тэмпература раўнаважнага пераходу крышт. (цвёрдага) цела ў вадкі стан (плаўленне) пры пастаянным знешнім ціску. Абазначаецца Тпл або tпл; у даведніках звычайна прыводзяцца Т.п. пры нармальным знешнім ціску (101 325 Па).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА,
1) тэмпература рэчыва ў яго крытычным стане. Для індывідуальных рэчываў вызначаецца як т-ра, пры якой знікаюць адрозненні фіз. уласцівасцей вадкасці і яе пары, што знаходзяцца ў стане раўнавагі, напр., шчыльнасці вадкасці і пары становяцца аднолькавымі, знікае мяжа падзелу паміж імі. У двайных сістэмах (напр., сумесь прапан—ізапентан) раўнавага вадкасць—пара мае прасторавую крытычную крывую, крайнімі пунктамі якой з’яўляюцца К.т. чыстых кампанентаў.
2) К.т. раствораў — т-ра, пры якой у вадкіх сумесях з абмежавана растваральнымі кампанентамі пачынаецца іх неабмежаваная растваральнасць.
3) Т-ра пераходу шэрагу праваднікоў у звышправодны стан (гл.Звышправоднасць). Вымерана для большасці металаў, сплаваў, хім. злучэнняў. Найб. К.т. выяўлена для сплаваў на аснове ніобію (Тк да 23 К) і для керамікі на аснове ітрыю (Тк да 96 К).
Да арт.Крытычная тэмпература. Крывыя раўнавагі вадкасць—пара і крытычная крывая сістэмы прапан—ізапентан: 1, 2, 3, 4 — крывыя вадкасці (суцэльныя) і пары (пункцір) для сумесі з мольнай доляй ізапентану 0,206, 0,412, 0,607, 0,899 адпаведна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭМПЕРАТУ́РА ЦЕ́ЛА,
інтэгральны паказчык цеплавога стану арганізма чалавека і жывёл, які характарызуецца суадносінамі працэсаў цеплаўтварэння і цеплааддачы. У чалавека падтрымліваецца на адносна пастаянным узроўні (у дарослага 36—37 °C, у дзяцей на 0,3—0,4 °C вышэйшая і менш устойлівая). У норме сутачныя ваганні 1—1,5 °C, звязаны са сном, зменай дыхання і кровазвароту (найб. высокая Т.ц. ў 17—18 гадз, найб. нізкая — у 3—4 гадз ночы). Павышаецца пры напружанай фіз. працы, інфекц. хваробах і інш. У розных зонах неаднолькавая. Пры пераграванні арганізма — гіпертэрмія; пры зніжэнні нармальнай Т.ц. — гіпатэрмія. Пра Т.ц. жывёлгл.Гамаятэрмныя жывёлы, Пайкілатэрмныя жывёлы. Гл. таксама Тэмпература цела субфебрыльная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РАпаветра,
тэмпература паветра, якая перавышае біялагічны мінімум на працягу ўсяго перыяду вегетацыі якой-н. расліны або на працягу пэўнай фазы яе развіцця. Вызначае межы пашырэння кожнай расліннай культуры. Сумы актыўнай тэмпературы вышэй за 5, 10 і 15 °C звычайна выкарыстоўваюцца як агракліматычныя паказчыкі для вызначэння патрэб у цяпле большасці раслін і для ацэнкі тэрмічных рэсурсаў тэрыторыі. Перыяд з т-рамі вышэй за 10 °C забяспечвае актыўную вегетацыю большасці с.-г. культур умеранага пояса. На тэр. Беларусі сума т-р паветра вышэй за 10 °C паступова памяншаецца (у °C) з Пд і ПдЗ на ПнУ прыкладна ад 2600 да 2100, вышэй за 5 °C — ад 2900 на ПдЗ да 2400 на крайнім ПнУ, за 15 °C — прыкладна ад 1900 на ПдЗ да 1350 на ПнУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА,
