1) раздзел музыказнаўства, які распрацоўвае тэарэт. аснову і практычныя методыкі стварэння муз. слоўнікаў, энцыклапедый, даведнікаў.
2) Сукупнасць падобных выданняў, а таксама адбор, упарадкаванне і тлумачэнне спец.муз. тэрмінаў і лексікі. Змест і макраструктура артыкулаў у муз. даведніках залежаць ад тыпу выдання, аб’ёму навук. інфармацыі, узроўню развіцця муз. тэорыі, гіст.-культ. кантэксту пэўнай эпохі.
Вытокі муз. Л. ўзыходзяць да практыкі сярэдневяковых гласарыяў (заўваг на палях трактатаў) і вакабуларыяў (навуч. дапаможнікаў). Першым муз.-тэрміналаг. слоўнікам у сучасным разуменні слова лічаць трактат франка-флам. вучонага-музыканта І.Тынкторыса «Вызначэнне музычных тэрмінаў» (каля 1474, апошняе выд. 1963). У эпоху Асветніцтва паявіліся муз.-энцыкл. слоўнікі ў Францыі, Чэхіі, Германіі (С. дэ Брасар, Ж.Ж.Русо). Да канца 19 ст. склаліся 2 асн. тыпы навук.-даведачных муз. выданняў. універсальны даведнік (муз. энцыклапедыя, муз.-энцыклапедычны слоўнік) і спецыялізаваны слоўнік: біяграфічны, біябібліяграфічны, галіновы (оперны, харавы, харэаграфічны), тэрміналагічны і інш.Найб. значныя замежныя выданні 19 ст. — энцыклапедычныя слоўнікі «Музычны лексікон» Г.Рымана (1882) і «Слоўнік музыкі і музыкантаў» Дж.Грова (т. 1—4, 1879—1889).
У 20 ст. з пашырэннем аб’ёму навук. ведаў і бурным развіццём сродкаў масавай інфармацыі кола выданняў па муз. Л. пашырылася (слоўнікі і энцыклапедыі муз. персаналій, конкурсаў, устаноў, інструментаў, двух- і шматмоўныя перакладныя муз. слоўнікі, слоўнікі-даведнікі, у т. л. для дзяцей і юнацтва, і інш.). У 1973—82 выдадзена першая сав. «Музычная энцыклапедыя» (т. 1—6), у 1985 — «Энцыклапедычны слоўнік юнага музыканта», у 1990 — «Музычны энцыклапедычны слоўнік», у 1981 і 1997 адпаведна энцыклапедыі «Балет» і «Рускі балет». На Беларусі выдадзены спецыялізаваныя слоўнікі і даведнікі «Музычныя тэрміны» Ю.Дрэйзіна (1926, серыя «Беларуская навуковая тэрміналёгія»; перавыд. ў 1989 з прадмовай М.Шыманскага), даведнікі біябібліяграфічны «Саюз кампазітараў БССР» Дз.Жураўлёва (1978) і навук.-папулярны «Кампазітары Беларусі» Т.Мдывані і Р.Сергіенка (1997), перакладныя «Слоўнік музычных тэрмінаў» В.Антаневіч (1994), «Музычны слоўнік» (1999); выдаецца нотаграфічны паказальнік «Музычная літаратура Беларусі» (з 1975); да муз.-лексікаграфічных выданняў у вял. ступені набліжаецца «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМІНАЛО́ГІЯ (ад тэрмін + ...логія),
1) сукупнасць тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі або мастацтва, якая адлюстроўвае адпаведную сукупнасць паняццяў. У больш шырокім сэнсе слова «Т.» ўжываюць для абазначэння агульнай сукупнасці тэрмінаў усіх галін дзейнасці.
2) Раздзел лексікалогіі, які вывучае тэрміны.
