ДАНУКА́ЛАЎ (Аляксей Фёдаравіч) (29.2.1916, с. Новарасляеўка Саратаўскай вобл., Расія — 27.4.1944),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Віцебскай і Смаленскай абл. у Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Балашоўскі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі (1936), Іркуцкае ваен. вучылішча (1941). У Вял.Айч. вайну ўдзельнік абароны Лепеля, Оршы, Смаленска. Трапіўшы ў акружэнне, у жн. 1941 арганізаваў партыз. атрад «Радзіма», які ў крас. 1942 рэарганізаваны ў брыгаду «Аляксей», камандзірам якой быў Д. (пазней партыз. брыгада яго імя). Падпалкоўнік Д. загінуў у баі ў час выхаду з блакады. У Лепелі на яго магіле помнік, у в. Кавалі Лёзненскага р-на мемар. музей Д., устаноўлены яго бюст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШКО́Ў (Яўген Іванавіч) (н. 15.2.1941, г. Екацярынбург, Расія),
рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). У 1961—67 працаваў у т-рах Казані, Свярдлоўска, Бранска. З 1967 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Выканаўца роляў героіка-рамантычных, характарных і лірычных.
Творчая манера адметная спалучэннем мяккага лірызму з адчуваннем драматызму чалавечага лёсу. Сярод лепшых роляў: Башлыкоў («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), князь Уладзімір («Гора і слава» А.Петрашкевіча), Васіль («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Павел, Сяргей («Грэшнае каханне», «Амазонкі» А.Дзялендзіка), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Дон Хуан («Каханне не жарты» П.Кальдэрона), Фіеска («Змова Фіеска ў Генуі» Ф.Шылера), Бусыгін («Спатканне ў прадмесці» А.Вампілава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГІЕ́НА РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ,
галіна гігіены, якая вывучае дзеянне радыеактыўных рэчываў і іанізуючых выпрамяненняў на арганізм чалавека з мэтай распрацоўкі гігіенічных мерапрыемстваў радыяцыйнай бяспекі. Ажыццяўляе кантроль за радыяцыйнай чысцінёй прыроднага асяроддзя і харч. прадуктаў, распрацоўвае гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі радыеактыўных рэчываў і ўзроўняў апрамянення ў розных умовах жыццядзейнасці чалавека, вывучае ўмовы працы і стан здароўя асоб, якія працуюць з радыеактыўнымі рэчывамі і крыніцамі іанізуючых выпрамяненняў, распрацоўвае мерапрыемствы па прадухіленні забруджвання знешняга асяроддзя радыеактыўнымі рэчывамі. Сан. правілы ў галіне гігіены радыяцыйнай рэгулююцца спец. нарматыўнымі дакументамі. Кантроль за радыяцыйнай бяспекай ажыццяўляюць радыелагічныя лабараторыі і групы пры абл., гар. і раённых цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА, сетка гідралагічных назіранняў,
сукупнасць гідралагічных станцый і пастоў, размешчаных у межах пэўнай тэрыторыі (рачнога басейна, адм. раёна, краіны). Ствараецца з мэтай сістэм. атрымання інфармацыі для вывучэння гідралагічнага рэжыму (у т. л. забруджвання радыенуклідамі) і катастрафічных з’яў на рэках, азёрах і вадасховішчах. На Беларусі дзейнічае з сярэдзіны 19 ст. Гідралагічныя назіранні і іх апрацоўку ў 1996 ажыццяўлялі цэнтры па гідраметэаралогіі ў абл. гарадах (у Гомелі і Магілёве і радыяцыйны кантроль), 7 станцый (балотная, азёрная і 5 рачных) і 135 пастоў К-та па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства ўрачоў Гродзенскай губерні. Засн. ў 1869 у Гродне. Адно з першых у Рас. імперыі. Мела на мэце сан. вывучэнне губерні, складанне яе медыка-тапагр. і сан. карты, барацьбу з эпідэміямі, арганізацыю мед. дапамогі сельскаму насельніцтву, вывучэнне краявой паталогіі, сан. асвету насельніцтва і інш.; давала рэкамендацыі па пытаннях сан. добраўпарадкавання, рэгістрацыі інфекц. захворванняў і смяротнасці. Старшынямі т-ва ў розны час былі А.