сукупнасць правіл і прыёмаў, што забяспечваюць пэўны тып арганізацыі ўлады, удзел грамадства ў фарміраванні дзярж. прадстаўнічых, судовых і выканаўчых органаў, выяўлення волі той часткі насельніцтва, якая паводле заканадаўства лічыцца дастатковай для прызнання выбараў легітымнымі. Існуюць агульнанац. прэзідэнцкія і парламенцкія выбары, выбары ў органы мясц. самакіравання, у заканадаўчыя сходы штатаў або аналагічных адм.-тэр. адзінак, а таксама выбары некаторых мясц. службовых асоб (суддзяў, мэраў і інш.). Станаўленню сучасных выбарчых сістэм папярэднічала працяглая барацьба грамадзян многіх краін свету за наданне ім выбарчага права на дэмакр. умовах і адмену саслоўных, маёмасных, адукацыйных, расава-нац. абмежаванняў — цэнзаў выбарчых. Існаванне цэнзаў — прыкмета недэмакратычнасці выбарчай сістэмы. Асобы, якія карыстаюцца выбарчымі правамі ў дадзенай краіне, складаюць яе электарат, колькасць якога скарачаецца пры ўвядзенні абмежаванняў і павялічваецца пры рэалізацыі прынцыпаў усеагульнага выбарчага права. Максімальны ўдзел электарату ў выбарах — паказчык паліт. актыўнасці выбаршчыкаў. Разнастайнасць выбарчых сістэм можа быць зведзена да наступных: мажарытарная сістэма (сістэма большасці), прапарцыянальная сістэма прадстаўніцтва, прадстаўніцтва меншасці. Выбарчая сістэма ў кожнай краіне ствараецца ў залежнасці ад таго, як разумеюцца інтарэсы сваёй партыі і грамадства і ці адпавядаюць яны паліт. канцэпцыям і традыцыям. Выбары могуць быць прамыя, калі грамадзяне непасрэдна выбіраюць дэпутатаў прадстаўнічага органа, або непрамыя, калі дэпутаты прадстаўнічага органа выбіраюцца ніжэйстаячымі выбарчымі органамі або выбарчымі калегіямі, у склад якіх уваходзяць выбраныя насельніцтвам выбаршчыкі або дэпутаты прадстаўнічых органаў.
У Рэспубліцы Беларусь выбарчае права грамадзян, прынцыпы і формы ўдзелу іх у выбарах, парадак вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, арганізацыя і правядзенне выбараў, вызначэнне вынікаў галасавання рэгулююцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі аб выбарах і інш. нарматыўнымі актамі.
Выбары з’яўляюцца ўсеагульнымі: права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. Узроставы цэнз дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады, вызначаецца адпаведнымі законамі, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй. Выбары з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць. Падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта і публічна. Выбары з’яўляюцца роўнымі: выбаршчыкі маюць роўную колькасць галасоў. Кандыдаты, якія выбіраюцца на дзярж. пасады, прымаюць удзел у выбарах на роўных падставах. Выбары дэпутатаў у прадстаўнічыя органы ўлады з’яўляюцца прамымі: грамадзяне выбіраюць іх непасрэдна. Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь выбіраюцца на пасяджэннях дэпутатаў мясц. Саветаў і назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Галасаванне на выбарах тайнае: кантроль за волевыяўленнем выбаршчыкаў у час галасавання забараняецца. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадскім аб’яднанням, працоўным калектывам і грамадзянам у адпаведнасці з законам. Выдаткі на падрыхтоўку і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца за кошт дзяржавы ў межах сродкаў, выдзеленых на гэтыя мэты. У выпадках, прадугледжаных законам, выдаткі на выбары могуць ажыццяўляцца за кошт сродкаў грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый, грамадзян. Правядзенне выбараў забяспечваюць выбарчыя камісіі. Парадак правядзення выбараў вызначаецца законамі. Выбары не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага або ваен. становішча. Падставай для ўдзелу ў выбарах з’яўляецца ўключэнне грамадзяніна ў спіс выбаршчыкаў па выбарчым участку. Кандыдаты ў дэпутаты з часу іх рэгістрацыі выбарчымі камісіямі маюць роўнае права выступаць на перадвыбарных і інш. сходах, нарадах, пасяджэннях, у друку, па тэлебачанні, радыё, сустракацца са сваімі выбаршчыкамі. Парушэнне гэтага права можа быць абскарджана ў адпаведную выбарчую камісію. Кандыдат выступае з праграмай сваёй будучай дзейнасці. Грамадзяне, паліт. партыі, грамадскія аб’яднанні, прац. калектывы, калектывы навуч. устаноў, давераныя асобы маюць права на свабоднае і ўсебаковае абмеркаванне выбарчых праграм кандыдатаў, права весці агітацыю за або супраць кандыдата на сходах, мітынгах, у друку, па тэлебачанні і радыё, а таксама ў час сустрэч з выбаршчыкамі. Агітацыя ў дзень выбараў не дапускаецца. Кандыдаты пасля іх рэгістрацыі на час правядзення сустрэч з выбаршчыкамі вызваляюцца ад выканання вытв. або службовых абавязкаў з захаваннем сярэдняй зарплаты; яны не могуць быць накіраваны без іх згоды ў працяглую камандзіроўку або прызваны на тэрміновую ваен. службу ці на ваен. зборы. Выбраным лічыцца кандыдат у дэпутаты, які атрымаў больш за палавіну галасоў выбаршчыкаў, што прынялі ўдзел у галасаванні, калі прызнана, што выбары адбыліся (выбары прызнаюцца неправедзенымі, калі ў іх прыняло ўдзел менш за палавіну ўнесеных у спісы выбаршчыкаў). Калі ў выбарчай акрузе ні адзін з кандыдатаў не быў выбраны ў 1-м туры выбараў, акр. выбарчая камісія прымае рашэнне аб правядзенні 2-га тура галасавання па двух кандыдатах, якія ў 1-м туры атрымалі найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў. У 2-м туры галасавання прызнаецца, што выбары адбыліся, калі ў іх прыняло ўдзел больш за палавіну выбаршчыкаў акругі, унесеных у спісы для галасавання. Выбраным лічыцца кандыдат, які атрымаў большую колькасць галасоў. У выпадку прызнання Саветам дэпутатаў паўнамоцтваў асобных дэпутатаў несапраўднымі, а таксама ў выпадку адклікання дэпутата для датэрміновага спынення дэпутацкіх паўнамоцтваў у адпаведных выбарчых акругах у трохмесячны тэрмін з моманту выбыцця дэпутата праводзяцца новыя выбары. У выпадку выбыцця дэпутата менш як за 6 месяцаў да заканчэння тэрміну яго паўнамоцтваў выбары замест дэпутата, які выбыў, не праводзяцца.
Адкліканне дэпутатаў ажыццяўляецца па падставах, прадугледжаных законам. Галасаванне аб адкліканні дэпутата праводзіцца ў парадку, прадугледжаным для выбрання дэпутата, па ініцыятыве не менш як дваццаці працэнтаў грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Падставы і парадак адклікання членаў Савета Рэспублікі ўстанаўліваюцца законам. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады па падставах і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1830—31у Польшчы, Беларусі і Літве, Лістападаўскае паўстанне,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Выклікана парушэннямі з боку царызму аўтаноміі Каралеўства Польскага і польскай канстытуцыі 1815, паступовай ліквідацыяй дзяржаўнасці і аўтаноміі Польшчы, намаганнем шляхты Беларусі і Літвы аднавіць дзяржаўнасць і свае паліт. правы кіравання ў незалежнай дзяржаве, што раней выявілася ў праектах аўтаноміі ВКЛ у складзе Рас. імперыі, у т. л. ў праекце аўтаноміі М.К.Агінскага. Падрыхтавана тайнымі арг-цыямі, у т. л.Патрыятычным таварыствам і Таварыствам падхарунжых. Пачалося ў Варшаве ў ноч на 29.11.1830. Паўстанцаў падтрымалі жыхары Варшавы і польскія вайск. часці. 30.11.1830 паўстанцы авалодалі Варшавай. Рас. войскі вымушаны былі адступіць з Варшавы, а да пач.снеж. 1830 — і з Польшчы; значная частка іх сканцэнтравалася на Беларусі. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у склад якога ўвайшоў і прадстаўнік дэмакр. сіл І.Лялевель, але з 5.12.1830 да 17.1.1831 улада была перададзена вайск. дыктатару ген. Ю.Хлапіцкаму. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты П. і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. На Беларусь, Літву і Украіну былі накіраваны эмісары, каб узняць там паўстанне. Па ініцыятыве Лялевеля ў Варшаве быў заснаваны клуб з прадстаўнікоў шляхты і інтэлігенцыі Беларусі, Літвы і Украіны («Клуб злучаных братоў»), які звярнуўся ў сейм з заявай пра далучэнне бел., літ. і ўкр. зямель да паўстання. Лялевель і інш. шляхецкія рэвалюцыянеры выступалі за надзяленне сялян зямлёй і паляпшэнне іх становішча. 13.12.1830 рас. ўрад абвясціў ваеннае становішча ў Зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне.
У студз.—лютым 1831 на Беларусі і Літве быў створаны падпольны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, у якім пераважалі кансерватыўныя элементы. К-т падтрымліваў сувязі з Варшавай і павятовымі к-тамі Беларусі і Літвы. Аднак у цэлым палітыка Віленскага к-та была нерашучай. У сак.—крас. 1831 паўстанне ахапіла Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Дзісенскі, Свянцянскі пав., у кожным з іх ствараліся ўрады (к-ты), якія праводзілі рэкруцкі набор у войска. Усяго ў гэтых паветах было каля 10 тыс. паўстанцаў. У крас.—маі 1831 каля Глыбокага адбыліся баі. Да канца мая 1831 у Віленскай і Мінскай губ. П. было задушана, але яно працягвалася ў Гродзенскай губ., што перашкаджала рас. войскам наступаць на Польшчу. У Польшчы дыктатура Хлапіцкага 18.1.1831 заменена кансерватыўным нац. урадам кн. А.Чартарыйскага. Рас. армія пад камандаваннем ген.-фельдмаршала І.Дзібіча-Забалканскага ўвайшла на тэр. Польшчы, але ў бітвах пад Сточакам, Ваўрам і 25.2.1831 пад Грохавам польскае войска спыніла наступленне рас. арміі. Контрнаступленне польск. войска вынікаў не дало. 26.5.1831 у бітве пад Астралэнкай яно панесла значныя страты. У маі 1831 з Варшавы на тэр. Гродзенскай губ. прыбыў атрад ген. Д.Хлапоўскага (820 чал.). У пач.чэрв. 1831 ён злучыўся ў Літве з мясц. атрадамі і 12-тыс. корпусам ген. А.Гелгуда (гл. ў арт.Гелгуды), які стаў галоўнакамандуючым у Літве і Беларусі. Пры яго штабе быў створаны часовы цэнтр. ўрад. 19.6.1831 корпус Гелгуда падышоў да Вільні, на Панарскіх узгорках адбыўся бой. 26-тысячнае рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі і ў сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю. Толькі ген. Г.Дэмбінскі з 4-тыс. корпусам адступіў у Польшчу. Пры набліжэнні корпуса Дэмбінскага ў Навагрудскім і Слонімскім пав. пачалося П. пад кіраўніцтвам шляхецкага павятовага маршалка Я.Кашыца, які ўзначаліў атрад у 400 чал. У чэрв.—ліп. 1831 паўстанцкія ачагі ўзніклі ў Пінскім, Мазырскім, Рэчыцкім, Навагрудскім пав., а таксама на тэр. Магілёўскай і Віцебскай губ. У жн. 1831 П. на Беларусі і Літве пацярпела паражэнне, хоць асобныя атрады Зах. Беларусі дзейнічалі і ў верасні. У канцы ліп. 1831 новы камандуючы рас. арміяй у Польшчы ген. І.Ф.Паскевіч сканцэнтраваў войскі на Пн Польшчы і пачаў наступленне ад Пултуска да Плоцка. Пад Торунем рас. войска пераправілася цераз Віслу. У Варшаве быў утвораны новы кансерватыўны ўрад на чале з ген. Я.Крукавецкім. Аднак і ён не здолеў арганізаваць абарону сталіцы. 6—7.9.1831 рас. войскі штурмавалі Варшаву і занялі яе зах. прадмесце — Волю. У ноч на 8 вер. была падпісана капітуляцыя Варшавы. Баі на тэр. Польшчы працягваліся ў вер. і кастр. 1831. Большасць польскіх вайск. атрадаў перайшла праз прускую і аўстр. граніцу і была інтэрніравана.
Пасля П. царскі ўрад скасаваў канстытуцыю 1815 і ўвёў Арганічны статут Каралеўства Польскага, які пазбаўляў Польшчу дзяржаўнасці і аўтаноміі. Указам ад 19.10.1831 на Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне пачаўся разбор шляхты і перавод значнай яе часткі ў аднадворцы. У 1832 створаны Асобы Камітэт па справах заходніх губерняў, скасавана дзеянне Статута ВКЛ 1588 (25.8.1840). Закрыты Віленскі ун-т (1832). Пачалося закрыццё каталіцкіх кляштараў і уніяцкіх манастыроў. Праведзена ліквідацыя уніяцкай царквы (гл.Полацкі царкоўны сабор 1839).
Літ.:
Смит Ф. История польского восстания и войны 1830—1831 гг.Т. 2. СПб., 1863;
Шпілеўскі І.Т., Бабровіч Л.А. Сінхраністычная табліца падзей паўстання на Беларусі, Літве і Польшчы ў 1830—1831 гг. // Наш край. 1929. № 10;
Sokołowski A. Dzieje powstania listopadowego. Wiedeń, 1907;
A.Z. Wojna na Litwie w roku 1831. Kraków, 1913;
Tokarz W. Wojna polsko-rosyjska 1830 і 1831. Warszawa, 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1830—31. Сутыкненне паўстанцаў з царскімі войскамі. Гравюра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІГАЗНА́ЎСТВА,
навука пра кнігу як з’яву культуры і яе бытаванне ў грамадстве. У вызначэнні К. існуе некалькі падыходаў: як комплексная грамадская навука пра кнігу і кніжную справу, якая вывучае працэсы стварэння, распаўсюджвання і выкарыстання твораў пісьменства і друку; як комплекс адносна самаст. дысцыплін (тэорыі і арганізацыі кнігавыдання, кнігагандлю, бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства і інш.); як асобная вузкаспецыяльная навука пра гісторыю кнігі і тэорыю яе грамадскіх дачыненняў. Сінонімамі К. ў розныя часы былі тэрміны «бібліялогія», «бібліягнозія», «бібліясофія». У кнігазнаўчых даследаваннях гіст. кірунку вылучаюць гісторыю пісьма, рукапіснай кнігі (кадыкалогія), друкаванай кнігі, гісторыю мастацтва кнігі і бібліяфільства. Сярод дапаможных гісторыка-кніжных дысцыплін — палеаграфія, археаграфія, крыніцазнаўства, філіграналогія (гл.Вадзяныя знакі), бібліяпегія (вывучэнне пераплётаў) і інш.
Пачынальнікам К. лічаць аўстр. бібліёграфа М.Дэніса, які адзін з першых ужыў тэрмін «К.». Яго погляды развілі аўстр. і франц. спецыялісты кніжнай справы 18 ст. У Расіі першымі тэарэтыкамі К. былі В.С.Сопікаў, В.Р.Анастасевіч, М.М.Лісоўскі, А.М.Лавягін, М.А.Рубакін, М.М.Куфаеў. У 1894—96 у Маскве выдаваўся штомесячны час. «Книговедение». Уздым К. пачаўся ў канцы 1950-х г. Праблемамі К. займаецца ЮНЕСКА (з 1982 выдае серыю «Даследаванні пра кнігу і чытанне»).
