АЛЯХНО́ВІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

паўн.-зах. частка Радашковіцкага ўзвышша, у Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Абмежавана далінамі рэк Бярэзіна (прыток Нёмана) на ПдЗ, Уша (прыток Віліі) на Пн і Нарачана-Вілейскай нізінай на У. Комплекс градава-ўзгорыстага, дробна- і сярэднеўзгорыстага (выш. да 313 м на ПнЗ) марэннага рэльефу. Глыбіня эразійнага расчлянення рэльефу да 10—20 м. Ускраіны ўзвышша маюць стромкія схілы ў бок рачных далін і нізіны. Складаецца з марэнных суглінкаў і супескаў, перакрытых лёсападобнымі пародамі невял. магутнасці. Большая частка Аляхновіцкага ўзвышша разарана. Хмызнякі і лясы (ялова-дубова-хваёвыя групоўкі) захаваліся на схілах узвышша.

Л.А.Нічыпарэнка.

т. 1, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПАВЫЯ ЛЯСЫ́, ліпнякі,

фармацыя шыракалістых лясоў, у якіх пераважае ліпа. На Беларусі ўтвараюцца на месцы дуброў і ялова-шыракалістых лясоў. Займаюць багатыя, добра дрэніраваныя, гумусаваныя дзярнова-падзолістыя супясчаныя і сугліністыя глебы. Пл. 0,03%. Адрозніваюць 5 тыпаў Л.л.: кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы і чарнічны. Дрэвастоі складаюцца з некалькіх ярусаў. 1-ы ярус (акрамя ліпы): асіна, бяроза (павіслая і пушыстая), вольха чорная, граб, дуб, елка, клён, ясень; 2-і — вязавыя, елка, граб, клён. Падлесак добра развіты (крушына ломкая, ляшчына, парэчкі, рабіна, чаромха і інш.). Высокапрадукцыйныя, маюць ахоўнае, гідралагічнае і прамысл. значэнне, каштоўныя меданосныя плантацыі.

Ліпавыя лясы: 1 — вясной; 2 — восенню.

т. 9, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІ́НАВЫЯ ЛЯСЫ́, асіннікі,

драбналістыя лясы, аснову дрэвастою ў якіх складае асіна. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, гал. чынам у Еўропе і Азіі. На Беларусі сустракаюцца часцей на ПнУ, радзей на ПдЗ; агульная пл. 151,7 тыс. га (1,96% лесапакрытай плошчы, 1994). Тут яны з’яўляюцца вытворнымі лясамі, якія растуць на месцы высечак дубовых, радзей ялова-хваёвых і хваёвых лясоў. Займаюць пераважна багатыя супясчаныя і сугліністыя глебы нармальнага ўвільгатнення. Вылучаюць асіннікі: бруснічны, імшысты, арляковы, кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы, прыручайна-травяны, чарнічны, даўгамошны. Асінавыя лясы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы. Пасля высечак асінавыя лясы выкарыстоўваюць для аднаўлення хваёвых, яловых і дубовых лясоў. Асіннікі — кармавыя ўгоддзі для лася, аленя, зубра.

Асінавы лес.

т. 2, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАБАТАНІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,

падзел тэрыторыі сушы на рэгіёны, адносна аднародныя паводле складу і структуры расліннасці і глебава-араграфічных умоў: вобласць, зона, падзона, акруга, раён. Тэр. Беларусі знаходзіцца ў зоне спалучэння 2 геабат. абласцей (зон) галарктычнага дамініёна: Еўразійскай таежнай хвойна-лясной і Еўрапейскай шыракаліста-лясной. У межах абласцей вылучаны 3 геабат. падзоны, якія вызначаюць шыротна-кліматычную занальнасць расліннага покрыва: паўночная (дубова-цемнахвойныя, або шыракаліста-яловыя, лясы); цэнтральная (грабава-дубова-цемнахвойныя лясы, або ялова-грабавыя дубровы); паўднёвая (шыракаліста-хваёвыя лясы, або грабавыя дубровы); 7 геабат. акруг, якія адлюстроўваюць унутрызанальныя адрозненні расліннасці: Аршанска-Магілёўская, Ашмянска-Мінская, Бугска-Палеская, Бярэзінска-Перадпалеская, Заходнядзвінская, Нёманска-Перадпалеская, Палеска-Прыдняпроўская; 25 геабат. раёнаў.

