БАТЫ́Й,

Бату, Сан-хан Саін-хан (1208—1255), мангольскі хан, военачальнік. Сын Джучы, унук Чынгісхана. Кіраваў улусам Джучы з 1227. У 1236 захапіў Дэшт-і-Кіпчак. У 1237—43 узначаліў паход ва Усх. Еўропу: у 1237—40 заваяваў Паўн.-Усх. і Паўн.-Зах. Русь, у 1241—42 уварваўся ў Польскую Галіцыю, Венгрыю і Далмацыю. Аслаблены барацьбой з рус. княствамі вясной 1242 быў вымушаны адступіць на ўсход. У 1243 у нізоўях Волгі заснаваў феад. дзяржаву Залатая Арда са сталіцай Сарай-Бату (каля Астрахані). Удзельнічаў у перавароце ў Манг. імперыі (1251), калі ўлада перайшла да Мункэ.

т. 2, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́-ЛЬ-ГАЗІ́ Бахадур-хан

(12.8.1603, г. Ургенч, Узбекістан — сак. 1664),

узбекскі пісьменнік, гісторык. Хівінскі хан. У творах («Радаслоўная туркменаў» і «Радаслоўнае дрэва цюркаў») ёсць каштоўныя звесткі пра жыццё і гісторыю розных плямёнаў Сярэдняй Азіі, шэраг нар. легендаў, паданняў, прымавак і прыказак.

Літ.:

Кононов А.Н. Родословная туркмен. Соч. Абу-л-Гази хана хивинского. М.; Л., 1958.

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЯНДЖЫ́НСКАЕ ХА́НСТВА,

феадальная дзяржава ў 18 — пач. 19 ст. ў Азербайджане, у даліне р. Кура. Цэнтр — г. Гянджа. Першы хан Гянджынскага ханства — Шахверні хан Зіяд аглы, які ў сярэдзіне 18 ст. змагаўся супраць іранскага Надзір-шаха. Тэр. Гянджынскага ханства ўвесь час імкнуліся захапіць Іран ці Турцыя. У ханстве ішла барацьба паміж прыхільнікамі іранскай і тур. знешнепаліт. арыентацыі і прыхільнікамі далучэння да Расіі. У 1795 заваявана Іранам. З 1804 у складзе Рас. імперыі.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ АРДА́,

татарская феад. дзяржава ў 1433—1502. Узнікла на Прычарнаморскіх землях у міжрэччы Дона і Дняпра ў працэсе распаду Залатой Арды. На чале Вялікай Арды з дапамогай вял. кн. літ. Свідрыгайлы стаў хан Сеід Ахмед, унук Тахтамыша. Асн. занятак насельніцтва — качавая жывёлагадоўля, якая спалучалася з земляробствам. Мела 100-тыс. армію і адыгрывала важную паліт. ролю ва ўсх. Еўропе ў сярэдзіне 15 ст. У 1455—56 пасля набегаў крымскага хана Хаджы-Гірэя цэнтр Вялікай Арды перамясціўся на Волгу. У 1465 ад яе аддзялілася Астрахань, дзе хан Махмуд [1459—65] заснаваў незалежнае ад Вялікай Арды Астраханскае ханства. У часы хана Ахмата [1465—81] Вялікая Арда памацнела, быў заключаны саюз з Польшчай (1472), наладжаны адносіны з Турцыяй (1476). У 1486—91 крымскі хан Менглі-Гірэй разграміў Вялікую Арду і ліквідаваў яе самастойнасць.

т. 4, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ ВУ́ЗЕЛ,

месца перасячэння двух або некалькіх горных хрыбтоў. Звычайна высокі і цяжкадаступны, часта з’яўляецца цэнтрам зледзянення (напр., горны вузел у Цэнтр. Цянь-Шані з вяршынямі пік Перамогі і Хан-Тэнгры).

т. 5, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКІ́НСКАЕ ХА́НСТВА,

феад. дзяржава ў Азербайджане з цэнтрам у г. Баку ў сярэдзіне 18 ст. — 1806. Насельніцтва займалася земляробствам, здабычай солі, нафты, транзітным гандлем. У канцы 18 ст. пад пагрозай іран. нашэсця правіцель Бакінскага ханства Гусейн Кулі-хан папрасіў прыняць яго ў падданства да Расіі. У 1806 Бакінскае ханства далучана да Рас. Імперыі.

