ЛЮНЕ́Т (ваен.),
палявое або доўгатэрміновае абарончае збудаванне (умацаванне), адкрытае з тылу. Складаўся з 1—2 франтальных валоў (фасаў) з ровам наперадзе і бакавых валоў для прыкрыцця флангаў. Будаваўся ў 17 — пач. 20 ст. на важных участках абарончых пазіцый. Памеры і форма Л. вызначаліся ў залежнасці ад умоў абстрэлу мясцовасці, напрамку агню сваіх войск і праціўніка, а таксама ад памеру гарнізона, які там размяшчаўся (1—4 роты). Тыл Л. прыкрываўся засекай або рэзервам.
т. 9, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЫКА-САНІТА́РНАЕ АБСЛУГО́ЎВАННЕ,
сістэма мерапрыемстваў па вырашэнні праблем аховы здароўя насельніцтва. Асн. функцыі: умацаванне і прафілактыка (у т. л. вакцынапрафілактыка) здароўя насельніцтва; лячэнне і рэабілітацыя хворых, правядзенне сан.гігіенічных мерапрыемстваў, ахова здароўя маці і дзіцяці, планаванне сям’і, сан. адукацыя, забеспячэнне насельніцтва рацыянальным і дабраякасным харчаваннем, пітной вадой, лек. сродкамі і інш. Ажыццяўляецца сістэмай лячэбна-прафілактычных устаноў (бальніцы, паліклінікі, дыспансеры, санаторыі, прафілакторыі, цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, цэнтры здароўя, дэзінфекц. станцыі, аптэчныя ўстановы і інш.).
Э.А.Вальчук.
т. 10, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАПУ́Р I (?—272),
правіцель Сасанідаў дзяржавы [239—272]. Сын Ардашыра I. Працягваў пачатае бацькам умацаванне і пашырэнне дзяржавы, усталяваў уладу Сасанідаў у Іране, далучыў да яе вял. вобласці на З і У ад Ірана. Вёў паспяховыя войны супраць Рым. імперыі, у 260 каля г. Эдэсы разбіў і ўзяў у палон рым. імператара Валерыяна і большую частку яго войска. Пры Ш. I у Іране праводзіліся ірыгацыйныя і буд. работы, заснавана шмат гарадоў; дзярж. рэлігіяй стаў зараастрызм.
т. 17, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГУ́Н Сяргей Раманавіч (1.2.1915, в. Пеклічы Любанскага р-на Мінскай вобл. — 2.9.1985),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1972), праф. (1972). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1947). З 1946 на парт. рабоце ў Мінску (прапагандыст, інструктар, кіраўнік лектарскай групы). З 1952 выкладчык Ін-та нар. гаспадаркі, з 1954 заг. кафедры Бел. ін-та механізацыі сельскай гаспадаркі. Аўтар манаграфій «Дзейнасць КПБ па перабудове і паляпшэнню працы Саветаў» (1962), «Умацаванне Саветаў Беларусі і павышэнне іх ролі ў будаўніцтве сацыялізму» (1970).
В.Г.Маскалёў.
т. 9, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЛЬНАЯ А́ФРА-МАЎРЫКІ́ЙСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (Organisation Commune Africaine et Mauricienne; ОКАМ),
аб’яднанне афрыканскіх дзяржаў. Створана на базе Афра-малагасійскага саюза (засн. ў 1961; з 1964 Афра-малагасійскі саюз эканам. супрацоўніцтва, у 1965—74 Агульная афра-малагасійская і маўрыкійская арг-цыя). Уваходзяць (1994): Бенін, Буркіна-Фасо, Кот-д’Івуар, Маўрыкій, Нігер, Руанда, Сенегал, Сейшэльскія Астравы, Тога, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР). Гал. мэта — умацаванне эканам., сац., тэхн. і культ. супрацоўніцтва краін-удзельніц. Вышэйшы орган — канферэнцыя кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Штаб-кватэра ў г. Бангі (ЦАР). Друкаваны орган час. «Nations Nouvelles» («Нацыянальныя навіны»).
