ПО́ЛЬСКАЯ АБ’ЯДНА́НАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ПАРП; Polska Zjednoczona Partia Robotnicza),

створана 15.12.1948 у выніку аб’яднання Польскай рабочай партыі і Польскай сацыялістычнай партыі. 1-ы з’езд ПАРП (снеж. 1948) ухваліў курс на паскораную пабудову ў Польшчы сацыялізму, хуткае развіццё цяжкай прам-сці, каапераванне сялянскіх гаспадарак. У выніку гэтага ў краіне быў усталяваны рэжым на ўзор тагачаснай сав. мадэлі на чале з 1-м сакратаром ЦК ПАРП Б.Берутам. Пасля выступлення рабочых у Познані (чэрв. 1956) пленум ЦК ПАРП у кастр. 1956 абраў кіраўніком ПАРП У.Гамулку. Была скарэкціравана эканам. лінія (адмова ад прымусовага кааперавання), прыняты меры па дэмакратызацыі паліт. і грамадскага жыцця, што спрыяла стабілізацыі эканомікі і грамадства. Пагаршэнне эканам. становішча ў канцы 1960-х г., забастоўкі на Балт. узбярэжжы ў снеж. 1970 прывялі да адстаўкі Гамулкі і прызначэння ген. сакратаром ЦК ПАРП Э.Герака. Новае кіраўніцтва ПАРП праводзіла палітыку пашырэння знешнеэканам. сувязей Польшчы, што спрыяла эканам. ўздыму краіны ў 1970-я г. Але з пачаткам у 1980 эканам. заняпаду ў грамадстве павялічылася незадаволенасць уладай ПАРП, што выявілася ў масавых забастоўках у жн. 1980 і адхіленні Герака ад пасады. Эканам. крызіс і супрацьстаянне з прафс. аб’яднаннем «Салідарнасць» прымусілі кіраўніцтва ПАРП на чале з В.Ярузельскім увесці ў Польшчы ў снеж. 1981 ваен. становішча. У студз. 1989 у выніку перагавораў з апазіцыяй лідэры ПАРП згадзіліся на правядзенне свабодных выбараў, якія адбыліся ў ліп. 1989. На іх ПАРП страціла большасць у сейме Польшчы. У студз. 1990 11-ы з’езд ПАРП прыняў рашэнне аб самароспуску і стварэнні партыі Сацыял-дэмакратыя Рэспублікі Польшча.

т. 12, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕНТА́РНАЯ РЭФО́РМА 1840—50-х ГАДО́Ў,

спроба ўрада Расійскай імперыі рэгуляваць адносіны паміж памешчыкамі і прыгоннымі сялянамі ўвядзеннем абавязковых інвентароў у Літве, Беларусі і Правабярэжнай Украіне. Была адной з мер паліт. супакаення краю пасля паўстання 1830—31. У 1840 Камітэт na справах заходніх губерняў 1832—48 пачаў выпрацоўваць умовы рэформы. 27.4.1844 цар зацвердзіў «Палажэнне», паводле якога ў зах. губернях ствараліся «Камітэты для разгляду і складання інвентароў памешчыцкім маёнткам», у склад якіх уваходзілі царскія чыноўнікі і прадстаўнікі мясц. дваранства. На працягу 1846—48 абавязковыя інвентары ўведзены ва ўсіх памешчыцкіх маёнтках зах. і цэнтр. Беларусі (Віленская, Гродзенская і Мінская губ.). Тут памер асн. павіннасцей залежаў ад велічыні і якасці зямельнага ўчастка і вызначаўся ў ​1/3 валавога даходу селяніна. За карыстанне лесам, пашай, вадаёмам і інш. вызначаліся дадатковыя павіннасці. Памешчыкі Віцебскай і Магілёўскай губ. выступілі супраць такой сістэмы і лічылі магчымым увесці інвентары пры ўмове захавання трохдзённай паншчыны з рабочай душы ў тыдзень. Па ўсіх маёнтках гэтых губерняў інвентары былі складзены ў 1849, але ўвесці іх у дзеянне ўрад не рашыўся з прычыны перавышэння ў іх норм феад. эксплуатацыі, якія фактычна існавалі. У 1852 прыняты ўказ аб увядзенні ва ўсіх бел. і літоўскіх губ. інвентарных правіл, зацверджаных у 1848 для губерняў Правабярэжнай Украіны, паводле якіх сялянам пакідалася зямля, што была ў іх карыстанні. Перагляд і выпраўленне інвентарных правіл цягнуліся да 1857, калі пачалася падрыхтоўка адмены прыгоннага права. Да гэтага часу абавязковыя інвентары ўведзены ў дзеянне прыкладна ў дзесятай частцы памешчыцкіх маёнткаў Віцебскай і Магілёўскай губ. Нягледзячы на прыгонніцкую абмежаванасць рэформы, абавязковыя інвентары афіцыйна ставілі мяжу памешчыцкай уладзе і адкрывалі некаторыя магчымасці для адстойвання сялянамі сваіх інтарэсаў.