Лексічныя, семантычныя, семіятычныя (знакавыя) асаблівасці Т. кожнай галіны дзейнасці абумоўлены гісторыяй фарміравання сістэмы паняццяў гэтай галіны, спецыфікай абазначаемых паняццяў і станам іх сістэматызацыі. Так, лексічная асаблівасць мед. Т. — значная колькасць слоў лац. мовы, якія сталі інтэрнацыянальнымі. Семіятычная асаблівасць Т. фізікі, хіміі, матэматыкі — выкарыстанне побач з тэрмінамі-словамі і словазлучэннямі (вербальнымі тэрмінамі) літарных і лікавых абазначэнняў, сімвалаў. У Т. не павінна быць шматзначнасці, аманіміі, сінаніміі, аднак у практыцы тэрмінаўжывання і фарміравання тэрміналаг. сістэм гэтыя семантычныя асаблівасці маюць месца, што ў пэўнай ступені абмяжоўвае дакладнасць тэрмінаў. Т. ў шырокім сэнсе з’яўляецца спецыфічнай і параўнальна самаст. часткай у сістэме літ. мовы, узаемадзейнічае з агульналіт. лексікай і ўплывае на яе. З аднаго боку, у агульналіт. лексіку пранікаюць тэрміны грамадска важных і актуальных навук: сацыяльна-эканам., фізікі, біялогіі, медыцыны, касм. тэхнікі, кібернетыкі і інш.; яны — важны сродак маст. адлюстравання. З другога боку, тэрміналагізуюцца асобныя словы агульналіт. мовы і ўваходзяць у галіновыя Т.: «поле», «хваля», «напружанне» (у фізіцы), «кішэня», «галоўка», «башмак» (у тэхніцы), «апавяданне», «аповесць», «раман» (у літ.-знаўстве), «слова», «сказ» (у лінгвістыцы).
У 14—17 ст. у старабел. мове найб. пашырана грамадска-паліт. і юрыдычная Т. Яна зафіксавана ў помніках дзелавой пісьменнасці, пераважна ў Метрыцы Вялікага княства Літоўскага, што ўключае каля 600 кніг дакументаў ВКЛ. З 2-й пал. 17 ст. наступіў перапынак у функцыянаванні пісьмовай мовы, звязаны з выцясненнем бел. мовы польскай, а пасля далучэння Беларусі да Расіі (канец 18 ст.) — рус. мовамі. Развіццё тэрміналагічнай лексікі пачалося ў канцы 19 — пач. 20 ст., што звязана з выданнем бел. газет, часопісаў, альманахаў, календароў. Актыўная работа па распрацоўцы і ўпарадкаванні бел. Т. пачалася пасля 1917. Навук. асновы распрацоўкі бел. Т. закладзены Навукова-тэрміналагічнай камісіяй, на базе якой засн. Інбелкульт. Пэўны ўклад у развіццё Т. зроблены Тэрміналагічнай камісіяй пры БелСЭ на чале з К.Крапівой. У 1980 пры АН Беларусі створана Рэсп. тэрміналагічная камісія, якая складаецца з 9 секцый і ўключае каля 180 вядучых вучоных розных галін ведаў. Камісія займаецца зборам і сістэматызацыяй навуковай Т., распрацоўкай тэарэт. пытанняў Т., падрыхтоўкай тэрміналагічных зборнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНСК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Пінскага р-на Брэсцкай вобл., у сутоках р. Піна і Прыпяць. Чыг. ст. на лініі Брэст—Лунінец, вузел аўтадарог на Іванава, Івацэвічы, Лунінец, Столін. Рачны порт. За 180 км на У ад Брэста. 131 тыс.ж. (2000).
П. (летапісны Пинеск, Пиньск) упершыню ўпамінаецца пад 1097. Назва ад р. Піна. Стараж. П. складаўся з дзядзінца, вакольнага горада (гл.Пінскія ўмацаванні) і гар. пасада. Пры археал. раскопках знойдзены сашнік, сярпы, косы, наканечнікі стрэл, шпоры, упрыгожанні, каляровыя керамічныя пліткі, каменны абразок з выявай Спаса Эмануіла (12 ст.), высокамастацкая касцяная капавушка, рэчы з надпісамі. Да сярэдзіны 12 ст. горад уваходзіў у Тураўскае княства, з 2-й пал. 12 ст. цэнтр удзельнага Пінскага княства. У 13 ст. ўтворана Пінская праваслаўная епархія.
