УНІВЕРСА́Л (ад лац. universalis агульны, усеагульны),
закрыты кузаў легкавога аўтамабіля. Мае 2 ці 3 рады сядзенняў, 3 ці 5 дзвярэй, адны з якіх заднія, багажнае аддзяленне за спінкай задняга сядзення. Заднія сядзенні (пры 3 радах сярэднія і заднія) могуць складвацца і павялічваць аб’ём багажнага аддзялення. Дазваляе выкарыстоўваць легкавы аўтамабіль як грузапасажырскі.
т. 16, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЫМА́ ГУА́Н (1017 або 1019—1086),
кітайскі гісторык. Чл. канфуцыянскай акадэміі «Ханьлінь». Служыў цэнзарам, гістарыёграфам і саветнікам пры імператарскім двары. Аўтар гіст. працы «Цзы чжы тун цзянь» («Усеагульны агляд падзей, якія дапамагаюць кіраванню»), якая ахоплівае перыяд гісторыі Кітая з 403 да н.э. да 959 н.э.; складзена ў супрацоўніцтве з Лю Бінем, Лю Шу і Фань Цзуюем.
т. 15, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫРАЛО́Г [ад грэч. martyr сведка; пазней пакутнік (у Новым запавеце — аб вучнях Хрыста) + logos слова, вучэнне],
1) у хрысціянскай царк. л-ры зборнік апавяданняў пра святых і пакутнікаў. Першапачаткова гэта быў каляндар, дзе пазначаліся імёны святых, месцы іх пакутніцтваў і дні іх памяці, пазней стаў дапаўняцца біяграфіяй. Найб. вядомыя «Усеагульны М.» (1536) у каталіцызме і «Менелогій» (9 ст.) у праваслаўі.
2) Спіс ахвяр, якія без віны загінулі, пакараныя смерцю.
т. 10, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНЫ ПАШТО́ВЫ САЮ́З (СПС),
міжнародная міжурадавая арг-цыя; спецыялізаваная ўстанова ААН (з 1947).
Засн. ў 1874 на 1-м Міжнар. паштовым кангрэсе; да 1878 наз. Усеагульны паштовы саюз. Мэта яго стварэння — удасканаленне міжнар. паштовай службы. Членамі СПС з’яўляюцца 175 краін, у т. л. Беларусь (з 1947). Гал. органы: Сусв. паштовы кангрэс, Выканаўчы к-т, Кансультатыўны савет па паштовых даследаваннях, Міжнар. бюро (сакратарыят). Штаб-кватэра у г. Берн (Швейцарыя).
т. 15, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІВЕРСА́Л (польск. universał ад лац. universalis усеагульны),
від прававога акта ў Рэчы Паспалітай. Выдаваўся каралём як зварот да народа; у ім кароль рэгуляваў гасп., рэліг. і вайсковыя пытанні, склікаў шляхту на соймы і паспалітае рушэнне. У час міжкаралеўя У. выдаваў прымас. У. пабаровыя — ухвалы соймаў на збіранне падаткаў, з 17 ст. выдаваліся разам з соймавымі канстытуцыямі. У. Пастаяннай Рады рэгулявалі арганізацыю судаводства і адміністрацыі. У. абвяшчаліся канфедэрацыі. У час паўстання 1794 У. выдаваў Т.Касцюшка (напр., Паланецкі універсал).
т. 16, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЕРАТЫ́Ў (ад лац. imperativus уладны, катэгарычны, загадны),
безумоўнае, катэгарычнае патрабаванне, загад, закон. Імператыўныя выказванні з’яўляюцца прадметам логікі норм. У філасофіі І.Канта — усеагульны маральны закон, якім ён імкнуўся замяніць усе ант. нормы адной (катэгарычны І.). Кант разумеў катэгарычны І. як нешта першапачаткова ўласцівае розуму, вечнае і нязменнае. Выключныя нормы, што неабходна прымаць пры пэўных абставінах, у этыцы ён называў гіпатэтычным І. Паводле дыялектычнага матэрыялізму, мараль, як і ўсё на свеце, гістарычна развіваецца і змяняецца, і ў ёй не можа быць нязменных патрабаванняў і законаў.