У.​А.​Сосна.

т. 7, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ НАСТУПА́ЛЬНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

баявыя дзеянні сав. войск 1-га Укр. фронту (камандуючы ген. арміі М.Ф.Ватуцін) супраць асн. сіл ням.-фаш. групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.​Манштэйн) у Вял. Айч. вайну; частка бітвы за Дняпро 1943. Праведзена 3—13.11.1943 з мэтай разгрому кіеўскай групоўкі праціўніка і вызвалення сталіцы Украіны. Аперацыі папярэднічалі 2 няўдалыя наступленні войск 1-га Укр. фронту на Кіеў (12—15 і 21—23 кастр.) з Букрынскага (на Пд ад Кіева) і Люцежскага (на Пн ад Кіева) плацдармаў. У адпаведнасці з загадам Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання асн. ўдар фронту быў перанесены на Пн ад Кіева (38, 60 і 13-я арміі), а войскі перагрупаваны (3-я гв. танк. армія, 23-і стралк. корпус, 7-ы артыл. корпус прарыву і інш. перадыслацыраваны з Букрынскага плацдарма на Люцежскі, дзе створана перавага над праціўнікам па пяхоце ў 3 разы, па артылерыі ў 4,5 раза, па танках у 9 разоў). Каб увесці праціўніка ў зман адносна напрамку гал. ўдару, 1 ліст. наступленне пачалі войскі Букрынскага плацдарма. 3 ліст., у абыход Кіева з З, пачалі паспяхова наступаць сав. войскі з Люцежскага плацдарма. 6 ліст. яны вызвалілі Кіеў, 13 ліст. — г. Жытомір, стварыўшы на правым беразе Дняпра моцны стратэг. плацдарм. Працягам К.н.а. была Кіеўская абарончая аперацыя 13.11—22.12.1943, у ходзе якой сав. войскі 20 ліст. пакінулі Жытомір, а на правым флангу фронту працягвалі наступленне да канца ліст. і вызвалілі шмат населеных пунктаў, у т. л. г. Оўруч (18 ліст.), бел. райцэнтры Брагін, Хойнікі (абодва 23 ліст.) і Нароўля (30 ліст.), пасля чаго таксама перайшлі да абароны.

Літ.:

Кузнецов Б.И. На Киевском направлении: (К 40-летию освобождения Киева). М., 1983;

В битве за Киев: Воспоминания, очерки. Киев, 1983.

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІКІ́М,

штат Індыі, ва ўсх. Гімалаях. Мяжуе з Непалам, Кітаем, Бутанам. Пл. 7,3 тыс. км². Нас. каля 500 тыс. чал. (2001) — народы тыбецкага паходжання, выхадцы з Непала і Бенгаліі. Адм. ц. — г. Гангтак. С. — горная краіна. Горы выш. 6—8 тыс. м на Пн (г. Канчэнджанга, выш. 8585 м), каля 2 тыс. м на Пд. Клімат мусонны, у далінах умераны, у гарах халодны. У далінах сярэднія т-ры паветра ў студз. каля -4 °C, у ліп. каля 16—18 °C. Ападкаў каля 3000 мм за год. Лістападныя і хвойныя лясы займаюць каля 50% тэрыторыі. Развіта пераважна сельская гаспадарка. У далінах рэк вырошчваюць рыс, кукурузу, батат, сою. С. — гал. пастаўшчык кардамону на сусв. рынак. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Лесанарыхтоўкі. Здабыча і перапрацоўка поліметал. руды. Невял. прадпрыемствы харч. і тэкст. прам-сці. Саматужныя промыслы (рэчы хатняга ўжытку, разьба па дрэве, вырабы з серабра, дываны). Транспарт аўтамабільны і ўючны. Турызм.

Стараж. насельніцтва С. — племя лепча. З 13 ст. тут з’явіліся выхадцы з Тыбета — бхотыя. З 16 ст. на тэр. С. пашырыўся будызм у форме ламаізму. У пач. 17 ст. склалася самаст. княства С. на чале з правіцелямі (чаг’яламі) тыбецкага паходжання, якое было ў васальнай залежнасці ад Тыбета. У пач. 19 ст. падпарадкаваны Вялікабрытаніяй. З 1861 С. — брыт. пратэктарат (афіцыйна пацверджана англа-кіт. канвенцыяй 1890), а пасля заваявання Індыяй незалежнасці (1949) — інд. пратэктарат. Шматлікія паўстанні супраць дэспатычнай улады чаг’ялаў прымусілі Індыю ў 1974 увесці ў С. свае войскі. Была абрана Нац. асамблея С. У крас. 1975 на рэферэндуме большасць яго насельніцтва ўхваліла далучэнне С. да Індыі. З мая 1975 С. — 22-гі штат Індыі.

