КАНТАКАРЭ́НТ (ад італьян. conto рахунак + corrente бягучы), кантакарэнтны рахунак,

адзіны бягучы і пазыковы рахунак, які адкрываецца банкам кліенту для захоўвання сродкаў і ажыццяўлення разлікаў. Па К. праходзяць пазыкі, што банк дае кліенту, і сродкі, якія паступаюць у банк ад кліентаў у выглядзе ўкладаў, вяртання пазык і інш.

т. 7, с. 602

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́МА,

у старажытнаіндыйскай міфалогіі «боскі» (верагодна, галюцынагенны) напітак і бажаство гэтага напітку (пазней і бажаство Месяца) — Сома Павамана («які ачышчаецца»). С. — валадар свету і неба, бог над усімі багамі, першатворца ўсяго існага. Ён прымушае ззяць Сонца, забяспечвае законнасць, дае багацце, шчасце, жыццёвую сілу. ежу, надзяляе майстэрствам спевакоў і г.д.

т. 15, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІСПА́СТ (грэч. polyspaston ад polyspastos які нацягваецца многімі вяроўкамі),

грузападымальнае прыстасаванне з некалькіх рухомых і нерухомых блокаў, што агінаюцца канатам (тросам, вяроўкай). Дае значны выйгрыш у сіле. Выкарыстоўваецца як рабочы орган у грузападымальных машынах, а таксама самастойна на буд. і мантажных пляцоўках. Пры неабходнасці П. аб’ядноўваюць з лябёдкай.

Паліспасты: 1 — кратны; 2 — ступенны.

т. 12, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМПІ́ЙСКІ ГО́РАД,

горад, у якім праводзяцца Алімпійскія гульні. Паводле Алімпійскай хартыі такое права надаецца гораду, а не краіне. Выбіраецца сесіяй Міжнар. алімпійскага к-та не пазней як за 6 гадоў да пачатку гульняў. Заяўка на правядзенне алімпіяды павінна быць ухвалена Нац. алімпійскім к-там і падтрымана ўрадам краіны, які таксама дае пісьмовыя гарантыі аб выкананні спец. умоў для гарадоў-кандыдатаў.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́НАР (ад лац. dono дару),

чалавек, які добраахвотна дае кроў ці тканкі для лячэння хворых. Адрозніваюць Д. крыві, плазмы, стандартных эрытрацытаў, імуннай плазмы, касцявога мозгу і інш. Д. могуць быць здаровыя, фізічна развітыя людзі пасля 18 гадоў. Пры цяжарнасці, лактацыі, менструацыі, прафілакт. прышчэпках кроў не бяруць. Здаровым людзям донарства не шкодзіць. Паказчык па Беларусі: 45—48 Д. на 1 тыс. чалавек.

т. 6, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕКЦІ́НЫ, пекцінавыя рэчывы,

кіслыя поліцукрыды расліннага паходжання. Ёсць у сценках клетак, міжклетачным рэчыве, клетачным соку раслін; назапашваюцца ў сакавітых пладах і караняплодах. Аснова малекулы П. — полігалактуронавая к-та. Найб. значэнне мае пекцін, які дае студні ў насычаным (65—70%) растворы цукру пры наяўнасці арган. к-т. Атрымліваюць П. з яблыкаў, скуркі цытрусавых пладоў і інш. Выкарыстоўваюць у кандытарскай і харч. прам-сці, медыцыне.

т. 12, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТОК-ОН-ТРЭНТ (Stoke-on-Trent),

горад у цэнтр. Вялікабрытаніі, на ПнЗ ад Бірмінгема, на р. Трэнт і канале Трэнт—Мерсі. Каля 300 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Цэнтр старадаўняга раёна ганчарства (т.зв. ганчарная акруга), які дае каля 80% вытв-сці фарфора-фаянсавых і керамічных вырабаў краіны. Прам-сць: металургічная, лакафарбавая, шынная. Ун-т. Паблізу каменнавугальныя шахты.

т. 15, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́БЕРАЎ АПАРА́Т,

орган некаторых касцістых рыб, які злучае плавальны пузыр з органам раўнавагі (лабірынтам унутр. вуха). Складаецца з чатырох пар рухома сучлененых паміж сабой костачак — відазмененых частак першых пазванкоў і трэцяга рабра. Дае магчымасць рыбе хутка рэагаваць на змену ціску вады і мае значэнне ў перадачы гукавых ваганняў. Рыбы, што маюць вебераў апарат, здольныя ўспрымаць гукі з частатой да 13 кГц, без веберава апарата — толькі да 2,5 кГц. Названы імем Э.Г.Вебера.

т. 4, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАБАЗІ́Н, α-піперыдзіл-β-пірыдзін (CHN),

арганічнае рэчыва класа алкалоідаў. Бясколерны алей, які цямнее на паветры: tкіп 276 °C; добра раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках; дае шчолачную рэакцыю. Выяўлены сав. хімікам А.​П.​Арэхавым (1929) у сярэднеазіяцкім анабазісе бязлістым (Anabasis aphylla). У невял. колькасці ёсць у тытуні. Як і яго ізамер нікацін, анабазін моцны гангліянарны яд. Выкарыстоўваецца супраць шкоднікаў раслін; сродак ад стрыгучага лішая, вашывасці с.-г. жывёл.

т. 1, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЗНАЧЭ́ННЕ, дэфініцыя,

устанаўленне, раскрыццё зместу якога-небудзь паняцця. Дае магчымасць фармуляваць крытэрыі вылучэння аб’екта, які вывучаецца, сярод іншых аб’ектаў, а таксама магчымасць фармуляваць або ўдакладняць значэнне тэрмінаў (слоў, словазлучэнняў). Вызначэнні фармулююцца ў працэсе навук. даследавання ў наяўным выглядзе і складаюць найважнейшую частку навук. тэорый і іх фрагментаў, адносна завершаных разважанняў. Адлюстроўваючы аб’екты ў іх істотных прыкметах, вызначэнні скарачаюць складаныя апісанні і замяняюць іх больш простымі.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)