МЕ́ТЭРЛІНК (Maeterlinck) Марыс (29.8.1862, г. Гент, Бельгія — 5.5.1949),
бельгійскі паэт і драматург; тэарэтык і практык сімвалісцкай драмы. Чл.Бельг. каралеўскай акадэміі л-ры і прыгожых мастацтваў. Скончыў Генцкі ун-т (1885), вывучаў права ў Парыжы, працаваў адвакатам у Генце. З 1896 жыў у Францыі. Старшыня Міжнар. ПЭН-клуба (з 1947). Дэбютаваў у 1883. Пісаў на франц. мове. Першы зб. вершаў «Цяпліцы» (1889), першая яго п’еса «Прынцэса Мален» (1889, на сюжэт казкі братоў Грым). У аднаактоўках «Няпрошаная» і «Сляпыя» (абедзве 1890), драмах «Пелеас і Мелізанда» (1892), «Там, унутры» і «Смерць Тэнтажыля» (абедзве 1894) сцвярджаецца ўлада над чалавекам загадкавага Невядомага, што часам увасабляецца ў смерці, чалавек разглядаецца як ахвяра, як згублены ў варожым свеце «сляпы», як «марыянетка». Аўтар рамант. драм «Аглавена і Селізета» (1896), «Арыяна і Сіняя Барада» (1896, на сюжэт казкі Ш.Перо), «Сястра Беатрыса» (1901), «Монна Ванна» (1902), «Цуд Святога Антонія» (1903) і інш., кніг эсэ, мемуараў. Вяршыня яго творчасці — філас. п’еса-казка «Сіняя птушка» (1908, паст. К.С.Станіслаўскім у Маскоўскім маст. т-ры 1908). На сюжэт драмы «Пелеас і Мелізанда» напісаны аднайм. опера К.Дэбюсі (1902), сімф. паэма А.Шонберга, на сюжэт драмы «Арыяна і Сіняя Барада» — опера П.Дзюка (1907). Сімвалісцкая драма М. прадвызначыла авангардысцкі кірунак у драматургіі ў 2-й пал. 20 ст. — «тэатра абсурду», або «антытэатра». Нобелеўская прэмія 1911.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв.М., 1996, Пьесы. М., 1962;
Сокровище смиренных. Мудрость и судьба. Томск, 1994.
Літ.:
Шкунаева И.Д. Бельгийская драма от Метерлинка до наших дней. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАРО́ТНАЯ ТЭАРЭ́МА,
тэарэма, умовай якой з’яўляецца выснова зыходнай (прамой) тэарэмы, а высновай — умова. Прамая і адваротная тэарэма — узаемна адваротныя. З іх праўдзівасці вынікае, што выкананне ўмовы адной з іх не толькі дастаткова, але і неабходна для праўдзівасці высновы, напр., тэарэмы: «калі 2 вуглы трохвугольніка роўныя, то іх бісектрысы роўныя» і «калі 2 бісектрысы трохвугольніка роўныя, то адпаведныя ім вуглы роўныя», — узаемна адваротныя і абедзве праўдзівыя. З праўдзівасці якой-н. тэарэмы не вынікае праўдзівасць адваротнай тэарэмы да яе, напр., тэарэма: «калі лік дзеліцца на 6, то ён дзеліцца на 3» — праўдзівая, а адваротная тэарэма: «калі лік дзеліцца на 3, то ён дзеліцца на 6» — непраўдзівая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НКА 1) найменшы з натуральных лікаў n = 1. Пры множанні адвольнага ліку на 1 атрымліваецца той жа самы лік.
2) Элемент e мноства M наз. адзінкай, у адносінах да бінарнай алг. аперацыі *, калі для адвольнага элемента a мноства M выконваецца роўнасць a * e = a, або e * a = a (абедзве роўнасці незалежныя, г. зн., што ў агульным выпадку a * b ≠ b * a). Адрозніваюць левыя і правыя адзінкі: a * eп = a і eл * a = a. Калі на мностве M вызначана некалькі бінарных аперацый (напр., множанне і складанне лікаў), то e наз. адзінкай толькі ў адносінах да множання, у адносінах да складання — нулём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРГО́ЛЬЦ Вольга Фёдараўна (16.5.1910, С.-Пецярбург — 13.11.1975),
руская пісьменніца. Скончыла Ленінградскі ун-т (1930). Выдала аповесць «Угліч» (1932), зб. «Вершы» (1934), «Кніга песень» (1935), зб. апавяданняў «Ноч у Новым міры» (1935). У час Вял.Айч. вайны перажыла блакаду Ленінграда, гераічнай абароне якога прысвяціла паэмы «Лютаўскі дзённік» і «Ленінградская паэма» (абедзве 1942), «Твой шлях» (1945), зб. «Гаворыць Ленінград» (1946). Аўтар паэмы «Першарасійск» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), паэт. трагедыі «Вернасць» (1954) пра абарону Севастопаля ў 1941—42, аўтабіягр. кнігі лірычнай прозы «Дзённыя зоркі» (1959; аднайм. фільм, 1968), зб. вершаў «Вузел» (1965), п’ес, кінасцэнарыяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКСО́НАЎ Аляксандр Пятровіч (н. 12.1.1937, пас. Доркі Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965), выкладаў у ім (1974—88). Працуе ў галіне манум. і станковай скульптуры. Аўтар помнікаў аднавяскоўцам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, у Мар’інагорскім с.-г. тэхнікуме (1967), аднавяскоўцам і партызанам у в. Шайцерава Верхнядзвінскага р-на (1970), ахвярам фашызму каля г. Чэрвень (1976), спаленай вёсцы ў в. Хутар Светлагорскага р-на (1981; усе ў сааўт. з арх. Ю.Казаковым). Станковыя работы: «Лянок» (1967), «Сям’я бацькі Міная», «Маці-партызанка» (абедзве 1970), «Жніво» (1974). Стварыў шэраг мемарыяльных дошак, дэкар. рэльефаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКА-РА́ДАМСКАЯ У́НІЯ 1401,
