ДЭРМАТАЛОГІЯ
Даследаванні па дэрматалогіі на Беларусі пачаліся ў 19 ст. Бел. ўрачамі апісана крапіўніца (Л.Багушэвіч), герпес (А.Ланіеўскі), фізіялагічныя асаблівасці скуры (Я.І.Рэмізаў), класіфікаваны хваробы скуры (І.Каржанеўскі) і інш. Станаўленне і развіццё дэрматалогіі як навукі звязаны з заснаваннем у 1923 кафедры дэрматавенералогіі на мед. факультэце БДУ і стварэннем скурна-венералагічнага НДІ (1932—88). Арганізацыя і станаўленне дэрматалагічнай службы адбывалася пад кіраўніцтвам В.Ю.Мранговіуса, А.П.Комава, А.Я.Пракапчука і інш. Заснавальнік бел. школы дэрматавенеролагаў — А.Я.Пракапчук. Паспяхова развіваўся навук. кірунак па вывучэнні патамарфалогіі дэрматозаў, гістахімічных парушэнняў у скуры пры псарыязе (Н.А.Жураўская, Я.С.Пеўзнер, Пракапчук). У наш час даследаванні па дэрматалогіі вядуцца ва ўсіх мед. ВНУ краіны, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па дэрматалогіі і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Даследавана электронна-мікраскапічная структура нармальнай і паталагічна змененай скуры (Пракапчук, А.Ц.Сасноўскі, Л.Р.Фёдарава), узбуджальнікаў скурных хвароб (Пракапчук, П.Ф.Смольскі). Вывучаны мікрафлора скуры чалавека (Н.І.Чарнаморцава), фізіка-хім. ўласцівасці скуры пры псарыязе і мікозах ступняў (Комаў, Панкратаў), утрыманне макра- і мікраэлементаў і ферментаў у структуры скуры ў антагенезе (М.З.Ягоўдзік і інш.). Ацэнены стан імуннага статуса пры псарыязе, пузырчатцы, піядэрміях і інш. (У.П.Адаскевіч, У.М.Козін, Комаў, Э.І.Федаровіч), вызначана роля метабалічных працэсаў у патагенезе туберкулёзу скуры, псарыязу, экзэмы, атапічнага нейрадэрміту (Л.І.Гакінаева, Козін, Пеўзнер, Пракапчук, Ягоўдзік і інш.). Метад лячэння чырвонай ваўчанкі акрыхінам, створаны Пракапчуком, атрымаў сусветнае прызнанне. Даказаны негатыўны ўплыў хранічнага танзіліту на цячэнне псарыязу, экзэмы і інш. дэрматозаў (П.М.Лявоненка, Л.П.Цімафеева і інш.), прамянёвага ўздзеяння і стэроідных гармонаў на цячэнне кандыдозаў (А.Д.Паповіч, Ф.А.Хоміч). Вывучаны клініка і механізмы развіцця туберкулёзу скуры (Ф.І.Іванкова, Пеўзнер), экзэмы і атыпічнага дэрматыту (Адаскевіч, Лявоненка, Цімафеева і інш.), себарэі і лімфом скуры (Ю.Ф.Каралёў), пузырчаткі (Яўгодзік і інш.), прафес. пашкоджанняў скуры (І.І.Багдановіч, Л.Г.Барабанаў, Мранговіус, С.У.Федаровіч і інш.). Распрацаваны метады лячэння дэрматозаў ультрагукам (Л.І.Багдановіч), нейрадэрматозаў іголкарэфлексатэрапіяй (Адаскевіч), дэрматозаў лекавымі травамі (У.Ф.Корсун) і інш. Поспехі айч. дэрматалогіі ў дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы грыбковых хвароб, піядэрмітаў значна знізілі ўзровень гэтых хвароб у параўнанні з 1960-мі гадамі.
Літ.:
Сосновский А.Т. Лучевые дерматиты. Мн., 1974;
Чиркин А.А., Богданович Л.И., Улащик В.С. Ультразвук и реактивность организма. Мн., 1977;
Профессиональные болезни кожи. Мн., 1997;
Козин В.М. Дерматология: Учеб. пособие. Мн., 1999;
Сосновский А.Т., Яговдик Н.З., Белугина И.Н. Дерматологический справочник. Мн., 2001;
Адаскевич В.П. Акне вульгарные и розовые. М., 2003.
М.З.Ягоўдзік.
т. 18, кн. 2, с. 574