і Нотынгем (Вялікабрытанія), якія сталі пабрацімамі ў 1957. Актывізацыі міжнар. кантактаў насельніцтва садзейнічала стварэнне новых грамадскіх арг-цый. К-т маладзёжных арг-цый БССР, засн. ў 1958, наладзіў сувязі з саюзамі і аб’яднаннямі моладзі больш як 20 краін свету. Падтрымліваючы міжнар. рух прыхільнікаў міру, Бел. к-т абароны міру (засн. ў 1951) і працоўныя рэспублікі сталі ўдзельнікамі многіх акцый, што праводзіліся на тэр. рэспублікі: мітынгаў, міжнар. сустрэч, кангрэсаў. Пашырыліся функцыі і сац. база Бел. т-ва культурных сувязей з заграніцай (засн. ў 1952, у 1958 рэарганізавана ў Бел. т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі). Хоць сфера знешнепаліт. дзейнасці БССР (як і УССР) была шырэйшая, чым інш. саюзных рэспублік, але практычна ўсе пытанні адносін з замежнымі дзяржавамі, міжнар. арг-цыямі вырашаліся сав. урадам і саюзнымі органамі.

Расшырэнне правоў БССР. У першыя пасляваен. гады дзейнасць заканадаўчых органаў засяроджвалася найперш на адраджэнні нар. гаспадаркі рэспублікі. У гэтых умовах грамадзянскае права было скіравана на ўмацаванне дзярж. уласнасці, планавага пачатку ў нар. гаспадарцы, удасканаленне прававых форм эканам. сувязей паміж гасп. арг-цыямі. Напр., пытанні, звязаныя з устанаўленнем дагаворных адносін, урэгуляваны пастановай Савета Міністраў СССР ад 21.4.1949 «Аб заключэнні гаспадарчых дагавораў», дзе падкрэслівалася неабходнасць заключэння дагавораў, па якіх прадпрыемствы абавязваліся афармляць гасп. сувязі па пастаўках прадукцыі. З 1950 гэтыя дагаворы заключаліся ў нарматыўна ўстаноўленыя тэрміны.

Было некалькі пашырана права асабістай уласнасці. У адпаведнасці з указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР «Аб праве грамадзян на куплю і будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў» ад 26.8.1948, грамадзяне маглі купіць або пабудаваць 1 - ці 2-павярховы дом з 1—5 пакоямі. У сувязі з тым, што гэты дакумент устанаўліваў адзіную норму для ўсяго СССР, Прэзідыум Вярх. Савета БССР указам ад 4.3.1949 прыняў нормы Грамадзянскага кодэкса БССР аб праве грамадзян на куплю і будаўніцтва жылога дома. У вер. 1953 забаронена адм. высяленне грамадзян з ведамасных дамоў, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам.

Адбыліся змены і ў грамадзянска-працэсуальным заканадаўстве. Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 24.7.1946 удакладнены правамоцтвы нар. судоў. З гэтага часу разгляду нар. суда падлягалі ўсе справы па спрэчках, што ўзнікалі з грамадзянскіх адносін: калі адным ці абодвума бакамі былі прыватныя асобы; дзярж. і грамадскіх арг-цый паміж сабой па камунальных паслугах; калгасаў паміж сабой і з дзярж. і грамадскімі арг-цыямі (акрамя зямельных спрэчак калгасаў), аб працоўных канфліктах рабочых і служачых. Адпаведныя змены ў 1955 унесены ў Грамадзянска-працэсуальны кодэкс. Цяпер па спрэчках паміж дзярж., каап. (акрамя калгасаў) і інш. грамадскімі арг-цыямі нар. суды разглядалі толькі справы, што вынікалі з дагавораў аб карыстанні камунальнымі паслугамі на суму больш за 100 руб., а з дагавораў перавозак — на суму ад 100 да 1000 руб.

На аснове пастановы Савета Міністраў БССР ад 8.4.1946 Дзярж. арбітраж рэспублікі праводзіў абследаванне і інструктаж мясц. органаў, інструктаваў ведамасныя арбітражы. Органы арбітражу ўзмацнілі барацьбу з парушэннямі фін., планавай і дагаворнай дысцыпліны ў дзейнасці гасп. арг-цый, паведамлялі Савету Міністраў, аблвыканкомам, мін-вам і ведамствам пра выяўленыя недахопы ў рабоце дзярж. органаў і прадпрыемстваў, уносілі прапановы па іх устараненні, у неабходных выпадках даводзілі да ведама органаў пракуратуры аб парушэннях закона для прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Зямельнае права рэгулявалася рэсп. заканадаўствам і тычылася гал. чынам сферы с.-г. землекарыстання. З пач. узбуйнення дробных калгасаў у 1950 устаноўлена, што зямельныя ўгоддзі аб’яднаных с.-г. арцелей злучаюцца ў адзіны зямельны масіў. У сувязі з масавай калектывізацыяй сельскай гаспадаркі ў зах. абласцях Беларусі ўдакладнялася прававое рэгуляванне прысядзібнага землекарыстання калгаснікаў і сялян-аднаасобнікаў. У 1955 уведзены абавязковы дзярж. ўлік наяўнасці і размеркавання зямлі па ўгоддзях і землекарыстальніках, дзярж. рэгістрацыя ўсіх землекарыстанняў па адзінай агульнасаюзнай сістэме. Уліку падлягалі ўсе землі, якія знаходзіліся ў карыстанні калгасаў, саўгасаў, гарадоў і вёсак, дзярж., каап. і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў і арг-цый, аднаасобных сял. гаспадарак і асобных грамадзян, а таксама землі дзярж. зямельнага запасу і дзярж. ляснога фонду.

Крымінальнае заканадаўства Беларусі значна ўзмацняла барацьбу з цяжкімі злачынствамі і павышала крымінальную адказнасць за іх учыненне, адначасова звужала сферу крымінальных рэпрэсій за дробныя правіннасці. Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 26.5.1947 адменена смяротная кара, а ў якасці вышэйшай меры пакарання прадугледжвалася зняволенне на 25 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Аднак 12.1.1950 смяротнае пакаранне адноўлена ў адносінах да здраднікаў радзімы, шпіёнаў і дыверсантаў, а ў 1954 пашырана і на асоб, што ўчынілі наўмысныя забойствы пры абцяжваючых абставінах. У 1950-я г. пачалося звужэнне сферы крымінальнай адказнасці. Так, у 1955 адменена крымінальная адказнасць за самавольны праезд у таварных цягніках, за продаж, абмен і водпуск на бок кіраўнікамі прадпрыемстваў і арг-цый абсталявання і матэрыялаў; у 1956 — у адносінах да рабочых і служачых за самавольнае пакіданне прадпрыемстваў і ўстаноў, прагул без уважлівай прычыны. 25.12.1958 Вярх. Савет СССР прыняў Асновы крымінальнага заканадаўства Саюза ССР і саюзных рэспублік, у якім рэгламентаваліся найб. важныя пытанні сав. крымінальнага заканадаўства. Такім чынам, у пасляваенны перыяд заканадаўства развівалася ў рэчышчы ўмацавання пазіцый дзяржавы ва ўсіх сферах праваадносін. Галоўным у тагачаснай заканадаўчай палітыцы было аднаўленне нар. гаспадаркі і скасаванне шэрагу законаў ваен. часу.

У вер. 1946 Вярх. Савет БССР зацвердзіў 1-ы пасляваен. пяцігадовы план аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі рэспублікі на 1946—50, а таксама ўказы Прэзідыума Вярх. Савета «Аб пераўтварэнні Савета Народных Камісараў БССР у Савет Міністраў БССР», «Аб утварэнні новых саюзна-рэспубліканскіх міністэрстваў» і інш. 9.2.1947 адбыліся выбары ў Вярх. Савет БССР, які адпаведна выбраў новы Прэзідыум Вярх. Савета, стварыў урад і Вярх. суд рэспублікі, рэдакцыйную камісію па ўнясенні змен і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларускай ССР, прыняў 55 розных актаў, у т. л. 15 законаў, 27 пастаноў па пытаннях фарміравання цэнтр. органаў дзярж. улады. У ліп. 1947 Вярх. Савет прыняў Закон «Аб змяненні і дапаўненні тэксту Канстытуцыі БССР», у адпаведнасці з якім за вышэйшымі органамі дзярж. улады замацавана права на прыняцце заканадаўства аб шлюбе і сям’і, зацвярджэнне справаздачы аб выкананні дзяржбюджэту БССР, унясенне ўдакладненняў у гарантыі правоў грамадзян на адпачынак, адукацыю і інш. Актыўную работу праводзіў Прэзідыум Вярх. Савета БССР, у складзе якога дзейнічалі канцылярыя Прэзідыума, прыёмная Старшыні Прэзідыума, а таксама аддзелы: інфармац.-статыстычны, юрыд., па ўліку і рэгістрацыі ўзнагароджаных, па падрыхтоўцы да разгляду хадайніцтваў аб памілаванні, фін.-гаспадарчы. На працягу 1946—55 ён кіраваў арганізац.-масавай работай мясц. Саветаў, зацвярджаў палажэнні аб выбарах, прымаў указы аб парадку іх правядзення, вырашаў пытанні адм.-тэр. падзелу ў рэспубліцы, ратыфікаваў міжнар. дагаворы, вырашаў міжнар.-прававыя пытанні і інш.

Пасля XX з’езда КПСС (лют. 1956) праца вышэйшых органаў дзярж. улады Беларусі актывізавалася. Прэзідыум Вярх. Савета стаў склікаць сесіі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Канстытуцыі — не радзей як 2 разы на год. У яго заканадаўчай дзейнасці пачала выяўляцца агульнасаюзная тэндэнцыя пашырэння правоў саюзных рэспублік у вырашэнні пытанняў гасп. і сац.-культ. будаўніцтва. Пашырыліся кантрольна-наглядная і гасп. функцыі Вярх. Савета БССР, створаны новыя камісіі: заканадаўчых прапаноў, па замежных справах, мандатная; у 1957 — па нар. адукацыі і культ.-асв. рабоце, ахове здароўя і сац. забеспячэнні, жыллёвым будаўніцтве, сельскай гаспадарцы. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР на кожнай сесіі Вярх. Савета новага склікання фарміраваўся склад урада — Савета Міністраў БССР. Гал. звёнамі яго апарату былі групы па галінах нар. гаспадаркі і сац.-культ. будаўніцтве (13 у 1949), 5 аддзелаў (арганізац.-інструктарскі, ваенны, прававы, кадраў, агульны) і сакратарыяты; у крас. 1949 арганізаваны групы па штатах і кантролі, у 1950 — па ўзнагароджанні перадавікоў сельскай гаспадаркі. У студз. 1955 у апараце Савета Міністраў БССР замест груп створаны 15 галіновых аддзелаў. 18.7.1955 апарат Савета Міністраў рэарганізаваны: галіновыя аддзелы скасаваны, замест іх створана рэферантура па мін-вах і ведамствах. У 1957 у краіне ажыццёўлена перабудова кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам. У адпаведнасці з Законам СССР ад 10.5.1957 «Аб далейшым удасканаленні арганізацыі кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам» з мэтай больш аператыўнага кіравання нар. гаспадаркай на Беларусі створаны эканам.-адм. раён, кіраўніцтва нар. гаспадаркай рэспублікі ад саюзна-рэсп. мін-ваў і ведамстваў перайшло да Савета нар. гаспадаркі БССР.

Асновай судовай сістэмы з’яўляліся нар. суды, на якія былі ўскладзены задачы па ахове сацыяліст. уласнасці, правоў і законных інтарэсаў грамадзян, умацаванні законнасці і правапарадку. На Беларусі нар. суды дзейнічалі ў кожным адм. раёне (горадзе), у буйных раёнах і гарадах стваралася некалькі ўчасткаў нар. судоў. У ліп. 1947 Савет Міністраў БССР зацвердзіў 262 участкі нар. судоў; да 1.11.1948 дадаткова створана 11 участкаў. Нар. суды разглядалі большасць крымінальных і грамадзянскіх спраў. Значна пашыраны паўнамоцтвы абласных судоў і Вярх. суда рэспублікі. У 1948 пры Вярх. судзе БССР створана калегія, якая разглядала справы аб дысцыплінарных парушэннях старшынь і членаў абласных судоў. У 1954 у Вярх. судзе ўтвораны прэзідыум, які ў парадку нагляду разглядаў крымінальныя і грамадзянскія справы па пратэстах Ген. пракурора СССР, Старшыні Вярх. Савета СССР, пракурора і старшыні Вярх. суда БССР на прыгаворы судовых калегій Вярх. суда БССР. 12.2.1957 Вярх. Савет СССР прыняў палажэнне аб Вярх. судзе СССР, паводле якога павышалася роля Вярх. судоў саюзных рэспублік у ажыццяўленні нагляду за разглядам спраў судамі рэспублік. У адпаведнасці з Палажэннем аб пракурорскім наглядзе ў кастр.—ліст. 1955 на Беларусі створаны міжраённыя пракуратуры, якія дзейнічалі на тэр. 2—3 адм. раёнаў. У канцы 1958 на Беларусі дзейнічалі раённыя, міжраённыя, гар. пракуратуры, пракуратура Мінска, абл. пракуратуры, пракуратура рэспублікі. Такім чынам, у пасляваен. перыяд заканадаўчая дзейнасць Вярх. Савета БССР і распарадчыя функцыі Савета Міністраў рэспублікі актывізаваліся. Але яны будаваліся на аснове заканатворчасці Саюза ССР. Суд і пракуратура выконвалі тыя пастановы, якія зыходзілі ад вышэйшых агульнасаюзных органаў: ЦК КПСС, Вярх. Савета СССР, Вярх. суда СССР, Ген. пракуратуры СССР.

Літ.:

Купрэвіч В.Ф. Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1958;

Белорусская ССР в международных отношениях: Междунар. договоры, конвенции и соглашения Бел. ССР с иностр государствами (1944—1959). Мн., 1960;

Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;

Белязо А.П. Беларуская вёска ў пасляваенныя гады. Мн., 1974;

Киселев К.В. Записки советского дипломата. М., 1974;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Мн., 1975;

История государства и права Белорусской ССР. Т. 2. Мн., 1976;

Снапковский В.Е. Белорусская ССР в ООН (1945—1985 гг.). Мн., 1985;

Яго ж. Путь Беларуси в ООН, 1944—45 гг. Мн., 1994;

Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі ў 1944—1953 гг. Мн., 1997;

Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения. Мн., 1988;

На пороге кризиса: нарастание застойных явлений в партии и обществе. Мн., 1990;

Осипов А.Г. Крах административно-командной системы, М., 1990;

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;

Яго ж. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 2000;

Нарысы гісторыі Беларусі, Ч. 2. Мн., 1995;

Вішнеўскі А.Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 2000;

Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 4—5. Мн., 2001—02;

История Беларуси. Мн., 2001;

Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.

Ю.​Л.​Грузіцкі (народная гаспадарка), І.​І.​Гвардзееў (грамадска-палітычнае жыццё, расшырэнне правоў БССР), А.​Ф.​Самусік (адукацыя, навука, культура), У.​Е.​Снапкоўскі (актывізацыя знешнепалітычнай дзейнасці БССР).

Прадукцыя Мінскага аўтамабільнага завода: МАЗ-200 (уверсе) і 1-ы 40-тонны самазвал 1950.
Сустрэча генеральнага сакратара ААН Д.​Хамаршэльда ў Мінскім аэрапорце. Чэрвень 1956.

т. 18, кн. 2, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРА́ЛІЯ (Australia), Аўстралійскі Саюз (Commonwealth of Australia),

дзяржава ў Паўд. паўшар’і. Займае кантынент Аўстралія, в-аў Тасманія і прылеглыя дробныя астравы. Пл. 7,68 млн. км². Нас. 18 млн. чал. (1994). Афіцыйная мова — англійская. Сталіца — г. Канбера. Адміністрацыйна падзяляецца на 6 штатаў (Новы Паўд. Уэльс, Квінсленд, Вікторыя, Паўд. Аўстралія, Зах. Аўстралія, Тасманія) і 2 тэрыторыі (Паўночная і Сталічная). Пад кіраваннем Аўстраліі а-вы Норфалк, Какосавыя, Каляд. Нац. свята — Дзень Аўстраліі (26 студз.).

Дзяржаўны лад. Аўстралія — федэральная дзяржава ў складзе Садружнасці, што ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар, прызначаны па рэкамендацыі аўстрал. ўрада. Вышэйшы заканад. орган — федэральны парламент, які складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Гал. ролю ў ажыццяўленні заканад. функцыі адыгрывае палата прадстаўнікоў са 148 дэпутатаў, выбраных усеагульным тайным галасаваннем тэрмінам на 3 гады. Верхняя палата — сенат з 76 сенатараў (па 12 сенатараў ад штатаў і па 2 сенатары ад тэрыторый), выбіраецца тэрмінам на 6 гадоў (палавіна з іх перавыбіраецца кожныя 3 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Асн. ўрадавыя рашэнні прымае кабінет міністраў, але юрыд. сілу яны набываюць пасля праходжання праз Выканаўчы к-т — фармальны орган, які ўзначальвае ген.-губернатар.

Прырода. Гл. ў арт. Аўстралія і Тасманія.

Насельніцтва. Пераважная большасць — англа-аўстралійцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі і інш. краін Зах. Еўропы. Захоўваюцца некаторыя культ. і рэліг. адрозненні паміж групамі рознага паходжання. Нядаўнія імігранты жывуць пераважна ў буйных гарадах. Карэнныя аўстралійцы і метысы (каля 250 тыс. чал.) жывуць пераважна ў пустынных малаасвоеных раёнах, часткова на ўскраінах гарадоў і ў сельскай мясцовасці. Карэннае насельніцтва Тасманіі цалкам знішчана, захавалася невял. група англа-тасманскіх метысаў. Паводле веравызнання 76% насельніцтва хрысціяне: англікане і католікі (па 26%), прэсвітэрыяне, метадысты і інш.; ёсць невял. групы мусульман, будыстаў і прадстаўнікоў інш. рэлігій. Гар. насельніцтва 85,2% (1990). Самыя вял. гарады (млн. чал., 1993): Сідней (3,7), Мельбурн (3,2), Брысбен (1,4), Перт (1,2), Адэлаіда (1,1). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены ПдУ, У і ПдЗ краіны (каля 90% насельніцтва). Найбольшая шчыльнасць у штаце Вікторыя — 18 чал. на 1 км².

Гісторыя. Продкі карэнных жыхароў Аўстраліі прыйшлі з Паўд. Азіі і засялілі кантынент, верагодна, у перыяд позняга палеаліту. Цяжкія прыродныя ўмовы і аддаленасць ад інш. народаў свету ўскладнілі развіццё аўстрал. плямёнаў. У канцы 18 ст. яны займаліся паляваннем і збіральніцтвам, не ведалі земляробства і жывёлагадоўлі.

Першыя еўрапейцы ступілі на зямлю Аўстраліі ў пач. 17 ст.: галандцы В.​Янсзан (1606) і А.​Тасман (1642). У 17 ст. Аўстралію даследавалі партугальцы, у 18 ст. — англічане (Дж.​Кук). У 1788 сюды прыбыла англ. эскадра (11 суднаў, узначальваў капітан А.​Філіп) з асуджанымі. Яны заснавалі першае паселішча — будучы г. Сідней. З гэтага часу Аўстралія служыла месцам ссылкі асуджаных злачынцаў з Вялікабрытаніі. Пасля адкрыцця ў 1813—15 пераходаў праз Блакітныя горы і хр. Ліверпул да багатых выпасаў прыток еўрапейцаў павялічыўся. З 1830-х г. англ. ўрад перайшоў да т.зв. сістэматычнай каланізацыі. Гаспадаркі, якія гадавалі мерыносавых авечак, паступова аб’ядналіся ў буйныя манаполіі. Адкрыццё запасаў золата (штат Вікторыя) выклікала «залатую ліхаманку» (1851—61) і ўзмацніла прыток імігрантаў з Еўропы. За 10 гадоў насельніцтва павялічылася амаль у 3 разы і дасягнула 1,2 млн. чал., да 1900 — 3,8 млн. Паўстанне ў 1854 на залатых капальнях стала пачаткам аб’яднання рабочых. Да 1870-х г. прафсаюзы Аўстраліі (упершыню ў свеце) дамагліся 8-гадзіннага рабочага дня. У 1891 створана Лейбарысцкая партыя. У канцы 19 ст. англ. ўрад аб’яднаў асобныя калоніі Аўстраліі ў адну дзяржаву і ў 1901 стварыў Аўстралійскі Саюз са статусам дамініёна (6 калоній, у 1906 далучылася Папуа). Пасля 1-й сусв. вайны Аўстралія — малая дзяржава. На Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Аўстралія запатрабавала перадаць ёй усе б. ўладанні Германіі ў Ціхім ак. Паводле Версальскага мірнага дагавору 1919 яна атрымала (1920) ад Лігі нацый мандаты на кіраванне тэр. Новая Гвінея і, сумесна з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй, на в-аў Науру (з 1968 самаст. дзяржава). Паводле Вестмінстэрскага статута 1931 Аўстралія, як і інш. дамініёны, атрымала права на самастойнасць у знешняй і ўнутр. палітыцы, але да 1939 у знешнепаліт. дзейнасці фактычна залежала ад Англіі. У час 2-й сусв. вайны Аўстралія — чл. Антыгітлераўскай кааліцыі. Яе тэр. выкарыстоўвалі ЗША для ваен. аперацый супраць Японіі. Пасля 2-й сусв. вайны ў эканоміку Аўстраліі інтэнсіўна пранікае амер. капітал, і ў знешняй палітыцы Аўстралія пачала арыентавацца на ЗША.

Пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (1983, 1993) лейбарысцкі ўрад Аўстраліі ўзяў курс на развіццё інтэграцыйных працэсаў сярод краін азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёна. Аўстралія — адзін з ініцыятараў Дагавору аб бяз’ядзернай зоне ў паўд. ч. Ціхага ак., займае актыўную пазіцыю па раззбраенні, у т. л. абмежаванні ядз. узбраенняў, забароне ядз. выпрабаванняў, разблакіраванні рэгіянальных канфліктаў, удзельнічае ў міратворчых аперацыях ААН. Аўстралія — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканам. супрацоўніцтва (АЦЭС), Савета па ціхаакіянскім эканам. супрацоўніцтве (СЦЭС), інш. міжнар. дагавораў і пагадненняў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы.

Найб. значныя паліт. партыі: Аўстрал. лейбарысцкая партыя, Ліберальная партыя Аўстраліі, Нац. партыя Аўстраліі (б. Аграрная), Партыя аўстрал. дэмакратаў. Буйнейшае прафс. аб’яднанне — Аўстрал. савет прафсаюзаў.

Гаспадарка. Аўстралія — высокаразвітая індустрыяльна-аграрная дзяржава. У эканоміцы вядучая роля належыць буйным кампаніям, у т. л. кампаніям ЗША, Японіі, Зах. Еўропы. Прамысловасць дае 25% валавога ўнутр. прадукту, у т. л. апрацоўчая 17% (1989). У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча каменнага вугалю і метал. рудаў. Запасы каменнага вугалю 48 млрд. т (раёны Ньюкасла, Порт-Кембла і інш.), бурага 35 млрд. т (штат Вікторыя), нафты 279 млн. т, газу 1,3 трыльёна м³ (на шэльфе і ў нетрах мацерыка), урану 526 тыс. т (Паўн. Аўстралія), жал. руды 15,2 млрд. т (Зах. Аўстралія), баксітаў 4,4 млрд. т (Пн і ПдЗ), медзі 16,8 млн. т, нікелю 2,1 млн. т, свінцу 15,9 млн. т, цынку 26,3 млн. т. Буйнейшыя поліметал. радовішчы Маўнт-Айза (Квінсленд) і Брокен-Хіл (Новы Паўд. Уэльс). Значныя запасы алмазаў (на ПнЗ Аўстраліі), волава, марганцу, вальфраму, золата, рэдказямельных металаў. Здабыча (млн. т): вугалю 210 (1990), нафты 24 (1993), жал. руды 117 (1992), баксітаў 39,3; прыроднага газу 22 млрд. м³ (1992). У значных колькасцях здабываюць алмазы, поліметал. руды, волава, марганец, вальфрам, цырконій, ільменіт, рутыл, фасфатную сыравіну і інш. Устаноўленая магутнасць электрастанцый 34,1 млн. кВт, выпрацоўка 150 млрд. кВт∙гадз. Адна з вядучых галін — каляровая металургія. Выплаўка (тыс. т, 1990): алюмінію 1268 (з-ды ў Гладстане, Портлендзе, Ньюкасле), медзі 245 (Маўнт-Айза, Таўнсвіл), свінцу 214, цынку 299 (Порт-Піры, Рысдан, Ньюкасл), волава 381, серабра 1,27; золата 242 т. Вытворчасць сталі 6,7 млн. т (камбінат у Порт-Кембла, значныя цэнтры Ньюкасл, Уаяла, Куінана). Машынабудаванне: вытв-сць аўтамабіляў (386 тыс., 1990, гал. цэнтры Адэлаіда і Мельбурн), с.-г. машын (усе штаты). Развіты электратэхн., прыладабуд., суднабуд. прам-сць, нафтаперапрацоўка і нафтахімія. Вытворчасць угнаенняў (тыс. т, 1990): азотных 224 (Порт-Кембла, Брысбен), фосфарных 270 (ва ўсіх штатах); сернай кіслаты, сінт. каўчуку. Цэлюлозна-папяровая прам-сць працуе на мясц. і прывазной сыравіне. Вытв-сць паперы і кардону 2,06 млн. т. Харч. прам-сць: перапрацоўка мяса, малака, цукр. трыснягу (1991; вытв-сць масла 104 тыс. т, сыру 176 тыс. т, цукру 3,6 млн. т), вінаробства і піваварэнне. Тэкст. і швейная прам-сць працуе на ўнутраны рынак. Сельская гаспадарка высокатаварная і механізаваная. Пад пашай і лугамі 55,8% тэрыторыі, пад апрацаванымі землямі 6,2%. Характэрна буйное землеўладанне, сярэднія памеры фермы 2300 га. Вядучая галіна — пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1991; млн. гал.): авечак 162,8 (1-е месца ў свеце), буйн. раг. жывёлы 23,4, свіней 2,5, коней 0,3. Мясная і малочная жывёлагадоўля на ПдУ і ў Тасманіі, мясная ў трапічнай зоне, авечкагадоўля ўздоўж зах. схілаў Усх.-Аўстралійскіх гор і на ПдЗ. Настрыг воўны 1110 тыс. т (1991; каля 30% сусв. вытворчасці; 1-е месца ў свеце). Птушкагадоўля развіта каля вял. гарадоў. Галоўная збожжавая культура — пшаніца (каля 60% пасяўных плошчаў). Зборы вагаюцца па гадах — 15,4 млн. т у 1990, 9,6 млн. т у 1991. Значныя зборы ячменю, аўса, сорга, рысу. У тропіках (на ПнУ) цукр. трыснёг, ананасы, бананы, манга, на Пд і ПдУ — цытрусавыя, персікі, абрыкосы, яблыкі, вінаград. Агародніцтва ў густанаселеных раёнах. Вытв-сць бавоўны 433 тыс. т (1991; Квінсленд, Новы Паўд. Уэльс), тытуню 14 тыс. т. Улоў рыбы 227,3 тыс. т (1991). Транспарт. Даўж. чыгунак 40 тыс. км. Да 80% унутр. грузаў і пасажыраў перавозяць аўтатранспартам. Даўж. аўтадарог каля 900 тыс. км. Экспартныя і імпартныя грузы перавозяць пераважна марскім транспартам замежных краін. Буйнейшыя парты: Дампір, Порт-Хедленд, Сідней, Ньюкасл, Мельбурн, Порт-Кембла, Перт, Брысбен. Асн. аэрапорты каля Сіднея, Мельбурна, Дарвіна. Па сетцы трубаправодаў транспартуюць ваду, нафту, газ. Экспарт склаў (1991—92) 55 млрд. Аўстрал. долараў: мінер. сыравіна і паліва (40%), с.-г. прадукты (30%), вырабы апрацоўчай прам-сці (каля 20%). З пач. 1960-х г. Аўстралія — буйны экспарцёр каменнага вугалю, жал. руды, баксітаў, алмазаў, рэдказямельных металаў. Яна займае 1-е месца ў свеце па экспарце воўны, значны вываз мяса і збожжа. Імпарт склаў (1991—92) 51 млрд. Аўстрал. долараў: машыны, абсталяванне і трансп. сродкі, спажывецкія і хім. тавары, нафта і інш. Гал. гандлёвыя партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Новая Зеландыя.