На Беларусі зараджэнне К. цесна звязана з развіццём пісьменства. Гуманістычную ролю кнігі абгрунтоўвалі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Аўрамій Смаленскі. Мэтам дэмакратызацыі і ўзвышэння кнігі, яе эстэтычнай прыгажосці, зразумеласці і даступнасці служыў Ф.Скарына. У прадмовах, пасляслоўях, каментарыях да сваіх выданняў Скарына і яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі, браты Мамонічы, друкары брацкіх друкарняў высока ўзнялі кніжную справу Беларусі, сцвердзілі значнасць бел. кніжнасці ў агульным рэчышчы еўрап. Адраджэння. Кнігазнаўчая праца праводзілася ў Віленскай акадэміі, калегіумах, буйных манастырскіх і прыватных бібліятэках. Многія з прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Алелькавічаў, Зяновічаў, Храптовічаў і інш. выдатна разумелі значэнне кнігі ў адукацыі і культуры. Добрае веданне юрыд. л-ры свайго часу Л.Сапега выкарыстоўваў пры ўкладанні і рэдагаванні Статута ВКЛ 1588. Кнігазнаўчы кірунак мелі вопісы бібліятэк. Вопіс б-кі Слуцкага Троіцкага манастыра 1494 — першы з вядомых на Беларусі. У аналагічным вопісе б-кі Супрасльскага манастыра 1557 улічана і часткова апісана афармленне 211 кніг, у т. л. каваных золатам, серабром і інш. У 19 ст. развіццё К. на Беларусі звязана з Віленскім ун-там і дзейнасцю ў ім І.Лялевеля, які ў працах «Дзве бібліяграфічныя кнігі» (т. 1—2, 1823—26) і «Гісторыя бібліятэк» (1827) асвятляў тэарэт. пытанні К. як комплекснай навукі пра кнігу. У 1829 А.М.Багаткевіч чытаў у Віленскім ун-це фактычна першы ў Рас. імперыі курс К. У 19 ст. вялася работа па апісанні бел. старадрукаў, стварэнні каталогаў прыватных і грамадскіх бібліятэк, кнігарняў (П.А.Гільтэбрант, Ф.М.Дабранскі, А.І.Мілавідаў, С.Л.Пташыцкі, Р.А.Зямкевіч і інш.). Асобныя аспекты К. і гісторыі стараж.бел. кніжнасці разглядаліся ў працах П.У.Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына. Яго пераклады, друкаваныя выданні, і мова» (1888) і Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У 1920-я г. на ніве бел. К. працавалі Ю.І.Бібіла, Дз.І.Даўгяла, М.В.Мялешка, У.І.Пічэта, М.М.Шчакаціхін, Б.І.Эпімах-Шыпіла. Многія працы выходзілі за межамі БССР, у т. л. «Матэрыялы да крыўскай гісторапісі: Доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і беларускіх Вялікага княства Літоўскага» А.Шлюбскага (Коўна, 1925), «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» В.Ю.Ластоўскага (Коўна, 1926) — першая вял. анталогія па гісторыі бел. кніжна-літаратурнага і дакументальнага пісьменства 10 — пач. 19 ст. У БССР у 1926 выйшла калектыўнае даследаванне «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925». У 1926—29 у Мінску працавала Беларускае таварыства бібліяфілаў, якое выдала першую ў БССР працу аб кніжных знаках (кніга Шлюбскага «Exlibris’ы А.Тычыны», 1928). У цяперашні час пытанні К. распрацоўваюць б-кі: Нацыянальная Беларусі, Цэнтр.-навук.АН Беларусі, Прэзідэнцкая, БДУ, Нац. кніжная палата Беларусі, Бел.ун-т культуры, кафедры гуманітарнага профілю ВНУ. Шмат зрабілі ў галіне К. вучоныя С.Х.Александровіч, М.Б.Батвіннік, Г.Я.Галенчанка, А.П. і В.П.Грыцкевічы, Л.І.Збралевіч, А.К.Каўка, Г.В.Кісялёў, У.М.Конан, Ю.А.Лабынцаў, А.В.Мальдзіс, Я.Л.Неміроўскі, М.В.Нікалаеў, С.А.Падокшын, Т.І.Рошчына, І.В.Саверчанка, В.У.Скалабан, В.А.Чамярыцкі, В.Ф.Шматаў, Я.Я.Янушкевіч і інш. Артыкулы па К. друкуюцца ў штогодніку «Пытанні бібліяграфазнаўства і бібліятэказнаўства» (выдаецца з 1980). Значны абагульняльны і канкрэтна-гіст. матэрыял па К. сістэматызаваны ў фундаментальных выданнях, тэматычных зборніках і манаграфіях, прысвечаных 500-годдзю Скарыны: «Біблія Скарыны» (факс. выд., т. 1—3, 1990—91), «Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.» (1988), «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. л-ры» Неміроўскага і Л.А.Осіпчыка (1990), «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» Галенчанкі (1993) і інш. Выдатны ўзор вынікаў працы бел. кнігазнаўцаў — выданне да 400-годдзя зацвярджэння Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 (1989). У наш час даследаванне важных праблем К. суправаджаецца выхадам адпаведных серый кнігазнаўчых выданняў. Вызначэнню зместу паняццяў «нацыянальны дакумент», «кніжная спадчына Беларусі» і інш.тэарэт. пытанням прысвечана серыя «Здабыткі: Дакументальныя помнікі Беларусі», рэстытуцыі кніжных каштоўнасцей — серыя «Вяртанне», міжнар. славяназнаўчай праграме «Гісторыя кніжнай культуры Падляшша» — аднайм. серыя, комплексным праблемам культуры і гісторыі — серыя «Беларусіка=Albaruthenica». Выходзяць серыі: «З гісторыяй на «Вы», «Скарыніч: Літ.-навук. гадавік», «Шляхам гадоў: Гіст.-літ.зб.». Пошукам кнігалюбаў і лёсу асобных рарытэтаў прысвечана выданне «Свіцязь: Альманах бібліяфілаў Беларусі» (1989). Пытанні гісторыі кніжнай справы на Беларусі асвятляюцца ў выданнях суседніх краін: «Друкары старажытнай Польшчы з XV да XVIII ст. Сш. 5. Вялікае княства Літоўскае» (1959), «400 гадоў рускага кнігадрукавання» (1964), «Украінская кніга» (1965), «Слоўнік дзеячаў польскай кнігі» (1972), «Кнігазнаўства: Энцыкл. слоўнік», «Гісторыя кнігі Літвы: Паказ. л-ры, 1659—1982» (абодва 1982). У бел. замежжы кнігазнаўчыя даследаванні вялі Бел.бібліягр. служба (Германія), Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, даследчыкі М.Панькоў, М.Вакар, Л.Акіншэвіч, В.Тумаш (С.Брага), А.Надсон, В. і З.Кіпелі, Я.Запруднік, А.Ружанец-Ружанцоў і інш.Найб. значныя працы — «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства» (т. 1, Мюнхен; Лондан, 1974—75; т. 2, Кліўленд, 1978) А.Калубовіча, «Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI—XX» (Нью-Йорк, 1989) Тумаша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКУЛА́ЧВАННЕ,
адзін са спосабаў ліквідацыі кулацтва ў СССР. Праводзілася парт.-сав. ўладамі ў 1920-я — пач. 1950-х г. Мела на мэце унітарнасць сац.-эканам. жыцця на вёсцы дзеля канцэнтрацыі ўлады ў руках кіруючага апарата; цесна звязана з правядзеннем у жыццё бальшавіцкіх уяўленняў пра сацыялізм. Змест, характар, сродкі і метады Р. залежалі ад сац.-эканам. і паліт. умоў часу. Адзіным у ім было выкарыстанне прамой ці гвалтоўнай экспрапрыяцыі ў адносна самастойнага селяніна сродкаў вытв-сці, вынікаўвытв. дзейнасці, грашовых накапленняў і абмежаванне яго ў палітычных правах, а таксама ў правах на месцы працы, формы або віды навучання. Поўная экспрапрыяцыя гаспадарак часта спалучалася з бязлітаснымі пакараннямі (расстрэлы, зняволенне ў канцлагерах, ссылка ў аддаленыя раёны і інш.) іх уладальнікаў за сапраўдныя або ўяўныя контррэв. дзеянні. Часткова Р. выкарыстоўвалася як сродак ажыццяўлення ўраўняльных ідэалаў сялянства. На Беларусі Р. набывала асабліва масавы характар у 1929—31 (усх. і цэнтр. раёны) і 1949—52 (Заходняя Беларусь). Фундамент Р. закладзены сав. заканадаўствам 1917—20, скіраваным на шырокамаштабнае прымусовае ўраўноўванне земляробаў. Важкі ўклад у рэалізацыю гэтай палітыкі, якая ва ўмовах грамадз. вайны набывала часам вельмі жорсткія формы, зрабілі камітэты беднаты і харчатрады. Падставай для Р. многіх гаспадарак і пакарання іх уладальнікаў станавілася іх адмова да выканання харчразвёрсткі. У перыяд новай эканамічнай палітыкі (з сак. 1921) гал. кірункам Р. стала эканам. абмежаванне і гасп.-прававы ўціск заможных сял. гаспадарак (у БССР іх колькасць да 1927 складала 4,1% ад агульнай колькасці сял. гаспадарак). У 1926 сума падаткаў і збораў на адну заможную гаспадарку ў БССР прыкладна ў 3,8 разу перавышала сярэдні паказчык у разліку на адну сял. гаспадарку. У 1925—27 перададзена беднаце больш за 200 тыс.га зямлі, адрэзанай ад кулацкіх двароў. Пасля XV з’езда ВКП(б) (снеж. 1927), які абвясціў курс на правядзенне калектывізацыі сельскай гаспадаркі, эканам. захады супраць кулацтва ўсё часцей спалучаліся з адм., з прамой канфіскацыяй прадуктаў уласнай працы і зямельных лішкаў, новымі абмежаваннямі на атрыманне крэдытаў, забеспячэнне складанымі машынамі і прыладамі. Пры выкананні напружаных хлебанарыхтоўчых заданняў падатак для найб. моцных сял. гаспадарак часта падымаўся ў 2—6 разоў, што разарала іх. У 1929 спынена выдзяленне сял. гаспадарак на хутары і водрубы, надзвычайныя меры пачалі перарастаць у ліквідацыю заможных, у т. л. серадняцкіх гаспадарак у выніку ўзмацнення індывід. абкладання с.-г. падаткам і ўвядзення т.зв. цвёрдых заданняў па тэрмінах іх выканання. У сувязі з масавай калектывізацыяй асн. метадам Р. стала гвалтоўная экспрапрыяцыя-ліквідацыя кулацкіх гаспадарак з прымяненнем рэпрэсій да гаспадароў і членаў іх сем’яў.
У адпаведнасці з дырэктывамі органаў кіравання СССР (студз.—лют. 1930) па асобна ўзятых раёнах БССР планавалася раскулачыць ад 3 да 5% сял. двароў, а ў цэлым па рэспубліцы 4,2% (34 тыс.), што значна перавышала рэальную колькасць сапр. кулацкіх гаспадарак. Мясц. ўлады ў раёнах суцэльнай калектывізацыі атрымалі права ўжываць супраць кулакоў ўсе захады аж да поўнай канфіскацыі іх маёмасці і высылкі разам з сем’ямі па-за межы раёна або акругі. Згодна з парт.-дзярж. дырэктывамі 1930 да 20% раскулачаных па рашэннях «троек» (1-ы сакратар райкома партыі, старшыня выканкома райсавета і нач. раённага аддзела Дзярж.паліт. ўпраўлення) без следства і суда адпраўляліся на Пн і УСССР у якасці вязняў канцлагераў і спецпасяленняў. Астатнія 80% рассяляліся на спец. землях па-за межамі калгасаў раёна. Канфіскаваная маёмасць і землі перадаваліся пераважна калгасам як уступны ўзнос беднаты. Выяўленне і высяленне кулакоў праводзілі органы дзярж. бяспекі, мясц. органы ўлады, якім дапамагалі групы беднаты, рабочыя брыгады, спец. накіраваныя рабочыя-«дваццаціпяцітысячнікі», работнікі палітаддзелаў МТС і саўгасаў. На Беларусі найб. шырокая кампанія па Р. адбывалася зімой 1929—30: да мая 1930 раскулачана 15,6 тыс. сямей (1,9% ад усёй іх колькасці на вёсцы), з якіх 6 тыс. сем’яў (0,74% усіх сял. гаспадарак) абвінавачаны ў контррэв. дзейнасці і высланы ў паўн.-ўсх. рэгіёны СССР. Гвалтоўныя метады калектывізацыі і Р. выклікалі масавыя выступленні сялян: падпалы, забойствы калгасных актывістаў і парт.-сав. работнікаў, разгромы памяшканняў органаў улады і інш, (у студз. — 1-й пал.крас. 1930—520 выпадкаў). Усяго да кастр. 1930 было раскулачана 20,5 тыс. гаспадарак (сярод іх 73 серадняцкіх). Прыкладна 10 тыс. гаспадарак «самараскулачыліся» (распрадалі ці кінулі маёмасць). У далейшым Р. праводзілася пераважна як мера пакарання сялян-аднаасобнікаў за невыкананне або адмову ад выканання высокіх індывід. падатковых заданняў. Колькасць індывід. абкладзеных гаспадарак павялічвалася за кошт зноў выяўленых або выключаных з калгасаў (паводле пастановы ЦВК і СНКСССР ад 13.11.1930) «кулацкіх» гаспадарак. Усяго ў БССР на 15.1.1931 у індывід. парадку было абкладзена 2974 гаспадаркі. Калі за 1930 было раскулачана больш за палавіну кулацкіх гаспадарак, то за 1931 у выніку жорсткіх захадаў па спагнанні падаткаў (адабранне маёмасці і інш.) і Р. былых кулакоў у новых раёнах калектывізацыі іх колькасць скарацілася яшчэ на 47%. У адказ на гэтыя захады толькі за 1-ю пал. 1931 адбылося не менш за 1169 сял. выступленняў, у т. л. 247 нападаў на актыў калгасаў. У наступныя гады, хаця кулацтва як сац. сілы ўжо не было, палітыка Р., барацьба з міфічнымі кулакамі не спынялася. Працягвалася частковае высяленне кулацкіх сем’яў на падставе асобных разнарадак зверху. З мая 1932 да мая 1933 у БССР экспрапрыіравана і саслана 35 тыс. сем’яў сялян. У выніку рэпрэсій адкрытае супраціўленне сялян самавольству і гвалту з боку ўлады паступова было зламана. Заключным актам барацьбы з кулацтвам стала кампанія па ліквідацыі хутароў у БССР у 2-й пал. 1930-х г. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) у 1939—41 асн. кірункам Р. была канфіскацыя «лішкаў» зямлі ў заможных сял. гаспадарак (плошчай больш за 50 га). Толькі вясной 1940 у прыкладна 28 тыс. гаспадарак было адрэзана 240 тыс.га зямлі. Аднак рашаючае наступленне на кулацтва ў зах. абласцях разгарнулася разам з масавай калектывізацыяй у канцы 1940 — пач. 50-х г. Яго формы і метады (запалохванне, адм. націск, ігнараванне волі і інтарэсаў сялян) асабліва не адрозніваліся ад практыкі 1930-х г. У 1951 дырэктыўныя органы СССР прынялі 2 пастановы аб высяленні кулакоў з зах.-бел. вёсак. У 1952 па-за межы Беларусі выслана больш за 4,4 тыс. кулацкіх сем’яў. Паводле некат. ацэнак талькі ў перыяд суцэльнай калектывізацыі раскулачана, г.зн. знішчана, 6—8% сял. гаспадарак СССР, з якіх толькі каля палавіны былі кулацкімі. На Беларусі за гэты час ліквідавана прыблізна 48—64 тыс. гаспадарак (297,8—397,8 тыс.чал.). У выніку Р. ў бел. вёсцы ў канцы 1920-х — 1941 і ў пасляваен. гады пацярпелі каля 8% сял. гаспадарак, была разгромлена сял. эліта і моцна падарваны прадукц. сілы вёскі.
Літ.:
Сорокин А.Н. Совхозы Белорусской ССР (1917—1941 гг.). Мн., 1979;
Яго ж. Эксперимент: Человек и Земля. Мн., 1994;
Трагедия советской деревни: Коллективизация и раскулачивание, 1927—1939: Док. и материалы: В 5 т. Т. 1—2, М., 1999—2000;
Зеленин И.Е. Осуществление политики «ликвидации кулачества как класса» (осень 1930—1932 гг.) // История СССР. 1990. № 6;
Конквест Р. Жатва скорби: Пер. с англ. // Вопр. истории. 1990. № 1, 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯЗНА́ЎСТВА,
усебаковае вывучэнне асобнага рэгіёна ці нас. пункта мясц. насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навук. устаноў. Даследуе прыроду, эканоміку, дэмаграфію, гісторыю, мову, культуру. Комплекснае К. разглядае ўсе звесткі ва ўзаемасувязі. Галіновае К. паглыблена вывучае асобныя яго кірункі: гістарычны, геаграфічны, этнаграфічны, літаратурны, тапанімічны, мемарыяльны, ахову помнікаў і інш. Адметнасць набывае К. рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Асн. метад К. — збор інфармацыі: архіўных і літ. крыніц, прадметаў матэр. культуры, вынікаў назіранняў за прыроднымі з’явамі, анкетаванне і г. д. Ролю навукова-метадычных цэнтраў у рэгіёнах выконваюць краязнаўчыя цэнтры пры аддзелах нар. адукацыі. У Беларусі дзейнасць усіх краязнаўчых арг-цый каардынуе Рада Беларускага краязнаўчага таварыства (БКТ). Разнастайнымі краязн. звесткамі пра Беларусь напоўнены першыя пісьмовыя крыніцы, асабліва бел.-літ. летапісы і хронікі. У сярэднявякоўі цікавасць да вывучэння краю набыла рысы навуковасці, развівалася пад уплывам ідэй Адраджэння. Каштоўнай краязн. крыніцай з’яўляецца «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618), выдадзены С.Рысінскім, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсея Русі» (1582) М.Стрыйкоўскага, паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Звесткі апісальнага характару ёсць у дзённіках (дыярыушах), мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. (З.Герберштэйн, А.Гваньіні, І.Г.Корб. Б.Танер, П.А.Талстой і інш.). Грунтоўны «Дзённік» пакінуў Мікалай Радзівіл Сіротка пасля падарожжа ў 1582—84 у Егіпет, Сірыю, Палесціну. Аналіз матэр. і духоўнай культуры народаў Зауралля і Сібіры зрабіў у 1660-я г. А.Каменскі. Значна вырасла цікавасць да К. ў канцы 18 ст.Вял. б-кі, архівы, карцінныя галерэі, нумізматычныя, мінералагічныя і інш. калекцыі існавалі ў рэзідэнцыях магнатаў: у Нясвіжы — Радзівілаў, у Шчорсах — Храптовічаў, у Слоніме — Агінскіх і інш. Багатыя зборы былі пры некат. манастырах і навуч. установах. Унікальныя зборы мелі Чапскія, Тызенгаўзы, Плятэры, Ельскія, Тышкевічы, Ходзькі і інш.Вял. група даследчыкаў займалася гіст. К. На багатым дакумент. матэрыяле падрыхтавана «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.Нарбута, праца М.В.Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча ў Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей, а іх публікацыі — фундаментам для далейшага развіцця розных кірункаў К. Асобныя рэгіёны Беларусі ў 19 ст. вывучалі З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Э.Ф.Плятэр, А.М.Семянтоўскі, К.А.Гаворскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, А.П.Сапуноў, П.М.Шпілеўскі, О.Кольберг, А.Кіркор, М.Ф.Кусцінскі і інш. Своеасаблівымі краязн. даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы паэтаў і пісьменнікаў (Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі і інш.). Фальклор і этнаграфію вывучалі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Міцкевіч. Вял. ўклад у К. зрабілі мастакі Ю.Пешка, М.Кулеша, Н.Орда. Прыкметны след у развіцці розных галін К. інш. народаў пакінулі Ю.Копаць» (Сібір, Камчатка), Ф.Цяцерскі (Забайкалле), Т.Зан (Зауралле), В.М.Кавалеўскі (Манголія, Казахстан, Сібір), І.А.Гашкевіч (Японія), І.І.Дамейка, К.Ельскі (Паўд. Амерыка). Прыкметную ролю ў станаўленні К. ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім універсітэце, Віленскае т-ва дабрачыннасці, Беларускае вольнае эканамічнае таварыства ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. разгарнулі дзейнасць Віленская археаграфічная камісія, Віленская археалагічная камісія, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба», дзе прыведзены адносна падрабязныя звесткі па геаграфіі, гіст., эканоміцы, дэмаграфіі, адукацыі, ахове здароўя Беларусі, і г. д. Матэрыялы па К. змяшчаліся ў губ. і епархіяльных ведамасцях, «Памятных кнігах губерняў», перыядычных ілюстраваных часопісах, што выдаваліся на польскай мове, і інш. На мяжы 19—20 ст. у многіх рэгіёнах павялічылася колькасць навук. т-ваў, камісій, к-таў, гурткоў; краязн. працу праводзілі т-вы, арганізаваныя пад патранатам царквы. У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт. У 1911 засн.Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, у 1912 — Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся зборнікі дакументаў і матэрыялаў «Віцебская даўніна», «Мінская даўніна», «Магілёўская даўніна» і інш. Матэрыялы па этнаграфіі, археалогіі друкаваліся ў «Записках Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ.«Наша ніва». У канцы 19 — пач. 20 ст. ў плеяду бел. краязнаўцаў уваходзілі: Я.Ф.Арлоўскі, А.Я.Багдановіч, М.В.Доўнар-Запольскі, А.К.Ельскі, У.З.Завітневіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Ф.В.Пакроўскі, Е.Р.Раманаў, Г.Х.Татур, А.М.Уласаў і інш.
