ступень насычанасці вадой горных парод у прыродных умовах. У глебах і горных пародах зоны аэрацыі вагаецца на працягу года ў шырокіх межах. Залежыць ад т-ры, ціску, вільготнасці паветра, колькасці атм. ападкаў. Ніжэй люстра грунтавых вод вільготнасць горных парод амаль не мяняецца і дасягае макс. магчымых значэнняў. Выражаецца ў працэнтах ці долях адзінкі адносна масы абсалютна сухой пароды. Адрозніваюць вільготнасць горных парод абсалютную, вагавую, натуральную, аб’ёмную, адносную, поўную, праведзеную. У практыцы найчасцей выкарыстоўваецца вагавая вільготнасць горных парод — адносіны масы вады да масы абсалютна сухой пароды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЛАКРЫ́ЛЫЯ (Megaloptera),
атрад насякомых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўсім свеце. Жывуць каля вады, на прыбярэжнай расліннасці, лічынкі ў вадзе. На Беларусі найб. вядомая віслакрылка звычайная (Sialis lutaria).
Маларухомыя насякомыя цёмнага колеру. Маюць 2 пары аднатыпных перапончатых шырокіх крылаў (размах 2—4 см), якія ў спакоі стрэхападобна прыкрываюць брушка. Вусікі шчацінкападобныя, шматчленікавыя, вочы фасетачныя, буйныя. Вылет дарослых насякомых вясной або ў пач. лета. Яйцы адкладваюць на лісце водных раслін. Лічынкі жывуць у вадзе 2 гады, кормяцца дробнымі насякомымі і іх лічынкамі, акукліваюцца ў глебе; пажыва для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-ЛАЦІ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы павышанага тыпу ў Маскве ў 2-й пал. 17 ст. Узніклі па ініцыятыве рас. ўрада, царквы і прыватных асоб (школа Ф.М.Рцішчава) у сувязі з патрэбай у адукаваных дыпламатах, настаўніках, прыказных. Школы былі прызначаны вучыць замежным мовам, задавальняць імкненне да ведаў шырокіх слаёў дваранства і пасадскага насельніцтва, павышаць іх агульны культ. ўзровень. Выкладчыкамі былі звычайна святары і манахі. Выкладаліся грэч., лац., царк.-слав. мовы, рыторыка і філасофія. Узнікненне і дзейнасць Грэка-лацінскіх школ садзейнічалі стварэнню ў Маскве Славяна-грэка-лацінскай акадэміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Аквітанская нізіна,
на ПдЗ Францыі, у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Гарона, паміж Цэнтр.Франц. масівам і Пірэнеямі. Выш. да 200—300 м. Працягласць каля 200 км. Размешчана на месцы перадгорнага тэктанічнага прагіну; складзена пераважна з рыхлых кайназойскіх адкладаў. У рэльефе — чаргаванне шырокіх рачных далін (р. Гарона з прытокамі, прытокі р. Адур) і плоскіх, месцамі ўзвышаных, міжрэччаў; уздоўж Біскайскага заліва — пясчаная забалочаная частка нізіны — Ланды, з вял. колькасцю азёр. Масівы шыракалістых і пасаджаных хваёвых лясоў, міжземнаморскія хмызнякі. Сады, вінаграднікі, пасевы збожжавых, вырошчваецца тытунь. Найб. горад — Бардо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУЛІ́ЗМ (франц. populisme ад лац. populus народ),
арыентацыя суб’ектаў палітыкі (паліт. дзеячаў, партый) на паліт. ідэі шырокіх мас, незадаволеных сац. рэчаіснасцю. З’явіўся з развіццём капіталізму сярод «прамежкавых» паміж пралетарыятам і буржуазіяй пластоў грамадства, звычайна яго носьбіты — сяляне, фермеры, дробныя прадпрымальнікі, частка рабочых, люмпенаў і інш. Пераважна развіваецца ў эпоху сац. крызісаў. Напр., разнавіднасцю П. лічаць рас.народніцтва 19 ст. У ЗША партыя папулістаў (1891—1900) узнікла як альянс фермерскіх і рабочых арг-цый. П. пашырыўся ў многіх краінах Афрыкі і Азіі ў перыяд іх барацьбы за вызваленне ад калан. залежнасці. Папулісцкімі лідэрамі былі Сунь Ятсен у Кітаі, М.К.Гандзі ў Індыі, Сукарна ў Інданезіі і інш. У аснове П. ідэя роўнасці, роўных магчымасцей для ўсіх пластоў насельніцтва задавальняць свае жыццёвыя і грамадска-паліт. патрэбы. Адрозніваюць П. рэальны і спекуляцыйны. Рэальны П. — правядзенне правячай элітай палітыкі, накіраванай на абмежаванне пануючых сац. сіл (буйных капіталістаў і зямельных уласнікаў) на карысць шырокіхнар. мас (напр., палітыка прэзідэнта Чылі С.Альендэ Госенса ў 1970—73). Спекуляцыйны П. — паддобрыванне народа на ўзроўні лозунгаў дзеля прыходу да ўлады або яе ўтрымання, дасягнення карыслівых мэт і г.д. Гэтая форма П. асабліва характэрна для аўтарытарных, таталітарных, фаш. і інш. падобных рэжымаў. Такі П. — адзін з відаў сац. і паліт. дэмагогіі (гл.Дэмагог), маніпуліравання свядомасцю маладасведчаных людзей, галасамі выбаршчыкаў і г.д. Тэрмін П. (у спекуляцыйным значэнні) выкарыстоўваюць (часта ўзаемна) розныя паліт. партыі і плыні, каб абвінаваціць сваіх праціўнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЕ́РСКІЯ ГАРАДЫ́, вольныя імперскія гарады,
