ВУГЛЯРО́ДЗІСТАЯ СТАЛЬ,
сталь, якая мае 0,04—2% вугляроду і інш. прымесныя элементы. Прысутнасць пастаянных прымесей (марганец, крэмній, сера, фосфар, кісларод, азот, вадарод) абумоўлена тэхнал. асаблівасцямі вытв-сці, выпадковых (хром, нікель, медзь і інш.) — наяўнасцю іх у рудзе. У залежнасці ад колькасці вугляроду вугляродзістую сталь падзяляюць на нізка- (0,05—0,25% С), сярэдне- (0,3—0,6% С) і высокавугляродзістую (0,7—1,3% С). Паводле якасці і галін выкарыстання адрозніваюць вугляродзістую сталь звычайнай якасці (агульнага прызначэння), высакаякасную канструкцыйную і інструментальную сталь.
т. 4, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТУЛЯ́ЦЫЯ (позналац. capitulatio ад capitulo дамаўляюся),
1) спыненне ваен. дзеянняў адным з ваюючых бакоў і здача яго ўзбр. сіл.
2) Здача асобных гарнізонаў, акружаных груповак на ўмовах, прадыктаваных пераможцам, або ўзгодненых перагаворамі. Адзін з відаў К. — безагаворачная; азначае прызнанне поўнага разгрому і перадачу пераможцу ўсяго ўзбраення і тэхнікі ў якасці трафеяў, а асабовага складу ў якасці палонных. Напр., у 1945 Германія і Японія падпісалі акты пра безагаворачную К. ў выніку разгрому іх у 2-й сусв. вайне.
т. 8, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАСКО́П (ад лац. ovum яйцо + ...скоп),
прылада для вызначэння якасці яец прасвечваннем, а таксама для кантролю за развіццём зародка ў час інкубацыі.
т. 1, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́КРА-ЭВМ,
найбольш пашыраная малагабарытная электронная вылічальная машына, створаная на базе мікрапрацэсара. Бываюць убудаваныя, бартавыя, персанальныя, настольныя, партатыўныя, прафесіянальныя і бытавыя. Акрамя мікрапрацэсара, маюць блокі памяці (пастаяннай і аператыўнай), сродкі сувязі з перыферыйнымі прыладамі (у т. л. ўводу-вываду інфармацыі), пульт кіравання (напр., дысплей з клавіятурай). Выкарыстоўваюцца ў сістэмах аўтам. і аўтаматызаванага кіравання, напр., тэхнал. працэсамі, у якасці тэрміналаў для сувязі з выліч. цэнтрамі калектыўнага карыстання або камп’ютэрнымі сеткамі, для абсталявання аўтаматызаваных рабочых месцаў, а таксама ў якасці персанальных ЭВМ.
т. 10, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАМАБІ́ЛЬ (франц. locomobile ад лац. locus месца + mobilis рухомы),
перасоўная ці стацыянарная парасілавая ўстаноўка Мае поршневую паравую машыну і паравы кацёл, аб’яднаныя ў адзін агрэгат. У якасці паліва выкарыстоўваліся адходы вытв-сці (напр., кастрыца, трэскі, пілавінне) або мясц. паліва (торф, дровы). Непатрабавальны да якасці вады і паліва. Выкарыстоўваўся як сілавая машына ці крыніца пары ў сельскай гаспадарцы і на невял. прамысл. прадпрыемствах для тэхнал. мэт, напр., варкі, сушкі, ацяплення. З 1960-х г. вытворчасць Л. ў б. СССР прыпынена з-за іх малой эканамічнасці.
т. 9, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНІ́М (ад астра... + грэч. onyma імя),
псеўданім у выглядзе якіх-небудзь друкарскіх знакаў (напр., «ххх», «...»). Напачатку ў якасці астраніма выкарыстоўвалі ўмоўныя знакі нябесных свяціл (адсюль і назва).
т. 2, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАДРАТЫ́ЧНАЕ АДХІЛЕ́ННЕ ў тэорыі імавернасцей, мера рассейвання выпадковай велічыні, роўная квадратнаму кораню з дысперсіі. У матэм. статыстыцы выкарыстоўваецца як мера якасці стат. ацэньвання і наз. квадратычнай памылкай (хібнасцю).
т. 8, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕД (ад англ. plaid),
1) клятчастая тоўстая шарсцяная шаль з махрамі — прыналежнасць шатландскага нац. касцюма.
2) Прамавугольны кавалак грубай шарсцяной або паўшарсцяной тканіны, якая выкарыстоўваецца ў якасці пакрывала.
т. 12, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАЧЫ́ННАСЦЬ.
1) Аказанне матэрыяльнай дапамогі маламаёмным, сацыяльна неабароненым прыватнымі асобамі ці арганізацыямі. Можа быць накіравана на падтрымку, развіццё і заахвочванне грамадска значных формаў дзейнасці (напр., ахову навакольнага асяроддзя, помнікаў культуры і інш.).
2) Паняцце маралі, якое вызначае ўстойлівыя станоўчыя якасці, асобы, адобраныя грамадскай думкай і нарматыўнай этыкай, напр., бескарыслівасць, разважлівасць, велікадушнасць, давер, сяброўства, любоў, патрыятызм, сумленне, справядлівасць і інш. Кожнай станоўчай маральнай катэгорыі тэарэт. этыка проціпастаўляе адмоўныя якасці ці заганы. Дабрачыннасць як грамадска значная норма арганізоўвае і накіроўвае дзейнасць людзей, упарадкоўвае грамадскае жыццё; падкрэслівае ролю асобы як актыўнага носьбіта пэўнай маральнасці.
В.М.Пешкаў.
т. 5, с. 559
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫ́ЦЫЯ НАСЕ́ННЯ,
паказчык якасці насення. Залежыць ад чысціні, усходжасці, энергіі прарастання, вільготнасці, абс. масы, ступені адходаў, пашкоджанасці хваробамі, шкоднікамі і інш. Паводле гэтых паказчыкаў насенне збожжавых, зернебабовых і алейных культур падзяляюць на I, II і III класы, напр. усходжасць і чысціня насення мяккай азімай пшаніцы 1 кл. — 95 і 99%, II кл. адпаведна 92 і 98,5%. Якасць насення вызначаюць дзярж. насенныя інспекцыі. Не дапускаецца да сяўбы насенне пры выяўленні ў ім зерня каранціннага і ядавітага пустазелля, галаў пшанічнай нематоды, жывых шкоднікаў, іх лічынак і інш. Насенне, якое не адпавядае нормам якасці хоць бы па аднаму паказчыку, наз. некандыцыйным.
т. 7, с. 581
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)