МАГІЛЁЎСКАГА ГУБЕ́РНСКАГА ПРАЎЛЕ́ННЯ БУДЫ́НАК Існаваў у Магілёве ў 18—1-й пал. 20 ст. Пабудаваны ў 1778 у стылі класіцызму. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з прыбудовамі з боку дваровага фасада быў злучаны з асн. аб’ёмам мураванай сцяной. На гал. фасадзе вылучаліся 3 неглыбокія рызаліты: цэнтральны, завершаны прамавугольным атыкам, і бакавыя з трохвугольнымі франтонамі. Будынак завяршаўся простым карнізам з сухарыкамі на рызалітах. На 1-м паверсе знаходзілася кватэрная камісія, выліч. экспедыцыя, паліцыя, скарб, грамадз. апека, пав. суд, на 2-м — дзярж. палата, губ. ўправа, 1-ы і 2-і дэпартаменты. Разбураны ў 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю ў г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Закладзена ў 1908 з цэглы на бутавым цокалі, неатынкавана. Уяўляе сабой квадратны ў плане асн. аб’ём, да якога далучаны 3-гранная апсіда з рызніцамі і 2-ярусная вежа-званіца (1-ы ярус — чацвярык, 2-і — 8-гранны, завершаны шатром з галоўкай). Асн. аб’ём вылучаны 8-гранным светлавым барабанам з цыбулепадобным купалам. Над апсідай — невял. галоўка. Гал. ўваход аформлены кілепадобным франтонам на паўкалонках, 2 бакавыя ўваходы з масіўнымі слупамі і кілепадобным казырком. У інтэр’еры драўляны іканастас, дэкарыраваны паўкалонкамі, накладной разьбой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́САЎ (АТБ) у Варшаве. Існавала ў 1936—39 (да афіц. рэгістрацыі ў 1937 дзейнічала пад назвай «Арганізацыйны камітэт беларускага т-ва ў Варшаве»). Т-ва мела на мэце правядзенне культ.-асв. і выдавецкай дзейнасці, арганізацыю б-к, клубаў, аказанне матэрыяльнай дапамогі і маральнай падтрымкі беларусам, якія жылі ў Варшаве. У яго ўваходзілі прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі, работнікі, студэнты варшаўскіх ВНУ (каля 1 тыс.чал.). Сярод актывістаў А.Бычкоўскі, С.Казура, Б.Руткоўскі, А.Шыдлоўскі, М.Забэйда-Суміцкі, Л.Панько, В.Чарняўская і інш. Пры АТБ працавалі курсы бел. мовы, гурткі маст. самадзейнасці. Дзейнасць спынена ў першыя дні нападу фаш. Германіі на Польшчу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́БАЎСКІ КАСЦЁЛ ІААНА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Мсцібава Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1910—19 з чырв. цэглы. Храм 2-вежавы, базілікальнага тыпу з трансептам, 3-граннай апсідай і 2 сакрысціямі. Гал. (зах.) фасад 3-часткавы: цэнтр. частка завершана трохвугольным шчытом, бакавыя ў выглядзе 2-ярусных вежаў, завершаных галоўкамі. У кожнай частцы ўваходны стральчаты праём. Бакавыя фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі на 2 ярусы. Вуглы вежаў, трансепта і апсіды фланкіраваны ступеньчатымі контрфорсамі. У інтэр’еры драўляны 2-ярусны разны іканастас св. Яна (19 ст.), ярусы дэкарыраваны карынфскімі калонкамі і ажурнай разьбой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ СЛУ́ЦКАЯ БРА́МА,
помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудавана ў 1690 на месцы брамы 16 ст., перабудавана ці адноўлена ў 1700 (паводле інш. звестак у 1760) на дарозе-дамбе ўздоўж возера, якая вяла ў горад з боку Слуцкага тракту. Мураваны 2-ярусны прамавугольны ў плане аб’ём з вял. арачным праездам унутры (даўж. 10,3 м), сцены ўмацаваны контрфорсамі, накрыты 2-схільным чарапічным дахам. Падоўжаныя фасады завершаны пластычнымі франтонамі з крывалінейным абрысам. На 1-м ярусе знаходзіліся памяшканні для варты, на 2-м — капліца, раскрытая праз вял. праём з балконам у бок горада. У 1970-я г. брама рэстаўрыравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯХНО́ВІЧЫ,
шляхецкі род герба «Ляліва», прадстаўнікі якога ў 15—16 ст. займалі дзярж.-адм. пасады ў ВКЛ. У 16 ст. ад іх адгалінаваліся роды Іржыкавічаў, Кухмістравічаў, Дарагастайскіх. Найб. вядомыя Аляхновічы:
Алехна, сын Рымавіда, заснавальнік роду Аляхновічаў. Намеснік гарадзенскі (1456), маршалак надворны ВКЛ пры Казіміру IV. Яго брат Юрый — заснавальнік роду Забярэзінскіх. Пётр (? — 1516), сын Алехны, кухмістр ВКЛ (1492), пасол на соймы, намеснік уцянскі (1514—16). Андрэй, сын Алехны, пасол ВКЛ у Маскву (1493). Намеснік ожскі і пшэломскі (1494). Мікалай (? — каля 1548), сын Пятра, мечнік ВКЛ (1547).
