АКРАБАЛІ́СТЫ (ад грэч. akrobolistēs стралкі),

воіны лёгкай конніцы ў Стараж. Грэцыі ў 6—4 ст. да н.э., узброеныя дроцікамі і лукамі. Звычайна вялі разведку, пачыналі бітву, гналіся за праціўнікам, які адступаў.

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІНЕ́РЫ,

сяляне-паўстанцы, узброеныя вертыкальна асаджанымі косамі. Назва замацавалася за сялянамі-добраахвотнікамі з першых паўстанцкіх атрадаў (батальёнаў) паўстання 1794. К. ўдзельнічалі ў бітвах каля в. Паляны, Ліпнішкі, Солы, Крупчыцы і інш. Яны складалі каля ⅓ агульнай колькасці паўстанцкіх атрадаў. К. называлі і ўзброеных косамі ўдзельнікаў паўстанняў 1830—31 і 1863—64.

У.​П.​Емельянчык.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАВІ́ЦКІ БОЙ 1942,

бой партызан злучэння Мінскай і Палескай абл. па разгроме апорнага пункта ням.-фаш. захопнікаў у в. Ламавічы Акцябрскага р-на 25 ліст. ў Вял. Айч. вайну. План аперацыі распрацаваў штаб партыз. злучэння. Атрады М.П. Бумажкова і «Чырвоны Кастрычнік» арганізавалі засады на пад’язных дарогах да вёскі; атрады А.І. Далідовіча, М.М. Розава, Дз.Ц. Гуляева, імя М.Ф. Гастэлы, узброеныя 3 гарматамі, штурмам авалодалі апорным пунктам. У ходзе бою падаўлена 12 дзотаў праціўніка. У баі была смяротна паранена сувязная Р.І.Шаршнёва.

т. 9, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНАНО́СЕЦ,

клас баявых надводных караблёў, прызначаных для знішчэння суднаў мінна-тарпеднай зброяй. Меў для самаабароны дробнакаліберныя гарматы або мітральезы (карцечніцы). Папярэднікі М. — катэры з жэрдкавымі мінамі, якія выкарыстоўваліся ў грамадз. вайну 1861—65 у ЗША і рус.-тур. вайну 1877—78, і мінаноскі — невял. караблі для дзеянняў каля берагоў, узброеныя самарушнымі мінамі — тарпедамі. Удасканальванне М. прывяло да стварэння мінных крэйсераў (канец 19 ст.), эскадраных мінаносцаў (перад 1-й сусв. вайной).

Р.​К.​Паўловіч.

Першы расійскі мінаносец «Узрыў». 1877.

т. 10, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНЯПО́ЕЗД,

браніраваны чыг. састаў, прызначаны для агнявой падтрымкі войск і вядзення самаст. баявых дзеянняў у паласе чыгункі. Апрача паравоза (цеплавоза) меў 2 і болей вагонаў або бронепляцовак, 2—4 платформы (у пачатку і канцы браняпоезда для засцярогі яго ад падрыву), на ўзбраенні 1—2 гарматы, 8 кулямётаў. Бронепаязды выкарыстоўваліся ў час 1-й сусв., грамадз. і 2-й сусв. войнаў. У Вял. Айч. вайне былі бронепаязды ППА, узброеныя зенітнымі гарматамі і кулямётамі, для прыкрыцця ад удараў з паветра буйных чыг. вузлоў і станцый.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,

ваенна-адм. адзінка, тэр. агульнавайсковае аб’яднанне, у якое ўваходзяць злучэнні, часці, ваенна-навучальныя і розныя мясц. ваенныя ўстановы. Падзел тэр. краіны на ваенныя акругі практыкуецца ў многіх дзяржавах і мае на мэце забяспечыць правядзенне мерапрыемстваў, звязаных з падрыхтоўкай краіны і ўзбр. сіл на выпадак вайны, больш мэтанакіравана арганізаваць падрыхтоўку войск і штабоў. Бываюць прыгранічныя і ўнутраныя В.а., звычайна іх называюць па найменнях гарадоў або мясцовасці, дзе дыслацыруюцца іх упраўленні. У СССР (паводле стану на 1991) існавала 16 ваенных акруг, адной з якіх была Беларуская ваенная акруга, на базе якой створаны Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБА́РУС ((Barbarus) Іаганес) (сапр. Варэс; 12.1.1890, хутар Кійза, воласць Хеймталі, Эстонія — 29.11.1946),

