ІШЫ́МСКАЯ РАЎНІ́НА,

раўніна на Пд Зах. Сібіры, у міжрэччы Іртыша і Табола у Курганскай, Цюменскай і Омскай абласцях Расіі і Паўн.-Казахстанскай вобл. Казахстана. Перасякаецца р. Ішым. Выш. 120—150 м. Складзена з пясчана-гліністых неагенавых адкладаў, перакрытых лёсавіднымі лёсападобнымі* суглінкамі. Плоская раўніна, слаба нахіленая на У, для яе рэльефу характэрны грывы і лагчыны, што падзяляюць іх. У паніжэннях і далінах шмат (больш за 1600) прэсных, горка-салёных і салёных азёр (Салтаім, Ік, Сазыкуль і інш.). Летам невял. азёры і рэкі перасыхаюць. Глебы пераважна чарназёмныя, таксама шэрыя лясныя. Пераважаюць ландшафты лугавых стэпаў і бярозавых лясоў (калкі). Землі паўд. раёнаў узараныя.

т. 7, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІФАРНІ́ЙСКІЯ НАФТАГАЗАНО́СНЫЯ БАСЕ́ЙНЫ У ЗША, у штаце Каліфорнія і на прылеглай акваторыі Ціхага ак. Агульная пл. 235 тыс. км², у т. л. на акваторыі 80 тыс. км². Нафтавыя радовішчы адкрыты ў 1861, у 1901—10 першае месца па здабычы нафты ў ЗША. Прымеркаваны да адкладаў міяцэну і пліяцэну. Больш за 350 нафтавых і 130 газавых радовішчаў з агульнымі пачатковымі запасамі нафты 3,4 млрд. т і 1000 млрд. м³ газу; гал. нафтавыя — Мідуэй-Сансет, Уілмінгтан, Элк-Хілс, Лонг-Біч, Керн-Рывер і інш., газавае — Кетлмен-Хілс. Асн. цэнтры здабычы нафты ў раёне гарадоў Лос-Анджэлес і Вентуры, газу — у раёне г. Сакрамента.

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЭ́ННЫ РЭЛЬЕ́Ф,

рэльеф, створаны дзейнасцю ледавікоў. Фарміраванне М.р. звязана з ледавіковай экзарацыяй, акумуляцыяй марэннага матэрыялу (гл. Марэна) і флювіягляцыяльных адкладаў. Вылучаюць тыпы М.р.: марэнныя раўніны (роўныя або злёгку хвалістыя паверхні, якія ўскладняюцца асобнымі марэннымі ўзгоркамі, катлавінамі, лагчынамі); канцова-марэнны (сістэмы моцна расчлянёных канцова-марэнных узвышшаў і град, выцягнутых на дзесяткі кіламетраў уздоўж краю былога ледавіка); узгорыста-марэнна-азёрны (спалучэнне марэнных і камавых узгоркаў з озамі, катлавінамі, лагчынамі і паніжэннямі, занятымі азёрамі і балотамі). У горных далінах М.р. прадстаўлены бакавымі марэнамі, градамі канцавых марэн, цыркамі, трогамі і інш. На Беларусі найб. выразны ў зоне паазерскага зледзянення.

А.​Ф.​Санько, В.​П.​Якушка.

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЕ́ЕЎ Аляксей Васілевіч (н. 23.5.1938, Мінск),

бел. геолаг. Акад. Нац. АН Беларусі (1994, чл.-кар. з 1991), д-р геолага-мінералаг. н. (1977), праф. (1990). Скончыў БДУ (1960). З 1978 у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (у 1993—98 дырэктар). Навук. працы па літалагічных асаблівасцях антрапагенавых адкладаў, геамарфалогіі і неатэктоніцы абласцей пашырэння ледавіковага покрыва, праблемах рацыянальнага прыродакарыстання і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Ледниковая формация антропогена Белоруссии. Мн., 1976;

Неотектоника территории Припятского прогиба. Мн., 1980 (у сааўт.);

Рельеф Белорусского Полесья. Мн., 1982 (у сааўт.);

Рельеф Белоруссии. Мн., 1988 (разам з Б.​М.​Гурскім, Р.​І.​Лявіцкай).

А.В.Мацвееў.

т. 10, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЯ́ДА (Najas),

род кветкавых раслін сям. наядавых. Каля 50 відаў. Пашыраны амаль усюды ў азёрах, старыцах, ліманах, на марскіх узбярэжжах. На Беларусі 2 віды Н.: вялікая (N. major) і марская (N. marina), занесеныя ў Чырв. кнігу. Аб’ект вывучэння біялогіі цвіцення і апылення падводных раслін. Паводле выкапнёвых рэшткаў Н. вызначаюць узрост геал. адкладаў. У акварыумах вырошчваюць таксама Н. каралеўскую, або Кінга (N. kingii), і грабеньчатую (N. pectinata).

Аднагадовыя, апушчаныя ў ваду травы з разгалінаваным ломкім сцяблом даўж. 8—60 см. Лісце лінейнае, у несапраўдных кальчаках. Кветкі дробныя, аднаполыя, адзіночныя. Цвітуць і апыляюцца пад вадой. Плод касцянкападобны. Дэкар. расліны.

В.​В.​Маўрышчаў.

Наяда вялікая.