Гаспадарка Аўстраліі характарызуецца нераўнамернасцю ў размяшчэнні прадукц. сіл. Найб. асвоены ўскраіны кантынента, дзе выпадае дастатковая колькасць ападкаў, што спрыяе вырошчванню с.-г. культур і водазабеспячэнню вял. гарадоў (штаты Вікторыя і Тасманія, усх. часткі Новага Паўд. Уэльса і Квінсленда, невял. раёны вакол Адэлаіды, Перта). На гэтых тэрыторыях, якія займаюць каля 15% пл. краіны, сканцэнтравана больш за 90% насельніцтва, усе вял. і значныя гарады з іх разнастайнай прам-сцю, пасевы ўсіх с.-г. культур, сады і вінаграднікі. Па-за межамі гэтых раёнаў пашырана пашавая жывёлагадоўля, каля радовішчаў карысных выкапняў знаходзіцца некалькі горнапрамысл. цэнтраў. Вял. прасторы ў Цэнтр. Аўстраліі заняты пустынямі і амаль не асвоены. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.

Узброеныя сілы Аўстраліі складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС, ВМС. Агульная колькасць 68,3 тыс. чал. (1991). Сухапутных войскаў 30,3 тыс. чал. (6 вайсковых акруг, 1 пях. дывізія, 20 палкоў); на ўзбраенні каля 690 ракетных снарадаў (процітанкавыя і тыпу «зямля—паветра»), танкі, бронетранспарцёры, артылерыя, самалёты і верталёты, стралк. ўзбраенне і інш. У ВПС 22,3 тыс. чал.; на ўзбраенні баявыя самалёты, самалёты і верталёты дапаможнай авіяцыі. У ВМС 15,7 тыс. чал.; на ўзбраенні падводныя лодкі, баявыя караблі рознага прызначэння, марская авіяцыя. Узбр. сілы камплектуюцца па найме з працягласцю кантракта ад 3 да 6 гадоў з наступным прадаўжэннем на 3 гады. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. і камандна-штабных каледжах, вышэйшых спецыялізаваных афіцэрскіх вучылішчах і лётных школах, радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях. Больш за 30 тыс. чал. рэзерву. Аўстралія — член блока АНЗЮС.

Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя дзяржаўная, бясплатная. Існуюць таксама прыватная ўрачэбная практыка і прыватныя клінікі. Узровень нараджальнасці — 15 на 1 тыс. чал. насельніцтва. Дзіцячая смяротнасць — 6,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 75, у жанчын 80 гадоў (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстраліі ўключае дашкольныя ўстановы, абавязковыя 10-гадовыя агульнаадук. школы для дзяцей з 5—6-гадовага ўзросту, поўныя сярэднія школы (2 гады навучання), прафес. навуч. ўстановы, ВНУ. Існуюць дзярж. і недзярж. навуч. ўстановы. З-за нізкай шчыльнасці насельніцтва ў Аўстраліі існуюць і аднакамплектныя школы (у асноўным пачатковыя). Развіта сістэма завочнага навучання (з 1914), навучання па радыё, з 1958 — з выкарыстаннем тэлебачання. У дашкольных дзіцячых установах у 1985 налічвалася каля 162 тыс. дзяцей. У 1989 агульная колькасць школ складала больш За 10 тыс., у т. л. каля 7,6 тыс. дзяржаўных; у сістэме прафес.-тэхн. адукацыі (каледжы, школы, навуч. цэнтры, курсы з 2—3-гадовым навучаннем) — больш за 937 тыс. чал. У 89 ВНУ Аўстраліі (19 ун-таў, 46 каледжаў павышанага ўзроўню, 16 каледжаў тэхн. і далейшага навучання) навучалася каля 394 тыс. студэнтаў, у т. л. каля 2 тыс. абарыгенаў. Буйнейшыя ун-ты: Сіднейскі (з 1850), Мельбурнскі (з 1853), ун-ты ў Перце (з 1811), Адэлаідзе (з 1874), Тасманіі (з 1890), Клінслендзе (з 1910). Б-кі: публічная ў Мельбурне (з 1853), нац. ў Канберы (з 1902) і інш. Музеі: Нац. галерэі ў Сіднеі і Мельбурне. Аўстрал. музей прыкладных мастацтваў у Сіднеі, бат. музей і гербарый у Брысбене і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстралійскай АН, ва ун-тах, НДІ, лабараторыях.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстраліі больш за 3 тыс. перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты «Sun News-Pictorial» («Дзённыя ілюстраваныя навіны», з 1922) і «The Sydney Morning Herald» («Ранішні веснік Сіднея», з 1831). Агенцтва друку Астрэліян Асашыэйтэд Прэс (ААП, з 1935). Радыё дзейнічае з 1923, тэлебачанне з 1956. Сістэма грамадскага радыё і тэлебачання прадстаўлена карпарацыяй Астрэліян бродкастынг карпарэйшэн (АБС, фінансуе дзяржава), якая трансліруе 1 агульнанац. тэлепраграму (з 1974 у колеры), 4 агульнанац. радыёпраграмы, праграмы для моладзі і замежжа. У камерцыйным сектары дзейнічае каля 50 тэле- і каля 140 радыёстанцый. Існуюць таксама сістэмы тэле- і відэатэксту, функцыянуе сістэма спадарожнікавай тэлекамунікацыі АУССАТ (3 спадарожнікі). Аўстралія належыць да ІНТЭЛЬСАТ.

Літаратура. Да пач. 19 ст. развівалася на мовах і дыялектах плямёнаў аўстрал. абарыгенаў, потым — на англ. мове. Л-ра дакаланіяльнага перыяду прадстаўлена рытуальнымі песнямі, магічнымі рытмізаванымі тэкстамі (замовы, заклікі да татэмаў і інш.), казкамі, легендамі, міфамі, зафіксаванымі ў запісах 19—20 ст. Найб. цікавыя сярод іх — міфы: татэмныя («Людзі-каты», «Людзі-сабакі», «Людзі-сокалы» і інш.), пра культурных герояў («Катукан-кара», «Мура-мура» і інш.), касмаганічныя («Кунапіп», «Нурундэрэ», «Джункгова», «Змей-вясёлка» і інш.). Л-ра каланіяльнага перыяду (да канца 19 ст.) развівалася як частка англ. л-ры. Доўгі час пануючым літ. кірункам быў рамантызм, прадстаўнікі якога (Ч.​Харпур, Г.​Кендал, А.​Л.​Гордан) распрацоўвалі паэт. жанры. Значная з’ява ў прозе — раман М.​Э.​Кларка «Пажыццёвае зняволенне» (1870—72). У паслякаланіяльны перыяд л-ра набывае выразна нац. характар. Адбываецца станаўленне і развіццё рэалізму (проза і драматургія — Т.​Колінз, М.​С.​Франклін, К.​С.​Прычард, В.​Э.​Палмер, Б.​К.​Пентан, Ф.​Харды, Э.​Д.​К’юзек, А.​Маршал, М.​Брэнд, Р.​Лоўлер і інш.; паэзія — Б.​О’Даўд, М.​Гілмар, «універсітэцкія паэты» Дж.​А.​Райт, Д.​А.​Сцюарт, «хрысціяналірык» Дж.​Маколей і інш.) і мадэрнізму (паэзія — К.​Брэнан, «рэлігійны неарамантык» Дж.​Шоу Нілсан, члены аб’яднання «Джындыуорабак клаб» І.​М’юды, Р.​Робінсан і інш.; проза і драматургія — П.​Уайт і інш.). У 1960—70-я г. ўзнікла англамоўная л-ра абарыгенаў (паэты К.​Уокер, Дж.​Дэйвіс, празаік К.​Джонсан і інш.).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У разьбе, гравіроўцы і размалёўках аўстралійцы-абарыгены спалучалі выявы з умоўнымі магічнымі сімваламі і геам. арнаментам. У асобных раёнах захаваліся пячорныя (плато Кімберлі) і наскальныя (п-аў Арнем-Ленд) размалёўкі (выявы людзей і жывёл у т.зв. «рэнтгенаўскім стылі» — з іх унутр. органамі), скульптура. З 18 і асабліва з сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мураванымі дамамі ў духу англ. класіцызму і неаготыкі (арх. Ф.​Х.​Грынуэй і інш.), невял. «каланіяльнымі» дамамі. У 1913—27 па адзіным плане (амер. арх. У.​Б.​Грыфін) забудавана сталіца Канбера. Прынцыпы сучаснага дойлідства пашыраны з 1950-х г. (арх. Г.​Зайдлер і інш.). З пабудоў вылучаюцца крыты плавальны басейн Алімпійскага стадыёна ў Мельбурне (1956), оперны тэатр у Сіднеі (1966, арх. І.​Утзан). У выяўл. мастацтве канца 18 — пач. 19 ст. пашыраны «тапаграфічныя» замалёўкі мясц. прыроды. У 19 ст. рамантычныя акварэльныя пейзажы пісаў К.​Мартэнс, лірычныя пейзажы — А.​Л.​Бювелат, жанравыя і сатыр. — С.​Т.​Гіл. На рубяжы 19—20 ст. разам з акадэмізмам (Дж.​У.​Ламберт) і салонным мастацтвам развівалася нац. школа рэаліст. мастацтва (Т.​У.​Робертс, А.​Стрытан, Ф.​Мак-Кабін), пашырыўся імпрэсіянізм (Ч.​Кондэр); з 1930-х г. — кубізм, сюррэалізм. На сучасным этапе ў Аўстраліі рэаліст. мастацтва жывапісу і графікі (У.​Добела, Дж.​Р.​Драйсдэйла, Н.​Куніхана, скульптара Л.​Дадсуэла) суіснуе з мадэрнісцкімі плынямі. З 1940-х г. развіваецца мастацтва абарыгенаў: у Хермансбергу сем’ямі А.​Наматжыра і Парэрулцыя створана школа акварэльнага пейзажа.

Музыка Аўстраліі ўключае элементы муз. культуры абарыгенаў, англа-аўстралійцаў і эмігрантаў брытанскага паходжання.

Найб. архаічнымі з’явамі муз. культуры абарыгенаў з’яўляюцца каробары — абрадавыя сінкрэтычныя дзействы з элементамі спеваў і танцаў, іх абрадавыя, бытавыя і эпічныя песні. Сярод муз. інструментаў «магічныя» чурынгі (драўляныя або каменныя гудзелкі) і пустое бервяно убар, па якім стукалі палкамі, бумерангі, папуаскія барабаны, з духавых — дыджэрыду (труба са згорнутай кары ці з бамбуку), насавая флейта і інш. З 1830-х г. актывізуецца канцэртнае жыццё, створаны Сіднейскае (1833) і Аўстралійскае (1844) філарманічныя т-вы. У канцы 19 ст. ўзніклі тэатр. манаполіі, оперныя кампаніі, на пач. 20 ст. — аўстралійскі балет. Фарміруецца нац. кампазітарская школа (заснавальнікі А.​Хіл, Э.​Хатчэсан, Э.​Трумэн і інш.). Уклад у развіццё муз. культуры Аўстраліі зрабіў кампазітар, піяніст і фалькларыст П.​Грэйнджэр. Муз. традыцыі абарыгенаў выкарыстоўвалі Дж.​Антыл (балет «Каробары», 1946), К.​Дуглас, Э.​Л.​Бейнтан. Сярод сучасных кампазітараў Ф.​Вердэр, М.​Уільямсан, Р.​Міл, Л.​Сіцкі, А.​Бенджамін, Р.​Эдвардс, Д.​Уільямс, А.​Болт, М.​Уэслі-Сміт; дырыжораў — Б.​Хейнцэ, піяністаў — Э.​Хатчэсан, Р.​Вудвард; спевакоў — Дж.​Сазерленд, з абарыгенаў — Х.​Блэер. У Аўстраліі працуюць (1986): Т-р оперы і балета ў Сіднеі, Нац. мемар. т-р у Мельбурне; 10 сімф. аркестраў (у т. л. Сіднейскі), камерныя аркестры, хары, інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (з 1935), Аўстралійскі муз. цэнтр (з 1976); кансерваторыі ў Сіднеі, Брысбене, Канберы, Хобарце, Мельбурне і інш.

Тэатр. Першыя тэатр. відовішчы каланістаў і катаржан адносяцца да 1780-х г. У 1830—40-я г. ў Сіднеі, Хобарце, Адэлаідзе, Мельбурне пачалі стварацца пастаянныя т-ры. У 2-й пал. 19 ст. яны аб’ядналіся ў трэсты, якія ўзначальвалі тэатр. дзеячы Дж.​С.​Копін, Д.​Бусіка (малодшы) і інш. Рэпертуар складаўся з п’ес еўрап. і амер. класікі, аўстрал. аўтараў. У 1910—30-я г. актывізавалася дзейнасць літ.-тэатр. аб’яднанняў, якія ставілі п’есы нац. і еўрап. аўтараў, што спрыяла фарміраванню нац. т-ра. Шматлікія аматарскія калектывы ў 1936 аб’ядналіся ў «Лігу новага т-ра». У 1954 створаны «Аўстрал. елізавецінскі тэатральны трэст», які меў на мэце развіццё прафес. аўстрал. тэатра, у т. л. балетнага і опернага. Большасць т-раў у Аўстраліі — камерцыйныя. З 1960-х г. ствараюцца эксперым. калектывы т.зв. альтэрнатыўнага тэатра; арганізоўваюцца невял. тэатры ў кафэ, стайнях, старых складах. Працуюць рэжысёры Д.​Хіберт, Дж.​К.​Уільямсан, А.​Бура, Б.​Хемфрыс і інш. Гал. тэатр. цэнтры — Сідней, Мельбурн, Брысбен, Канбера, Хобарт, Перт. У Адэлаідзе з 1973 адбываюцца міжнар. тэатр. фестывалі. Тэатр. дзеячаў рыхтуе нац. ін-т драм. мастацтваў (Мельбурн).

Кіно. Вытворчасць ігравых фільмаў у Аўстраліі пачалася ў 1900. Першы гукавы фільм «Са свету ценяў» (рэж. А.​Р.​Харвуд) зняты ў 1930. Дакумент. кінематаграфія развіваецца з 1930-х г.; у 1937 заснаваны Аўстрал. нац. савет па кіно, у 1970 — Аўстрал. карпарацыя па развіцці кіно (з 1975 Аўстрал. кінематаграфічная камісія). Пастаноўкі фільмаў фінансуюць прыватныя і замежныя фірмы ў супрацоўніцтве з дзярж. цэнтрамі. Найбольшыя кінематаграфічныя арг-цыі: Аўстрал. ін-т, Аўстрал. школа кіно і тэлебачання, Нац. кінабібліятэка. Вядомыя кінарэжысёры: Б.​Борэсфард, Т.​Берстэл, К.​Хенем, М.​Тэрнхал, П.​Бенет, акцёры С.​Таўл, Х.​Гібсан, Л.​Хант і інш.

Беларусы ў Аўстраліі. Пасля 2-й сусв. вайны Аўстралія стала новым цэнтрам пасялення бел. эмігрантаў. Тут пражывае 9—10 тыс. беларусаў. Найб. іх канцэнтрацыя ў штатах Вікторыя (г. Мельбурн), Новы Паўд. Уэльс (Сідней), Зах. Аўстралія (Перт), Паўд. Аўстралія (Адэлаіда). Больш як 10 бел. нац. арг-цый ажыццяўляюць культ.-асв. і грамадска-арганізац. дзейнасць, рэпрэзентуюць Беларусь у замежжы. Найб. значныя з іх — Бел. цэнтр. к-т у Вікторыі, Бел. аб’яднанне Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел. культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе; тут размешчана і Беларуская цэнтральная рада. Правасл. бел. прыходы ў Адэлаідзе, Мельбурне, Перце і інш. Дзейнасць бел. арг-цыі каардынуе Федэральная рада бел. арг-цый у Аўстраліі. Праз свае арг-цыі беларусы ўдзельнічаюць у рабоце міжнар. і агульнааўстрал. арг-цый: Асацыяцыі па справах Аб’яднаных Нацый, Сусв. антыкамуніст. лігі, К-та Тыдня заняволеных народаў, Аўстралійскай нац. этнічнай рады і інш. З 1976 штогод, потым кожныя 2 гады праходзяць сустрэчы беларусаў Аўстраліі Бел. эміграцыя ўдзельнічае ў бел. і агульнааўстрал. святах, фестывалях, выстаўках, культ. праграмах. У Мельбурне і Адэлаідзе існуюць бел. хары і танц. гурткі. З 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цый у Аўстраліі дзейнічае к-т дапамогі ахвярам Чарнобыля. Рэгулярныя бел. радыёперадачы арганізаваны ў Сіднеі, Перце і інш. З 1950-х г. выходзілі час. «Новае жыццё», «Наша царква», «Праваслаўным шляхам», «Лучнік».

Літ.:

Петриковская А.С. Государство и развитие национальной культуры в Австралии (1945—1980) // Австралия и Океания в современном мире: Сб. статей. М., 1982;

Австралийская литература: Сб. статей. М., 1978;

McConnel U. Myths of the Munkan. Melbourne, 1957;

Strehlow T.G.A. Aranda traditions. Ch. 1. Melbourne, 1947;

Small A. Art and artists of Australia. Melbourne, 1981;

Hughes R. The art of Australia. Ringwood, 1981.

М.​С.​Вайтовіч (гаспадарка), В.​В.​Халіпаў (літаратура), А.​М.​Гарахавік (музыка), А.​С.​Ляднёва (беларусы ў Аўстраліі).

Герб і сцяг Аўстраліі.
Аўстралія. Нацыянальны парк Улуру.
Да арт. Аўстралія. Астанцовыя горы ў Цэнтральнай Аўстраліі.
Аўстралія. Даліна Бараса.
Да арт. Аўстралія. Жалезаруднае радовішча Маўнт-Ньюмен у Заходняй Аўстраліі.
Да арт. Аўстралія. Від на цэнтр Мельбурна з боку р. Яра.
Да арт. Аўстралія. Дзелавая частка Сіднея і гавань.
Да арт. Аўстралія. Грамадзянскі цэнтр у Канберы.
Да арт. Аўстралія. Горад Брысбен.
Да арт. Аўстралія. Будынак парламента штата Вікторыя ў Мельбурне.
Да арт. Аўстралія. Сідней у сярэдзіне 19 ст.
Да арт. Аўстралія. Наскальны жывапіс абарыгенаў (злева), малюнкі абарыгенаў на кары.

т. 2, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАРАТЫЎНА-ПРЫКЛАДНОЕ МАСТАЦТВА

Найб. стараж. ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на тэр. Беларусі — арнаментаваныя абломкі біўня маманта, падвескі з ракавінак і зубоў жывёл, пацеркі з трубчастых касцей, характар якіх адлюстроўвае першабытныя культы плоднасці і паляўнічай магіі (каля 30 тыс. г. назад). У мезаліце найб. пашырыўся арнамент з косай сеткі, хвалістых ліній, нарэзак, ямак. У неаліце з зараджэннем земляробства і жывёлагадоўлі мастацтва ўзнялося на больш высокую ступень (арнаментаваныя касцяныя вырабы, дробныя пластычныя заа- і антрапаморфныя выявы людзей, жывёл, птушак з каменю, дрэва, косці), з’яўляюцца ўпрыгожанні з бурштыну — падвескі, кольцы, гузікі, пацеркі. Гравіраваны арнамент вызначаўся схематызмам і ўмоўнасцю, узоры дробнай пластыкі — рэалістычнай дакладнасцю. Гліняны посуд аздаблялі наколкамі, нарэзкамі, грабеньчатым і ямкавым арнаментам. У канцы неаліту і ў бронзавым веку арнамент ускладніўся, пашырылася касмаганічная, салярная сімволіка. З адкрыццём выплаўкі медзі і бронзы распаўсюдзіліся металічныя ўпрыгожанні — грыўні, дыядэмы, пярсцёнкі, бранзалеты, падвескі, скроневыя кольцы; ва ўжытку з’яўляюцца шкляныя пацеркі і бісер. Разнастайнасцю вызначаюцца творы жалезнага веку: медныя, бронзавыя, жалезныя ўпрыгожанні, сярэбраныя і залатыя вырабы (бранзалеты з гладкімі, вітымі і рэльефнымі стрыжнямі, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, шыйныя грыўні, шпількі-запінкі, нярэдка аздобленыя геаметрычным арнаментам), рознакаляровыя шкляныя пацеркі, гліняныя фігуркі жывёл, пераважна коней (магчыма, культавага прызначэння). У пач. н.э. з’явіліся вырабы з каляровымі эмалямі (падвескі, спражкі, запінкі). Аб’ектамі дэкарыравання стала адзенне з тканін, а таксама вырабы, звязаныя з прадзеннем і ткацтвам (гліняныя прасліцы, упрыгожаныя салярнымі і каляндарнымі сімваламі).

У 10—13 ст., з падзелам грамадства на класы, узнікненнем і развіццём гарадоў, аддзяленнем рамёстваў ад сельскай гаспадаркі, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва вылучылася ў самастойную галіну маст. дзейнасці. Яно прадоўжыла традыцыі, закладзеныя ў язычніцкія часы, а таксама запазычаныя з візант. і еўрап. культур. Майстры-рамеснікі, што працавалі ў гарадах і пры княжацкіх дварах, спецыялізаваліся ў асобных відах рамёстваў. Развіваліся разьба па косці, дрэве, металаапрацоўчыя рамёствы, шкларобства, ткацтва, ганчарства і інш. Вырабляліся прадметы побыту, посуд, літургічнае начынне, зброя, воінскі рыштунак, дробная пластыка (абразкі, шахматныя фігуркі), тканіны, упрыгожанні і інш. Стылістыка і матывы дэкору вырабаў адлюстроўвалі размежаванне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў адпаведнасці з класавым падзелам грамадства: у асяроддзі сялян і значнай часткі гараджан пераважаў закладзены яшчэ ў першабытныя часы геаметрычны арнамент сімвалічнага характару. У дружынна-баярскім побыце пераважнае месца займаў дэкор з раслінных і зааморфных форм рэальнага і фантастычнага характару (тэраталагічны стыль), асабліва ярка выяўлены ў разьбе па косці (накладкі калчанаў, ручкі нажоў і інш.). У многіх гарадах пашыраным рамяством было шкларобства (пацеркі, бранзалеты), з 12 ст. распаўсюдзіўся выраб пярсцёнкаў, скроневых кольцаў, сталовага, аптэчнага, літургічнага посуду. З пашырэннем у 10 ст. на бел. землях ганчарнага круга наладзіўся масавы рамесніцкі выраб глінянага посуду, які набыў больш зграбныя і разнастайныя формы. У тэхніцы кавальства з чорных металаў, атрыманых з мясц. балотных руд, выраблялі прадметы побыту, зброю, воінскі рыштунак, дэталі конскай вупражы. З медзі, волава, свінцу, часам сплаву медзі і серабра (білону) ліццём па васковай мадэлі, а з 12—13 ст. — з дапамогай каменных раз’ёмных раздымных* форм масава выраблялі рэчы быт., літургічнага, маст. прызначэння. Шырока развівалася ювелірнае мастацтва, якое аб’ядноўвала розныя віды маст. апрацоўкі каляровых і каштоўных металаў: чаканку, гравіраванне, філігрань, чарненне, зярненне, эмалі, якімі аздаблялі ўпрыгожанні, посуд, зброю, абклады абразоў і кніг. Выдатны ўзор тагачаснага ювелірнага мастацтва — крыж Ефрасінні Полацкай, выкананы ў 12 ст. полацкім ювелірам Лазарам Богшам паводле заказу Ефрасінні Полацкай.

14—16 ст. — перыяд інтэнсіўнага развіцця дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на характар якога моцна ўплывалі шырокія гандлёвыя і культурныя сувязі з краінамі Зах. Еўропы. Пашырыліся працэсы спецыялізацыі рамёстваў, падзел рамесніцкай вытворчасці на больш вузкія спецыяльнасці. З 15 ст. ўзнікалі рамесніцкія спецыялізаваныя аб’яднанні заходнееўрап. тыпу — цэхі (напр., цэх шкларобаў у Гродне), у 16 ст. ў іх канцэнтравалася пераважная частка рамеснікаў. Стварэнне цэхаў спрыяла ўзбагачэнню асартыменту і дэкору вырабаў. Дасягнула росквіту ювелірнае мастацтва: з каштоўных і каляровых металаў у тэхніцы чаканкі, ліцця, кавальства ў спалучэнні з гравіраваннем, эмалямі, чарненнем выраблялі ўпрыгожанні, быт. і літургічны посуд, абклады кніг і абразоў. Развівалася маст. шкларобства, ружэйная справа, выраб паліхромнай рэльефнай кафлі з геаметрычнымі расліннымі, геральдычнымі кампазіцыямі. У 17—18 ст. дэкар.-прыкладное мастацтва зазнала ўплыў барока, творы набылі дынамічную кампазіцыю, дэкар. пышнасць, пластычнасць і экспрэсіўнасць форм. Плоскасны характар дэкору саступіў месца аб’ёмнасці і шматпланавасці, шырока ўжываўся багаты раслінны арнамент у спалучэнні з дынамічна выцягнутымі ракавінападобнымі элементамі, вітымі калонкамі, фігурнымі выявамі і інш. Многія віды дэкар.-прыкладнога мастацтва актыўна ўключыліся ў інтэр’ер, набылі манументальна-дэкар. характар. Рэльефнай паліхромнай кафляй аздаблялі печы і каміны ў палацах і замках. У тэхніцы маст. кавальства выраблялі фігурныя рашоткі, агароджы, вароты, крыжы, алтарныя перагародкі, флюгеры, завесы, замкі, дзвярныя ручкі, падсвечнікі і інш.; з волава адлівалі фігурны посуд, падсвечнікі, з бронзы — званы, гарматы, аздобленыя рэльефнымі паяскамі, гербамі, расліннымі гірляндамі. Дасягнула росквіту манументальна-дэкар. аб’ёмна-ажурная разьба па дрэве з ляўкасам і пазалотай, т.зв. беларуская рэзь, якою аздаблялі іканастасы і алтары ў храмах. Многія бел. майстры-ювеліры, разьбяры, кафляры, збройнікі працавалі ў Маскоўскай дзяржаве, дзе выраблялі быт. і літургічны посуд, мэблю, зброю, абклады кніг і абразоў, аздаблялі інтэр’еры палацаў і храмаў паліхромнай рэльефнай кафляй, аб’ёмна-ажурнай пазалочанай разьбой і інш. У 18 ст. ўзніклі вотчынныя мануфактуры па вытворчасці шаўковых паясоў (Нясвіж, Слуцк), фаянсу (Свержань, Целяханы), дываноў, шпалераў, габеленаў (Гродна, Карэлічы, Ружаны, Слонім), маст. шкла (Налібакі, Урэчча) і інш. На жалеза- і медналіцейных мануфактурах у Гомелі, Вішневе (Валожынскі р-н), Кляцішчы (Стаўбцоўскі р-н), Бакштах (Іўеўскі р-н), Рудні (Слонімскі р-н) і інш. адлівалі крыжы, агароджы, садовую мэблю, помнікі, посуд, асвятляльныя і пісьмовыя прылады. Напачатку на мануфактурах прадукцыю нярэдка выраблялі паводле ўсх. ці зах.-еўрап. узораў, але пад уплывам нар. мастацтва яна набывала своеасаблівую мясц. інтэрпрэтацыю: больш рэалістычна трактаваўся дэкор, уводзіліся традыцыйныя элементы. Масавае будаўніцтва ў гарадах выклікала значнае пашырэнне вырабаў маст. ліцця, кавальства, разьбы па дрэве ў архітэктуры, якая ў 2-й пал. 18 ст. зазнала ўплыў класіцызму. Характар вырабаў стаў больш стрыманы, ураўнаважаны, у дэкор уключаліся выявы антычных матываў, ваен. атрыбутыкі, картушаў, грыфонаў і інш.