У пач. 20 ст. заснаваны краязн. студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі, у т. л.Беларускі навукова-літаратурны гурток (1912) пры С.-Пецярбургскім ун-це. У 1920-я г. краязн. аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л.Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязн. арг-цый стаў Інстытут беларускай культуры, пры ім — Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК). У ліст. 1924 адбылася Першая Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя; у 1926 — Першы Усебеларускі краязнаўчы з’езд. З кастр. 1925 ЦБК выдавала штомесячны час.«Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясц. неперыядычныя зборнікі («Віцебшчына», «Полаччына» і інш.). Актыўную выдавецкую дзейнасць разгарнула Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Удзел у краязн. руху прымалі З.Бядуля, Д.М.Васілеўскі, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), М.І.Гарэцкі, В.Д.Дружчыц, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, А.А.Шлюбскі, М.М.Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках. Развівалася К. і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязн. т-ва, мясц. краязн. аб’яднанні (Палескае т-ва краязнаўства ў Пінску, Т-ва сяброў навук у Гродне і інш.), краязн. музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922, Пінскі, 1924, Баранавіцкі і Слонімскі, 1929) і інш. Звесткі па асобных рэгіёнах Зах. Беларусі прыведзены ў працах Ч.Пяткевіча (Палессе, Брэстчына), О.М.Гедэмана (Браслаўшчына), Ю.Ядкоўскага (Гродна) і інш. Актыўнымі краязнаўцамі былі Я.Н.Драздовіч, Л.І.Вітан-Дубейкаўскі, А.І.Луцкевіч, У.І.Самойла, П.Сергіевіч, Б.А.Тарашкевіч, Я.Булгак. Вывучэннем заходнебеларускага краю займаліся Беларускае навуковае таварыства, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі музей імя І.Луцкевіча, Беларускае навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У пач. 1930-х г. у БССР многія вучоныя і мясц. краязнаўцы рэпрэсіраваны, К. даследавала і паказвала выключна поспехі сацыяліст. будаўніцтва. У пасляваен. час найб. ўвага скіроўвалася на даследаванні гісторыі вайны, партыз. руху на Беларусі, пошукавую працу. Адкрыты шэраг краязн. музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей народнай творчасці і інш. У наш час К. займаюцца Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел.т-ва аховы прыроды, Беларускі фонд культуры, Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны і інш. У снеж. 1989 Усебел. канферэнцыя краязнаўцаў абвясціла пра аднаўленне работы БКТ.
Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязн. канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Існуюць краязн. аддзелы пры некаторых б-ках. З выкарыстаннем матэрыялаў па К. выдадзены «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (7 тамоў), выдаецца шматтомная серыя кніг «Памяць». Праблемы К. асвятляюцца ў перыяд. выданнях, бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 час.«Спадчына»), час. «Беларуская мінуўшчына», «Падарожнік» (у якім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у навук.-краязн. зборніках, часопісах і альманахах («Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш.). У шэрагу навуч. устаноў уключаны курсы К. (беларусазнаўства). У рознай ступені краязн. даследаваннямі займаюцца бел.навук.-культ. арг-цыі за мяжой: Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, Т-вабел. культуры ў Маскве і інш. Значны ўклад у развіццё К. ў пасляваен. перыяд зрабілі і робяць У.А.Калеснік, М.П Клімец (Брэст), Ю.А.Якімовіч, А.М.Белакоз (в. Гудзевічы Мастоўскага р-на), М.Ф.Мельнікаў (г. Крычаў), Г.А.Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А.Ткачоў, Г.В.Кісялёў, Л.Р.Казлоў, А.П.Грыцкевіч, А.І.Мальдзіс, У.Ф.Ісаенка, В.Л.Насевіч, Э.М.Загарульскі, Л.У.Дучыц, В.У.Скалабан, М.М.Улашчык, А.К.Каўка, Ю.А.Лабынцаў, В.П.Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў (С.-Пецярбург), Д.Фёнік (Беласток), А.Цеханавецкі (Лондан), Я.Запруднік, В. і З. Кіпелі (Нью-Йорк) і інш.
Літ.:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;
Амелькович Л.Г. Деятельность Центрального Бюро краеведения Белоруссии (1923—1933 гг.) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Мн., 1975;
Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;
Историческое краеведение Белоруссии. Мн., 1980;
Каспяровіч М.І. Краязнаўства. Мн., 1929;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Краязнаўства: Зб. праграм і інструкцый краязнаўчай працы. Мн, 1929;
Матюшин Г.Н. Историческое краеведение. М., 1987;
Polkowski B. Krajoznawca. Warszawa, 1931.
Л.В.Трэпет.
Да арт.Краязнаўства. Вокладка «Віцебскай даўніны». Т. 4. Віцебск, 1835.Да арт.Краязнаўства. Праўленне Краязнаўчага таварыства БДУ на чале з рэктарам У.І.Пічэтам. 1929.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Лепельскага краязнаўчага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОТ-Д’ІВУА́Р (Côte d’Ivoire),
Рэспубліка Кот-д’Івуар (République de Côte d’Ivoire), дзяржава на ПдЗах. Афрыкі, на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Мяжуе на З з Ліберыяй і Гвінеяй, на Пн з Малі і Буркіна-Фасо, на У з Ганай. Пл. 322,5 тыс.км². Нас. 14,3 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Афіцыйная сталіца — г.Ямусукра, рэзідэнцыя прэзідэнта і ўрада — г.Абіджан. Краіна падзяляецца на 50 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 жн.).
Дзяржаўны лад. К.-д’І. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. і прадстаўнічы орган — аднапалатная Нац. асамблея (175 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Прэзідэнт назначае прэм’ер-міністра і Савет Міністраў, які выконвае функцыі ўрада дзяржавы. Суд. сістэму ўзначальвае Вярх. суд.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. Асобныя невысокія горныя масівы і плато на Пн і З; на стыку граніц Ліберыі, Гвінеі і К.-д’І. — г. Німба (1752 м). Узбярэжжа нізіннае. Ёсць невял. паклады жал., марганцавай, нікелевай, тытанавай, алавянай руд, золата, алмазаў, баксітаў. На шэльфе — радовішчы нафты. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн субэкватарыяльны. Т-ра паветра ў ліп. 28—34 °C, у студз. каля 24 °C. На Пд ападкаў за год 1300—2400 мм, на Пн — каля 1000 мм; ёсць сухі перыяд (ліст.—люты). Найб. рэкі Кавалі, Сасандра, Бандама, Комаэ. На Пд вечназялёныя экватарыяльныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах. На Пн лесасаванна з галерэйнымі лясамі, высакатраўная саванна на чырвоных фералітавых глебах. Пад лесам 10,9 млн.га. Жывёльны свет: слон, малпы, бегемоты, леапарды, гіены, шакалы, антылопы, кракадзілы; з насякомых — муха цэцэ (на Пд). Нац. паркі — Комаэ, Марахуэ, Таі, запаведнік Німба; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. На Пд і ў цэнтры краіны жывуць народы гвінейскай групы (анья, баўле, кру, т.зв. лагунныя плямёны, 55% насельніцтва), на ПнЗ народы групы мандынга (малінке, бамбара, дан, квені, 21%), на Пн і ПнУ народы групы гур (сенуфа, лобі, куланга, 23%). На Пн ёсць народы фульбе і хаўса. У краіне працуе каля 2 млн. эмігрантаў з Буркіна-Фасо, Малі і Ганы. У вял. гарадах невял. групы ліванцаў і французаў. 63% вернікаў прытрымліваюцца мясц. традыцыйных вераванняў, мусульман 23% (пераважна на Пн), хрысціян — 14% (пераважна ў гарадах на Пд). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 44 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 100 чал. на 1 км²) заселены асобныя раёны на ўзбярэжжы і ў цэнтры. У гарадах жыве 46% насельніцтва (1996). Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Абіджан — 2800, Бваке — 330, Ямусукра — 120. У сельскай і лясной гаспадарках занята каля 40% працаздольных, у прам-сці — каля 30%.
Гісторыя. Стараж. гісторыя краіны вывучана слаба. У сярэднія вякі яе паўн.ч. па чарзе ўваходзіла ў сферу ўплыву дзяржаў Зах. Судана — Ганы, Малі, Сангаі, а г. Конг (засн., верагодна, у 11 ст.) да 19 ст. заставаўся важным гандл, цэнтрам. У канцы 15 ст. на гэтай тэрыторыі з’явіліся партугальцы і інш. еўрапейцы, якія вывозілі з краіны рабоў, слановую косць і інш. Экспансія французаў, што пачалася з заснавання ў пач. 18 ст. форта ў Асіні і факторыі ў Гран-Басаме, прывяла да завалодання значнымі яе тэрыторыямі ў 1842—84 шляхам захопаў і заключэння дагавораў. З 1893 К.-д’І. — франц. калонія (з 1904 у складзе Франц.Зах. Афрыкі). Моцнае супраціўленне мясц. насельніцтва, асабліва паўн.ч. краіны, што ўваходзіла ў склад дзяржавы Самары Турэ, было зломлена толькі ў 1915. Калан. эканоміка К.-д’І. базіравалася пераважна на эксплуатацыі прыродных багаццяў (золата, алмазы) і стварэнні плантацыйнай гаспадаркі (кава, какава).
Пасля 2-й сусв. вайны пачаўся ўздым нац.-вызв. руху, які ўзначаліла Дэмакр. партыя К.-д’І. (засн. ў 1946). У 1946 К.-д’І. атрымаў статус заморскай тэрыторыі, а паводле вынікаў рэферэндуму 1958 стаў аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці. 7.8.1960 абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1986 назва краіны К.-д’І. перакладалася як Бераг Слановай Косці). Першым прэзідэнтам і кіраўніком урада стаў заснавальнік і кіраўнік Дэмакр. партыі Ф.Уфуэ-Буаньі, які выбраў для К.-д’І. капіталіст. шлях развіцця. К.-д’І. — адна з найб. стабільных і багатых краін Афрыкі, але з 1980-х г. перажывае крызіс, выкліканы паступовым зніжэннем экспартных цэн на сыравіну і працяглай засухай. У дзяржаве, дзе з 1960 аўтарытарна правіў прэзідэнт Уфуэ-Буаньі (перавыбіраўся ў 1965, 1970, 1975, 1980, 1985), да 1990 адзінай легальнай партыяй была Дэмакр. партыя К.-д’І., падпарадкаваная прэзідэнту. У 1990 пад націскам апазіцыі прыняты папраўкі да канстытуцыі, якія легалізавалі шматпарт. сістэму. Пасля смерці Уфуэ-Буаньі (1993) пасаду прэзідэнта і кіраўніка Дэмакр. партыі заняў А.Канан-Бедзье, які перамог і на выбарах 1995. К.-д’І. — чл.ААН (з 1960). Дзейнічаюць Дэмакр. партыя К.-д’І., Івуарскі нар. фронт, Аб’яднанне рэспубліканцаў, Усеагульны саюз працоўных К.-д’І. і інш. грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. К.-д’І. — агр. краіна. Штогадовы Даход на 1 чал. каля 800 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае каля 36% валавога нац. прадукту, прам-сць — каля 26%. Найб. развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Ворных зямель 2,4 млн.га, шматгадовых насаджэнняў 1,3 млн.га, пад натуральнымі пашамі каля 13 млн.га. Захоўваецца абшчыннае землекарыстанне. На значных плошчах выкарыстоўваецца традыцыйная агратэхніка і лядна-агнявая сістэма земляробства. Гал. экспартныя культуры: какава (штогадовы збор 500—800 тыс.т, 1-е месца ў свеце), кава (каля 150—200 тыс.т, 5—8-е месца ў свеце), алейная пальма (штогадовы экспарт пальмавага алею больш за 300 тыс.т), бананы (больш за 200 тыс.т), ананасы, гевея, какосавая пальма, цытрусавыя. С.-г. культуры экспартнага значэння вырошчваюць на Пд краіны (какава і кава займаюць больш за 90% плошчаў пад экспартнымі культурамі). На ўласныя патрэбы вырошчваюць рыс (больш за 1 млн.т штогод), ямс і маніёк (збор разам каля 4 млн.т), тара, мучністыя бананы, кукурузу, сорга, некаторыя тэхн. культуры, у т. л.цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, арахіс. Рыс вырошчваюць пераважна на З, ямс і кукурузу — у цэнтры і на Пн, маніёк — усюды, акрамя Пн. Жывёлагадоўля развіта на натуральных пашах у зоне саваннаў. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1,3, авечак і коз — 2,4, свіней — 0,3. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (70,2 тыс.т, 1993). Развіты лясныя промыслы, у т. л. збор пладоў дзікарослай алейнай пальмы, арэхаў кола і інш.; паляванне ў лясах і саваннах. К.-д’І. — буйнейшы вытворца піламатэрыялаў з дрэў каштоўных трапічных парод. Аб’ём лесанарыхтовак каля 4 млн. за год. У прамысловасцінайб. развіты перапрацоўчыя галіны (каля 700 прадпрыемстваў, большасць у Абіджане). У 1990-я г. павялічылася здабыча нафты (да 2 млн.т штогод) з радовішчаў на марскім шэльфе. Невял. здабыча алмазаў (каля г. Сегела), марганцавай руды (каля г. Гран-Лаху), золата. Электраэнергію выпрацоўваюць пераважна ГЭС на рэках Бія, Бандама, Сасандра і інш.ЦЭС у Абіджане. У 1996 атрымана 1,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Разнастайная харч. і харчасмакавая прам-сць, у т. л. мукамольная і хлебабулачная, перапрацоўка кавы, какавы, тытуню, арахісу, цукр. трыснягу, фруктова- і рыбакансервавая, алейная, піваварная, рысаачышчальная; вытв-сць растваральнай кавы, шакаладу, шакаладнага алею. Працуюць 3 тэкст. камбінаты (у Бваке, Дымбокра, Агбавілі), тэкст. ф-кі (Абіджан). Гал. цэнтры дрэваапрацоўкі і вытв-сці піламатэрыялаў: Гран-Басам, Уме, Вавуа, Ганьёа, Сан-Педра. Развіты швейная і гарбарна-абутковая прам-сць. Новыя галіны прам-сці: нафтаперапрацоўка (Абіджан), хім., гумавая і пластмасавая (Абіджан, Агбавіль), аўтазборачная, электратэхн., чорная металургія (Абіджан), суднабудаванне і суднарамонт. Разнастайную прадукцыю выпускае прам-сцьбуд. матэрыялаў, у т. л. 2 цэм. з-ды. Транспартаўтамаб., чыг., марскі. Аўтадарог 55 тыс.км, у т. л. асфальтаваных 5,5 тыс.км. У краіне 250 тыс. аўтамашын. Чыгунак 1314 км, у т. л. чыгунка Абіджан—Уагадугу (Буркіна-Фасо) — 665 км на тэр. К.-д’І. Праз К.-д’І. праходзіць амаль увесь гандаль Буркіна-Фасо. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам на суднах замежных краін. Гал. марскія парты Абіджан (амаль увесь імпарт, экспарт кавы і какавы) і Сан-Педра (экспарт драўніны, піламатэрыялаў, бананаў). У Абіджане і Ямусукры — міжнар. аэрапорты. К.-д’І. — адна з нямногіх афр. краін, якая мае актыўны гандл. баланс. У 1994 экспарт склаў 2,7 млрд.дол. ЗША, імпарт — 1,6 млрд.дол. К.-д’І. экспартуе какаву, каву, драўніну і піламатэрыялы (разам 75% кошту), пальмавы алей, бананы, ананасы, алмазы, марганец і інш. У імпарце пераважаюць тавары шырокага ўжытку, машыны і абсталяванне, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (16% экспарту, 28% імпарту), Нігерыя (27% імпарту), Германія (10% экспарту), Нідэрланды, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — афр. франк.
