ІСКРАВЫ́ РАЗРА́Д, іскра электрычная,

нестацыянарны электрычны разрад у газе, які ўзнікае ў эл. полі пры цісках газу парадку атмасфернага (некалькі соцень кілапаскаляў). Адрозніваецца звілістай разгалінаванай формай і хуткім развіццём (каля 10​−7 с), суправаджаецца характэрным гукавым эфектам («трэск» іскры). Т-ра ў гал. канале І.р. дасягае 10​4 К. Разрад паўтараецца, калі напружанне пасля амаль імгненнага спаду зноў дасягае велічыні напружання прабою. Пры дастатковай магутнасці крыніцы напружання І.р. пераходзіць у дугавы (электрычную дугу) або тлеючы разрад. У прыродных умовах найчасцей назіраецца ў выглядзе маланкі.

т. 7, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧУБЕ́Й (Васіль Лявонцьевіч) (1640, Украіна — 25.7.1708),

украінскі ваен. і дзярж. дзеяч. Пры гетмане Мазепе на вышэйшых пасадах у Гетманскім урадзе: ген. пісар (1687—99), ген. суддзя (1699—1708). Удзельнік Азоўскіх паходаў (1695—96). Паведаміў Пятру I пра тайныя перагаворы Мазепы са швед. каралём Карлам XII і польскім каралём Станіславам Ляшчынскім. Уцёк у Расію, але Пётр I, давяраючы гетману, выдаў яго Мазепе разам з палк. І.​І.​Іскрай. Пасля катаванняў пакараны смерцю. Калі стала вядома аб здрадзе Мазепы, К. і Іскра былі пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са снеж. 1941 да ліп. 1944 у г. Ліда Гродзенскай вобл. Арганізатары і кіраўнікі М.​М.​Ігнатаў і А.​А.​Клімко. Мела 4 групы (35 чал.): на чыг. вузле, электрастанцыі чыг. вузла, у авіярамонтных майстэрнях, ням. ваен. шпіталі; 16 чал. дзейнічалі самастойна. Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, звесткі Саўінфармбюро, рабілі дыверсіі. Наладзіўшы сувязь з партыз. атрадамі «Іскра», «Балтыец» і імя Варашылава, перапраўлялі ім зброю, медыкаменты, друкарскі шрыфт, перадавалі звесткі разведкі. За час акупацыі загінуў 21 падпольшчык. У Лідзе на ўшанаванне памяці падпольшчыкаў устаноўлены помнікі.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫНА (Яўгенія Дзмітрыеўна) (н. 14.7.1923, в. Беразіно Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне селекцыі с.-г. раслін. Д-р с.-г. н. (1982). Скончыла Ленінградскі с.-г. ін-т (1950). З 1956 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па хім. мутагенезе, метадах палікроса, самаплоднасці, біял. асаблівасцях і эфектыўнасці метадаў гетэрозіснай селекцыі і поліплаідыі грэчкі (аўтар сартоў Юбілейная 2, Чарнаплодная, Аніта Беларуская, сааўтар тэтраплоідных сартоў Іскра і Мінчанка).

Тв.:

Крупяные культуры. Мн., 1968 (разам з А.​Н.​Анохіным);

К вопросу о селекции скороспелых сортов гречихи (разам з Т.​А.​Анохінай) // Пути повышения урожайности полевых культур. Мн., 1981. Вып. 12.

т. 5, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́СІВА, красала,

металічная прылада для высякання агню з крэменю. Бытавала з эпохі жал. веку. Найб. старажытнае К. на тэр. Беларусі датуецца 2—5 ст. Паводле формы вылучаюць абаранкападобнае, 2-лязовае авальнае, 2-лязовае прамавугольнае, санкападобнае, у выглядзе прамавугольнай пласцінкі з адагнутымі ўгару канцамі і інш. Высечаная з крэменю іскра падпальвала цэру (маса з вываранага і высушанага дрэвавага грыба накшталт ваты). Крэмень, К. і цэру насілі звычайна ў магалайцы — скураным мяшэчку каля пояса з левага боку. Са з’яўленнем у 19 ст. запалак бытаванне К. заняпала спачатку ў горадзе, а потым і ў вёсцы.

С.​Ф.​Цярохін.

Крэсіва: 1 — абаранкападобнае; 2 — двухлязовае авальнае.

т. 8, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМАРЭ́НКА (Яўген Парфір’евіч) (9.3.1909, г. Херсон, Украіна — 3.8.1994),

укр. акцёр. Нар. арт. СССР (1960). Скончыў драм. студыю пры Адэскай дзярж. драме (1928), дзе працаваў з 1926. З 1936 ва Укр. т-ры ім. І.​Франко. Творчасць П. вылучалася маст. прастатой, тонкім лірызмам, арганічным спалучэннем паэтычнасці і драматызму. Сярод лепшых роляў: Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Іван («Марнасць» І.​К.​Карпенкі-Карага), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Швандзя («Любоў Яравая» К.​Транёва), Іскра і Антоніо («Старонка дзённіка» і «Памяць сэрца» А.​Карнейчука), Т.​Р.​Шаўчэнка («Пецярбургская восень» А.​Ільчанкі) і інш. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1971.

т. 12, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЧКА (Fagopyrum),

род адна-, радзей шматгадовых травяністых раслін сям. драсёнавых. 4—5 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды: грэчка пасяўная, ці ядомая (F. sagittatum, ці F. esculentum), — каштоўная крупяная культура, грэчка татарская (F. tataricum) — пустазелле.

