КАПЫЛО́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Фаміч; н. 10.7.1937, в. Астражанка Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). Працаваў настаўнікам, на Бел. радыё, у рэд.газ. «Звязда», у выд-вах «Беларусь» (1964—71, 1981—83), «Мастацкая літаратура» (1973—81). Друкуецца з 1960. Асн. тэматыка творчасці — сучаснае жыццё вёскі, маральна-этычныя праблемы, падзеі мінулай вайны, чарнобыльская катастрофа. Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Скрозь жывуць людзі» (1968), «Засада» (1979), «Дні ціхай восені» (1981), «Чужы сваяк» (1987). Піша для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЕ́ВАК (Альберт Фаміч) (н. 19.8.1939, г. Горлаўка Данецкай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Д-ртэхн.н. (1998), праф. (1999). Скончыў Укр.ін-т інжынераў воднай гаспадаркі (1963; Кіеў). З 1971 у БПА. Навук. працы па асновах тэхналогіі машынабудавання, праблемах эфектыўных тэхналогій ахоўных пакрыццяў з павышанымі эксплуатацыйнымі ўласцівасцямі, стварэнні новых кампазіцыйных матэрыялаў.
Тв.:
Технология формирования газотермических водородостойких покрытий. Мн., 1998;
Математическое моделирование технологических задач в машиностроении. Мн., 2000 (разам з Ф.Ф.Клімовічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́ЎСКІ (Восіп Фаміч) (1859, в. Райск Беластоцкага ваяв., Польшча — 1935),
бел. рэвалюцыянер-народнік, дзеяч польскага сацыяліст. руху. З 1878 чл. народніцкай арг-цыі «Зямля і воля». У 1879 перайшоў на пазіцыі «Народнай волі». Разам з чл. нарадавольскага гуртка ў Гродне планаваў серыю тэрарыст. актаў. Быў арыштаваны, прыцягваўся да дазнання па справах аб сацыяліст. прапагандзе ў Пецярбургу, Гродне, «працэсе 137-і» ў Варшаве. У 1880 высланы ў Кастраму, у 1881 — у Цюменскую вобл., дзе ў 1884 удзельнічаў у хваляваннях ссыльнапасяленцаў. У 1886 вярнуўся ў Беласток. За сувязі з «Народнай воляй» і польскай рэв. арг-цыяй «Пралетарыят» у 1887 арыштаваны, у 1888 высланы ў Іркуцкую вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎСКІ (Фёдар Фаміч) (17.4.1901, в. Замошша Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 3.3.1970),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, ген.-маёр (1943), Герой Сав. Саюза (1943). У Чырв. Арміі з 1918. Скончыў Вышэйшую цэнтр. калгасную школу (1932). Удзельнік грамадз. вайны на Зах. фронце. З 1929 на адказных пасадах у с.-г. органах Віцебскай вобл. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну арганізатар падполля ў Віцебскай вобл., з 1942 камандзір партыз. атрада, у жн. 1942 — чэрв. 1944 камандзір Чашніцкай партыз. брыгады «Дубава». У 1944—53 сакратар Чашніцкага райкома КП(б)Б, дырэктар саўгасаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНІ́ЦКІ (Сымон Фаміч) (28.2.1902, в. Гарані Мінскага р-на — 14.10.1940),
бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1936 рэпрэсіраваны, загінуў, відаць, на Калыме. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1928. Аўтар рэцэнзій і артыкулаў пра творчасць З.Астапенкі, А.Александровіча, С.Баранавых, Т.Кляшторнага, Я.Купалы, М.Лынькова, Б.Мікуліча, А.Салагуба, Я.Скрыгана і інш. Аддаваў шмат увагі творам пра дзяцей. Яго скоўвалі каноны вульгарнага сацыялагізму, захапляўся творчасцю рабочых-ударнікаў. «Нацдэмаўскія ўплывы» знаходзіў у творчасці У.Хадыкі, В.Маракова і інш.