З пач. 14 ст. П. у складзе ВКЛ, з 15 ст. ў Трокскім ваяв. З 1-й пал. 16 ст. цэнтр Пінскага староства, з 1565—66 — Пінскага павета Берасцейскага ваяв. У 1581 П. атрымаў магдэбургскае права і герб — у чырв. полі залатыя лук са стралой і напятай цецівой. У 1596—1795 існавала Пінска-Тураўская уніяцкая епархія. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 у вер. 1648 паўстанцы П. разам з казацкім атрадам А.Нябабы аказалі супраціўленне войску вял. стражніка ВКЛ Р.Мірскага. У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 10 тыс.ж. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у вер. 1655 П. заняты атрадам Ф.Ф.Валконскага, разрабаваны і спалены. У час Паўночнай вайны 1700—21 у маі 1706 войскі шведскага караля Карла XII захапілі і разрабавалі горад. У 1-й пал. 18 ст. ў П. працавала друкарня (належала езуітам). Пінская кангрэгацыя 1791 зрабіла спробу ўтварыць асобную арг-цыю правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) П. у Рас. імперыі, цэнтр павета Мінскай губ. У 1794 у горадзе 3716 ж., 548 дамоў. У сярэдзіне 19 ст. працавалі медзеапрацоўчы з-д, тытунёвая ф-ка, 2 гарбарні, піваварня, млыны і інш. У 1858 адкрыта гімназія (з 1872 Пінскае рэальнае вучылішча). У 1882 праз П. прайшла паўд. ветка Палескіх чыгунак. У канцы 19 ст. ў горадзе дзейнічала 27 прадпрыемстваў, найб. з іх — майстэрні Палескіх чыгунак, суднабудаўнічы з-д, ф-кі — шпілечна-фанерная, тытунёвая, запалкавая «Прагрэс-Вулкан», 3 лесапільні, маслабойня і інш. У 1897 у П. 28 368 ж. У час рэвалюцыі 1905—07 тут адбываліся забастоўкі рабочых, усеагульная стачка 1905 задушана карнай экспедыцыяй ген. Арлова. З 15.9.1915 да 25.1.1919 горад акупіраваны герм. войскамі. У 1921—39 П. у складзе Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв., база Пінскай (Рачной) флатыліі ВМФ Польшчы. У 1925—39 існавала Пінская рымска-каталіцкая епархія. З ліст. 1939 П. у складзе БССР, база Дняпроўскай ваеннай флатыліі. З 4.12.1939 цэнтр Пінскай вобласці, з 15.1.1940 — Пінскага раёна. У 1939 у П. 35,9 тыс.ж. У 1940 працавалі суднарамонтны і 2 фанерныя з-ды, запалкавая ф-ка «17 Верасня» і інш.; 19 школ, настаўніцкі ін-т, пед. вучылішча, муз. і фельчарская школы, абл.драм. тэатр, б-кі, 8 дзіцячых садоў, абл. і гар. бальніцы, паліклінікі, база Пінскай ваеннай флатыліі. 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі. У час Вял.Айч. вайны дзейнічала Пінскае патрыятычнае падполле. Ням.-фаш. захопнікі знішчылі ў П. 59 084 чал., з іх 20 тыс. ваеннапалонных. Вызвалены 14.7.1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1947—51 база Дняпроўскай ваен. флатыліі апошняга фарміравання, у 1951—93 тут існаваў вучэбны цэнтр сав. (з канца 1991 рас.) ВМФ. З 8.1.1954 П. — раённы цэнтр Брэсцкай вобл. У 1959 у П. 41,5 тыс.ж., у 1986—112,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. (Пінскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Пінскі ліцейна-механічны завод, з-ды доследна-мех., сродкаў малой механізацыі і металаканструкцый і інш.), лёгкай (Пінскі завод штучных скур, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Пінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Крыніца Палесся», прамысл.-гандл.трыкат. прадпрыемства «Дынама», ільнозавод і інш.), дрэваапр. (Пінская запалкавая фабрыка, Пінскі фанерны завод), буд. матэрыялаў, мікрабіял. (Пінскі завод кармавых вітамінаў), харч. (Пінскі кансервавы завод, масласырбаза, мясакамбінат, хлебазавод і інш.) прам-сці. Дзейнічаюць Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, Пінскі сельскагаспадарчы каледж, Пінскі тэхнікум мясной і малочнай прамысловасці, Пінскі банкаўскі каледж, Пінскае вучылішча мастацтваў, Музей Беларускага Палесся. Мемарыяльны комплекс вызваліцелям на брацкай магіле сав. воінаў, маракоў Дняпроўскай ваеннай флатыліі і партызан. Стэла на месцы знішчэння сав. грамадзян ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: Айч. вайны 1812, у гонар буд-ва шашы Пінск—Брэст, воінам-вызваліцелям, маракам Дняпроўскай флатыліі, В.З.Харужай, у гонар 40-годдзя вызвалення Пінска. Археал. помнік — гарадзішча старажытнага Пінска (археал. запаведнік).
