ГАНЬЦЗЯ́Н,

рака на ПдУ Кітая, у бас. р. Янцзы. Даўж. каля 760 км, пл. бас. каля 82 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Наньлін і Уішань, цячэ пераважна на Пн у міжгорнай даліне, упадае ў воз. Паянху. Асн. прытокі: Юаньшуй, Цзіньцзян, Ляашуй (левыя). Летнія паводкі. Сярэдні расход вады каля 2300 м³/с. На Ганьцзяне — гарады Ганьчжоў (пачатак суднаходства), Наньчан.

т. 5, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ ЭР (15.2.1912, прав. Юньнань, Кітай — 17.7.1935),

кітайскі кампазітар. Самастойна авалодаў мастацтвам ігры на кіт. нар. інструментах і скрыпцы. З 1929 вывучаў еўрап. тэорыю музыкі. Яго творчасць паводле характару і муз. мовы народная, адзначана рысамі наватарства. Аўтар папулярных масавых песень, у т. л. «Марш добраахвотнікаў» (з 1949 Дзярж. гімн КНР), лірычных і інш. Сярод інш. твораў опера «Ураган над Янцзы», музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

т. 11, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЛАСЦЬ ВО́НКАВАГА СЦЁКУ,

частка сушы, з якой рэкі нясуць ваду ў мора, звязаныя з Сусветным ак. Займае 78% пл. сушы. Падзяляецца на Атлантыка-Ледавіты схіл, у межах якога бас. найб. рэк Зямлі — Амазонкі, Місісіпі, Конга, Ніла, Обі, Енісея, Лены, і Ціхаакіянска-Індыйскі схіл з бас. рэк Амур, Янцзы, Ганг і інш. Да бас. Атлантычнага ак. адносіцца 35% плошчы сушы, у т. л. рэкі тэр. Беларусі, Ціхага ак. — 15%, Індыйскага — 14% і Паўн. Ледавітага — 14%.

т. 4, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ КАНА́Л (кіт. Даюньхэ),

суднаходны канал у Кітаі. Важная водная артэрыя краіны; адно са стараж. гідратэхн. збудаванняў. Злучае 2 буйн. парты — Цяньцзінь і Шанхай. Агульная працягласць 1782 км, з адгалінаваннямі ў гарады Ханчжоў, Пекін і Наньтун — 2470 км. Шыр. ад 40 м (правінцыі Шаньдун, Хэбэй) да 3500 м (Шанхай). Глыб. на фарватэры 2—3 м; 21 шлюз. Перасякае рэкі Хуанхэ і Янцзы, уключае натуральныя водныя шляхі (рэчышчы рэк і азёры). Складаецца з некалькіх участкаў: паўднёвы пабудаваны ў 7 ст., паўночны — у 13 ст., частка цэнтр. ўчастка (ад г. Хуайінь да г. Цзянду) праходзіць па канале Ханьгоў. Рэканструяваны ў 1961—62 і 1982—83.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГА́ТАРЫ (Alligatoridae),

сямейства паўзуноў атр. кракадзілаў. Уключае ўласна алігатараў (Alligator) і кайманаў. Жывуць пераважна ў Паўн. і Паўд. Амерыцы ў прэсных вадаёмах; выключэнне — кітайскі алігатар (A. sinensis), жыве ў р. Янцзы.

Уласна алігатараў 2 віды: місісіпскі алігатар (A. mississippiensis) даўж. да 5,8 м, водзіцца ў балотах Фларыды (ЗША) і кітайскі алігатар да 2,5 м. Маюць добра развіты мозг, 4-камернае сэрца, перапонку паміж пальцамі пярэдніх ног. Морда шырокая і кароткая. Драпежнікі. Маладыя кормяцца насякомымі і ракападобнымі, дарослыя — рыбай, жабамі, птушкамі, млекакормячымі. У выніку інтэнсіўнага промыслу на скуру і мяса алігатараў іх колькасць вельмі скарацілася. У шэрагу краін створаны буйныя гадавальнікі для штучнага развядзення алігатараў.

Алігатары: 1 — місісіпскі; 2 — кайманавы; 3 — кітайскі.

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Пётр Кузьміч) (15.10.1863, г. Духаўшчына Смаленскай вобл., Расія — 26.9.1935),

расійскі даследчык Цэнтр. Азіі. Акад. АН УССР (1928). Скончыў ваен. вучылішча (1887). Удзельнічаў у экспедыцыях М.​М.​Пржавальскага, М.​В.​Пяўцова, У.​І.​Рабароўскага. Кіраваў мангола-тыбецкімі (1899—1901 і 1923—2.6) і мангола-сычуаньскай (1907—09) экспедыцыямі, у час якіх даследаваў вярхоўі рэк Хуанхэ, Янцзы, Меконг, адкрыў у пустыні Гобі рэшткі стараж. г. Хара-Хота і інш., сабраў матэрыялы пра араграфію, геалогію, клімат, раслінны і жывёльны свет, насельніцтва, гісторыю Цэнтр. Азіі. Яго імем названы ледавік у хр. Табын-Богда-Ола.

Тв.:

Монголия и Амдо и мертвый город Хара-Хото. 2 изд. М., 1947;

Монголия и Кам. 2 изд. М., 1948.

