АХМАДНА́ГАР,
феадальная дзяржава ў канцы 15—17 ст. ў Індыі. Заснавана намеснікам бахманідскага султана ў Джунары Малікам Ахмадам, які ў 1490 абвясціў сябе незалежным кіраўніком з тытулам нізамшаха. Назва дзяржавы ад сваёй сталіцы — г. Ахмаднагар (засн. Ў 1494). У канцы 16 — пач. 17 ст. Ахмаднагар вяла доўгія войны з Вялікімі Маголамі і ў 1636 падпарадкавана Шах-Джаханам.
т. 2, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙРА́ЦКАЕ ХА́НСТВА, Джунгарскае ханства,
феадальная дзяржава айратаў (група зах.-манг. народаў) у Джунгарыі (ч. тэр. сучаснага Паўн.-Зах. Кітая) у 17—18 ст. Склалася ў 1630-я г. ў выніку аб’яднання айрацкіх княстваў. Узмацнілася пры Батуры-хунтайджы [1635 — каля 1660]. З 1670-х г. вяло войны з маньчжурскімі феадаламі. У 1757—58, аслабленае працяглай феад. усобіцай, заваявана кітайскай дынастыяй Цын.
т. 1, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́РПЦКАЕ ЕПІ́СКАПСТВА,
феадальная дзяржава ў Лівоніі (тэр. паўд.-ўсх. ч. сучаснай Эстоніі з г. Тарту). Засн. ў 1224 рыжскім епіскапам Альбертам, які ўзначаліў агрэсію ням. крыжакоў у Прыбалтыку. На чале стаяў каталіцкі епіскап, буйны феадал-землеўладальнік. Феад. ўсобіцы, а таксама Рэфармацыя ў пач. 16 ст. аслабілі Д.е., і на пач. Лівонскай вайны 1558—83 яно перастала існаваць.
т. 6, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́З,
феадальная павіннасць у Стараж. Русі, абавязак сялян дастаўляць прадукты сваёй гаспадаркі на панскі двор і, па загадзе феадала, на рынак і ў паход. П. наз. таксама і «падвода» — абавязак даваць коней з павозкамі князям і іх слугам, якія прыехалі у воласць. У Расіі з канца 15 ст. П. паступова заменены аброкам — «повозными деньгами» і перайшоў у ямскую павіннасць.
т. 11, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛКО́НДА,
феадальная дзяржава ў 16—17 ст. у Індыі. Утворана ў 1512 у выніку распаду Бахманідскага султаната. Заснавальнік Кулі Кутб-шах, былы бахманідскі намеснік у Варангале, сталіца — крэпасць Галконда, з 1589 — г. Бхагнагар (пазней перайменаваны ў Хайдарабад). Была багатай дзяржавай, мела развітыя ткацкія рамёствы, гарнарудныя промыслы (асабліва здабыча і апрацоўка алмазаў). У 1687 далучана да дзяржавы Вялікіх Маголаў. Цяпер у складзе штата Андхра-Прадэш.
т. 4, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЫ́ЙСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальная дзяржава на тэр. Зах. Грузіі (Гурыі) у 14 — пач. 19 ст. Уключала таксама тэр. Аджарыі з г. Батумі. Палітычна незалежная з 16 ст. Унутр. міжусобіцы і барацьба з Турцыяй прывялі Гурыйскае княства да заняпаду, а яго правіцелі сталі васаламі цароў Імерэты. У 18 ст. Аджарыя з Батумі, гарады Кабулеты і Хіна заваяваны туркамі. У 1811 Гурыйскае княства далучана да Рас. імперыі, у складзе яе захоўвала аўтаномію да 1828.
т. 5, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЯНДЖЫ́НСКАЕ ХА́НСТВА,
феадальная дзяржава ў 18 — пач. 19 ст. ў Азербайджане, у даліне р. Кура. Цэнтр — г. Гянджа. Першы хан Гянджынскага ханства — Шахверні хан Зіяд аглы, які ў сярэдзіне 18 ст. змагаўся супраць іранскага Надзір-шаха. Тэр. Гянджынскага ханства ўвесь час імкнуліся захапіць Іран ці Турцыя. У ханстве ішла барацьба паміж прыхільнікамі іранскай і тур. знешнепаліт. арыентацыі і прыхільнікамі далучэння да Расіі. У 1795 заваявана Іранам. З 1804 у складзе Рас. імперыі.
т. 5, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУБІ́НСКАЕ ХА́НСТВА,
феадальная дзяржава на ПнУ Азербайджана ў 18—19 ст. Сталіца — г. Куба (адсюль назва). Найб. багаты і густанаселены раён Закаўказзя з важнымі гандл. партамі, якія звязвалі яго з Расіяй і Іранам. У 1758—89 на чале К.х. стаяў Фаталі-хан, які аб’яднаў прыкаспійскія землі Азербайджана да г. Ардэбіля на Пд; у 1784 заключыў саюз з груз. царом Іракліем II супраць іранскай агрэсіі. Пасля яго смерці ханства ў пач. 1790-х г. распалася, у 1806 далучана да Расіі.
т. 8, с. 553
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЖАЯНА́ГАР,
феадальная дзяржава ў Паўд. Індыі ў 14—17 ст. Знаходзілася на Пд ад р. Крышна. Утварылася ў 1336 у выніку барацьбы мясц. феадалаў з Дэлійскім султанатам. Пры Дэвараі II [1422—46] Віджаянагар падначаліў усю Паўд. Індыю, яго войскі рабілі паходы на Цэйлон і ў Бірму, нанеслі паражэнне Бахманідскаму султанату. Найб. росквіту дасягнуў пры Крышнадэвараі [1509—29]. Віджаянагар пастаянна ваяваў з дзяржавай Бахмані, потым з утворанымі на яе тэр. султанатамі. Пацярпеў паражэнне ў 1565, прыйшоў у заняпад і да сярэдзіны 17 ст. распаўся на княствы.
т. 4, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХА́РСКІ ЭМІРА́Т,
феадальная дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 1747—1920. Сталіца — г. Бухара. Утвораны ў 1747, калі ўлада ў Бухарскім ханстве перайшла да дынастыі Мангыт, прадстаўнікі якой наз. сябе эмірамі. Паліт. і эканам. становішча дзяржавы крыху стабілізавалася, аднак феад. раздробленасць не была ліквідавана. Сяляне, амаль пазбаўленыя зямлі, карысталіся ёю на правах здольшчыны. Паводле дагавораў 1868 і 1873 Бухарскі эмірат трапіў у васальную залежнасць ад Расіі. У вер. 1920 у Бухары ў выніку нар. паўстання, падтрыманага Чырв. Арміяй, быў скінуты эмір. 8.10.1920 абвешчана стварэнне на тэр. эмірата Бухарскай Народнай Савецкай Рэспублікі.
т. 3, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)