НЕ́СЦЕРАВА ПЯТЛЯ́,

«мёртвая пятля», адна з фігур вышэйшага складанага пілатажу, якая ўяўляе сабой замкнутую крывую ў верт. плоскасці. Назва ад імя П.М.Несцерава. Асобныя элементы Н.п. выкарыстоўваліся ў паветр. баях у 1-ю і 2-ю сусв. войны, таксама пры выпрабаванні авіяц. тэхнікі, у спаборніцтвах і інш.

Несцерава пятля.

т. 11, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІГІ́МНІЯ, Палімнія,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адна з 9 муз. Лічылася дачкой Зеўса і Мнемасіны. П. — муза сур’ёзнай гімнічнай паэзіі, ёй прыпісвалі вынаходніцтва ліры. Імя П. паказвае на тое, што паэты — стваральнікі гімнаў набывалі бессмяротную славу. Стараж. скульптары і мастакі паказвалі П. ў задуменнай позе і са скруткам у руках.

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РВІЧ (Яўгенія Аронаўна) (Адольфаўна; 1861, Мінск — 1934?),

удзельніца народніцкага і с.-д. руху ў Беларусі. Сястра І.А.Гурвіча. У час вучобы ў Пецярбургу ў 1879 арыштавана, саслана ў Мінск. Удзельнічала ў арганізацыі мінскай падп. друкарні «Чорнага перадзелу». Адна з заснавальнікаў у 1888 у Мінску першай у Беларусі с.-д. арг-цыі. У сярэдзіне 1890-х г. удзельнічала ў арганізацыі і станаўленні Бунда. У 1898 арыштавана, у 1900 саслана ва Усх. Сібір, адкуль у 1902 уцякла разам з Л.​Д.​Троцкім. У 1906 вярнулася з эміграцыі, супрацоўнічала з меншавіцкай фракцыяй РСДРП. У 1917 чл. выканкома Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1922 навук. супрацоўнік ін-та К.​Маркса і Ф.​Энгельса ў Маскве. Адна з перакладчыкаў 1-га т. «Капітала» К.​Маркса (разам з Л.​М.​Закам; выд. ў 1899 у Пецярбургу). Аўтар успамінаў.

Я.​З.​Басін.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБЕ́ЛІЯ (Lobelia),

род кветкавых раслін сям. лабеліевых. Каля 350 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, пераважна ў вільготных тропіках і субтропіках Амерыкі і Афрыкі. На Беларусі 1 від — Л. Дортмана (L. dortmanna), занесены ў Чырв. кнігу; вядомы ў заказніках на воз. Свіцязь Навагрудскага і воз. Белае Лунінецкага р-на. Расце ў прыбярэжных зонах з пясчаным грунтам на глыб. 50—80 см, разам з палушнікам азёрным утварае зараснікі. У дэкар. садоўніцтве інтрадукаваны від Л. эрынус (L. erinus).

Лепшыя сарты: Кайзер Вільгельм (кветкі ярка-сінія), Розамунд (кветкі пурпуровыя), Сапфір (кветкі цёмна-блакітныя з белым вочкам) і інш.

Адна- і шматгадовыя травяністыя водныя і наземныя расліны, паўкусты і кусты. Лісце простае, чаргаванае. Кветкі няправільныя. адна- ці двухгубыя ў гронках на канцы сцябла або адзіночныя ў пазухах лісця. Плод — каробачка. Лек. (некат. віды маюць у сабе алкалоід лабелін), дэкар. расліны.

Лабелія.

т. 9, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЯ ТЭО́РЫЯ ў матэматыцы,

раздзел алгебры, што вывучае матэм. палі (гл. Пале ў матэматыцы).

У матэматычнай фізіцы П.т. вывучае адлюстраванні мностваў каардынат прасторы і часу на адпаведныя мноствы функцый. Пры гэтым кожнаму пункту прасторы ў зададзены момант часу ставяцца ў адпаведнасць адна ці некалькі функцый — адна- ці многакампанентныя функцыі поля. Змены ў прасторы і часе функцый поля апісваюцца дыферэнцыяльнымі ўраўненнямі — ураўненнямі поля, рашэнні якіх вызначаюць выразы функцый поля. П.т. павінна задавальняць патрабаванні інварыянтнасці адносна пераўтварэнняў універсальнай сіметрыі прасторы і часу, што забяспечваецца за кошт выкарыстання функцый з пэўнымі трансфармацыйнымі ўласцівасцямі пры пераходзе ад адной інерцыяльнай сістэмы адліку да другой. У адпаведнасці з гэтым вызначаюцца скалярныя (1-кампанентныя), вектарныя (3- і 4-кампанентныя), тэнзарныя і інш. палі. З дапамогай аперацыі дыферэнцавання ўводзяцца матэм. характарыстыкі палёў — градыент (для скалярнага поля), дывергенцыя і ротар (для вектарнага поля).

А.А.Богуш.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́НДЭСРАТ (ням. Bundesrat),

1) верхняя палата парламента ў Германскай імперыі ў 1871—1918.

2) Орган прадстаўніцтва зямель у ФРГ. Створаны ў 1949, складаецца з 68 чл., выконвае заканад. функцыю.

3) Адна з дзвюх палат парламента ў Аўстрыі. Складаецца з 63 чл., якіх прызначаюць ландтагі — парламенты зямель.

4) Назва ўрада ў Швейцарыі.

т. 3, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ТРАМВА́Й,

першая на Беларусі і адна з першых у Расійскай імперыі трамвайная лінія. Адкрыта ў 1898. Трамвайны парк складаўся з 18 маторных і 16 прычапных вагонаў, даўж. лініі 5,1 км. У час Вял. Айч. вайны разбураны, адноўлены ў 1947. У 1996 у Віцебску 8 трамвайных маршрутаў, 69 км адзіночнага пуці.

т. 4, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАЦУ́КРЫ,

вытворныя простых монацукрыдаў (гексоз), у якіх адна або некалькі гідраксільных груп (OH) заменены амінагрупамі (NH2). Найб. пашыраны ў прыродзе d-глюкозамін (гал. кампанент хіціну, які ўтварае вонкавы шкілет насякомых і ракападобных) і d-галактазамін (уваходзіць у састаў глікаліпідаў, гал. поліцукрыду храсткоў — хондраітынсульфату). Выкарыстоўваюцца ў хім., хім.-фармацэўтычнай, тэкст. прам-сці.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АД’ЮНКТУ́РА,

адна з асн. формаў падрыхтоўкі навук. і навукова-пед. кадраў у ВНУ і н.-д. установах Узбр. Сіл некаторых краін СНД. Засн. ў 1938. Камплектуецца з асоб афіцэрскага саставу. Падрыхтоўка прынятых у ад’юнктуру прадугледжвае абарону дысертацый на атрыманне вучонай ступені канд. навук па абранай спецыяльнасці. Аналагічная аспірантуры ў цывільных ВНУ.

т. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХПАРТЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

палітычная сістэма, пры якой дзве найбуйнейшыя партыі перыядычна змяняюць адна адну ва ўладзе. Характэрна для ЗША (рэсп. і дэмакр. партыі), Вялікабрытаніі (кансерватыўная і, да 1920-х г., ліберальная, потым лейбарысцкая), Канады (ліберальная і прагрэс.-кансерватыўная) і некат. іншых краін. Д.с. не выключае існавання іншых паліт. партый і арг-цый.

т. 6, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)