КАМЕРТО́Н (ням. Kammerton ад Kammer пакой + тон),

інструмент для фіксацыі і ўзнаўлення стандартнай вышыні муз. тонаў. Эталон вышыні гуку пры настройцы муз. інструментаў, у хоры і інш. Прасцейшы К. — U-падобна выгнуты замацаваны пасярэдзіне метал. стрыжань, канцы якога могуць свабодна вагацца. Звычайна выкарыстоўваюць К. ў тоне а​1 (ля 1-й актавы; часам і ў тоне с​2). Частата гэтага гуку мянялася ў розныя перыяды гісторыі музыкі. У наш час прынята настройка К. з частатой 440 герц. Выкарыстоўваюць таксама язычковыя і электронныя К. Для вызначэння вышыні розных тонаў служаць наборы К. і К., у якіх частата рэгулюецца.

Камертон.

т. 7, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЛІТУ́ДНАЯ МАДУЛЯ́ЦЫЯ,

павольная змена амплітуды эл.-магн. ваганняў у параўнанні э іх перыядам па вызначаным законе; від мадуляцыі. Выкарыстоўваецца для перадачы інфармацыі ў радыё- і аптычным дыяпазонах хваляў (напр., перадача гукавога суправаджэння, тэлевізійных адлюстраванняў). Перадавальная радыёстанцыя, якая працуе ў рэжыме амплітуднай мадуляцыі, вылучае спектр частот. У выпадку амплітуднай мадуляцыі сінусаідальным сігналам (гл. рыс.) спектр мае 3 складальныя: нясучую (ω) і 2 бакавыя частаты ( ( ω + Ω ) і ( ω − Ω ) ) . Глыбіня амплітуднай мадуляцыі характарызуе ступень змены амплітуды: m = Aмакс − Aмін Aмакс + Aмін ; частата мадуляцыі Ω — скорасць змены амплітуды ваганняў. Для атрымання амплітудна-мадуляванага вагання нясучая частата і сігнал, якім яна мадулюецца, падаюцца на мадулятар.

т. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХВО́РВАННЕ,

медыка-статыстычны паказчык здароўя насельніцтва, які характарызуе распаўсюджанасць, структуру і дынаміку хвароб у цэлым, зарэгістраваных за год, а таксама ў асобных узроставых, палавых, сац., прафес., тэр. яго групах. Вылічваецца колькасцю хвароб на 100, 1000, 10 000, 100 000 насельніцтва. Адрозніваюць першасныя З. — сукупнасць хвароб, упершыню зарэгістраваных на працягу года, і хваравітасць (распаўсюджанасць) — сукупнасць усіх хвароб сярод насельніцтва і частата паталогіі, выяўленая пры мед. аглядзе (вызначаецца частата новых хвароб і распаўсюджанасць усіх хвароб, што працякалі доўгі час). Сістэма аховы здароўя ажыццяўляе спец. ўлік інфекц. (эпідэміял.), неэпідэміял. і прафес. З., улічвае і вывучае З. з часовай стратай працаздольнасці ці часовай непрацаздольнасцю.

Э.​А.​Вальчук.

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГЛАПІ́ЛЬНЫ СТАНО́К,

дрэварэзальны станок з круглай пілой для падоўжанага, папярочнага або змешанага распілоўвання драўніны і драўняных матэрыялаў. Бываюць адна-, двух- і шматпільныя, з аўтам. і ручной падачай матэрыялу (або інструменту). Частата вярчэння піл да 3000 аб/мін і болей.

т. 8, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ЎНЫ ТОН у акустыцы,

1) гукавыя ваганні, што выпрамяняюцца акустычнай сістэмай, якая вагаецца з найменшай магчымай частатой. Частата асноўнага тону вызначаецца ўласцівасцямі гэтай сістэмы.

2) Простая (сінусаідальная) састаўная складанага вагання з найменшай частатой пры раскладанні яго ў паслядоўнасць па абертонах.