Літ.:
Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979. С. 94—97.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ (Іван Фаміч) (25.6.1922, с. Барыс-Раманаўка Бараўскога р-на Кустанайскай вобл., Казахстан — 12.10.1950),
лётчык-штурмавік. Двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Чкалаўскую ваен. авіяшколу пілотаў (1942), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1949). У Чырв. Арміі з 1940. З 1942 у дзеючай арміі, удзельнічаў у баях на Калінінскім, Цэнтр. і 1-м Прыбалт. франтах. У час Беларускай аперацыі 1944 камандзір звяна штурмавога авіяпалка П. рабіў па 4—5 баявых вылетаў за дзень на штурмоўку жывой сілы і тэхнікі праціўніка. За час вайны зрабіў больш за 200 баявых вылетаў, асабіста збіў 3 варожыя самалёты. Пасля вайны камандаваў авіяпалком. Загінуў пры выкананні службовага задання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖЭ́ЙКА (Фама Фаміч) (н. 7.10.1936, в. Скураты Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. хімік. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1991), д-рхім.н. (1989). Скончыў БДУ (1959). З 1959 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац.АН Беларусі (у 1980—89 нам. дырэктара). Навук. працы па калоіднай хіміі і фіз.-хім. механіцы. Устанавіў заканамернасці ўзаемадзеяння паверхнева-актыўных рэчываў з гліністымі мінераламі ў канцэнтраваных растворах электралітаў. Даследаваў механізм утварэння кандэнсацыйна-крышталізацыйных структур у калійных угнаеннях. Распрацаваў новыя рэагенты, якія павышаюць эфектыўнасць флатацыйнага працэсу атрымання і паляпшаюць якасць калійных угнаенняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Тв.:
Физикохимия селективной флотации калийных солей. Мн., 1983 (у сааўт.).
расійскі фізік, заснавальнік навук. школы фізікаў. Брат В.Ф.Петрушэўскага. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1851) і з 1862 працаваў у ім (у 1865—1901 заг. кафедры). Навук. працы па оптыцы і электрамагнетызме. Вынайшаў і сканструяваў шэраг аптычных прылад, першы ў Расіі арганізаваў фіз. практыкум для студэнтаў, які ператварыўся ў навук. лабараторыю. Першы старшыня Рас.фіз.т-ва (з 1872) і Фіз. аддзялення Рас.фіз.-хім.т-ва (1878—1901). Адзін з гал. рэдактараў энцыкл. слоўніка Бракгаўза і Эфрона.
Літ.:
Ченакал В.Л. Ф.Ф.Петрушевский и его работы по оптике и цветоведению // Успехи физ. наук. 1948. Т. 36, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКШТЫНО́ВІЧ (Міхаіл Фаміч) (1892, в. Жомайдзь Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1950),
савецкі ваен. дзеяч, ген.-лейт. (1945). Скончыў Віленскае камерцыйнае вучылішча (1912), Ташкенцкую школу прапаршчыкаў (1916), курсы «Выстрал» (1924) і ўдасканалення вышэйшага камсаставу пры Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1927, 1931). З 1915 у арміі, з 1918 у Чырв. Арміі. У 1919—23 ваяваў на Усх. фронце, супраць басмачоў у Ферганскай вобл. У 1924—25 нач. Ташкенцкай ваен. школы, з 1931 нам. камандзіра, камандзір дывізіі, корпуса. У Вял.Айч. вайну на Калінінскім, 2-м Прыбалт., 1-м Бел. франтах; часці і злучэнні пад яго камандаваннем вызначыліся ў Вісла-Одэрскай і Берлінскай (1945) аперацыях. Пасля вайны ў Генштабе Узбр. Сіл СССР. Яго імем названа вуліца ў г. Валожын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСІ́НСКІ (Мікалай Фаміч) (1891, г. Вілейка Мінскай вобл. — 23.11.1938),
бел.тэатр. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т. У 1922—24 настаўнік Бел. гімназіі ў Вільні. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай драматычнай майстроўні, дзе ў 1922 паставіў спектаклі «У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі і «Лес шуміць» паводле У.Караленкі.
Працаваў у Наркамасветы БССР. З 1925 нам. старшыні секцыі мастацтва і старшыня тэатр. падсекцыі Інбелкульта. У 1926—28 дырэктар БДТ-2, з 1928 — Бел. рабочага т-ра імя ЦСПСБ. Для зб. «Беларускае мастацтва» падрыхтаваў артыкул па праблемах мастацтва Зах. Беларусі. У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў г. Шадрынск (Расія). У 1938 зноў арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1960.