т. 5, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЯ́СЫЦЬ БАРАДА́ТАЯ, няясыць каменная,

няясыць лапландская (Strix nebulosa),

птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашырана ў зоне хваёвых лясоў (старых яловых і ялова-альховых) Паўн. паўшар’я. На Беларусі рэдкі аселы від, занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 84 см, маса самцоў да 800, самак да 1200 г. Апярэнне мяккае, шаравата-бурае або дымчата-шэрае, з густым малюнкам. Тваравы дыск шараваты з вузкімі цёмнымі палосамі і чорнымі плямамі пад вачыма. Пад дзюбай вял. чорная пляма — «барада» (адсюль назва). Вочы і дзюба жоўтыя. Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі, а таксама птушкамі, вавёркамі і інш. Нясе 2—5, зрэдку Да 7 яец.

А.М.Петрыкаў.

Няясыць барадатая.

т. 11, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, дубровы,

дубнякі (Quercus),

група фармацый карэнных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду дуб. Пашыраны ў Еўропе, Усх. Азіі, на Д.Усходзе, у Паўн. і Паўд. Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. У Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропе Д.л. створаны пераважна дубам звычайным, або летнім (Q. robur), і скальным, або зімовым (Q. petraea), у Паўд. Еўропе і Міжземнамор’і — каменным (Q. ilex) і коркавым (Q. suber), на Каўказе — грузінскім (Q. iberica), ва Усх. Азіі і на Д.Усходзе — зубчастым (Q. dentata) і мангольскім (Q. mongolica), у Паўн. Амерыцы — чырвоным (Q. rubra), паўночным (Q. borealis) і балотным (Q. palustris). На Беларусі дрэвастоі Д.л. складаюцца ў асноўным з дубу звычайнага — чыстыя і з дамешкам ясеню, клёну, грабу, ліпы, ільмы, хвоі, елкі, бярозы, асіны, вольхі чорнай, часта з выразным 2-м ярусам. Яны займаюць 4% агульнай плошчы лясоў. Найб. пашыраны ў паўд., зах. і цэнтр. раёнах. Пашырэнне Д.л. і іх фітацэнатычная структура маюць выразныя занальныя асаблівасці. Вылучаюць 3 геабат. падзоны ў напрамку з Пн на Пд: яловых, ялова-грабавых і грабавых дуброў. Пераважаюць кандамінантныя фітацэнозы: у цэнтр. ч.ялова-дубова-грабавыя, на Пд — дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Найб. пашыраныя тыпы Д.л.: кіслічныя, чарнічныя, арляковыя, сніткавыя, поймавыя, вострыцавыя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 40 гадоў. Д.л. маюць важнае прыродаахоўнае, сан.-гігіенічнае і эстэт. значэнне, даюць высакаякасную драўніну для розных галін прам-сці.

Г.У.Вынаеў.

Дубовы лес злакавы.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1994 з мэтай аховы ў натуральным стане ландшафтнага комплексу з участкамі клімаксавых і субклімаксавых дубовых і яловых лясоў, рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 1697 га. Пераважаюць мнагаярусныя ялова-грабавыя дубровы з ясенем, ільмам, вязам, клёнам, арляковыя дубровы; складаныя шыракаліста-яловыя фітацэнозы; зеленамошныя хвойнікі з елкаю і дубам. У флоры 485 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 12 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, у т. л. баранец звычайны, чына горная, тлушчанка звычайная, каменяломнік зярністы і інш. Шмат харч., лек., дэкар., тэхн., меданосных раслін, у т. л. парэчкі, маліны, хмель, ажыны, цыбуля агародная і інш.