У 16 ст. на месцы стараж. дзядзінца размяшчаўся драўляны старосцінскі замак. На месцы б. вакольнага горада сфарміраваліся 2 паўкальцы: унутр. і вонкавае, абнесенае землянымі ўмацаваннямі. На Пн ад замка ва ўнутр. паўкальцы знаходзілася гандл. плошча (Стары рынак). Паводле інвентара 1660-х г., у горадзе вылучаліся 2 раёны: асн. (паблізу замка) і па р. Ясельда, у паўн. частцы паселішча. Былі 2 масты — Троіцкі і Спаскі, 6 брам на асн. магістральных напрамках — Віленская, Берасцейская, Спаская, Парканавая, Гарадская, Уладычная. Найб. вуліца — Вял. Спаская, утварала гал. вось горада ўздоўж р. Піна. Тут знаходзіліся 143 пляцы мяшчанскіх сядзіб, францысканскі кляштар, карчма, гай, агароды. У сярэдзіне 17 ст. горад вырас, у выніку рэгулявання планіроўкі арх.-планіровачная структура яго была ўпарадкавана. Утварыліся 3 асн. магістральныя напрамкі: зах., усх. і паўночны. Мяркуюць, што ў гэты час склалася квартальная планіроўка. У сярэдзіне 16 ст. ў горадзе было 14 правасл. цэркваў (у замку знаходзіліся Дзмітраўская саборная і Афанасьеўская), Пінскі касцёл і кляштар францысканцаў, касцёл і кляштар дамініканцаў (засн. ў 1542), 2 правасл. манастыры (у горадзе і прадмесці Лешча—Пінскі Лешчанскі манастыр). У 2-й пал. 16 ст. пабудаваны правасл. Богаяўленскі манастыр. У 17—18 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр горада. Паводле плана 1798 П. меў складаную планіроўку. Цэнтр. месца займаў замак з земляным валам, за ім знаходзілася плошча з крамамі і каморамі. спіхлерамі, важніцай, гандл. радамі. Сярод правасл. цэркваў у 16—17 ст. былі простыя збудаванні (без вярхоў і купалаў), якія нагадвалі хаты або клеці (царква св. Духа, Манастырская царква на Полазаўшчыне і інш.), і складаныя па кампазіцыі шматкупальныя (напр., Дзмітраўская царква мела 4 прытворы. званіцу з 5 званамі). Сярод манум. мураваных і драўляных пабудоў Пінскі касцёл і калегіум езуітаў, кляштары францысканцаў, кармелітаў (1734), марыявітак (1746), Пінскі палац (канец 18 ст.). У канцы 16 ст. на У ад П. ўзнікла прадмесце Каралін, забудаванае паводле рэгулярнага плана, узведзены Пінскі Каралінскі замак. У 18 ст. тут пабудаваны Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў і Пінскі касцёл Карла Барамеуша з кляштарамі. Першы праектны план забудовы П. (1800) прадугледжваў ліквідацыю паўкальцавых магістралей, упарадкаванне вулічнай сеткі, узбуйненне гар. кварталаў і пракладку 2 новых радыяльных вуліц, каб злучыць цэнтр з дарогамі на Брэст і Нясвіж (ажыццёўлены ў агульных рысах). Да 1860-х г. у паўн. частцы пабудавана некалькі кварталаў, царква на могілках (1823, цяпер па вул. Спакойнай), гімназія (1858). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзведзены грамадскія будынкі і жылыя дамы ў духу эклектыкі (т-р «Казіно»), Рост прам-сці з 1880-х г., пракладка чыгункі паўплывалі на арх. аблічча горада. Пасля Вял.