Будаўніцтва вялося ў пач. 12 ст. (паводле меркавання Э.М.Загарульскага, паміж 1069 і 1073) на правым беразе р. Свіслач у раёне сучаснай пл. 8 Сакавіка ў Мінску (тэр.Мінскага замка); па невядомых прычынах не было скончана. Помнік даследавалі В.Р.Тарасенка (1949—51), Г.В.Штыхаў (1976). Мураваны храм пачалі будаваць з бутавага каменю пасля моцнага пажару, які знішчыў забудову дзядзінца горада і, верагодна, драўляную царкву, якая тут была раней. На яе месцы былі зроблены падмуркі, ніжнія ч. апсід, паўд. і зах. сцен. Паводле плана падмуркаў меркавалася паставіць кампактны 4-слуповы крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў плане, з 3 паўавальнымі апсідамі. На ўнутр. сценах храма захавалася абліцоўка з добра апрацаваных плітак, вырабленых з наздраватага даламіту. На ПнУ ад царквы выяўлены яма для прыгатавання вапны (пл. 25 м²) і пляцоўка майстэрні, дзе абчэсвалі пліткі. Царква не мае аналагаў у стараж.-рус.манум. буд-ве. Амаль праз стагоддзе пасля спынення буд-ва царквы на яе месцы ўзнік хрысц. могільнік знатных гараджан. Выяўлена 21 пахаванне 13 ст. ў дамавінах скрынкавага тыпу з вял. хваёвых дошак на шыпах без цвікоў. Некат. векі дамавін абкладзены бяростай. У 1967 за 30 м ад падмуркаў М.з.ц. пабудаваны яе муляж. Самі падмуркі знаходзяцца ў некранутым выглядзе на глыбіні 0,5—2,1 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЧЫСЛА́Ў ВАСІ́ЛЬКАВІЧ,
князь ізяслаўскі (заслаўскі) і віцебскі. Сын полацкага кн. Васількі Рагвалодавіча. У 1158 атрымаў у княжанне Ізяслаў ад полацкага кн.Рагвалода Барысавіча. У 1159 з братам Валодшам узяты ў палон менскімі князямі Глебавічамі і зняволены ў Менску, адкуль яго вызваліў Рагвалод Барысавіч. У 1162 з інш. полацкімі князямі ваяваў за Слуцк супраць дарагабужскага кн. Уладзіміра Мсціславіча. У 1180, калі быў князем віцебскім, разам з кіеўскім кн. Святаславам Усеваладавічам і чарнігаўскімі князямі ваяваў супраць смаленскіх князёў Расціславічаў. Упамінаецца ў «Слове аб палку Ігаравым».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАДА́Р ГЛЕ́БАВІЧ,
князь менскі, магчыма, і гарадзецкі. Сын менскага кн.Глеба Усяславіча. Працягваў барацьбу менскіх князёў за ўстанаўленне дамінуючага становішча Менска ў Полацкай зямлі. У 1158 (паводле інш. крыніц у 1159) выступіў з братамі ў паход супраць полацкага кн.Рагвалода Барысавіча. У 1161 (1162) знаходзіўся ў Гарадцы (месцазнаходжанне не высветлена), разам з Літвою разбіў войска Рагвалода. У 1167 выступіў супраць полацкага кн.Усяслава Васількавіча і заняў полацкі трон, заключыўшы дагавор з вечам. Затым накіраваўся ў Віцебск, куды ўцёк Усяслаў, але, даведаўшыся, што на дапамогу віцябчанам ідзе смаленскі кн. Раман, вярнуўся ў свае землі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМГА́ЛЫ, земігола,
старажытнае балцкае племя, якое жыло ў сярэдняй ч. сучаснай Латвіі ў бас.р. Ліелупе. Густынскі летапіс называў іх жэмайтамі. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, гандлявалі з суседнімі плямёнамі. У 11—13 ст. былі на стадыі распаду племяннога ладу і ўтварэння феад. адносін. Паводле Лаўрэнцьеўскага летапісу ў 1106 полацкія князі Усяславічы ўчынілі паход на З., але пацярпелі паражэнне. У 13 ст. З. вялі ўпартую барацьбу з крыжакамі, у 1290 канчаткова заваяваны Лівонскім ордэнам. Пазней разам з інш. плямёнамі ўвайшлі ў склад лат. народнасці.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАЧА́НЕ,
частка ўсх.-слав. групы крывічоў, якія ў 9 ст. насялялі тэр. сучаснай Віцебскай і Пн Мінскай абласцей. Межавалі на Пд з дрыгавічамі, на ПдУ са смаленскімі крывічамі, на Пн і У з ізборскімі крывічамі і наўгародскімі славенамі, на З і ПнЗ з лета-літоўскімі плямёнамі. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», П. — славяне, якія атрымалі назву ад р. Палата (прыток Зах. Дзвіны). Стварылі адно з ранніх тэр.-паліт. аб’яднанняў, племянное «княжанне», якое дало пачатак Полацкаму княству. Самыя стараж.археал. помнікі — могільнікі культуры доўгіх курганоў паўн. Беларусі, паселішчы ў Полацку, Віцебску, Лукомлі, Свіла, Дзіўная і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРЫ́ЦА,
комплекс археал. помнікаў (гарадзішча 8 ст. да н.э. — 11 ст.н.э., селішча 6—10 ст. і курганны могільнік 11 ст.) каля в. Кастрыца Лепельскага р-на Віцебскай вобл. Гарадзішча мае 3 гарызонты: у ніжнім выяўлены сляды жытлаў слупавой канструкцыі, агнішча, рэшткі майстэрні па апрацоўцы жалеза, пасудзіны днепра-дзвінскай культуры; у сярэднім — жал. прылады працы, бронзавыя падвескі, фрагменты пасудзін банцараўскай культуры; у верхнім — прылады побыту, ганчарная кераміка і інш. рэчы 10—11 ст. Побач з гарадзішчам у 6—10 ст. існавала селішча, на месцы якога ў 11 ст. ўзнік курганны могільнік (14 насыпаў). Даследаваны 2 курганы з трупапалажэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ГІЛЬНІК,
