АГУ́ЛЬНАЯ МЕ́РА дзвюх або некалькіх аднародных велічыняў, велічыня таго ж роду, якая ўтрымлівае цэлы лік разоў ва ўсіх зададзеных велічынях. Дзве велічыні, што не маюць агульнай меры, наз. несувымернымі (гл. Сувымерныя і несувымерныя велічыні).

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУПЕ́ННАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя віду y = x​a, дзе a — пастаянны лік. Калі a — цэлы лік, то y = x​a — асобны выпадак рацыянальнай функцыі. Асобныя выпадкі С.ф.: лінейная функцыя y = x ; квадратычная функцыя (гл. Парабала) y = x​2; кубічная функцыя (гл. Кубічная парабала) y = x​3; цэлая рацыянальная функцыя y = x​n, дзе n — натуральны лік. Пры камплексных значэннях x і a С.ф. y = x​a неадназначная пры няцэлых a.

Графікі ступенных функцый: 1 — лінейнай функцыі y = x; 2 — гіпербалы yx = 1; 3 — парабалы y = x​2.

т. 15, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЖЫ ў матэматыцы,

плоскія крывыя, ураўненні якіх у палярных каардынатах маюць выгляд: r−asinkφ, дзе a і k — пастаянныя. Размяшчаюцца ўнутры круга радыуса a. Калі k=m/n — рацыянальны лік, то Р. — алг. крывыя цотнага парадку; калі k — цэлы лік, Р. мае k пялёсткаў пры k няцотным і 2k пялёсткаў пры k цотным. Пры ірацыянальным k пялёсткаў бясконца многа.

Ружы r = asinkφ: 1 — k = 2; 2 — k = ​5/3; 3 — k = ​1/2.

т. 13, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́ЕСНАСЦЬ у матэматыцы,

роўнасць двух аналітычных выразаў, справядлівая пры любых дапушчальных значэннях пераменных.

Прыклады Т.: 1) (a + b)​2 = a​2 + 2ab + b​2 пры ўсіх лікавых значэннях a і b; 2) logxy = logx + logy пры ўсіх дадатных значэннях x і y, 3) 1 + tg​2x = 1/cos​2x пры x ≠ π 2 ( 2k + 1 ) , дзе k — любы цэлы лік. Для абазначэння Т. выкарыстоўваецца знак ≡, уведзены Г.Ф.Б.Рыманам (1857).

т. 15, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́БАВАЯ І ЦЭ́ЛАЯ ЧА́СТКІ ЛІ́КУ,

складаемыя, на якія адзіна магчымым спосабам раскладаецца любы рэчаісны лік. Цэлай часткай [x] ліку х наз. найб. цэлы лік, які не перавышае x, напр., [5, 6] = 5, [−3, 2] = −4; з яе дапамогай атрымліваюць, напр., раскладанне на простыя множнікі ліку n! = 1∙2∙3...∙n. Функцыя y = [x] — кавалкава неперарыўная (ступеньчатая) функцыя са скачкамі ў цэлых пунктах. Дробавая частка ліку x — рознасць x − [x]; заўсёды 0 ≤ {x} < 1; функцыя y = {x} — перыядычная функцыя з перыядам, роўным 1. З дробавай часткай звязана паняцце адлегласці да бліжэйшага цэлага ліку x [абазначаецца (x)]: (x) = min x − k , дзе k = 0, ±1, ±2... Гэтыя паняцці выкарыстоўваюцца ў тэорыі лікаў і інш. раздзелах матэматыкі.

В.​І.​Бернік.

т. 6, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРА́Д ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,

крыніца электрамагнітнага поля, звязаная з матэрыяльным носьбітам; унутраная характарыстыка элементарнай часціцы, якая вызначае яе электрамагнітнае ўзаемадзеянне. З.э. любога зараджанага цела — цэлы лік, кратны зараду элементарнаму. Поўны З.э. замкнутай сістэмы захоўваецца пры любых узаемадзеяннях (гл. Зараду захавання закон). Адрозніваюць З.э.: дадатны (напр., зарад наэлектрызаванага шкла) і адмоўны (зарад наэлектрызаванага бурштыну). Сіла ўзаемадзеяння паміж зараджанымі целамі (часціцамі), якія знаходзяцца ў спакоі, падпарадкоўваецца Кулона закону. Узаемасувязь паміж З.э. і эл.-магн. полем вызначаецца Максвела ўраўненнямі.