В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

т. 14, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК),

орган паліт. прадстаўніцтва бел. нац. руху ў сак.—ліп. 1917. Створаны ў Мінску з’ездам беларускіх нацыянальных арганізацый для выпрацоўкі ў кантакце з Часовым урадам асноў аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі і падрыхтоўкі выбараў у Бел. краёвую раду. У склад БНК на з’ездзе выбраны Р.​А.​Скірмунт (старшыня), П.​П.​Аляксюк, У.​С.​Фальскі (нам. старшыні), Б.​А.​Тарашкевіч (сакратар), Л.​Заяц (скарбнік), А.​А.​Смоліч, Э.​А.​Будзька, В.​Гадлеўскі, Я.​С.​Канчар, І.​І.​Краскоўскі, А.​Л.​Бурбіс, К.​К.​Кастравіцкі (Карусь Каганец), Бабарыкін, Ф.​Г.​Шантыр, М.​С.​Кахановіч, В.​Л.​Іваноўскі, Л.​І.​Дубейкаўскі, З.​Х.​Жылуновіч. БНК меў права кааптацыі іншых членаў. Склікаў краёвы сялянскі з’езд (крас. 1917), які падтрымаў агр. праграму Беларускай сацыялістычнай грамады і выказаўся за заснаванне на месцах сял. арг-цый пад эгідай БНК. Для перагавораў з Часовым урадам накіраваў у Петраград дэлегацыю на чале са Скірмунтам з прапановамі абвясціць Расію федэратыўнай рэспублікай, дэмакратызаваць органы мясц. самакіравання, увесці ў школах краю бел. мову, гісторыю Беларусі і інш. краязнаўчыя дысцыпліны, кампенсаваць насельніцтву страты, прычыненыя ваен. дзеяннямі. Часовы ўрад згадзіўся наладзіць з БНК пастаянны кантакт, аднак паліт. платформу к-та не падтрымаў. Адсутнасць выразнай пазіцыі па агр. пытанні і знаходжанне на чале к-та Скірмунта, які быў вядомы як прыхільнік памешчыцкага землеўладання, давалі паліт. апанентам падставу абвінавачваць БНК у ахове інтарэсаў памешчыкаў, пазбаўляла яго адчувальнай падтрымкі з боку народа. 1-ы з’езд сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. (крас. 1917) і з’езд настаўнікаў Мінскай губ. (май 1917) адхілілі прапановы БНК адносна будучага дзярж. і культ. статуса Беларусі. У маі 1917 са згоды Часовага ўрада БНК прызначыў юрыстаў Г.​В.​Багдановіча і Я.​Л.​Бруевіча сваімі прадстаўнікамі ў Асобую нараду па распрацоўцы палажэння аб выбарах ва Устаноўчы сход. БНК займаўся культ.-асв. дзейнасцю, пад яго эгідай заснавана Т-ва бел. культуры, 24—25.6.1917 к-т правёў «Дні вольнай Беларусі». Друк. орган — газ. «Вольная Беларусь». Скасаваны з’ездам беларускіх арганізацый і партый.

С.​С.​Рудовіч.