П.І.Лабанок.

т. 11, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯХІ́Р (Columba palumbus),

птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Еўропе (за выключэннем Пн), у Паўн.-Зах. Афрыцы, Малой, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, у Гімалаях і Зах.Сібіры. Жыве пераважна ў старых яловых і ялова-лісцевых лясах, у Сярэдняй Азіі — у арчоўніках, зрэдку ў парках, у вял. гарадах. На Беларусі падвід вяхір еўрапейскі (Columba palumbus palumbus); нешматлікі, пераважна на Пн гнездавальная і пралётная птушка. 1падвід у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. каля 45 см, маса да 620 г (найб. з галубоў Беларусі). Колер шызы, грудзі ружова-шэрыя, па баках шыі і на крылах белыя плямы, на хвасце цёмная паласа. Дзюба жоўтая з чырванаватай асновай, пальцы малінава-чырвоныя. Корміцца насеннем злакавых і бабовых, ягадамі, жалудамі і інш. Гнёзды на высокіх дрэвах. Нясе па 2 яйцы двойчы на год. Аб’ект спарт. палявання.

т. 4, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВО́Е ВО́ЗЕРА,

ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 25 км на У ад г. п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 4,5 км², даўж. 6 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 31,5 м, даўж. берагавой лініі 21 км. Пл. вадазбору 65,4 км2. Схілы катлавіны выш. 10—15 м (на ПнЗ і ПдУ да 50 м) параслі пераважна ялова-хваёвым лесам і хмызняком. На мысах схілы — озавыя грады. Берагі месцамі зліваюцца са схіламі, пад хмызняком, на Пн і Пд нізкія, часта забалочаныя. Дно да глыб. 10—20 м выслана сапрапелем, ніжэй глеямі. Востраў пл. 0,2 га. Шыр. паласы надводнай расліннасці 5—10 м. У возеры расце палушнік азёрны, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Злучана ручаямі з азёрамі Сосенка, Усая, Жэнна, Паўазер’е, выцякае ручай у р. Дзіва. У 1979 возера і прылеглая да яго тэрыторыя аб’яўлены гідралагічным заказнікам Крывое.

т. 8, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАЦКА-МСЦІСЛА́ЎСКАЯ ЎЗВЫ́ШАНАЯ РАЎНІ́НА,

у Горацкім, Мсціслаўскім р-нах Магілёўскай вобл. і паўд. ч. Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. Займае найб. высокую ч. Аршанска-Магілёўскай раўніны. Абмяжоўваецца далінай р. Сож і яе прытокам р. Проня. Уваходзіць ва Усх.-Бел. (Прыдняпроўскую) фіз.-геагр. правінцыю. Найб. выш. 239 м.

Аснову тэктанічнай будовы складае Аршанская ўпадзіна, запоўненая магутнымі адкладамі дэвонскіх і мелавых глін і вапнякоў. Асадкі антрапагену прадстаўлены невял. магутнасці марэнай сожскага ўзросту. Асаблівасць геал. будовы — пашырэнне лёсавых і лёсападобных карбанатных суглінкаў і супескаў магутнасцю да 10 м, якія займаюць водападзелы рэк і ствараюць плоскахвалістую платопадобную паверхню раўніны з суфазійнымі западзінамі. Схілы рачных далін парэзаны ярамі і лагчынамі глыб. да 20—30 м. На дне некат. з іх цякуць пастаянныя ручаі. Глебы ўрадлівыя, дзярнова-палева-падзолістыя, часам дзярнова-карбанатныя з наяўнасцю гумусу ў ворным слоі да 2,5%. Частка глеб моцна эрадзіравана. Пад ворывам 60%, прыроднай расліннасцю (рэшткі ялова-дубовых лясоў і лугава-балотная) 10% тэрыторыі.

В.П.Якушка.

т. 5, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)