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКІЯ ГО́РЫ,

горная сістэма на Пд і ПдУ Кітая, у межах Паўд.-Кітайскай платформы, на Пд ад р. Янцзы. Утварае выгнутую на ПдУ дугу даўж. каля 2000 км. Асн. хрыбты; Наньлін і Уішань; шэраг кароткіх хрыбтоў і масіваў рознага распасцірання. Пераважаюць выш. 800—1000 м, найб. 2158 м. Восевыя зоны хрыбтоў складзены з гранітаў і інш. крышт. парод, па перыферыі — з пясчанікаў, сланцаў, вапнякоў; развіты карст. Характэрны «грыбы», «калоны» і інш. формы выветрывання. Ападкаў 1300—1700 мм за год, пераважна летам. Важны кліматападзел, на Пн пераважаюць субтрапічныя, на Пд — трапічныя ландшафты. На паўн. схілах — шыракалістыя субтрапічныя лясы з дубу, вязу, грабу, буку, на паўд. — вечназялёныя трапічныя лясы з перавагай лаўру, магнолій, камелій і інш.

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА старажытная платформа, што ахоплівае бас. р. Янцзы (без вярхоўяў) і больш паўдн. раёны Кітая. Ад Кітайска-Карэйскай платформы аддзелена хр. Цыньлін. Зах. палавіну платформы разам з вял. сінеклізай Сычуань складае пліта, кансалідаваная ў выніку працэсаў познапратэразойскай складкавасці (850 млн. г. назад). Фундамент месцамі выступае на паверхню (Цзяннанская антэкліза), б. ч. яго ўкрыта дыслакаваным асадкавым чахлом з адкладаў верхняга пратэразою, палеазою і мезазою, марскіх да трыясу ўключна, вышэй — кантынентальных. Усх. палавіна платформы — пліта, кансалідаваная ў працэсе каледонскай складкавасці да канца сілурыйскага перыяду, са шматлікімі гранітнымі інтрузіямі таго ж узросту і больш маладымі, якія звязаны з інда-сінійскім і яншаньскім (гл. Мезазойская складкавасць) гораўтварэннем. Радовішчы руд вальфраму, сурмы, волава і поліметалаў, у бас. Сычуань паклады нафты і газу.

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЬСУ́,

правінцыя ў Паўн. Кітаі. Пл. 362,9 тыс. км². Нас. каля 35 млн. чал. (1994). Адм. ц. г. Ланьчжоў. Рэльеф пераважна горны. На Пн — горы Бэйшань (выш. да 2791 м), на Пд ад іх горы Наньшань (вышэй за 5000 м), Міньшань, Цыньлін. На крайнім У частка Лёсавага плато. Клімат кантынентальны. Ападкаў 150—400 мм, на ПдУ да 600 мм. Паўн. Ганьсу адносіцца да бяссцёкавых раёнаў Цэнтр. Азіі, сярэдняя дрэніруецца р. Хуанхэ і яе прытокамі, паўд. належыць бас. Янцзы. Пераважаюць горна-стэпавыя і горна-пустынныя ландшафты. С.-г. раён, апрацоўваецца каля 15% тэрыторыі, значная частка штучна арашаецца. Пасевы пшаніцы, проса, гааляну, кукурузы, ячменю, цукр. буракоў, тытуню, бавоўны. Жывёлагадоўля качавая (авечкі, буйн. раг. жывёла і які, вярблюды, коні). Нафтаздабыча і нафтаперапрацоўка (цэнтр г. Юймынь). Здабыча каменнага вугалю, меднай і жал. руд. Прам-сць: хім., металаапр., атамная (вытв-сць расшчапляльных матэрыялаў). Асн. прамысл. цэнтр.г. Ланьчжоў. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны.

т. 5, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЬХО́Й, Аньхуэй,

правінцыя на У Кітая, у нізоўях рэк Янцзы і Хуанхэ. Пл. каля 140 тыс. км². Нас. 56 млн. чал. (1990). Адм. ц. — Хэфэй. Гал. парты: Уху, Юйцыкоў, Банбу. На Пн — нізінная тэр. Вял. Кітайскай раўніны. Зах. і паўд. часткі — сярэдневышынныя горы (макс. выш. больш за 1800 м). Клімат субтрапічны мусонны. Сярэднія т-ры студз. ад 0 да +4 °C, ліп. 24—28 °C, ападкаў 600—1500 мм за год з летнім максімумам. Лясы хваёвыя і шыракалістыя. Бязлесная раўніна з урадлівымі карбанатнымі алювіяльнымі глебамі амаль цалкам распрацавана. Густая гідраграфічная сетка, аснову якой складае р. Хуанхэ з прытокамі, мноства дробных азёраў. Разбуральныя паводкі р. Хуанхэ ліквідаваны пры дапамозе пабудаваных вадасховішчаў. Аньхой — адзін з асноўных с.-г. раёнаў краіны (рыс, чай, проса, тытунь, пшаніца, соя, батат, кукуруза, бавоўнік). Развіты свінагадоўля, развядзенне рыбы. Здабыча каменнага вугалю (Хуайнанскі бас.), жал. руды (у Данту), медзі (у Тунгуаньшані), серы, фасфарытаў. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Металургічная, маш.-буд., хім., папяровая прамысловасць.

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)