т. 2, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848—49 У А́ЎСТРЫІ,

адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе. Фактычна ч. рэвалюцыі 1848—49 у Германіі, але мела сваю спецыфіку, якая была абумоўлена шматнац. складам насельніцтва Аўстр. імперыі. Пад уплывам паўстання 22.2.1848 у Парыжы (гл. Рэвалюцыя 1848 у Францыі) 13 сак. пачалося паўстанне ў Вене. Пад яго націскам аўстр, канцлер К.В.Метэрніх падаў у адстаўку, а імператар Фердынанд І абяцаў увесці канстытуцыю. 17 сак. створаны ўрад, адказны перад будучым парламентам; 25 крас. выдадзена канстытуцыя, якая абвяшчала дэмакр. свабоды і прадугледжвала стварэнне двухпалатнага парламента пры захаванні за імператарам выканаўчай улады, у т. л. права абсалютнага вета на рашэнні парламента; 11 мая прыняты выбарчы закон, які ўстанавіў высокі маёмасны цэнз. Гэтыя законы выклікалі незадаволенасць у грамадстве і прывялі да паўстання 15—16 мая ў Вене. Імператар быў вымушаны пакінуць сталіцу. У выніку новых выступленняў 26 мая ўлада ў Вене перайшла да К-та грамадскай бяспекі на чале з радыкальным дзеячам А.​Фішгафам. Гэта прымусіла аўстр. ўрад выдаць новы выбарчы закон, які скасаваў маёмасны цэнз. Яшчэ раней быў прыняты закон пра стварэнне аднапалатнага Заканад. сходу (рэйхстага). Адначасова актывізаваўся рух славянскіх народаў імперыі. 2 чэрв. ў Празе пад старшынствам Ф.Полацкага адкрыўся Славянскі з’езд. Яго ўдзельнікі стаялі за пераўтварэнне Аўстр. імперыі ў канстытуцыйную федэратыўную манархію, на пазіцыях аўстраславізму і супраць уключэння Чэхіі ў агульнагерм. дзяржаву. Прага была ахоплена масавымі нар. выступленнямі, якія да 17 чэрв. былі задушаны аўстр. войскамі. У гэтых абставінах адбыліся выбары ў рэйхстаг, і 22 чэрв. ён пачаў сваю працу, прыняў закон пра скасаванне феад. павіннасцей сялян на аснове іх выкупу пры дапамозе дзяржавы. У пач. кастр. імператар вырашыў накіраваць войска венскага гарнізона на задушэнне венгерскай рэвалюцыі. Гэта выклікала паўстанне жыхароў сталіцы, што прымусіла імператара зноў пакінуць Вену. На задушэнне паўстання накіраваны войскі на чале з фельдмаршалам А.Віндзішгрэцам. 30 кастр. яны разбілі венг. войскі, якія ішлі на дапамогу Вене, а 1 ліст. ўзялі аўстр. сталіцу штурмам. Пасля паражэння Кастр. паўстання створаны новы ўрад на чале з князем Ф.​Шварцэнбергам. Ён прымусіў Фердынанда І адрачыся ад прастола на карысць свайго пляменніка Франца Іосіфа І, які ў сак. 1849 абвясціў увядзенне канстытуцыі; рэйхстаг быў разагнаны.

Літ.:

Авербух Р.А. Революция в Австрии (1848—1849 гг.). М., 1970;

Освободительны движения народов Австрийской империи: Возникновение и развитие. Конец XVIII—1849 г. М., 1980.

П.​А.​Тупік.

т. 13, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГІМО́НТ III Ваза

(20.6.1566, Грыпсхальм, Швецыя —30.4.1632),

вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1587—1632], у ВКЛ Жыгімонт IV; кароль Швецыі [1592—99]. Сын караля Швецыі Юхана (Яна) III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога. Абраны на трон Польшчы і ВКЛ пасля смерці Стафана Баторыя. Каб замацаваць свае пазіцыі сярод бел.-літ. магнатаў і шляхты, Ж. III выдаў 28.1.1588 у Кракаве прывілей, які зацвярджаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці бацькі ў 1592 заняў шведскі трон. Палітыка Ж. III па аднаўленні пазіцый каталіцкай царквы ў Швецыі правалілася, у 1599 пратэстанты скінулі яго з трона. Да канца жыцця рабіў намаганні вярнуць швед. карону, пачаў вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але быў вымушаны паспрыяць прыняццю пастаноў сеймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўным. Прапаноўваў планы далучэння Маскоўскай дзяржавы да Рэчы Паспалітай як члена федэрацыі разам з Польшчай і ВКЛ. Падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, Ілжэдзмітрыя II. Пасля запрашэння царом Васілём Шуйскім швед. корпуса для барацьбы з войскамі Лжэдзмітрыя II Ж. III пачаў вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У выніку разгрому рас. арміі каля Клушына (1610) Васіль Шуйскі быў скінуты з трона, маскоўскія баяры і гараджане абвясцілі царом сына Ж. III — каралевіча Уладзіслава Жыгімонтавіча (гл. Уладзіслаў IV Ваза). Да Дэулінскага перамір’я 1618 Ж. III дапамагаў сыну як «маскоўскаму цару». Намаганні Ж. III увесці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, спадчыннасць трона (а не выбары караля), зменшыць ролю палаты дэпутатаў (пасольскай ізбы), выклікалі ў 1606 рокаш (легальны мяцеж шляхты), які ўзначаліў гетман надворны каронны М.​Зебжыдоўскі. У ліп. 1607 каля Гузава ракашане пацярпелі паражэнне. Рокаш скончыўся кампрамісам. Сейм абвясціў амністыю, зацвердзіў шляхецкія вольнасці, непарушнасць права выбару караля, пастаянную прысутнасць сенатараў для кантролю за яго дзеяннямі. Ж. III праводзіў актыўную палітыку ў паўд. напрамку. З-за свайго ультракаталіцызму падтрымліваў імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў яго барацьбе супраць Чэхіі і Трансільваніі, што выклікала пастаянныя напады на Украіну і паўд. Польшчу крымскіх татар і туркаў, саюзнікаў Трансільваніі. У 1620 польск. войска было разбіта туркамі каля Цацоры. Рэванш, атрыманы ім у 1621 пад Хацінам, не быў выкарыстаны з-за нерашучасці Ж. III. Шмат у чым палітыка Ж. III прывяла да далейшага заняпаду дзяржавы і змяншэння яе ролі ў еўрап. паліт. жыцці 17 ст.

