ГІДРАБІЁНТЫ [ад гідра... + біёнт(ы)],

расліны, жывёлы і мікраарганізмы, якія насяляюць марскія і мацерыковыя вадаёмы. Да гідрабіёнтаў адносяць таксама арганізмы, што праводзяць у вадзе толькі частку жыццёвага цыкла, — лічынкі і інш. арганізмы з воднай фазай развіцця. Напр., апалонікі і лічынкі стракоз — гідрабіёнты, а дарослыя жабы і стракозы — аэрабіёнты. Гідрабіёнты іншы раз падзяляюць на марынабіёнтаў, якія жывуць у акіяне, і аквабіёнтаў, якія насяляюць прэсныя вадаёмы.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́ТА (франц. suite),

1) асобы, якія суправаджаюць важную, высокапастаўленую асобу (напр., караля, прэзідэнта); пастаяннае акружэнне такой асобы.

2) Асобы, якія пастаянна суправаджаюць кагосьці ці акружаюць каго-небудзь.

3) Сукупнасць пластоў горных парод, якія аб’яднаны ўзростам, падобным саставам і ў пэўнай ступені адрозніваюцца ад пластоў, што залягаюць вышэй і ніжэй (гл. Світа геалагічная).

4) Назва верхняга адзення з сукна (гл. Світка).

т. 14, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАТАРА́НЦТВА,

сумеснае жыццё жывёл розных відаў, заснаванае на прасторавых сувязях. Вылучаюць 3 катэгорыі К.: сінайкія, калі кватарант пасяляецца ў жыллі гаспадара (напр., у норах грызуноў і інш. рыючых жывёл, у гнёздах птушак, мурашніках і вуллях пчол); эпіайкія, калі кватаранты пасяляюцца на целе гаспадара (напр., некаторыя вусаногія, якія кормяцца планктонам, прымацоўваюцца да акул і кітоў і выкарыстоўваюць іх як сродак перамяшчэння); энтайкія, калі арганізм жыве ўнутры цела гаспадара пры адсутнасці кармавых зносін з ім (напр., дробныя рыбкі фіерастары, якія жывуць у клаацы галатурый і перыядычна выходзяць адтуль, каб карміцца рачкамі; нематоды, якія пасяляюцца ў кішэчніку коней і кормяцца інфузорыямі, якія там жывуць). Гл. таксама Каменсалізм.

т. 8, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПАТРЫЯ́ЦЫЯ КАПІ́ТАЛАЎ,

вяртанне капіталаў, якія былі ўкладзены за мяжой, для інвестыцый унутры сваёй краіны. Рэпатрыяцыя пазык, якія былі размешчаны сярод замежных пазыкатрымальнікаў, адбываецца шляхам выкупу дзяржавай-эмітэнтам або яе грамадзянамі сваіх аблігацый.

т. 14, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРЭ́НЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі напаўжанчыны-напаўптушкі, якія сваімі чароўнымі спевамі заманьвалі мараплаўцаў да прыбярэжных скал, дзе тыя і гінулі. У пераносным сэнсе С. — спакуслівыя прыгажуні, якія зачароўваюць і прывабліваюць людзей сваім голасам.

т. 14, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАФІ́ТЫ [ад аэра... + ...фіт(ы)],

«паветраныя» расліны, якія атрымліваюць усе неабходныя пажыўныя рэчывы з атмасферы. Да іх належаць эпіфіты, некаторыя імхі, што пасяляюцца на ствалах і галінках дрэў (у тропіках — нават на лісці), нешматлікія водарасці, якія жывуць на кары дрэў, і некаторыя лішайнікі (напр., т.зв. лішайнікавая манна). Аэрафітамі называюць таксама расліны, якія нармальна развіваюцца толькі на добра аэраваных глебах (у флоры Беларусі, напрыклад, розныя віды псамафітаў — аўсяніца палеская, смалёўка армерыяпадобная, ціпчак і інш.).

т. 2, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯ́ЛЬНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

прававыя нормы, якія рэгулююць становішча работнікаў, што працуюць па найме, а таксама пытанні сацыяльнага забеспячэння. Нормы С.з. пашыраюцца на прац. адносіны, якія грунтуюцца на прац. дагаворы паміж работнікам і наймальнікам незалежна ад віду і формы гаспадарання. Крыніцамі С.з. з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс законаў аб працы, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і інш. акты прац. заканадаўства, калектыўныя дагаворы, пагадненні. інш. лакальныя нарматыўныя акты. прынятыя ў адпаведнасці з заканадаўствам, а таксама прац. дагаворы. У Канстытуцыю ўключаны шэраг артыкулаў, якія адносяцца да прац. і звязаных з імі адносін: права на працу, адпачынак, ахову здароўя, сац. страхаванне, сац. забеспячэнне і інш. Вял. значэнне маюць калектыўныя дагаворы, якія садзейнічаюць рэгуляванню прац. адносін і ўзгадненню сац.-эканам. інтарэсаў работнікаў і наймальнікаў на прадпрыемствах, ва ўстановах і арг-цыях, у іх падраздзяленнях, а таксама і ў прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць без стварэння юрыд. асобы.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДО́ЗЫ,

монацукрыды, якія маюць на канцы ланцуга малекулы альдэгідную групу. Адрозніваюць альдатрыёзы, альдатэтрозы, альдапентозы, альдагексозы і інш. Да альдозаў належаць гліцэральдэгід, глюкоза, рыбоза, галактоза і інш., якія могуць існаваць і ў форме кетозаў.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАЧА́НІКІ,

выраб з грэцкай мукі ў беларусаў. З рэдкага цеста пяклі бліны-грачанікі, якія змазвалі тоўчаным канапляным семем. На блясе пяклі таксама бабкі-грачанікі, якія расчынялі на жытняй ці ячнай муцэ, замешвалі грэцкай мукой.

т. 5, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЕКТЫ́ЎНАЯ ПЛО́СКАСЦЬ,

эўклідава плоскасць, дапоўненая бясконца аддаленымі (няўласнымі) пунктамі, якія належаць бясконца аддаленай прамой. У больш агульным сэнсе П.п. — сукупнасць двух мностваў элементаў (пунктаў і прамых), якія падпарадкоўваюцца патрабаванням аксіём праектыўнай геаметрыі. Гл. Праектыўная прастора.

т. 12, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)