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦ,

адзінка частаты ў СІ. Пазначаецца Гц. 1 Гц — частата перыядычнага працэсу, пры якой за 1 с адбываецца адзін цыкл змены адпаведнай фіз. велічыні. Названа імем Г.Р.Герца. Выкарыстоўваюцца кратныя адзінкі ад герца — кілагерц (1 кГц = 10​3 Гц) і мегагерц (1 МГц = 10​6 Гц) і інш.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁМІСТАСНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

велічыня, якая характарызуе супраціўленне пераменнаму току электраёмістасці ланцуга (яго ўчастка). Ё.с. сінусаідальнаму току xc=1/ωC, дзе ω — цыклічная (вуглавая) частата, C — ёмістасць ланцуга. У Міжнар. сістэме адзінак вымяраецца ў омах. Разам з індуктыўным супраціўленнем складае рэактыўнае супраціўленне, якое ўваходзіць у склад агульнага (поўнага) электрычнага супраціўлення.

т. 6, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАМЕТРЫ́ЧНЫЯ ВАГА́ННІ,

ваганні, якія ўзнікаюць ў выніку перыядычнай змены параметраў вагальнай сістэмы (масы, пругкасці, індуктыўнасці, ёмістасці, эл. супраціўлення і інш.). Назіраюцца ў любой вагальнай сістэме пры пэўных суадносінах паміж частатой аднаго з уласных ваганняў сістэмы і частатой змен параметраў.

Класічны прыклад П.в. — узнікненне папярочных ваганняў струны (параметрычны рэзананс) пры перыяд. зменах яе нацяжэння, якое найлягчэй адбываецца, калі частата асн. тону (ці якой-н. гармонікі; гл. Абертон) струны ўдвая большая за частату змен нацяжэння (пры звычайным узбуджэнні вымушаных ваганняў рэзананс настае, калі іх частата супадае з частатой аднаго з уласных ваганняў струны). Пры ўзбуджэнні П.в. стан раўнавагі вагальнай сістэмы ў выніку перыяд. ўздзеяння становіцца няўстойлівым і сістэма пачынае рабіць ваганні каля становішча раўнавагі. Шырыня абласцей няўстойлівага стану павялічваецца з ростам амплітуды змен параметраў. Прынцыпы ўзбуджэння П.в. выкарыстоўваюцца ў параметрычных крыніцах святла (параметрычны лазер), параметрычных генератарах і ўзмацняльніках эл.-магн. ваганняў і інш.

П.​А.​Пупкевіч.

т. 12, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАПАЛО́СНАЯ МАДУЛЯ́ЦЫЯ,

працэс атрымання мадуляваных ваганняў, частотны спектр якіх мае адну бакавую паласу частот (нясучая частата і другая бакавая паласа значна прыглушаны). У параўнанні з амплітуднай мадуляцыяй пры аднапалоснай мадуляцыі перадавальны спектр частот скарачаецца ў 2 разы, што дазваляе падвоіць колькасць каналаў сувязі. Агульны выйгрыш па магутнасці перадатчыка ў 8—16 разоў. Выкарыстоўваецца ў тэлебачанні, прафес. і аматарскай радыёсувязі, правадной сувязі.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВЫ ГАДЗІ́ННІК, атамны гадзіннік, малекулярны гадзіннік,

прылада для дакладнага вымярэння часу, якая мае кварцавы генератар, што кіруецца квантавым стандартам частаты. Ход К.г. рэгулюе частата выпрамянення атамаў або малекул пры іх квантавых пераходах з аднаго энергет. стану ў другі.

Гэтая частата настолькі стабільная (хібнасць 10​−11—10​−13), што дазваляе вымяраць час больш дакладна, чым з выкарыстаннем астр. метадаў (недакладнасць ходу каля 1 с за 100 гадоў). К.г. мае спец. электронныя прыстасаванні, якія фарміруюць сетку частот, забяспечваюць вярчэнне стрэлак або змену лічбаў на цыферблаце, выдачу сігналаў дакладнага часу. Выкарыстоўваюцца ў радыёнавігацыі для вымярэння адлегласцей ад лятальнага апарата да наземнай станцыі (параўнаннем фазы сігналу, прынятага з Зямлі, з фазай апорнага сігналу бартавога абсталявання), у службах дакладнага часу, неабходнага для геал., геафіз. і інш. работ, а таксама ў якасці эталона частаты пры фіз. даследаваннях. На аснове К.г. ў 1960-я г. створана сістэма адліку часу, незалежная ад астр. назіранняў (наз. атамным часам). Гл. таксама Секунда.

Структурная схема квантавага гадзінніка: КСЧ — квантавы стандарт частаты; 3 — змешвальнік; П — памнажальнік; КГ — кварцавы генератар; СЧ — сінтэзатар частот, У — узмацняльнік; ФД — фазавы дэтэктар; КБ — кіравальны блок.

т. 8, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)