МІ́НКІН (Яфім Львовіч) (н. 22.1.1922, г. Магілёў),
поўны кавалер ордэна Славы. Д-р геолага-мінералагічных н. (1968). Скончыў Маскоўскі геолагаразведачны ін-т (1950). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Сталінградскім, Зах., 1-м, 2-м Укр. франтах. Разведчык яфрэйтар М. вызначыўся ў 1944 у баях на тэр. Румыніі і Венгрыі, у 1945 — Аўстрыі. Да 1987 у ін-це водных праблем Расійскай АН.
т. 10, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАПЕ́ЕЎ (Яфім Данілавіч) (8.3.1908, в. Левенка Бранскай вобл., Расія — 3.7.1990),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1949). З 1931 у Чырв. Арміі. З 1933 на сав. і парт. рабоце. З ліп. 1941 у тыле ворага, з студз. 1943 упаўнаважаны ЦК КП(б)Б і БШПР па Лідскай зоне, у крас. 1943 — ліп. 1944 камандзір Лідскага партыз. злучэння, адначасова кіраўнік Лідскага падп. міжрайпартцэнтра, сакратар Баранавіцкага падп. абкома КП(б)Б. Пасля вайны на парт. рабоце. Ганаровы грамадзянін г. Ліда.
т. 5, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІГА́Н (Яфім Львовіч) (14.12.1898, Масква — 21.12.1981),
расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1973). Засл. дз. маст. Расіі (1958). Скончыў кінашколу імя Б.Чайкоўскага ў Маскве. Творчую дзейнасць пачаў у 1928 на кінастудыі «Дзяржкінапрам» Грузіі фільмам «Першы карнет Стрэшнеў» (разам з М.Чыяўрэлі). У 1929—34 на кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе, дзе зняў дакумент. («Май калгасны», 1930, «На штурм», 1931) і маст. («Суд павінен працягвацца», 1931, «Жанчына», 1932) фільмы. Майстар жанру гіст.-рэв. эпапеі: «Мы з Кранштата» (1936, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Пралог» (1956), «Жалезны паток» (1967). З 1937 выкладаў ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі ў Маскве (з 1965 праф.).
т. 6, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬПЕ́РЫН (Яфім Абрамавіч) (каля 1855, Мінск — ?),
рэвалюцыянер-народнік. Вучыўся ў Мінскай гімназіі. У 1874 далучыўся да ідэй народніцкага сацыялізму. У 1875—76 вёў «лятучую прапаганду» сацыялізму ў Смаленскай і Тульскай губ. Вярнуўся ў Мінск, супрацоўнічаў з землявольскім гуртком М.Л.Велера. Пасля расколу «Зямлі і волі» далучыўся да «Чорнага перадзелу», кіраваў яго гуртком у Гродне. З канца 1881 у Мінску далучыўся да нарадавольскага гуртка Я.С.Хургіна. З 1885 уваходзіў у гурток І.А.Гурвіча, вёў прапагандысцкую работу ў т.зв. «ісаакаўскіх» рабочых гуртках, супрацоўнічаў з газ. «Минский листок». Адзін са стваральнікаў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі. У 1900 арыштаваны, сасланы на 5 гадоў у Сібір. У 1924 напісаў успаміны пра рэв. дзейнасць.
М.Б.Ласінскі, М.А.Сакалова.
т. 4, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ДНЫ (Дзям’ян) (сапр. Прыдвораў Яфім Аляксеевіч; 13.4.1883, в. Губаўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 25.5.1945),
рускі паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1904—08). Першы зб. «Байкі» (1913). Вершы, песні, байкі, вершаваныя аповесці і фельетоны ў зб. «Дзіва дзіўнае і іншыя казкі» (1916), «Кожны Ерамей пра сябе разумей», «Праўда і няпраўда» (абодва 1917) і інш. Аўтар героіка-сатыр. эпапеі «Пра зямлю, пра волю, пра рабочую долю» (1917), паэм «Запаветная зямля» (1920), «Галоўная вуліца» (1922). У грамадз. вайну папулярныя былі яго песні («Праводзіны»), сатыр. творы («Маніфест барона фон Урангеля»), жартоўныя вершы («Танька-Ванька»). У 1920 некаторыя творы ўпершыню надрукаваны ў бел. газ. «Звязда» («Нашым братам — польскім сялянам», «Вялікая штука — навука», «Пан Кміта» і інш.). Творчасць Беднага блізкая да фальклору, многія радкі з вершаў сталі прыказкамі. На бел. мову творы Беднага перакладалі А.Александровіч, А.Дзяркач, А.Астрэйка, Ю.Свірка, Э.Валасевіч і інш.
т. 2, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЕ́ВІЧ (Яфім Яфімавіч) (27.2.1888, Мінск — ?),
дзеяч бел. нац. руху. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1912). У 1-ю сусв. вайну на фронце, прапаршчык, штабс-капітан. Удзельнік Усебел. з’езда 1917, чл. яго прэзідыума. Міністр юстыцыі і фінансаў (да ліп. 1918) у Народным сакратарыяце Беларусі. Дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у Кіеве, Адэсе, Берліне і інш. У 1919 арыштаваны палякамі як дзеяч БНР. У 1918—19 чл. Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў, у 1920 — Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). 1.10.1920 арыштаваны асобым аддзелам Зах. фронту па падазрэнні ў контррэв. дзейнасці, вызвалены праз 6 месяцаў. У 1920—22 служыў у чыг. часцях Чырв. Арміі ў Гомелі. Удзельнічаў у правядзенні ліквідацыйнага з’езда БПС-Р (чэрв. 1924). У 1925—30 упаўнаважаны Наркамфіна БССР, з 1931 працаваў у Белшвейаддзяленні ВСНГ. У 1932 арыштаваны ДПУ БССР і засуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Пакаранне адбываў у Свірлагу, дзе ў 1936 зноў арыштаваны і прыгавораны да 5 гадоў. Далейшы лёс невядомы. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1963, па 2-м — у 1992.
М.М.Клімовіч, У.М.Міхнюк.
т. 3, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)