група стараж. пахаванняў у адным месцы. Адасобленыя ад паселішчаў М. з’явіліся ў мезаліце. Падзяляюцца на курганныя (гл.Курган) і бескурганныя, або грунтавыя без насыпаў. Паводле пахавальнага абраду адрозніваюць М. з трупаспаленпем і трупапалажэннем. Даследаванне М. дае каштоўны матэрыял для вызначэння арэала этн. груп, археал. культур, храналогіі, палеантрапалогіі, сямейных і сац. адносін; пахавальны інвентар, убранне нябожчыка дапаўняюць уяўленне аб матэрыяльнай культуры розных плямён. На Беларусі самыя стараж. М. адносяцца да бронзавага веку (Рудня-Шлягіна, Ходасавічы). Найб. даследаваны бескурганныя М. ранняга жал. веку Чаплін, курганныя часоў Полацкай дзяржавы Ізбішча, Заслаўскія курганныя могільнікі. Антычны М. звычайна называюць некропалем, хрысц. — могілкамі, мусульманскі — мізар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́Д (?—980?),
першы гістарычна вядомы полацкі князь, бацька Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле летапісаў, прыйшоў «з-за мора». Даследчыкі лічаць, што Р. стаў полацкім князем у 960—970-я г. ці нават у сярэдзіне 10 ст. Можна меркаваць, што ў барацьбе Ноўгарада з Кіевам Р. схіляўся на бок Кіева. Заваяваў наўгародскія воласці, за што ў 980 (паводле В.М.Тацішчава ў 975 або 980, паводле А.А.Шахматава ў 970) забіты наўгародскім кн.Уладзімірам Святаславічам разам з жонкаю і 2 сынамі. (Раальдам і Свенам).
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.:(Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НСКАЯ ТЭО́РЫЯ,
кірунак у гістарыяграфіі, прыхільнікі якога лічаць нарманаў (варагаў) заснавальнікамі стараж.-рус. дзяржаўнасці. Іх погляды грунтуюцца на звестках «Аповесці мінулых гадоў», паводле якіх слав. і фіна-угорскія плямёны (наўгародскія славене, крывічы, чудзь, мера і весь) спачатку плацілі даніну варагам, а потым прагналі іх за мора. Але хутка сярод плямён пачаліся разлады і тады яны звярнуліся да варагаў са словамі: «Земля наша велика и обилна, а наряда (упраўлення, парадку) в ней нет. Да поидете княжит и володети нами». На іх запрашэнне ў 862 прыбылі браты Рурык, Сінявус і Трувор, з якіх Рурык стаў заснавальнікам кіеўскай велікакняжацкай дынастыі (Рурыкавічаў), нашчадкі якой правілі ў Кіеўскай Русі, пазней у Маскоўскім вялікім княстве і Рас. дзяржаве (да 1598). На думку некаторых гісторыкаў, скандынавам быў полацкі князь Рагвалод. Н.т. сфармулявана ў 2-й чвэрці 18 ст.ням. гісторыкам на рас. службе Г.З.Баерам, распрацоўвалася Г.Ф.Мілерам, А.Л.Шлёцэрам і інш. Да пач. 19 ст. набыла характар афіц. гістарыяграфічнай версіі паходжання Рас. дзяржавы (М.М.Карамзін і інш.). Замежныя гісторыкі-нарманісты выкарыстоўвалі летапіснае паданне для сцвярджэнняў пра няздольнасць славян самім стварыць дзяржаву. Супраць Н.т. выступалі М.В.Ламаносаў, Дз.І.Ілавайскі, С.А.Гедэонаў і інш. Памылковасць шэрагу палажэнняў Н.т. высвятлялася і сав. гістарыяграфіяй. Пры гэтым некаторыя гісторыкі адмаўлялі гістарычнасць Рурыка. Большасць сучасных гісторыкаў лічыць, што ў славян да 9 ст. існавалі сац.-эканам. перадумовы для ўзнікнення сваёй дзяржаўнасці. З’яўленне варагаў толькі паскорыла гэты працэс. Варажскія арыстакратычныя вярхі Кіеўскай Русі і самі Рурыкавічы даволі хутка асіміляваліся з мясц.слав. знаццю.
Літ.:
Ловмяньский Х. Русь и норманны: Пер. с пол. М., 1985;
Штыхаў Г.В. Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XIII ст.Кн. 1. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАЛО́ВІЧ (Мікалай Іванавіч) (н. 29.4.1921, в. Малыя Навасёлкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык і літаратуразнавец. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1947). У 1940—47 на пед. працы ва ўстановах нар. адукацыі, у 1948—57 у Маладзечанскім настаўніцкім ін-це і Маладзечанскім абл. ін-це ўдасканалення настаўнікаў. Пасля выхаду на пенсію па зроку (1957) пачаў займацца н.-д. дзейнасцю. Гал. тэмы — гісторыя Беларусі 9—14 ст. і бел.л-ра. Даследуе пытанні засялення слав. плямёнамі Усх. Еўропы, этнагенез беларусаў, паліт. гісторыю стараж. зямель Беларусі (Полацкая, Тураўская, Навагрудская і інш.), праблемы ўзнікнення ВКЛ і інш.Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1992.
Тв.:
Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;