Грэчка пасяўная — аднагадовая расліна выш. 40—120 см. Сцябло голае, злёгку рабрыстае, галінастае. Лісце трохвугольна-сэрцападобнае, бліскучае, зялёнае, іншы раз з антыцыянавай чырвона-бурай афарбоўкай. Кветкі двухполыя, белыя, ружовыя, зрэдку чырвоныя, сабраныя ў гронкі. Плод — трохгранны арэшак. Грэцкія крупы маюць 14—18% бялкоў, да 80% крухмалу, 3—3,5 % тлушчаў, цукры, мінер. солі, вітаміны. Добры меданос (да 100 кг мёду з 1 га пасеваў). Вегетац. перыяд 60—120 сутак. Раянаваныя сарты бел. селекцыі: Аніта беларуская, Іскра, Жняярка, Смуглянка, Чарнаплодная, Юбілейная 2.

Літ.:

Культурная флора СССР. Т. 3. Крупяные культуры. М., 1975;

Каргальцев Ю.В., Пруцков Ф.М. Гречиха. М., 1986.

Т.​А.​Анохіна.

Грэчка пасяўная.

т. 5, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПА́ЛЬВАННЕ ў карбюратарных рухавіках,

узгаранне гаручай сумесі ў цыліндрах у адпаведнасці з парадкам і рэжымам работы рухавіка. Адбываецца з дапамогай запальных свечак, паміж электродамі якіх пад уздзеяннем высокага напружання праскаквае эл. іскра. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, матацыклах і інш.

З. ад эл. іскры дастаткова надзейнае, момант успышкі лёгка рэгулюецца. Для стварэння высокага напружання выкарыстоўваюць акумулятарныя батарэі разам з індукцыйнай шпуляй (найб. пашырана) або магнета. Батарэйнае З. забяспечвае надзейны пуск рухавіка, аднак абмяжоўвае яго быстраходнасць. Для павышэння эканамічнасці рухавіка павялічваюць ступень сціскання і абядняюць гаручую сумесь, што патрабуе павелічэння зазору паміж электродамі запальнай свечкі і, адпаведна, магутнасці іскравага разраду і суправаджаецца павышаным зносам кантактаў. Найб. дасканалыя кантактава-транзістарныя, бескантактава-транзістарныя і электронныя сістэмы З. забяспечваюць большую эканамічнасць, поўнае згаранне паліва і меншую таксічнасць выхлапных газаў.

А.​С.​Рукцяшэль.

Сістэма запальвання аўтамабіля: 1 — шпуля запальвання; 2 — першасная абмотка; 3 — другасная абмотка; 4 — размеркавальнік; 5 — перарывальнік; 6 — бегунок; 7 — свечка запальвання.

т. 6, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Партызанская група «Артур», гл. «Артур»

- » - «Багатыры», гл. «Багатыры»

- » - «Бура», гл. «Бура»

- » - «Бывалыя», гл. «Бывалыя»

- » - «Дружба», гл. «Дружба»

- » - «Заходнія», гл. «Заходнія»

- » - «Знішчальнік», гл. «Знішчальнік»

- » - «Іскра», гл. «Іскра»

- » - «Мядзведзева», гл. «Мядзведзева»

- » - «Родныя», гл. Родныя

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РЭМА́РК (Remarque, Remark) Эрых Марыя (22.6.1898, г. Оснабрук, Германія — 25.9.1970), нямецкі пісьменнік. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Працаваў настаўнікам, журналістам, рэдактарам. З 1932 у эміграцыі (Швейцарыя, ЗША) Сусв. вядомасць прынёс раман «На Заходнім фронце без перамен» (1929, экранізацыя 1980), які разам з раманамі «Вяртанне» (1931) і «Тры таварышы» (1938) склалі своеасаблівую трылогію пра 1-ю сусв. вайну і яе трагічныя наступствы ў лёсах франтавікоў, т.зв. страчанага пакалення. У раманах «Палюбі бліжняга свайго» (1940), «Трыумфальная арка» (1946, экранізацыя 1985), «Ноч у Лісабоне» (1962) тэма ням. эміграцыі, у рамане «Іскра жыцця» (1952) — фаш. канцлагераў, у сатыр. рамане «Чорны абеліск» (1956) — сац.-эканам. і псіхал. вытокаў фашызму. Раман «Час жыць і час паміраць» (1954) і драма «Апошні прыпынак» (1956, паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа ў 1957) пра падзеі на сав.-герм. фронце ў 2-ю сусв. вайну. Аўтар сац.-псіхал. раманаў «Жыццё ў пазыку» (1959), «Цені ў раі» (выд. 1971), «Зямля запаветная» (выд. 1998, незавершаны). Рэаліст. раманы Р. адметныя прысутнасцю ў іх паэтыцы элементаў натуралізму, імпрэсіянізму і экспрэсіянізму, глыбокім псіхалагізмам, лаканізмам мовы ў спалучэнні з яе вобразнасцю. Яго творчасць паўплывала на развіццё сусв. пасляваен. л-ры. На бел. мову раманы «На Заходнім фронце без перамен», «Тры таварышы» пераклалі Х.​Шынклер, У.​Папковіч.

Тв.:

Бел. пер. — На Заходнім фронце без перамен. Мн., 1931;

Тры таварышы. Мн., 1994;

Рус. пер. [Собр. соч. Т. 1—11). М., 1991;

Земля обетованная. М., 2001.

Літ.:

Сучков Б.Л. О книгах Э.​М.​Ремарка // Сучков Б.Л. Лики времени. М., 1976. Т. 2;

Николаева Т.С. Творчество Ремарка-антифашиста. Саратов, 1983.

Е.​А.​Лявонава.

Э.М.Рэмарк.

т. 14, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)