Літ.:

Podhorodecki L. Wazowie w Polsce. Warszawa, 1985;

Wisner H. Zygmunt III Waza. Wrocław etc., 1991.

А.​П.​Грыцкевіч.

Жыгімонт III Ваза.

т. 6, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848 У ФРА́НЦЫІ,

першая з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе, якая прывяла да скасавання рэжыму Ліпеньскай манархіі і ўсталявання ў Францыі Другой рэспублікі. Пачалася на хвалі вострай незадаволенасці грамадства эканам. становішчам, панаваннем у паліт. жыцці буйной фін. буржуазіі, адсутнасцю ўсеагульнага выбарчага права, уціскам грамадз. свабод. Рэвалюцыі папярэднічала шырокая паліт. кампанія апазіцыі ў форме банкетаў у падтрымку выбарчай рэформы Забарона аднаго з такіх банкетаў выклікала 22.2.1848 у Парыжы масавыя дэманстрацыі, якія 23—24 лют. перараслі ў нар. паўстанне. У выніку кароль Луі Філіп вымушаны быў адрачыся ад прастола і пакінуць Францыю. У сфарміраваны 24 лют. часовы ўрад Францыі ўвайшлі як памяркоўныя рэспубліканцы, т.зв. паліт. дэмакраты са старой паліт. эліты (А.Ламарцін, Ж.​Ш.​Дзюпон дэ л’Эр, Л.​А.​Гарнье-Пажэс, І.​А.​Крэм’ё, А.​А.​Ледру-Рален), так і сацыялісты (Ж.Ж.Л.Блан і кіраўнік адной з тайных суполак рабочы А.Альбер). 25 лют. часовы ўрад абвясціў Францыю рэспублікай. Пад націскам патрабаванняў рабочых аб праве ўсіх на гарантаваную працу 25 лют. ўрад дэкрэтаваў гэта права: створаны нацыянальныя майстэрні, Люксембургская камісія для распрацоўкі мер па паляпшэнні становішча працоўных. 4 сак. абвешчана ўсеагульнае выбарчае права. Адначасова цяжкое фін. становішча прымусіла ўрад увесці дадатковы 45%-ны падатак, які закрануў інтарэсы дробных уласнікаў. На выбарах ва Устаноўчы сход (23—24 крас.) большасць галасоў атрымалі паліт. дэмакраты, а сацыялісты і сац.-дэмакраты пацярпелі паражэнне. Трэць месцаў у Сходзе атрымалі кансерватары розных манархісцкіх груповак. 4 мая першае пасяджэнне Сходу пацвердзіла абвяшчэнне рэспублікі. У створаны Сходам урад — Выканаўчую камісію — сацыялісты не ўвайшлі. 15 мая масавая дэманстрацыя на чале з А.Бланкі і інш. радыкаламі спрабавала захапіць будынак парламента і разагнаць Устаноўчы сход. Гэтыя падзеі паскорылі палярызацыю паліт, сіл у Францыі. Роспуск урадам 21 чэрв. нац. майстэрняў выклікаў 23—26 чэрв паўстанне рабочых Парыжа. Яно было жорстка задушана нац. гвардыяй на чале з ген. Л.Э.Кавеньякам, які фактычна і ўзначаліў рэсп. ўрад. 4 ліст. Устаноўчы сход прыняў канстытуцыю, якая ўсталявала ў Францыі прэзідэнцкую рэспубліку з аднапалатным парламентам. На прэзідэнцкіх выбарах 10 снеж. прэзідэнтам Францыі абраны Луі Напалеон Банапарт (гл. Напалеон III), які 2.12.1851 здзейсніў дзярж. пераварот, што азначала канчатковае паражэнне рэвалюцыі.

Літ.:

Застенкер Н. Революция 1848 г во Франции. М., 1948;

Революции 1848—1849 Т. І—2. М., 1952;

Собуль А. Из истории Великой буржуазной революции 1789—1794 гг. и революции 1848 г. во Франции: Пер. с фр. М., 1960.

П.​А.​Тупік.

