раздзел ядзернай спектраскапіі, які вывучае энергет. спектры гама-выпрамянення з дапамогай гама-спектрометраў. Метадамі гама-спектраскапіі даследуюць уласцівасці ўзбуджаных станаў атамных ядраў, пераходы паміж ядз. ўзроўнямі энергіі, а таксама гама-выпрамяненне ў выніку радыеактыўнага распаду і ядз. рэакцый. Гл. таксама Спектраскапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНАЯ МА́СА,
мінімальная маса ядз. гаручага, здольная забяспечыць ажыццяўленне ланцуговай ядзернай рэакцыі. Залежыць ад памераў і формы сістэмы, а таксама ад яе хім. саставу. Мінімальная К.м. мае сферычную форму. Найменшую К.м. маюць растворы солей чыстых радыеактыўных нуклідаў з вадзяным адбівальнікам нейтронаў. Для урану-235 К.м. роўная 0,8 кг, плутонію-239—0,5 кг, каліфорнію-251—10 г.Гл. таксама Дзяленне ядраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНЦУГО́ВАЯ Я́ДЗЕРНАЯ РЭА́КЦЫЯ,
ядзерная рэакцыя, у якой часціцы, што выклікаюць яе, утвараюцца як прадукты гэтай рэакцыі. Звязана з вял. энергавыдзяленнем (каля 200 МэВ на кожны акт дзялення ядра урану ці плутонію) і праходзіць з удзелам павольных ці хуткіх нейтронаў. Выкарыстоўваецца як крыніца энергіі (гл.Ядзерны рэактар), на ёй заснаваны прынцып работы ядзернай зброі.
Адзіная вядомая Л.я.р. — рэакцыя дзялення урану і некаторых трансуранавых элементаў пад уздзеяннем нейтронаў — здзейснена Э.Фермі (1942) з дапамогай уран-графітавага рэактара. Суправаджаецца выдзяленнем некалькіх нейтронаў, якія ў сваю чаргу могуць захоплівацца нераздзеленымі ядрамі і выклікаць іх дзяленне. Характарыстычная велічыня Л.я.р — каэфіцыент размнажэння k, які вызначаецца ўсярэдненымі лікамі актаў дзялення ў паслядоўных звёнах ланцуга. Самападтрымная рэакцыя магчыма толькі пры к>1; маса дзялільнага рэчыва для здзяйснення такой рэакцыі наз. крытычнай; яе велічыня залежыць ад формы і ізатопнага складу гэтага рэчыва і вагаецца ад соцень грамаў да соцень тон. Рухомыя стрыжні з матэрыялу, які добра паглынае павольныя нейтроны, дазваляюць зрабіць Л.я.р. кіравальнай.
Э.А.Рудак.
Першыя пакаленні нейтронаў, якія ўтвараюцца пры ланцуговай ядзернай рэакцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕГЕАЛО́ГІЯ (ад радые... + геалогія),
ядзерная геалогія, навука, якая вывучае радыеактыўныя працэсы (радыеактыўны распад, рэакцыі актывацыі, дзялення і сінтэзу ядзер) у прыродзе і адлюстраванне эвалюцыі атамных ядзер у развіцці Зямлі і касм. цел. Тэрмін «Р.» увёў У.І.Вярнадскі ў 1937. Садзейнічае вырашэнню праблем глыбіннай будовы Зямлі, вулканізму і тэктагенезу, эвалюцыі зямных абалонак, развіцця жывога рэчыва, сувязі касм. і геахім. працэсаў. З дапамогай радыеметрычных метадаў разведкі вядуцца пошукі карысных выкапняў. Цесна звязана з радыегеахіміяй, радыегідрагеалогіяй, ядзернай геафізікай, ядзернай геатэрмікай, касмахіміяй. Падзяляецца на ўласна Р., ізатопную геалогію і абсалютную геахраналогію. Даследуе прыродныя радыеізатопы (напр., урану 238U, 235U, торыю232Th, калію 40K, кальцыю 48Ca, рубідыю 87Rb і інш.), касмагенныя (метэарытаў, першаснага касм. выпрамянення і інш.), радыеізатопы, якія распаліся ў геал. мінулым, стабільныя ізатопы — канчатковыя прадукты распаду (напр., гелій 4He, ксенон 136Xe, свінец 204, 206, 208Pb, вісмут 210Bi і інш.), таксама абс. ўзрост горных парод (уран-свінцовы, калій-аргонавы, радыевугляродны і інш. метады), крыніцы і патокі цеплавой энергіі, радыяцыйна-хім. з’явы (радыёліз вады, ізатопны абмен і інш.). На Беларусі праблемамі Р. займаюцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНА-Я́ДЗЕРНАЯ ЗБРО́Я,
зброя, у якой сродкам паражэння з’яўляюцца ядзерныя боепрыпасы, а сродкам дастаўкі іх да цэлі — ракета. Гал. састаўная ч.ядзернай зброі, разнавіднасць зброі масавага знішчэння. З’явілася ў сярэдзіне 1950-х г. Знаходзіцца на ўзбраенні армій ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая. Асн. баявыя ўласцівасці: практычна неабмежаваная далёкасць дзеяння, вялікая паражальная магутнасць, магчымасць нечаканага прымянення, высокая дакладнасць паражэння цэлей, вялікая скорасць, незалежнасць прымянення ад умоў надвор’я і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСАГЛЕ́БСКІ (Леанід Аляксандравіч) (н. 6.4.1912, г. С.-Пецярбург),
бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1970), праф. (1972). Скончыў ун-т імя Стафана Баторыя ў Вільні (1938). З 1944 у БДУ. Навук. працы па квантавай механіцы, атамнай і ядзернай фізіцы, вывучэнні імавернасцяў забароненых радыяцыйных пераходаў атамаў, ядраў і электроннай канверсіі гама-выпрамянення. Распрацаваў рэлятывісцкую тэорыю элементарнай часціцы, якая можа знаходзіцца ў адвольных спінавых станах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВА́РЫЯ (італьян. avaria),
1) нечаканы выхад са строю тэхн. сістэмы, машыны, судна, самалёта і інш., іх пашкоджанне. Найб. частыя прычыны аварыі — адступленні ад нормаў тэхнікі бяспекі або парушэнні правілаў эксплуатацыі абсталявання, будынкаў, машын, тэхн. сістэм, памылкі ў іх праектаванні і тэхн. рэалізацыі. Буйныя аварыі на прадпрыемствах хім. і ядзернай прам-сці, транспарце (марскім, трубаправодным) могуць суправаджацца экалагічна небяспечнымі аварыйнымі выкідамі і чалавечымі ахвярамі.
2) Перан. — непрадбачанае парушэнне ў ходзе якой-н. справы; няўдача, няшчасце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАСТРО́ФА (ад грэч. katastrophē пераварот, паварот, канец, гібель),
раптоўнае вялікае бедства; падзея, якая цягне за сабой трагічныя вынікі: разбурэнні, знішчэнні, гібель людзей. Вылучаюць К.: прыродныя (землетрасенне, вывяржэнне вулкана і інш.), экалагічныя (гл.Катастрофа экалагічная), тэхналагічныя (аварыі, крушэнні чыгуначныя, авіякатастрофы), сацыяльныя (напр., гібель Рымскай імперыі, распад СССР), асобасныя (смерць блізкага чалавека, забойствы, самазабойствы і інш.). Па маштабах дзеяння К. падзяляюць на лакальныя, рэгіянальныя, краінныя, глабальныя. Некаторыя з іх з’яўляюцца унікальнымі, напр.Чарнобыльская катастрофа 1986, па прычынах яна тэхналагічная, па ўздзеянні на навакольнае асяроддзе — экалагічная, па наступствах для здароўя і жыцця людзей, разбурэнні іх ладу жыцця — сацыяльная, па маштабах уздзеяння на ўсе сферы жыцця і мыслення людзей — глабальная. Такога роду К. могуць адбывацца ў выніку прымянення ядзернай і інш. зброі масавага паражэння, ракетна-ядзернай вайны і інш. У сучасных умовах вялікае значэнне мае навук. прадказанне К. (землетрасенняў, вывяржэнняў вулканаў, сутыкненняў Зямлі з вялікімі касмічнымі целамі і інш.). Розныя тыпы К. з’яўляюцца аб’ектам даследавання катастроф тэорыі. У Рэспубліцы Беларусь папярэджваннем і пераадольваннем наступстваў К. займаецца Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́РСАН ((Pearson) Лестэр Боўлс) (23.4.1897, г. Таронта, Канада — 27.12.1972),
дзярж. дзеяч Канады. Вучыўся ў юрыд. школе ў Таронта (1919) і Оксфардскім ун-це (1923, 1925). У 1928—48 на дыпламат. службе. З 1948 чл. парламента. У 1948—57 міністр замежных спраў. За ўдзел ва ўрэгуляванні ўзбр. канфлікту 1956 вакол нацыяналізацыі Егіптам Суэцкага канала прысуджана Нобелеўская прэмія міру 1957. У 1958—68 лідэр Ліберальнай партыі. У 1963—68 прэм’ер-міністр. Заключыў пагадненне з ЗША аб размяшчэнні на тэр. Канады амер.ядзернай зброі (1963).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Чарлз Томсан Рыс (14.2.1869, Гленкарс, каля г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 15.11.1959), англійскі фізік. Чл. Брытанскага каралеўскага т-ва (1900). Скончыў Манчэстэрскі (1887) і Кембрыджскі (1892) ун-ты. У 1900—34 у Кембрыджскім ун-це (з 1925 праф.). Навук. працы па малекулярнай, атамнай і ядзернай фізіцы. Даследаваў кандэнсацыю пары пры ўздзеянні розных агентаў. Устанавіў, што пры пэўных умовах зараджаныя іоны становяцца цэнтрамі кандэнсацыі вадзяной пары і рух іонаў становіцца бачным (1897); стварыў прыладу для назірання і фатаграфавання слядоў (трэкаў) зараджаных часціц (гл.Вільсана камера). Нобелеўская прэмія 1927.