МЕТРАЛО́ГІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

спецыяльная гіст. навука, якая вывучае гіст. меры (даўжыні, масы, плошчы, аб’ёмаў сыпкіх і вадкіх рэчываў і інш. велічынь у іх развіцці. Задачы М.г. — вызначэнне суадносін адзінак розных велічынь паміж сабой і іх сувязі з адзінкамі метрычнай сістэмы мер.

Распрацоўка М.г. у Зах. Еўропе пачалася з трактатаў юрыстаў і купцоў 14—15 ст., у якіх сістэматызаваліся звесткі пра меры для патрэб гандлю. У трактатах землямераў выкладаліся спосабы вымярэння даўжыні і паверхні («Кульмская геаметрыя»). У 16 ст. з’явіліся матэм. працы па метралогіі («Майстэрскае лічэнне» К.​Рудольфа). Уласна М.г. прысвечана праца Г.​Агрыкалы «Пяць кніг пра меры і вагі рымлян і грэкаў» (1550). У цяперашні час дзейнічае міжнар. камісія па М.г., з 1975 склікаюцца кангрэсы па гэтай навуцы.

На Беларусі метралагічныя працы з’явіліся ў 16 ст. ў сувязі з правядзеннем валочнай памеры. У 18 ст. пытанні М.г. распрацоўвалі гісторыкі Ф.​Ф.​Лойка, Т.​Чацкі, С.​Богуш-Сестранцэвіч. З прыняццем у канцы 18 ст. ў Францыі метрычнай сістэмы мер і паступовым яе пашырэннем па еўрап. краінах з’явілася патрэба ў суаднясенні даўніх мер Рэчы Паспалітай з новымі. Гэтаму прысвечаны працы А.​Сапегі «Табліцы суадносін новых французскіх мер і вагі з літоўскімі і польскімі» (1802) і А.​Хадкевіча «Табліцы суадносін даўніх мер і вагі французскіх і каронна-літоўска-польскіх з мерамі і вагамі новымі і прынятымі ў Францыі» (1811). У 19 ст. М.г. Рэчы Паспалітай распрацоўвалі І.​Лялевель, Ф.​Пекасінскі. У канцы 19 — пач. 20 ст. меры феад. Беларусі вывучалі А.​М.​Семянтоўскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі, У.​І.​Пічэта. Пытанням бел. М.г. прысвечаны працы Дз.​Л.​Пахілевіча, З.​Ю.​Капыскага, П.​Р.​Казлоўскага, А.​П.​Грыцкевіча, Я.​К.​Анішчанкі, Л.​А.​Малчанавай, К.​У.​Скурата, польскіх даследчыкаў Л.​Калянкоўскага, У.​Пацехі, Р.​Мяніцкага, В.​Кулі, С.​Александровіча, Г.​Дунін-Вансовіч, Я.​Юркевіча. Важныя працы па стараж.-рус. і рас. феад. метралогіі належаць П.​Р.​Буткову, Дз.​І.​Празароўскаму, Ф.​І.​Петрушэўскаму, А.​І.​Нікіціну, І.​І.​Каўфману, Л.​У.​Чарапніну, В.​Л.​Яніну, Б.​А.​Рыбакову, А.​І.​Каменцавай, М.​А.​Шасцьіну, І.​Э.​Клейненбергу.

Даўнія бел. меры. Меры даўжыні. Міля = 5 вёрст; вярста = 798 сажняў = 1559,7 м; вярста вялікая = 1000 сажняў = 1948,8 м; сажань = 194,88 см; шнур = 75 локцяў = 10 прутоў (прэнтаў) = 100 прэнцікаў = 48,7 м; локаць = 64,96 см; стапа = 12 цаляў = 32,5 см; цаля = 2,7 см; гоні (гон) = 80—100 м. Меры плошчы. Валока = 30 маргоў = 9000 кв. прутоў = 67 500 кв. локцяў = 21,36 га; морг = 3 кв. шнуры = 0,71 га; шнур = 100 кв. прутоў = 0,237 га; прэнцік = 0,237 м Меры аб’ёму. Бочка віленская = 4 чвэрці = 8 асьмін = 72 вялікія гарцы = 144 малыя гарцы = 406,7 л (для сыпкіх рэчываў) і 406,54 л (для вадкасці); гарнец малы (шынковы) = 2,8237 л; гарнец вялікі (цэхавы) = 5,6474 л; чвэрць (карэц) = ​1/4 бочкі = 2 асьміны = 36 гарцаў = 102 л; кварта = ​1/4 гарца = 0,7057 л; мядніца = 12 гарцаў = 33,84 л. Меры масы (вагі). Беркавец = 5 камянёў = 200 фунтаў = 74,96 кг; камень = 40 фунтаў = 14,993 кг; фунт = 32 лоты = 374,8 г; пуд = 40—50 фунтаў; бязмен = 5—6 фунтаў = 1,87—2,24 кг; кантар = 100 фунтаў 37,48 кг; грыўна = 195,5 г. Адзінкі лічэння. Капа = 60; саха (валы, нарогі для сох) = 2; пасма (у ткацтве) = 30 нітак; лібра = 25 аркушаў паперы; рэз = 20 лібраў = 500 аркушаў паперы; тузін = 12; фаска = 500. У розных мясцовасцях Беларусі ў розныя часы існавалі свае меры, якія адрозніваліся ад вышэй названых.