нямецкія гарады ў «Свяшчэннай Рымскай імперыі», якія ў межах сваёй акругі валодалі вярх. уладай і падпарадкоўваліся непасрэдна імператару. Найбольш іх было ў Швабіі і Франконіі (Нюрнберг, Рэгенсбург, Аўгсбург, Гейльброн і інш.). У час аслаблення (з 13 ст.) цэнтралізаванай улады ў Германіі яны дамагліся шырокіх правоў самакіравання. З умацаваннем ролі княстваў у 17 ст. пачынаецца заняпад І.г. Да пач. 18 ст. іх засталося каля 50. Пасля ліквідацыі «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (1806) перастаў існаваць статус І.г. З утварэннем Германскага саюза (1815) вольнымі гарадамі засталіся толькі Брэмен, Гамбург, Любек і Франкфурт-на-Майне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКАВАНО́СЫ (Rhinolophidae),
сямейства млекакормячых атр. рукакрылых. 2 роды, 69 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераных шыротах Усх. паўшар’я. Жывуць у пячорах, дуплах, трапляюцца ў збудаваннях. Часам утвараюць вял. калоніі. Здольныя ў шырокіх межах змяняць т-ру цела (гетэратэрмнасць).
Даўж. 3,5—11 см. Вушныя ракавіны буйныя, востраканцовыя. На канцы морды голыя скурыстыя ўтварэнні складанай формы: «падкова», «сядло» і «ланцэт» (адсюль назва), якія прымаюць удзел у фарміраванні накіраванасці эхалакацыйных сігналаў, што выпускаюцца праз ноздры. Крылы шырокія. Кормяцца насякомымі, пераважна начнымі матылямі. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТРЫМО́ВІЧЫ, Бутрымы,
шляхецкі род герба «Тапор» у ВКЛ. Паходзяць ад літоўскага баярына Бутрыма, які ўдзельнічаў у заключэнні Гарадзельскай уніі 1413. Найб. вядомыя:
Ян, намеснік смаленскі ў 1422. Ян, шамбялян Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1789. Адрыян, уніяцкі епіскап-суфраган пінскі і тураўскі, у 1793 суфраган кіеўскага мітрапаліта. Мацей (1745—1814), дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай. Вучыўся ў Пінскім езуіцкім калегіуме. З 1778 канюшы, з 1780 мечнік, з 1783 суддзя гродскі, з 1785 падстароста, з 1791 лоўчы пінскі. Набліжаны гетмана М.К.Агінскага. Ініцыятар шырокіхгасп. пераўтварэнняў на Піншчыне. Ажыццяўляў пракладку гасцінцаў, Мухавецкага і Агінскага каналаў, праводзіў меліярацыю. Удзельнічаў у працы Чатырохгадовага сойма 1788—92, падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЦЫ́ДЫ [ад бактэрыі + ...цыд(ы)],
бактэрыцыдныя рэчывы, рэчывы, што выклікаюць гібель бактэрый. Дзеянне бактэрыцыдаў звязана з іх уплывам на рост і дзяленне бактэрый і залежыць ад т-ры і кіслотнасці асяроддзя. Да бактэрыцыдаў адносяцца дэзінфекцыйныя сродкі, антысептычныя сродкі, многія з хіміятэрапеўтычных (антыбіётыкі і сульфаніламіды) і дэрматалагічных прэпаратаў, рэчываў для аховы раслін, матэрыялаў і вырабаў ад біяразбурэння, фунгіцыдаў і інш. Механізм і выбіральнасць дзеяння бактэрыцыдаў і адчувальнасць бактэрый да іх вагаюцца ў шырокіх межах. Пры працяглым лек. выкарыстанні пэўных відаў бактэрыцыдаў узнікаюць расы патагенных мікраарганізмаў, устойлівыя да іх, што абумоўлівае неабходнасць ужывання больш высокіх дозаў бактэрыцыдных рэчываў або пошук, распрацоўку і замену іх новымі відамі. Гл. таксама Бактэрыцыднасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ АГІ́НСКАГА.
Пабудаваны ў 1790 (арх. К.Шыльдгаўз) у стылі класіцызму з элементамі нар. дойлідства. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з рызалітамі ў цэнтры гал. і дваровага фасадаў і 4 алькежамі па вуглах. Асн. аб’ём быў накрыты высокім 2-схільным чарапічным дахам. Фасады дома мелі 2-яруснае вырашэнне: ніжні ярус (1-ы паверх) масіўны з невял. гладкімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, верхні (2-і паверх) — больш высокі, ажурны, з рытмічным радам шырокіх акон з ліштвамі. Рызаліт на гал. фасадзе быў завершаны невял. атыкам, гал. ўваход аформлены стылізаваным порцікам. Разбураны ў 2-й пал. 19 ст.
Гродзенскі дом Агінскага. Чарцёж галоўнага фасада.