Ф.Рэйнпольскі, М.Д.Беклямішаў. Выдала 2 зборнікі пратаколаў за 1890/91 і 1895/96. У 1913 спыніла існаванне. Аднавіла работу пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР. З 1954 дзейнічаюць абл. спецыялізаваныя мед.навук. т-вы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́СКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31 і 1935—56. Утвораны 17.7.1924 у складзе Слуцкай акругі. Цэнтр — в.Грозаў. Пл. 1069 км², нас. 33 992 чал., 288 населеных пунктаў (1925). Падзяляўся на 10 сельсаветаў. З 9.6.1927 да 26.7.1930 у складзе Мінскай акругі. Скасаваны 8.7.1931, тэр. ўвайшла ў склад Капыльскага, Пухавіцкага і Слуцкага р-наў. Зноў утвораны 12.2.1935. Цэнтр — мяст.Грэск. Пл. 1000 км², 151 населены пункт. Падзяляўся на 15 сельсаветаў. З 21.6.1935 у Слуцкай акр., з 20.2.1938 і з 8.1.1954 у складзе Мінскай, з 20.9.1944 — Бабруйскай абл. Скасаваны 17.12.1956, тэр. перададзена ў Капыльскі, Пухавіцкі, Слуцкі і Уздзенскі р-ны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́ДКА (Лукаш Сямёнавіч) (31.10.1887, в. Лесуны Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 16.5.1966),
дзеяч бел.нац. руху пач. 20 ст. Ген.-маёр інтэнданцкай службы (1940). Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1904—07). У 1907 за распаўсюджванне рэв. л-ры арыштаваны, у 1909 апраўданы. З 1910 у арміі. З 1917 эсэр, чл. Савета салдацкіх дэпутатаў 12-й арміі, выканкома Усерас. Савета сял. дэпутатаў, Цэнтр.бел. вайсковай рады, Бел.абл.к-та, дэлегат Усебел. з’езда 1917. З 1918 у Чырв. Арміі. У 1921—22 ад’ютант М.Фрунзе ў Турцыі, у 1941—51 нач. кватэрна-эксплуатац. ўпраўлення Узбр. СІД СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРАСЮ́К (Васіль Васілевіч) (н. 10.1.1954, г. Брэст),
бел. кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1979). З 1983 заг.муз. часткі Брэсцкага абл.т-ра драмы і музыкі. Працуе пераважна ў галіне тэатр. музыкі. Сярод твораў: опера для дзяцей «Анчутка» (1993); сімфонія «Белая Русь» (1983); Канцэрт для фп. з арк. (1985); вак.-інстр. — эстр. кампазіцыі «XX век» на словы Г.Бураўкіна (1987) і «Споведзь» на словы М.Пракаповіча і А.Каско (1987); камерна-інстр. музыка, песні; музыка да драм. спектакляў, у т. л. «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1981), «Вечар» А.Дударава (1986), «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.Макаёнка (1987), «Машэка» М.Арахоўскага (1989), «Памінальная малітва» Р.Горына (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРАНО́К (Таццяна Піліпаўна) (н. 25.12.1917, г. Васілевічы Гомельскай вобл.),
бел. актрыса. Нар. артыстка Беларусі (1967). З 1931 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, у 1951—74 у Брэсцкім абл.драм. т-ры. Выканаўца вострахарактарных і камедыйных, лірыка-драм. роляў. Спалучае эмацыянальную напоўненасць вобразаў з яркай і выразнай формай. З найб. значных роляў: Таццяна («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Паўліна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Даша («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Аксюша, Белацелава («Лес», «Жаніцьба Бальзамінава» А.Астроўскага), Вольга («Тры сястры» А.Чэхава), Марціна («Лекар паняволі» Мальера) і інш.
Літ.:
Волчецкий Л.П. Годы, спектакли, роли... Мн., 1974.