МЕЛЬ,

мелкаводны ўчастак у рэчышчы ракі, у возеры, вадасховішчы, моры, небяспечны для суднаходства.

т. 10, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ МАСІ́Ў,

ізаляваны ўчастак гор, які мае амаль аднолькавую даўжыню і шырыню і вызначаецца адносна слабай расчлянёнасцю. Могуць быць тэктанічнага і вулканічнага паходжання (напр., Эльбрус у гарах Каўказа, Татры ў Карпатах).

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНТА́ЦЫЯ (ад лац. plantatio пасадка раслін),

1) вялікі ўчастак зямлі, заняты пад с.-г. культуру, якая мае прамысл. ці гандл. значэнне, напр., чайная П.

2) Буйная земляробчая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні якой-н. культуры.

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́РНАЎКА,

рака ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 29 км. Пл. вадазбору 125 км². Пачынаецца каля зах. ускраіны в. Жалезкава. Рэчышча каналізаванае ад вытоку на працягу 13 км. Каналізаваны ўчастак наз. Смалярня.

т. 6, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБЫ́ШКА,

кладка яец саранчовых, акружаная застылымі пеннымі выдзяленнямі прыдатачных залоз палавых шляхоў і інкруставаная часцінкамі глебы. Мае форму поласці, якую самка выкопвае яйцакладам у глебе. Форма К. і суадносіны яе асобных ч. відаспецыфічныя (па К. вызначаюць, якімі відамі саранчовых заселены ўчастак).

т. 8, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЁС,

больш глыбокі ўчастак рэчышча ракі, размешчаны паміж перакатамі. Звычайна ўтвараецца ў месцах павелічэння скорасці цячэння вады і інтэнсіўнага размывання дна (напр., у выгінах рэк, у звужаных рачных далінах). П. называюць таксама ч. азёр ці вадасховішчаў, адасобленыя астравамі, паўастравамі, косамі.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРСТ (ням. Horst літар. гняздо),

прыўзняты, звычайна выцягнуты ўчастак зямной кары, абмежаваны крута нахіленымі разрывамі — скідамі або ўскідваннямі. Бывае просты горст (абмежаваны двума) і складаны (некалькімі скідамі або ўскідваннямі), шыр. да многіх дзесяткаў, даўж. да соцень кіламетраў. Схілы горста могуць быць укрыты асадкавымі пародамі.

Горст.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́НЫ (лац. coloni),

1) у Старажытным Рыме катэгорыя землекарыстальнікаў — дробных арандатараў зямлі. За права апрацоўваць арандаваны ўчастак К. выплачвалі землеўладальніку грашовую арэнду ці выконвалі на яго карысць натуральныя павіннасці (гл. Каланат).

2) У раннім сярэдневякоўі ў Зах. Еўропе адна з катэгорый феадальна-залежных сялян.

т. 7, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАРТА́Л (ад лац. quartus чацвёрты),

1) чвэрць года (3 мес).

2) Частка гар. забудовы, абмежаваная вуліцамі.

3) У Рас. імперыі найменшая адм.-паліцэйская адзінка на чале з квартальным наглядчыкам. Складалася з некалькіх вуліц, уваходзіла ў паліцэйскі ўчастак.

4) У лясной гаспадарцы дзялянка, абмежаваная прасекамі і дарогамі.

т. 8, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЙДА,

паласа ўвільготненых нізінных раўнін уздоўж узбярэжжаў мораў на Пн Расіі, што заліваецца вадой пры высокіх прылівах і высыхае пры адлівах. Шырыня да некалькіх кіламетраў. Часта ўкрыта лугавой і балотнай галафітнай расліннасцю. У шырокім разуменні Л. — плоскі забалочаны ўчастак тундры і лесатундры са шматлікімі дробнымі азёрамі.

т. 9, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)