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Кот-д’Івуара.Да арт.Кот-д’Івуар. ГЭС Косу на р. Бандама.Да арт.Кот-д’Івуар. Краявід у саванне на поўначы краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫЯГРА́ФІЯ (ад гісторыя + ...графія),
1) у шырокім сэнсе — гістарычная навука, гісторыя (такое азначэнне сёння ўжываецца рэдка).
2) Гісторыя гіст. навукі — яе паходжанне і развіццё, барацьба розных школ і кірункаў.
3) Сукупнасць гіст. даследаванняў, аб’яднаных агульнымі рысамі: нацыянальнымі, тэарэтычнымі, тэматычнымі, храналагічнымі (гістарыяграфія ВКЛ, канфесіянальных дачыненняў, запрыгоньвання сялянства і інш.). Гістарыяграфія як навук. дысцыпліна вывучае заканамернасці працэсу назапашвання гіст. ведаў, навук. даследавання жыцця грамадства. Яе асн. аспекты: вывучэнне арганізацыі гіст. навукі (даследуе пытанні падрыхтоўкі кадраў, сістэмы навук. устаноў, функцыянавання архіваў, выдавецкай дзейнасці і інш.); даследчыцкая праблематыка (паказвае развіццё навук. пазнання гіст. мінулага); тэарэт. база даследаванняў; выяўленне ўплыву паліт. сітуацыі на канцэптуальную пазіцыю навукоўца. Вывучэнне гісторыі гіст. навукі адлюстроўвае аб’ектыўныя патрэбы навукі ў пазнанні самой сябе. Такое вывучэнне дае інфармацыю пра шлях, які прайшла гіст. навука, дазваляе ўдакладніць кірункі яе далейшага развіцця.
Першыя звесткі пра падзеі на тэр. Беларусі ў 9—12 ст. змешчаны ў летапісным зводзе «Аповесць мінулых гадоў» (складзены ў пач. 12 ст.) і інш.усх.-слав. летапісах. У 15—17 ст. склалася бел. летапісанне (гл.Летапісы беларуска-літоўскія). Першым гісторыкам ВКЛ лічыцца польскі храніст 16 ст. М.Стрыйкоўскі, які ў сваёй «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» (апубл. ў 1582) выкарыстаў разнастайныя дакумент. крыніцы. Першая спроба пабудовы сістэматызаванага курса па гісторыі ВКЛ — «Гісторыя Літвы» (1650—69) А.Віюк-Каяловіча. У 17—18 ст. пытанні гісторыі ВКЛ узнімалі ў сваіх працах Я.Пашкоўскі, С.Растоўскі, Ф.Папроцкі, С.І.Богуш-Сестранцэвіч і інш. Пачынальнік бел. археаграфіі І.І.Грыгаровіч выдаў «Беларускі архіў старажытных грамат» (ч. 1, 1824).
У 19 — пач. 20 ст.дзярж.-прававыя, паліт., эканам., сац. і інш. пытанні гісторыі ВКЛ даследавалі рас., польскія і ўкр. гісторыкі. Рас.афіц. навука (М.Г.Устралаў, І.Дз.Бяляеў, П.Дз.Бранцаў і інш.) зыходзіла з вялікадзярж. поглядаў на Беларусь як на спадчыннае ўладанне рас. манархаў, а на беларусаў — як на частку велікарус. народа. Польскія вучоныя (Т.Чацкі, С.Ліндэ, Л.Галамбёўскі, А.Дамброўскі, А.Нарушэвіч і інш.) абгрунтоўвалі погляды польскай і паланізаванай бел. шляхты на Беларусь як на частку Польшчы, а беларусаў разглядалі як этнагр. групу польск. народа. Супраць такіх поглядаў у 1810—20-я г. выступала група прафесараў Віленскага ун-та (М.К.Баброўскі, І.М.Даніловіч, Т.Нарбут, І.Б.Ярашэвіч), якія асвятлялі гісторыю ВКЛ з патрыятычных, літ.-бел. пазіцый, выказваліся за аднаўленне самастойнасці ВКЛ і вяртанне дзярж. статуса старабел. пісьмовай мове. Станаўленне нац. гістарыяграфічнай канцэпцыі звязана з развіццём навук. ведаў пра Беларусь і бел. народ — беларусазнаўствам. Да высноў пра самастойнасць бел. этнасу наблізіўся М.В.Без-Карніловіч. У канцы 1870 — 1-й пал. 1880-х г. істотную ролю ў распрацоўцы нац. канцэпцыі айч. гісторыі адыгралі народнікі (час. «Гомон» і інш.). Завяршальны этап барацьбы за грамадскае прызнанне бел. нацыі і яе права на самавызначэнне звязаны з утварэннем і дзейнасцю ў пач. 20 ст.Беларускай сацыялістычнай грамады, газ.«Наша ніва». Важнай вяхой у станаўленні нац.гіст. навукі стала «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910) В.Ю.Ластоўскага. У сувязі з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі (25.3.1918) былі выдадзены першыя спец. працы па гісторыі бел. дзяржаўнасці М.В.Доўнар-Запольскага і А.І.Цвікевіча.
Пасля ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР, 1.1.1919) у гістарыяграфіі сав. часу вылучаюцца 4 перыяды. 1919—20-я г. былі пераходнымі ад абмежаванага канцэптуальнага плюралізму да ўсталявання парт.-бальшавіцкіх ацэнак. На першы план выйшла гіст.-рэв. тэматыка, барацьба за ўстанаўленне сав. улады (Д.М.Васілеўскі, І.А.Віткоўскі, З.Х.Жылуновіч, М.І.Каспяровіч, І.Ф.Лочмель, М.В.Мялешка, А.А.Шлюбскі). Значным укладам у развіццё нац. канцэпцыі гістарыяграфіі Беларусі сталі працы У.М.Ігнатоўскага, У.І.Пічэты, Доўнар-Запольскага («Гісторыя Беларусі» апошняга была забаронена да друку і выдадзена толькі ў 1994). У 1930-я — сярэдзіне 1950-х г. у сав. гістарыяграфіі ўстаноўлена поўная манаполія марксісцка-ленінска-сталінскай метадалогіі, спалучанай з мадэрнізаванымі пастулатамі рас. гісторыкаў вялікадзяржаўнікаў 19 — пач. 20 ст. Прыкметным дасягненнем гэтага перыяду былі працы па пытаннях сац.-эканам. развіцця Беларусі, гісторыі рэв. руху (С.Х.Агурскі, А.В.Бурдзейка, Дз.І.Даўгяла, Дз.А.Дудкоў, Т.І.Забела, К.І.Кернажыцкі, М.Майзель, М.А.Поташ) і інш. У 1930—50-я г. ў сістэме сярэдняй адукацыі БССР гісторыя Беларусі як асобны прадмет не вывучалася. У аснову выдадзенай у 1955—58 калектывам аўтараў пад кантролем ЦККПБ 2-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» былі пакладзены ацэнкі «Гісторыі ВКП(б). Кароткі курс». У 2-й пал. 1950-х — 80-я г. ва ўмовах адноснай паліт. «адлігі» ў метадалогіі гіст. навукі адбыліся, па сутнасці, толькі касметычныя змены: выкінуты цытаты са сталінскіх прац і яго імя, але захаваны ранейшыя падыходы і ацэнкі, асабліва ў асвятленні гісторыі паліт. барацьбы ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і гісторыі сав. перыяду; павялічылася выкарыстанне прац К.Маркса і У.І.Леніна, аднак замоўчваліся многія іх прынцыповыя палажэнні і высновы, якія не ўкладваліся ў афіц. канцэпцыю гістарыяграфіі. Істотна пашыралася крыніцазнаўчая і дакумент. асновы гіст. навукі, што дазволіла падрыхтаваць і выдаць значныя працы «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1—5, 1972—75), «Усенародная барацьба ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1—4, 1984—87) і інш. З’явіліся грунтоўныя даследаванні па гісторыі сельскай гаспадаркі і сялянства (Х.Ю.Бейлькін, П.Р.Казлоўскі, Л.П.Ліпінскі, В.І.Мялешка, В.П.Панюціч, Дз.Л.Пахілевіч, М.М.Улашчык, М.Б.Фрыдман, В.У.Чапко), прамысловасці, гарадоў і рабочага класа (З.Е.Абезгаўз, М.Ф.Болбас, М.Р.Матусевіч, А.М.Люты), грамадскай думкі і нац. культуры (С.Х.Александровіч, Я.І.Карнейчык, Г.В.Кісялёў, У.М.Конан, А.С.Майхровіч, А.В.Мальдзіс), рэв. руху (М.В.Біч, Я.І.Бугаёў, А.І.Воранава, Е.П.Лук’янаў, Э.М.Савіцкі, Ц.Е.Саладкоў, К.І.Шабуня), Зах. Беларусі (М.С.Арэхва, П.І.Зялінскі, У.Ф.Ладысеў, А.Л.Мацко, І.В.Палуян, У.А.Палуян) і інш. Шмат увагі аддавалася вывучэнню сав. перыяду: Кастр. рэвалюцыі (У.Р.Івашын, І.М.Ігнаценка, С.З.Пачанін, П.Ц.Петрыкаў, П.А.Селіванаў, М.М.Смалянінаў, М.С.Сташкевіч), індустрыялізацыі і калектывізацыі (К.К.Герман, М.Я.Завалееў, М.І.Злотнік, І.Я.Марчанка, А.М.Сарокін, А.А.Філімонаў), Вял.Айч. вайны на Беларусі (Р.Р.Кручок, А.М.Літвін, Я.С.Паўлаў, А.Ф.Хацкевіч), пасляваен. развіцця эканомікі і культуры (А.П.Белязо, М.П.Касцюк, Л.М.Лыч, У.І.Навіцкі).
Якасна новы перыяд у развіцці бел. гістарыяграфіі пачаўся на пераломе 1980—90-х г. у сувязі са станаўленнем суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь. Ліквідаваны дыктат у гіст. навуцы ідэалаг. структур Кампартыі і марксісцка-ленінскай метадалогіі. У айч. гістарыяграфіі вярталіся забароненыя раней імёны, распрацоўваліся раней закрытыя тэмы, звязаныя са станаўленнем і развіццём бел.нац. руху, абвяшчэннем БНР, паліт. рэпрэсіямі, гісторыяй бел. эміграцыі, занядбаныя раней праблемы дзярж.-паліт. гісторыі бел. народа. Пачата выданне 6-томнай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—4, 1993—97), выдадзены «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1994—95). Адраджаецца нац. змест гіст. адукацыі, распрацавана яе канцэпцыя ў сярэдняй школе, выдадзены базавыя праграмы і вучэбныя дапаможнікі па айч. гісторыі, уведзена новая перыядызацыя, узгодненая з перыядызацыяй усеаг. гісторыі, перабудоўваецца навучанне на гіст. ф-тах ВНУ і інш. Пэўны ўклад у гіст. навуку зрабілі бел. даследчыкі ў эміграцыі, якія вывучалі вытокі дзяржаўнасці бел. народа, нац. характар ВКЛ, развіццё нац. руху і нац.-дзярж. адраджэння ў 20 ст. (БНР, БССР), рэпрэсіі ў 1930-я г. і іх вынікі, этнічныя працэсы пасля 2-й сусв. вайны А.Адамовіч, Я.Варонка, В.Жук-Грышкевіч, Я.Запруднік, А.Калубовіч, І.Касяк, В.Кіпель, М.Лапіцкі, І.Любачка, Я.Найдзюк, В.Пануцэвіч, Я.Садоўскі, Ч.Сіповіч, Я.Станкевіч, В.Тумаш) і інш. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь (27.7.1990) дало пачатак творчым кантактам гісторыкаў, якія працуюць у Беларусі, з гісторыкамі і інш. вучонымі ў эміграцыі, асэнсаванню і выкарыстанню іх спадчыны.
У дасав. перыяд зборам і публікацыяй гіст. крыніц і краязнаўчай працай займаліся Віленская археаграфічная камісія (1864—1915), губ. вучоныя архіўныя камісіі, царк. гісторыка-археал. к-ты, музеі. У 1920—80-я г. даследаванні па айч. гісторыі разгарнуліся ў БДУ, Інбелкульце, Ін-це гісторыі АНБССР (з 1929), Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ. У наш час праблемы гісторыі Беларусі распрацоўваюць у Ін-це гісторыі, Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, Ін-це філасофіі і права, Ін-це л-ры (усе ў Нац.АН Беларусі), Нац. навукова-асв. цэнтры імя Ф.Скарыны, на гіст. кафедрах ВНУ, у буйных архівах і музеях Беларусі. Заахвочванню даследаванняў па бел. гістарыяграфіі і публікацыі іх вынікаў садзейнічаюць нац.культ.-навук. цэнтры — Бел.Ін-т Навукі і Мастацтва ў Нью-Йорку (ЗША) і яго філіял у Таронта (Канада), Бел.б-ка і музей імя Ф.Скарыны ў Лондане (Вялікабрытанія) і інш.Гл. таксама Антычнасць, Арабістыка, Асірыялогія, Візанціназнаўства, Гебраістыка, Германістыка, Егіпталогія, Індалогія, Медыявістыка, Новая гісторыя і навейшая гісторыя, Семіталогія, Славяназнаўства, Усходазнаўства і інш.
