ПА́НДУС (ад франц. pente douce пакаты схіл),

прамавугольная ці крывалінейная ў плане нахіленая пляцоўка для пад’езду да параднага ўвахода, размешчанага над цокалем будынка, а таксама для пад’езду аўтамабіляў на верхнія паверхі ў вял. гаражах. У асобных выпадках замяняе лесвіцы ўнутры і звонку будынкаў і збудаванняў.

Пандус.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЕ́Н (Belem),

горад на Пн Бразіліі. Адм. ц. штата Пара. Засн. ў 1616. 1246,4 тыс. ж. (1991). Марскі порт у вусці р. Пара (дэльта Амазонкі). Міжнар. аэрапорт. Дрэваапр., харч. прам-сць. Суднаверф. Ун-т. Музей. Муніцыпальны парк (участак сапраўднага трапічнага лесу ўнутры горада). Арх. помнікі 17—18 ст.

т. 3, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНУ́ТРАНЫЯ МО́РЫ, міжземныя моры,

якія размешчаны паміж мацерыкоў або ўнутры мацерыка і злучаюцца з акіянам праз пралівы. У залежнасці ад размяшчэння бываюць міжмацерыковыя (напр., Міжземнае м.) і ўнутрымацерыковым (напр., Чорнае м.). У выніку сваёй адасобленасці маюць своеасаблівы гідралагічны рэжым, на які істотны ўплыў аказвае суша, што іх акружае.

т. 16, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРЫ́ЛАДА,

электравымяральная прылада, заснаваная на ўзаемадзеянні магн. поля нерухомага пастаяннага магніта з магнітным полем току, што вымяраецца і працякае па рухомым правадніку (шпулі, рамцы). Выкарыстоўваецца для вымярэння эл. напружання, сілы току, супраціўлення, колькасці электрычнасці ў ланцугах пастаяннага току (у вальтметрах, амперметрах, омметрах, гальванометрах).

Найб. пашыраны М.п. са шпуляй, якая верціцца вакол восі паміж нерухомым магнітам і жалезным стрыжнем. Сіла, што адхіляе шпулю з замацаванай стрэлкай, прапарцыянальная сіле току. Ёсць таксама М.п., у якіх пастаянны магніт змешчаны ўнутры рухомай шпулі, і прылады з рухомым магнітам, замацаваным на восі ўнутры нерухомай шпулі. Выкарыстоўваюцца таксама магнітаэл. лагометры. М.п. як састаўная ч. ўваходзяць у выпрамныя, тэрмаэл., электронныя аналагавыя і інш. прылады, што вымяраюць сілу пераменнага току і напружанне. Межы вымярэння пашыраюць шунтамі і дабавачнымі супраціўленнямі. У спалучэнні з вымяральнымі пераўтваральнікамі М.п. вымяраюць і неэл. велічыні (т-ру, ціск і інш.).

У.​М.​Сацута.

Схема магнітаэлектрычнай прылады: 1 — асяродак; 2 — магнітны шунт для рэгуліроўкі адчувальнасці прылады; 3 — магнітаправод; 4 — пастаянны магніт; 5 — полюсныя наканечнікі; 6 — рухомая рамка.

т. 9, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСГІДРО́З (ад дыс... + грэч. hidrōs пот + ...оз),

утварэнне на скуры ўнутры эпідэрмальных пухіркоў з прычыны закупоркі праток потавых залоз. Бывае ў людзей з высокай патлівасцю, пасля нерв. стрэсаў, хваляванняў, сполаху; лічыцца таксама праяўленнем алергічнай рэакцыі. Прыкметы: на скуры далоней, бакавых паверхняў пальцаў рук, на падэшве глыбокія празрыстыя пухіры, пякота ці сверб. Лячэнне: супрацьзапаленчая тэрапія.

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАСТАЗІ́Я (ад іза... + грэч. stasis стан, становішча), ізастатычная раўнавага,

становішча верхніх гарызонтаў Зямлі (зямной кары, літасферы), якое праяўляецца ва ўраўнаважанні ўнутры астэнасферы на глыб. 100—150 км (глыбіня кампенсацыі) ціску вышэйляжачых гарызонтаў. Істотная ч. ізастатычнай кампенсацыі забяспечваецца зменамі магутнасці зямной кары, варыяцыямі шчыльнасці падкоравага слоя і зменамі таўшчыні літасферы. Значна ўплывае на амплітуду тэктанічных рухаў.

т. 7, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІ́К (грэч. kylix),

старажытнагрэчаская гліняная ці металічная пасудзіна для ўжывання віна: плоская шырокая чаша на высокай ножцы з падножкай і дзвюма гарыз. ручкамі на процілеглых баках краю чашы. Гліняныя К. часта размалёўвалі ўнутры. Найб. вядомы чырвонафігурныя К. 6—4 ст. да н.э.

Кілік «Коннік». Эпіктэт. Каля 520 да н.э.; 1 — агульны выгляд, 2 — унутраная размалёўка.

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ВАР, вінакурня, вінакурны завод,

традыцыйнае вытв. збудаванне, дзе варылі піва, гналі гарэлку.

На Беларусі вядомы з 16 ст. ў замках, сядзібах (звычайна размяшчаліся каля рэк, сажалак, зрэдку ў дварах), пры корчмах і аўстэрыях. Найчасцей гэта былі вял. драўляныя будынкі, накрытыя драніцай або гонтай, з мураванымі печамі ўнутры. Нярэдка ў склад бровара уваходзілі саладоўня з сушыльняй, варыўня, лазня, жыллё.

т. 3, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАВЫ́ АБАРО́Т прамысловага прадпрыемства,

сумарны кошт усіх відаў прадукцыі, вырабленай за справаздачны перыяд. Акрамя валавой прадукцыі ўключае ўнутрызаводскі абарот — вырабы і паўфабрыкаты, выкарыстаныя на вытворчасць гатовай прадукцыі ўнутры прадпрыемства. Афіц. статыстыкай не ўлічваецца. Выкарыстоўваецца на прадпрыемствах для ацэнкі вытв. дзейнасці, а найчасцей пры значных зменах унутр. структуры прадпрыемства — падзеле яго на некалькі самастойных ці аб’яднанні некалькіх прадпрыемстваў у адно.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЯ́НСКІ КОНЬ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі вялізны драўляны конь (падарунак багіні Афіне і траянцам) са схаванымі ўнутры воінамі, з дапамогай якога грэкі (данайцы і інш.) у канцы Траянскай вайны захапілі Трою (таксама гл. ў арт. Данайцаў дары). У пераносным сэнсе «Т.К.» — падарунак ворагу з мэтай яго знішчэння, каварны падман.

А.​Г.​Зельскі.

Пабудова траянскага каня. Карціна Дж.​Цьепала. 1757—62.

т. 15, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)