Дэкар.-прыкладное мастацтва 19 — пач. 20 ст. характарызавалася ўзаемаўплывам 2 кірункаў: прамысл. і народнага. Ручныя цэхавыя і мануфактурныя рамёствы прыйшлі ў заняпад, на базе мануфактур і нар. промыслаў узніклі прадпрыемствы маст. прамысловасці, што напаўнялі рынак адносна таннай, але часта маламаст., эклектычнай прадукцыяй, хаця некат. ўзоры (напр., шкларобства) вызначаліся і несумненнымі маст. вартасцямі. Выцясненне ручной вытворчасці маст. вырабаў прамысл. прадукцыяй вылучыла на першы план праблему дапасавання мастацтва да магчымасцей тэхнікі, спалучэння маст. творчасці з патрэбамі масавага індустрыялізаванага вырабу, што адлюстраваў тэрмін «прыкладное мастацтва». Спробай вызначыць месца маст. быт. рэчаў у эпоху тэхнічнай цывілізацыі, накіраваць мастацтва на стварэнне новай маст. мовы стала пашырэнне з канца 19 ст. стылю мадэрн. Формы вырабаў набылі плаўныя цякучыя абрысы, асіметрыю і дынаміку, арнаментальныя матывы (пераважна раслінныя) — адвольную цякучасць, вытанчаныя колеравыя спалучэнні (некат. ўзоры кафлі, шклянога посуду, каваныя дэталі арх. ўбранства і інш.). Развіццё прамысл. вытворчасці паўплывала на нар. маст. промыслы, некат. з іх (напр., набіванка) заняпалі, іншыя — наадварот, дасягнулі значнага развіцця (ганчарства, лозапляценне). Сваё развіццё прадаўжала і традыц. нар. дэкар.-прыкладное мастацтва. Развіццю нар. промыслаў садзейнічалі адкрытыя земствамі рамесніцкія школы і майстэрні, дзе рыхтавалі кваліфікаваных спецыялістаў: карзіначная — у Гомелі, слясарная — у Вішневе, слясарна-такарная — у Грабянях і Друцку, ткацкія — у Бранчыцах, Дзісне, Клецку, Лепелі, Слуцку, Юзафінах і інш. Актывізавалася выставачная і збіральніцкая дзейнасць. Узоры прамысл. і нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва дэманстраваліся на Усерасійскай этнаграфічнай і сусветнай выстаўках у Парыжы (1867), выстаўцы вырабаў саматужніцкай прамысловасці ў Магілёве (1893), міжнар. выстаўцы ў Марселі (1908), выстаўцы саматужнай прамысловасці ў Вільні і Пецярбургу (1913) і інш. Аднак у цэлым дэкар.-прыкладное мастацтва перажывала крызіс, які паглыбіўся ў сувязі з 1-й сусв. вайной.

Дэкар.-прыкладное мастацтва 1920-х г. вызначалася пошукамі новага стылю. У 1919 створаны спец. керамічныя майстэрні ў Віцебску, Магілёве, ткацка-вышывальныя ў Слуцку, дрэваапрацоўчыя ў Гомелі, пабудаваны Аршанскі льнокамбінат (1928—37). Аднак слабаразвітая прамысловасць не магла задаволіць патрэбы насельніцтва ў зручных і прыгожых рэчах. Недахоп прамысл. маст. вырабаў часткова кампенсавалі творы нар. маст. промыслаў. Патрэбу ў керамічным посудзе гасп. і маст. прызначэння задавальнялі традыцыйныя ганчарныя цэнтры. З 2-й пал. 1920-х г. пачалося аб’яднанне майстроў-саматужнікаў у арцелі, гал. чынам ганчарныя і ткацка-вышывальныя. У 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз, які аб’яднаў маст. арцелі (каля 20) у адзіную сістэму. Іх прадукцыя карысталася папулярнасцю, у т. л. і за мяжой, экспанавалася на многіх усесаюзных выстаўках, у Парыжы (1937), Нью-Йорку (1939) і інш. Да канца 1940-х г. адноўлены разбураныя ням.-фашысцкімі захопнікамі прадпрыемствы маст. прамысловасці, створана прамысл. база для развіцця дэкар.-прыкладнога мастацтва. У канцы 1950-х г. створаны новыя арцелі маст. кшталту: цэх маст. керамікі ў Івянцы, цэх маст. аплікацыі саломай па дрэве ў Жлобіне і інш. Асартымент вырабаў прадпрыемстваў Белмастпрамсаюза (24 арцелі) быў даволі шырокі: мужчынскія кашулі па бел. і ўкраінскіх матывах, вышываныя сукенкі, настольнікі, хусткі, тканыя посцілкі, дываны, вязаныя рэчы, цацкі з дрэва, шкла, пап’е-машэ, галантарэйныя вырабы з размалёўкай у тэхніцы батыку і шаўкаграфіі, ганчарны маст. посуд, тачэнне з бярозы-чачоткі і інш. Пачалі працаваць Віцебскі дывановы камбінат (1946), дзе наладзілі вытворчасць ворсавых дываноў па бел. матывах, ’Мінскі фарфора-фаянсавы завод (1951). Аднавілі работу Аршанскі льнокамбінат, шклозаводы ў Барысаве і Бярозаўцы (Лідскі р-н), на якіх выраблялі посуд масавых гатункаў, а таксама унікальныя вырабы выставачнага і падарункавага прызначэння. Мастакі звярталіся да класічнай спадчыны, традыцыйных форм і дэкору. Аднак такое спалучэнне нярэдка было эклектычнае, творы, асабліва выставачныя, вызначаліся залішняй пампезнасцю, складанасцю і надуманасцю форм. Асабліва вострай была праблема кадраў прафес. мастакоў вышэйшай кваліфікацыі, якіх на Беларусі не рыхтавалі.

Абнаўленне і развіццё маст. прамысловасці значна паўплывала на дэкар.-прыкладное мастацтва 1950—60-х г. Пасля рэарганізацыі Белмастпрамсаюза ў фабрыкі Упраўлення маст. прамысловасці Мін-ва мясц. прамысловасці Беларусі (1960) пашырыліся асартымент і тэматыка вырабаў маст. промыслаў (больш за 20), адроджана саломапляценне, лозапляценне, ткацтва, вышыўка. Папулярнасць набыла івянецкая кераміка, жлобінская інкрустацыя, неглюбскае ткацтва і інш. Палепшылася і пашырылася вытворчая база прафес. дэкар.-прыкладнога мастацтва: рэарганізаваны вытворчыя цэхі Маст. фонду Беларусі, пачаў работу маст.-вытворчы камбінат у Барысаве (1961), наладзіў выпуск прадукцыі Брэсцкі дывановы камбінат (1963—65), павялічаны магутнасці шклозавода «Нёман» (Бярозаўка Лідскага р-на) і Барысаўскага хрусталёвага завода, Аршанскага льнокамбіната. Аддзяленне дэкар.-прыкладнога мастацтва Бел. тэатральна-маст. ін-та з 1961 стала рыхтаваць мясц. спецыялістаў. Значны ўклад у развіццё дэкар.-прыкладнога мастацтва зрабілі М.​Бяляеў, Г.​Гаркуноў, В.​Гаўрылаў, Ф.​Зільберт, А.​Кішчанка, Т.​Паражняк. Асн. прынцыпам дэкар.-прыкладнога мастацтва сталі прастата геаметрычных форм, функцыянальнасць, строгасць, утылітарна-канструктыўная мэтазгоднасць, умелае выкарыстанне дэкар. уласцівасцей матэрыялу, яго натуральнай прыгажосці. У формах керамічных і шкляных вырабаў падкрэсліваліся нахільныя лініі, косыя зрэзы, т.зв. дыяганальны стыль. З сярэдзіны 1960-х г. такі празмерны лаканізм стаў саступаць месца большай разнастайнасці і смеласці дэкар. вырашэнняў, творчаму засваенню нар. традыцый, багаццю форм, каларыстыкі, дэкору. Акрамя стварэння вырабаў утылітарна-маст. прызначэння для масавай вытворчасці мастакі звярталіся да індывідуальных творчых вырашэнняў, да станковых твораў выставачнага характару. Дэкар.-прыкладное мастацтва ўсё больш вызваляецца ад прыкладных функцый, займае раўнапраўнае месца сярод прасторавых і пластычных відаў мастацтва. Развіваюцца маст. шкло (мастакі П.​Анішчык, П. і Т. Арцёмавы, У.​Жохаў, Г.​Ісаевіч, Т.​Малышава, У.​Мурахвер, Л.​Мягкова, В.​Сазыкіна і інш.), фарфор (М. і Л. Гатальскія, В.​Данчук, В.​Леантовіч, А.​Фядусь і інш.), маст. кераміка (М.​Байрачны, А.​Дзятлава, А.​Зіменка, В.​Калтыгін, А.​Концуб, Г.​Крамко, М.​Несцярэўскі, Л.​Панамарэнка, В.​Прыешкін, Т.​Сакалова, У.​Угрыновіч і інш.), маст. тканіны (Г.​Гаркуноў, В.​Грыдзіна, В.​Дзёмкіна, Г.​Крываблоцкая, В.​Крывашэева, В.​Маркавец-Бартлава, Н.​Пілюзіна, Л.​Пятруль, Л.​Сівакова, Н.​Сухаверхава і інш.). Новыя прынцыпы комплекснага падыходу да афармлення буйных архітэктурных аб’ектаў, характэрныя для 1970-х г., актыўна ўключылі дэкар.-прыкладное мастацтва ў грамадскі інтэр’ер, надалі яму манум. характар. У сувязі з гэтым развіваюцца новыя ці адраджаюцца забытыя яго віды: габелен, маст. кавальства, чаканка, вітраж. Інтэр’еры палацаў культуры, рэстаранаў, кафэ, гасцініц аздобілі манум. керамічныя пласты, вазы, перагародкі, маст. тканіны, металічныя каваныя рашоткі і пано: габелен «Музыка» ў інтэр’еры Мінскага маст. вучылішча (1975), габелен-заслона і серыя габеленаў для фае Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі (1985, усе А.​Кішчанка), каванае ўбранства — у інтэр’еры рэстарана «Журавінка» (1969), гасцініцы «Турыст» (1973), Дома літаратара ў Мінску (1976, усе Ю.​Любімаў), керамічныя творы ў інтэр’ерах кафэ «Бульбяная» ў Мінску (М.-Несцярэўскі, 1983), гасцініцы «Бярэзіна» ў Барысаве (М.​Байрачны, В.​Прыешкін, Т.​Сакалова, 1982), рэстарана «Заслаўе» (В.​Прыешкін, 1989) і інш. Дэманстрацыяй дасягненняў, праблем і тэндэнцый развіцця стала выстаўка дэкар.-прыкладнога мастацтва «Гармонія і асяроддзе» (1986), якая засведчыла прыкметны працэс станкавізацыі, часам нават адмовы ад прыкладной функцыі і імкненне да стварэння ўзораў скульптурна-пластычнага, жывапіснага, манум.-дэкар. характару. Майстры дэкар.-прыкладнога мастацтва актыўна звяртаюцца да індывідуальных творчых вырашэнняў, новых відаў і жанраў, бяруцца за вырашэнне агульначалавечых, філас. задач, падуладных раней толькі станковым відам мастацтва. Іх творчасць вызначае цікавасць да нац. культуры, фальклору, нар. мастацтва, прыроды, гіст. мінулага.

Складанае становішча перажывае дэкар.-прыкладное мастацтва з канца 1980-х г. Спыніў сваю дзейнасць Маст. фонд Беларусі, што пазбавіла прафес. прыкладное мастацтва эканам. базы, амаль выключыла са сферы манум.-дэкар. мастацтва, тым не менш будаўніцтва або рэканструкцыя арх. аб’ектаў грамадскага прызначэння выклікае неабходнасць у аздабленні іх інтэр’ераў. Комплексным падыходам у вырашэнні задач манум.-дэкар. характару вызначаецца афармленне інтэр’ера Палаца Рэспублікі, які аздобілі габелены-заслоны (В.​Грыдзіна, В.​Крывашэева, Г.​Крываблоцкая, В.​Маркавец-Бартлава, Н.​Пілюзіна), люстры і свяцільнікі з металу і шкла, дэкар. кампазіцыі з металу і інш. Працягваюцца пошукі ў галіне стварэння унікальных выставачных твораў станковага характару. Узоры керамікі, маст. шкла вызначаюцца разнастайнасцю вырашэнняў, складанасцю асацыяцый, шырынёй тэматыкі, шматфункцыянальнасцю. Метафарычнасць многіх твораў часта дасягаецца выразнасцю формаўтварэння, спалучэннем сродкаў дэкар.-прыкладнога мастацтва з набыткамі дызайну, скульптуры, архітэктуры і інш. Дамінуе дэкар. скульптура, вырашаная вобразна і асацыятыўна, нярэдка гэта шматфігурныя кампазіцыі з адвольнай кампаноўкай. Творчыя эксперыменты з рознымі тэхнікамі, пошукі ў галіне формаўтварэння, пластыкі, вобразнасці вызначаюць керамічныя кампазіцыі В.​Калтыгіна, Т.​Кіршчынай, М.​Кляцкова, В.​Прыешкіна, З.​Раўко, Т.​Сакаловай, шкляную пластыку У.​Мурахвера і інш. Не страціў свайго вядучага становішча ў сучасным дэкар.-прыкладным мастацтве габелен. Шырыня тэматыкі, разнастайнасць творчых пошукаў у спалучэнні з эксперыментамі ў галіне тэхналогіі, фактуры і структуры тканін вызначае творы Т.​Белавусавай-Пятроўскай, А.​Бельцюковай, Г.​Гаркунова, Л.​Густавай, В.​Дзёмкінай, Л.​Пуцейкі, А.​Салохінай, Н.​Сухаверхавай і інш. Найб. значны твор — манум. «Габелен стагоддзя» А.​Кішчанкі (1995), афіцыйна прызнаны самым вялікім габеленам свету (14×19 м). Як своеасаблівая рэакцыя на ўсеагульнае захапленне манум.-дэкар. творамі з іх непрыдатнасцю да камернага жылога інтэр’ера заявіў пра сябе міні-габелен (творы В.​Грыдзінай, Г.​Крываблоцкай). Масавую вытворчасць вырабаў утылітарна-маст. прызначэння працягваюць прадпрыемствы маст. прамысловасці: шклозавод «Нёман», Барысаўскі хрусталёвы завод, Мінскі і Добрушскі фарфоравыя заводы, ворсавых дываноў — ААТ «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста», Радашковіцкі завод «Белмастацкераміка» і інш. Пашырэнне індывідуальнага мураванага будаўніцтва выклікала адраджэнне ручнога маст. кавальства, аднаўленне забытых відаў і прыёмаў металаапрацоўкі ў спалучэнні з сучаснымі тэхналогіямі. Прыкметны ўздым характэрны для сучаснага нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва. Паралельна з прадпрыемствамі маст. промыслаў, аб’яднаных у канцэрн «Белмастацпромыслы» (1993), адраджаецца індывідуальная маст. творчасць, у т. л. ў выглядзе промыслаў, бытуюць розныя віды маст. апрацоўкі дрэва: упрыгожанне жылля, афармленне грамадскіх пабудоў, стварэнне арыгінальнай мэблі. Сучасныя майстры абапіраюцца на традыцыі нар. мастацтва, набыткі стараж. цэхавых рамёстваў, дасягненні сусветнай культуры.

Літ.:

Яніцкая М.М. Вытокі шкларобства Беларусі. Мн., 1980;

Яе ж. Мастацкае шкло Беларусі. Мн., 1989;

Жук В.І. Сучасная беларуская кераміка. Мн., 1984;

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984.

Я.​М.​Сахута.

Фрагмент косці з гравіраванай выявай. Неаліт. З паселішча Азёрнае Любанскага раёна.
Слуцкі пояс. 2-я пал. 18 ст.
Урэцка-Налібоцкае шкло. Графін і флеты. 19 ст.
Віцебская кафля. Канец 19 — пач. 20 ст.
Л.​Мягкова. Кампазіцыя «Вечна жывыя». 1984.
У.​Мурахвер. Кампазіцыя «Песня». 1990.
Г.​Крамко. Дэкаратыўная кампазіцыя «Купалле». 1982.
Н.​Пілюзіна. Габелен «Летні дожджык». 1985.

т. 18, кн. 2, с. 663

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЫНАБУДАВАННЕ І МЕТАЛААПРАЦОЎКА

Як базавая галіна прамысловасці яна забяспечвае выпуск прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння і бытавой тэхнікі. Паводле агульнапрынятай класіфікацыі, вытворчыя аб’яднанні і прадпрыемствы галіны падзяляюць на 3 групы: машынабудаванне, прамысловасць металічных канструкцый і вырабаў, рамонт машын і абсталявання. На Беларусі гэтыя групы ўключаюць каля 30 галін, больш за 670 прадпрыемстваў з сярэднегадавой колькасцю прамыслова-вытворчага персаналу больш за 400 тыс. чалавек. Па ўдзельнай вазе ў валавой прадукцыі (22,2%), асноўных вытворчых фондах (28%), колькасці занятых (36,5%) гэты комплекс займае 1-е месца ў прамысловасці Беларусі (2002).

Машынабудаванне (група А) на Беларусі прадстаўлена 348 прадпрыемствамі 20 падгалін, вядучымі з якіх з’яўляюцца аўтамабільная прамысловасць, трактарнае і с.-г. машынабудаванне і навукаёмісты комплекс; уключае таксама электратэхнічную, станкабудаўнічую, падшыпнікавую і інструментальную прамысловасць, будаўніча-дарожнае і машынабудаванне для лёгкай і харчовай прамысловасці, вытворчасць санітарна-тэхн. і газавага абсталявання.

Як галіна прамысловасці машынабудаванне і металаапрацоўка пачала развівацца на Беларусі ў 2-й пал. 18 ст. Адной з першых у 1768 каля г. Маларыта была адкрыта мануфактура, дзе выраблялі катлы для вінакурэння і разнастайны гасп. інвентар. З 1780 на Вішнеўскім металургічным заводзе (Валожынскі р-н) выпускалі с.-г. прылады і рэчы хатняга ўжытку. У 1840-я г. адным з найбольшых быў металургічны завод у в. Старынка (Слаўгарадскі р-н). У 1873 у пас. Барань (Аршанскі р-н) пачаў працаваць драцяна-цвіковы завод Пазней пабудаваны заводы металаапрацоўчы ў Віцебску (1877), Кашарскі машынабудаўнічы і чыгуна-металургічны ў Мінску (1881), суднабудаўнічы ў Пінску (1884), чыгуналіцейны і машынабудаўнічы ў Лідзе (1901), механічны і машынарамонтны завод «Гігант» у Мінску (1907, з 1912 — з-д «Энергія»), чыгунамедналіцейны і механічны ў Магілёве (1915) і інш. Дзейнічалі майстэрні па рамонце паравозаў і вагонаў у Гомелі, Пінску, Баранавічах. У 1913 удзельная вага металаапрацоўчай вытворчасці ў цэнзавай прамысловасці Беларусі дасягнула 3,8%, на прадпрыемствах галіны працавала больш за 2,5 тыс. рабочых (6,6% ад усіх рабочых, занятых у прамысловасці).

Значнае развіццё машынабудаванне і металаапрацоўка атрымалі ў 1920—30-я г. У 1918 пачаў працаваць суднабудаўнічы завод у Гомелі, «Чырвоны металіст» у Віцебску (выпускаў с.-г. машыны). На адноўленым у Мінску заводзе «Энергія» ў 1926 зроблены доследны ўзор такарнага станка — першы бел. станок. На базе мінскіх чыгуналіцейнага і машынабудаўнічага заводаў «Метал», «Усход» і с.-г. майстэрні ў 1928 створаны машынабудаўнічы завод «Камунар» (з 1934 Мінскі станкабуд. завод імя Кірава), які вырабляў ціскі, свідравальныя станкі, каменедрабілкі, тачкі і інш. У 1928—30 пабудаваны Гомельскі завод с.-г. машынабудавання (Гомсельмаш), які выпускаў сіласарэзкі, сячкарні, бульбасартавальныя машыны, з 1934 — малатарні, сенакасілкі і інш. У 1928 на базе механічных і жалезаліцейных майстэрняў заснаваны чыгуна- і медналіцейны завод у Оршы (выпускаў вентылятары і запчасткі для с.-г. машын, з 1960 спецыялізуецца на выпуску плоскашліфавальных станкоў). У 1930-я г. значнымі цэнтрамі станкабудавання ў БССР сталі Мінск, Віцебск і Гомель. Пачаўся выпуск складаных с.-г. і тарфяных машын, абсталявання для буд. прамысловасці, электрарухавікоў. У 1940 у Мінску асвоены выраб радыёпрыёмнікаў на заводзе, перавезеным з Вільні. Выпуск прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі ў параўнанні з 1913 павялічыўся ў 58 разоў, удзельная вага гэтай галіны ў прамысловасці краіны ў 1940 дасягнула 15,2%, у т. л. машынабудавання 6,3%. У пачатку Вял. Айч. вайны частка машынабудаўнічых заводаў эвакуіравана на ўсход СССР, астатнія разбураны ў гады акупацыі.

У пасляваенныя гады адноўлены разбураныя прадпрыемствы, створаны новыя галіны: па вытворчасці грузавых аўтамабіляў, трактароў, веласіпедаў, падшыпнікаў і інш. У 1944 пачата будаўніцтва Мінскага аўтамабільнага завода, на якім у 1947 выраблены першы бел. аўтамабіль-самазвал — 6-тонны МАЗ-205; у 1945 — Мінскага мотавелазавода, які ў 1947 выпусціў першую партыю веласіпедаў; у 1946 — Мінскага трактарнага завода, які ў 1950 асвоіў выпуск тралёвачных трактароў; у 1948 — Мінскага падшыпнікавага завода, першая прадукцыя на якім атрымана ў 1951. Хуткаму асваенню і выпуску складанай прадукцыі спрыяла наяўнасць кваліфікаваных кадраў, стварэнне навуковай, навукова-канструктарскай і эксперым. базы. У 1950-я г. створаны новыя галіны машынабудавання — радыёпрамысловасць, прыладабудаванне, электратэхнічная і электронная прамысловасць, машынабудаванне для лёгкай і харч. прамысловасці. Пабудаваны Мінскі радыёзавод (з 1951 выпускаў радыёлы «Мінск—Р-7», з 1954 — тэлевізары «Беларусь», з 1968 — «Гарызонт», з 1969 — радыёпрыёмнікі «Акіян»), Аршанскі завод лёгкага машынабудавання (з 1953 выпускаў быт. швейныя машыны, пасля таксама тэхналагічнае абсталяванне для швейнай і трыкатажнай вытворчасці), мінскія заводы электратэхнічны (з 1956 электрашчыты, сілавыя трансфарматары, электрападстанцыі і інш.), гадзіннікавы (з 1956 ручныя жаночыя гадзіннікі «Зара», з 1963 мужчынскія «Прамень»), аўтаматычных ліній (з 1957 металарэзныя станкі, з 1959 аўтаматычныя лініі), электронных вылічальных машын (з 1960 лямпавыя ЭВМ «Мінск-1», з 1964 — «Мінск-2»), халадзільнікаў (з 1962 халадзільнікі «Мінск-1»), Беларускі аўтамабільны завод у Жодзіне (з 1958—25-тонныя аўтамабілі-самазвалы МАЗ-525, з 1961—27-тонныя БелАЗ-540) і інш.

У 1960—90-х г. паглыблялася спецыялізацыя прадпрыемстваў, нарастаў аб’ём вытворчасці прадукцыі, ішла рэканструкцыя і змена профілю многіх машынабудаўнічых заводаў. Перавага аддавалася паскоранаму развіццю маламеталаёмістых і працаёмкіх галін машынабудавання: электратэхнічнай і электроннай, радыёэлектроннай, прыладабудаванню, а таксама с.-г. і аўтамабільнаму машынабудаванню. Замацоўвалася вядучая роля Мінска як асн. цэнтра машынабудавання Беларусі. У гэты перыяд заводы будавалі і ў гарадах зах. абласцей — у Брэсце, Гродне, Лідзе, Лунінцы, Баранавічах, Пінску, Ваўкавыску, Смаргоні і інш. У металаапрацоўцы пашырыўся выраб металічных канструкцый, сантэхн. абсталявання, метызаў; створана база для рамонту аўтамабіляў, трактароў, лакаматываў, вагонаў, самалётаў, с.-г. машын, прылад і абсталявання. Колькасць прадпрыемстваў машынабудавання і металаапрацоўкі ў 1990 дасягнула 335, а ўдзельная вага галіны ў валавой прадукцыі краіны склала 34,2%.

У пач. 1990-х г. многія прадпрыемствы гэтай галіны мелі вельмі вялікія вытв. магутнасці, што дазваляла забяспечваць прадукцыяй уласныя патрэбы і большую яе частку вывозіць за межы рэспублікі. Значнае развіццё атрымалі навукаёмістыя і высокатэхналагічныя вытворчасці, прадукцыя якіх (у т. л. ваенная) карысталася значным попытам. Аднак выявілася і моцная залежнасць машынабудавання ад паставак асобных вузлоў, дэталей, запчастак з розных рэгіёнаў былога Саюза. У выніку распаду СССР гэтыя сувязі былі парушаны, што негатыўна адбілася на выпуску прадукцыі. Звузіўся і рынак пастаўкі вырабаў машынабудавання, што прывяло да рэзкага змяншэння аб’ёмаў вытворчасці і прастойвання вытворчых магутнасцей. Таму ў 1991—95 адбыўся спад вытворчасці ўсіх відаў прадукцыі машынабудавання. Паступовае павелічэнне яе аб’ёмаў пачалося з 1996, хоць узровень 1990 пакуль не дасягнуты (гл. табл.). Змяншэнне аб’ёмаў вытворчасці звязана не толькі са звужэннем рынку збыту, але і з недастатковай канкурэнтаздольнасцю значнай часткі прадукцыі айч. машынабудавання на сусветных рынках.

Пасля 1996 Мін-вам прамысловасці распрацаваны і ажыццяўляюцца шэраг праграм і навуковае забеспячэнне развіцця найважнейшых галін машынабудавання, у т. л. мікраэлектроннай, мед. тэхнікі, аўтатрактарабудавання, станкабудавання, радыёэлектронікі, тэлекамунікацый, прыладабудавання, кар’ернай тэхнікі і інш. Да прыярытэтных кірункаў развіцця машынабудавання ў краіне адносіцца стварэнне новых пакаленняў аўтамабільнай, дарожнай і спец. тэхнікі, аўтобусаў, трактароў, машын для лясной і камунальнай гаспадаркі; дызельных рухавікоў, адпаведных стандартам «Еўра-2» і «Еўра-3», збожжа- і кормаўборачных камбайнаў, сродкаў вымярэння і тэхн. дыягностыкі, сілавых трансфарматараў і электратэхн. матэрыялаў, тэлевізійных прыёмнікаў, мед. тэхнікі і інш.

