МЕ́ДНЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні (мінералы, горныя пароды), якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы медзі. Вядома больш за 200 медзьзмяшчальных мінералаў, але толькі каля 20 з іх утвараюць М.р. Гал. мінералы медзі ў сульфідных рудах (больш за 90% сусв. запасаў М.р.): хальказін, барніт і халькапірыт; у медна-нікелевых радовішчах — кубаніт; у акісленых рудах: купрыт, малахіт, брошантыт, азурыт, хрызакола і інш., а таксама медзь самародная. Радовішчы медзі падзяляюцца на 9 геолага-прамысл. тыпаў (медна-нікелевыя, медзістых пясчанікаў і сланцаў, медна-калчаданныя, медна-парфіравыя і інш.). Сярэдняя колькасць медзі у іх 0,3—5%. Найб. здабыча медзі ў Чылі, ЗША, Расіі, Казахстане, Канадзе, Замбіі, Аўстраліі.

У.​Я.​Бардон.

т. 10, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРТВАНАРАДЖА́ЛЬНАСЦЬ,

нараджэнне мёртвага плода, смерць якога надышла пасля 28 тыдняў цяжарнасці жанчыны ці пры родах. Пры М. плод даўж. 35 см і больш, масай 1000 г і больш; пасля нараджэння не зрабіў ніводнага ўздыху. Плод з меншай масай і даўж. лічыцца познім выкідышам (гл. Аборт). Адрозніваюць М.: антэнатальную (гібель плода да родаў), інтранатальную (гібель у час родаў) і постнатальную (у народжанага плода ёсць сэрцабіццё, аднак адсутнічае дыханне, і ён гіне). Асн. прычыны М.: унутрывантробная гіпаксія плода, прыроджаныя заганы развіцця, інфекц. хваробы і інш. Як стат. паказчык М. — суадносіны колькасці мёртванароджаных да 1000 народжаных (на Беларусі 8—10%).

Ю.​К.​Малевіч.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ДЗЕВЫ МЁД,

салодкая густая клейкая вадкасць, у якую пчолы ператвараюць мядовую расу і падзь. Колер ад светла-бурштынавага (з піхты і некат. інш.) да амаль чорнага (з лісцевых дрэў і елак); мае слабы водар і непрыемны гаркаваты ці кіслы прысмак. Больш вязкі (у 2—3 разы) за кветачны мёд, мае менш вады (у сярэднім 16,7%) і інвертных цукроў — глюкозы і фруктозы (66,5%), больш алігацукрыдаў (у т. л. цукрозы 4%), дэкстрынаў (10,3%), азоцістых рэчываў (у т. л. бялковых 0,8%), мінер. і арган. кіслот. Часта змяшаны з кветачным мёдам. Таксічны для пчол, асабліва ў час зімоўкі (можа прыводзіць да гібелі цэлых сем’яў). Моцны інгібітар бактэрый. Для чалавека бясшкодны.

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОНТАПАРЭ́Я (Pontoporeia affinis),

беспазваночная жывёла сям. хаўстарыдаў атр. бакаплаваў кл. ракападобных. Пашырана ў вадаёмах на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Жыве ў глыбокіх (больш за 10 м) вадаёмах з вял. колькасцю кіслароду ў вадзе, пераважна ў глеістых і глеіста-пясчаных донных адкладах. На Беларусі рэдкая, ледавікова-марскі рэлікт антрапагенавага перыяду. Адзначана на Пн, у азёрах Паўд. Воласа і Снуды. Занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 10 мм, маса да 10 мг. Цела дугападобнае, сціснутае з бакоў, складаецца з 18 сегментаў. Корміцца арган. часцінкамі грунту, расл. і жывёльнымі рэшткамі. Размнажаецца яйцамі (16 шт. і больш) адзін раз за жыццёвы цыкл. Корм для рыб.

В.​П.​Сяменчанка.