т. 13, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ У́НІЯ 1596,

акт пра арганізацыйнае аб’яднанне правасл. царквы з каталіцкай на тэр. Рэчы Паспалітай, абвешчаны 9.10.1596 на царк. саборы ў Брэсце (праходзіў 6—10.10.1596). Зацверджана каралём Жыгімонтам III Вазай. Паводле Брэсцкай уніі правасл. царква прызнавала вяршэнства папы рымскага і каталіцкі догмат аб зыходжанні Св. Духа не толькі ад Бога-айца, але і ад Бога-сына (з часам прынята і іншая каталіцкая дагматыка) і ператваралася ў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву. Аднак уніяцкая царква захоўвала ўласную арганізац. структуру і іерархію, многія правасл. абрады, царк.-слав. і бел. мовы (на Украіне — укр.) у богаслужэнні, рэліг. л-ры, казаннях. Прыняцце Брэсцкай уніі праводзілася на аснове Фларэнційскай уніі 1439, якую спрабаваў увесці ў ВКЛ у сярэдзіне 15 ст. мітрапаліт Грыгорый Балгарын. Гал. прычынай заключэння уніі было імкненне да кансалідацыі царк. і свецкіх феадалаў ВКЛ і Польшчы пасля Люблінскай уніі 1569. Правасл. іерархі ВКЛ не жадалі падпарадкоўвацца маск. патрыярху, які прыняў гэты тытул у 1589 і меў намер пашырыць сваю ўладу на ўсю тэр. б. Кіеўскай Русі. Адначасова яны разлічвалі атрымаць усе прывілеі каталіцкіх біскупаў, абаперціся на падтрымку каталіцкай царквы ў нарастаючым канфлікце з брацтвамі і ў барацьбе з рэфармацыйным рухам. Папства праз Брэсцкую унію імкнулася пашырыць свой уплыў на Усход. Гал. тэарэтыкам уніі быў польскі езуіт П.Скарга, які абгрунтаваў сваю задуму ў кнізе «Пра еднасць касцёла Божага» (1577). Непасрэднымі ініцыятарамі падпісання Брэсцкай уніі сталі епіскап уладзімірскі і берасцейскі І.​Пацей і епіскап луцкі і астрожскі К.​Цярлецкі, якія ў 1595—96 наведалі Рым і падрыхтавалі з папам Кліментам VIII тэкст уніі. Унію падтрымала большасць іерархаў, у т. л. мітрапаліт кіеўскі М.​Рагоза, які захаваў свой тытул. Аднак частка духавенства і свецкіх феадалаў на чале з кн. К.​Астрожскім не прыняла Брэсцкую унію і правяла ў Брэсце свой сабор адначасова з уніяцкім. Правасл. царква ў Рэчы Паспалітай захавалася як самастойная побач з грэка-каталіцкай. Частка насельніцтва (асабліва мяшчане) змагаліся супраць уніі, аднак у канцы 18 ст. уніятамі было ўжо 75% жыхароў Беларусі. Брэсцкая унія скасавана ў Рас. імперыі Полацкім царкоўным саборам 1839 (за выключэннем Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ., дзе уніяцтва існавала да 1875), у 1946 — у зах. абласцях Украіны (б. Галіцыя, знаходзілася ў складзе Аўстра-Венгрыі). Пра гісторыю уніяцтва гл. ў арт. Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква.

Літ.:

Коялович М.О. Литовская церковная уния. Т. 1—2. СПб., 1859—61;

Жукович П.М. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—12;

Мараш Я.Н. Роль Ватикана в подготовке и утверждении Брестской унии 1596 г. // Вопросы истории религии и атеизма: Сб. ст. М., 1963. Т. 11;

Никольский Н.М. История русской церкви. Мн., 1990;

Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie I Rusi w XVIII і XIX wieku. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1906;

Panucevič V. Bierasciejskaja vunija. Chicago, 1972.

т. 3, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (БНР),

абвешчана ў 1918. Ідэю афармлення бел. дзяржаўнасці выпрацоўвалі ў 1915—18 розныя партыі і арг-цыі, у т. л. Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група (БСДРГ), Беларускі народны камітэт, Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Напачатку разглядаліся варыянты: аўтаномія ў складзе дэмакр. Рас. федэрацыі, літоўска-бел. канфедэрацыя, незалежная бел. дзяржава. Ідэя БНР упершыню выказана на Усебеларускім з’ездзе 1917. Незалежніцкія настроі ў бел. руху ўзмацніліся пасля разгону Усебел. з’езда. Удзельнікі Беларускай канферэнцыі 1918 (Вільня) і выбраная на ёй Віленская беларуская рада (ВБР) не адмаўляліся ад ідэі бел.-літ. канфедэрацыі, але пасля абвяшчэння 16.2.1918 незалежнасці Літвы цалкам сталі на незалежніцкія пазіцыі.