Аўтамабільная прамысловасць складае 25,7% у аб’ёме валавой прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі, прадстаўлена 38 прадпрыемствамі. Галоўныя з іх: Мінскі, Беларускі (ВА «БелАЗ» у Жодзіне) і Магілёўскі аўтамаб. заводы, Мінскі завод колавых цягачоў. Працуе таксама шэраг спецыялізаваных заводаў, якія вырабляюць асобныя вузлы, дэталі, зап. часткі (Мінскі рысорны, баранавіцкія зап. частак і аўтаагрэгатны, аршанскі «Аўтадэталь», гродзенскія аўтамаб. агрэгатаў, механічны і «Аўтагідраўзмацняльнік», аўтатрактарнага абсталявання ў Барысаве і інш.). Наменклатура Мінскага аўтазавода ўключае больш за 150 мадэлей і мадыфікацый аўтамабіляў і больш як 30 мадэлей і мадыфікацый прычэпаў і паўпрычэпаў. Сярод іх аўтамабіль высокай праходнасці МАЗ-6317, цягач МАЗ-6425, трохвосевы самазвал МАЗ-55165, аўтапоезд для лясной прамысловасці ў складзе седлавога цягача МАЗ-64228 і трохвосевага паўпрычэпа МАЗ-99864 і інш. У 2001 Швейцарскі інстытут якасці SYS прызнаў сістэму якасці аўтамабіляў МАЗ адпаведнай міжнар. стандарту ISO-9001. На заводзе таксама асвоены выпуск аўтобусаў (1994) і тралейбусаў (2002). Беларускі аўтазавод выпускае кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю ад 30 да 220 т, для гарнаруднай і буд. прам-сці (у т. л. 130-тонны БелАЗ-75131), аўтапаязды з самазвальнымі прычэпамі, франтальныя пагрузчыкі, колавыя бульдозеры і аўтагрэйдэры, цягачы-эвакуатары і аэрадромныя цягачы, цяжкавозы для ўнутрызаводскіх перавозак тэхнал. грузаў, шлакавозы для металург. прадпрыемстваў і інш. Ствараюцца новыя мадэлі аўтамабіляў, ажыццяўляецца буйная мадэрнізацыя вытв. комплексу прадпрыемства. Заводу належыць да 30% сусветнага рынку кар’ернага транспарту. Магілёўскі аўтазавод з 1958 выпускае адна- і двухвосевыя цягачы, самаходныя скрэперы. Асн. яго прадукцыя — цягачы МаАЗ-6444, -6908, -64425, скрэперы МаАЗ-6014, -60145, -6007, бульдозеры МаАЗ-7914, -40486, самазвалы МаАЗ-27506, -7503, машыны для падземных работ, пагрузчыкі, аўтабетонамяшалкі. Тэхніка прадпрыемства пастаўляецца на экспарт. З 1991 як самаст. прадпрыемства працуе Мінскі завод колавых цягачоў, які выпускае седлавыя цягачы вял. магутнасці, бартавыя аўтамабілі, прычэпы да іх, аўтамабілі-самазвалы і аўтапаязды для перавозкі труб, колавыя шасі рознага прызначэння, у т. л. армейскія шматмэтавыя поўнапрывадныя шасі. У 2002 экспарт грузавых аўтамабіляў склаў 10 597 шт., з іх 9376 у краіны СНД (у т. л. 8431 у Расію), а 1221 у Ірак, Латвію, Літву, Кітай, Сірыю, Манголію і інш. Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод пачаў выпускаць веласіпеды з 1946, матацыклы з 1956. Зараз выпускае каля 50 мадэлей веласіпедаў і 8 мадэлей матацыклаў. Прадукцыя завода экспартуецца ў 15 краін. З 1990 завод «Купава» (Мінск) выпускае 20 мадэлей і 130 мадыфікацый прычэпаў і кузаваў для выязнога гандлю прамысл. і харч. таварамі.

Трактарнае і сельскагаспадарчае машынабудаванне — адна з найважнейшых галін машынабудавання Беларусі. Доля яе ў валавой прадукцыі машынабудавання складае 22,9%. На прадпрыемствах галіны вырабляецца больш за 300 найменняў машын і абсталявання для сельскай гаспадаркі і перапрацоўчых вытворчасцей. Вядучае прадпрыемства галіны, якое ўваходзіць у сямёрку найбуйнейшых вытворцаў трактарнай тэхнікі ў свеце — Мінскі трактарны завод. Ён выпускае больш за 50 мадэлей розных відаў тэхнікі і каля 100 мадыфікацый для розных кліматычных умоў. Найб. вядомыя маркі трактароў «Беларус-420», -320», -320А», -1221» магутнасцю 130 к.с., «Беларус-1523» — 150 к.с. Створаны і праходзяць выпрабаванні новыя мадэлі — «Беларус-2522» магутнасцю 250—280 к.с. і гусенічны «Беларус-1802» — 180 к.с. У іх канструкцыі — найноўшыя дасягненні сусветнага і айч. трактарабудавання. За гады існавання МТЗ выпусціў больш за 3 млн. трактароў, з іх больш як 500 тыс. на экспарт. Трактары маркі «Беларус» працуюць больш чым у 100 краінах свету, у т. л. ў ЗША, Германіі, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, Кітаі, Расіі.

Другое найбуйнейшае прадпрыемства галіны — ВА «Гомсельмаш». Яго прадукцыя — самаходныя кормаўборачныя камбайны КСК-100А, «Палессе-800», сеялкі дакладнага высеву «Палессе-12», плугі, касілкі-плюшчылкі, культыватары-акучвальнікі і інш. На прадпрыемстве вырабляюцца ўборачныя комплексы на базе універсальных энергасродкаў УЭС-250 і УЭС-2-250 (для збірання траў, кукурузы, збожжавых, зернебабовых, цукровых буракоў). Завод «Лідаграпраммаш» (да 1993 аўтарамонтны завод) выпускае сеялкі збожжавых, зернебабовых і травяных культур (маркі СПУ), мінеральных угнаенняў (СУ), агароднінныя (АГП, АТВ), дакладнага высеву (СТВ), бароны, плугі, касілкі, прэс-падборшчыкі. З 1997 ён выпускае збожжаўборачныя камбайны «Ліда-1300», з 1999 серыйна збожжаўборачныя камбайны CASI-525 на аснове супрацоўніцтва з міжнар. карпарацыяй (выраб с.-г. машын у Германіі, Нідэрландах, ЗША, Вялікабрытаніі). Прадукцыя пастаўляецца на экспарт. РУВП «Бабруйскаграмаш» вырабляе машыны для ўнясення вадкіх арганічных угнаенняў. Заводы с.-г. машынабудавання працуюць таксама ў Оршы, Бабруйску, Брэсце, Полацку, Пінску, Іванаве, Ляхавічах і інш. (вырабляюць машыны для ўнясення ўгнаенняў, плугі, збожжасушылкі, культыватары, абсталяванне для жывёлагадоўчых ферм і інш.).

Станкабудаўнічая і інструментальная прамысловасць — адна з важнейшых галін машынабудавання. У 2001 у валавой прадукцыі машынабудавання яна склала 3,8%. Мае 9 станкабудаўнічых, 4 інструментальныя, 2 заводы па выпуску тэхнал. аснасткі і абсталявання, 2 — па вытворчасці кавальска-прэсавага і ліцейнага абсталявання, заводы па вырабе ліцця і загатовак, 2 праектна-тэхнал. арганізацыі. Найбуйнейшыя з іх: мінскія станкабудаўнічыя з-ды імя Кастр. рэвалюцыі і імя Кірава, аўтаматычных ліній і інструментальны; віцебскія станкабудаўнічыя імя Камінтэрна і «ВІСТАН», заточных станкоў «ВіЗАС»; гомельскія станочных вузлоў, станкабудаўнічы, ліцейны і «Гідрапрывод»; Аршанскі станкабудаўнічы, Баранавіцкі аўтаматычных ліній, Кобрынскі інструментальны «Сітама», Ваўкавыскі ліцейнага абсталявання. Наменклатура галіны — 350 тыпапамераў металарэзных, 60 — дрэваапрацоўчых станкоў, 45 тыпапамераў кавальска-прэсавых машын. Найб. высокапрадукцыйныя і дасканалыя станкі: падоўжна-стругальныя, фрэзерныя, даўбёжныя, балансіровачныя, шматаперацыйныя, апрацоўчыя цэнтры, працяжныя, адразныя, для апрацоўкі оптыкі, зубаапрацоўчыя паўаўтаматы і аўтаматы для аўтам. ліній, шараапрацоўчыя, фрэзерна-свідравальна-расточныя з лікавым праграмным кіраваннем, такарныя з вертыкальным шпіндэлем і з лічбава-праграмным кіраваннем і інш. На экспарт пастаўляецца 40,4% прадукцыі галіны, у т. л. 36,4% у краіны СНД і 4% у краіны далёкага замежжа. Апошнім часам выпуск станкоў зменшыўся, што звязана са зніжэннем пакупной здольнасці прадпрыемстваў машынабудавання. На Беларусі распрацавана і выконваецца дзярж. мэтавая праграма «Станкабудаванне», накіраваная на развіццё станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці. Вядуцца распрацоўка і асваенне вытворчасці станкоў новых канструкцый, якія б адпавядалі сусветным аналагам.

Электратэхнічная прамысловасць дае 5,8% валавой прадукцыі машынабудавання краіны. Уключае больш за 100 прадпрыемстваў і вытворчасцей. Найб. значныя: заводы Мінскі электратэхнічны (РУП імя В.​І.​Казлова), Магілёўскі «Электрарухавік», Лідскі электравырабаў, Мазырскі і Гомельскі кабельныя, Шчучынскі «Аўтапровад», Брэсцкі электралямпавы, гомельскія «Электраапаратура», электратэхнічны, Лунінецкі «Палессеэлектрамаш», Маладзечанскае ВА «Электрамодуль». Прадукцыю электратэхн. прамысловасці выпускаюць таксама прадпрыемствы Баранавіч, Ваўкавыска, Віцебска, Паставаў, Новалукомля і інш. Асноўныя яе віды: электрарухавікі (пераважна асінхронныя для прадпрыемстваў айч. станкабудавання, лёгкай прамысловасці, для камплектавання быт. электравырабаў), трансфарматары, камплектныя трансфарматарныя падстанцыі, нізкавольтная апаратура, электрапрыборы для прамысловых і быт. мэт, электраправады і кабелі розных тыпаў і прызначэння, святлотэхнічнае абсталяванне (у т. л. энергаэканамічныя свяцільнікі з кампактнымі люмінесцэнтнымі лямпамі), электрычныя лямпы напальвання, паўправадніковыя вентылі і блокі, электравымяральныя прылады, акумулятары, пакетныя выключальнікі, магнітныя пускальнікі, электрапрасы, электрапліткі і інш.

Першыя на Беларусі электрычныя вырабы (лямпы напальвання) выпускаў у 1913—15 Альбярцінскі электралямпавы завод (каля Слоніма). Да Вял. Айч. вайны электратэхн. прадукцыю (пераважна электрарухавікі невял. магутнасці) выраблялі неспецыялізаваныя прадпрыемствы У 1940 іх выпушчана 7,7 тыс. агульнай магутнасцю 11,8 тыс. кВт. Прамысловы выраб электрарухавікоў пачаўся ў 1950 на Магілёўскім заводзе «Электрарухавік», сілавых трансфарматараў — у 1956 і камплектных трансфарматарных падстанцый — у 1957 на Мінскім электратэхнічным заводзе, кабельнай прадукцыі — у 1959 на Мазырскім кабельным заводзе (з 1974 у ВА «Беларуськабель»), лямпаў напальвання рознага прызначэння — у 1966 на Брэсцкім электралямпавым заводзе, паўправадніковых вентыляў — у 1970 на Маладзечанскім заводзе сілавых паўправадніковых вентыляў.

У 2001 выраблена электрарухавікоў пераменнага току 403 тыс. шт., сілавых трансфарматараў агульнай магутнасцю 2999 тыс. кВа, асвятляльных лямпаў 105 млн. шт., кабельных вырабаў па масе медзі 5 тыс. т. Прадукцыя галіны экспартуецца ў краіны СНД, Францыю, Польшчу, Літву, Латвію, Чэхію і інш. У 2001 экспартавана 76,8 млн. шт. асвятляльных лямпаў, 105,8 тыс. шт. трансфарматараў, 149,4 тыс. шт. электрарухавікоў і генератараў, 16,9 тыс. т ізаляваных правадоў.

Падгаліны навукаёмістага комплексу даюць каля 28% агульнага аб’ёму машынабудавання. Вырабляюць праграмна-тэхнічныя сродкі, ЭВМ агульнага карыстання, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, аптычныя і інш. прылады, сродкі сувязі, інтэгральныя мікрасхемы, тэлекамунікацыйную тэхніку і да т.п. Навукаёмістыя прадпрыемствы ўваходзяць у склад міждзяржаўных карпаратыўных структур. Напр., навукова-вытворчае аб’яднанне «Інтэграл», Дзярж. навукова-вытворчы канцэрн дакладнага машынабудавання «Планар», Бел. оптыка-механічнае аб’яднанне (БелОМА) у рамках сумесных навукова-тэхнічных праграм распрацоўваюць оптыка-механічнае і кантрольнае абсталяванне для вытворчасці звышвялікіх інтэгральных схем. РУП вылічальнай тэхнікі і інфарматыкі «БелВТІ» вырабляе праграмна-тэхн. сродкі, ЭВМ сям’і «Мінск», аўтаматычныя тэлефонныя станцыі; БелОМА — высокадакладныя оптыка-механічныя і оптыка-электронныя прыборы і сістэмы. ВА «Гарызонт» (г. Мінск) і ВА «Віцязь» (г. Віцебск) выпускаюць сучасныя канкурэнтаздольныя мадэлі тэлевізараў. Прыладабудаванне рэспублікі спецыялізуецца на выпуску прылад і кантрольна-вымяральнай апаратуры (у т. л. для вымярэння механічных, цеплавых і электрычных велічынь), гадзіннікаў, сродкаў вылічальнай тэхнікі, аналітычных, аптычных і інш. прылад, сродкаў аўтаматызацыі вытворчасці. Пачало развівацца ў 18 ст. (з Беражанскай гадзіннікавай мануфактуры), як галіна сфарміравалася ў 1950—60-я г. з уводам у дзеянне Гомельскага завода вымяральных прылад і інш. Разнастайныя прылады прамысловага, энергетычнага і быт. прызначэння выпускаюць заводы: Брэсцкі электрамеханічны, Віцебскі прыладабудаўнічы, Гродзенскі «Радыёпрылада», Магілёўскі «Электрарухавік», мінскія ВА вылічальнай тэхнікі, гадзіннікавы і прыладабудаўнічы, Віцебскае ВА «Электравымяральнік» і інш. Навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы вядуцца ў Мінскім н.-д. прыладабудаўнічым інстытуце. Значная частка прадукцыі экспартуецца ў Расію, Латвію, Літву, Польшчу і інш. Радыёпрамысловасць дае амаль палову прадукцыі прыладабудавання. Спецыялізавана на выпуску радыёпрыёмнікаў і тэлевізараў, абсталявання для радыёсувязі і тэлебачання, сродкаў радыё- і правадной сувязі, электронных узмацняльнікаў і інш. Першыя радыёпрыёмнікі на Беларусі выпушчаны ў Мінску ў 1940 на радыёзаводзе (засн. на базе завода «Дрэваапрацоўшчык», з 1950-х г. Мінскі прыборабудаўнічы завод, выпускаў радыёлу «Мінск Р-7», з 1992 Бел. вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі — БелВАР). З 1951 працуе 2-і радыёзавод, які ў 1959 выпусціў першы ў СССР транзістарны радыёпрыёмнік «Мінск-Т» (з 1997 Мінскае прадпрыемства «Завод «Гарызонт»). У краіне працуе больш за 50 прадпрыемстваў радыёпрамысловасці: Гродзенскае ВА «Хваля» (аўтамагнітолы, адна- і шматканальныя радыёстанцыі, радыёпрыёмнікі, тэлевізары), Гомельскае ВА «Карал», радыёзавод «Спадарожнік» у г. Маладзечна (стэрэамагнітолы, радыёпрыёмнікі для аўтамабіляў), завод «Зеніт» у Магілёве (тэлевізійная апаратура і інш.), Віцебскае ВА «Віцязь» (тэлевізары і інш. прадукцыя). Каля 62% вытворчасці тэлевізараў пастаўлена на экспарт, пераважна ў Расію (2002).

Падшыпнікавая прамысловасць вырабляе 1,3% прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі. Дзейнічаюць заводы Мінскі падшыпнікавы (пабудаваны ў 1948—51, выпускае шарыкавыя падшыпнікі — радыяльныя аднарадныя, радыяльна-ўпорныя аднарадныя і шматрадныя, ролікавыя радыяльныя, сферычныя двухрадныя, ігольчастыя ролікавыя, шарнірныя і інш.) і Гомельскі падшыпнікавы (з 1949 выпускае падшыпнікавы і шарыкі да іх, з 1954 — веласіпедныя падшыпнікі). Выпуск падшыпнікаў качэння (млн. шт.): 68,1 у 1960, 101,3 у 1970, 148,0 у 1980, 148 у 1990, 30 у 2003. Прадукцыя выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, трактарах, станках, пракатных станах, турбабурах і інш.; экспартуецца ў Расію, Украіну, ЗША, Польшчу, Балгарыю і інш.

Будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне вырабляе 2,4% прадукцыі галіны. Працуе больш за 30 прадпрыемстваў, якія выпускаюць ліфты пасажырскія, бульдозеры, скрэперы, экскаватары, пагрузчыкі, снегаачышчальнікі, іншую дарожнабудаўнічую і меліярацыйную тэхніку, машыны і абсталяванне для камунальнай гаспадаркі, прамысловасці буд. матэрыялаў і тарфяной. Найбольшыя прадпрыемствы: заводы «Ударнік» ААТ «Амкадор», магілёўскія «Строммашына» і ліфтабудаўнічы, Мазырскі меліярацыйных машын, Ваўкавыскі дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, Беларускі экскаватарны (у г.п. Коханава Віцебскай вобл.), ВА «Белкамунмаш» і «Будмаш» у Мінску і інш. Выпуск асн. прадукцыі: у 1990—226 бульдозераў, 1847 скрэпераў, 149 экскаватараў, 14 тыс. ліфтаў; у 2002 адпаведна 31, 55, 38, 3,1 тыс. Прадукцыя пастаўляецца ў Расію, Украіну, ЗША, Балгарыю, Латвію, Літву, Польшчу, Турцыю і інш.

Машынабудаванне для лёгкай і харчовай прамысловасці і бытавых прылад дае 8,5% прадукцыі асноўнай галіны. Спецыялізавана на выпуску тэхналагічнага абсталявання і запчастак для лёгкай і харч. прамысловасці, прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, быт. прылад (халадзільнікаў, пральных, швейных і пасудамыйных машын, электрапыласосаў і інш.).

Развіццё галіны пачалося з 18 ст. У 1768 пачала дзейнічаць Маларыцкая металургічная мануфактура, на якой рабілі катлы для вінакурняў, малаткі і інш. У 1828—1914 Альбярцінскі чыгуналіцейны завод (каля Слоніма) вырабляў посуд для вінакурняў і піваварняў, абсталяванне для млыноў і крупадзёрак і інш. З 1881 Кашарскі машынабуд. і чыгуна-медналіцейны заводы ў Мінску выпускалі абсталяванне для вінакурнай, крухмальнай і мукамольнай прамысловасці. У 1920—30-я г. Мінскі завод «Энергія» асвоіў вытворчасць станкоў для тэкстыльнай і абутковай прамысловасці. У пасляваенны час створаны спецыялізаваныя заводы: швейных машын у Оршы (1952, з 1968 завод лёгкага машынабудавання), быт. халадзільнікаў у Мінску (1959), пасудамыйных машын у Гродне (1963), гандлёвага машынабудавання ў Баранавічах (1964, машыны для перапрацоўкі мяса, цеста, гародніны).

Абсталяванне і запчасткі для лёгкай прамысловасці выпускаюць: спецыялізаванае ВА «Прамшвеймаш» у Оршы, прадпрыемствы ў Мінску, Баранавічах, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Лідзе; часткова мінскія трактарны завод і механічны імя С.​І.​Вавілава; для гандлю і грамадскага харчавання — завод гандлёвага машынабудавання ў Гродне, «Прадмаш» у Мінску, Бел. ВА гандлёвага машынабудавання «Беларусьгандальмаш» у Баранавічах, навукова-вытворчае прадпрыемства «Тэхмаш» у Брэсце і інш.; быт. машыны і прылады — АТ «Атлант» у Мінску (халадзільнікі і маразільнікі), Бел. вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі «БелВАР» у Мінску (электрабыт. прылады), АТ «Брэстгазаапарат» (газавыя пліты, паветраачышчальнікі), Брэсцкі электрамеханічны завод (электра- і радыёапаратура, персанальныя камп’ютэры і інш.), Гомельскі завод «Электраапаратура» (электрапліткі, смажыльныя шафы, электраміксеры, разеткі і інш.), Мінскі «Тэрмапласт» (электраміксеры), авіярамонтнае прадпрыемства ў Баранавічах (пыласосы). Значная частка прадукцыі галіны ідзе на экспарт, напр., у 2002 экспарт халадзільнікаў і маразільнікаў склаў 721,3 тыс. шт., з іх 75,5% пастаўлена ў Расію, астатнія ў Германію, Францыю, Італію, Літву і інш. краіны.

Прамысловасць металічных канструкцый і вырабаў (група Б), рамонт машын і абсталявання (В) даюць каля 12% аб’ёму вытворчасці ўсёй галіны. Сектар металаканструкцый і вырабаў аб’ядноўвае больш за 400 прадпрыемстваў і вытворчасцей, спецыялізаваных на выпуску буд. канструкцый, с.-г. і агародніцкага інвентару, металічнай трансп. тары і фізкультурна-спарт. інвентару і інш. Найбольшыя прадпрыемствы — заводы тэхналагічных металаканструкцый у Магілёве і Мінску, лёгкіх металаканструкцый у Маладзечне, Аршанскі доследна-механічны завод «Металіст», Мазырскі завод мантажных загатовак, Клімавіцкі завод металавырабаў.

Рамонт машын і абсталявання вядуць больш за 3,8 тыс. прадпрыемстваў і вытворчасцей. Працуюць пераважна сярэднія і невялікія прадпрыемствы па рамонце грузавых і легкавых аўтамабіляў, трактароў і с.-г. машын. Яны размешчаны пераважна ў малых гарадах і пасёлках гар. тыпу. Ажыццяўляюць таксама рамонт металарэзных і дрэваапрацоўчых станкоў, кавальска-прэсавага і ліцейнага абсталявання, рухомага саставу чыгунак, суднаў, буд. і дарожных машын, трамваяў, вагонаў метро і тралейбусаў, грамадзянскіх самалётаў, верталётаў і авіяцыйных рухавікоў, сродкаў вылічальнай тэхнікі, прылад і металавырабаў. Найбуйнейшыя прадпрыемствы — Іванаўскае міжраённае аб’яднанне Дзяржкамсельгастэхніка, Аршанскі трактарарамонтны завод, Дзяржынскі завод «Рамдэталь», аўтарамонтныя заводы ў Лідзе, Полацку, Гарадку, Лепелі, Вілейцы, Кобрыне, Магілёве, экскаватарарамонтны ў Пінску.

Суднабудаванне на Беларусі спецыялізавана на выпуску і рамонце рачных суднаў, несамаходных баржаў, земснарадаў, маторных лодак і інш.

Першае прадпрыемства па будаванні байдарак і яхтаў з’явілася ў 1785 — Крычаўская суднаверф. У 1884 пабудаваны параходабудаўнічы завод у Пінску (з 1939 суднарамонтны, з 1961 суднабудаўніча-суднарамонтны завод), у 1918 — Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, у 1925 — суднарамонтныя майстэрні ў Бабруйску (у 1939 рэканструяваны ў суднарамонтны завод), у 1929 — Петрыкаўская суднабудаўнічая верф (у 1974 рэканструявана ў суднабудаўніча-суднарамонтны завод). У 1920—30-я г. суднарамонтныя майстэрні пабудаваны ў Магілёве і Мазыры, верфі драўлянага суднабудавання — у Рэчыцы, Барысаве, Нароўлі.

У 1960—90-я г. суднабудаўнічыя прадпрыемствы Беларусі выпускалі буксірныя і грузавыя цеплаходы, карпусы суднаў тыпу «рака—мора», пасажырскія судны розных мадыфікацый, у т. л. на падводных крылах («Палессе»), несамаходныя баржы, грэйферныя земснарады, брандвахты і інш. У апошні час (2002) Рэчыцкі завод выпускае карпусы грунтаадвазных баржаў унутранага плавання, Гомельскі завод — велікагрузны цеплаход тыпу «рака—мора», астатнія рамантуюць самаходныя і несамаходныя рачныя судны. Пра выпуск асобных відаў прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі гл. табл.

Літ.:

Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963;

Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;

Лис А.Г. Проблемы развития и размещения производительных сил Белоруссии. Мн., 1972;

Филатов И.Г. Экономика машиностроения Белорусской ССР. Мн., 1976;

Рогач П.И., Сосновский В.Н. Размещение производительных сил. Мн., 2000, Промышленность Республики Беларусь. Мн., 2003.

П.​І.​Рогач.


Вытворчасць асноўных відаў прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі ў Рэспубліцы Беларусь
Віды прадукцыі 1940 1950 1960 1970 1980 1990 1995 2000 2003
Аўтамабілі грузавыя, тыс. шт. — 2,4 18,7 29,8 40,1 42 12,9 14,7 18,1
Трактары, тыс. шт. — 0,036 34,2 80,3 89,6 100,7 28 22,5 26,7
Металарэзныя станкі, тыс. шт. 6 4,8 16,8 27,6 31,2 15,5 4,7 5,4 5,2
Трансфарматары сілавыя, тыс. кВА — — 903 4636 7387 6204 2493 2173 4677
Газавыя пліты, тыс. шт. — — 35,9 287,3 351 535,2 359 465 538,2
Аўтобусы, шт. — — — — — 999 62 914 499
Матацыклы, тыс. шт. — — 101,4 152,4 217 225 42 37 33
Веласіпеды, тыс. шт. — 70 286,6 519,7 695 846 271 586 773
Тэлевізары, тыс. шт. — — 103,2 634,8 552 1302 250 532 690
Радыёпрыёмныя ўстройствы, тыс. шт. 0,4 46,3 118,6 423,6 499 979 277 101 33
Гадзіннікі бытавыя, млн. шт. — — 0,9 3,4 7,3 13,4 6,6 5,6 2,7
Халадзільнікі і маразільнікі, тыс. шт. — — — 216,5 614 728 746 812 886
Электрарухавікі магутнасцю ад 0,25 да 100 кВт, тыс. кВт 11,8 13,2 342,1 1558 3150 3315 500 800 800
Камбайны кормаўборачныя, тыс. шт. — — 15 34 39,3 9,5 1,1 0,3 0,1
Персанальныя ЭВМ, тыс. шт. — — — — — — 12,9 15 26,3
Фотаапараты, тыс. шт. — — 297,2 535,9 1412 885 34 3 —
Пральныя машыны, тыс. шт. — — — — — 33,1 36,9 88,1 63,3
Швейныя машыны, тыс. шт. — — — — — 4,6 18,5 7,9 1,5
РУВП «Беларускі аўтамабільны завод». Цэх галоўнага канвеера.
Галоўны зборачны канвеер Мінскага аўтамабільнага завода (ВА «БелаўтаМАЗ»).
Эксперыментальны цэх Галаўнога спецыялізаванага канструктарскага бюро па збожжа- і кормаўборачнай тэхніцы ВА «Гомсельмаш».
Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Мінскі трактарны завод»: 1 — галоўны зборачны канвеер; 2 — корпус цэха аддзелкі і афарбоўкі трактароў.
ВА «Гарызонт». Участак тэхналагічнай зборкі тэлевізараў.
Мінскі завод халадзільнікаў ВА «Атлант». Зборачны цэх.

