ПЕ́РШЫНГА ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ,
узброеная інтэрвенцыя войск ЗША пад камандаваннем ген. Дж.Дж.Першынга ў Мексіцы ў 1916—17. Выклікана імкненнем ЗША паралізаваць Мексіканскую рэвалюцыю 1910—17 і абараніць інтарэсы амер. манаполій. У якасці падставы для інтэрвенцыі быў выкарыстаны напад мекс. атрада Ф.Вільі на амер. прыгранічны г. Калумбус. З вымушанай згоды прэзідэнта Мексікі В.Карансы ЗША увялі ў мекс. штат Чыўаўа армію Першынга (12 тыс. чал.). Амер. войскі прасунуліся ў глыб Мексікі, але сустрэлі там моцнае супраціўленне партызан Вільі і мекс. рэгулярных войск. Узбр. адпор інтэрвенцыі ў выніку патрыят. ўздыму мексіканцаў, антыамер. выступленні ў многіх лац.-амер. краінах, а таксама падрыхтоўка ЗША да ўступлення ў 1-ю сусв. вайну прымусілі ўрад ЗША ў студз.—пач. лют. 1917 вывесці свае войскі з Мексікі.
В.А.Юшкевіч.
т. 12, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ЙНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ пры Сенаце,
цэнтральная следчая і суд. па паліт. справах дзярж. ўстанова ў Расіі ў 1762—1801. Створана Кацярынай II пры 1-м дэпартаменце Сената замест скасаванай у лют. 1762 Канцылярыі тайных і вышуковых спраў (Тайнай канцылярыі). Знаходзілася ў Петрапаўлаўскай крэпасці Пецярбурга, мела кантору ў Маскве (на Лубянцы). Т.э. афіцыйна ўзначальваў ген.-пракурор Сената, яго памочнікам і фактычным кіраўніком спраў быў обер-сакратар (у 1762—93 вядомы сваёй жорсткасцю С.І.Шашкоўскі). Т.э. праводзіла следствы і суды па важных паліт. справах для разгляду найб. значных з іх (спроба падпаручніка В.Я.Міровіча вызваліць са зняволення б. імператара Івана VI у 1764, маскоўскі бунт 1771, справы Е.І.Пугачова, А.М.Радзішчава, І.Касцюшкі і інш.). Пры Т.э. ствараліся часовыя следчыя камісіі. Следства часта суправаджалася катаваннямі. Т.э. скасавана Аляксандрам I 14.4.1801.
Літ.:
Рууд Ч. Степанов С.Фонтанка, 16: Политич. сыск при царях. М., 1993.
А.М.Лукашэвіч.
т. 15, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ (БГГЭ),
вытворчая арг-цыя па правядзенні геолагаздымачных і пошукавых работ. Створана ў 1956 у г. Мінск як Геолага-гідрагеал. здымачная экспедыцыя. З 1966 Бел. геолага-гідрагеал. трэст, з 1971 Бел. геолага-гідрагеал. экспедыцыя, з 1982 Бел. геолага-пошукавая экспедыцыя, з 1988 сучасная назва. Уваходзіць у ВА «Беларусьгеалогія». У складзе БГГЭ 4 палявыя партыі (1995): Усх. гідрагеал., Зах. пошукава-здымачная, Паўн. гідрагеал., Цэнтр. гідрагеал. і Лабараторыя прамывачных вадкасцяў. Асн. віды дзейнасці: пошукі і разведка падземных водаў для гасп., прамысл. і бальнеалагічнага выкарыстання, рэгіянальныя геолага-здымачныя, гідрагеал., інж.-геал. і экалагічныя работы.
т. 2, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Заходняя экспедыцыя па асушэнню балот 2/214; 3/470; 12/517
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГЕОЛАГАРАЗВЕ́ДАЧНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ (БГРЭ),
вытворчая арг-цыя па правядзенні пошукавых і разведачных работ на цвёрдыя карысныя выкапні на тэр. Беларусі. Створана ў г. Слуцк у 1949 як Старобінская геолагаразведачная экспедыцыя для разведкі Старобінскага радовішча калійных і каменнай соляў. З 1955 Паўд.-Бел. геолагаразведачная экспедыцыя, з 1970 сучасная назва. Уваходзіць у ВА «Беларусьгеалогія». Уключае 4 палявыя партыі (1995): Заходнюю, Мінскую, Аршанскую і Паўднёвую. Асн. віды дзейнасці: пошук і разведка радовішчаў калійных соляў, бурага вугалю, жал. руды, буд. матэрыялаў, алмазаў.
П.З.Хоміч.
т. 2, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ ПА АСУШЭ́ННІ БАЛО́Т.