фізічная велічыня, якая характарызуе цеплавое выпрамяненне цела. Роўная т-ры абсалютна чорнага цела, пры якой яго поўная (ва ўсім інтэрвале частот) энергет.яркасць роўная поўнай энергет. яркасці дадзенага цела. Адзінка Р.т. ў СІ — кельвін. Гл. таксама Стэфана—Больцмана закон выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́РКАСНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА,
эфектыўная фіз. велічыня, якая характарызуе спектральную шчыльнасць эл.-магн. выпрамянення цел, што маюць суцэльны спектр. Роўная т-ры абсалютна чорнага цела таго ж вуглавога памеру, што і цела, выпрамяненне якога вывучаецца і якое дае такі ж паток выпрамянення на хвалі дадзенай даўжыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУМАВА́Я ТЭМПЕРАТУ́РА,
мера спектральнай шчыльнасці магутнасці эл.-магн. выпрамянення крыніц шумаў. Уводзіцца па аналогіі з раўнаважным выпрамяненнем (цеплавым шумам) узгодненага рэзістара, спектральная шчыльнасць магутнасці якога вызначаецца формулай Найквіста: S = kT, дзе k — пастаянная Больцмана, T — абс.т-ра рэзістара. Ш.т. рэальных аб’ектаў вызначаецца звычайна ў параўнанні з эталоннымі шумавымі генератарамі. Паняццем Ш.т. карыстаюцца ў радыётэхніцы для ацэнкі шумавых уласцівасцей электравакуумных і паўправадніковых прылад, у радыёастраноміі для апісання крыніц касм. радыёвыпрамянення і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭМПЕРАТУ́РА ПАВЕ́ТРА,
найважнейшы элемент надвор’я і клімату, які характарызуе цеплавы рэжым атмасферы. Вызначае ўмовы развіцця дзікарослай і культ. расліннасці, жывёльнага свету, уплывае на самаадчуванне чалавека. Ад Т.п. залежаць колькасць вільгаці ў паветры і выпарэнне яе з паверхні водных аб’ектаў і глебы. Для назіранняў за Т.п. каля зямной паверхні выкарыстоўваюцца тэрмометры і тэрмографы, у верхніх слаях атмасферы — метэарографы і радыёзонды. Да характарыстык тэмпературнага рэжыму адносяцца сярэднія, макс. і мінім. т-ры за суткі, месяц, год, шматгадовы перыяд, паўтаральнасць і даты надыходу розных значэнняў т-ры, амплітуды за пэўны перыяд і інш. На зямной паверхні Т.п. размяркоўваецца занальна і паніжаецца ад экватара да полюсаў, а таксама з падняццем уверх; часам назіраецца інверсія тэмпературы. Сярэдняя гадавая Т.п. Зямлі 14 °C, абс. максімум 57,8 °C (Эль-Азізія ў Лівіі), абс. мінімум -89,2 °C (станцыя «Усход» у Антарктыдзе). Сярэдняя гадавая Т.п. на Беларусі 5,8 °C, абс. максімум 38 °C, мінімум -41 °C. У самым цёплым месяцы — ліп. — сярэдняя месячная т-ра павялічваецца з ПнЗ на ПдУ ад 17,5 °C да 18,5 °C, у самым халодным — студз. — паніжаецца з ПдЗ на ПнУ ад -4,5 °C да -8 °C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭМПЕРАТУ́РА ЦЕ́ЛА СУБФЕБРЫ́ЛЬНАЯ, субфебрылітэт,
павышэнне т-ры цела ў дыяпазоне 37,1—38 °C. Назіраецца пры многіх захворваннях (інфекцыі, злаякасныя пухліны, захворванні нерв., сардэчна-сасудзістай, эндакрыннай сістэм і інш.), фізіял. станах (у перадменструальны перыяд, пры цяжарнасці, псіхаэмацыянальным напружанні, пераграванні на сонцы), бывае і нявысветленага паходжання. Можа захоўвацца многія гады, з’яўляцца адзінай прыкметай хваробы, працякаць з парушэннем самаадчування або без яго. У 2—3% людзей назіраецца з нараджэння.