т. 18, кн. 2, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАБЫТ НАРОДА

Валавы ўнутраны прадукт. Эканамічнай базай узроўню жыцця насельніцтва з’яўляецца аб’ём і рост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) краіны ў разліку на душу насельніцтва, а таксама прапорцыі яго выкарыстання на спажыванне і накапленне. Як ключавы паказчык сістэмы нац. рахункаў ВУП характарызуе кошт тавараў і паслуг, вырабленых у краіне ва ўсіх галінах эканомікі і прызначаных для канечнага спажывання, накаплення і чыстага экспарту.

Да 1995 у Рэспубліцы Беларусь адзначаўся эканам. спад, аб’ём ВУП за 1990—95 знізіўся на 35%. У 1995 спад склаў 10,4%, а з 1996 пачаўся яго рост (102,8% да ўзроўню 1995). У 2003 аб’ём ВУП склаў 35,9 трлн. руб., у т. л. вытворчасць тавараў 14,5 трлн. руб., вытворчасць паслуг 16,6 трлн. руб. У параўнанні з 1994 у супастаўных цэнах ён павялічыўся на 33,4%, а ў разліку на душу насельніцтва — на 37,6%.

Агульныя расходы на канчатковае спажыванне ў 2003 склалі 29,3 трлн. руб., або 80,0% ад яго агульнага аб’ёму. Расходы на канчатковае спажыванне дамашніх гаспадарак вызначаліся ў памеры 20,8 трлн. руб., што складала 57,2%, у той час як у 2001 гэтая доля складала 55,9%, у 1995—56% і ў 1990—44,5%. Доля сродкаў кансалідаванага бюджэту Рэспублікі Беларусь, што расходавалася на сац.-культ. мерапрыемствы, на працягу апошніх 10 гадоў не змяншалася, а павялічвалася. Калі ў 1990 такія расходы складалі 10,3% ВУП і 31,1% агульных расходаў бюджэту, то ў 2002 яны складалі адпаведна 14,2% і 41,8%. Прыярытэтнымі былі расходы на адукацыю, ахову здароўя, фізкультуру і спорт, якія ў апошнія 6 гадоў складалі больш за 11% ад ВУП. Павялічваецца ўдзельная вага сац. трансфертаў (пенсіі, дапамогі, стыпендыі). Мінімальны спажывецкі бюджэт (у разліку на душу насельніцтва ў месяц) у 2003 склаў 168,3 тыс. руб., а бюджэт пражытачнага мінімуму — 105,3 тыс. руб.

Даходы насельніцтва. Паводле афіц. статыстыкі сярэднямесячная заработная плата на Беларусі (асноўная крыніца даходаў насельніцтва) з 1917 па 1941 вырасла больш як у 7 разоў. За 1940—76 яе абсалютны памер (у супастаўных цэнах сярэдзіны 1970-х г.) павялічыўся з 28,6 да 134,5 руб.

На сучасным этапе даходы насельніцтва Беларусі складаюцца, акрамя заработнай платы, таксама з прыбытку і працэнтаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці і капіталаўкладанняў, арэнднай платы, функцыянавання асабістай дапаможнай гаспадаркі, розных дзярж. выплат (пераважна пенсіённых). Пасля рэзкага паніжэння даходаў бел. насельніцтва ў 1-й пал. 1990-х г., яны пачалі павялічвацца і ў 2003, паводле афіц. статыстыкі, перавысілі ўзровень 1990 на 59%. Але паводле даных сацыялаг. даследаванняў даходы насельніцтва з канца 1980-х г. паменшыліся на Беларусі ў 2—3 разы. У доларавым эквіваленце сярэдняя велічыня даходаў насельніцтва ў 1990—2001 паменшылася з 316 да 105 дол. ЗША, а да канца 2004 павінна скласці 175 дол. Аднак сярэднія паказчыкі не адлюстроўваюць усёй рэальнай карціны дынамікі даходаў насельніцтва, бо існуе глыбокая сац. дыферэнцыяцыя жыхароў Беларусі паводле ўзроўню і структуры даходаў у залежнасці ад сац.-стратыфікацыйных і тэр.-пасяленчых прыкмет. У 2003 самы высокі ўзровень заработнай платы зафіксаваны ў сферы банкаўскай дзейнасці (487,5 тыс. руб., што складае 194,5% ад сярэдняй заработнай платы), у органах кіравання (374,3 тыс. руб., у 1,5 раза больш за сярэднюю), а сярод галін матэрыяльнай вытв-сці — у прам-сці (110,4%). Самы нізкі ўзровень зарплаты ў сац.-культ. галінах і сельскай гаспадарцы, дзе ў 2003 узровень зарплаты ў сельскай гаспадарцы склаў 55,7% ад сярэдняй зарплаты па краіне, у адукацыі — 85,8%, у ахове здароўя, сац. забеспячэнні — 89,3%. У Мінску большы за сярэднерэсп. паказчыкі даход мелі 25,4% насельніцтва, а ў Брэсцкай і Магілёўскай абл. — меншы за сярэднерэсп. даход — адпаведна 88,3 і 87,9% насельніцтва. На працягу 2001—03 у Беларусі склалася ўстойлівая тэндэнцыя да павелічэння рэальных грашовых даходаў. За гэты перыяд яны выраслі на 44%, зарплата павялічылася больш чым у 4 разы, а яе пакупная здольнасць — на 18,5%. Калі ў пач. гэтага перыяду суадносіны мінімальнай зарплаты і бюджэту пражытачнага мінімуму складалі 17%, то на 1.10.2004—69%.

Рэзкае зніжэнне ў 1990-я г. рэальнага ўзроўню заработнай платы пры шматразовым павелічэнні яе намінальнага ўзроўню прывяло да абясцэньвання долі аплаты працы ў сукупным даходзе работнікаў і да значнага зніжэння эфектыўнасці асн. функцый зарплаты. У самы пік эканам. крызісу на Беларусі (1994) тэмпы росту заработнай платы складалі толькі 69,1% ад тэмпаў росту спажывецкіх цэн. Прынятыя ўрадам захады дазволілі давесці гэты паказчык у 1996 да 105%, у 2003 — да 149%. Паказчыкам зніжэння ўзнаўленчай функцыі зарплаты з’яўляюцца яе суадносіны з пражытачным узроўнем. З 1990 да 2002 яны скараціліся на Беларусі больш чым удвая: у 1990 за сярэднюю зарплату можна было набыць 5 набораў пражытачнага мінімуму, а ў 2002—2,4 такога набору. Найбольш рэльефны паказчык зніжэння ўзнаўленчай функцыі зарплаты — суадносіны мінімальнай заработнай платы з пражытачным мінімумам, які існуе ў краіне. Калі ў 1990 колькасць мінімальных зарплат, неабходных для набыцця набору тавараў пражытачнага мінімуму складала 0,85, то ў 1999—11,6. З 2000 назіралася тэндэнцыя да зніжэння гэтага паказчыка: 10,3 у 2000, 4 у 2001, 2,8 у 2002, 1,94 у 2003. Нізкі ўзровень дзярж. гарантый мінімальнай заработнай платы, тарыфнай стаўкі 1-га разраду і пабудаванай на яе аснове Адзінай тарыфнай сеткі абумоўліваюць зніжэнне эфектыўнасці ўзнаўленчай функцыі зарплаты і нізкі ўзровень даходаў, вял. маштабы беднасці. Да бедных адносяцца сем’і, узровень рэсурсаў якіх у разліку на члена сям’і аказваецца ніжэйшым за бюджэт пражытачнага мінімуму (105,3 тыс. руб. у 2003). У 1995 да іх адносілася 3914,4 тыс. чал. (38,4% ад агульнай колькасці насельніцтва Беларусі), у 1999—4686,4 тыс. чал. (46,7%), у 2002—3021,1 тыс. чал. (30,5%), у 2003—2677,4 тыс. чал. (27,1%). Т.ч., за 1999—2003 колькасць бедных людзей на Беларусі знізілася з 4,7 да 2,7 млн. чал.

Адначасова са зменай узроўню даходаў насельніцтва істотна мяняецца іх структура. За перыяд з 1990 да 2003 доля аплаты працы рабочых, сялян і служачых у агульнай структуры даходаў насельніцтва знізілася з 73,1 да 46,9%, доля сац. трансфертаў (пенсій, стыпендый, дапамог на дзяцей, па беспрацоўі і інш.) змянілася нязначна (з 16,2 да 17,7%), доля даходаў ад уласнасці нязначна знізілася, а доля даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці вырасла з 8,3 да 33,9% — у 4 разы.

У структуры спажывецкіх расходаў насельніцтва Беларусі ў 2003 амаль палова (48%) прыпадала на пакупку прадуктаў харчавання. Чым бяднейшая сям’я (і ў цэлым насельніцтва), тым большая доля сродкаў затрачваецца на харчы. Другой па памеры часткай выдаткаў у 2003 з’яўляліся затраты на жыллёва-камунальныя паслугі (11,1%), трэцяй — на набыццё адзення і абутку (9,1%). Доля выдаткаў на ахову здароўя складала каля 3%, на адукацыю, адпачынак і культуру — 3,8%, на транспарт — 9,8%. У 2000—2003 рост цэн на куплю тавараў адставаў ад росту кошту жыллёва-камунальных паслуг, у выніку чаго ўдзельная вага аплаты гэтых паслуг у спажывецкіх выдатках вырасла за 1998—2003 з 3,6 да 11,1%, больш чым у 3 разы.

Праграма сац.-эканам. развіцця Беларусі на 2000—2005 прадугледжвае павелічэнне сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў нар. гаспадаркі да ўзроўню, эквівалентнага 250 дол. ЗША. У выніку доля заработнай платы ў даходах насельніцтва павінна павялічыцца і скласці да 2005 не менш за 60%. Прадугледжваецца таксама да 2005 давесці ўзровень пенсій да 48% ад сярэдняй заработнай платы.

Я.​М.​Бабосаў.

Жыллёвае будаўніцтва. Будаўніцтва жылля на Беларусі спрадвеку было асабістай справай прыватных асоб. З ростам гарадоў і развіццём капіталізму сталі пашырацца прыватныя падрадныя буд. арг-цыі, якія задавольвалі жыллёвыя патрэбы пераважна заможных пластоў грамадства. З іх дапамогай прадпрымальнікі і некаторыя дзярж. ведамствы (асабліва чыгунка) будавалі службовае жыллё для сваіх рабочых і служачых. З пашырэннем такога віду прадпрымальніцтва, як здача ў наём добраўпарадкаванага жылля (пераважна буржуазіі, чыноўнікам, інтэлігенцыі), у буйных гарадах (найперш у Мінску) будаваліся шматкватэрныя так званыя даходныя дамы. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 усе буйныя прыватныя домаўладанні нацыяналізаваны, спынілі дзейнасць прыватныя буд. арг-цыі. Да 1941 у БССР пабудавана жылля агульнай (карыснай) плошчай 12,1 млн. м², з іх 1,7 млн. м² — дзярж. і кааператыўнымі прадпрыемствамі, 1,1 млн. м² рабочымі і служачымі, 9,3 млн. м² калгасамі, калгаснікамі і сельскай інтэлігенцыяй. Жыллёвы фонд гарадоў і гар. пасёлкаў у параўнанні з 1913 павялічыўся больш чым у 3 разы. У першыя пасляваенныя гады жыллёвае буд-ва было накіравана пераважна на аднаўленне разбуранага вайной жыллёвага фонду. З канца 1950-х г. пачалося масавае буд-ва добраўпарадкаванага жылля для працоўных за кошт дзярж. і кааператыўных сродкаў.

Да пач. 1990-х г. увод новага жылля меў штогадовы ўстойлівы прырост на 3—5% і ў 1991 склаў 5392 тыс. м². Стратэгія жыллёвага буд-ва прадугледжвала забеспячэнне кожнай сям’і асобнай кватэрай (індывідуальным домам). З канца 1980 — пач. 90-х г. у жыллёвай сферы адбываліся кардынальныя пераўтварэнні: рэфармаваліся жыллёвыя адносіны, прыватызаваліся дзярж. і грамадскі жыллёвыя фонды, развіваўся рынак жылля. У буд-ве жылля разам з дзярж. пачалі ўдзельнічаць прыватныя буд. прадпрыемствы. Новая жыллёвая палітыка, адлюстраваная ў Нацыянальнай жыллёвай праграме (1994), прадугледжвала пераход ад дзярж. фінансавання жыллёвага буд-ва да выкарыстання сродкаў з пазабюджэтных крыніц, найперш сродкаў насельніцтва. Агульны эканам. крызіс у краіне і неўрэгуляванасць новых рыначных механізмаў абумовілі рэзкае зніжэнне аб’ёму і тэмпаў жыллёвага буд-ва (у 1995 — толькі 36,6% ад аб’ёму ўводу 1990).

У выніку прынятых захадаў, у т. л. заканадаўчых, з 1996 пачаўся зрух у пазітыўным кірунку, хоць гэты працэс быў няўстойлівы: гадавыя тэмпы росту аб’ёмаў жыллёвага буд-ва на 30% і больш чаргаваліся з іх паніжэннем на 15—20% (гл. табл. 1). У 1999 прыняты Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь, які накіраваны на рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян у забеспячэнні жыллём і яго даступнасці для ўсіх груп і слаёў насельніцтва. У 2001—03 аб’ёмы ўводу жылля стабілізаваліся на ўзроўні 3,3—3,5 млн. м² агульнай плошчы ў год. У 2004—05 штогадовы ўвод жылля прадугледжваецца ў аб’ёме 3,5—4 млн. м², а сярэдняя забяспечанасць жыллём на 1 жыхара дасягне 23 м² агульнай плошчы.

Аказваецца розная дапамога і падтрымка сем’ям, якія будуюць жыллё з выкарыстаннем сваіх зберажэнняў. Паводле паказчыка ўводу жылля на душу насельніцтва Беларусь лідзіруе сярод усіх краін СНД і многіх развітых краін свету. Павышаюцца патрабаванні да спажывецкіх і эксплуатацыйных якасцей жыллёвых памяшканняў, якія будуюцца ці падвяргаюцца мадэрнізацыі і капітальнаму рамонту. Вял. ўвага аддаецца жыллёваму буд-ву ў сельскай мясцовасці, дзе ўводзіцца 30% і болей ад агульнага аб’ёму ўводу жылля); прадугледжваецца, каб у кожнай гаспадарцы будавалася ў сярэднім не менш як 5 жылых дамоў штогод.

Бытавое абслугоўванне. У 19 — пач. 20 ст. быт. паслугі насельніцтву аказвалі рамеснікі-адзіночкі і невял. майстэрні. У 1925 у БССР праведзена рэгістрацыя т-ваў рамеснікаў і на іх аснове створана сетка прадпрыемстваў быт. абслугоўвання насельніцтва. Як галіна нар. гаспадаркі Беларусі быт. абслугоўванне аформілася ў 1953, калі ў складае «Белпрамсавета» быў утвораны аддзел быт. абслугоўвання насельніцтва. У 1965 створана Гал. ўпраўленне быт. абслугоўвання насельніцтва СМ БССР, а пры аблвыканкомах і Мінгарвыканкоме — адпаведныя ўпраўленні. 13.8.1966 Гал. ўпраўленне пераўтворана ў Мін-ва быт. абслугоўвання насельніцтва БССР. У ліст. 1990 замест яго створана Бел. гасп. асацыяцыя прадпрыемстваў быт. абслугоўвання насельніцтва «Белбытсэрвіс», якая ў 1991 перайменавана ў Бел. рэсп. саюз прадпрыемстваў быт. абслугоўвання насельніцтва «Белбытсаюз» (на правах грамадскай арг-цыі). На яго базе ў 2000 створана Бел. дзярж. аб’яднанне арг-цый быт. абслугоўвання насельніцтва (Дзярж. аб’яднанне «Белбыт»).

Матэрыяльна-тэхн. базу галіны складаюць спецыялізаваныя вытв. аб’яднанні і прадпрыемствы, раённыя і гар. камбінаты быт. абслугоўвання, у склад якіх уваходзяць дамы быту і сельскія комплексныя прыёмныя пункты. Удзельная вага прыватных прадпрыемстваў у сферы быт. абслугоўвання насельніцтва на 2004 складала больш за 70% ад агульнай колькасці. На долю быт. абслугоўвання насельніцтва прыпадала: у 1995—19,6%, у 2000—18,4%, у 2002—15%, у 2003—11,8% ад агульнага аб’ёму платных паслуг. Прадпрыемствы быт. абслугоўвання аказваюць паслугі па рамонце і пашыву абутку, швейных, футравых і скураных вырабаў, галаўных убораў і вырабаў тэкстыльнай, скураной галантарэі, рамонце, пашыве і вязанні трыкатажных вырабаў, рамонце і тэхн. абслугоўванні быт. радыёэлектроннай апаратуры, машын і прыбораў, рамонце і вырабе металапрадукцыі, тэхн. абслугоўванні і рамонце аўтатрансп. сродкаў, рамонце і вырабе мэблі, рамонце і буд-ве жылля і інш. пабудоў. Сфера быт. абслугоўвання насельніцтва ўключае таксама паслугі пральняў, цырульняў і касметычных салонаў, фотаатэлье і фотакіналабараторый, лазняў і душавых (саун, салярыяў), прадпрыемстваў па пракаце, трансп.-экспедытарскія, рытуальныя і інш. віды паслуг вытв. і невытв. характару (газіфікацыя дамоў індывід. сектара, перапрацоўка с.-г. прадукцыі па заказах грамадзян і інш.). Матэрыяльна-тэхн. базу галіны складаюць спецыялізаваныя вытв. аб’яднанні і прадпрыемствы, раённыя і гар. камбінаты быт. абслугоўвання, у склад якіх уваходзяць дамы быту і сельскія комплексныя прыёмныя пункты.

У Агульнадзярж. класіфікатары Рэспублікі Беларусь «Паслугі насельніцтву» да быт. паслуг аднесена больш за 600 відаў дзейнасці. Гэтыя паслугі выконваюць больш за 20 тыс. аб’ектаў, на якіх занята больш за 100 тыс. працуючых (у 1980—104,8 тыс., у 1990—131,5 тыс., у 1998—62,2 тыс.). Пераважаюць малыя і сярэднія прадпрыемствы, якія гібка рэагуюць на рыначную кан’юнктуру. Аб’ём рэалізацыі быт. паслуг насельніцтву за 1991—95 скараціўся на 73,2% (у сельскай мясцовасці — на 83,9%). Да 2001 ён вырас у 1,5 раза і склаў 40,4% ад узроўню 1990 (у сельскай мясцовасці — 17,5%). Пра структуру быт. паслуг насельніцтву Беларусі ў 1995—2003 гл. ў табл. 2.

Жыллёва-камунальная гаспадарка (ЖКГ) структурна падзяляецца на 2 асн. падгаліны — жыллёвую гаспадарку (пярвічнае звяно — жыллёва-эксплуатацыйная служба) і камунальную гаспадарку. Вышэйшы рэсп. орган кіравання ЖКГ — Міністэрства ЖКГ Рэспублікі Беларусь. Мэтай жыллёвай палітыкі бел. дзяржавы з’яўляецца паляпшэнне жыллёвых умоў грамадзян, павышэнне спажывецкіх і эксплуатацыйных якасцей жылых памяшканняў і ўзроўню добраўпарадкавання жыллёвага фонду, забеспячэнне даступнымі паслугамі ЖКГ усіх груп і слаёў насельніцтва (асноўныя вынікі дзейнасці ў гэтым кірунку па стане на 2003 адлюстраваны ў табл. 3). Асаблівая ўвага аддаецца паляпшэнню стану камунальнага забеспячэння ў сельскай мясцовасці, дзе ўзровень добраўпарадкавання жыллёвага фонду значна ніжэйшы за гарадскі і больш за палову жылых дамоў маюць пячное ацяпленне. Эканам. крызіс канца 1980 — пач. 90-х г. негатыўна адбіўся на стане ЖКГ: больш чым у 2 разы знізіліся аб’ёмы капітальнага рамонту жыллёвага фонду і камунальных сетак, павялічыўся знос асн. фондаў (35,2% на канец 2003); 20% цеплавых сетак ужо выпрацавалі свой амартызацыйны тэрмін; у галіне эксплуатуецца ўстарэлае абсталяванне з нізкім КПД.

У апошнія гады праводзіцца работа па пераадольванні гэтых негатыўных з’яў, паляпшэнні стану камунальнай інфраструктуры населеных пунктаў. Арг-цыі ЖКГ працуюць больш устойліва, забяспечваюць пастаўку спажыўцам камунальных паслуг у патрэбным аб’ёме і з належным узроўнем якасці. У 2003 дасягнуты ўзровень 1990 па ўводзе ў эксплуатацыю жылля пасля капітальнага рамонту. Абнаўляюцца асноўныя вытв. фонды ЖКГ. Шмат увагі аддаецца рэсурса-, энергазберажэнню, пераходу на новыя эканам. тэхналогіі вытв-сці паслуг і зніжэнню іх сабекошту. Вял. значэнне надаецца паляпшэнню якасці пітной вады, ахове навакольнага асяроддзя, праблеме утылізацыі быт. адходаў.

Асноўная стратэг. мэта развіцця ЖКГ у наш час — пераход на самаакупнасць паслуг і самафінансаванне. Гэтыя працэсы пакуль стрымліваюцца высокім сабекоштам паслуг ЖКГ, недастатковай абсталяванасцю жыллёвага фонду прыладамі ўліку і рэгулявання спажывання паслуг, а таксама несупастаўнасцю тэмпаў росту тарыфаў за жыллёва-камунальныя паслугі і ўзроўню даходаў насельніцтва. У 2002 паслугі ЖКГ склалі 32,3% (першае месца) у структуры платных паслуг насельніцтву. Ідзе працэс рэфармавання ЖКГ: набываюць заканад. аснову жыллёвыя адносіны, пераглядаюцца і ўдасканальваюцца сац. стандарты па аб’ёмах і якасці камунальных паслуг для насельніцтва, удасканальваецца цэнаўтварэнне і шэраг сумежных праблем, у т. л. структура кіравання галіной, ажыццяўляюцца захады па павышэнні эфектыўнасці, надзейнасці функцыянавання сістэм жыццезабеспячэння насельніцтва, расшырэнні асартыменту, паляпшэнні якасці паслуг і зніжэнні выдаткаў на іх вытворчасць, забеспячэнні сац. абароны малазабяспечаных сем’яў па аплаце жылых і камунальных паслуг.

Л.​М.​Кананенка і Т.​С.​Лысікава (жыллёвае будаўніцтва, жыллёва-камунальная гаспадарка), Дз.​А.​Рондак (бытавое абслугоўванне).


Табліца 1
Асноўныя паказчыкі развіцця жыллёвай сферы Рэспублікі Беларусь
1970 1980 1990 1995 2000 2003
Увод у дзеянне агульнай плошчы жылых дамоў, тыс. м² — усяго 4328 4291 5282 1949 3536 3028
з іх за кошт дзярж. сродкаў 2186 2962 3731 299 240 246
Увод жылля на вёсцы, тыс. м² 1656 933 1312 448 1083 911
Колькасць пабудаваных кватэр, тыс. адзінак 89,7 80,4 86,1 27,3 39,4 31,8
Жыллёвы фонд, млн. м² 139,9 182,4 200,5 212,1 219,0
Сярэдняя забяспечанасць жыллёвай плошчай, м² на чал. 14,4 17,9 19,5 21,2 22,1

Табліца 2
Структура бытавых паслуг, аказаных насельніцтву Беларусі праз усе каналы рэалізацыі (у % да выніку)
1995 1999 2000 2001 2002 2003
Увесь аб’ём быт. паслуг 100 100 100 100 100 100
Рамонт, афарбоўка і пашыў абутку 5,8 5,3 4,9 4,9 4,6 3,7
Рамонт і індывід. пашыў адзення 8,3 7,8 7,0 7,7 6,0 5,3
Рамонт і тэхн. абслугоўванне быт. радыёэлектроннай апаратуры,
быт. машын і прыбораў, рамонт і выраб металавырабаў
6,0 7,2 5,7 5,9 5,8 5,2
Тэхн. абслугоўванне і рамонт аўтамабільных і інш. трансп. сродкаў 10,2 17,3 16,2 13,7 9,1 17,0
Выраб і рамонт мэблі 1,3 1,7 2,4 2,7 3,4 3,9
Хім. чыстка і афарбоўванне 0,7 1,0 1,4 1,5 1,5 1,5
Паслугі пральняў 10,9 7,2 6,5 6,6 5,6 5,5
Рамонт і буд-ва жылля і інш. пабудоў 10,9 9,7 13,7 12,0 15,1 12,3
Паслугі фотаатэлье 2,5 5,7 5,1 4,9 4,6 4,7
Паслугі лазняў і душавых 1,6 1,6 1,7 2,0 2,3 2,3
Паслугі цырульняў 6,3 8,0 9,5 11,1 12,6 12,0
Рытуальныя і абрадавыя паслугі 5,6 7,4 6,9 8,1 9,2 7,6
Іншыя 29,9 20,1 19,0 18,9 20,2 20,3

Табліца 3
Узровень добраўпарадкавання жыллёвага фонду на пачатак 2003 (у працэнтах)
Абсталявана Агульнай плошчы Кватэр
уся
Беларусь
гар.
пасяленні
сельская
мясцовасць
уся
Беларусь
гар.
пасяленні
сельская
мясцовасць
Водаправодам 64,8 85,2 28,2 62,0 83,9 23,3
Каналізацыяй 62,5 84,3 23,5 59,8 83,1 18,8
Цэнтральным ацяпленнем 62,8 87,0 19,5 60,5 85,5 16,6
Гарачым водазабеспячэннем 52,6 78,3 6,7 51,8 78,1 5,6
Ваннамі (душам) 54,2 79,6 8,8 53,1 79,2 7,3
Газам 87,1 86,0 89,2 90,3 90,0 90,8
Напольнымі Падлогавымі* электраплітамі 7,7 11,7 0,7 5,2 8,1 0,2

Грамадскае харчаванне. Шырока дзярж. арганізацыя грамадскага харчавання пачала развівацца пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 Паводле дэкрэта СНК ад 9.11.1917 «Аб расшырэнні правоў гарадскіх самакіраванняў у прадуктовай справе» гар. ўлады арганізоўвалі грамадскія сталовыя, далучалі да гэтай справы рабочых, размяркоўвалі прадуктовыя фонды паміж прадпрыемствамі гандлю і грамадскага харчавання. У студз. 1918 у Мінску ў памяшканнях нацыяналізаваных рэстаранаў «Еўропа» і «Цэнтральны» створаны нар. сталовыя. Такія сталовыя адкрываліся і ў інш. гарадах. Арганізавана бясплатнае харчаванне рабочых, занятых на вытворчасці, і дзяцей да 16 гадоў. Пад канец 1920 у Мінску ў 21 сталовай для дарослых, 22 дзіцячых і 18 школьных харчавалася 40 тыс. чал., у т. л. 27,7 тыс. дзяцей. У Гомельскай губ. паслугамі грамадскага харчавання карысталася 90,7 тыс., у т. л. 29,8 тыс. дзяцей. У Віцебскай — адпаведна 93,3 тыс. і 29,3 тыс. У 1921—25 ажыццёўлены пераход ад нарміраванага забеспячэння да свабоднага гандлю, планавання тавараабароту, перабудовы арганізац. форм сістэмы грамадскага харчавання. У 1927—28 сетка сталовых Беларусі (126 прадпрыемстваў) выпусціла 15,4 млн. страў. У 1932 функцыянавала 1127 сталовых з гадавым выпускам 19,9 млн. страў, грамадскім харчаваннем было ахоплена 70% рабочых і навучэнцаў, ​1/3 служачых. За 1938—40 сетка прадпрыемстваў грамадскага харчавання вырасла на 88,6% (з 1319 да 2487). У 1940 тавараабарот дзярж. і каап. прадпрыемстваў дасягнуў 68,9 млн. руб., на 2487 прадпрыемствах грамадскага харчавання працавала 18,1 тыс. чал. У гады Вял. Айч. вайны былі разбураны ці спалены амаль усе прадпрыемствы грамадскага харчавання. У 1945 адноўлена 42% сталовых, рэстаранаў, буфетаў і інш. Колькасць прадпрыемстваў грамадскага харчавання на канец 1945 скарацілася да 187, іх доля ў агульнай колькасці гандлёвай сеткі склала ўсяго 12,8%. У пасляваенны перыяд тавараабарот у грамадскім харчаванні развіваўся больш нізкімі тэмпамі ў параўнанні з гандл. сеткай. Пагоршана структура сеткі прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Доля закусачных і буфетаў у 1950 склала 59,4 % ад агульнай колькасці прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Калі ў 1945 прадпрыемствы грамадскага харчавання выпусцілі 132,5 млн. страў, то ў 1950 толькі 124 млн. За 1950—70 колькасць прадпрыемстваў грамадскага спажывання вырасла ў 3,9 раза, а іх тавараабарот — у 4,1 раза. У 1970 на прамысл. і трансп. прадпрыемствах, будоўлі і ў навуч. установах працавалі 7854 прадпрыемствы грамадскага харчавання. У 1960—70 іх тавараабарот развіваўся больш павольна, чым планавалася, асабліва гэта адчувалася ў горадзе, дзе яго прырост за гэты перыяд у разліку на аднаго чалавека склаў 106%. Нягледзячы на павелічэнне душавога грамадскага харчавання на вёсцы амаль утрая, узровень яго развіцця і ў 1970 быў ніжэйшы, чым у горадзе. Развіццё прадпрыемстваў грамадскага харчавання адбывалася па шляху ўзбуйнення і спецыялізацыі. Колькасць працаўнікоў гэтай галіны за 10 гадоў вырасла на 116% і склала 63,3 тыс. чал. 1970—80-я г. адметныя ўстойлівымі тэмпамі развіцця і ўдасканальвання матэрыяльна-тэхн. базы грамадскага харчавання. За гэты перыяд колькасць прадпрыемстваў галіны павялічылася на 3,5 тыс. з колькасцю месцаў на 347 тыс. асоб.

