ЛЯЎКО́Ў (Максім Архіпавіч) (12.5.1894, в. Кавалі Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. — 29.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1918 ваенны камісар Рудабельскай вол. Бабруйскага пав., кіраўнік партыз. руху ў павеце. З канца 1920 ваенком Бабруйскага пав., старшыня Замошскага валвыканкома. З 1929 у ЦКК КП(б), з 1931 нарком юстыцыі і пракурор БССР, старшыня Цэнтр. камісіі па справах б. чырвонагвардзейцаў і чырв. партызан, з 1933 сакратар ЦВК БССР. З 1927 канд. у чл. ЦК, у 1932—37 чл. ЦК КП(б)Б. Чл. ЦВК БССР у 1920—22, 1929—37, чл. Прэзідыума ЦВК БССР у 1931—37. 13.7.1937 арыштаваны органамі НКУС па абвінавачанні ў контррэв. дзейнасці і Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР засуджаны да расстрэлу. У 1957 рэабілітаваны.

т. 9, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЛОТ»

(«Młot», «Молат»),

масава-палітычная газета, орган ЦК КП(б) Беларусі. Выдавалася з 18.12.1918 да 7.3.1926 на польск. мове, напачатку ў Мінску, з № 41 1919 у Вільні, з № 84 1919 у Мінску, а № 150 1919—20 у Смаленску; з 25.2.1920 да 20.2.1921 не выходзіла. Спачатку «М.» — орган ЦВК груп Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), з 30.12.1918 — орган ЦВК груп Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП) у Расіі, з 23.2.1919 — орган ЦВК КПРП і ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, з 9.3.1921 — орган Польск. бюро пры Цэнтр. бюро КП(б) Беларусі, з лют. 1924 — орган Польск. бюро пры Часовым Бел. бюро ЦК РКП(б), з 3.4.1924 да 17.5.1924 — орган Часовага Бел. бюро ЦК РКП(б), Асвятляла пытанні грамадска-паліт. жыцця Беларусі.

т. 10, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВШ, гл. Аб’яднаная беларуская ваенная школа імя ЦВК БССР

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫН (сапр. Каляда) Павел Восіпавіч

(15.1.1900, г. Бяроза Брэсцкай вобл. — 25.4.1938),

гісторык, дзярж. дзеяч БССР. Акад. АН БССР (1931), д-р гіст. н. (1934). Скончыў Камуніст. ун-т імя Свярдлова (1921), Ін-т чырв. прафесуры (1925). Удзельнік грамадз. вайны. З 1925 вучоны сакратар Т-ва гісторыкаў-марксістаў, правадз. член і нам. дырэктара Ін-та гісторыі Камуніст. акадэміі, нам. рэдактара час. «Пролетарская революция», чл. рэдкалегіі час. «Историк-марксист», старшыня Т-ва палітэмігрантаў Зах. Беларусі. З 1931 прэзідэнт АН БССР, дырэктар Ін-та гісторыі АН БССР. З 1936 нам. старшыні К-та па загадванні вучонымі і навуч. ўстановамі ЦВК СССР, заг. кафедры Маскоўскага ун-та, рэдактар аддзела гісторыі Вял. Сав. Энцыклапедыі. Чл. ЦК КП(б)Б і канд. у чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1932—36. Чл. ЦВК СССР (1935). Чл. ЦВК і Прэзідыума ЦВК БССР у 1931—36. Аўтар прац па гісторыі Саветаў і Кастр. рэвалюцыі, рэдактар твораў У.​І.​Леніна на бел. мове. Як вучань М.М.Пакроўскага, адстойваў погляды яго школы. На працы Горына ўплывалі распаўсюджаныя ў 1920-я г. ідэі вульгарнага сацыялагізму і спрашчэнні. Арыштаваны ў жн. 1937, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1955.

М.​У.​Токараў.

П.В.Горын.