Літ.:
Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 1—4. М., 1955—66;
Вайнштейн О.Л. Историография средних веков... М.; Л., 1940;
Яго ж. История советской медиевистики, 1917—1966. Л., 1968;
Историография новой и новейшей истории стран Европы и Америки. М., 1968;
Кузнецова Н.А., Кулагина Л.М. Из истории советского востоковедения 1917—1967. М., 1970;
Достижения исторической науки в БССР за 60 лет. Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ БЕЛАРУ́СІ (КПБ),
да 1952 Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б], палітычная арганізацыя, састаўная частка Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (КПСС). Існавала ў 1918—91. Арганізацыйна аформілася на VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыі РКП(б) (30—31.12.1918, Смаленск). Пры яе стварэнні падкрэслівалася, што работу ўсіх парт. арг-цый узначальвае Цэнтр. бюро КП(б)Б (ЦБ), якое з’яўляецца «вярхоўным органам у рэспубліцы і верным вокам Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі ўсіх расійскіх савецкіх сацыялістычных рэспублік». Уся дзейнасць КП(б)Б рэгламентавалася праграмнымі і статутнымі палажэннямі РКП(б), указаннямі яе цэнтр. органаў і кіраўнікоў. Напачатку вядучую ролю ў цэнтр. органах КП(б)Б адыгрывалі кіраўнікі Паўн.-Зах.абл.к-та РКП(б). З 15 членаў ЦБ толькі З.Х.Жылуновіч і І.В.Лагун прадстаўлялі Беларускія секцыі РКП(б), старшынёй ЦБКП(б)Б быў выбраны А.Ф.Мяснікоў. сакратаром В.Г.Кнорын. Цэнтр. друкаваным органам партыі стала газ.«Звязда». На VI Паўн.-Зах.абл.парт. канферэнцыі быў абвешчаны падрыхтаваны ў ЦК РКП(б) Маніфест аб стварэнні «самастойнай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (гл.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, БССР). 1.1.1919 абвешчаны і Маніфест Часовага рабоча-сял.сав. ўрада Беларусі аб утварэнні самастойнай Сацыяліст.Сав. Рэспублікі Беларусі (ССРБ). У адм.-гасп. адносінах тэр. Беларусі падзялялася на 7 раёнаў і 53 падраёны (паветы). Стваралася адпаведная структура парт. органаў: райкомы (губпарткомы), падрайкомы, валасныя і сельскія ячэйкі. У студз. Часовы ўрад і ЦБКП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне, паводле якога ў складзе РСФСР засталіся Віцебская і Магілёўская губ. Спробы членаў ЦБКП(б)Б апеляваць да ЦК РКП(б) і зварот да старшыні СНК У.І.Леніна аб захаванні Беларусі ў яе этнічных межах станоўчых вынікаў не далі. У гэты ж перыяд узнік і Камуністычны саюз моладзі Беларусі. Галоўнымі ў дзейнасці КП(б)Б былі пытанні дзярж. будаўніцтва, умацавання і абароны сав. улады. I Усебел. з’езд Саветаў (2—3.2.1919) прыняў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, абраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР. Па прапанове старшыні ВЦВК і сакратара ЦК РКП(б) Я.М.Свярдлова з’езд прыняў рашэнне пра аб’яднанне Літвы і Беларусі ў адзіную Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). 4—6.3.1919 у Вільні адбыўся Аб’яднаўчы з’езд Кампартый Літвы і Беларусі, на якім старшынёй прэзідыума ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ] быў выбраны В.С.Міцкявічус-Капсукас, сакратаром — Кнорын. Сярод 15 членаў ЦК КП(б)ЛіБ не было ніводнага беларуса. Бел. камуністаў прадстаўлялі б. дзеячы Паўн.-Зах.абл.к-та РКП(б). Кіраўніцтва парт. арг-цыямі на Беларусі фактычна ажыццяўляў Мінскі губ.к-т КП(б)ЛіБ. Неаднаразова праводзіліся парт. мабілізацыі на франты грамадз. вайны, камуністы разам з прадстаўнікамі інш. партый удзельнічалі ў барацьбе супраць польскай акупацыі. У жн. 1920 у склад КП(б)ЛіБ увайшла Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА). Пасля вызвалення Беларусі ад польскіх акупантаў і абвяшчэння незалежнасці Літвы (май 1920) ЦК КП(б)ЛіБ 5.9.1920 прыняў пастанову пра стварэнне самаст. кампартый Беларусі і Літвы і асобных органаў іх кіраўніцтва. Пачалося аднаўленне структуры мясц.парт. органаў. III з’езд КП(б)Б (22—26.11.1920) адзначыў, што «КП(б)Б ёсць абласная арганізацыя РКП(б)... і ў агульным і цэлым падпарадкоўваецца дырэктывам ЦК РКП (бальшавікоў)». IV (25.2—2.3.1921), V (15—20.10.1921) і VI (15—19.3.1922) з’езды КП(б)Басн. ўвагу звярталі на пытанні пераходу да сацыяліст. будаўніцтва, замену палітыкі «ваеннага камунізму» на новую эканамічную палітыку (нэп). Была падтрымана палітыка беларусізацыі, якая актыўна разгарнулася з 1924, значная ўвага аддавалася стварэнню сістэмы вышэйшай, сярэдняй спец. і агульнай адукацыі. У выніку чысткі ў партыі і абмену парт. дакументаў (15.8—20.10.1921) з КП(б)Б было выключана 1589 чал. (24,7%). У барацьбе супраць інш.паліт. партый (Бунд, эсэры і інш.) бальшавікі побач з ідэалаг. сродкамі выкарыстоўвалі дзярж. карны апарат Надзвычайнай камісіі (ЧК), потым Аб’яднанага дзярж.паліт. ўпраўлення (АДПУ). 16.9.1922 большасць членаў ЦБКП(б)Б выказаліся за сталінскі праект «аўтанамізацыі» і ўключэнне ў склад БССР Віцебскай і Гомельскай губ. Пасля кастрычніцкага (1922) пленума ЦК РКП(б) кіраўніцтва КП(б)Б адобрыла план Леніна (у яго аснове ляжаў прынцып федэрацыі) па стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). VII з’езд КП(б)Б (20—26.3.1923) указаў на неабходнасць актыўнага ўдзелу бел. камуністаў у агульнасаюзным будаўніцтве, пашырэння тэр. Беларусі (гл.Узбуйненне БССР) і новага адм.-тэр. падзелу рэспублікі. У выніку аб’яўленага пасля смерці Леніна (21.1.1924) ленінскага прызыву ў КП(б)Б прынята 2007 чал., з іх больш за 98% рабочых. Пасля VIII з’езда КП(б)Б (12—14.5.1924) у сувязі з уключэннем у склад БССРтэр. Віцебскай і часткі Гомельскай губ. і зменамі ў адм.тэр. падзеле ў 1924 створана новая структура КП(б)Б: цэнтр. органы (ЦК, ЦКК, Рэвіз. камісія), 10 акруговых, 100 сельскіх і 9 гар. раённых к-таў партыі. Аператыўнае кіраўніцтва парт. і паліт. работай паміж з’ездамі КП(б)Б і пленумамі ЦК ажыццяўляла Бюро ЦККП(б)Б. Парт. ячэйкі будаваліся паводле тэр.-вытв. прынцыпу. З’езды і пленумы 1920-х г.вял. ўвагу аддавалі пытанням эканам. і сац. развіцця, дзярж. і нац.-культ. будаўніцтва. З канца 1925 пасяджэнні і пратаколы ЦК і акр. к-таў КП(б)Б вяліся на бел. мове. У выніку самаліквідацыі Бунда (сак. 1921) і ліквідацыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) (чэрв. 1924) у Беларусі трывала ўсталявалася аднапарт. паліт. сістэма. Кампартыя кантралявала дзейнасць усіх грамадска-паліт. арг-цый, прафсаюзы, камсамол і інш. 2-я пал. 1920-х г. характарызавалася зменамі ў палітыцы Камуніст. партыі: імкненнем да супрацоўніцтва з капіталіст. краінамі (у прыватнасці з Германіяй), паступовым адыходам ад прынцыпаў нэпа, пераходам да індустрыялізацыі і кааперацыі. Пад лозунгамі барацьбы з т. зв. ворагамі народа адбывалася згортванне ўнутрыпарт. дэмакратыі. У выніку чысткі (23—29.4.1929) з КП(б)Б выключана 3717 чал. Пачаліся рэпрэсіі палітычныя супраць парт., дзярж. і сав. работнікаў, бел. інтэлігенцыі. У 1930-я г. члены партыі актыўна ўдзельнічалі ў гасп. і культ. будаўніцтве, умацаванні абароны. Самаадданай працай народа былі дасягнуты значныя поспехі ў эканам. і сац. развіцці рэспублікі. З аграрнай яна ператварылася ў аграрна-індустрыяльную, ліквідавана беспрацоўе, разгортвалася жыллёвае і сац.-быт. будаўніцтва, у 1935—36 адменена картачная сістэма. Значнымі былі дасягненні ў развіцці адукацыі, навукі, культуры. Аднак побач з поспехамі ў сацыяліст. будаўніцтве складвалася паліт. сістэма, у якой мелі месца грубыя парушэнні дэмакр. прынцыпаў развіцця савецкага грамадства, якія абвяшчаліся ў праграмных дакументах ВКП(б), Канстытуцыях СССР і БССР. У працэсе калектывізацыі былі ліквідаваны альтэрнатыўныя шляхі развіцця сельскай гаспадаркі, рэпрэсіраваны многія сяляне. Невыкананне планаў у прам-сці, сельскай гаспадарцы і інш. галінах нярэдка тлумачылася дзейнасцю «нацдэмаў», «контррэвалюцыянераў» і «ворагаў народа».
Традыцыйнымі заставаліся рашэнні з’ездаў і пленумаў ЦККП(б)Б пра неабходнасць павышэння класавай пільнасці і барацьбы з бел.бурж. нацыяналізмам. У 1931 у КП(б)Б прынята 15 981 чл. і 8273 канд. у чл. (самы высокі гадавы паказчык за перыяд 1919—58). У 1934 уведзена новая структура парт. органаў. У апараце ЦККП(б)Б ствараліся аддзелы па асн. кірунках работы, у гаркомах і райкомах уводзіліся пасады інструктараў. У 1936 упершыню з часу існавання К.П(б)Б 1-м сакратаром быў абраны беларус В.Ф.Шаранговіч. У 1930-я г.НКУСБССР сфабрыкаваў шэраг спраў аб існаванні ў Беларусі «антысавецкіх, дыверсійна-шкодніцкіх, шпіёнскіх, тэрарыстычных і паўстанцкіх арганізацый» (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле»). У 1933—36 у сувязі з чысткай у партыі, праверкай і абменам парт. дакументаў з КП(б)Б выключана 8246 чал. (21% усяго складу). Прыём у партыю ў гэты перыяд не праводзіўся (адноўлены ў ліст. 1936). З 1938 у паліт., навук. жыцці, ідэалаг. і культ. рабоце асн. сталі пастулаты «Кароткага курса гісторыі ВКП(б)». Ствараўся культ асобы Сталіна і яго паплечнікаў. Пленумы і сходы парт. арг-цый склікаліся нерэгулярна, выбары парт. органаў замяняліся кааптацыяй. У ходзе чыстак і паліт. рэпрэсій колькасць чл. і канд. у чл.КП(б)Б скарацілася з 75 238 у 1932 да 31 526 у 1938. У чэрв. 1938 Выканком Камінтэрна па ініцыятыве ЦКВКП(б) распусціў Камуніст. партыі Польшчы, Зах. Беларусі (КПЗБ) і Зах. Украіны (гл. адпаведныя арт.). У 1939 адбылося ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. У зах. абласцях пачалося стварэнне парт. органаў і арг-цый КП(б)Б. На 1.6.1941 у 5337 пярвічных парт. арг-цыях і групах налічвалася 50 754 чл. і 24 297 канд. у чл.КП(б)Б; працавалі 10 абл., 14 гар., 12 раённых у гарадах і 187 сельскіх раённых к-таў партыі. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны 1941—45асн. дзейнасць парт. органаў была скіравана на барацьбу з фашызмам. З вер. 1941 да снеж. 1943 ЦККП(б)Б прыняў рашэнні больш чым па 130 пытаннях падп. і партыз. руху. У вер. 1942 створаны Беларускі штаб партызанскага руху. На акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічалі 10 абл., 193 міжраённыя, гар. і раённыя падп. к-ты КП(б)Б, больш за 1200 парт. арг-цый у партыз. фарміраваннях, 184 тэрытарыяльныя парт. арг-цыі, якія аб’ядноўвалі больш за 35 тыс. камуністаў [гл.Гарадскія падпольныя камітэты КП(б)Б, Міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)Б, Раённыя падпольныя камітэты КП(б)Б, Партызанскі рух, Патрыятычнае падполле]. Гераічная і самаадданая барацьба камуністаў з ворагам значна ўмацавала аўтарытэт Кампартыі сярод насельніцтва. У 1944 пасля вызвалення Беларусі ў ёй працавалі 12 абкомаў, 14 гаркомаў, 181 райком партыі; у пярвічных арг-цыях было 30 тыс. камуністаў. Пытанні аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі, сац. сферы, навукі, адукацыі і культуры разглядаліся на XIX (15—18.2.1949) і XX (20—23.9.1952) з’ездах КП(б)Б. XIX з’езд ВКП(б) (5—14.10.1952) прыняў новы Статут партыі і назву КПСС. КП(б)Б стала называцца КПБ. 1950-я г. характарызаваліся стварэннем прынцыпова новых галін прам-сці: хімічнай, машына- і станкабудавання, металаапрацоўкі, вытв-сці трактароў, аўтамабіляў і інш. Аднаўлялася калгасна-саўгасная сістэма, але адсутнасць пашпартоў у сялян і сістэма прапіскі ў гарадах надзейна прымацоўвалі іх да калгасаў і саўгасаў. У сярэдзіне 1950-х г. пачалася рэабілітацыя ахвяр паліт. рэпрэсій. Важнае значэнне мела пастанова ЦККПСС ад 30.6.1956 «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». Пленум ЦККПБ (28.7.1956) 2-і раз з часу існавання КПБ выбраў 1-м сакратаром ЦК беларуса К.Л.Мазурава. Аддавалася ўвага развіццю бел.нац. школы, мовы, л-ры і культуры. Аднак арыентацыя кіруючых парт.-дзярж. органаў на двухмоўе вяла да ўзмацнення ўплыву рус. мовы, асабліва сярод гар. насельніцтва. У 1956—60 штогод у чл.
КПБ прымалася 9—15 тыс.чал., канд.
у чл. — 11—18 тыс. XXV з’езд КПБ (26—28.9.1961) адобрыў праекты 3-й Праграмы і Статута КПСС. У 1963 па ўказанні ЦККПСС праведзена рэарганізацыя кіруючых органаў КПБ: створаны Прэзідыум ЦК, Бюро ЦК па кіраўніцтве прам-сцю і будаўніцтвам, Бюро ЦК па кіраўніцтве сельскай гаспадаркай і адзіны кантрольны орган — К-тпарт.-дзярж. кантролю ЦККПБ і СМБССР. У выніку падзелу мясц.парт. органаў арганізаваны 12 абкомаў, 25 гаркомаў і гар. райкомаў, 23 к-ты па прамысл. зонах і 77 па вытв. калгасна-саўгасных упраўленнях. Аднак пасля змяшчэння з парт. і дзярж. пасад М.С.Хрушчова і абрання 1-м сакратаром ЦККПСС Л.І.Брэжнева ў ліст. 1964 адноўлены тэр.-вытв. прынцып пабудовы парт. органаў. У 1964 у КПБ прынята 22 348 чл. і 23 730 канд. у чл. (самы высокі гадавы прыём за ўвесь час існавання). XXVI (3—5.3.1966), XXVII (22—24.2.1971), XXVIII (4—6.2.1976), XXIX (27—29.1.1981) і XXX (30—31.1.1986) з’езды КПБ праходзілі па звычайнай схеме: абмяркоўваліся асн. кірункі эканам. і сац. развіцця, адабраліся дырэктывы па 5-гадовых планах, адзначаліся поспехі ў развіцці прам-сці, сельскай гаспадаркі, сац. сферы, навукі і культуры. Значная ўвага аддавалася новым галінам індустрыі: хім. і нафтахімічнай, радыёэлектроніцы і інш. На кожным з’ездзе адзначаліся традыц. недахопы: маруднае ўкараненне дасягненняў навукі, тэхнікі, перадавых тэхналогій, нізкая прадукцыйнасць працы і якасць прадукцыі, нерацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных і прыродных рэсурсаў і інш. У 1973—74 праведзены абмен парт. дакументаў, які разглядаўся як сродак умацавання парт. радоў і павышэння дзейнасці ўсіх парт. арг-цый. У 1961—66 канд. у чл.КПБ штогод прымалася ў сярэднім 21 тыс.чал. (прырост складаў 8,5%), у 1966—71—17 тыс. (4,1%), у 1971—76—16,6 тыс. (2,8%). З 1977 да 1990 прыём захоўваўся на ўзроўні амаль 21 тыс.чал. у год. Асн. ўвага скіроўвалася на рост КПБ за кошт рабочых, колькасць служачых абмяжоўвалася 27—28% ад усіх прымаемых. Паніжаўся працэнт калгаснікаў, якія жадалі ўступіць у партыю. У 1977 новая Канстытуцыя СССР (арт. 6) замацавала палажэнне аб кіруючай ролі КПСС у грамадстве, прадубліраванае ў Канстытуцыі Беларускай ССР 1978. З 1970-х г. усё больш выразна пачаў праяўляцца эканам. і паліт. крызіс сав. грамадства. Нежаданне парт. кіраўніцтва пачаць карэнную перабудову ў краіне, сказаць народу пра сапраўдныя прычыны крызісу курсу на пабудову камунізму сталі прычынай зніжэння аўтарытэту партыі. Асабліва яскрава гэта выявілася пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986. Хоць на Беларусі эканам. паказчыкі былі лепшыя, чым у інш. рэгіёнах СССР, мела месца паліт. стабільнасць, аднак змены адбываліся марудна, не закраналі асноў парт.-дзярж.адм. сістэмы. Паліт. гучанне набывалі пытанні нац. адраджэння, развіцця бел. мовы і культуры. Паводле пастановы Бюро ЦККПБ ад 11.1.1988 створана Камісія Бюро ЦК па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, якія мелі месца ў перыяд 1930—40-х і пач. 1950-х г. 4.3.1990 пачаліся першыя за многія дзесяцігоддзі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў на альтэрнатыўнай аснове. Яны расцягнуліся да снеж. 1991 і праходзілі ў вострай паліт. барацьбе. Камуністы захавалі большасць у Вярх. Савеце Рэспублікі. Працягваўся рост парт. арг-цый. Да канца 1990 колькасць чл. і канд. у чл.КПБ дасягнула 697 608 чал. Але кіраўніцтва партыі пачало страчваць аўтарытэт. На XXXI з’ездзе КПБ (28.11—1.12.1990) упершыню вострая крытыка прагучала ў адрас ЦККПСС і Ген. сакратара М.С.Гарбачова, узнята пытанне пра неабходнасць правядзення палітыкі, якая б адпавядала нац. інтарэсам. Аднак прычыны крызісу партыі глыбока не аналізаваліся. Упершыню выбары 1-га сакратара ЦККПБ праведзены на альтэрнатыўнай аснове непасрэдна на з’ездзе. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 31.1.1991 набыў сілу Закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», што ўзмацніла працэс пераходу да шматпартыйнасці на Беларусі. 4-я сесія Вярх. Савета БССР (чэрв. 1990) прыняла рашэнне аб дэпартызацыі дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый. За 1990 з КПБ добраахвотна выйшлі 53 346 чал., у т. л. 31 168 рабочых, было выключана 22 218 чал., з іх 87,5% за парушэнне парт., дзярж. і працоўнай дысцыпліны. 25.8.1991 Вярх. СаветБССР прыняў пастанову «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС—КПБ на тэрыторыі Беларусі». Гэта азначала заканадаўчую забарону дзейнасці КПБ. 19.9.1991 БССР перайменавана ў Рэспубліку Беларусь. 10.12.1991 паводле пастановы Вярх. Савета «Аб уласнасці КПСС—КПБ» уласнасць Кампартыі перададзена дзяржаве. Пасля дэнансацыі дагавора 1922 аб утварэнні СССР (гл.Белавежскія пагадненні 1991) існаванне КПБ як неад’емнай часткі КПСС страціла сэнс. Пераемніцай КПБ абвясціла сябе Партыя камуністаў беларуская (ПКБ, зарэгістравана 26.5.1992). У лют. 1993 Вярх. Савет адмяніў сваю пастанову ад 25.8.1991. Да гэтага часу парт. структура распалася. XXXII з’езд КПБ (нечарговы, май 1993) і II з’езд ПКБ прынялі рашэнне аб аб’яднанні. Але стварыць адзіную Кампартыю не ўдалося. 2.11.1996 адбыўся XXXIII (I аднаўленчы) з’езд КПБ. Старшынёй Савета партыі абраны Я.Я.Сакалоў, 1-м сакратаром ЦК — В.В.Чыкін. У пач. 1998 партыя налічвала больш за 7 тыс. членаў (гл. таксама арт. пра кожны з’езд КПБ). Кіруючыя органы КПБ узначальвалі А.Ф.Мяснікоў (1917—19), В.С.Міцкявічус-Капсукас (1919—20), В.Г.Кнорын (1920—22, 1927—28), В.А.Багуцкі (1922—24), А.М.Асаткін-Уладзімірскі (1924), А.І.Крыніцкі (1924—27), Я.Б.Гамарнік (1928—29), К.В.Іей (1930—32), М.Ф.Гікала (1932—37), В.Ф.Шаранговіч (1937), А.А.Волкаў (1937—38), П.К.Панамарэнка (1938—47), М.І.Гусараў (1947—50), М.С.Патолічаў (1950—56), К.Т.Мазураў (1956—65), П.М.Машэраў (1965—80), Ц.Я.Кісялёў (1980—83), М.М.Слюнькоў (1983—87), Я.Я.Сакалоў (1987—90), А.А.Малафееў (1990—93), Сакалоў і В.В.Чыкін (з 2.11.1996).