дзяржаўны і паліт. саюз ВКЛ і Польшчы. Дакумент пра заключэнне уніі быў падпісаны князямі і панамі ВКЛ 18.1.1401 у Вільні, у Польшчы — 11 сак. ў Радаме. Паводле пагаднення абедзве дзяржавы павінны былі дзейнічаць разам супраць знешніх ворагаў, польскія феадалы абавязваліся ў выпадку смерці Ягайлы не выбіраць караля без згоды феадалаў ВКЛ, пацвярджаліся правы вял. князя ВКЛВітаўта на самаст. кіраванне, але таксама прызнаваліся спадчынныя правы Ягайлы, які ў акце уніі названы найвышэйшым князем літоўскім. Уніяй быў юрыдычна замацаваны саюз дзяржаў у барацьбе з ням. агрэсіяй. Адным з вынікаў уніі стала перамога ў Грунвальдскай бітве 1410.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРУ́К Уладзімір Іванавіч (н. 6.7.1961, пас. Качубееўка Стаўрапольскага краю, Расія),
бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1989). У 1991—94 вучыўся ў Творчых акад. майстэрнях у М.Савіцкага. З 1994 у Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў жанры тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта. Філас. разважанні аб шматграннасці жыцця, свой духоўны, эстэт. ідэал Ганчарук выяўляе праз зварот да міфалагічных сюжэтаў, легендаў, паданняў. Сярод твораў: «Казачніца» (1985), «Лістапад», «Забыты Бог», «Прадказальнік» (усе 1988), трыптых «Датычнасць» (1989), «Знак зацьмення» (1991), «Адзінокая зорка», «Тэсей і мінатаўр» (абедзве 1992), «Блаславенне» (1993), «Жнівень», «Распяцце», «Зварот», «Усім самотным» (усе 1994), «Прэлюдыя ночы», серыя «Цыганскі барон» (усе 1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАВА́Я Галіна Аляксандраўна (н. 7.2.1941, г. Барысаглебск, Расія),
бел. скульптар. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1968), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1973). Працуе ў галіне манум. і станковай скульптуры. У аснове філас. канцэпцыі твораў Гаравой — асэнсаванне гіст. працэсаў і з’яў сучаснасці. Сярод твораў: манум. кампазіцыя «Маці» (1976, р.п. Глуша Бабруйскага р-на), помнік воінам-кавалерыстам (1981, в. Горная Хоцімскага р-на; арх. Ю.Мамлін); паркавая скульптура «Голуб» (1988); станковыя работы «Беларусь партызанская», «Касманаўты» (абедзве 1975), «Несцерка і Паўлінка» (1985), «Дзекабрысты» (1986), «Нараджэнне» (1990), «Сляпыя» і «Аплакванне» (1993), «Патэн» і «Каханне» (1994), «Акт-1» (1995), «Акт-2» (1996) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ДЫКЕ Аляксандр Фёдаравіч (4.3.1877, Масква — 9.7.1957),
расійскі арганіст, кампазітар, піяніст, педагог. Нар.арт. Расіі (1946). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1898), выкладаў у ёй (праф. з 1909). З 1923 выступаў як арганіст. Аўтар опер на ўласныя лібрэта: «Вірынея» (1916), «Каля перавозу», «Жакерыя» (абедзве 1933), «Макбет» (1947), 3 кантат, 3 сімфоній, канцэртаў для інструмента з аркестрам, у т. л. для аргана (1927), камерна-інстр. ансамбляў, арганных транскрыпцый, рамансаў і песень. Зрабіў каштоўны ўклад у пед. л-ру для фп. Сярод яго вучняў М.Старакадамскі, М.Выгодскі, В.Мяржанаў, С.Дзіжур, Г.Гродберг, Л.Ройзман. Прэмія па кампазіцыі на Міжнар. конкурсе імя А.Рубінштэйна ў Вене (1900). Дзярж. прэмія СССР 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСА́НДРЫ (Alecsandri) Васіле (21.7.1821, г. Бакэу, Румынія — 22.8.1890),
малдаўскі і румынскі пісьменнік, тэатр. дзеяч, збіральнік фальклору. Вучыўся ў Парыжы (1834—39). У сатыр. п’есах «Іоргу з Садагура» (1844), «Ясы ў час карнавалу», «Кірыца ў правінцыі» (абедзве 1852), казцы «Гісторыя аднаго залатога» (1843) і інш. адлюстраваў рэчаіснасць тагачаснай Малдавіі. Пад уплывам нар. творчасці напісаў вершаваны цыкл «Дойны» (1848—49, асобнае выд. 1853) і зб. «Народныя вершы» (1852). Аўтар гіст. паэмы «Чырвоная дуброва» (1872), гіст. драмы «Ваявода-дэспат» (1880), феерыі «Сінзіяна і Пепеля» (1883) і інш.