ЗЯМЕ́ЛЬНЫ АДВО́Д,
участак зямлі, які аддаецца ў карыстанне фізічным і юрыдычным асобам з пэўным мэтавым прызначэннем — ва ўласнасць, уладанне ці карыстанне, у т. л. ў арэнду. У Рэспубліцы Беларусь адвод зямлі праводзіцца дзяржавай. Землекарыстальнікі абавязаны забяспечыць рацыянальнае выкарыстанне зямлі, якое адпавядае патрабаванням аховы прыроды.
т. 7, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНОГАКАНА́ЛЬНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
від электрасувязі, які забяспечвае адначасовую і незалежную перадачу многіх паведамленняў па адной лініі сувязі. Ёмістасць лічбавых сістэм М.с. да дзесяткаў тысяч каналаў сувязі. Выкарыстоўваецца ў тэлефаніі, тэлеграфіі, тэлебачанні і інш. для перадачы паведамленняў па паветраных, кабельных, хваляводных, аптычных, радыёрэлейных і спадарожнікавых лініях сувязі.
Грунтуецца на частотным, часавым, палярызацыйным або кодавым (ці іх камбінацыі) ушчыльненні сігналаў (раздзяленні каналаў для кожнага паведамлення); канальныя сігналы ўшчыльняюцца ў групавы, які падаецца ў лінію сувязі пасля лінейных пераўтварэнняў для ўзгаднення з яе характарыстыкамі. Частотнае ушчыльненне, калі кожнаму каналу адпавядае пэўны ўчастак спектра частот у агульнай паласе прапускання лініі, выкарыстоўваецца пераважна ў аналагавых сістэмах перадачы; часавае ушчыльненне (адпавядае пэўны прамежак часу) — у аналага-імпульсных і лічбавых сістэмах; палярызацыйнае (тыл палярызацыі хвалі) — у спалучэнні з інш. ў спадарожнікавых і аптычных сістэмах; кодавае ўшчыльненне — у сістэмах рухомай сотавай радыёсувязі і інш. сістэмах з шумападобнымі сігналамі.
А.П.Ткачэнка.
т. 10, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЫЧУ́Г,
апошні (чацвёрты) аддзел шматкамернага страўніка жвачных жывёл, які адпавядае простаму аднакамернаму страўніку большасці млекакормячых. Злучаецца з кніжкай і дванаццаціперснай кішкай. Слізістая абалонка С. пакрыта прызматычным эпітэліем, мае фундальныя, піларычныя і кардыяльныя залозы і ўтварае 13—14 доўгіх складак. Корм у С. ператраўляецца страўнікавым сокам. У маладых жывёл выпрацоўваецца сычужны фермент.
т. 15, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСЦЫПЛІ́НА (ад лац. disciplina навучанне, выхаванне),
1) абавязковы парадак паводзін грамадзян, членаў пэўнага калектыву, дзейнасці арг-цый, які адпавядае нормам права і маралі або патрабаванням той ці інш. арг-цыі. У грамадстве існуюць агульнаабавязковыя Д. (дзяржаўная) і спец. Д. (ваен., дагаворная, фін., працоўная дысцыпліна і інш.). Д. канкрэтызуецца адпаведнымі дзярж. актамі, статутамі, правіламі.
2) Галіна навук. ведаў, вучэбны прадмет.
т. 6, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТАНІ́ЧНЫЯ РАСТВО́РЫ,
растворы з аднолькавым асматычным ціскам. У біялогіі і медыцыне ціск І.р. адпавядае асматычнаму ціску ў жывёльных і раслінных клетках, у крыві, у вадкасцях тканак. Для цеплакроўных жывёл ізатанічны 0,9% раствор NaCl і 4,5% раствор глюкозы. Раствор, які паводле саставу, буфернасці і інш. уласцівасцях блізкі да сывараткі крыві, наз. фізіялагічным. На яго аснове рыхтуюць кровазамяшчальныя І.р.
т. 7, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́С, Арэй,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі каварны, вераломны бог вайны дзеля вайны, які нясе гібель і разбурэнне. Сын Зеўса і Геры. Арэса ўяўлялі ў вобразе маладога дужага мужчыны, часам у баявым шлеме. Міф пра Арэса — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, статуі Баргезійскага Арэса і Людавізійскага Арэса, карціны С.Батычэлі, Я.Тынтарэта, П.Рубенса, Ж.Давіда) і інш. У старажытна-рымскай міфалогіі яму адпавядае Марс.
т. 2, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТР-АДМІРА́Л (ад франц. contreamiral),
воінскае званне (чын) вышэйшага афіцэрскага складу ў ВМФ (ВМС) многіх марскіх дзяржаў; адпавядае званню генерал-маёра ў арміі. Званне ўпершыню з’явілася ў канцы 13 ст. ў Галандыі і працяглы час мела назву шаўтбенахт (ад галандскага schout bij nacht які назірае ноччу). У Расіі вядома з 1699; паводле Табелі аб рангах чын 4-га класа. Званне існавала ў ВМФ СССР у 1940—91.
т. 8, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСТАНО́ЎКА ў камбінаторыцы, узаемна адназначнае адлюстраванне мноства на сябе. Кожны элемент дадзенага мноства замяняецца якім-н. інш. элементам таго ж мноства. Запісваецца 2 радкамі ў агульных дужках, дзе кожнаму элементу верхняга радка адпавядае элемент ніжняга, які стаіць пад ім:
. У некат. раздзелах матэматыкі тэрмін «П.» выкарыстоўваецца ў інш. сэнсе, напр., у інтэгральным злічэнні П. азначае замену пераменнай у падынтэгральным выразе.
т. 11, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТРА́ШНЫ СУД»,
у хрысціянскай эсхаталогіі суд, які канчаткова вызначыць лёс грэшнікаў і праведнікаў. Яго вытокі ў стараж.-егіп. вераванні ў замагільны суд Асірыса, на якім узважваюцца добрыя і злыя справы кожнага чалавека, і ў старазапаветным вучэнні пра «суд Яхве». У хрысціянстве «С.с.» звязваюць з другім прышэсцем Хрыста, які пасля завяршэння існавання чалавецтва здзейсніць суд над уваскрэслымі людзьмі. Вучэнне пра «С.с.» развівалася ў Евангеллях ад Матфея і Іаана, Апакаліпсісе, творах Яфрэма Сірына і інш.; замацавана ў хрысц. сімвале веры. Шэраг пратэстанцкіх кірункаў абвяргае літаральнае тлумачэнне «С.с.», а разглядае яго як сімвал, алегорыю. У ісламе «С.с.» адпавядае кіяма.
т. 15, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЗКАГО́РНЫ РЭЛЬЕ́Ф, нізкагор’е,
тып горнага рэльефу, які адпавядае самаму нізкаму ярусу гор (абсалютныя вышыні не перавышаюць 1000 м). Найчасцей утвараецца ў выніку дэнудацыі больш высокіх гор. Трапляецца ў перыферычных частках горных утварэнняў, у зонах умераных тэктанічных падняццяў; ёсць і самаст. нізкагорныя сістэмы (напр., Мугаджары ў Казахстане). Характарызуецца мяккімі круглаватымі абрысамі хрыбтоў і асобных узвышшаў, месцамі трапляюцца ўчасткі драбнасопачніка; у высокіх шыротах, дзе развіты ледавіковыя формы, набывае альпійскія рысы.
т. 11, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)