В.М.Пешкаў.
т. 7, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГАС (грэч. logos паняцце, слова, розум),
тэрмін ант. сярэдневяковай філасофіі, які азначае ўсеагульны закон прыроды, а таксама розум, унутр. паводзіны, думку. Геракліт лічыў, што ўсё адбываецца паводле Л., які вечны, усеагульны і неабходны. Ідэалісты (Г.Гегель, В.Віндэльбанд) атаясамлівалі логас Геракліта з усеагульным розумам. Платон і Арыстоцель разумелі Л. як закон быцця і як лагічны прынцып. У стоікаў тэрмінам «Л.» абазначаны закон фіз. і духоўнага свету. У хрысціянстве атаясамліваецца з 2-й асобай тройцы — Богам-сынам (Хрыстом). Ва ўсх. філасофіі паняццямі, аналагічнымі Л., з’яўляюцца дао і, у некаторым сэнсе, дхарма.
т. 9, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЁДАР АЛЯКСЕ́ЕВІЧ (9.6.1661, Масква — 7.5.1682),
расійскі цар [1676—82]. З дынастыі Раманавых. Сын цара Аляксея Міхайлавіча і Марыі Міласлаўскай. Атрымаў добрую адукацыю пад кіраўніцтвам Сімяона Палацкага. У час праўлення невылечна хворага Ф.А. вял. уплывам карысталіся яго сваякі па маці Міласлаўскія (род паходзіў з ВКЛ) і сястра Соф’я Аляксееўна. Урад Ф.А. правёў усеагульны перапіс насельніцтва (1678), увёў падворнае абкладанне (1679), скасаваў месніцтва (1682), вёў рус.-тур. вайну 1676—81, якая завершана Бахчысарайскім перамір’ем 1681. Ф.А. разам з Сімяонам Полацкім — ініцыятар заснавання ў Маскве Славяна-грэка-лацінскай акадэміі (адчынена ў 1687).
т. 16, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ ЗЛАЧЫ́НСТВА,
найцяжэйшае проціпраўнае дзеянне, якое замахваецца на асновы існавання дзяржаў і нацый, падрывае найважнейшыя прынцыпы міжнар. права, пагражае міжнар. міру і бяспецы. Аб’ектам М.з. могуць быць: усеагульны мір і міжнар. бяспека; добрасуседскія адносіны паміж народамі і дзяржавамі; правы народаў і нацый на самавызначэнне; законы і звычаі вайны. У адпаведнасці са Статутам Міжнароднага ваеннага трыбунала і інш. міжнар.-прававымі актамі да М.з. адносяцца: злачынствы супраць міру, ваен. злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці і чалавецтва, у т. л. каланіялізм, генацыд, апартэід, масавае забруджванне атмасферы або мораў (экацыд). Суб’ектамі М.з. і суб’ектамі адказнасці за іх учыненне могуць быць дзяржавы, міжнар. арг-цыі і фіз. асобы.
т. 10, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕРМА́НСКІ САЮ́З (Alldeutscher Verband),
нацыяналістычная паліт. арг-цыя ў Германіі ў 1891—1939. Засн. ў крас. 1891 пры дапамозе прадпрымальніка А.Гугенберга і калан. паліт. дзеяча К.Петэрса. Да 1.7.1894 наз. Усеагульны ням. саюз (Allgemeiner Deutscher Verband). Дзейнічаў у кантакце з Калан. т-вам, Флоцкім саюзам, Імперскім аб’яднаннем супраць сацыял-дэмакратыі, Нацыянал-ліберальнай і Кансерватыўнай партыяй. З часоў Мараканскага крызісу 1911 знаходзіўся ў апазіцыі да палітыкі рэйхсканцлера Т. фон Бетман-Гольвега. У 1914—18 налічваў 30—40 тыс. чл. Пасля 1918 страціў паліт. актыўнасць. Ідэалогія — пангерманізм. Старшыні — Э.Хасе (1893—1908), Г.Клас (1908—39). Друкаваны орган — «Alldeutschen Blätter» («Пангерманскія лісты»). Забаронены нацыстамі вясной 1939.
т. 12, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)