А.​У.​Астапенка.

т. 6, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМЕ́РНАСЦЬ у геаметрыі,

колькасць каардынат, неабходных для вызначэння адвольнага пункта геам. фігуры. Напр., месцазнаходжанне пункта на лініі вызначаецца адной каардынатай (Р. лініі роўная 1), на паверхні — дзвюма (Р. паверхні роўная 2), у 3-мернай прасторы — трыма. Р. канечнамернай вектарнай прасторы роўная ліку вектараў яе базісу. У тапалогіі паняцце геам. Р. абагульняецца на адвольныя прасторы (мноствы): пустое мноства мае Р., роўную -1; Р. прасторы X — найменшы цэлы дадатны лік n, такі, што кожны пункт з X мае адвольна малое наваколле з Р. межаў, меншай за n. Гл. таксама Мнагамерная прастора.

т. 13, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІМЕ́ДА АКСІЁМА,

зводзіцца да таго, што пры паўтарэнні дастатковай колькасці разоў меншага з двух зададзеных адрэзкаў можна атрымаць адрэзак, большы за большы з іх (сфармулявана Архімедам). Адносіцца таксама да плошчаў, аб’ёмаў, лікаў і інш. У агульным выпадку, калі A і B — два значэнні адной і той жа велічыні і A < B, можна заўсёды знайсці такі цэлы лік m, што Am > B; на гэтым заснаваны працэс паслядоўнага дзялення ў арыфметыцы і геаметрыі. У 19 ст. выявілася існаванне т.зв. неархімедавых велічынь, у дачыненні да якіх Архімедава аксіёма не выконваецца (напр., вектары, для якіх паняцце няроўнасці страчвае сэнс).

т. 1, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ТНЫЯ АДЗІ́НКІ,

адзінкі, якія ў цэлы лік разоў большыя за ўстаноўленыя адзінкі фізічных велічынь. У Міжнар. сістэме адзінак (СІ) уведзены прыстаўкі для ўтварэння найменняў К.а. (гл. табл.).

Кратныя адзінкі

Напр., 10​3 = 1 км (кіламетр), 10​6 Гц = 1 МГц (мегагерц), 10​9эВ = 1 ГэВ (гігаэлектронвольт). Гл. таксама Дольныя адзінкі.

Кратныя адзінкі
Кратнасць Прыстаўка Абазначэнне
бел. міжнар.
10​1 дэка да da
10​2 гекта г h
10​3 кіла к k
10​6 мега М M
10​9 гіга Г G
10​12 тэра Т T
10​15 пета П P
10​18 экса Э E

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУВЫМЕ́РНЫЯ І НЕСУВЫМЕ́РНЫЯ ВЕЛІЧЫ́НІ,

аднародныя велічыні, што маюць або адпаведна не маюць агульнай меры (велічыні такой жа прыроды), лікавае значэнне якой змяшчаецца цэлы лік разоў у кожнай з іх. Суадносіны сувымерных (несувымерных) велічынь выражаюцца рацыянальным (ірацыянальным) лікам. 2 адрэзкі — старана і дыяганаль квадрата — не маюць агульнай меры, якой бы малой ні была адзінка вымярэння. Несувымерныя таксама плошчы круга і квадрата, пабудаванага на радыусе гэтага круга.

Несувымернасць пэўных адрэзкаў адкрылі стараж.-грэч. матэматыкі. Гэта выклікала крызіс асноў грэч. матэматыкі (яна грунтавалася на паняцці цэлых лікаў як меры ўсіх рэчаў), спрыяла далейшаму развіццю матэматыкі і прывяло да адкрыцця ірацыянальных лікаў.

т. 15, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)