У 1980—90-я г. выявіліся істотныя недахопы ў размяшчэнні прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Пры дастаткова высокай іх канцэнтрацыі ў гарадах у 10 тыс. сельскіх населеных пунктаў яны зусім адсутнічалі. У 1990 дзейнічалі 13 773 прадпрыемствы грамадскага харчавання, у т. л. 49,9% — дзярж. формы ўласнасці (гл. табл. 1). У 1990-я г. ў грамадскім харчаванні сталі стварацца акцыянерныя т-вы і прыватныя прадпрыемствы.

З 2000 у грамадскім харчаванні намеціліся пазітыўныя зрухі. У 2003 у Беларусі налічвалася 8691 тыс. аб’ектаў грамадскага харчавання на 621 тыс. месцаў, з якіх 19% дзейнічаюць на прадпрыемствах, 35% — пры навучальных установах, 41 — у агульнадаступнай сетцы. 36% такіх прадпрыемстваў адносіцца да дзярж. уласнасці, а 64% — да недзяржаўнай. Агульнадаступная сетка складае 3,5 тыс. аб’ектаў грамадскага харчавання, з іх 388 рэстаранаў, 1472 кафэ, 940 бараў. Усе гэтыя прадпрыемствы прадстаўлены рознымі нацэначнымі катэгорыямі, што дазваляе забяспечыць даступнасць паслуг для ўсіх катэгорый насельніцтва.

Урадам краіны зацверджана сістэма дзярж. сац. стандартаў па абслугоўванні насельніцтва, у якой прадугледжаны нарматыў забяспечанасці месцамі ў агульнадаступнай сетцы прадпрыемстваў грамадскага харчавання не менш як 15 на 1000 чал. З 1990-х г. шырокае развіццё набылі прадпрыемствы хуткага харчавання, якія выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі вытворчасці для гатавання страў бел. нац. кухні. Толькі ў 2002—03 у Мінску адкрыта каля 200 рэстаранаў і закусачных хуткага абслугоўвання. Сталі пашыранымі сэрвісныя паслугі на рэспубліканскіх і мясцовых дарогах. У 2004 на дарогах краіны функцыянуе больш за 40 прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Развіваецца мабільная сетка, арганізаваная ў парках і на рынках. Гэта дазваляе хутка і якасна аказваць паслугі грамадскага харчавання насельніцтву, у т. л. турыстам. Пры навуч. установах функцыянуюць 3,1 тыс. аб’ектаў грамадскага харчавання на 331 тыс. месцаў. У гарадах дзейнічаюць 389 камбінатаў школьнага харчавання. Для больш поўнага задавальнення попыту навучэнцаў і студэнтаў пры навуч. установах працуюць 44 кафэ, 17 магазінаў і аддзелаў кулінарыі. У 40% агульнаадук. школ, 16% прафтэхвучылішчаў, 65% ВНУ, 15% тэхнікумаў харчаванне арганізавана ўстановамі адукацыі. У Мінску камбінатамі школьнага харчавання наладжана харчаванне ў школах-інтэрнатах. Школьнікі з малазабяспечаных і неўладкаваных сем’яў па рашэнні навуч. устаноў атрымліваюць поўнасцю ці часткова бясплатнае харчаванне. Навучэнцы ПТВ і школ, якія знаходзяцца ў зоне радыеактыўнага забруджання, забяспечваюцца 2-разовым харчаваннем. Навучэнцы прафес.-тэхн. устаноў, якія вучацца не менш як 10 месяцаў, забяспечваюцца аднаразовым гарачым харчаваннем, а навучэнцы з малазабяспечаных сем’яў і іншагароднія, якія вучацца ў сельскіх ПТВ, — 3-разовым гарачым харчаваннем. У сталовых навуч. устаноў кулінарная прадукцыя рэалізуецца з мінімальнымі нацэнкамі, якія ўстаноўлены для дадзенай катэгорыі прадпрыемстваў аблвыканкомамі і гарвыканкомамі.

Харчаванне рабочых і служачых у краіне ажыццяўляюць 1,6 тыс. прадпрыемстваў грамадскага харчавання, якія маюць 109 тыс. месцаў. Для забеспячэння даступнасці паслуг харчавання на шэрагу прадпрыемстваў зніжаны памер гандлёвай нацэнкі на прадукцыю ўласнай вытворчасці. Частка кошту харчавання рабочых і служачых аплачваецца ўласнымі грашыма прадпрыемстваў; ужываецца сістэма крэдытных разлікаў за абеды.

Р.​П.​Валевіч.


Табліца 1
Сетка прадпрыемстваў грамадскага харчавання ў 1990—2003
1990 1995 2000 2002 2003
Усяго прадпрыемстваў грамадскага харчавання 13 773 9304 8721 8772 8691
у іх месц, тыс. 932 685 634 631 621
у т. л. па формах уласнасці:
дзяржаўная
колькасць прадпрыемстваў 6871 3295 2951 2892 3133
у іх месц, тыс. 568 306 279 275 298
удзельная вага дзяржаўных
прадпрыемстваў у агульнай іх колькасці, у %
49,9 35,4 33,8 33,0 36,0
прыватная
колькасць прадпрыемстваў 6902 6008 5749 5845 55,4
у іх месц, тыс. 364 379 353 353 319
у т. л. спажывецкая кааперацыя
колькасць прадпрыемстваў
6902 4474 3757 3468 2804
у іх месц, тыс. 364 257 221 207 152
замежная
колькасць прадпрыемстваў — 1 21 35 44
у іх месц, тыс. — 0,0 2 3 4 >

т. 18, кн. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ, індустрыя,

найважнейшая галіна матэрыяльнай вытв-сці, якая аказвае вырашальнае ўздзеянне на ўзровень эканам. развіцця грамадства; сукупнасць прадпрыемстваў (фабрык, заводаў, электрастанцый, шахтаў, руднікоў і інш.), занятых вырабам прылад працы, вытв-сцю энергіі, здабычай сыравіны і паліва, нарыхтоўкай лесу, апрацоўкай і перапрацоўкай прадуктаў, атрыманых у П. або вырабленых у сельскай гаспадарцы. Паводле характару вытв-сці і прадметаў працы падзяляецца на здабыўную і апрацоўчую, паводле эканам. прызначэння і выкарыстання прадукцыі — на вытв-сць сродкаў вытв-сці і вытв-сць прадметаў спажывання. Адрозніваюць П. цяжкую, лёгкую, харчовую і інш., якія ў сваю чаргу падзяляюцца на галіны і асобныя віды вытв-сці (напр., лёгкая П. уключае тэкстыльную, швейную, гарбарную, футравую, абутковую і інш.).

П. зарадзілася ў рамках натуральнай гаспадаркі. Яна ўзнікла як самаст. галіна грамадскай вытв-сці пасля аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі. У станаўленні П. як самастойнай сферы грамадскай працы вял. ролю адыгралі гарады, дзе склаліся першыя элементы капіталіст. адносін. У сваім развіцці П. прайшла 3 стадыі: дробнатаварную, мануфактурную і фабрычную. Пераход ад мануфактуры да буйной машыннай індустрыі абумоўлены прамысловым пераваротам, які адбыўся спачатку ў Вялікабрытаніі, а потым і ў інш. краінах. У канцы 19 і пач. 20 ст. больш хуткімі тэмпамі П. развівалася ў ЗША і Германіі, якія апярэдзілі Вялікабрытанію. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найхутчэй развівалася П. ЗША. Да пач. 1920-х г. ЗША давалі амаль палавіну сусв. здабычы вугалю, каля ​3/5 сусв. вытв-сці чыгуну і сталі, ​2/3 здабытай ва ўсім свеце нафты, 85% сусв. выпуску аўтамабіляў. П. еўрап. краін была разбурана 1-й сусв. вайной. П. Францыі дасягнула даваен. ўзроўню ў 1924. У Вялікабрытаніі выпуск прамысл. прадукцыі да 1929 дасягнуў толькі аб’ёму 1913. У Германіі стабілізацыя эканомікі пачалася з 1924, за кошт крэдытаў ЗША і Вялікабрытаніі, і да 1927 быў адноўлены даваенны ўзровень. За гады 1-й сусв. вайны ўзбагацілася і забяспечыла далейшы рост П. Японія. Сусв. эканам. крызіс 1929—33 суправаджаўся рэзкім скарачэннем прамысл. вытв-сці, асабліва ў ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі. Пасля выхаду з крызісу ў найбуйнейшых еўрап. краінах і ў Японіі назіраўся значны рост ваен. вытв-сці.

2-я сусв. вайна 1939—45 нанесла цяжкі ўдар па прамысл. вытв-сці еўрап. краін і Японіі. У аднаўленні П. гэтых краін важную ролю адыграў Маршала план, паводле якога магутныя фінансавыя ўліванні амер. крэдытаў дазволілі адрадзіцца Еўропе і Японіі. Сусв. канкурэнцыя прымусіла еўрап. краіны аб’яднацца і гэта прывяло да стварэння «Агульнага рынку» (ЕЭС). За гады вайны нац. даход ЗША падвоіўся, удвая вырасла прамысл. вытв-сць. Аб’ём П. ЗША у 1953 павялічыўся ў параўнанні з 1947 на 37%. Канкурэнцыя з боку еўрап. краін і Японіі з’явілася магутным стымулам для ўкаранення дасягненняў навукова-тэхн. рэвалюцыі (НТР).

Дзякуючы электрыфікацыі і хімізацыі вытв. працэсаў рэзка павысілася прадукцыйнасць працы, змяніўся падыход да праблемы выкарыстання сыравінных рэсурсаў, атрымалі развіццё новыя галіны эканомікі. Характэрнай рысай НТР стала аўтаматызацыя вытв-сці, у прыватнасці стварэнне і выкарыстанне ў вытв-сці электронна-выліч. тэхнікі. Калі ў 2-й пал. 19 ст. найважнейшымі галінамі П. былі тэкст., металургічная, чыг. машынабудаванне, а ў 1-й трэці 20 ст. — аўтамаб., электраэнергетычная і хім., то пасля 2-й сусв. вайны гал. вагу набылі атамная, электронная, аэракасмічная, нафтахім., распрацоўкі біятэхналогій.

У Рас. імперыі тэмпы прамысл. развіцця сталі рэзка расці пасля адмены прыгоннага права. Перабудова рас. П. адбывалася на базе ўласных матэрыялаў — металу, мінер. паліва, цэменту і інш., уласнага машынабудавання. Здабыча вугалю і нафты, выплаўка чыгуну да канца 19 ст. павялічыліся ў 3 разы. Прамысл. ўздым у 1909—13 вывеў Расію па тэмпах росту вытв-сці на 1-е месца ў свеце. Да 1909 тут узніклі магутныя карпарацыі і канцэрны, куды ўваходзілі машынабудаўнічыя і металаапрацоўчыя з-ды. Нягледзячы на высокія тэмпы развіцця П., Расія напярэдадні 1-й сусв. вайны па агульным аб’ёме валавой прадукцыі адставала ад ЗША, Германіі і Вялікабрытаніі, асабліва па прадукцыйнасці працы і вытв-сці на душу насельніцтва. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 буйнейшыя прадпрыемствы асн. галін П. Расіі былі нацыяналізаваны, у т. л. 11 100 акц. прадпрыемстваў. У перыяд нэпа (1921—27) было дазволена прыватнае прадпрымальніцтва. За перадваенны перыяд у СССР былі створаны новыя галіны вытв-сці, пабудаваны буйныя прамысл. прадпрыемствы, паявілася цяжкае машынабудаванне. У выніку 2-й сусв. вайны СССР страціў трэць свайго нац. багацця. Эканоміка была адноўлена за даволі кароткі тэрмін. На месцы ранейшых пабудавана каля 3200 тэхнічна больш дасканалых і магутных прадпрыемстваў. У 1950—60-я г. рабіліся спробы гасп. рэформ: у 1957 кіраванне П. было перададзена ў Саветы нар. гаспадаркі, спрабавалі перавесці прадпрыемствы на гасп. разлік, аднак існуючая ў краіне паліт. сістэма вельмі хутка задушыла рэформы. Рэальнае рэфармаванне эканомікі Расіі пачалося з 1992, калі стаў складвацца рыначны механізм.

На Беларусі мануфактуры паявіліся ў 1-й пал. 18 ст. Першымі былі Налібоцкая шкляная мануфактура, на якой у 1748 працавала больш за 100 чал., выпускала 100 відаў прадукцыі (аконнае шкло, графіны, бакалы і інш.), і Урэцкая шкляная мануфактура. Потым паявіліся Нясвіжская мануфактура шаўковых паясоў, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, Нясвіжская дывановая мануфактура, Нясвіжская суконная мануфактура, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры. У 19 ст. ўзніклі першыя ф-кі і заводы. Але ў 1-й пал. 19 ст. пераважала дробная вытворчасць, якая ў 1860 у 2 разы пераўзыходзіла мануфактурную і фабрычную. Дробныя прадпрыемствы пераважалі ў харчовай, гарбарнай і тэкст. галінах. З 1860 да 1900 колькасць прадпрыемстваў павялічылася да 17,1 тыс., а рабочых на іх з 2364 да 63,5 тыс. У канцы 19 ст. паявіліся першыя акц. т-вы. З 1900—13 аб’ём вытв-сці на акц. прадпрыемствах Беларусі павялічыўся ў 5,2 раза. Эканам. ўздым спрыяў прытоку замежных інвестыцый, гал. чынам у лесаапрацоўку. Напярэдадні 1-й сусв. вайны П. Беларусі пастаўляла 26,8% піламатэрыялаў, 23,5% фанеры, 11,7% запалак, 10,2% паперы, 9,9% спірту, шкляной прадукцыі агульнарас. вытв-сці. За 1-е дзесяцігоддзе сав. улады П. у БССР была адноўлена і пачала развівацца на планавай аснове. Ствараліся новыя галіны вытв-сці і будаваліся прамысл. прадпрыемствы. У 1930-я г. БССР ператварылася ў індустр. рэспубліку: выпускала металаапр. станкі, сельгасмашыны, маторы, турбіны, радыёпрыёмнікі і інш. У перадваенны час на долю Беларусі прыпадала 33,8% усёй вырабленай у СССР фанеры, 27% запалак, 30% аліфы, 25% дражджэй, 11% маргарыну, больш за 10% станкоў. Па вытв-сці шарсцяных тканін Беларусь займала ў СССР 2-е месца. У перыяд Вял. Айч. вайны П. Беларусі была разбурана. Яе аднаўленне пачалося адразу пасля вызвалення ў 1944. Напр., за гады 5-й пяцігодкі ўведзены ў дзеянне 1010 новых прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных. Расло значэнне вядучых галін П. — энергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі, развівалася хім. прам-сць, асабліва вытв-сць мінер. угнаенняў; пабудаваны Салігорскі калійны камбінат (гл. «Беларуськалій»), Гродзенскі азотнатукавы з-д (гл. Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот»), суперфасфатны ў Гомелі (гл. Гомельскі хімічны завод). У 1960-я г. здадзены ў эксплуатацыю Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтан», Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Лідскі лакафарбавы завод і інш. Значная ўвага аддавалася рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытв-сці, аснашчэнню яе аўтаматычнымі і механічнымі лініямі, аўтаматызаванымі сістэмамі кіравання.

З распадам СССР і разрывам традыцыйных эканам. сувязей сітуацыя ў П. Беларусі пагоршылася: пачаліся перабоі з пастаўкамі сыравіны, паліва і электраэнергіі, страчаны звычныя рынкі збыту прамысл. прадукцыі. Да 1995 спад вытв-сці склаў 31%. Складаная сітуацыя ў эканоміцы вымусіла ўрад распрацаваць праграму «Асноўныя кірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 1996—2000 г.», дзе прадугледжвалася павялічваць рост тэмпаў валавога ўнутр. прадукту (ВУП) штогод на 4—6%. Урад і Нац. АН Беларусі распрацавалі праграму развіцця прамысл. комплексу Рэспублікі Беларусь на 1998—2015. Для яе рэалізацыі неабходны дадатковыя капіталаўкладанні — не менш як 2 млрд. долараў штогод. А замежныя інвестары павінны атрымаць поўныя гарантыі абароны сваіх капіталаў і мець рэальныя выгады ад інвестыцый. Гл. таксама Індустрыялізацыя, Беларусь (раздз. Прамысловасць).

Літ.:

Экономическая история зарубежных стран: Курс. лекций. Мн., 1996;

Эканамічная гісторыя Беларусі. 2 выд. Мн., 1996.

Л.​Ф.​Пашкевіч.

т. 13, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Агульныя звесткі

Рэспубліка Беларусь — дзяржава ў цэнтры Еўропы. Яе тэрыторыя складае 207,6 тыс. км² (па плошчы перавышае шэраг еўрап. краін, у т. л. Грэцыю, Партугалію, Аўстрыю, Данію, Нідэрланды, Чэшскую Рэспубліку, Венгрыю і інш.). Насельніцтва 9849,1 тыс. чалавек (на 1.1.2004; 15-е месца ў Еўропе). Паўночны пункт Беларусі (56° 10′ паўн. ш.) каля Асвейскага возера, паўднёвы (51°16′ паўн. ш.) — на р. Дняпро непадалёку ад г.п. Камарын, заходні (23° 11′ усх. д.) — на р. Зах. Буг, непадалёку ад г. Высокае, усходні (32°47′ усх. д.) — непадалёку ад г.п. Хоцімск. Працягласць тэрыторыі з поўначы на поўдзень 560 км, з захаду на ўсход — 650 км; даўжыня дзярж. граніц 2969 км. Беларусь мяжуе на ПнЗ з Літвой, на Пн з Латвіяй, на ПнУ і У з Расіяй, на Пд з Украінай, на З з Польшчай. У адм. адносінах Беларусь падзяляецца на 6 абласцей і 118 раёнаў. У краіне 110 гарадоў, 101 пасёлак гар. тыпу, 24 022 сельскія населеныя пункты (на 1.1.2004). Сталіца — г. Мінск.

Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Асноўны закон — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндуме 24.11.1996). Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн. Дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. Асноўная рэлігія — хрысціянства (праваслаўе і каталіцызм). Нацыянальнае свята — Дзень Рэспублікі (3 ліпеня). Грашовая адзінка — рубель (разліковы білет Нацыянальнага банка Беларусі).

Дзяржаўны лад. Дзярж. ўладу ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Парламент і Урад Рэспублікі Беларусь, суды Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік дзяржавы — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь з’яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам дзяржавы, складаецца з 2 палат — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Выканаўчая ўлада належыць Ураду — Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь на чале з прэм’ер-міністрам. Мясц. кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца праз мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы.

Беларусь — член 48 міжнар. арганізацый і іх органаў, у т. л. член-заснавальнік Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (1945).

Беларусь займае зах. ўскраіну Усх.-Еўрапейскай раўніны ў межах басейнаў сярэдняга цячэння рэк Дняпро (з буйнымі прытокамі Бярэзіна, Прыпяць, Сож), Зах. Дзвіна і верхняга цячэння р. Нёман.

У геалагічных адносінах тэр. Беларусі размешчана на захадзе Рускай пліты — буйной тэктанічнай структуры Усх.-Еўрапейскай дарыфейскай платформы. У разрэзе зямной кары вылучаюцца 2 ярусы: стараж. ніжні крышталічны фундамент і верхні платформавы чахол. Крышталічны фундамент залягае на глыбіні ад 20—100 м (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ) да 5—6 км (Прыпяцкі прагін). Складзены з метамарфічных і магматычных парод архею і ніжняга пратэразою. Паводле глыбіні залягання паверхні фундамента вылучаюць некалькі буйных рэгіянальных структур: дадатныя — Беларуская антэкліза і зах. схіл Варонежскай антэклізы; адмоўныя — Прыпяцкі прагін, Падляска-Брэсцкая і Аршанская ўпадзіны. Пераходнае і нейтральнае становішча займаюць Жлобінская, Латвійская, Брагінска-Лоеўская і Палеская седлавіны. Платформавы чахол магутнасцю ад некалькіх дзесяткаў метраў да 5—6 км практычна ўкрывае ўсю тэр. Беларусі. Ён складзены з неметамарфізаваных асадкавых парод, геалагічны ўзрост якіх не перавышае 1,5 млрд. гадоў. Адклады платформавага чахла ахопліваюць усе геалагічныя эпохі і залягаюць у выглядзе гарызантальных слаба нахіленых або спадзіста-хвалістых слаёў, тоўшчаў. Антрапагенавыя адклады магутнасцю ад некалькіх метраў да 325 м (сярэдняя 80 м) займаюць верхні ярус платформавага чахла і залягаюць паўсюдна.

Карысныя выкапні Беларусі прымеркаваны пераважна да адкладаў платформавага чахла. Выяўлена больш за 5 тыс. радовішчаў і пакладаў. Паліўна-энергетычныя рэсурсы фарміруюць запасы нафты (65 радовішчаў; пачатковыя рэсурсы 355,5 млн. т), бурага вугалю (агульныя запасы Жыткавіцкага, Брынёўскага і Тонежскага радовішчаў 152 млн. т), торфу (9,2 тыс. радовішчаў; запасы да пачатку распрацоўкі 5,7 млрд. т, 2-е месца ў свеце пасля Расіі), гаручых сланцаў (прагнозныя запасы каля 8.8 млрд. т). Нярудныя карысныя выкапні прадстаўлены буйнымі радовішчамі калійных і каменных солей (Старобінскае і Петрыкаўскае; прамысловыя запасы 10 млрд. т), каменнай солі (Мазырскае, Старобінскае, Давыдаўскае; запасы 22,9 млрд. т), даламітаў (10 радовішчаў; запасы 1,2 млрд. т), фасфарытаў (Лабковіцкае і Мсціслаўскае; запасы 402 млн. т), цэментавай сыравіны (Камунарскае — разведаныя запасы 385,5 млн. т, Калінкавіцкае — 119,3 млн. т), вогнетрывалых і тугаплаўкіх глін (6 радовішчаў; запасы 55,1 млн. м³), легкаплаўкіх глін (232 радовішчы; запасы 250 млн. м³), будаўнічага каменю (Мікашэвіцкае і Глушкавіцкае), шкловых пяскоў (3 радовішчы; запасы 15,4 млн. м³), будаўнічых пяскоў (108 радовішчаў), пясчана-жвіровага матэрыялу (158 радовішчаў). Рудныя карысныя выкапні адкрыты ў радовішчах магматычных (Навасёлкаўскае; перспектыўныя запасы 165 млн. т) і метамарфічных (Аколаўскае; разведаныя запасы 175,4 млн. т на глыбіні 700 м) жалезных руд. Каштоўным прыродным багаццем з’яўляюцца прэсныя і мінеральныя падземныя воды; разведана каля 250 радовішчаў прэсных падземных вод з агульнымі запасамі больш за 6 млн. м³ за суткі і больш за 80 крыніц мінеральных вод з агульнымі запасамі больш за 20 тыс. м³ за суткі.

Рэльеф Беларусі ў значнай меры абумоўлены дзейнасцю антрапагенавых ледавіковых зледзяненняў. Сярэдняя вышыня тэрыторыі складае каля 160 м над узроўнем мора. Абсалютныя вышыні вагаюцца ад 80 м (урэз вады р. Нёман каля мяжы з Літвой) да 345 м (г. Дзяржынская на паўд. захадзе Мінскага ўзвышша). Каля 3/4 тэр. Беларусі займаюць нізіны і раўніны з абсалютнымі вышынямі да 200 м, 1/4 — узвышшы (разам з рачнымі далінамі і міжградавымі паніжэннямі). Паводле марфалагічных асаблівасцей рэльефу, яго паходжання і геалагічнага ўзросту на тэр. Беларусі вылучаюць 4 геамарфалагічныя вобласці: Беларускае Паазер’е, Цэнтральнабеларускія ўзвышшы і грады, раўніны і нізіны Перадпалесся, Палеская нізіна.

Клімат Беларусі ўмерана кантынентальны са значным уплывам атлантычнага марскога паветра (прыносіць цыклоны), у меншай ступені — кантынентальнага і арктычнага паветра. Прыход сонечнай радыяцыі абумоўлены размяшчэннем тэр. Беларусі паміж 56° і 51° паўн. шыраты і нарастае з Пн на Пд ад 3500 да 4100 МДж/м². Радыяцыйны баланс за год дадатны (1500—1800 МДж/м²). Працягласць фактычнага сонечнага ззяння павялічваецца з Пн на Пд ад 1730 да 1950 гадзін. Тэмпературны рэжым характарызуецца дадатнымі сярэднегадавымі тэмпературамі паветра. На Пн Віцебскай вобл. яны складаюць 4,4 °C, на крайнім ПдЗ Брэсцкай вобл. 7,4 °C. У студзені сярэдняя тэмпература мяняецца ад -4,1 °C на ПдЗ да -8,4 °C на ПнУ, у ліпені ад 17 °C на Пн да 19 °C на Пд. Колькасць дзён са снегавым покрывам павялічваецца ад 70 на ПдЗ да 130 на ПнУ. Беларусь размешчана ў зоне дастатковага ўвільгатнення. Гадавая сума ападкаў складае 550—650 мм на нізінах і 650—750 мм на раўнінах і ўзвышшах. У зімовы і познавосеньскі перыяд (а таксама ў начны час ва ўсе сезоны) адносная вільготнасць паветра перавышае 80%, у вясенне-летні перыяд удзень складае 54—63%. У асобныя гады ў пачатку лета адзначаецца засуха. Ветравы рэжым абумоўлены заходнім пераносам паветраных мас. Зімой часцей дзьмуць вятры з ПдЗ, летам — з ПнЗ. Сярэднегадавыя скорасці ветру на адкрытых участках каля 4 м/с, у катлавінах каля 3 м/с. Працягласць вегетацыйнага перыяду павялічваецца ад 184 сутак на ПнУ да 185—195 у цэнтральнай частцы і 200—205 у паўднёва-зах. раёнах. Для клімату Беларусі характэрны некаторыя адмоўныя фактары: няўстойлівы характар надвор’я вясной і восенню, мяккая з частымі адлігамі зіма, часта дажджлівае лета, недахоп вільгаці ў пачатку лета, познія веснавыя і раннія асеннія замаразкі. Паводле характару размеркавання цяпла і вільгаці на тэр. Беларусі вылучаюць 3 кліматычныя вобласці: Паўночная — умерана цёплая і вільготная, Цэнтральная — цёплая, умерана вільготная, Паўднёвая — цёплая, няўстойліва вільготная.