Літ.:

Скурат К.У. Даўнія беларускія меры (лексічны аналіз). Мн., 1974;

Каменцева Е.И. Историческая метрология. М., 1978.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 10, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЯЦЕ́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,

выраб рэчаў утылітарнага і дэкар. характару злучэннем палос эластычнага матэрыялу пад прамым ці косым вуглом; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. Адрозніваюць П. ручное і машыннае. Матэрыялы для П. — лаза, салома, чарот, карані дрэў, лыка, мачала, бяроста, лучына, стружкі, дубцы арэшніку, ядлоўцу, рабіны, скура, ніткі і інш. У 1970—80-я г. шырока ўжываюцца і сінтэт. матэрыялы. Пашырана ў многіх народаў, папярэднічала ткацтву. Шырока вядома маст. пляценне народаў Усходу, а таксама пляценне карункаў у Расіі.

На Беларусі вядома з неаліту (выяўлены рэшткі сплеценых з лыка сетак, адбіткі плеценых вырабаў на гліне). Найб. захаваліся вырабы 19—1-й пал. 20 ст. Пашырана было пляценне з лазы. На Палессі з яе плялі агароджы (пляцень), сцены гасп. пабудоў. Простай, спіральнай, крыжовай, раброва-крыжовай тэхнікамі П. выраблялі лазовыя палукашкі для вазоў і саней, рыбалоўныя снасці (каробкі, бучы, венцеры), посуд на збожжа, агародніну (кашы, кашолкі, сявенькі, карзіны), мэблю (крэслы, калыскі, падстаўкі пад вазоны, карабы на бялізну) і інш. Разнастайным камбінаваннем тэхнік П. вызначаецца мэбля, кузавы выязных вазкоў. Каркас вязалі з тоўстых прутоў, якія скрыжоўваліся пад розным вуглом і ўтваралі розныя геам. фігуры, потым яго перапляталі тонкімі дубцамі, нярэдка чаргуючы белыя, ачышчаныя ад кары, з неакоранымі, таніравалі лазу ў больш цёмны колер, абпальвалі на агні, аздаблялі выпаленымі ўзорамі. Вырабамі мэблі з лазы славіліся майстры Магілёва, Гомеля, Суража (Віцебскі р-н), кузаваў — Давыд-Гарадка (Столінскі р-н), Лахвы (Лунінецкі р-н). З саламяных жгутоў, пераплеценых лазой, выраблялі шыяны, карабы, сявенькі, кублы, гарцы; з саломы плялі шкатулкі, цацкі, сумкі, капелюшы (гл. Саломка мастацкая). З сасновай лучыны (дранкі) выраблялі посуд на садавіну і гародніну, карабы для пераноскі сена (Паазер’е), з бяросты — заплечныя кашалі для збору грыбоў, сумкі, вярэнькі (Палессе), ёю ж апляталі ганчарны посуд для малака і малочных прадуктаў (берасцянкі). З рагозу (пераважна на Палессі) выраблялі лёгкія, эластычныя сумкі і кашолкі. Дробныя вырабы: каробачкі для рукадзелля, карзінкі, сумачкі, фруктоўніцы — плялі з карэньчыкаў хваёвых дрэў, арэшніку. З лыка, вяровак плялі лапці, са скуры дэталі конскай вупражы, бізуны. Узоры П. вызначаюцца прыгожым шахматным, спіральным, дыяганальным малюнкам. Вял. пашырэнне мела П. з тэкстыльных матэрыялаў: нітак, шнуроў, вяровак і інш. Найб. простым прыёмам з’яўляецца віццё (суканне) — злучэнне дзвюх ці болей пасмаў у шнур. Суканыя шнуры і вяровачкі выкарыстоўваліся як дэкар. элементы на адзенні (разнастайныя нашыўкі), абрусах, ручніках (для кутасоў, махроў). З каляровых нітак вілі шнуркі для завязак на адзенні і паяскоў. Плоскія пляцёнкі з трох (у выглядзе касы) і больш нітак выкарыстоўвалі для вырабу паясоў, завязак, шнуркоў, нашывак на адзенне. Больш складаны від пляцення засн. на выгінанні суцэльных нітак у петлі, якія пераплятаюцца паміж сабой удоўж і ўпоперак (вязанне). Разнастайныя рэчы утылітарнага і маст. характару вырабляліся ў тэхніцы вузельчыкавага П. — завязвання вузлоў рознай канфігурацыі. З дапамогай чаўнака (ігліцы) і дошчачкі вязалі рыбацкія сеткі (Паазер’е). Такім чынам сплеценыя сеткі, нацягнутыя на раму, прызначаныя для абрусаў, сурвэтаў, пакрывалаў, аздаблялі вышыўкай насцілам ці крыжыкам з каляровых шарсцяных нітак. З развіццём прамысловасці П. захоўваецца як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і займае значнае месца ў маст. прамысловасці рэспублікі. Сурвэткі, абрусы, лазовыя кошыкі на садавіну і гародніну, цукерачніцы, хлебніцы, саламяныя капелюшы, шкатулкі і інш. плеценыя вырабы выпускаюць ф-кі маст. вырабаў. Некат. вытв. аб’яднанні вырабляюць мэблю з лазы. Шырокую папулярнасць набыло вузельчыкавае П. — макрамэ. Найб. вядомыя бел. майстры П.: Т.​Агафоненка, К.​Арцёменка, А.​Белановіч, С.​Галанчанка, В.​Гаўрылюк, Л.​Главацкая, М.​Кулак, Н.​Ліцюк, Л.​Лось, У.​Лук’янец, Г.​Сапун, Л.​Скрыпнічэнка, В.​Сташкевіч, Т.​Федаркова і інш.

Літ.:

Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995;

Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Пляценне мастацкае. Саламяны посуд. 1-я пал. 20 ст. Цэнтральная Беларусь.
Да арт. Пляценне мастацкае. Т.​Агафоненка. Маска «Казёл». 1978.
Да арт. Пляценне мастацкае. Посуд з сасновай лучыны. Вёска Шахноўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. 1982.

т. 12, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)