Айч. вайны П. забудоўваўся паводле генплана 1952 («Белдзяржпраект», арх. Я.Косціч, М.Андросаў), які прадугледжваў упарадкаванне планіроўкі пры захаванні веернай сістэмы магістралей, якія сыходзіліся да цэнтральнай плошчы. Горад развіваўся ўздоўж Піны, структурна падзяляўся на паўн. (адмежаваны чыгункай), цэнтр., зах. і ўсх. планіровачныя раёны. У 1950-я г. горад пазбаўлены гал. дамінанты — разабраны езуіцкі касцёл, знесены гандл. рады, на месцы цэнтр.гіст. плошчы ўтворана пл. Леніна, забудаваная тыпавымі 4—5-павярховымі дамамі. У 1950—60-я г. пастаўлены жылыя і адм. будынкі, у дэкоры якіх выкарыстаны класічныя ордэрныя формы. У 1970—80-я г. масавае жыллёвае буд-ва вялося ў паўн., усх. і зах. раёнах горада. Створаны зоны адпачынку — набярэжныя рэк Піна і Прыпяць, некалькі сквераў, дзіцячыя паркі. Запланавана стварэнне водна-зялёнага дыяметра ў межах П., прыгарадных зон адпачынку. У 1990 распрацаваны праект дэталёвай планіроўкі цэнтр. раёна горада з прапановамі па рэгенерацыі гіст. ядра (арх. Л.Зайцава). Праект рэалізуецца з улікам захавання, рэстаўрацыі помнікаў і будынкаў гіст. забудовы.
Лысенко П.Ф. Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Пінска. Мн., 1998.
Ю.А.Якімовіч, С.Ф.Самбук (архітэктура).
Пінск. Панарама раёна вуліцы М.Горкага.Пінск. Тэатр «Казіно». Фота пач. 20 ст.Пінск: панарама горада (уверсе), жылыя дамы 19—1-й пал. 20 ст.Набярэжная ў горадзе Пінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУЦК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Слуцкага р-на Мінскай вобл., на р. Случ. Вузел чыгунак на Асіповічы, Баранавічы, Салігорск, аўтадарог на Бабруйск, Мінск, Салігорск. За 105 км на Пд ад Мінска. 63,4 тыс.ж. (2001).
С. (летапісны Случеск) упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1116, як адзін з гарадоў Тураўскай зямлі. З 1160 цэнтр удзельнага Слуцкага княства. З 1320—30-х г. у складзе ВКЛ. З 1395 уласнасць Алелькавічаў, пазней — Радзівілаў, Л.П.Вітгенштэйна, з 1847 дзярж. ўласнасць. У 15 ст. буйны феад. горад, меў Верхні, Ніжні і Новы замкі (гл. Слуцкія замкі). У 1433 цэнтр выступлення бел. феадалаў супраць вял.кн. Жыгімонта Кейстутавіча. У 1441 атрымаў гар. самакіраванне і магдэбургскае права. У пач. 16 ст. ў выніку нападаў крымскіх татараў разбураны, страціў самакіраванне. З 1507 у Навагрудскім пав. З 1586 дзейнічала правасл. брацтва пры Праабражэнскім манастыры, з 17 ст. — Успенскае брацтва. У 1593 каля 7 тыс.ж., каля 1100 двароў. У ліст. 1595 быў захоплены казакамі С.Налівайкі. У 1630—40 кн. Багуслаў Радзівіл ператварыў С. у горад-крэпасць. Пры княжацкім двары вёўся Слуцкі летапіс, была бібліятэка, на падставе кніг і летапісу якой напісаў сваю «Хроніку» М.Стрыйкоўскі. У час антыфеад. вайны 1648—51 у жн. 1648 горад вытрымаў асаду казацка-сял. атрада. 