Понтапарэя.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́КАЎШЧЫНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

У Валожынскім р-не Мінскай вобл., каля в. Сакаўшчына. Створана ў 1937 на р. Бярэзіна (бас. р. Нёман) для энергет. мэт (Сакаўшчынская ГЭС, цяпер не працуе), у 1955 адноўлена. Пл. 1,3 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 730 м, найб. глыб. 3,1 м, аб’ём вады 1,5 млн. м³. Берагі нізкія, пясчаныя, замацаваныя расліннасцю, у вярхоўі забалочаныя. У рэльефе ложа вылучаюцца 2 участкі: верхні — мелкаводны і ніжні — прыплацінны з глыб. больш за 1 м; на затопленым рэчышчы Бярэзіны глыб. больш за 2 м. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады нязначная. Моцна зарастае. Гняздуюцца лебедзі. У вярхоўі вадасховішча вучэбная геагр. станцыя БДУ «Зах. Бярэзіна».

т. 14, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАРО́ДАК,

прыроднае адасабленне самароднага металу (золата, радзей серабра, медзі, плаціны) масай больш за 1 г (зрэдку 10 мг) у карэнных і россыпных радовішчах. Найб. С. золата: «Пліта Холтэрмана» (93,5 кг, з залатаноснай пародай 285 кг), «Жаданы незнаёмец» (70,9 кг з кварцам; абодва ў Аўстраліі). С. серабра больш за 500 кг знойдзены ў Канадзе, скопішчы С. серабра з аргентытам (40 т) у Германіі; тыповымі з’яўляюцца гіганцкія пласціны серабра, скопішчы выцягнутых і выгнутых крышталёў, дэндрытаў у Нарвегіі, Чылі. Глыбы самароднай медзі (400 т) знойдзены ў ЗША, 842 кг у Казахстане, канкрэцыя медзі 75 кг у ЗША. С. плаціны (плаціноідаў) параўнальна рэдкія; унікальная знаходка ( да 8,4 кг) на Урале (Расія).

т. 14, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНА́НТРАП (ад позналац. Sina Кітай + грэч. anlhrōpos чалавек),

прадстаўнік найстаражытнейшых выкапнёвых людзей (гл. Архантрапы), рэшткі касцей якога знойдзены ў 1927 у кар’еры Чжаўкаўдзянь (45 км на ПнЗ ад г. Пекін). У параўнанні з пітэкантрапам С. меў больш высокія лоб і скляпенне чэрапа (аб’ём 1040 см³). У 1933 выкапнёвыя рэшткі чалавека і 3 чарапы, якія добра захаваліся, выяўлены ў т.зв. Верхняй пячоры. Побач знойдзены ўпрыгожанні са свідраваных зубоў жывёл, ракавін і каменю. Гэтыя рэшткі належаць чалавеку сучаснага тыпу. У 1963 у пав. Ланцьян (правінцыя Шэньсі) знойдзена ніжняя сківіца, паводле якой вылучаюць больш стараж. від С. — ланцьянскі. Узрост большасці знаходак 460—230 тыс. гадоў.

Сінантрап. Рэканструкцыя.

т. 14, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЁМА (Boyoma),

Стэнлі, вадаспады (парогі) на р. Конга, у Заіры. 7 вял. парогаў агульным падзеннем больш за 40 м на працягу каля 150 км. Перашкаджаюць суднаходству; у абход парогаў пракладзена чыгунка.

т. 2, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІ́МАЎСКІ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА ІНВЕНТАРУ́.

Дзейнічаў з 1907 у маёнтку Акімаўскае Слуцкага пав. Вырабляў дробны с.-г. інвентар. У 1914 працавала больш за 50 рабочых. У 1921 рэарганізаваны ў с.-г. майстэрню.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІ́ТЫ [ад ал(юміній) + ...літ(ы)],

1) прадукты выветрывання, складзеныя пераважна з гідравокіслаў алюмінію.

2) Гліністыя пароды, у якіх гліназёму больш, чым крэменязёму; прамежкавыя паміж глінай і баксітамі. Магчымая сыравіна для вытв-сці алюмасілікатных вогнетрывалых вырабаў.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)