Пасля зрыву мірных перагавораў у Брэсце і наступлення Германіі (18.2.1918) Аблвыкамзах і СНК Зах. вобласці і фронту 19.2.1918 перабраліся з Мінска ў Смаленск. Дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на Беларусі да склікання Устаноўчага сейма. 21.2.1918 Выканком Рады прыняў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі і стварыў першы ўрад Беларусі — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Я.​Я.​Варонкам. Аднак Выканком яшчэ трымаўся рэзалюцыі з’езда, паводле якой Беларусь павінна была ўвайсці ў склад Рас. дэмакр. рэспублікі як аўтаномная адзінка з рэсп. ладам. Пасля падпісання Брэсцкага міру 1918 незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся. Выканком Рады Усебел. з’езда прыняў 9.3.1918 Другую Устаўную грамату да народаў Беларусі, якой краіна фармальна абвяшчалася Бел. Нар. Рэспублікай. 18.3.1918 Рада Усебел. з’езда ператворана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.3.1918 прынята Трэцяя Устаўная грамата, якой Беларусь была абвешчана незалежнай і свабоднай дзяржавай. Але незалежная Беларусь не адпавядала інтарэсам суседніх дзяржаў: Расія і Польшча лічылі яе часткай сваёй тэрыторыі; на часткі зямель Беларусі прэтэндавалі Літва, Украіна, Латвія. Праціўнікамі незалежнай бел. дзяржавы былі польск. і рус. арг-цыі на Беларусі, пэўныя яўр. колы. Германія таксама не прызнала акт 25 сак., бо разглядала Беларусь як заклад пад кантрыбуцыю, якую ёй абавязалася выплаціць РСФСР. Такія абставіны вымусілі кіраўніцтва БНР пайсці на аб’яднанне з апазіцыйнымі дзеячамі «Менскага беларускага прадстаўніцтва» (П.​П.​Аляксюк, Р.​А.​Скірмунт і інш.), што выступалі супраць нацыяналізацыі зямлі і за бел.-герм. збліжэнне. 25.4.1918 яны разам са старшынёй Рады БНР І.​М.​Серадой, старшынёй Нар. сакратарыята Варонкам, А.​Аўсянікам, П.​А.​Крачэўскім, Я.​Ю.​Лёсікам ад імя ўсёй Рады ў тэлеграме на імя кайзера Вільгельма II заявілі, што добрую будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Гэта стала адной з прычын расколу БСГ і крызісу ўрада БНР. У маі 1918 створана часовая Рада пяцёх сацыялістаў-федэралістаў на чале з Варонкам, але правыя лідэры адхілілі яе і стварылі новы ўрад БНР на чале са Скірмунтам. Такім чынам, з’явіліся 2 урады БНР, што выклікала абурэнне левых. У чэрв. створаны кааліцыйны ўрад (увайшлі правыя і левыя) на чале з Серадой, старшынёй Рады БНР стаў Лёсік. Герм. ваен. камандаванне, разглядаючы Раду БНР як пасрэдніка паміж ням. ўладамі і бел. народам, перадало ў кампетэнцыю Нар. сакратарыята гандаль, прам-сць, сац. апеку, асвету і культуру. Нар. сакратарыят БНР прыкладаў намаганні для арганізацыі бел. нац. інстытутаў, прыняў пастанову аб дзярж. статусе бел. мовы. Працавалі ад 150 да 350 бел. школ, гімназіі ў Будславе, Мінску, Навагрудку, Слуцку, Гродне, Свіслацкая настаўніцкая семінарыя і Мінскі пед. ін-т. У крас. 1918 засн. Мінская вышэйшая муз. школа, Каталіцкая духоўная семінарыя, створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Бел. ун-та ў Мінску. У Вільні створана Бел. навук. т-ва. Працавалі выдавецтвы, выходзілі бел. газеты, ствараліся культ.-асв. т-вы, тэатр. калектывы. Летам 1918 адкрыты консульствы БНР на Украіне і ў Літве, дыпламат. місіі накіраваны ў шэраг еўрап. краін, уводзіўся пашпарт БНР, у т. л. дыпламатычны, узаконены бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Пасля паражэння Германіі на Зах. фронце і пачатку эвакуацыі ням. войскаў БНР засталася безабароннаю перад бальшавікамі і польск. легіёнамі. Гэтыя абставіны падштурхнулі да Рады БНР прадстаўнікоў нац. меншасцяў і іх правых партый. У такой сітуацыі на чале ўрада стаў дзеяч бел. руху А.​І.​Луцкевіч, Нар. сакратарыят перайменаваны ў Раду Народных Міністраў. 