27.8.1652 зноў нададзена (спачатку часткова, 9.9.1700 канчаткова) магдэбургскае права, герб «Пагоньчык». З пач. 17 ст. працавалі школы кальвінісцкая, для гараджан, з 1624 гімназія, з 1689 — Слуцкі езуіцкі калегіум і інш. З 1672 дзейнічала Слуцкая друкарня. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 С. у 1655 — адзіны буйны горад Беларусі, што вытрымаў аблогу рас. і казацкіх войск. Таму 7.5.1656 Б.Хмяльніцкі выдаў універсал з гарантыяй недатыкальнасці С. з боку казацкіх атрадаў, а слуцкім купцам — вольнага гандлю на Украіне. У 1683 каля 9 тыс.ж., у 1777 працавалі 18 рамесных цэхаў, папяровая ф-ка, суконная, палатняная мануфактуры, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, арганізавана Слуцкая канфедэрацыя 1767. У 1785 у С. рэзідэнцыя епіскапа В.Садкоўскага, у 1785 адчынена правасл. духоўная школа. Да канца 18 ст. горад паступова страчваў эканам. значэнне, колькасць насельніцтва скарацілася да 5,5 тыс.чал. З 1791 цэнтр Случарэцкага павета Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр Слуцкага павета Мінскай губ. У 1897 у С. 14 349 ж., 3 заводы. У 1-ю сусв. вайну павет стаў прыфрантавым, таму ў 1915 для забеспячэння фронту да С. пракладзена чыгунка з Асіповічаў. У лютым 1918 заняты корпусам Ю.Доўбар-Мусніцкага і герм. войскамі. У 1918 дзейнічаў Бел.нац.к-т, Слуцкая беларуская гімназія, культ.-асв.арг-цыя «Папараць-кветка». З 1.1.1919 у БССР, з 27.2.1919 у Літ.-Бел. ССР. З 10.8.1919 да 15.7.1920 заняты польск. войскамі. Дзейнічалі падп. к-ты кампартыі Літвы і Беларусі, падп. група партыі бел. эсэраў, партыз. атрады бальшавікоў і эсэраў, аднавілася дзейнасць Бел.нац.к-та, для самаабароны ўтворана нар. міліцыя. У ліст.—снеж. адбылося Слуцкае паўстанне 1920. У 1924—27 і 1935—38 цэнтр Слуцкай акругі, з 17.7.1924 Слуцкага раёна. У 1939 21 947 ж. У Вял.Айч. вайну 27.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне знішчылі 25 584 чал., стварылі ў С. З лагеры смерці, дзе загубілі каля 20 тыс.чал.; дзейнічала Слуцкае патрыятычнае падполле, партыз. злучэнне Слуцкай зоны. Горад вызвалены 30.6.1944 войскамі 1-га Бел. фронту сумесна з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1970—35,6 тыс. жыхароў.
Працуюць Слуцкі кансервавы завод, Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат, Слуцкі мясакамбінат, сыраробчы і хлебапрадуктовы камбінаты, хлебазавод, піваварны з-д, макаронная ф-ка, Слуцкае прадпрыемства мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы», ільнозавод, тэкстыльная і па пашыве адзення ф-кі, з-ды «Эмальпосуд», жалезабетонных вырабаў і інш. Дзейнічаюць 12 сярэдніх, спарт., муз., маст. школы, гімназія, цэнтр тэхн. і прыкладной творчасці, станцыі юных натуралістаў і турыстаў, спарткомплекс «Дэльфін»; Дом культуры, Дом моладзі, Слуцкі краязнаўчы музей, кінатэатр «Беларусь»; бальніца; 2 царквы, 2 капліцы, касцёл.