т. 5, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКЛЕ́ВІЧ (Рамуальд Адамавіч) (7.12. 1890, г. Супрасль, Польшча — 9.2. 1938),

савецкі ваен. і дзярж. дзеяч. Флагман 1-га рангу. З 1912 на флоце. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Петраградзе. З 1918 у Чырв. Арміі. З 1919 камісар Зах. граніцы, нач. штаба Свянцянскай групы войск, мінскі губ. ваен. камісар (ліп.жн. 1919), камісар штаба 16-й арміі. З чэрв. 1920 чл. Магілёўскага ВРК. У 1921—22 чл. РВС Заходняга фронту 1919—24. У 1926—31 нач. (з 1931 інспектар) ВМС РСЧА. З 1934 нач. Гал. ўпраўлення суднабуд. прам-сці і адначасова (з 1936) нам. наркома абароннай прам-сці. Чл. ЦВК БССР і ЦВК Літ.-Бел. ССР (1919), ВЦВК (1921—22), ЦВК СССР (1925—31), чл. РВС (1926—34). У маі 1937 беспадстаўна арыштаваны і расстраляны. У 1956 рэабілітаваны.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 11, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́ЗЕЛЬ (Вацлаў Пятровіч) (24.9.1884, Скернявіцкае ваяв., Польшча — 21.8.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Вёў рэв. работу ў Польшчы, на Каўказе і Украіне, чл. СДКПіЛ, РСДРП. Двойчы зняволены ў турму, сасланы. З 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны: камісар брыгады, дывізіі на Зах. і Паўд. франтах. З 1921 старшыня Мінскага, Бабруйскага пав. выканкомаў. У 1924—26 нарком РСІ БССР, старшыня Бюджэтнай камісіі ЦВК БССР і старшыня (да 1925) ЦКК КП(б)Б. З 1926 на парт. рабоце ў РСФСР. Канд. у чл. Польбюро пры ЦБ КП(б)Б у 1922. Канд. у чл. ў 1921—22 і чл. у 1923—24 ЦБ КП(б)Б. Чл. ЦКК ВКП(б) у 1924—34, чл. ЦКК КП(б)Б у 1924—26. Чл. ЦВК СССР у 1922—27 і ЦВК БССР у 1921—26 і чл. яго Прэзідыума ў 1924—26. У 1937 незаконна рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 5, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРО́Й ПРА́ЦЫ,

ганаровае званне, якое прысвойвалася ў 1927—38 у СССР грамадзянам за асаблівыя заслугі ў вытв. сферы, навук. дзейнасці, дзярж. або грамадскай службе пры стажы работы ў якасці рабочага або служачага не менш за 35 гадоў. Устаноўлена ЦВК і СНК СССР 27.7.1927. Узнагароджаныя і члены іх сем’яў карысталіся льготамі ў галіне жыллёвых правоў, нар. адукацыі, пенсіённага забеспячэння і падаткаабкладання. На Беларусі званне Героя Працы прысвойваў Прэзідыум, пазней Сакратарыят ЦВК БССР па прадстаўленні Цэнтр. Саюза прафсаюзаў Беларусі (ЦСПСБ). З увядзеннем у 1938 звання Герой Сацыялістычнай Працы прысваенне звання Героя Працы спынена.

т. 5, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМПА́РТЫІ ПРАЦЭ́С,

судовы працэс у Маскве 25.11—7.12.1930. Паводле сфальсіфікаваных матэрыялаў група інж.-тэхн. інтэлігенцыі з 8 чал. (сярод іх вучоны-цеплатэхнік Л.​К.​Рамзін) абвінавачвалася ў стварэнні антысав. падпольнай арг-цыі (т.зв. Прампартыі) і ажыццяўленні ў 1925—30 шкодніцтва ў прам-сці і на транспарце. 5 чал., у т. л. Рамзін, прыгавораны да расстрэлу (заменены Прэзідыумам ЦВК на 10 гадоў пазбаўлення волі), 3 — на 10 гадоў пазбаўлення волі. У лют. 1936 ЦВК СССР памілаваў некат. асуджаных. У канцы 1980-х г. усе падсудныя рэабілітаваны.