Гідраграфічная сетка Беларусі даволі густая. Яна складаецца са шматлікіх рэк, азёр і вадасховішчаў. Рэкі адносяцца да басейнаў Чорнага (58% тэр.) і Балтыйскага (42%) мораў. Колькасць рэк перавышае 20,8 тыс., сумарная іх даўжыня 90,6 тыс. км. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Найбуйнейшыя рэкі: Дняпро (з прытокамі Прыпяць, Сож, Бярэзіна), Зах. Дзвіна, Нёман (з прытокам Вілія). Сярэдняя гадавая велічыня рачнога сцёку на Беларусі 57,1 км³, у т. л. ў межах краіны фарміруецца 36,4 км³. Ледастаў звычайна ўтвараецца ў студзені, рэкі пад лёдам знаходзяцца ад 80 да 140 сутак. Азёр на Беларусі больш за 10 тыс. (з іх каля 9 тыс. — старычныя вадаёмы плошчай менш за 10 га у поймах рэк Дняпро і Прыпяць), сумарная іх плошча каля 1,6 тыс. км². Найбуйнейшыя азёры размешчаны ў Беларускім Паазер’і ў катлавінах падпруднага тыпу: Нарач (79,6 км²), Асвейскае (52,8 км²), Лукомскае (36,7 км²), Дрывяты (36,1 км²), Нешчарда (27,4 км²). На рэках Беларусі створана каля 130 вадасховішчаў (без азёрных) агульнай плошчай 799 км². Найбуйнейшыя вадасховішчы: Вілейскае — 64,6 км², Заслаўскае — 25,6 км², Чырвонаслабодскае — 23,6 км², Салігорскае — 23,1 км², Любанскае — 22 км² і інш. Яны вызначаюцца комплексным выкарыстаннем (водазабеспячэнне, рыбная гаспадарка, рэкрэацыя). Рэкі Беларусі маюць патэнцыяльныя гідраэнергетычныя рэсурсы ў 1 млн. кВт. Працягласць суднаходных шляхоў 3,9 тыс. км.

Глебавае покрыва Беларусі сфарміравалася пасля адступання апошняга паазерскага ледавіка. У залежнасці ад воднага рэжыму глебы падзяляюцца на аўтаморфныя (52.9% тэр.), паўгідраморфныя (27%) і гідраморфныя (20,1%). Найб. распаўсюджаны нармальна ўвільготненыя дзярнова-падзолістыя глебы (займаюць 33.05% сельскагаспадарчых угоддзяў), якія сфарміраваліся на марэнных, лёсападобных і водна-ледавіковых адкладах. Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (33,8% сельскагаспадарчых угоддзяў) пашыраны на раўнінных паніжэннях з запаволеным сцёкам паверхневых або блізкім заляганнем грунтавых вод. Дзярновыя забалочаныя (пераўвільготненыя) глебы сустракаюцца ў паніжэннях з неглыбокім заляганнем грунтавых вод (Беларускае Палессе), яны займаюць 11% сельскагаспадарчых угоддзяў (пераважна сенажаці). Тарфяна-балотныя глебы (15%) пасля правядзення меліярацыі па ўзроўні ўрадлівасці займаюць 3-е месца (пасля дзярнова-карбанатных і поймавых). Поймавыя (алювіяльныя) глебы сфарміраваліся на рачных адкладах пад уплывам затаплення ў часы паводак (7,2%). Менш пашыраны бурыя лясныя глебы з высокай прадукцыйнасцю (маюць гумусу да 3—9%), дзярнова-карбанатныя (0.2% сельскагаспадарчых угоддзяў. у Брэсцкай, Мінскай, Магілёўскай абласцях).

Паводле механічнага складу глебы падзяляюцца на пясчаныя. супясчаныя, сугліністыя і гліністыя. Урадлівыя сугліністыя глебы займаюць 23% сельскагаспадарчых угоддзяў і прымеркаваны да марэнных адкладаў стужачных глін, лёсападобных суглінкаў, алювіяльных адкладаў рачных поймаў. Найменш урадлівыя пясчаныя глебы (19,1%) пашыраны на нізінах. Гліністыя высокаўрадлівыя глебы займаюць менш за 0,1% сельскагаспадарчых угоддзяў. Найвышэйшую ацэнку (бал банітэту 63—100) на Беларусі маюць дзярновыя і дзярнова-карбанатныя глебы. Бал банітэту дзярнова-падзолістых глеб складае 18—75, дзярнова-падзолістых забалочаных — 27—75, тарфяна-балотных — 36—75, поймавых — 31—88. Сярэдні бал ворных зямель Беларусі — 36 (найвышэйшы ў Нясвіжскім раёне — 48, найніжэйшы ў Лельчыцкім раёне — 28). Узровень урадлівасці паніжае завалуненасць і камяністасць глеб (больш за 9% усіх ворных зямель). Прыродныя ўмовы Беларусі садзейнічаюць развіццю эрозіі глеб. Агульная плошча эрадзіраваных і эразійна небяспечных с.-г. зямель 556,5 тыс. га, з іх 479,5 тыс. га пад ворывам.

Важным антрапагенным фактарам, які змяніў структуру землекарыстання на Беларусі за апошнія 50 гадоў, з’явілася буйнамаштабная меліярацыя, накіраваная на змену прыроднага воднага рэжыму. Асушальная меліярацыя праведзена на 3,4 млн. га зямель, з якіх 2,9 млн. га складаюць сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Пад ворыва выкарыстоўваюць каля 1,3 млн. га, пад сенажаці і пашу — 1,6 млн. га асушаных сельскагаспадарчых угоддзяў.

Велізарную шкоду зямельнаму фонду прычыніла аварыя на Чарнобыльскай АЭС, у выніку якой радыеактыўна забруджана 23% тэр. Беларусі, дзе пражывала 2,2 млн. чалавек. У наш час сельскагаспадарчая вытворчасць вядзецца на 1351 тыс. га зямель, якія забруджаны цэзіем-137 са шчыльнасцю больш за 1 Ku/км².

Расліннае покрыва Беларусі прадстаўлена ляснымі, лугавымі і балотнымі фітацэнозамі (займаюць каля 67% тэр.). У сучаснай флоры Беларусі каля 1650 відаў сасудзістых раслін, сярод якіх пераважаюць травы (91%); каля 1500 відаў). Пейзажную разнастайнасць ландшафтаў фарміруюць дрэвавыя расліны (108 дзікарослых і каля 1,5 тыс. інтрадукаваных з іншых прыродна-геаграфічных зон), з іх 27 мясц. відаў дрэў, каля 60 відаў кустоў, 15 паўкустоў і 8 кусцікаў. Акрамя вышэйшых раслін флора Беларусі ўключае больш за 1.5 тыс. відаў грыбоў, больш за 2 тыс. відаў водарасцей, каля 500 відаў лішайнікаў і 450 мохападобных. Унікальнае багацце флоры ствараюць рэліктавыя расліны Беларусі: піхта белая, плюшч звычайны, гарлачык малы, вадзяны арэх, чыставуст каралеўскі, валжанка двухдомная, рададэндран жоўты, воўчая ягада, баравік, луннік ажываючы і інш.

Лясны фонд Беларусі складае 9,2 млн. га (44,5% тэр.), непасрэдна пад лесам занята 7,8 млн. га (38% тэр.). Агульны запас драўніны лясоў Беларусі ацэньваецца ў 1093,2 млн. м³. Сярэдні ўзрост дрэвастою 49 гадоў, спелыя і прыспяваючыя лясы займаюць каля 13% тэр.; запасы спелых насаджэнняў складаюць 137 млн. м​5. Лугі займаюць 3,2 млн. га (15,4% зямельнага фонду). У натуральным стане знаходзіцца 1,7 млн. га балот (8,2% тэр. краіны).

Жывёльны свет Беларусі налічвае больш за 31 тыс. відаў. Фауна пазваночных прадстаўлена 466 відамі. У яе складзе 76 відаў млекакормячых з 6 атрадаў: насякомаедных — 11 відаў, рукакрылых — 17, драпежных — 15, зайцападобных — 2, грызуноў — 26, парнакапытных — 5 відаў. Найб. разнастайнасцю вылучаюцца птушкі — 309 відаў, з якіх 227 відаў гняздуюцца на Беларусі. Земнаводныя і паўзуны прадстаўлены 13 відамі амфібій і 7 відамі рэптылій. У складзе іхтыяфауны 58 відаў рыб і 3 віды міног. Беспазваночных жывёл у розных тыпах ландшафтаў зарэгістравана больш за 30 тыс. відаў, з іх найб. шматлікія — насякомыя, прадстаўнікі 26 атрадаў (каля 70% усіх відаў). Сучасны жывёльны свет сфарміраваўся ў цеснай сувязі з развіццём ландшафтаў (асабліва расліннасці) пасля адступання ледавіковага покрыва каля 12—14 тыс. г. назад.

Прамысловае значэнне маюць 19 відаў млекакормячых (лось, дзік, казуля, алень, воўк, 2 віды зайцоў, андатра, бабёр і шэраг інш. відаў пушных звяроў), 30 відаў птушак (вадаплаўныя, глушэц, цецярук), 29 відаў рыб, 1 від рэптылій (гадзюка звычайная), 2 віды беспазваночных (рак вузкапальцы і смоўж вінаградны).

Ахова прыроды на Беларусі праводзіцца шляхам стварэння сеткі запаведнікаў, нацыянальных паркаў, заказнікаў і інш. Сусветную вядомасць мае нац. парк «Белавежская пушча», уключаны ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў культурнай і прыроднай спадчыны. Шырока вядомы Бярэзінскі біясферны запаведнік, нац. паркі «Браслаўскія азёры», «Нарачанскі», «Прыпяцкі». На Беларусі 97 заказнікаў рэсп. значэння, 337 помнікаў прыроды рэсп. значэння. У краіне ахоўваецца 104 віды пазваночных і 85 відаў беспазваночных жывёл, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Насельніцтва. Першыя сляды пранікнення чалавека на тэр. Беларусі адзначаны перыядам 100—35 тыс. г. назад. Поўнасцю заселена чалавекам тэр. краіны на працягу 12—9 тыс. гадоў назад. Працэс фарміравання бел. народнасці як моўнага тэрытарыяльнага, эканам. і культурнага згуртавання пачаўся ў 13—14 ст. і завяршыўся ў 15 ст. Развіццё этнасацыяльных, эканам. і цывілізацыйных працэсаў у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. прывяло да ператварэння бел. народнасці ў самастойную нацыю, якая актыўна ўдзельнічала ва ўсіх еўрап. падзеях апошняга стагоддзя.

Паводле перапісу 1999 колькасць насельніцтва Беларусі ў параўнанні з першым пасляваенным перапісам 1959 павялічылася на 25% і склала 10045,2 тыс. чалавек. Асновай росту колькасці насельніцтва Беларусі на працягу шматвяковай гісторыі з’яўляецца натуральны прырост. У сярэдзіне 20 ст. ён складаў каля 18 чалавек на 1000 насельніцтва пры сярэднегадавым узроўні нараджальнасці 24—25 чалавек на 1000 насельніцтва. Да сярэдзіны 1980-х г. пачалося зніжэнне ўзроўню натуральнага прыросту да 6—9 чалавек на 1000 насельніцтва пры нараджальнасці 13—16 чалавек на 1000 насельніцтва, што прывяло да паніжэння абсалютных памераў натуральнага прыросту насельніцтва з 146,2 тыс. чалавек у 1960 да 50 тыс. чалавек у 1989. У выніку запавольвання натуральных узнаўляльных працэсаў і крызісных з’яў на мяжы 1990-х г., выкліканых эканам. трансфармацыяй і экалагічнай катастрофай у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, узнаўленне насельніцтва рэзка скарацілася, а ў 1994—2002 набыло выразныя рысы дэпапуляцыі. У 2002 колькасць памерлых перавысіла колькасць народжаных у 1,65 раза.

Сучасная дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі характарызуецца далейшым памяншэннем удзельнай вагі дзяцей і моладзі, павелічэннем долі пажылых людзей. У наш час кожны пяты жыхар краіны знаходзіцца ў пенсіённым узросце. Агульная колькасць працоўных рэсурсаў у 2003 складала 6,1 млн. чал. (62% ад усяго насельніцтва). Суадносіны насельніцтва паводле полу: мужчын 46,9%, жанчын 53,1%. У 2003 працягласць жыцця складала 68,5 года (62,7 года для мужчын, 74,7 года для жанчын).

Беларусь — урбанізаваная краіна, 71% насельніцтва жыве ў гар. паселішчах, у т. л. ў буйных гарадах (больш за 100 тыс. ж.) — 2/3 гар. насельніцтва, у Мінску — 1/4 (1,7 млн. ж.).

На 1.1.2004 насельніцтва Беларусі складала 9849,1 тыс. чалавек. Паводле перапісу 1999 81,2% жыхароў краіны склалі беларусы, 11,4% — рускія, 3,9% — палякі, 2,4% — украінцы, 0,3% — яўрэі, 0,8% — астатнія нацыянальнасці (армяне, татары, цыганы, літоўцы, азербайджанцы, немцы, малдаване і інш.).

Прамысловасці належыць вядучая роля ў гаспадарцы Беларусі. У ёй ствараецца каля палавіны ўсяго нац. даходу, сканцэнтравана больш за 40% асноўных вытворчых фондаў, працуе 26% усіх занятых у эканоміцы; яна валодае магутным навук. і вытворчым патэнцыялам. У прамысловасці краіны дзейнічае 2,3 тыс. прадпрыемстваў (2003). Гал. галіны прамысловасці — машынабудаванне і металаапрацоўка (21,8% аб’ёму ўсёй прамысл. прадукцыі, 2003), харчовая (17,2%), паліўна-энергетычная (24%), хім. і нафтахім. (12,1%), лёгкая (6,3%). Развіты лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая галіны (5,4%), вытворчасць будаўнічых матэрыялаў (4,1%), чорная металургія (3,5%). Машынабудаванне спецыялізуецца на вытворчасці грузавых аўтамабіляў, трактароў, збожжа- і кормаўборачных камбайнаў, металарэзных станкоў, электронных вылічальных машын, прылад і сродкаў аўтаматызацыі, тэлевізараў, халадзільнікаў, матацыклаў, веласіпедаў, радыёпрыёмнікаў, гадзіннікаў і інш.; хімічная прамысловасць — на вытворчасці мінеральных угнаенняў, хім. валокнаў і нітак, пластмас, шын і інш.; лёгкая — на выпуску льняных, баваўняных і шарсцяных тканін, дываноў, трыкатажных вырабаў, штучнага футра, абутку і інш.; прамысловасць будаўнічых матэрыялаў дае цэмент, азбестацэментныя, керамічныя і сан.-тэхн. вырабы, порыстыя запаўняльнікі, зборны жалезабетон і інш., усяго больш за 130 відаў буд. матэрыялаў і вырабаў. Спецыялізацыю ў прамысловасці дапаўняе вытворчасць металічнага корду, мэблі, фанеры, запалак, шкла, хрусталю. Беларусь вырабляе 8% трактароў і 11% калійных угнаенняў ад іх сусветнай вытворчасці.

Сельская гаспадарка Беларусі дае каля 30% кошту сукупнага грамадскага прадукту. На Беларусі выкарыстоўваецца 8,9 млн. га сельскагаспадарчых зямель (43% тэр. краіны; 2003), у т. л. 5,5 млн. га ворнай зямлі. Большая частка сельскагаспадарчай сыравіны перапрацоўваецца мясц. прадпрыемствамі харчовай і лёгкай прамысловасці. У аграпрамысловым комплексе краіны ў 2003 было 2230 сельскагаспадарчых арганізацый і прадпрыемстваў, якія валодалі 7,4 млн. га сельскагаспадарчых зямель, 2493 фермерскія гаспадаркі, якія апрацоўвалі 179,7 тыс. га сельскагаспадарчых зямель. У апошнія гады на базе рэфармаваных калгасаў і саўгасаў з’явіліся новыя формы гаспадарання: асацыяцыі, акцыянерныя таварыствы з абмежаванай адказнасцю, агракамбінаты, унітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і інш. Значная доля ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі (каля 35%) прыпадае на сялянскія гаспадаркі і садова-агародныя таварыствы, у якіх знаходзіцца 1,1 млн. га сельскагаспадарчых зямель. У 2003 у сельскагаспадарчых арганізацыях мелася 58,8 тыс. трактароў, 22,5 тыс. камбайнаў, 35,9 тыс. грузавых аўтамабіляў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вытворчасці лёну, цукровых буракоў, бульбы. У структуры пасяўных плошчаў ва ўсіх катэгорыях гаспадарак у 2003 збожжавыя і зернебабовыя культуры склалі 41,5%, кармавыя — 43,2%, тэхнічныя — 4,0%, бульба і агародніна — 11,3%. Асноўныя збожжавыя культуры — жыта і ячмень (52 % пасеваў збожжавых), а таксама пшаніца, авёс, грэчка, кукуруза, проса. З зернебабовых вырошчваюць кармавы лубін, гарох, віку, фасолю. Гал. тэхнічныя культуры — лён, цукровыя буракі, рапс. Вырошчваюць агароднінныя культуры (капуста, морква, сталовыя буракі. агуркі, памідоры, цыбуля, часнок), пладовыя і ягадныя (яблыня, сліва, вішня, груша, чарэшня, парэчкі, агрэст, маліны, суніцы) пераважна ў прыгарадных спецыялізаваных гаспадарках, а таксама ў сялянскіх гаспадарках і садова-агародных таварыствах. У 2003 ва ўсіх катэгорыях гаспадарак сабрана 5,4 млн. т збожжа, 8,6 млн. т бульбы, 1,9 млн. т цукровых буракоў, 2 млн. т агародніны, 478 тыс. т пладоў і ягад; ураджайнасць збожжавых склала 24,2 ц з га. Гал. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне буйной рагатай жывёлы, а таксама свінагадоўля. Высокім узроўнем канцэнтрацыі характарызуецца птушкагадоўля. У 2003 на Беларусі было 4 млн. галоў буйной рагатай жывёлы (у т. л. 1,7 млн. кароў), 3,3 млн. свіней, 25,1 млн. галоў птушкі; у разліку на 100 га сельскагаспадарчых зямель атрымана 98,8 ц мяса (у жывой вазе) і 527 ц малака. Аснова ўстойлівага развіцця жывёлагадоўлі ў краіне — буйныя жывёлагадоўчыя комплексы і птушкафабрыкі. У спецыялізаваных зверагаспадарках і на зверафермах гадуюць норак, серабрыста-чорных лісоў, пясцоў, нутрый.

Густая сетка шляхоў зносін садзейнічае гасп. развіццю Беларусі. Вядучая роля ў трансп. сістэме належыць чыг. транспарту, на які прыпадае 80% грузаабароту і больш за палавіну пасажыраабароту краіны (без уліку транспарціроўкі нафты і газу па трубаправодах). Даўжыня чыгуначных ліній 5522 км, у т. л. 894 км электрыфікаваных. Найб. інтэнсіўны па перавозцы грузаў і пасажыраў участак транскантынентальнай еўразіяцкай магістралі граніца Расіі — Орша—Мінск—Брэст. Большасць грузаў і пасажыраў на кароткія і сярэднія адлегласці перавозіцца аўтамабільным транспартам. Працягласць аўтадарог агульнага карыстання 81,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 70,2 тыс. км (2003). Галоўная транзітная магістраль краіны — аўтадарога Брэст—Мінск—Масква — мае еўрап. статус. Па тэр. Беларусі праходзяць таксама аўтамагістралі: Санкт-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Адэса, Мінск—Вільнюс, Бранск—Гомель—Брэст. У некаторых месцах краіны значную ролю адыгрывае рачны транспарт. Агульная працягласць эксплуатуемых суднаходных водных шляхоў каля 2,5 тыс. км. Паветраны транспарт выкарыстоўваецца гал. чынам для міжнар. перавозак. З аэрапортаў Беларусі пракладзены авіялініі больш чым у 100 гарадоў СНД і краін далёкага замежжа. Трубаправодны транспарт служыць для транспарціроўкі нафты, нафтапрадуктаў і прыроднага газу.

Асвета, навука, культура. Сістэма адукацыі Беларусі ўключае (2003/2004) дашкольнае выхаванне (4,2 тыс. ўстаноў, у іх 367,5 тыс. дзяцей), агульную сярэднюю і базавую адукацыю (4408 школ, 1,37 млн. дзяцей), прафесійна-тэхнічную (242 установы, 125,4 тыс. вучняў), сярэднюю спецыяльную (191 дзярж. і 13 недзярж. устаноў; адпаведна 145,5 тыс. і 16,8 тыс. студэнтаў) і вышэйшую адукацыю (43 дзярж. і 16 недзярж. ВНУ; адпаведна 279,2 тыс. і 58,6 тыс. студэнтаў), падрыхтоўку навук. і навукова-пед. кадраў (6 тыс. аспірантаў), павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў. У апошнія дзесяцігоддзі пачалі дзейнічаць новыя віды навучальных устаноў — каледжы, гімназіі, ліцэі, вышэйшыя прафес. вучылішчы. На Беларусі рознымі формамі навучання ахоплены кожны чацвёрты жыхар, у сістэме адукацыі занята каля 300 тыс. спецыялістаў. Выкладчыцкую, навукова-даследчую і метадычную работу ў ВНУ дзярж. формы ўласнасці вядуць 23,2 тыс. выкладчыкаў, у т. л. 1144 маюць вучоную ступень доктара і больш за 7353 тыс. — кандыдата навук. У ліку дзярж. ВНУ Беларусі 28 універсітэтаў і 8 акадэмій. Вядучая ВНУ у нац. сістэме адукацыі — Беларускі дзярж. універсітэт.

У 2003 навук. даследаванні і распрацоўкі вяліся ў 168 н.-д., 38 канструктарскіх і 5 праектных арганізацыях, 34 ВНУ, 32 навукова-даследчых падраздзяленнях, на прамысловых прадпрыемствах, 8 доследных базах і інш. Агульная колькасць навукоўцаў складала 30 тыс., у т. л. 783 дактароў навук і 3,4 тыс. кандыдатаў навук. Вышэйшай дзярж. навук. арганізацыяй Беларусі з’яўляецца Нац. акадэмія навук, дзе функцыянуюць 73 н.-д. ўстановы, 2 навукова-вытворчыя канцэрны і інш. арганізацыі і прадпрыемствы. Значных поспехаў бел. вучоныя дасягнулі ў развіцці оптыкі, квантавай электронікі і спектраскапіі, тэарэтычнай фізікі, матэматыкі, цеплафізікі і энергетыкі, геалогіі, генетыкі і цыталогіі, біяарганічнай хіміі і грамадскіх навук.

Культурна-асветныя ўстановы Беларусі ўключаюць бібліятэкі, клубы, тэатры, музеі, кінатэатры. У 2003 у краіне было: 4,7 тыс. публічных бібліятэк (у іх фондзе 74,2 млн. выданняў); 4,2 тыс. клубных устаноў (пры іх дзейнічала каля 950 нар. самадзейных калектываў); 136 музеяў; 28 дзярж. і больш як 120 нар. тэатраў; 2,3 тыс. кінаўстановак, у т. л. 148 кінатэатраў. Працуе кінастудыя «Беларусьфільм».

Беларусь мае развітую выдавецкую сістэму. У 2003 працавалі 11 дзярж. выдавецтваў, 149 недзярж. выдавецкіх прадпрыемстваў з правам выдавецкай дзейнасці розных форм уласнасці; выдадзена 9148 кніг і брашур агульным тыражом 48,4 млн. экз., у т. л. 857 выданняў на бел. мове агульным тыражом 3,4 млн. экз. Зарэгістравана 1209 перыядычных выданняў (322 на бел. мове), у т. л. 711 газет, 498 часопісаў і інш. выданняў агульным тыражом 597 млн. экз. (144,1 млн. экз. на бел. мове).

На тэр. Беларусі больш за 17,5 тыс. гісторыка-культурных помнікаў (2002), у іх ліку помнікі гісторыі, архітэктуры і манументальнага мастацтва.

Ахова здароўя. У 2003 на Беларусі функцыянавала 729 бальніц, 1918 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 70 рэсп. спецыялізаваных мед. цэнтраў, у т. л. цэнтры дзіцячай анкалогіі і гематалогіі, трансплантацыі касцявога мозгу, кардыяхірургіі і інш. Працуюць 4 мед. ун-ты, 1 мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі, 17 мед. вучылішчаў і каледжаў, 9 НДІ і 5 Рэсп. навукова-практычных цэнтраў Мін-ва аховы здароўя. У 2003 колькасць урачоў на 10 тыс. жыхароў склала 45,7, сярэдняга мед. персаналу — 118,8.

Фізкультурна-масавай рабоце і спорту на Беларусі аддаецца значная ўвага. У 2003 дзейнічала 24,1 тыс. спарт. збудаванняў, у т. л. 228 стадыёнаў умяшчальнасцю ад 1,5 тыс. месц і больш, 4,8 тыс. спарт. залаў, 238 плавальных басейнаў, 12 спарт. збудаванняў са штучным ільдом, 1,4 тыс. крытых стралковых ціраў. Існуе шырокая сетка спецыялізаваных навучальна-спарт. устаноў: 276 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ (118 тыс. вучняў), 164 спецыялізаваныя дзіцяча-юнацкія школы алімпійскага рэзерву (51,1 тыс. вучняў), 11 вучылішчаў алімпійскага рэзерву (2,8 тыс. вучняў), 14 школ вышэйшага спарт. майстэрства. Спартсмены Беларусі паспяхова выступаюць на буйнейшых спаборніцтвах, імі заваяваны 71 залатая, 49 сярэбраных і 62 бронзавыя алімпійскія медалі.

У 2003 Беларусь падтрымлівала гандлёвыя адносіны больш як з 145 краінамі свету. Беларусь экспартуе трактары, грузавыя аўтамабілі, мінеральныя ўгнаенні, электронную тэхніку, хім. валокны і ніткі, тэкстыльныя, трыкатажныя і швейныя вырабы, будаўнічыя матэрыялы. Экспарт такіх тавараў, як трактары, грузавыя аўтамабілі, металаапрацоўчыя станкі, шыны, матацыклы, халадзільнікі і інш., дасягае 80—90% ад іх вытворчасці. Тавараабарот Беларусі з краінамі СНД складае 62,7% усіх экспартна-імпартных патокаў, у т. л. з Расіяй — 58%; агульны тавараабарот з Германіяй, Украінай, Польшчай — 12,7% (2003). Каля 70% неабходных прамысловасці паліва, сыравіны і матэрыялаў паступае з краін СНД і больш за 40% прамысловай прадукцыі рэалізуецца на іх рынках збыту.

Рэспубліка Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны з 157 (на пач. 2004) краінамі свету; за мяжой мае 52 дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў 46 дзяржавах, у т. л. 44 пасольствы, 6 генеральных консульстваў і 2 пастаянныя прадстаўніцтвы пры міжнар. арганізацыях; функцыянуюць 12 аддзяленняў пасольстваў Рэспублікі Беларусь.