Стары горад — найб.стараж.ч. горада з замкамі на правым беразе Случы. Напачатку развіваўся ва ўсх. напрамку. Паміж пасадам і замкам знаходзілася гандл. плошча, у 1419 тут пабудаваны фарны касцёл. У канцы 15 ст. С. пачаў расці ў зах. напрамку, расшырыўся і на Пн, фарміраваўся як горад з радыяльна-кальцавой планіроўкай. Новы горад — левабярэжжа, паўд.ч. горада, забудоўвалася пазней, у 16 ст. тут склалася прамавугольная сетка вуліц з вял. кварталамі, забудаванымі драўлянымі дамамі. Абедзве ч. горада злучаліся паміж сабой мостам, на якім размяшчаліся млыны. Прадмесце С. — Востраў — знаходзілася за гар. ўмацаваннямі на ПнУ ад горада. Уніз па цячэнні Случы, на яе правым беразе, было прадмесце Трайчаны — пасяленне вакол Слуцкага Троіцкага манастыра. Пры Радзівілах пабудаваны новыя абарончыя ўмацаванні, цытадэль, распрацаваны рэгулярны план Новага горада. У 1630—40-я г. С. ператвораны ў горад-крэпасць, умацаваны землянымі валамі і ровам, бастыёнамі і равелінамі. Уваходы ў горад былі праз Віленскую, Капыльскую і Астроўскую мураваныя брамы з пад’ёмнымі мастамі, а таксама драўляную Навамейскую браму. У канцы 17—18 ст. пабудаваны касцёлы езуітаў (не захаваліся) і Слуцкі езуіцкі калегіум, ратуша. У 1840-я г. ў сувязі з буд-вам шашы парушана гіст. планіроўка горада. С. стаў развівацца на З і У, уздоўж шашы ўзводзіліся асн. мураваныя будынкі — паштовая станцыя, будынак дваранскага сходу (абодва класіцызм) і інш. У сярэдзіне 19 ст. ў С. існавалі 8 правасл. цэркваў, у т. л. Слуцкая Міхайлаўская царква, цэрквы Троіцкая, Вазнясенская (пабудавана ў 1782), саборная Успенская Мікалаеўская (пабудавана ў 1819 на месцы б. замкавай Прасвятой Багародзіцы 1509), Слуцкі касцёл і кляштар бернардзінцаў, 2 каталіцкія капліцы, 2 кальвінісцкія царквы (у 1617 пабудавана драўляная ў Новым горадзе Я.Радзівілам, у 1852 на яе месцы — мураваная, не захавалася), 2 сінагогі. Існавалі Слуцкі Ільінскі манастыр і Праабражэнскі мужчынскі манастыр. У канцы 18 ст. пабудаваны мураваны касцёл (не захаваўся). Паводле плана забудовы С. (1823) горад фарміраваўся з 2 частак, падзеленых ракой — яго кампазіцыйнай воссю. План прадугледжваў упарадкаванне вулічнай сеткі, буд-ва новых мураваных дамоў, зліццё цэнтра з ускраінамі. У 20 ст. С. забудоўваўся паводле генпланаў 1940, 1947 (арх. Г.Парсаданаў), 1962 (арх. В.Сушчыц, Н.Вайбовіч, А.Сідзельнікаў; усе ін-т «Белдзяржпраект», карэкціроўка апошняга ў 1971 у Мінскім філіяле ЦНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Р.Шэліхава, Т.Купрэева), 1977 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. М.Мызнікаў, Шэліхава, Купрэева), праекта дэталёвай планіроўкі 1978 (ін-т «Мінскграмадзянпраект», арх. П.Алфімава, А.Кракалёва), генплана 1987 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.Мусіенка, А.Байрачная). З 1990-х г. пашыраюцца гар. тэрыторыі, перавага аддаецца забудове сядзібнага тыпу. Зона адпачынку — берагі р. Случ, гар. парк культуры і адпачынку, вадасховішча Рудня.
У 1751—60 у С. дзейнічаў Слуцкі тэатр Радзівіла. паказы якога суправаджала Слуцкая капэла Радзівіла, працавалі таксама Слуцкая балетная школа, Слуцкая музычная школа. У 1936—41 працаваў калг.-саўг. т-р (маст. кіраўнік С.Тураў). Сярод пастановак: «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Позняе каханне», «Без віны вінаватыя» і «Жаніцьба Бальзамінава» А.Астроўскага, «Забаўны выпадак» К.Гальдоні і інш. У С. працуюць народныя т-р драмы і камедыі імя У.Галубка гар. Дома культуры (з 1961), маладзёжны т-р эстрады Слуцкага арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры райвыканкома (з 1990). узорныя т-р лялек «Усмешка» Цэнтра дзіцячай творчасці (з 1993), тэатр. студыя «Мельпамена» пры Цэнтры дзіцячай творчасці (з 1995) і інш. У С. брацкая магіла партызан грамадз. вайны, брацкія магілы сав. воінаў, партызан, ваеннапалонных і мірных жыхароў, магілы ахвяр фашызму. Помнікі: Вызваліцелям, у гонар 50-годдзя сав. улады, Соф’і Слуцкай (скульпт. М.Інькоў, 2000). Помнік археалогіі — гарадзішча стараж. С.