11.10.1918 Рада БНР зацвердзіла часовую канстытуцыю. Урад Луцкевіча гатовы быў увесці на Беларусі сав. канстытуцыю пры ўмове прызнання Сав. Расіяй незалежнасці БНР. Аднак гэта прапанова не была прынята Масквой. У снеж. 1918 урад БНР пераехаў у Вільню, потым у Гродна (лічылася сталіцай БНР да вер. 1919, пакуль Рада БНР не вярнулася ў Мінск). У Гродне дзейнічалі 2 дзярж. структуры: урад БНР і Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У гэты час урад БНР выступаў супраць прэтэнзій Польшчы на бел. тэрыторыі і прызыву беларусаў у Войска Польскае, дамагаўся права на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі. Абвяшчэнне 1.1.1919 Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі дзеячы БНР успрынялі як перамогу іх справы, аднак разглядалі гэты акт як тактычны крок бальшавікоў. У 1919 прадстаўнікі Рады БНР, ВБР, Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны вялі кансультацыі і перагаворы з польск. ўладамі, спадзеючыся на іх дапамогу ў будаўніцтве бел. дзяржавы і аб’яднанні бел. зямель. Аднак урад Пілсудскага не прызнаў права Беларусі на дзярж. самастойнасць, хоць у 1919—20 у Латвіі, Літве, Эстоніі, Чэхаславакіі, Балгарыі, Фінляндыі, Турцыі працавалі дыпламат. і вайскова-дыпламат. місіі, консульствы і прадстаўніцтвы БНР. Рада ў выніку складанага ваенна-паліт. становішча не змагла рэалізаваць ідэю дзярж. суверэнітэту БНР. Пазіцыю с.-д. кіраўніцтва БНР не падтрымалі сацыялісты-рэвалюцыянеры і сацыялісты-федэралісты, абвінаваціўшы яго ў згодніцтве і здрадзе, і патрабавалі дадатковых выбараў у Раду БНР. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У сак.—маі 1920 Найвышэйшая рада працягвала перагаворы з польск. ўладамі адносна дзярж. ўладкавання Беларусі. Нар. рада шукала кантакты з РСФСР, але іх намаганні аказаліся марнымі з прычыны савецка-польскай вайны 1920, падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР, Рыжскага мірнага дагавора 1921. Падзел тэр. Беларусі [далучэнне Зах. Беларусі да Польшчы і знаходжанне Віцебскай і Магілёўскай (Гомельскай) губ. у складзе РСФСР] прывёў да стварэння адзінага бел. нац. блока. Нар. рада была прызнана адзіным паўнамоцным прадстаўніком бел. народа і перайменавана ў Раду БНР. У канцы 1920 кіраўніцтва БНР пераехала ў сталіцу Літвы Каўнас. Першая Усебеларуская канферэнцыя (Прага, вер. 1921) пацвердзіла акт 25.3.1918, прызнала Раду і ўрад БНР як адзіныя законныя органы і ўладу Беларусі. У 1922 кіраўнікі ўрада БНР В.​Ю.​Ластоўскі і міністр замежных спраў А.​І.​Цвікевіч спрабавалі паставіць бел. пытанне на Генуэзскай канферэнцыі. У жн. 1923 сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Цвікевічам. У кастр. 1923 кіраўніцтва БНР выехала ў Прагу. Новая эканам. палітыка (нэп), утварэнне СССР, палітыка беларусізацыі, узбуйненне БССР спарадзілі ў Зах. Беларусі і бел. эміграцыі прасав. настроі. Пасля амністыі праціўнікам сав. улады некаторыя дзеячы БНР і бел. культуры вярнуліся ў БССР. У гэтых умовах у Берліне адбылася Другая Усебеларуская канферэнцыя, якая прызнала Мінск адзіным цэнтрам нац. адраджэння Беларусі, але рашэнні яе не былі прызнаны Прэзідыумам Рады БНР. Старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. В.​І.​Захарка не прызналі Сав. Беларусь. Дзярж. пячатка і дзярж. архіў БНР засталіся ў іх. Пасля смерці Крачэўскага старшынямі Рады БНР былі Захарка (з 1928), М.​С.​Абрамчык (з 1943), В.​Жук-Грышкевіч (з 1970), Я.​Сажыч (з 1982).

Літ.:

Цвикевич А. Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. Киев, 1918 (репр. изд. Мн., 1990);

Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд. Мн., 1991);

Турук Ф. Белорусское движение. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928. Тое ж. Мн., 1991;

Зюзькоў А. Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;

Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;

За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дакументы і матэрыялы... Лёндан, 1960;

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;

Яго ж. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;

Сташкевич Н.С. Приговор революции. Мн., 1985;

Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York,1988;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992.

А.​М.​Сідарэвіч.

Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі. Злева направа: сядзяць — А.​Бурбіс, Я.​Серада, Я.​Варонка, В.​Захарка; стаяць — А.​Смоліч, П.​Крачэўскі, К.​Езавітаў, А.​Аўсянік, Л.​Заяц. Мінск. 1918.
Члены Беларускай калегіі ў Латвіі і Вайскова-дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі. Рыга. 1920. БДАМЛМ.

т. 2, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)