Працавала ў 1873—98 пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Створана для вывучэння прыродна-кліматычных умоў Палесся, правядзення вышукальных работ, праектавання асушальнай меліярацыі і арганізацыі гідрамеліярац. буд-ва. Правяла пошукі і падрыхтавала ген. план асушэння балот Палесся (залаты медаль на сусв. выстаўцы ў Парыжы, 1878). У 1874 зацверджаны план асушэння балот на пл. каля 8,7 млн. га. За час работы экспедыцыі асушана каля 500 тыс. га балот (у асноўным казённыя дачы — землі памешчыкаў і чыноўнікаў, часткова землі сялян); пракладзена больш за 4,6 тыс. км каналаў асушальнага і лесатрансп. прызначэння. Даследавалася эфектыўнасць вырошчвання шматгадовых траў, бульбы, агародніны і збожжа на асушаных тарфяна-балотных глебах. Экспедыцыя арганізавала ў Пінску і в. Васілевічы (цяпер горад у Рэчыцкім р-не) метэастанцыі. Метэаназіранні вяліся таксама ў в. Дарашэвічы (Петрыкаўскі р-н) і на доследнай ферме «Бабічы» (Рэчыцкі р-н). На прытоках Прыпяці і З каналах пабудаваны 13 вадамерных пастоў. Экспедыцыя афіцыйна ліквідавана ў 1902.
Літ.:
Козловский П.Г. Мелиорация Полесья в досоветский период // Проблемы Полесья. 1978. Вып. 5.
т. 7, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕЦКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1798—1801,
паход франц. арміі ў Егіпет напярэдадні і ў час напалеонаўскіх войнаў. Была вынікам экспансіі Францыі на Б. Усход і яе барацьбы з Англіяй за сусв. панаванне. 19.5.1798 франц. войскі (30—38 тыс. чал.) пад камандаваннем ген. Напалеона Банапарта адплылі з Тулона і 1.7.1798 высадзіліся каля г. Александрыя (на шляху ў Егіпет да франц. уладанняў быў далучаны в-аў Мальта). Разбіўшы гал. сілы мамлюкаў у бітве каля пірамід (21.7.1798), Банапарт падпарадкаваў б.ч. Егіпта. У 1799 армія Банапарта ўварвалася ў Сірыю, аднак, страціла там 1/2 асабовага складу і адступіла ў Егіпет. Пасля высадкі ў Егіпце англічан у 1801 франц. войскі капітулявалі і выведзены з Егіпта. Паводле Ам’енскага мірнага дагавора 1802 з Англіяй Францыя адмовілася ад прэтэнзіі на Егіпет. У складзе экспедыцыі была група франц. вучоных, якая вывучала помнікі егіп. гісторыі і культуры, падрыхтавала і выдала іх апісанне.
т. 6, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКСІКА́НСКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1861—67,
узброеная інтэрвенцыя Вялікабрытаніі (1862), Іспаніі (1861—62) і Францыі (1862—67) супраць Мексікі з мэтай звяржэння дэмакр. ўрада прэзідэнта Б.П.Хуарэса Гарсіі і ўстанаўлення залежнага ад еўрап. дзяржаў манарх. рэжыму. Зачэпкай для інтэрвенцыі стаў прыняты 17.7.1861 мекс. кангрэсам закон аб часовым спыненні плацяжоў па знешніх пазыках. У адказ у канцы 1861 — пач. 1862 брыт., ісп. і франц. войскі высадзіліся на ўзбярэжжа Мексікі і захапілі важнейшы порт Веракрус. Аднак рашучае супраціўленне мексіканцаў, рознагалоссі паміж дзяржавамі-агрэсарамі, адсутнасць падтрымкі інтэрвенцыі з боку ЗША, якія таксама імкнуліся замацавацца ў суседняй краіне, прымусілі Вялікабрытанію і Іспанію ў крас. 1862 вывесці свае войскі з Мексікі. Францыя працягвала вайну, летам 1863 яе войскі захапілі г. Мехіка. У крас. 1864 імператарам Мексікі абвешчаны залежны ад Напалеона III аўстр. эрцгерцаг Фердынанд Максімілян (Максімілян I). На заклік мекс. ўрада Хуарэса на барацьбу з іншаземцамі паднялося ўсё насельніцтва краіны. Масавае нар. супраціўленне, контрнаступленне рэгулярнай мекс. арміі, а таксама абвастрэнне франка-амер. адносін і непапулярнасць гэтай авантуры ў Францыі прывялі да правалу М.э. У сак. 1867 франц. інтэрвенты пакінулі тэр. Мексікі. Максімілян I, які імкнуўся аказаць супраціўленне мекс. войскам, трапіў у палон і быў расстраляны.