Рэспубліка Беларусь, маючы ўсю разнастайнасць прыродных умоў і рэсурсаў, багатую нац. гісторыю і культуру, шматгаліновы гаспадарчы комплекс, у складаны перыяд трансфармацыі сацыяльна-паліт. і эканам. сістэмы ў 1991—2001 аднавіла асноўныя параметры сацыяльна-эканам. развіцця да ўзроўню пачатку 1990-х г. У рамках Нац. стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусь рэалізуе імкненне да стабільнасці ў знешняй і ўнутранай палітыцы, устанаўлення сяброўскіх адносін з усімі краінамі, развіцця інтэграцыйных працэсаў.

І.​І.​Пірожнік.

т. 18, кн. 2, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНДАЛЬ

Унутраны гандаль забяспечвае абарачэнне і рух тавараў са сферы вытворчасці ў сферу спажывання, вызначае эканам. ўзаемаадносіны паміж іх вытворцамі, прадаўцамі і спажыўцамі. Праз сферу гандлю ажыццяўляецца рыначнае ўзгадненне таварнай прапановы з пакупніцкім попытам, адбываецца паступленне бягучых грашовых сродкаў і розных відаў падаткаў у бюджэт, што садзейнічае стабілізацыі фін. становішча дзяржавы, дынамічнаму развіццю ўсіх сфер жыццядзейнасці грамадства. Гэта разгалінаваная сетка гандл. арганізацый і прадпрыемстваў грамадскага харчавання з высокакваліфікаванымі кадрамі, неабходным абсталяваннем і складской гаспадаркай дае 12% валавога ўнутр. прадукту Беларусі. У яе рознічным гандлі і грамадскім харчаванні працуе 420 тыс. чал., або 9,7% ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы. Прававое становішча, прынцыпы і парадак дзейнасці гандл. прадпрыемстваў вызначаюцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб гандлі» (1997). Кіраўніцтва дзярж. гандлем ажыццяўляе Мін-ва гандлю, у спажывецкай кааперацыі — Бел. рэсп. саюз спажывецкіх т-ваў («Белкаапсаюз»). Яны праводзяць у жыццё дзярж. палітыку ў галіне ўнутр. гандлю і грамадскага харчавання, рэгулююць адносіны, звязаныя з абаронай правоў спажыўцоў, ажыццяўляюць кантроль за выкананнем заканадаўства аб гандлі і рэкламнай дзейнасці. Гандл. прадпрыемствы і арганізацыі розных тыпаў дзейнічаюць у сістэме многіх іншых мін-ваў, Бел. чыгункі, Бел. дзярж. канцэрна па вытв-сці і рэалізацыі тавараў лёгкай прам-сці («Беллегпрам»), мясц. выканаўчых і распарадчых органаў і інш.

Развіццю знешняга і ўнутр. гандлю на тэр. Беларусі здаўна спрыяла выгаднае геагр. становішча. З часоў Кіеўскай Русі тут праходзіла значная частка шляху з «варагаў у грэкі», пазней існавалі гандл. сувязі з Ноўгарадам, Псковам, Масквой, укр. землямі, Зах. Еўропай. Вылучэнне ў 5—8 ст. з сельскіх промыслаў асобных відаў рамёстваў (металургічнага, ювелірнага, ганчарнага, ткацкага, гарбарнага і інш.) спрыяла ўзнікненню пастаяннага і ўстойлівага гандлю таварамі рамеснікаў у абмен на прадукцыю земляробства, жывёлагадоўлі, збіральніцтва, рыбалоўства і палявання. У 12—1-й пал. 13 ст. буйныя гарады сталі цэнтрамі ўнутр. і знешняга гандлю. Яны мелі рынкі, на якіх абменьвалі і прадавалі прадукты харчавання, рамесныя вырабы, замежныя тавары. У 9—13 ст. Беларусь мела гандл. зносіны з Візантыяй, Арабскім Усходам, Зах. Еўропай, усходнеслав. княствамі. У гэты перыяд з тэр. Беларусі экспартавалі пераважна мёд, воск, лён, зброю і інш. тавары, якія прадаваліся на рынках Еўропы, Візантыі, Усходу. У 13—1-й пал. 17 ст. ў ВКЛ, як і ў цэлым у Еўропе, адбывалася бурнае развіццё рамеснай вытворчасці, што суправаджалася расшырэннем гандл. адносін паміж горадам і вёскай, паміж рознымі рэгіёнамі, з інш. краінамі. Гар. купцы скуплялі ў навакольных вёсках прадукцыю земляробства, промыслаў і прадавалі яе на гар. рынках у час кірмашоў, наладжвалі пастаянны гандаль на латках і ў крамах. Ва ўсіх гарадах і мястэчках 1—2 разы на тыдзень наладжваліся таргі, а ў буйных гарадах яшчэ і 1—3 кірмашы на год, на якія, апрача мясцовых, прыязджалі і замежныя купцы. У 15—16 ст. купцы, як і рамеснікі, стваралі свае прафес. аб’яднанні — купецкія гільдыі, або брацтвы, па тыпу цэхаў. Купецкія аб’яднанні імкнуліся да манапольнага права гандлю ў сваім горадзе і на яго перыферыі, бралі на сябе абавязацельствы верна служыць свайму гораду і прыносілі яму прысягу, будавалі грамадскія будынкі і ўтрымлівалі храмы. Усталёўваліся рэгулярныя гандл. сувязі гарадоў не толькі з вёскамі і мястэчкамі, але і паміж сабой. Купцы бел. гарадоў гандлявалі з польскімі, чэшскімі, германскімі і інш. землямі, з балт. краінамі, Залатой Ардой і Расіяй, дасягалі Візантыі, Турцыі і краін Усходу. Актывізацыі гандлю ў 18 — пач. 19 ст. спрыялі адраджэнне сельскай гаспадаркі і рамесніцкай вытворчасці, развіццё мануфактур, расшырэнне таварна-грашовых адносін, паляпшэнне сродкаў зносін. У гарадах (Мінск, Шклоў, Зэльва, Гродна, Кобрын) праводзіліся буйныя міжрэгіянальныя кірмашы, адкрываліся магазіны па продажы мануфактурных вырабаў. У 19 ст. на Беларусі сфарміраваліся мясц. (губернскія) рынкі, цесна звязаныя паміж сабой і агульнарас. рынкам. Напр., на мінскім рынку, апрача продажу збожжа, малочных прадуктаў, мяса, рыбы, гандлявалі вырабамі шкляной прамысловасці, паперай, кардонам, с.-г. тэхнікай і інш. Буйнымі гандл. цэнтрамі былі Магілёў, Віцебск, Гомель, Гродна, Брэст, Пінск. У структуры рознічнага гандлю пераважалі дробныя крамы і ларкі, на долю якіх у 1900 прыпадала 88,5% усёй рознічнай сеткі. У 1913 у Мінскай, Магілёўскай і ў бел. паветах Віцебскай вобл. налічвалася 218 гандл. дамоў з капіталам 2,2 млн. руб. Развіваўся і біржавы гандаль. У 1909 у Мінску ўзнікла лясная біржа, а напярэдадні 1-й сусв. вайны ў Віцебску — таварная. У 1913 на Беларусі зарэгістраваны 1094 кірмашы па продажы лесу, свойскіх жывёл і лёну. За 1900—13 рознічны тавараабарот на Беларусі павялічыўся на 70,5%. і дасягнуў 163 млн. руб. Каля 80% рознічнага тавараабароту даваў прыватны гандаль.

У перыяд 1-й сусв. вайны на тэр. Беларусі настаў востры таварны голад на харч. прадукты і інш. тавары першай неабходнасці, рэзка скарацілася вытворчасць прадметаў спажывання, а гандл.-эканам. сувязі з унутр. губернямі Расіі мелі эпізадычны характар. Цяжкасці з харч. прадуктамі актывізавалі каап. рух. Толькі ў Магілёўскай губ. ў 1917 узнікла 446 спажывецкіх т-ваў. Ствараліся губернскія, павятовыя і валасныя харч. камітэты. З утварэннем БССР у студзені 1919 створаны Наркамхарч БССР, у распараджэнне якога перайшлі нацыяналізаваныя гандл. прадпрыемствы, склады, абсталяванне, тавары. Буйны аптовы гандаль быў сканцэнтраваны ў руках дзяржавы. У 1921—22 пачалі дзейнічаць дзярж. гандл. фірмы «Захадлес», Камерцыйны аддзел Савета нар. гаспадаркі БССР і гандл. органы яго ўпраўленняў, «Дзяржгандальбел», «Віцебскгандаль», «Белмедгандаль», «Цэнтрземсклад». У вёсцы арганізацыя рознічнага гандлю была ўскладзена на спажывецкую кааперацыю. Існаваў і прыватны гандаль, на долю якога ў 1923—24 прыпадала 11% аптовага і 71% рознічнага тавараабароту. У 1925/26 рознічны тавараабарот рэспублікі на 9% перасягнуў узровень 1913. Да 1930-х г. прыватны гандаль быў амаль выцеснены сацыяліст. сектарам. Калі ў 1923/24 удзельная вага дзярж. і каап. гандлю ў рознічным тавараабароце БССР складала 28,7%, то ў 1932—99,9%; удзельная вага прыватнага гандлю скарацілася адпаведна з 71,3 да 0,1%. У 1928 агульны тавараабарот гандлю ў параўнанні з 1913 павялічыўся ў 1,8 раза, а ў 1940 — у 3,2 раза. Для забеспячэння прамысловасці сыравінай, а насельніцтва харч. прадуктамі ўведзены абавязковыя пастаўкі с.-г. прадукцыі; таварная прадукцыя, якая заставалася ў калгасах пасля абавязковых паставак, прадавалася дзяржаве ці кааперацыі па цэнах, вышэйшых за нарыхтоўчыя, частка яе рэалізавалася на калгасных рынках. Узнікла новая форма сав. гандлю — калгасны гандаль. Вядучым стаў дзярж. гандаль, доля якога ў рознічным тавараабароце ў 1940 дасягнула 63%, каап. і калг. сектары давалі 37%. У гады Вял. Айч. вайны матэрыяльна-тэхн. база сав. гандлю на Беларусі была амаль знішчана. Агульныя страты, прычыненыя дзярж. гандлю, склалі 0,7 млрд. руб., кааперацыі — 1,9 млрд. руб. (у дзярж. цэнах 1941). Да канца 1940-х г. тавараабарот на душу насельніцтва на 8% перасягнуў узровень 1940. Гэтаму садзейнічалі адмена ў 1947 картачнай сістэмы на харч. і прамысл. тавары, зніжэнне цэн у 1949 і 1950 на многія тавары нар. спажывання, рост аплаты працы насельніцтва.

Развіццё эканомікі БССР у пасляваен. гады забяспечыла хуткі рост прамысл. і с.-г. вытворчасці, прырост нац. даходу, што стварыла матэрыяльныя перадумовы для развіцця гандлю. Больш хуткімі тэмпамі развіваўся дзярж. гандаль, на долю якога ў 1973 прыпадала амаль ​2/3 рознічнага тавараабароту. За 1950—75 удзельная вага магазінаў у тавараабароце дзярж. і каап. гандлю вырасла з 64,7 да 80,5%, пабудаваны сучасныя гандл. прадпрыемствы. Колькасць магазінаў і палатак павялічылася з 15 да 25 тыс. У спажывецкай кааперацыі на сельскую гандл. сетку прыпадала амаль ​2/3 усіх магазінаў (1975). З’явіліся новыя метады абслугоўвання, у т. л. самаабслугоўванне. У 1974 на самаабслугоўванні працавала 51,5% магазінаў Мін-ва гандлю БССР, на долю якіх прыпадала 64,7% рознічнага тавараабароту, у спажывецкай кааперацыі — адпаведна 77,4 і 83,9%. Прадпрыемствы гандлю і грамадскага харчавання забяспечваліся сучасным гандл., халадзільным і тэхнал. абсталяваннем, паляпшалася іх складская гаспадарка з 99 тыс. у 1965 да 150 тыс. у 1975 павялічылася колькасць работнікаў дзярж. гандлю, спажывецкай кааперацыі — адпаведна з 44 да 60 тыс. чал. У сістэме Мін-ва гандлю БССР утвораны канторы па аптовым гандлі прадметамі спажывання: «Белабутакгандаль», «Белтэкстыльгандаль», «Белгандальадзенне», «Белмясарыбагандаль», «Белбакалея», «Белгаспгандаль», «Белкультгандаль», «Белгалантарэя». Рознічная сетка дзярж. гандлю была прадстаўлена сістэмай мясц. органаў гандлю ў гарадах. Аб’яднанне «Белювеліргандаль» ажыццяўляла рознічны гандаль праз сетку універсальных і спецыялізаваных магазінаў, аддзелы і органы рабочага забеспячэння абслугоўвалі рабочых некаторых мін-ваў і інш. Адкрываліся аптовыя магазіны па продажы сродкаў вытворчасці, дзейнасць якіх каардынавалі Гал. ўпраўленне матэрыяльна-тэхн. забеспячэння БССР і «Белсельгастэхніка». У гандл. сетцы спажывецкай кааперацыі БССР працавала 16 тыс. магазінаў і палатак, якія давалі каля 40% ад тавараабароту дзярж. і каап. гандлю. Дзяржава ажыццяўляла функцыі эканам. рэгулявання калгаснага гандлю, доля якога складала каля 2% ад рэсп. тавараабароту.

У 1970—80-я г., калі ў СССР у цэлым знізіліся паказчыкі развіцця эканомікі ў параўнанні з папярэднім дзесяцігоддзем, на Беларусі тэмпы зніжэння былі некалькі меншыя, чым у інш. саюзных рэспубліках. Колькасць насельніцтва ў гэты перыяд дасягнула даваеннага ўзроўню, гар. насельніцтва зраўнялася з сельскім, а потым і перавысіла яго, выраслі нац. даход рэспублікі, вытворчасць тавараў нар. спажывання, рэальныя даходы насельніцтва, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі. Гэта абумовіла рост тавараабароту рознічнага гандлю, які павялічыўся з 5,2 млрд. руб. у 1970 да 9,9 млрд. руб. у 1980, тавараабарот на душу насельніцтва вырас у 1,8 раза. Калі ў 1970 у разліку на душу насельніцтва прададзена харч. тавараў на суму 314 руб., а нехарч. — на 265 руб., то ў 1980 рэалізавана прадуктаў харчавання на 524 руб., а нехарч. тавараў — на 553 руб. Аднак захоўваўся значны разрыў паміж аб’ёмам пакупак гар. і сельскага насельніцтва. Аб’ём тавараабароту каап. гандлю за гэты перыяд павялічыўся ў 1,6 раза, а яго доля ў агульным тавараабароце краіны знізілася з 33,8% да 33,7%. Рэалізацыя тавараў сельскім спажыўцам у разліку на душу насельніцтва ў 1980 склала 674 руб. пры сярэднім па краіне аб’ёме сярэднедушавога спажывання 1680 руб. Гэты разрыў быў абумоўлены больш нізкімі даходамі сельскага насельніцтва, дыспрапорцыямі ў размеркаванні таварных рэсурсаў паміж гандлюючымі сістэмамі, вузкасцю асартыменту тавараў, высокімі трансп. расходамі і інш. Колькасць магазінаў за дзесяцігоддзе павялічылася на 3752 адзінкі пры росце гандл. плошчы з 1221 м² у 1970 да 1863 тыс. м² у 1980. У 1,4 раза вырасла колькасць работнікаў рознічнага гандлю і склала ў 1980 (з улікам грамадскага харчавання) 264,2 тыс. чал. Узмацнялася спецыялізацыя гандл. сеткі, зніжаліся выдаткі абарачэння, павышалася рэнтабельнасць, аднак пры гэтым стала павялічвацца неадпаведнасць паміж пакупніцкім попытам і прапановай тавараў нар. спажывання, павялічыўся аб’ём незадаволенага попыту.

У 1980-я г., нягледзячы на значныя тэмпы росту аб’ёмаў вытворчасці прамысл. і с.-г. прадукцыі, шырокае развіццё кааператываў і індывід.-прац. дзейнасці тавараабарот у супастаўных цэнах вырас толькі на 50% і ў 1990 дасягнуў 18,7 млрд. руб. (гл. табл. 1). З 46,9% да 44,92% у тавараабароце знізілася доля харч. тавараў (цукру, кандытарскіх і хлебабулачных вырабаў, круп, кансерваў, рыбапрадуктаў і інш.); адпаведна павялічылася доля продажу нехарч. тавараў, найперш дарагіх, складанай быт. тэхнікі і буд. матэрыялаў. Значна павялічыліся памеры незадаволенага попыту. Колькасць прадпрыемстваў рознічнага гандлю і грамадскага харчавання ў 1990 дасягнула 42,9 тысячы. Гандл. плошча ў разліку на 1000 жыхароў склала 231 м². У сістэме рознічнага гандлю арганізацыі дзярж. сектара складалі 32,8%, прыватнага — 67,2, з іх спажывецкай кааперацыі — 67,2%. Высокімі тэмпамі развіваўся аптовы гандаль. У 1990 аптовыя прадпрыемствы дзярж. гандлю забяспечвалі каля 60% рознічнага тавараабароту. Адставанне тэмпаў аб’ёму тавараабароту ад прапановы тавараў было абумоўлена наяўнасцю і перавышэннем афіц. і «скрытага» вывазу тавараў над увозам (адмоўнае сальда склала 3,9 млрд. руб.), заключэннем бартэрных здзелак і вывазам тавараў за межы рэспублікі па абменных аперацыях, ростам цэн і зберажэнняў ва ўстановах ашчаднага банка, дэфіцытам тавараў, пераарыентацыяй буйнога опту з гандл. функцый на размеркавальныя. Для абароны ўнутранага рынку ў 1990 уведзены талоны на тавары першай неабходнасці. У гэты перыяд адбывалася зніжэнне долі спажывецкай кааперацыі ў агульным аб’ёме тавараабароту (да 33,1% у 1990).

У 1990-я г., ва ўмовах развіцця рыначных пачаткаў у эканоміцы, росту кошту жыцця і цэн на спажывецкія тавары, адбываліся істотныя змены ў галіне гандлю, пашыралася прыватызацыя і арэнда гандл. прадпрыемстваў, дэцэнтралізаваўся аптовы гандаль, ажыццяўлялася палітыка стварэння роўных умоў для існавання дзярж. і прыватных структур. У выніку рэфармавання кіравання гандлем гандл. арганізацыям прадастаўлена дадзена* самастойнасць у выбары форм уласнасці, павялічыўся аб’ём таварнай прапановы, абнавіўся асартымент айч. тавараў, палепшылася якасць абслугоўвання. У 2000 у гандл. сетцы прадпрыемстваў рознічнага гандлю працавала 25,9 тыс. магазінаў з агульнай гандл. плошчай 2,7 млн. м², у т. л. 5,3 тыс. магазінаў дзярж. і 20,5 тыс. — прыватнай формы ўласнасці, з іх 13,5 тыс. — спажывецкай кааперацыі (гл. табл. 2). Аб’ём продажу гандл. прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці вырас з 6,4 млрд. руб. у 1990 да 3119 млрд. руб. (з улікам дэнамінацыі) у 2000, або 74% ад агульнага тавараабароту (гл. табл. 1). Пераўтварэнне форм уласнасці ў гандлі ажыццяўлялася шляхам стварэння акц. т-ваў, продажу магазінаў на аукцыёнах і па конкурсе, выкупу арандаванай маёмасці прац. калектывамі. Створана канкурэнтнае асяроддзе ў выглядзе традыц. арганізаванай сеткі, неарганізаванай сеткі (рэчавыя і харч. рынкі), фірменных магазінаў і электроннага гандлю. Разам з тым з-за недасканаласці заканад. базы і адсутнасці належнага кантролю за якасцю абслугоўвання насельніцтва былі ліквідаваны некаторыя прагрэс. формы гандлю, адвольна мянялася спецыялізацыя гандл. прадпрыемстваў і іх інфраструктура. У агульным аб’ёме продажу значна павялічылася доля харч. тавараў (62% у 2000 супраць 45% у 1990) пры зніжэнні спажывання больш якасных і разнастайных прадуктаў. Урадавая падтрымка гандлю ажыццяўлялася шляхам выдзялення мэтавых крэдытаў прадпрыемствам дзярж. гандлю спажывецкай кааперацыі для закладкі на міжсезонны перыяд прадуктаў харчавання, стварэння адпаведных запасаў да школьнага сезона, павышэння стаўкі за карыстанне крэдытамі.

Перыяд з 2000 адзначаецца стабілізацыяй сітуацыі на спажывецкім рынку і тэндэнцыяй да ўстойлівага развіцця гандл. сферы. У 2003 у краіне працавала 26,7 тыс. магазінаў рознічнага гандлю з агульнай плошчай 2560 тыс. м². Дзярж. магазіны складалі 16,3% ад агульнай колькасці магазінаў. Дзейнічала 22,2 тыс. прыватных магазінаў з гандл. плошчай 2073 м², у т. л. 11,2 тыс. магазінаў спажывецкай кааперацыі плошчай 1040 м² (гл. табл. 2). Рознічны тавараабарот (у фактычна дзеючых цэнах) у 2003 складаў 15 170 млрд. руб., у т. л. прадпрыемстваў дзярж. формы ўласнасці 2791 і прыватнай — 12 103 млрд. руб., з іх 1541 млрд. руб. у спажывецкай кааперацыі (гл. табл. 3). Доля дзярж. формы ўласнасці ў тавараабароце склала 18,4%, прыватнай — 79,8% і замежнай — 1,8%. У 2003 гандл. сетка галіны ўключала 26,7 тыс. магазінаў (з іх 10,3 тыс. ў сельскай мясцовасці), 9 тыс. арганізацый грамадскага харчавання, 1949 агульнагандл. складоў, 296 рынкаў на 70 тыс. месц. Пры гэтым 84% магазінаў і 67% аб’ектаў грамадскага харчавання працавала на недзярж. форме ўласнасці. Прырост аб’ёму рознічнага тавараабароту ў параўнанні з 2000 склаў 9,9%. Па большасці таварных пазіцый быў збалансаваны аб’ём попыту насельніцтва з аб’ёмам таварнай прапановы; пры гэтым захоўвалася асартыментна якасная незбалансаванасць таварных рэсурсаў з характарам попыту насельніцтва. Аб’ём куплі тавараў у індывід. прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць гандаль на рэчавых, змешаных, харч. рынках і ў спецыяльна абсталяваных памяшканнях, павялічыўся за 2000—03 у 4,4 раза і склаў 35,5% ад агульнага аб’ёму тавараабароту. Удзельная вага прадуктаў харчавання ў агульным аб’ёме тавараабароту ў 2003 склала 62%, або 5,5 трлн. руб., што ў супастаўных цэнах на 8,1% больш, чым у 2002. Павялічыўся продаж спажывецкіх тавараў доўгатэрміновага карыстання, у т. л. тэлевізараў на 48,6%, пральных машын — на 22, электрапыласосаў — на 62, легкавых аўтамабіляў — на 31, матацыклаў — на 133, фотаапаратаў — на 68%. Удзельная вага тавараў айч. вытворчасці ў агульным аб’ёме продажу склала 75,5%, а па адзенні і абутку 84—90%. У 2002 у краіне дзейнічала 10 229 арганізацый аптовага гандлю, у якіх працавала 128,9 тыс. чал. Абарот аптовага гандлю склаў 10 051 млрд. руб., таварныя запасы на канец года склалі 787,4 млрд. руб., што адпавядала 29 дням гандлю гэтымі таварамі. Павялічыўся продаж асобных відаў прадукцыі (тавараў) арганізацыямі аптовага гандлю, у т. л. піламатэрыялаў на 44%, каўбасных вырабаў — на 59, алею — на 48,5, цукру — на 50, макаронных вырабаў — на 61, круп — на 52, рыбы і рыбапрадуктаў — на 25%. З мэтай актывізацыі дзейнасці гандл. арганізацый праводзяцца выстаўкі продажу тавараў, укараняюцца аўтаматызаваныя комплексы для ўліку руху тавараў і грашовых сродкаў, ажыццяўляюцца меры па ўмацаванні аптовага звяна, павышэнні забяспечанасці насельніцтва гандл. плошчамі, ліцэнзаванні рознічнага гандлю на рынках, укараненні сучасных гандл. тэхналогій, стварэнні гандлёва-культ. цэнтраў і комплексаў, сістэмы гандл. абслугоўвання сацыяльна неабароненых груп насельніцтва, абароны правоў спажыўцоў і інш.

Літ.:

Михневич Л.М. Торговля Белоруссии (1900—1970 гг.). Мн., 1973;

Проблемы развития товарных рынков в Республике Беларусь: Сб. науч. трудов. Мн., 1997;

Петрович М.В. Государственное регулирование потребительского рынка. Мн., 2001;

Шелег Н.С. Потребительский рынок Беларуси: этапы, проблемы, перспективы. Мн., 2001;

Качуровский Е.П., Астапченко Ю.Л. Беларусь: новая торговая политика. Мн., 2002;

Проходченко О.И. Белорусский потребительский рынок: спрос, предложение и цели. Мн., 2002;

Торговля в экономической системе: теория и практика. Мн., 2002.

Р.​П.​Валевіч.


Табліца 1
Асноўныя паказчыкі рознічнага гандлю
1990 1995 2000​1 2002 2003
Рознічны тавараабарот (у фактычна дзеючых цэнах), млрд. руб.
у т. л. па формах уласнасці​2
18,7 46 853 4197 11 910 15 170
 дзяржаўная 12,3 17 634 1044 2 433 2791
 прыватная 6,4 29 107 3119 9292 12 103
  з яе
  спажывецкая кааперацыя 6,2 7531 584 1314 1541
 купля ў індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць гандаль на рэчавых, змешаных, харчовых рынках і ў спецыяльна абсталяваных памяшканнях 0,2 8692 1178 4313 5764
 замежная — 112 34 185 276
Колькасць прадпрыемстваў рознічнага гандлю (на канец года) 29,1 30,0 30,8 29,6 31,1
Колькасць прадпрыемстваў грамадскага харчавання (на канец года) 13,8 9,3 8,7 8,8 8,7
Колькасць занятых у рознічным гандлі і грамадскім харчаванні, тыс. чал. 305,3 378,1 409,1 438,5 452,0

​1 Вартасныя паказчыкі за 2000 прыведзены з улікам дэнамінацыі (памяншэння ў 1000 разоў).

​2 Даныя па формах уласнасці прыведзены ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.


Табліца 2
Гандлёвая сетка прадпрыемстваў рознічнага гандлю (на канец года)
1990 1995 2000 2002 2003
Усяго магазінаў, тыс. 22,3 23,2 25,9 24,9 26,7
Іх гандлёвая плошча, тыс. м² 2367 2522 2695 2544 2560
у т. л. па формах уласнасці дзяржаўная ўласнасць, колькасць магазінаў, тыс. 6,7 5,6 5,3 4,8 4,4,
удзельная вага дзяржаўных магазінаў у агульнай іх колькасці, у % 30,0 24,2 20,5 19,3 16,3
прыватная ўласнасць, колькасць магазінаў, тыс. 15,6 17,6 20,5 20,0 22,2
у т. л. спажывецкая кааперацыя, колькасць магазінаў, тыс. 15,6 14,1 13,5 11,6 11,2
замежная, колькасць магазінаў, тыс. — 0,0 0,1 0,1 0,1
Усяго палатак, тыс. 6,8 6,8 4,9 4,7 4,4
з іх з дзяржаўным гандлем 2,7 2,2 2,4 2,5 2,5

Табліца 3
Размеркаванне рознічнага тавараабароту па формах уласнасці ў 2003
млрд. руб. У працэнтах да выніку
Рознічны тавараабарот, усяго 15 170 100
у т. л. па формах уласнасці дзяржаўная 2791 18,4
рэспубліканская 1612 10,6
камунальная 1179 7,8
прыватная 12 103 79,8
змешаная ўласнасць без замежнага ўдзелу 1164 7,7
змешаная ўласнасць з замежным удзелам 433 2,8
замежная 276 1,8
Мінск. Універмаг «Беларусь».
Гандлёвы цэнтр у Брэсце.

т. 18, кн. 2, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)