т. 11, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад палеа... + магнетызм), археамагнетызм,

уласцівасць горных парод намагнічвацца ў час свайго фарміравання і захоўваць набытую (рэшткавую) намагнічанасць у наступныя геал. эпохі. Фіксатары стараж. намагнічанасці — базальтавыя лавы, чырванаколерныя адклады, асобныя шэрыя гліны і інш. пароды з вял. колькасцю ферамагнітных мінералаў (магнетыт, гематыт, ільменіт, тытанамагнетыт і інш.). П. — таксама раздзел зямнога магнетызму, які вывучае магнітнае поле Зямлі геал. мінулага. Палеамагнітныя даследаванні дапамагаюць вывучаць эвалюцыю і інверсіі геамагнітнага поля, дрэйф кантынентаў, стратыграфію і абсалютны ўзрост адкладаў (створана абсалютная палеамагнітная геахраналагічная шкала), палеагеагр. і палеатэктанічныя ўмовы і інш.

Р.​А.​Зінава.

Да арт. Палеамагнетызм. Абсалютная палеамагнітная геахраналагічная шкала для апошніх 4,5 млн. гадоў.

т. 11, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЮ́ХА,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1978), жалезістая мінеральная лінза. Размешчана за 2 км на ПнЗ ад в. Астравы Вілейскага р-на Мінскай вобл., на аднайм. балоце, у пойме р. Зуйка Даўж. да 100 м, шыр. 50—60 м, магутнасць тоўшчы да 20 см, глыб. залягання 1,1 м. Характарызуецца жалезістай мінералізацыяй у тарфяным пакладзе, якая прадстаўлена калоідным протамагнетытам, гнёздамі гематыту і магнетыту, а таксама калоідным і зярністым сцяжэннямі сідэрыту і вівіяніту. Канцэнтрацыя мінералаў жалеза да 40%. С. — адзінае ва Усх. Еўропе месцазнаходжанне жалезістай мінералізацыі, якая ўтварылася ва ўмовах павышаных гідрадынамічных уласцівасцей адкладаў. Пры змене фізіка-хім. умоў асяроддзя мінералізацыя пераўтворыцца ў балотную руду.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫЛАБІ́ТЫ (Trilobita),

клас выкапнёвых беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. 2 падкл.: міямеры і палімеры. Каля 1,5 тыс. родаў. Жылі ў кембрыі — пермі ў морах у зонах глыбакаводнага шэльфа. Лічынкі вялі планктонны спосаб жыцця, пазней — донны. На Беларусі шматлікія рэшткі Т. выяўлены ў адкладах ардовіку (асабліва ніжняга), сілуру і ніжняга дэвону, рэдка ў верхнедэвонскіх і каменнавугальных адкладах. Па выкапнёвых рэштках вызначаюць узрост геал. адкладаў.

Цела эліпсоіднай формы даўж. да 75 см. падзялялася ўздоўж дзвюма падоўжнымі барознамі. Са спіны ўкрыта тонкім хіцінавым панцырам. Галава накшталт паўмесяца з 5 парамі канечнасцей і вял. фасетачнымі вачамі. Тулава і хваставы аддзел мелі рухомыя сучлененыя сегменты, што давала магчымасць жывёле пры небяспецы згортвацца.

Трылабіт.

т. 15, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСВЕ́Я,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 28 км на ПнУ ад г.п. Ушачы. Пл. каля 2,4 км², даўж. 3,4 км, найб. шыр. 960 м, найб. глыб. 1,9 м, даўж. берагавой лініі 8,2 км, пл. вадазбору 32,3 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 11—18 м, разараныя, да возера абрываюцца ўступам выш. 4—6 м. Пойма шыр. да 20 м, затарфаваная, укрыта хмызняком. Берагі нізкія, забалочаныя, на У месцамі пясчаныя, на З тарфяністыя. Дно ўкрыта сапрапелем, месцамі вузкая прыбярэжная паласа апясчаненых адкладаў. Зарастае да глыб. 0,9 м. Упадаюць 2 ручаі, пратокай злучана з Зах. Дзвіной.

т. 16, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЮВІЯГЛЯЦЫЯ́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ (ад лац. fluvius рака, паток + glacialis ледзяны), патокава-ледавіковыя адклады,

генетычны тып водна-ледавіковых адкладаў, сфарміраваных патокамі расталых ледавіковых вод. Прадстаўлены гарызантальна- і косаслаістымі пяскамі рознай зярністасці, жвірам, галькай, валунамі, радзей суглінкамі і супескамі. Складаюць зандры, камы, озы, камавыя тэрасы, флювіягляцыяльныя дэльты, краявыя насыпныя грады і інш. Магутнасць 10—20, зрэдку 30—45 м. На Беларусі пашыраны сярод антрапагенавых утварэнняў (​1/3 іх аб’ёму) на Пд і У Бел. Паазер’я, схілах Бел. грады, Сярэднянёманскай нізіне, Цэнтральнабярэзінскай раўніне і Бел. Палессі. На б.ч. тэрыторыі з’яўляюцца глебаўтваральнымі пародамі. З Ф.а. звязаны радовішчы пяску, жвіру, прэсных падземных вод (асн. аб’ём вады для водазабеспячэння Мінска).

т. 16, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)