т. 10, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ РУ́СКАГА ФЛО́ТУ Ў ПАЎНО́ЧНУЮ АМЕ́РЫКУ 1863—64, Амерыканская экспедыцыя рускага флоту,
ваенна-палітычная акцыя ў выглядзе візіту 2 эскадраў рас. баявых караблёў у гарады Нью-Йорк і Сан-Францыска (ЗША) і іх прысутнасць каля ўзбярэжжа Паўн.-Амер. кантынента ў часы грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 і паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Арганізавана, каб стварыць пагрозу гандл. суднаходству імаверных праціўнікаў Рас. імперыі (Вялікабрытаніі і Францыі) і гэтым паўплываць на дыпламат. перагаворы з імі ў сувязі з паўстаннем 1863—64 (т.зв. польскае пытанне), а таксама прадэманстраваць падтрымку амер. федэральнага ўрада А.Лінкальна ў яго барацьбе з мяцежнымі паўд. штатамі і ў выпадку пачатку ваен. дзеянняў нанесці ўдар па марскіх камунікацыях Вялікабрытаніі.
Атл. эскадра на чале з контр-адм. С.С.Лясоўскім рушыла з Кранштата 18.7.1863 (каб не сустрэцца з англа-франц. сіламі, выйшла ў акіян, абагнуўшы Англію з Пн) і прыбыла ў Нью-Йорк у вер. 1863. Ціхаакіянская эскадра пад камандаваннем контр-адм. А.А.Папова з партоў Д.Усходу прыбыла ў Сан-Францыска да 1.10.1863. Эскадры знаходзіліся ў партах Паўн. Амерыкі і крэйсіравалі ўздоўж яе зах. і ўсх. ўзбярэжжаў да 4.6 (Атл.) — 1.8.1864 (Ціхаакіянская), потым вярнуліся ў Расію. Іх раптоўнае з’яўленне каля берагоў ЗША і перспектыва заключэння амер.-рас. ваен. саюза падштурхнулі Вялікабрытанію і Францыю адмовіцца ад умяшання ў адносіны ЗША і Расіі. Экспедыцыя была прыкладам выкарыстання сіл ВМФ як дыпламат. сродку (гл. «Палітыка кананерак», Палітыка з пазіцыі сілы). Сярод удзельнікаў экспедыцыі быў і будучы рас. кампазітар М.А.Рымскі-Корсакаў.
Літ.:
Коршунов Ю.Л. Когда океан соединяет: Из истории дружеств. отношений флотов России и США. СПб., 1996. С. 35—46.
У.Я.Калаткоў.
т. 18, кн. 1, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУСЬГЕАЛО́ГІЯ»,
вытворчае аб’яднанне па геолагаразведачных работах Рэспублікі Беларусь. Ажыццяўляе комплекснае вывучэнне нетраў, пошукі і разведку радовішчаў карысных выкапняў на тэр. Беларусі.
Стварэнне бел. геал. службы ўзыходзіць да 1922 (геолагаглебавая падсекцыя ў Інбелкульце). У 1930 арганізаваны Бел. геолагаразведачны трэст, функцыі якога ў 1933 перададзены Ін-ту геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР. З 1936 геолагаразведачная служба існавала ў складзе Нар. камісарыята мясц. прам-сці БССР, пры СНК СССР (з 1938), у Маскоўскім геал. упраўленні (Бел. геал. партыя, з 1943). У 1944 арганізавана Бел. геал. ўпраўленне. З 1946 пачата планамернае вывучэнне нетраў. У 1965 у сістэме Упраўлення геалогіі пры СМ БССР створаны трэст «Белнафтагазразведка», у 1969 у яе ўвайшоў Ін-т геал. навук АН БССР (гл. Геолага-разведачны Беларускі навукова-даследчы інстытут). У 1979 Упраўленне геалогіі пры СМ БССР пераўтворана ва Упраўленне геалогіі БССР. У 1980 створана Бел. нафтаразведачная экспедыцыя глыбокага свідравання ў Зах. Сібіры. З 1987 сучасная назва.
У складзе «Беларусьгеалогіі» (1995) 11 вытв. падраздзяленняў, у т. л. Беларуская геолагаразведачная экспедыцыя (у Слуцку), Беларуская гідрагеалагічная экспедыцыя (у Мінску), Цэнтр. геафіз. экспедыцыя (у пас. Калодзішчы каля Мінска), Геафізічная экспедыцыя (у Мінску), Мазырская нафтаразведачная экспедыцыя глыбокага свідравання і інш.
Э.І.Свідэрскі.
т. 3, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)