т. 13, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАДЗЕ́Д (Мікалай Мацвеевіч) (21.5.1894, с. Стары Крывец Навазыбкаўскага р-на Бранскай вобл., Расія — 21.6.1937),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. Скончыў рабфак Горацкага с.-г. ін-та. У 1-ю сусв. вайну ў арміі. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны. У 1918 уступіў у Камуніст. партыю. У 1921—24 старшыня выканкома Горацкага Савета, старшыня тройкі па барацьбе з бандытызмам. У лют. — маі 1924 чл. Часовага Бел. бюро ЦК РКП(б), з снеж. 1925 2-і сакратар ЦК КП(б)Б, з мая 1927 да мая 1937 старшыня СНК БССР. Канд. у чл. ЦК ВКП(б) з 1930. Чл. ЦК КП(б)Б з 1924 і Бюро ЦК КП(б)Б з 1925. Чл. ЦВК СССР і ЦВК БССР з 1924, чл. Прэзідыума ЦВК БССР з 1927. 14.6.1937 арыштаваны органамі НКУС у Маскве і накіраваны ў Мінск, дзе выкінуўся з акна будынка НКУС. Рэабілітаваны ў 1956.

М.​Ф.​Шумейка.

М.М.Галадзед.

т. 4, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́ТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ.

Адбыўся 9—15.1.1924 у Мінску. Прысутнічала 236 дэлегатаў з рашаючым і 90 з дарадчым голасам. Парадак дня: аб міжнар. і ўнутр. становішчы СССР (В.​А.​Багуцкі), зацвярджэнні Канстытуцыі СССР (А.​Х.​Гетнер), раянаванні Беларусі і рэарганізацыі сав. апарату; справаздачы ўрада БССР (А.​Р.​Чарвякоў), аб выкананні дзярж. і мясц. бюджэту за 1923 і зацвярджэнне на 1924 (С.​Я.​Талунціс); даклады Наркамата земляробства БССР аб плане землеўпарадкавальных работ на 1924 і аб с.-г. крэдыце (А.​С.​Славінскі, Н Л.​Аксючыц), Наркамасветы БССР (У.​М.​Ігнатоўскі, А.​В.​Баліцкі); выбары чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВК СССР і дэлегатаў на II Усесаюзны і VI Надзвычайны Ўсебел. з’езды Саветаў; бягучыя справы. З’езд ухваліў дзейнасць СНК БССР, зацвердзіў пастановы ЦВК і СНК БССР аб уступленні Бел. ССР у Саюз ССР, ухваліў праект Канстытуцыі СССР і даручыў ЦВК прывесці ў адпаведнасць Канстытуцыю БССР з Канстытуцыяй СССР. Вітаў рашэнне працоўных Гомельскай, Віцебскай і Смаленскай губ. уключыць у склад БССР раёны гэтых губерняў з большасцю бел. насельніцтва. Зацвердзіў бюджэт рэспублікі на 1923—24, разгледзеў пытанні развіцця сельскай гаспадаркі, ветэрынарыі, землеўпарадкавання, меліярацыі, лясной гаспадаркі. Прыняў рашэнне аб плане ўвядзення ўсеаг. навучання (на працягу 10 гадоў) і ліквідацыі непісьменнасці насельніцтва Беларусі. Паслаў прывітанні ЦК РКП(б) і У.​І.​Леніну. З’езд прадоўжыў паўнамоцтвы ЦВК, выбранага на Чацвёртым Усебеларускім з’ездзе Саветаў, да склікання VI Надзвычайнага Усебел. з’езда Саветаў, выбраў 4 чал. ў Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР (адно месца пакінуў Віцебскай губ.), 19 дэлегатаў з рашаючым і 6 з дарадчым голасам на II Усесаюзны і 115 з рашаючым і 115 з дарадчым голасам на VI Надзвычайны Усебел. з’езды Саветаў.

Літ.:

Съезды Советов Союза ССР, союзных и автономных советских социалистических республик: Сб. док. Т. 5. М., 1964.

С.​П.​Самуэль.

т. 13, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)