Літ.:
КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1. Мн., 1934;
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 1. 2 изд Мн., 1968;
Ч. 2. Мн., 1967;
Хроника важнейших событий истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2—3. Мн., 1970—80;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3—5. Мн., 1973—75;
Машеров П.М. Избранные речи и статьи. Мн., 1982;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1—6. Мн., 1983—87;
По воле народа: Из истории образования БССР и создания Коммунистіческой партии Белоруссии: Док. и материалы. Мн., 1988;
Коммунистическая партия Белоруссии в цифрах, 1918—1988. 2 изд. Мн., 1988;
Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Мн., 1990;
Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945. Ч. 1. Мн., 1990;
Страницы истории Компартии Белоруссии;
суждения, аргументы, факты. Мн., 1990;
Чарвякоў АР. ...Я ніколі не быў ворагам: Выбр.арт. і прамовы;
Успаміны сучаснікаў. Мн., 1992;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.
В.Ф.Кушнер.
Даты і месца з’ездаў, колькасць прадстаўленых на з’ездзе камуністаў, колькасны склад Кампартыі Беларусі
З’езд, месца правядзення
Дата правядзення
Прадстаўлена на з’ездзе
Колькасны склад партыі на 1 студз. адпаведнага года
чл. партыі
канд. у чл. партыі
чл. партыі
канд. у чл. партыі
1
2
3
4
5
6
I з’езд КП(б)Б, Смаленск
30—31.12.1918
17 771
не было
на снеж. 1918
17 771
не было
II з’езд КП(б)Б, Вільня
4—6.3.1919
17 636
не было
на сак. 1919
7652
не было
III з’езд КП(б)Б, Мінск
22—26.11.1920
1700
не ўлічана
на ліст. 1920
1700
не ўлічана
IV з’езд КП(б)Б, Мінск
25.2—1.3.1921
3000
не ўлічана
звесткі не выяўлены
звесткі не выяўлены
V з’езд КП(б), Мінск
15—20.10.1921
3325
не ўлічана
на вер. 1921
2889
1360
VI з’езд КП(б)Б, Мінск
15—19.3.1922
5150
4445
1439
VII з’езд КП(б)Б, Мінск
20—26.3.1923
3850
з камуністамі вайсковых часцей
2890
600
VIII з’езд КП(б)Б1, Мінск
12—14.5.1924
10 438 (разам з камуністамі вайсковых часцей 13 975)
2946
1052
IX з’езд КП(б)Б, Мінск
8—12.12.1925
8912
6163
на 1.1.1926
9458
7265
X з’езд КП(б)Б, Мінск
3—10.1.1927
16 170 (разам з камуністамі вайсковых часцей
30 955)
9455
16 170
9455
XI з’езд КП(б)Б, Мінск
22—29.11.1927
23 735 (разам з камуністамі вайсковых часцей)
11 392
на 1.1.19282
19 333
10 137
XII з’езд КП(б)Б, Мінск
5—16.2.1929
29 330 (разам з камуністамі вайсковых часцей 41 207)
11 877
23 950
9431
XII з’езд КП(б)Б, Мінск
30.5—12.6.1930
27 692 (разам з камуністамі вайсковых часцей 46 806)
11 564
27 011
9297
XIV з’езд КП(б)Б, Мінск
23—29.1.1932
46 958 (разам з камуністамі вайсковых часцей)
28 280
37 944
21 231
XV з’езд КП(б)Б3, Мінск
16—22.1.1934
26 861 (разам з камуністамі вайсковых часцей і чыг. транспарту 65 119)
11 048
26 861
11 048
XVI з’езд КП(б)Б, Мінск
10—19.6.1937
24 549
9029 (разам з камуністамі вайсковых часцей і чыг. транспарту 47 000)
24 7354
9093
XVII з’езд КП(б)Б, Мінск
10—18.6.1938
22 784
8742
22 990
8613
XVIII з’езд КП(б)Б, Мінск
15—20.5.1940
36 388
23 465
33 869
24 084
XIX з’езд КП(б)Б, Мінск
15—18.2.1949
91 554
18 652
90 976
19 134
XX з’езд КП(б)Б, Мінск
20—23.9.1952
107 252
20 184
на 1.1.1953
108 017
19 199
XXI з’езд КПБ, Мінск
10—13.2.1954
119 865
10 161
118 895
10 690
XXII з’езд КПБ, Мінск
24—27.1.1956
132 414
12 655
132 414
12 655
XXIII з’езд КПБ, Мінск
14—15.1.1959
168 716
19 193
168 716
19 193
XXIV з’езд КПБ, Мінск
17—19.2.1960
183 855
19 592
183 855
19 592
XXV з’езд КПБ, Мінск
26—28.9.1961
214 399
25 954
на 1.1.1962
223 699
25 969
XXVI з’езд КПБ, Мінск
3—5.3.1966
320 622
22 421
320 622
22 421
XXVII з’езд КПБ, Мінск
22—24.2.1971
412 873
21 654
412 873
21 654
XXVIII з’езд КПБ, Мінск
4—6.2.1976
485 671
20 558
485 671
20 558
XXIX з’езд КПБ, Мінск
27—29.1.1981
572 313
22 998
572 313
22 998
XXX з’езд КПБ, Мінск
30—31.1.1986
645 754
22 226
645 754
22 226
XXXI з’езд КПБ, Мінск
28.11—1.12.1990
больш за 600 000
685 270
12 338
XXXII з’езд КПБ (аб’яднаўчы з ПКБ)
29—30.5.1993
дакладных звестак няма
дакладных звестак няма
XXXIII з’езд КПБ (I аднаўленчы)
2.11.1996
1160
каля 7000
1 На 1.1.1924 у тэрытарыяльных арг-цыях КП(б)Б налічвалася 2946 чл. і 1052 канд. ў чл. партыі (усяго 3998 чал.). На момант VIII з’езда КП(б)Б налічвала 10 438 чл. і канд. у чл. партыі.
2 На 1.1.1928 у тэрытарыяльных арг-цыях КП(б)Б налічвалася 29 470 камуністаў.
3 Звесткі пра колькасць прадстаўленых на з’ездзе дадзены без уліку камуністаў парт. арг-цый чыгуначнага транспарту і вайсковых часцей. На 1.1.1934 на ўлік у парт. арг-цыі чыгуначнага транспарту было перададзена 4589 чл. і канд. у чл. партыі.
4 Без уліку камуністаў чыгуначнага транспарту. На 1.6.1936 там працавалі 3294 камуністы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,
вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.
У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.П.Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.М.Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс.чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс.чал.) наказнога гетмана І.Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.Радзівілам (да 20 тыс.чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.К.Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.
У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.Ф.Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.І.Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал.рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.
Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц.правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.
У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.А.Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.
3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.Сапегі (6 тыс.чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.Чарнецкага (4 тыс.чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.Далгарукава (да 30 тыс.чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.Залатарэнкам (25 тыс.чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс.чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.Жаромскага (12 тыс.чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн.чал. да 1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
А.П.Грыцкевіч
Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛГА́РЫЯ, Рэспубліка Балгарыя,
дзяржава на ПдУ Еўропы, ва ўсх.ч. Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Румыніяй, на З з Югаславіяй і Македоніяй, на Пд з Грэцыяй і Турцыяй. На У абмываецца Чорным м.Пл. 110,99 тыс.км². Нас. 8800 тыс.чал. (1994). Дзярж. мова — балгарская. Сталіца — г.Сафія. Краіна падзяляецца на 9 абласцей. Нац. свята — 3 сак. (Дзень вызвалення ад асманскага ярма).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1991 Балгарыя — рэспубліка з парламенцкім праўленнем. Вярх. орган заканадаўчай улады — аднапалатны Народны сход (240 чл.), які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 4 гады (пры зацвярджэнні канстытуцыі дзейнічае пад назвай Вялікі нар. сход, колькасць дэпутатаў павялічана да 400). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеаг. галасаваннем на 5 гадоў; узначальвае ўзбр. сілы, прызначае прэм’ер-міністра і міністраў, валодае правам вета на пастановы парламента. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які зацвярджаецца Нар. сходам.
Прырода. Поўнач Балгарыі займае Дунайская раўніна, якая на Пд абмяжоўваецца самым доўгім горным ланцугом краіны — Стара-Планіна выш. да 2376 м (г. Боцеў). Сярэдняя Балгарыя — невял. горныя масівы, міжгорныя катлавіны (Сафійская, Казанлыкская, Дзімітроўская) і Верхнефракійская нізіна. На ПдЗ — Рыла-Радопскі масіў, у складзе якога масіў Рыла (г. Мусала, 2925 м — найвышэйшы пункт Балгарыі і Балканскага п-ва), хрыбет Пірын, горы Радопы.
Карысныя выкапні: жал., свінцова-цынкавыя, медныя, хромавыя, марганцавыя, сярэбраныя руды, лігніты, буры і каменны вугаль. Ёсць невял. запасы нафты і прыроднага газу, а таксама каменная соль, вапняк, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны з гарачым летам і мяккай зімой. У Сафіі сярэдняя т-раліп. 21 °C, студз. -2 °C, на ўзбярэжжы ў Варне адпаведна 23 °C і 1 °C. Каля 650 мм ападкаў за год (на раўнінах і нізінах 450—600 мм, у гарах 850—1000 мм). Рэкі Струма і Марыца ўпадаюць у Эгейскае м., Дунай, рэкі ўзбярэжжа — у Чорнае. Запасы гідраэнергіі — 10 млрд.кВт. Пад лясамі 28% тэрыторыі, пераважаюць шыракалістыя (дуб, бук, граб). На схілах гор хваёвыя лясы (хвоя, елка, піхта). Пашыраны хмызнякі, альпійскія лугі.
Насельніцтва. Этнічны склад: 85,3% балгары, 8,5 туркі, 2,6 цыганы, 2,5% македонцы; жывуць таксама армяне, рускія, грэкі, румыны і інш. Паводле веравызнання праваслаўныя (каля 90%), мусульмане (каля 9%), а таксама католікі, пратэстанты, іудзеі. 68% насельніцтва жыве ў гарадах. Самыя вял. гарады (тыс.ж., 1992): Сафія (1141), Плоўдзіў (379), Варна (316), Бургас (212), Русе (190). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 79 чал. на 1 км², на нізінах, раўнінах, у міжгорных катлавінах больш за 100—200, у гарах да 20—40 чал. на 1 км².
Гісторыя. Тэр. Балгарыі заселена чалавекам у сярэднім палеаліце. У 7—6 ст. да н.э. ў фракійскіх плямёнаў (стараж. насельнікаў балг. зямель) пачалося станаўленне класавага грамадства. У 4—1 ст. да нашай эры фракійцы змагаліся з македонцамі, пасля з рымлянамі, якія з 46 да нашай эры сталі гаспадарыць на Балканах. Пры падзеле Рымскай імперыі (395 нашай эры) тэр. Балгарыі адышла да Візантыі. З канца 5 — пач. 6 ст. на Балканскі п-аў пранікаюць слав. плямёны (склавіны і анты). Класавая дыферэнцыяцыя сярод славян і імкненні Візантыі аднавіць сваё панаванне на занятых славянамі землях паскорылі працэс фарміравання дзяржавы. У прыдунайскіх землях склаўся саюз Сямі слав. плямёнаў. У 680 дружыны цюркскіх пратабалгар на чале з ханам Аспарухам перайшлі Дунай, перамаглі візантыйцаў, заключылі пагадненне з правадырамі Сямі слав. плямёнаў і ўтварылі аб’яднаную славяна-балг. дзяржаву. У 681 Візантыя прызнала яе незалежнасць. Хрысціянства, якое з 2-й пал. 9 ст. стала афіц. рэлігіяй дзяржавы, паспрыяла паляпшэнню яе міжнар. становішча, фарміраванню балг. народнасці. Пры цару Сіямоне [893—927] Балгарыя ў выніку войнаў з Візантыяй павялічыла сваю тэрыторыю, дасягнула значнага паліт., эканам. і культ. росквіту. Але пагаршэнне эканам. становішча сялян вылілася ў 10 ст. ў шырокі грамадскі рух у форме рэліг. ерасі — багамільства (гл.Багамілы). Аслабленая гэтым рухам і феад. міжусобіцамі Балгарыя ў 1018 зноў трапіла пад уладу Візантыі. На барацьбу супраць яе балгары падымаліся ў 1040, 1072, 1074, 1079, 1084; усенар. паўстанне 1185—87 на чале з братамі Асенем і Пятром вымусіла Візантыю прызнаць у 1187 незалежнасць балг. дзяржавы. За гады праўлення цара Івана Асеня II [1218—41] у выніку яго ваен. і дыпламат. поспехаў значна пашырана тэр. Балгарыі (далучана б.ч. Фракіі, Македонія, Албанія), яна стала самай моцнай дзяржавай на Балканах. У 2-й пал. 13 ст.феад. адносіны ў краіне дасягнулі высокай ступені развіцця. Аднак жорсткая эксплуатацыя, набегі тат. ордаў даводзілі сялянства да галечы. У 1277—80 у краіне ўспыхнула антыфеад. паўстанне на чале з пастухом Івайлам. Феад. міжусобіцы прывялі Балгарыю да распаду на 2 царствы і княства, тэрыторыі якіх у 14 ст. сталі аб’ектам захопніцкай палітыкі Асманскай імперыі. У 1393 туркі захапілі г. Тырнава, пазней Тырнаўскае і Відзінскае царствы, у канцы 14 ст. — княства Дабруджу. Феад. эксплуатацыя народа дапоўнілася жорсткім нац і рэліг. прыгнётам. Балгары ўпарта змагаліся супраць тур. панавання (паўстанне на чале з Канстанцінам і Фружынам 1404, Тырнаўскія паўстанні 1598 і 1686, Чыпраўскае 1688, інш.). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў Балгарыі зарадзіліся капіталіст. адносіны. Гарады сталі гандл.-прамысл. цэнтрамі. Вырасла нац. самасвядомасць балгар. У 1830-я г.нац. рух набыў форму барацьбы за нац. свецкую школу, у 1840—60-я г. — за стварэнне незалежнай балг. царквы (у 1870 Балгарыя атрымала аўтаномную царк. арг-цыю). Супраць тур. феадалаў узняліся сяляне (паўстанні 1835—36, 1841, 1850, 1856). У барацьбе за сваю незалежнасць балгары апіраліся на дапамогу рас. войскаў, якія актыўна падтрымлівалі іх у рус.-тур. войнах 1806—12, 1828—29, 1853—56.
Нац.-вызв. рух узмацніўся ў 2-й пал. 19 ст. Яго ўзначалілі дзеячы балг. адраджэння дэмакраты Г.С.Ракоўскі, Л.Каравелаў, В.Леўскі, Х.Боцеў. У 1869 арганізаваны Балг.рэв.к-т. Адбыліся Старазагорскае паўстанне 1875 і самае масавае выступленне балг. народа супраць тур. панавання — Красавіцкае паўстанне 1876. Абодва яны задушаны, пераможаны і атрад Боцева, у падрыхтоўцы і ўзбраенні якога актыўна ўдзельнічаў беларус М.К.Судзілоўскі. Нечуваныя зверствы тур. войскаў у час разгрому паўстанняў выклікалі абурэнне прагрэс. грамадскасці свету. Шырокі рух у падтрымку балг. народа разгарнуўся на Беларусі. Толькі ў Мінскай губ. было сабрана больш за 13 тыс.руб. Каб удзельнічаць у барацьбе на баку балгар, з Беларусі выехалі добраахвотнікі. Падзеі ў Балгарыі абвастрылі Усходні крызіс, які прывёў да рус.-тур. вайны 1877—78. У час яе воіны 54-га пях. Мінскага палка ў ліку першых фарсіравалі Дунай 27.6.1877 і вызвалілі г. Свіштоў. Перадавы атрад рас. арміі на Балканах узначальваў ураджэнец Беларусі ген.-лейт. І.У.Гурка. Беларусы ўдзельнічалі ў гераічнай абароне Шыпкінскага перавалу, у баях за Плеўну і Стара-Загору. Сан-Стэфанскі мірны дагавор 1878, якім скончылася вайна, прадугледжваў стварэнне самаст.балг. дзяржавы. Але пад націскам зах. краін Берлінскі кангрэс 1878 прыняў рашэнне падзяліць Балгарыю на васальнае ад Турцыі Балг. княства і аўтаномную Усх. Румелію ў межах Тур. імперыі. Фракія і Македонія зноў адышлі да Турцыі. Тым не менш у выніку вайны 1877—78 былі закладзены асновы самаст.нац.балг. дзяржавы, прынята Тырнаўская канстытуцыя 1879. На трон Балг. княства выбраны (па рэкамендацыі краін — удзельніц Берлінскага кангрэсу 1878) ням. прынц Аляксандр Батэнберг [1879—86), які ў 1881 адмяніў канстытуцыю, а ў знешняй палітыцы імкнуўся зблізіць Балгарыю з Аўстра-Венгрыяй і Германіяй. Патрыят. рух супраць падзелу краіны перарос у вер. 1885 ва ўзбр. паўстанне, у выніку якога Усх. Румелія ўз’ядналася з Балг. княствам. Уладу ў краіне захапілі колы, што падтрымлівалі палітыку Аўстра-Венгрыі і Германіі. Яны пасадзілі на трон ням. прынца Фердынанда I Кобургскага [1887—1918].
У 1891 пад кіраўніцтвам Дз.Благоевазасн.Балг.с.-д. партыя. Пасля Бурж. рэвалюцыі 1908 у Турцыі Балгарыя пазбавілася ад васальнай залежнасці і ў кастр. 1908 абвясціла поўную незалежнасць; Фердынанд прыняў тытул «цара балгар». У 1912 Балгарыя заключыла саюзныя дагаворы з Сербіяй, Грэцыяй і Чарнагорыяй (гл.Балканскі саюз 1912), накіраваныя супраць Турцыі і аўстра-венг. экспансіі на Балканах. У 2-й Балканскай вайне (гл.Балканскія войны 1912—13) Балгарыя была пераможана і страціла частку сваіх тэрыторый, набытых у 1-й Балканскай вайне. У 1-й сусв. вайне Балгарыя ўдзельнічала на баку Германіі і Аўстра-Венгрыі. Паводле Нёіскага мірнага дагавора 1919 Балгарыю акупіравалі войскі Антанты. Краіны-пераможцы анексіравалі каля 11,3 тыс.км² яе тэрыторыі і прымусілі выплаціць вялікую рэпарацыю.