т. 2, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРЭ́І,

Гіраі, дынастыя крымскіх ханаў з сярэдзіны 15 ст. да 1783. Вялі радаслоўную ад Чынгісхана. Першы крымскі хан Хаджы-Гірэй захапіў уладу ў 1443 пры падтрымцы вял. князя ВКЛ Казіміра IV і татарскіх крымскіх князёў з роду Шырын. Крымскае ханства стала незалежным ад Залатой Арды. Хаджы-Гірэй падтрымліваў сяброўскія адносіны з Казімірам IV, мірныя ўзаемадачыненні з Маскоўскай дзяржавай, імкнуўся забяспечыць сваю незалежнасць ад Турцыі. Пасля смерці Хаджы-Гірэя ў 1466 у выніку працяглай барацьбы ханам стаў яго малодшы сын Менглі-Гірэй (панаваў да 1515 з 2 невял. перапынкамі). У 1475 Крымскае ханства трапіла ў васальную залежнасць ад Турцыі, турэцкія султаны прызначалі ханаў выключана з роду Гірэяў. У 15—17 ст. Гірэі арганізоўвалі рабаўнічыя паходы на суседнія краіны. Апошні крымскі хан Шагін-Гірэй пад прымусам рас. ўрада ў лют. 1783 адмовіўся ад трона, а Крымскае ханства далучана да Расіі.

І.Б.Канапацкі.

т. 5, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХМАНІ́ДСКІ СУЛТАНА́Т,

Бахмані, дзяржава ў Індыі ў 1347—1525. Утвораны ў выніку паўстання дэканскіх феадалаў супраць Дэлійскага султаната. Заснавальнік Бахманідскага султаната Зафар-хан даў пачатак дынастыі Бахманідаў, сталіца Бахманідскага султаната — г. Гулбарга, з 1429 — Бідар. Улада Бахманідаў распаўсюджвалася на ўвесь Дэкан да р. Крышна на Пд. У канцы 15 — пач. 16 ст. распаўся на султанаты Ахмаднагар, Берар, Бідар, Біджапур, Галконда.

т. 2, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ СУСТРЭ́ЧА 1409,

перагаворы паміж каралём Польшчы Ягайлам і вял. князем ВКЛ Вітаўтам у час Вялікай вайны 1409—11. Адбылася ў снеж. 1409 у Брэсце (Берасці). Прысутнічаў хан Джэлаладдзін (сын хана Тахтамыша), якому падпарадкоўвалася залатаардынская конніца, што была на службе ВКЛ. На Берасцейскай сустрэчы быў прыняты план летняй кампаніі 1410 супраць войскаў Тэўтонскага ордэна, вызначаны час і месца збору аб’яднаных ваен. сіл, прынята рашэнне аб пабудове пантоннага моста для пераправы цераз Віслу. Паводле дамоўленасці саюзная армія складалася з 91 харугвы (палка), з іх 51 рыхтавала Польшча, 40 — ВКЛ. План, распрацаваны на Берасцейскай сустрэчы, прывёў да перамогі саюзных армій у Грунвальдскай бітве 1410.

т. 3, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМА́Т,

Ахмут, Ахмед (? — студз. 1481), хан Вялікай Арды [1459—81]. У 1460 спрабаваў захапіць рускі г. Пераяслаў-Разанскі. У пач. 1470-х г. вёў перагаворы з кіраўніцтвам Венецыянскай рэспублікі аб заключэнні саюзу супраць Асманскай імперыі. Заключыў з польск. каралём Казімірам IV пагадненне пра сумесную барацьбу супраць Рус. дзяржавы, на чале свайго войска дайшоў да р. Ака (1472). У час паходу ў Крым замяніў мясц. хана Менглі-Гірэя сваім стаўленікам Джанібекам (1476). У канцы 1470-х г. перамог узб. хана Шэйх-Хайдэра і ўстанавіў пратэктарат над Астраханскім ханствам. Адмова маскоўскага вял. кн. Івана III прызнаць васальную залежнасць ад Арды і заплаціць ёй даніну (1476) выклікала ў 1480 няўдалы апошні паход Ахмата на Русь (гл. «Стаянне на Угры»), які паклаў канец намаганням манг.-тат. ханаў аднавіць сваё паліт. панаванне над Рус. дзяржавай. Забіты цюменскім ханам Ібакам (Івакам).

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)