Магчыма, да гэтага роду належаў Міхал (1746—82), родам са Жмудзі, педагог-піяр, праф. права ў Гал. школе ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА ЖАНО́ЧАГА ЕПАРХІЯ́ЛЬНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 1889—92 (арх. П.Камбураў, М.Маркаў). Мураваны 3-павярховы П-падобны ў плане будынак на высокім цокалі. Да яго цэнтр. часткі далучаны больш кароткія бакавыя карпусы, якія ўтвараюць унутр. дворык. У цэнтры па восі гал. ўвахода размяшчалася царква (не захавалася), злучаная з будынкам крытым пераходам. Цэнтр гал. фасада вылучаны неглыбокім рызалітам, завершаным атыкам з трохвугольным шчытом, 1-ы паверх аддзелены гарыз. цягамі, аздоблены рустам, сцены завершаны карнізным поясам з сухарыкамі. Аконныя праёмы 1-га і 2-га паверхаў прамавугольныя з плоскімі ліштвамі і замковымі камянямі, 3-га паверха — арачныя, упрыгожаныя сандрыкамі.
Т.І.Чарняўская.
Магілёўскага губернскага праўлення будынак. Чарцёж галоўнага фасада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ «ДОМ НА РЫ́НКУ»,
помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1721 на б. Рыначнай пл. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з паўпадвалам мяшанай канструкцыі: ніжні паверх мураваны, верхні — драўляны. Да плошчы дом павернуты тарцовым мураваным фасадам з фігурным шчытом, які закрывае больш вузкі паверх з 2-схільным дахам. Аконныя праёмы на гал. фасадзе размешчаны сіметрычна цэнтр. восі, падкрэсленай уваходам і балконам на 2-м паверсе. Фігурны шчыт гал. фасада вылучаны прафіляваным карнізам. Невял. праём у нішы ў завяршэнні шчыта апрацаваны дэкар. ліштвамі. Уваход на 2-і паверх з боку дваровага фасада. У 1990-я г. рэканструяваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ЖЫЛЫ́ ДОМ, дом Пятра I,
помнік архітэктуры з элементамі стылю барока ў г. Полацк Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1692 у цэнтры горада як жылы (на мяжы 18—19 ст. перабудаваны). Мураваны 1-павярховы (з паўпадвальным паверхам) будынак мае ў плане форму няправільнага прамавугольніка. Плоскасці сцен прарэзаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі з ліштвамі і фігурнымі сандрыкамі, цэнтр.ч.гал. фасада — 2 прафіляванымі філёнгамі. Тарцовы фасад завершаны фігурным атыкам з ляпнымі разеткамі (перароблены ў 19 ст.). Парадныя ўваходныя дзверы дэкарыраваны расл. арнаментам і маскаронамі (разьба па дрэве). У доме ў 1705 жыў Пётр I. Перад будынкам пастаўлены помнік Л.Талстому. П.ж.д. уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЙ ГАРАДСКО́Й УПРА́ВЫ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 2-й пал. 19 ст. ў гіст. цэнтры горада, спалучае рысы стыляў позняга класіцызму і псеўдарускага. Мураваны будынак складаецца са злучаных 2 прамавугольных у плане аб’ёмаў: 3- і 2-павярховага. Гал. тарцовы фасад карнізнымі паясамі (цягамі) падзелены на 3 ярусы: 1-ы ярус масіўны, з 4 руставанымі пілонамі, мае невял. спараныя арачныя аконныя праёмы абапал параднага ўвахода; 2-і ярус вылучае група парадных памяшканняў, вырашаны ён больш багата: паміж падвойнымі пілонамі высокія арачныя спараныя вокны-біфорыумы, аздобленыя архівольтамі, калонамі, сандрыкамі; 3-і ярус рытмічна расчлянёны невял. прамавугольнымі аконнымі праёмамі, згрупаванымі па 3. Сцены завершаны высокім складаным па форме прафіляваным карнізам.