Уладайскае паўстанне 1918 супраць манархічнай улады, у якім удзельнічала каля 30 тыс.рэв. настроеных салдатаў, было задушана з дапамогай ням. войскаў. Але цар Фердынанд адмовіўся ад трона на карысць сына Барыса III. На выбарах у Нар. сход 28.3.1920 перамог Балг. земляробчы нар. саюз (ВЗНС), лідэр якога А.Стамбалійскі ўтварыў аднапартыйны ўрад, прыняў шэраг дэмакр. законаў. 9.6.1923 правыя сілы на чале з А.Цанкавым ажыццявілі дзярж. пераварот. Арганізаванае камуністамі 23.9.1923 узбр. паўстанне жорстка задушана, рэформы Стамбалійскага адменены, Балг.камуніст. партыя, дэмакр. партыі і арг-цыі забаронены.
У выніку выбараў у Нар. сход 21.6.1931 да ўлады прыйшоў урад Нар. блока (кааліцыі бурж. партый і ВЗНС), але прыкметных змен ва ўнутр. і знешняй палітыцы не адбылося. Каб умацаваць пазіцыі буржуазіі, Ваен. ліга (аб’ядноўвала рэакц. афіцэрства) і паліт. група «Звяно» 19.5.1934 учынілі дзярж. пераварот (распушчаны Нар. сход, усе паліт. партыі і прафсаюзы), што стала перадумовай усталявання ў Балгарыі манарха-фаш. дыктатуры.
У час 2-й сусв. вайны кіраўніцтва краіны на чале з царом Барысам III падпісала ў сак. 1941 пратакол пра далучэнне Балгарыі да траістага саюза фаш. дзяржаў. У распараджэнне герм. камандавання былі аддадзены ўсе матэрыяльныя рэсурсы краіны, аэрадромы, чыгункі. Да Балгарыі далучаны тэр., страчаныя ў 1919. 13.12.1941 Балгарыя абвясціла вайну Вялікабрытаніі і ЗША. У краіне разгарнуўся антыфаш. рух, фарміраваліся партыз. атрады, якія ў 1943 аб’ядналіся ў адзіную Нар.-вызв. паўстанцкую армію. 17.7.1942 абвешчана праграма Айч. фронту: скінуць манарха-фаш. рэжым, устанавіць нар.-дэмакр. ўладу. 5.9.1944 урад СССР абвясціў правячым колам Балгарыі вайну. У ноч на 9.9.1944 антыфаш. сілы скінулі існуючы рэжым (гл.Вераснёўскае ўзброенае народнае паўстанне 1944), да ўлады прыйшоў кааліцыйны ўрад Айч. фронту, які аб’явіў вайну фаш. Германіі, Балгарыя далучылася да дзяржаў-саюзніц. На падставе рэферэндуму 8.9.1946 ліквідавана манархія, Балгарыя абвешчана Нар. Рэспублікай (15.9.1946). Пасля выбараў у Вял.нар. сход з 27.10.1946 урад узначаліў Г.Дзімітроў.
Пасляваеннае развіццё Балгарыі адбывалася па шляху абвяшчэння будаўніцтва сацыяліст. грамадства пад кіраўніцтвам кампартыі, нацыяналізацыі прам-сці, агр. рэформаў. У Балгарыі ўсталяваўся таталітарны рэжым: у 1947 ліквідавана апазіцыя камуніст. ўраду, яе лідэр Н.Петкаў пакараны смерцю. Пасля смерці Г.Дзімітрова (1949) В.Чарвенкаў пачаў масавыя чысткі, спыненыя ў 1954 Т.Жыўкавым. З канца 1970 — пач. 1980-х г. у Балгарыі стаў паглыбляцца крызіс у эканам. і культ. жыцці. Ён яшчэ больш абвастрыўся ў 1984 у сувязі з асіміляцыйнымі дзеяннямі балг. улад супраць насельніцтва тур. паходжання. З канца 1980-х г. у Балгарыі разгарнуліся пераўтварэнні, накіраваныя на злом і ліквідацыю ранейшага рэжыму і вынікаў яго кіравання. У 1989 створана дэмакр. апазіцыя, адпраўлены ў адстаўку Жыўкаў. З ліст. 1990 краіна стала наз. Рэспублікай Балгарыя. У ліп. 1991 прынята новая канстытуцыя. У выніку парламенцкіх выбараў у кастр. 1991 да ўлады прыйшоў Саюз дэмакр. сіл, які ўзяў курс на ўмацаванне дэмакратыі і пераход да рыначнай сістэмы; прыняты закон аб паліт. партыях і арг-цыях, аб зямлі, прыватызацыі і інш. У ліку прыярытэтных задач вызначаны інтэграцыя з еўрап.паліт. і эканам. структурамі, супрацоўніцтва з інш. краінамі на двухбаковай і рэгіянальнай аснове. Прэзідэнт краіны з 19.1.1992 Ж.Жэлеў. Балгарыя чл.ААН з 1955, удзельніца хельсінскага працэсу, уваходзіць прыкладна ў 300 міжнар. арг-цый. Беларусь і Балгарыя маюць даўнія традыцыі дружбы і шматбаковых сувязяў — гандаль і тавараабмен, абмен вопытам, сувязі ў галіне навукі, л-ры і мастацтва, турызму і спорту, дэкады балг. культуры на Беларусі і бел. культуры ў Балгарыі, дапамога Балгарыі бел. народу ў пераадоленні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы і інш. На Беларусі і ў Балгарыі працуюць т-вы дружбы і культ. сувязяў. Афіц.Дыпламат. адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Балгарыяй ўстаноўлены 26.3.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. У Балгарыі зарэгістравана каля 80 партый і паліт. рухаў, у т. л. Саюз дэмакр. сіл (аб’ядноўвае каля 20 партый і рухаў), Балгарская сацыяліст. партыя, Рух за правы і свабоды, Балгарская сац.-дэмакр. партыя, Балгарскі земляробчы нар. саюз. Арганізатары прафс. руху ў краіне — Канфедэрацыя незалежных сіндыкатаў Балгарыі і Канфедэрацыя працы «Падкрэпа».
Гаспадарка. Балгарыя — індустрыяльна-агр. дзяржава. Удз. в.прамысловасці ў агульнай прадукцыі больш за 90%. Аснова энергетыкі — здабыча вугалю (каля 32 млн.т за год, у т. л. лігніту каля 28 млн.т). Гал. басейны: Усх.-Марыцкі і Зах.-Марыцкі, Перніцкі, Бобаўдальскі, Балканскі, Чарнаморскі. Найбольшыя ЦЭЦ (у Сафіі, Дзімітроўградзе) працуюць на лігнітах. Каля ⅓ электраэнергіі дае АЭС Казладуй (на ПнЗ). У гарах, пераважна на Пд, каскады невялікіх ГЭС. Выпрацоўка электраэнергіі каля 42 млрд. КВт∙гадз. Імпартуюцца каменны вугаль, кокс, нафта, газ.Асн. сыравінная база для каляровай металургіі — радовішчы Усх. Радопаў (Мадан, Рудазем). Найб. яе камбінаты ў Кырджалі і каля Плоўдзіва (свінец, цынк, рэдкія металы), у Злаціцы і Сафіі (медзь), у Шумене (алюміній). Чорная металургія ў Сафійска-Перніцкім раёне (камбінаты ў Крамікаўцах і Перніку). Выплаўка сталі 1,6 млн.т, імпарт. жал. руды 0,5 млн.т, здабыча 0,32 млн.т (1992). У машынабудаванні развіта вытв-сць абсталявання падымальна-трансп. і для харчова-смакавай прам-сці, электра- і мотакараў, электраабсталявання (акумулятараў, электраматораў і інш.). Выпускаецца выліч. і радыёэлектронная тэхніка. Прадпрыемствы трактарнай (Карлава), станкабуд. і электратэхн. (Сафія), суднабуд. (Варна, Бургас, Русе), аўтамаб. (Шумен, Ловеч, Плоўдзіў) прам-сці. Буйнейшыя цэнтры машынабудавання — Сафія, Русе, Плоўдзіў, Варна. Хім.прам-сць на базе радовішчаў вугалю, каменнай солі і пірытаў. Вытв-сць азотных угнаенняў (911 тыс.т, 1991) у Дзімітроўградзе і Стара-Загоры, складаных і фосфарных у Дзеўні, нафтахімія ў Бургасе і Плевене, выраб сінт. валокнаў у Бургасе, Ямбале, Відзіне, штучных валокнаў і тканін у Свіштове, соды і хлору ў Дзівіне. Вытв-сць каўстычнай соды 521,8 тыс.т, кальцыніраванай — 1046 тыс.т (1992), буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, блочныя вырабы). Лёгкая і харч.прам-сць дае каля палавіны ўсяго аб’ёму прамысл. прадукцыі. Тэкст.прам-сць сканцэнтравана ў Сафіі, Габраве, Слівене, Плоўдзіве. Ёсць прадпрыемствы швейнай, гарбарна-футравай і абутковай прам-сці. У харч. прам-сці высокая ўдз. в. тытунёвай, кансервавай, вінаробчай (2458 тыс. гекталітраў віна ў 1992), цукр. і алейнай вытв-сці. У Карлаве атрымліваюць ружавы алей. У сельскай гаспадарцы вядучая галіна — раслінаводства. С.-г. землі займаюць больш за палавіну тэрыторыі (6,1 млн.га), з іх 60% ворыва, 11% сады, вінаграднікі, агароды. Арашаецца больш за 1 млн.га. Асн. масівы разараных зямель на Ніжнедунайскай раўніне, Верхнефракійскай нізіне і ў Дабруджы (на ПнУ). Каля 60% пасяўных плошчаў пад збожжавымі. Валавы збор (1992, тыс.т): пшаніцы — 3270, кукурузы — 2300, ячменю — 1100, рысу — 20, бульбы — 550, перцу — 220, памідораў — 472, тытуню — 72, сланечніку — 470, цукр. буракоў — 868. Вырошчваюць таксама бавоўнік, кармавую люцэрну і кукурузу, у Карлаўскай і Казанлыкскай катлавінах — эфіраалейныя культуры (ружа, мята, лаванда). Садоўніцтва (яблыкі, слівы, персікі) і вінаградарства (700 тыс.т, 1992) у перадгор’ях і ў Кюстэндзільскай катлавіне. Цукр. буракі і сланечнік вырошчваюць на Пн, тытунь, бавоўнік, каноплі, а таксама гародніну (памідоры, перац, баклажаны) — у катлавінах сярэдняй і паўднёвай ч. краіны. Жывёлагадоўля (1992, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 1,3, свіней 3, авечак 6,7, птушкі 21. У гарах пераважае экстэнсіўная горнапашавая жывёлагадоўля. Транспарт. Даўжыня чыгунак (1992) — каля 4,3 тыс.км, з іх 61,4% электрыфікавана. Агульная працягласць аўтадарог амаль 37 тыс.км. 70% перавозак ажыццяўляецца аўтатранспартам, 17% — па чыгунках. Марскі і рачны транспарт. Гал. марскія парты Бургас і Варна, дунайскі порт Русе. Чыг. паромная пераправа Варна—Ільічоўск (Украіна). Міжнар.авіяц. лініі праз Сафію, Варну. Гандаль больш як са 100 краінамі. Экспарт прадукцыі машынабудавання, соды і хім. угнаенняў, тытунёвых вырабаў, агародніны і садавіны, вінаграду; імпарт энерганосьбітаў, сыравіны для хім. прам-сці, аўтамабіляў, тавараў нар. ўжытку. Беларусь пастаўляе ў Балгарыю шыны для аўтамабіляў і с.-г. тэхнікі, быт. халадзільную тэхніку, трактары, экскаватары, падшыпнікі, шпалеры, ільняныя тканіны і інш.; атрымлівае з Балгарыі аўтапагрузчыкі, медыкаменты, акумулятары, цукар і інш.харч. тавары, тытунёвыя вырабы. Адна з важнейшых крыніц даходаў краіны — замежны турызм (каля 10 млн.чал. штогод). Найб. вядомыя курорты: Залатыя Пяскі, Дружба, Албена (каля Варны), Сонечны Бераг (каля Бургаса); горныя курорты — Боравец, Пампорава. Грашовая адзінка — леў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 70, у жанчын 77 гадоў. Смяротнасць 11 на 1 тыс. чалавек. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі 1 на 97 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 312 чал. Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс. чалавек. Дзіцячая смяротнасць 12 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Балгарыі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў; адзіную школу з 2 ступенямі — базавай (пач. — 4 гады і няпоўная сярэдняя — 4 гады) і поўнай сярэдняй адукацыі (узрост абавязковага навучання ад 6—7 да 16 гадоў); прафес. і вышэйшыя (у т. л. няпоўныя вышэйшыя) навуч. Ўстановы. Базавыя і поўныя сярэднія школы падпарадкоўваюцца органам мясц. самакіравання і маюць права самастойна вызначаць мэты і метады навучання. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты «Клімент Охрыдскі» ў Сафіі, «Паісій Хілендарскі» ў Плоўдзіве, «Кірыла і Мяфодзій» у Тырнаве; эканам. і механіка-электратэхн. ін-ты ў Сафіі. Сярод няпоўных ВНУ — 16 настаўніцкіх ін-таў, ін-т сувязі, бібліятэчны. Буйнейшыя б-кі: Нар.б-ка імя Кірылы і Мяфодзія, б-ка ун-та «Клімент Охрыдскі», б-каБалг.АН, Нар.б-ка ў Плоўдзіве. Музеі: Нац.маст. галерэя, этнагр., археал., ваенна-гіст. ў Плевене, археал. і этнагр. музеі ў Плоўдзіве і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Балг.АН (засн. ў 1869), Акадэміі с.-г. Навук, н.-д. ін-тах, ва ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Штодзённа выходзіць 19 цэнтр. газет, з іх буйнейшыя: «24 часа» («24 гадзіны»), «Дума», «Демокрация» («Дэмакратыя»). Тэле- і радыёвяшчаннем ахоплена больш за 90% тэр. краіны. Разам з цэнтр/ тэлебачаннем дзейнічаюць 4 мясц. тэлецэнтры (у Варне, Плоўдзіве, Русе, Благоеўградзе). Самыя буйныя інфарм. агенцтвы: Балгарскае тэлеграфнае агенцтва (БТА), Сафія-прэс.
Літаратура. Узнікла ў 2-й пал. 9 ст. і звязана з дзейнасцю першых слав. асветнікаў, стваральнікаў слав. пісьменнасці Кірылы і Мяфодзія. Росквіт стараж.балг. л-ры (9—10 ст.) звязаны з охрыдскай і праслаўскай літ. школамі (Клімент Охрыдскі, Канстанцін Праслаўскі, Іаан Экзарх, Чарнарызец Храбр). Жанрава разнастайная л-ра сярэднявечча (жыціі, службы, філас., філал. творы, проза і паэзія) мела царкоўна-дыдактычны характар. У 10 ст. ўзнікла т.зв. багамільская (ерэтычная) л-ра (жыціі, апокрыфы, легенды і паданні). Значны ўклад у развіццё культ. і літ. жыцця позняга сярэднявечча зрабілі прадстаўнікі тырнаўскай літ. школы (Кіпрыян, Грыгорый Цамблак, Канстанцін Касцянецкі, стваральнік школы, рэфарматар правапісу, дзеяч асветы і л-ры Яўфімій Тырнаўскі). Турэцкі прыгнёт не садзейнічаў развіццю л-ры. Кніжная дзейнасць пры цэрквах і манастырах (Уладзіслаў Граматык, Поп Пеё, Матэй Граматык) стала сродкам пашырэння ведаў і фарміравання нац. самасвядомасці. Духоўнае жыццё народа адлюстроўваў фальклор (юнацкія, гайдуцкія, гіст. песні, балады, легенды, казкі). У 17—18 ст. бытавалі дамаскіны — зборнікі пропаведзяў грэч. епіскапа 16 ст. Дамаскіна Студыта, перакладзеныя на дыялекты стараж.балг. мовы. Пачынальнік Балг. адраджэння (2-я пал. 18 — 1878) Паісій Хілендарскі ў «Гісторыі славяна-балгарскай» (1762) упершыню ў балг. л-ры адлюстраваў ідэі тагачаснай эпохі, барацьбу за нац. мову, асвету, незалежнасць. Асветніцкія творы яго паслядоўнікаў засведчылі пераход л-ры ад традыц. агіяграфіі да мемуараў і сентыментальнага рамана Новага часу. Эстэт. канцэпцыю асобы тагачаснай гіст. эпохі ўвасобіў Сафроній Урачанскі («Жыццё і пакуты грэшнага Сафронія», 1805). У 1820—40-я г. развівалася навук., філал. і маральна-дыдактычная л-ра, з’явіліся першыя перыяд. выданні. У л-ры 1850—70-х г. адлюстраваны ўздым нац.-вызв. барацьбы, асн. кірункі тагачаснага паліт., культ. жыцця — асветніцкі (П.Славейкаў) і рэвалюцыйны (Д.Чынтулаў, Г.Ракоўскі). Прадстаўнік рэаліст. л-ры Л.Каравелаў. Вяршыняй паэзіі адраджэння стала творчасць Х.Боцева. У гэты перыяд зараджаліся новыя літ. жанры: байка і павучальнае апавяданне (П.Бярон, Элін Пялін), фельетон (А.Канстанцінаў), аповесць (Т.Влайкаў), літ. крытыка (Дз.Благоеў, К.Крысцеў), дакумент. проза (З.Стаянаў), драма (П.Явараў), раман (І.Вазаў). На мяжы 19 і 20 ст. з’явіліся мадэрнісцкія тэндэнцыі (у крытыцы — Крысцеў, у маст. л-ры — Славейкаў), узнік сімвалізм (Явараў, Т.Траянаў, Х.Ясенаў), індывідуалістычныя дэкадэнцкія настроі (Славейкаў, Дз.Дэбелянаў). Пасля паўстання 1923 пашырылася т.зв. вераснёўская л-ра, скіраваная супраць фашызму (Г.Мілеў, А.Разцветнікаў, А.Страшыміраў, Л.Стаянаў і інш.). Пасля 2-й сусв. вайны ў л-ры запанаваў сацыяліст. рэалізм (заснавальнік Х.Смірненскі). У маст. творах асвятляліся сац.-паліт., маральна-псіхал. праблемы, тэмы вясковага і гар. жыцця і побыту. Значных поспехаў дасягнуў балг. раман: гіст.-рэв. (Дз.Талеў), сац.-псіхал. (С.Даскалоў, Дз.Дзімаў, Э.Станеў), маральна-этычны (К.Калчаў, А.Гуляшкі, П.Вежынаў). З пач. 1960-х г. развіваюцца малыя празаічныя жанры: «мікрараман», аповесць, апавяданне, навела (І.Пятроў, М.Хайтаў, І.Радзічкаў); пейзажная, інтымная, філас. паэзія (А.Германаў, Л.Леўчаў, Л.Даскалова і інш.); лірычная (Дз.Фучаджыеў, І.Давыдкаў, Д.Жоцеў, С.Паптонеў, Б.Дзімітрова) і дакумент. (Е.Каранфілаў, М.Хрыстозаў) проза. У л-ры апошніх гадоў выяўляецца пратэст супраць разбурэння сувязяў паміж людзьмі, дэфармацыі духоўнага свету чалавека (Фучаджыеў, Б.Томаў і інш.), спроба асэнсаваць значнасць гіст. працэсаў, складаную дынаміку жыцця і вастрыню маральна-этычных праблем.
