сплавы жалеза з вугляродам на аснове жалеза. Найб. пашыраныя тэхн. Ж.с. сталь (мае да 2% вугляроду C па масе) і чыгун (2—4,6% C).
У Ж.с. вуглярод утварае цвёрдыя растворы ўкаранення на аснове паліморфных мадыфікацый жалеза (аўстэніт — раствор C у γ-Fe, мае да 2,03% C, метал. аснова Ж.с. пры т-ры вышэй за 727 °C; ферыт — раствор C у α-Fe, мае да 0,025% C, аснова сплаваў пры t<727 °C), цэментыт (карбід жалеза Fe3C) ці прысутнічае ў свабодным стане ў выглядзе графіту. Графіт маюць Ж.с., якія атрымліваюць пры павольным раўнаважным ахаладжэнні расплаву Fe—C (шэры ці коўкі чыгун). Метастабільны Fe3C утвараецца пры хуткім ахаладжэнні расплаву, мае высокую цвёрдасць, крохкі. Мех. ўласцівасці Ж.с., пераважна сталі, паляпшаюць пры тэрмічнай апрацоўцы сплаваў пасля зацвярдзення: пры водпуску аўстэніт паступова раскладаецца на цэментыт і ферыт (сталь набывае высокую пластычнасць), пры загартоўцы ператвараецца ў мартэнсіт (павышаюцца цвёрдасць і зносаўстойлівасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБРЫФО́РМ [ад лац. liber (libri) луб, лыка + форма],
выцягнутыя, завостраныя на канцах клеткі драўніны, што забяспечваюць яе трываласць і цвёрдасць; найб. спецыялізаваныя мех. элементы. Клеткі пазбаўлены жывога змесціва (пратапласту), іх адраўнелыя абалонкі патоўшчаныя, маюць невял. колькасць шчылінападобных пораў. У некат. парод (напр., клён, бузіна) пратапласт захоўваецца даўжэй, у ім назапашваюцца пажыўныя рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЕРО́ЦЫЙ (ад грэч. sklerotēs цвёрдасць),
шматклетачны вегетатыўны орган грыба, што знаходзіцца ў спакоі. Утвораны шчыльным спляценнем гіфаў, мае шарападобную ці няправільную форму, часта з цёмным верхам і белым асяродкам, памерам ад долей міліметра да 2 см і больш. Прызначаны для захоўвання грыба, утвараецца пры неспрыяльных умовах. У некат. грыбоў (напр., склератынія, батрыціс, спарыння) — адна са стадый жыццёвага цыкла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГНІ́Н (ад лац. lignum дрэва, драўніна),
арганічнае палімернае злучэнне, што знаходзіцца ў клетачных абалонках сасудзістых раслін. Разам з цэлюлозай выклікае іх адраўненне. Цвёрдасць і моцнасць абалонак дазваляюць дрэвам дасягаць выш. больш за 150 м (напр. эўкаліпты), а галінам вытрымліваць цяжар лісця, пладоў і інш. Драўніна лісцевых парод мае ў сабе 20—30% Л., хвойных — да 50%. Выкарыстоўваецца ў прам-сці як хім. сыравіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАКЛЁП,
змена структуры і ўласцівасцей металаў і сплаваў, выкліканая іх пластычным дэфармаваннем. Робіцца для паверхневага ўмацавання металаў (павялічвае часовае супраціўленне разрыву, мяжу цякучасці, цвёрдасць, стомленасную трываласць). Узнікае пры апрацоўцы вырабаў ціскам (пракатцы, валачэнні, коўцы, штампоўцы) і рэзаннем, пры абкатцы ролікамі, спец. апрацоўцы шротам і інш.Гл. таксама Накатка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАВА СПЛА́ВЫ,
сплавы на аснове волава. Уключаюць у рознай колькасці інш. элементы, найчасцей свінец, сурму, медзь, цынк, кадмій, вісмут. Маюць нізкую т-ру плаўлення, малую трываласць і цвёрдасць, здавальняючую каразійную ўстойлівасць, некаторыя — добрыя антыфрыкцыйныя ўласцівасці. Адрозніваюць легкаплаўкія сплавы (ад 20 да 90% волава па масе), падшыпнікавыя матэрыялы (85—90% волава, сурма і медзь; напр., бабіт), прыпоі (ад 20 да 90% волава, свінец і сурма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЭНСІ́Т (ад імя ням. металазнаўца А.Мартэнса),
мікраструктура ігольчастага выгляду ў загартаваных метал. сплавах і чыстых металах, якім уласцівы полімарфізм.
М. — асн. структурная складальная загартаванай сталі, гэта перанасычаны цвёрды раствор вугляроду ў α-жалезе такой канцэнтрацыі, як у зыходнага аўстэніту (гл.Жалезавугляродзістыя сплавы). З ператварэннем М. пры награванні і ахаладжэнні звязаны «эфект памяці» металаў і сплаваў. Мартэнсітнай структуры адпавядае найб. высокая цвёрдасць сталі. На М. загартоўваюцца стальныя рэзальныя інструменты і інш. вырабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАЦЭМЕНТА́ЦЫЯ,
насычэнне (дыфузіяй) паверхні стальных або чыгунных вырабаў адначасова азотам і вугляродам з газавага асяроддзя. Павышае цвёрдасць, зносаўстойлівасць, вынослівасць, часам каразійную трываласць матэрыялаў.
Робіцца пераважна ў шахтавых ці муфельных (гл.Муфель) печах. у асяроддзі прыроднага газу і аміяку. Бывае нізкатэмпературная (адбываецца пры т-ры 500—700 °C) і высокатэмпературная (пры 840—930 °C). Дыфузійны слой, утвораны пры Н., мае таўшчыню 0,25—1,5 мм, па будове і ўласцівасцях ён падобны на слой, атрыманы пры цыянаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІ́ЧНЫЯ ЎЛАСЦІ́ВАСЦІ ГЛЕ́БЫ,
уласцівасці глебы, якія вызначаюць характар яе фіз. стану, узаемадзеяння са знешнімі фіз. фактарамі (паступленне вады, цяпла, мех. ўздзеянне і інш.) і характар трансфармацыі гэтых уздзеянняў у глебе. Падзяляюцца на асн.фіз. (аб’ёмная і ўдзельная вага, шчыльнасць, порыстасць, мех. састаў, структура глебы і інш.), фізіка-мех. (пластычнасць, вязкасць, цвёрдасць, удзельнае супраціўленне і інш.), водныя (вільгацяёмістасць, водапранікальнасць, гіграскапічнасць і інш.), цеплавыя (цеплаёмістасць, цеплаправоднасць і інш.), паветраныя, эл., радыеактыўныя. Ф.ў.г. вывучае фізіка глеб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАЗІ́ЎНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, абразівы,
прыродныя ці штучныя матэрыялы павышанай цвёрдасці, якія выкарыстоўваюцца для абразіўнай апрацоўкі і вырабу абразіўных інструментаў. Да прыродных абразіўных матэрыялаў адносяцца алмаз, граніт, кварц, карунд, крэмень, наждак; да штучных — электракарунд, карбід крэмнію, карбід бору, кубічны нітрыд бору (эльбор, кубаніт), штучны алмаз (мае значна большую цвёрдасць, стабільнасць уласцівасцяў, інш. высокія тэхнал. якасці). Мікрацвёрдасць абразіўных матэрыялаў ад 18—26 ГПа (электракарунд) да 100 ГПа (сінт. алмаз), іх трываласць на сцісканне адпаведна ад 760 да 2000 МПа.