ДАЛЁКІ УСХО́Д,
агульная назва дзяржаў і тэрыторый на У Азіі. Адносяць крайнюю ўсх. ч. Расійскай Федэрацыі
[Прыморскі і Хабараўскі краі, Амурская, Камчацкая, Магаданская і Сахалінская вобл., а таксама ўсх. ч. Рэспублікі Саха (Якуція) і Чыцінскай вобл.],
усх. ч. Кітая, Карэю (Карэйскую Нар.-Дэмакр. Рэспубліку і Рэспубліку Карэя), Японію, зрэдку і Філіпіны.
т. 6, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ГІЧАВА АСТРАВЫ́,
астравы каля выхаду з Хатангскага заліва м. Лапцевых, у Рэспубліцы Саха (Якуція). Складаюцца з а-воў В. Бегічаў (пл. каля 1,8 тыс. км², выш. да 201 м) і М. Бегічаў. Паверхня паката-ўзгорыстая раўніна з тундравай расліннасцю. Промысел пясцоў і паўн. аленяў. Лежбішча маржоў. Адкрыты ў 1908 рус. падарожнікам Н.А.Бегічавым.
т. 2, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАБА́Р,
рака ў Рэспубліцы Саха (Якуція). Даўж. 939 км. Пл. басейна 100 тыс. км². Вытокі на Анабарскім плато, цячэ на Паўн.-Сібірскай нізіне, упадае ў мора Лапцевых. Гал. Прытокі: М.Куанамка, Уджа (справа), Суалама, Харабыл (злева). Ледастаў з канца вер. да мая. Зімой на перакатах прамярзае да дна. У вусці шмат рыбы (нельма, муксун, рапушка, омуль і інш.).
т. 1, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЁКМА-ЧА́РСКАЕ НАГО́Р’Е,
на У Забайкалля, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у міжрэччы рэк Алёкма і Чара (бас. Лены). Выш. 500—600 м над узр. м., найб. да 1402 м. Пераважае сярэднягорны рэльеф. Расчлянёна глыбокімі далінамі. Вяршыні платопадобныя. Складзена з вапнякоў, метамарфічных сланцаў, прарваных інтрузіямі гранітаў. На схілах лістоўнічныя лясы, зараснікі кедравага сланіку, на вяршынях горная тундра.
т. 1, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЫРА́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі, у міжрэччы сярэдняга цячэння рэк Індыгірка і Калыма. Пл. каля 7500 км2. Вугляносная тоўшча ніжнемелавога ўзросту. Магутнасць тоўшчы да 5 км, каля 80 вугальных пластоў. Вуглі каменныя, маркі Б, Д, Ж, К. Цеплыня згарання на рабочае паліва 23,26 МДж/кг. Распрацоўваецца з 1935. Цэнтр здабычы — г.п. Зыранка.
т. 7, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАЗЕ́ЙСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,
на ПнУ Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у міжрэччы рэк Індыгірка, Калыма, Алазея і Ажогіна. Даўж. 300 км. Выш. да 954 м. Складзена пераважна з гнейсаў, перакрытых вулканагенна-асадкавымі і туфагеннымі адкладамі, перарванымі гранітамі. Характэрны ізаляваныя масівы і хрыбты з плоскімі вяршынямі. На схілах да выш. 450 м забалочаныя лістоўнічныя рэдкалессі, да 600 м зараснікі кедравага сланцу, вышэй — горная тундра.
т. 1, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН На тэрыторыі Рэспублікі Саха (Якуція) і часткова Краснаярскага краю Расіі. Пл. 600 тыс. км2. Агульныя рэсурсы вугалю да глыб. 1800 м — 1647 млрд. т. Вугляносныя адклады юры і ніжняга мелу маюць некалькі дзесяткаў вугальных пластоў. Вуглі бурыя і каменныя, у асн. маркі Д і Г. Цеплыня згарання ад 14,5 да 24,2 МДж/кг. Цэнтры здабычы — г.п. Сангар, Кангаласы.
т. 9, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е.
У Магаданскай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція, Расія), паміж нагор’ямі Чэрскага на ПнУ, Верхнекалымскім на ПдУ і хр. Сарычава на ПдЗ. Даўж. 130 км, шыр. 50—70 км, выш. 700—1500 м. Складзена з пясчанікаў, алеўралітаў, гліністых сланцаў. Рэдкастойныя лістоўнічныя лясы, зараснікі кедравага сланіка і хмызняковай вольхі, вышэй 1100—1200 м — горныя тундры. Па паўд. схілах — фрагменты стэпавых раслінных асацыяцый.
т. 11, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАЗЕ́Я,
рака на ПнУ Рэспублікі Саха (Якуція). Даўж. 1590 км, пл. бас. 64,7 тыс. км². Утвараецца ў сутоках рэк Нелькан і Кадылчан на Алазейскім пласкагор’і. Цячэ па Калымскай нізіне, упадае 2 пратокамі ва Усх.-Сібірскае мора. Найбольшы прыток Расоха (злева). Ледастаў з канца вер. — пач. кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Сярэднегадавы расход у ніжнім цячэнні 300 м³/с. У бас. Алазеі больш за 24 тыс. азёраў.
т. 1, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛДА́НСКАЕ НАГО́Р’Е,
ва Усх. Сібіры, у міжрэччы Алёкмы і Учура, у Рэспубліцы Саха (Якуція). Пераважаюць плоскія міжрэччы, шырокія катлавіны (выш. да 1000 м), над якімі ўзнімаюцца хрыбты Зах. Янгі, Сунагын, Кет-Кап (выш. 2306 м). Складзена з моцна змятых дакембрыйскіх гнейсаў і крышт. сланцаў, перарваных інтрузіямі гранітаў і ультраасноўных парод, перакрытых вапнякамі і пясчанікамі. Радовішчы жал. і медных рудаў, вугалю (Паўд.-Якуцкі басейн), золата, слюды. На схілах да выш. 110—1300 м тайга з даурскай лістоўніцы, вышэй — камяністая тундра.
т. 1, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)