т. 1, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НЗЕМАН (Hansemann) Давід (12.7.1790, г. Гамбург, Германія — 4.8.1864),
палітычны дзеяч Германіі. Належаў да плыні памяркоўных лібералаў. Заснаваў Т-ва страхавання ад пажару (1825), «Дысконтнае т-ва» (1851) і «Першае прускае іпатэчнае акц. т-ва» (1862—64). Чл. ландтага (парламента) Рэйнскай прав. (з 1845). У час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі міністр фінансаў, прэм’ер-міністр Прусіі (ліп.—вер. 1848), кіраваў Прускім банкам (да 1851). Выступаў за развіццё сеткі чыгунак, вырашэнне сац. пытанняў эканам. захадамі, скасаванне прывілеяў юнкерства, умацаванне і пашырэнне Герм. мытнага саюза і інш.
т. 5, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ СЦЯГ»,
штомесячны грамадска-паліт. і літ. часопіс, орган урада Беларускай Народнай Рэспублікі. Выдаваўся ў крас.—вер. 1922 у Каўнасе на бел. мове. Рэдактар-выдавец К.Дуж-Душэўскі. Гал. мэта выдання — абарона бел. дзяржаўнасці, павышэнне грамадскай свядомасці, умацаванне волі да барацьбы шляхам асвятлення ўсіх бакоў бел. жыцця. Разглядаў з нац.-дэмакр. пазіцый паліт. і грамадскія падзеі ў Зах. Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі і БССР, узнімаў пытанні вызв. руху і будучыні бел. народа. Публікаваў артыкулы па праблемах барацьбы за адраджэнне і незалежнасць Беларусі. Выйшлі 4 нумары.
Г.М.Зелянова.
т. 2, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФІРМА́ЦЫЯ (ад лац. confirmatio зацвярджэнне, умацаванне),
1) зацвярджэнне вярх. уладай суд. прыгавору, якое сустракаецца ў практыцы некаторых краін.
2) У заканатворчасці ВКЛ і Польшчы 16—18 ст. зацвярджэнне каралём заканад. актаў, якія прымаў сейм (сойм). Практыка К. ўведзена пастановай Люблінскага сейма 1569 аб уніі гэтых дзяржаў. Як вынік, Статут ВКЛ 1588 канфірмаваны Жыгімонтам III 28.1.158 8, пасля чаго быў уведзены ў дзеянне.
3) У каталіцтве — таінства мірапамазання, якое ўчыняецца над дзяцьмі 7—12 гадоў; у пратэстантызме — урачысты публічны абрад далучэння да царквы юнакоў і дзяўчат, якія дасягнулі 14—16 гадоў.
т. 8, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ КІНГ (Mackenzie King) Уільям Лаян (17.12.1874, г. Кітчэнер, Канада — 22.7.1950),
канадскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1909—11 міністр працы. У 1919—48 лідэр Ліберальнай партыі. У 1921—26, 1926—30 і 1935-48 прэм’ер-міністр Канады. У 2-ю сусв. вайну праводзіў курс на супрацоўніцтва Канады з дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі, пасля вайны — на ажыццяўленне сац. рэформ у краіне, умацаванне яе міжнар. прэстыжу (у 1945 Канада была адной з дзяржаў-заснавальніц ААН) і адзінства кан. нацыі (у 1946 прыняты закон аб кан. грамадзянстве).
т. 9, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
рэспубліканскае навук. грамадскае аб’яднанне. Засн. ў 1993 у Мінску. Аб’ядноўвае на добраахвотных пачатках спецыялістаў у галіне матэматыкі і яе дастасаванняў. Асн. мэты: садзейнічанне развіццю матэм. даследаванняў у Рэспубліцы Беларусь, павышэнне ўзроўню матэм. адукацыі і падрыхтоўкі навук. кадраў, умацаванне міжнар. сувязей і міжнар. аўтарытэту бел. матэматыкаў, абарона навук., прафес. і сац. інтарэсаў членаў аб’яднання. Ў сваёй дзейнасці кіруецца Статутам. Вышэйшы орган — з’езд т-ва. Выбарны кіруючы орган — савет. Прэзідэнт — І.В.Гайшун. Пры т-ве працуе пастаяннадзейны семінар «Матэматычныя даследаванні». Б.м.т. — чл. Еўрап. матэм. т-ва (з 1994).
Т.Б.Капейкіна.
т. 18, кн. 1, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)