Бел.-балг. сувязі зарадзіліся яшчэ да прыняцця хрысціянства на Беларусі, калі сюды пачалі трапляць балг. кнігі. У 14 ст. творы прадстаўнікоў тырнаўскай літ. школы спрыялі станаўленню жанраў бел. л-ры (напр., аратарскай прозы, на Беларусі жыў Цамблак). У 19 ст. сувязі ўзмацніліся (В.Дунін-Марцінкевіч прысвяціў балг. народу верш «Славяне ў XIX стагоддзі», 1856; вызваленне Балгарыі вітаў Я.Купала вершамі «Забраны край», «На вялікім свеце...». У 1920—30-я г. ў балг. перыёдыцы з’явіліся артыкулы пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, Ц.Гартнага, М.Чарота, А.Александровіча, у беларускай — вершы Боцева, Смірненскага, Н.Ланкава, артыкулы Г.Бакалава, З.Снежкі. Асобнымі кнігамі выдадзены творы Канстанцінава, М.Марчэўскага, С.Лілянава. Пасля 2-й сусв. вайны сувязі і ўзаемаўплывы паглыбіліся (праводзіліся дні нац. культур, сімпозіумы перакладчыкаў і інш.). Выходзілі анталогіі паэзіі і прозы, выданні асобных аўтараў, працы даследчыкаў па пытаннях нац. л-ры і ўзаемасувязяў. На бел. мове апублікаваны празаічныя творы Вазава, Гуляшкі, Даскалова, Караславава, Вежынава, кніга лірыкі Н.Вылчава, зб-кі сучаснай балг. паэзіі, твораў для дзяцей, нар. песень, казак. З артыкуламі пра балг. л-ру выступілі Н.Гілевіч, Л.Цімашкова, В.Цімафеева. На балг. мове выдадзены зб-кі вершаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Куляшова, П.Броўкі, М.Танка, П.Панчанкі, Гілевіча, Р.Барадуліна, празаічныя творы А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка, В.Быкава, І.Шамякіна і інш. На балг. мову бел. творы перакладалі Н.Вылчаў, Давыдкаў, Германаў, Г.Вылчаў, Х.Бербераў, на бел. мову балг. творы — Гілевіч, Барадулін, В.Нікіфаровіч, В.Куляшова і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. З эпох неаліту і бронзы (4—2-е тыс. да нашай эры) на тэр. Балгарыі выяўлены гліняныя посуд з геам. арнаментам, фігуркі людзей і жывёл, ад ранняга жал. веку — мегалітычныя збудаванні (дальмены ў гарах Странджа, Сакар і Усх. Радопы), наскальныя малюнкі з выявамі людзей і жывёл. На чарнаморскім узбярэжжы зберагліся рэшткі стараж.-грэч. гарадоў (Апалоніі, Месембрыі, цяпер г. Нясебыр) з ант. скульптурай. Зберагліся рэшткі гарадоў і крэпасцяў рым. эпохі (Рацыарыя, Эскус, 1—2 ст.н. э.), царква св. Георгія ў Сафіі і грабніца ў Сілістры (4 ст.). У перыяд візант. панавання тут будаваліся хрысц. храмы (Старая мітраполія ў Нясебыры, ку́пальная базіліка св. Сафіі ў г. Сафія, 5—6 ст.). З утварэннем Балг. царства (681—1018) пачало фарміравацца ўласна балг. мастацтва, якое складвалася на аснове культуры стараж. славян і протабалгар пад уплывам ант. і візант. традыцый. Сярод першых помнікаў балг. дойлідства — рэшткі крапасных сцен і палацаў 9—10 ст. у Плісцы і Прэславе. Інтэр’еры палацаў з мармуровымі каланадамі былі ўпрыгожаны плітамі і карнізамі з разным геам. узорам, скульптурай з медзі і каменю. Унікальны помнік 9 ст. — велічны барэльеф, высечаны на скале каля с. Мадара, т.зв. «Мадарскі коннік». Царк. архітэктура 9—10 ст. мела візант. прататыпы (Вял. базіліка ў Плісцы, т.зв. круглая царква ў Прэславе), маляўнічае дэкар. ўбранне. Уздым мастацтва Балгарыі пачаўся ў эпоху Другога Балг. царства (1187—1396), калі гал.Маст. цэнтрам стала Тырнава (сучасны г. Вяліка-Тырнава). Дойлідства гэтага часу адметнае свабоднай трактоўкай візант. традыцый, дэкар. вытанчанасцю (цэрквы 12—14 ст. у Вяліка-Тырнаве і Нясебыры). Высокага ўзроўню дасягнулі манум. жывапіс, сценапіс (царква ў с. Баяна, 1259, цяпер у межах г. Сафія), мініяцюры «Хронікі Манасія» і «Евангелле Івана Аляксандра» (сярэдзіна 14 ст.), ювелірнае мастацтва, разьба па дрэве і інш.маст. рамёствы. З тур. нашэсцем у канцы 14 ст. многія помнікі знішчаны, стараж.-балг. мастацтва заняпала. Новы ўздым культуры пачаўся ў эпоху Балг. адраджэння. У гарадах будаваліся дамы, цэрквы, масты, гадзіннікавыя вежы, перабудоўваліся манастыры (Рыльскі манастыр). У канцы 18 ст. склаліся нац. тыпы жылых дамоў з каменным цокальным і фахверкавым 2-м паверхам, з мноствам галерэй, эркераў, балконаў, з размалёўкай на атынкаваных фасадах і ў інтэр’ерах, прыгожай разной столлю (дамы ў Плоўдзіве, Вяліка-Тырнаве і інш.). Заснавальнікамі свецкага мастацтва Балгарыі сталі жывапісцы З.Зограф, С.Даспеўскі, Н.Паўлавіч.
Пасля вызвалення Балгарыі ад асманскага ярма пачалася рэканструкцыя гар. Цэнтраў, узводзіліся грамадскія будынкі ў духу эклектызму і ў неавізантыйскім стылі. У выяўл. мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. развіваецца кірунак дэмакр. рэалізму (А.Мітаў, І.Ангелаў, І.Мырквічка, Я.Вешын). У 1920—30-я г.нац. традыцыі развівалі Х.Станчаў, У.Дзімітроў-Майстара, С.Венеў, І.Мілеў, П.Георгіеў, партрэтны і пейзажны жывапіс — І.Пятроў, Дз.Узунаў, П.Младэнаў і інш. У архітэктуры пластычную выразнасць і нац. своеасаблівасць пабудоў вызначае выкарыстанне традыц. для Балгарыі арх. элементаў (балконаў, эркераў, лоджый). У 1970-я г. пабудаваны новыя жылыя раёны ў Сафіі, Плоўдзіве і інш., курортныя комплексы «Сонечны бераг», «Залатыя Пяскі». Паводле новых планаў забудоўваліся вял. гарады, новыя прамысл. цэнтры (Дзімітроўград, Мадан і інш.).
У пошуку новых выразных рашэнняў да стараж.нац. мастацкіх традыцый звяртаюцца жывапісцы І.Кіркаў, Д.Кіраў, С.Русеў, Л.Дзіманаў, К.Ісінаў, А.Пятроў, скульптары А.Ніколаў, І.Фунеў, М.Маркаў, графікі Б.Ангелушаў, П.Вылкаў, манументалісты А.Стаменаў і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве (кераміка, тканіны, дываны, разьба па дрэве) сучасныя маст. прынцыпы спалучаюцца з нар. традыцыямі.
Музыка. Балгарская нар. музыка склалася на аснове фальклору стараж. славян і інш. народаў, што жылі на тэр. Балгарыі. Зберагліся старадаўнія абрадавыя, працоўныя, пастухоўскія песні (пераважна аднагалосыя), рытуальныя песнапенні і танцы з архаічнай мелодыкай і складанай нерэгулярнай рытмікай. З 18 ст. пашыраны гайдуцкія песні, з 19 ст. — песні нац. адраджэння, пазней пралетарскія, антыфаш. і партыз. песні. Сярод інструментаў: струнна-смычковы — гадулка, струнна-шчыпковы — тамбур; духавыя — гайда, кавал. Пасля прыняцця праваслаўя ў 9 ст. склалася балг.царк.-пеўчая традыцыя. Свецкае мастацтва фарміруецца з сярэдзіны 19 ст. Заснавальнікі нац. кампазітарскай школы: Э.Манолаў (аўтар першай балг. оперы «Жабрачка», 1900, не скончана), А.Букараштліеў, Д.Хрыстаў, Н.Атанасаў (аўтар першай балг. сімфоніі). Значнае месца належыць операм Г.Атанасава (1910—20-я г.), творам П.Уладзігерава (опера «Цар Калаян», інстр. канцэрты), Л.Піпкава (опера «Дзевяць братоў Яны», вак.-сімф. паэма «Вяселле», 1-я сімфонія), П.Стайнава, Ф.Куцева, В.Стаянава (опера «Саламбо»), М.Галемінава (балет «Несцінарка») і інш. Пасля 2-й сусв. вайны вядучыя кампазітары Піпкаў, П. і А.Уладзігеравы, Стаянаў, Куцеў, Галемінаў, П.Хаджыеў, А.Райчаў, К.Іліеў (і дырыжор), Д.Хрыстаў, Г.Мінчаў. Праводзяцца міжнар. фестывалі і конкурсы. Працуюць 10 муз. т-раў, у т. л. Сафійская нар. опера, больш за 15 сімф. і камерных аркестраў, Саюз балг. кампазітараў (1947), Саюз балг.муз. дзеячаў (1965), Ін-т музыказнаўства пры Балг.АН (1948), Балг.дзярж. кансерваторыя (1954) і інш.
Тэатр. Вытокі балг.т-ра ў нар. гульнях, асабліва ў «кукерах». Першыя публічныя тэатр. паказы ў 1856 у Ломе і Шумене. У 1866 драматург Д.Войнікаў засн.балг. трупу ў Брэіле (Румынія). Прафес.т-р узнік пасля вызвалення Балгарыі ад тур. прыгнёту (першая трупа ў Плоўдзіве, 1883). У 1887 засн. «Плоўдзіўская аматарская трупа» (з 1888 працавала як драм. трупа «Аснова» ў Сафіі). У 1892 на яе базе створана дзярж.драм. трупа «Сляза і смех» (з 1904 Нар.т-р імя І.Вазава), дзе ставіліся п’есы балг. драматургаў — Вазава, В.Друмева, А.Страшымірава і інш. У перыяд уздыму балг.т-ра (1904—12) сфарміравалася рэаліст. акцёрскае мастацтва. Яго заснавальнікі — выхаванцы рус.тэатр. школ А.Будзеўская, К.Сарафаў, Г.Кіраў, М.Масаліцінаў. Пасля 2-й сусв. вайны развівалася нац. драматургія, ствараліся новыя тэатр. калектывы, ставіліся п’есы замежных аўтараў, у т. л. беларускіх: «Цудоўная дудка» В.Вольскага (Нар.т-р моладзі ў Сафіі), «Канстанцін Заслонаў» (Нар.т-р імя Вазава) і «Калі ты чалавек» (Нар.т-р моладзі) А.Маўзона, «Лявоніха на арбіце» (Сафійскі т-р сатыры), «Зацюканы апостал» (т-ры Сафійскі сатыры і Відзінскі) і «Трыбунал» (т-ры Сафіі, Варны, Тырговіштэ) А.Макаёнка, «Амністыя» (у многіх т-рах) М.Матукоўскага. Сярод акцёраў: А.Караміцеў, С.Гецаў, Л.Кабакчыеў, Г.Калаянчаў, Ц.Манева, І.Кондаў; сярод рэжысёраў: Ф.Філіпаў, К.Мірскі, М.Андонаў, В.Цанкоў, Л.Даніэль. Л.Гройс, Я.Агнянава. У 1948 засн. вышэйшы ін-ттэатр. мастацтва.
Кіно. Вытворчасць дакумент. і хранік. фільмаў пачалася з 1907, мастацкіх — з 1915. У 1919 утворана акц.т-ва «Лунафільм». У 1930-я г. ставіліся камедыі, меладрамы, гіст. фільмы. У 1933 выпушчаны першы гукавы фільм «Бунт раба». У 1939 створана дзярж. кінафірма «Балгарская справа». З канца 1940-х г. разам з вопытнымі (Л.Мартынавіч, З.Жандаў) пачалі працаваць рэжысёры, што заклалі асновы сучаснага нац. кінамастацтва (Д.Дакоўскі, Б.Шараліеў, Х.Піскаў, Р.Вылчанаў, Б.Жалязкава і інш.), створана аб’яднанне «Балгарская кінематаграфія». У 1950-я г. ўзмацняюцца ідэалаг. матывы [«Калін Арол», «Трывога», «Песні пра чалавека», «Неспакойны чалавек», «Героі Шынкі» (сумесна з СССР), «Зоркі» (з ГДР)]. З канца 1950-х г., з прыходам рэжысёраў Г.Дзюлгерава, Л.Стайкава, М.Ніколава і інш., пачынаюцца пошукі творчых сродкаў спасціжэння псіхалогіі чалавека і нац. характару [«На маленькім востраве», «Якія маладыя мы былі», «Сонца і цень», «Тытунь» (у сав. пракаце «Канец «Нікаціяны»), «Выкрадальнік персікаў», «Ланцуг», «Цар і генерал» і інш.]. Здымаліся гіст. фільмы для моладзі, камедыі, развіваліся жанры лірычнага дэтэктыва, кінааповесці («Бывайце, сябры», «Чорныя анёлы», «Матрыярхат», «Бар’ер», «Раўнавага», «Хан Аспарух»), У 1976 зняты сумесна бел.-балг. фільм «Братушка» (рэж. І.Дабралюбаў). Развіваецца дакумент., навук.-папулярнае і анімацыйнае кіно. У 1952 арганізаваны Саюз балгарскіх кінематаграфістаў. Кінастудыі працуюць у Варне (з 1962) і Плоўдзіве (з 1975).
Герб і сцяг Балгарыі.Да арт.Балгарыя. Цясніна р. Лева ў гарах Стара-Планіна.Да арт.Балгарыя. Залаты скарб з с. Вылчытрын (Плевенская акруга). 8 ст. да н.э.Да арт.Балгарыя. Радопы ў Кырджалійскай акрузе.Да арт.Балгарыя. Горад Слівен.Да арт.Балгарыя. Нафтаперапрацоўчы завод у Бургасе.Да арт.Балгарыя. Шыпка. Помнікі рускім воінам і балгарскім апалчэнцам, якія загінулі ў руска-турэцкай вайне 1877—78.Да арт.Балгарыя. Сланечнікавыя палі на Дунайскай раўніне.Да арт.Балгарыя. Плошча «9 верасня» ў Сафіі. Фрагмент.Да арт.Балгарыя. Бачкаўскі манастыр.Да арт.Балгарыя. Царква Старая мітраполія ў г. Нясебыр. 6 ст.Да арт.Балгарыя. Севастакратар Калаян. Фрагмент размалёўкі царквы ў с. Баяна. 1259.Да арт.Балгарыя. З.Зограф. Аўтапартрэт. 1840-я г.Да арт.Балгарыя. Фрагмент размалёўкі Казанлыкскай пахавальні. 4—3 ст. да н.э.Да арт.Балгарыя. Храм-помнік Аляксандра Неўскага ў Сафіі. Арх. А.Памяранцаў. 1904—12.Да арт.Балгарыя. Помнік Вызваліцелям у Сафіі. Скульптар А.Цокі. 1907.Да арт.Балгарыя. Я.Вешын. Вяртанне з кірмашу. 1898.Да арт.Балгарыя. У.Дзімітраў-Майстара. Сялянская дзяўчына. 1930-я г.Да арт.Балгарыя. Царква Пантакратара ў г. Нясебыр. 14 ст.Да арт.Балгарыя. Курорт Залатыя Пяскі.