эстонскі паэт, дзярж. дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т (1914). У 1940 прэм’ер-міністр, у 1940—46 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета Эстоніі. Першыя зб-кі «Фата-Маргана» (1918) і «Чалавек і Сфінкс» (1919) створаны пад уплывам сімвалізму і акмеізму. Паэзія 1930-х г. прасякнута нянавісцю да фашызму і мілітарызму (зб-кі «Свет адкрыты», 1930; «Эстонская рэспубліка», 1932; «Кульмінацыя», 1932—34; «Рыбы на сушы», 1937; «Праз парог», 1939). Аўтар патрыят. вершаў і публіцыстыкі перыяду Вял. Айч. вайны (зб-кі «Узброеныя вершы», 1943; «На франтавых дарогах», 1944).

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВА́РДЫЯ ЛЮДО́ВА (Gwardia Ludowa),

узброеныя падп. і партыз. фарміраванні Польскай рабочай партыі ў 1942—43 у 2-ю сусв. вайну. Створана 6.1.1942 (першы партыз. атрад на чале з Ф.​Зубжыцкім пачаў дзейнічаць у маі 1942). Камендант (камандзір) Б.​Малоец, нач. Гал. штаба М.​Спыхальскі (1942) і Ф.​Юзвяк (1942—43). Асн. формы дзейнасці: дыверсіі, сабатаж, разведка, партыз. рух. У 2-й пал. 1942 налічвала больш за 11 тыс. чал., у т. л. 1400 у партыз. атрадах. Атрады Гвардыі Людовай дзейнічалі супраць ням.-фаш. акупац. улад у Люблінскім, Жэшаўскім, Кракаўскім, Келецкім ваяводствах, у Сілезіі, Лодзі і інш. месцах. 1.1.1944 на базе Гвардыі Людовай створана Армія Людова.

т. 5, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЁНСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1831 і 1834,

узброеныя выступленні рабочых і рамеснікаў, занятых у шаўкаткацкай вытв-сці г. Ліён (Францыя) у перыяд Ліпеньскай манархіі. Паўстанне 1831 пачалося 21 ліст. ў адказ на адмову ўладальнікаў мануфактур павысіць заработную плату і прыняць новыя расцэнкі. 23 ліст. паўстанцы авалодалі горадам, але 1—3 снеж. былі пераможаны ўрадавымі войскамі. Паўстанне 1834 мела пераважна рэсп. характар, было накіравана на заваяванне дэмакр. свабод і абарону правоў працоўных. Пачалося 9 крас. як пратэст супраць забароны рабочых асацыяцый і расправы ўлад над удзельнікамі стачкі (лют. 1834). Праходзіла пад кіраўніцтвам Аб’яднанага к-та рэсп.-дэмакр. арг-цый на чале з Ш.​Лагранжам. 15 крас. жорстка задушана войскамі.

т. 9, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТА́РЫЯ (італьян. Pataria ад назвы рынку старызнікаў у Мілане),

народны рух у 2-й пал. 11 ст. ў Мілане і інш. паўн.-італьян. гарадах супраць духавенства і гар. знаці. Пачалася ў Варэсе, Асты і Павіі выгнаннем епіскапаў, прызначаных імператарам, потым набыло форму рэліг. барацьбы прыхільнікаў Клюнійскай рэформы, якія патрабавалі незалежнасці манастыроў ад свецкай улады і ад епіскапаў, непасрэднага падпарадкавання папе, забароны сіманіі, прытрымлівання цэлібату. Рым. папа Віктар II (1055—57) пракляў правадыроў руху, папа Грыгорый VII падтрымаў П. Узброеныя сутычкі адбыліся ў Мілане, Брэшыі, Парме і П’ячэнцы. П. задушана ў 1080-я г. Садзейнічала ўтварэнню ў Паўн. Італіі ў 11 — пач. 12 ст. гарадоў-камун.

т. 12, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)