ПАДВО́ДНАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,

сістэма тэлебачання, якая выкарыстоўваецца для назірання за падводнымі аб’ектамі.

Адносіцца да сістэм замкнутага тыпу. У падводнай частцы маюць відэакамеру ў воданепранікальным боксе, крыніцы падсвечвання, блок фатаграфавання і спец. кабелі сілкавання і сувязі (глыбакаводныя сістэмы маюць аўтаномныя крыніцы сілкавання, а інфармацыя перадаецца па гідраакустычных ці інш. каналах). У надводнай размешчаны відэаманітор (ці тэлевізар), пульт кіравання і крыніца сілкавання. Кіраванне дыстанцыйнае ці ўручную (на малых глыбінях). Выкарыстоўваецца на розных глыбінях і пры розных умовах (у т. л. пры радыеактыўным забруджванні вады), напр., для агляду падводных частак суднаў, гідратэхн. збудаванняў, камунікацый, пошуку і абследавання затанулых суднаў, назірання за работай вадалазаў, станам лёдавага покрыва, разведкі касякоў рыбы, радовішчаў карысных выкапняў.

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЧБАВАЕ ТЭ́ЛЕБАЧАННЕ,

сістэма тэлебачання, у якой тэлевізійны сігнал выражаны паслядоўнасцю кодавых (лічбавых) камбінацый эл. імпульсаў. Адрозніваецца адсутнасцю назапашвання скажэнняў сігналу пры перадачы на вял. адлегласці, высокімі перашкодаўстойлівасцю і якасцю перадачы тэлевізійных відарысаў, магчымасцю апрацоўкі на ЭВМ і стварэння аўтаматызаваных комплексаў падрыхтоўкі тэлевізійных праграм.

Сігнал Л.т. патрабуе значнай прапускной здольнасці каналаў сувязі, і таму выкарыстоўваюць высокаэфектыўныя метады лічбавай мадуляцыі і сцісканне лічбавага патоку ў некалькі разоў, што забяспечвае, напр., у тэлевіз. вяшчанні перадачу некалькіх праграм звычайнай, а таксама высокай выразнасці ў паласе частот стандартнага тэлевізійнага канала. Аперацыі пры перадачы (перашкодаўстойлівае кадзіраванне, змяншэнне лішкавасці і інш.), прыёме (узмацненне, лічбавая апрацоўка, дэмадуляцыя) і відэазапісе ажыццяўляюцца над лічбавым тэлевіз. сігналам, які пераўтвараецца ў аналагавы сігнал перад узнаўленнем (напр., на экране кінескопа).

А.​П.​Ткачэнка.

т. 9, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯРО́ВАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,

сістэма тэлебачання, у якой узнаўляецца каляровы відарыс аб’екта здымкі. Грунтуецца на колерных уласцівасцях зроку чалавека, колераметрыі, фарміраванні першасных сігналаў асн. колераў (чырвонага, зялёнага і сіняга). Выкарыстоўваецца ў тэлевізійным вяшчанні і прыкладным тэлебачанні; найб. пашыраныя сістэмы К.т. ПАЛ, НТСЦ і СЕКАМ.

Адрозніваюць К.т. з адначасовай (найб. пашырана) і пачарговай перадачай тэлевізійных сігналаў (відарыса і гуку), для фарміравання і перадачы па каналах сувязі якіх выкарыстоўваюць спец. метады кадзіравання каляровай інфармацыі Асн. патрабаванне да сістэм вяшчальнага К.т. — сумяшчальнасць з сістэмамі чорна-белага тэлебачання. Для гэтага фарміруюцца сігналы яркасці і 2 колерарозныя, якія ўтвараюць сігнал колернасці. Відэасігнал займае такую ж паласу частот, што і сігнал чорна-белага тэлебачання і таму перадаецца па тых жа каналах сувязі. У каляровым тэлевізары відэасігналы вылучаюцца шляхам дэкадзіравання тэлевізійных сігналаў і падаюцца на кінескоп ці інш. ўзнаўляльную прыладу (у чорна-белых тэлевізарах выкарыстоўваецца толькі сігнал яркасці). Паляпшэнне якасці відарыса ў К.т. дасягаецца ў сістэмах тэлебачання павышанай якасці і асабліва ў сістэмах высокай выразнасці. У СНД, у т. л. на Беларусі, эксплуатуецца (з 1967) сав.-франц. сістэма К.т. з адначасовай перадачай сігналаў СЕКАМ.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ І РА́ДЫЁ»,

штотыднёвая газета. Выдаецца з 1957 у Мінску на бел. мове. Да 1960 наз. «Гаворыць Мінск», у 1960—70 — «Беларускае радыё і тэлебачанне», з 1970 сучасная назва. Друкуе тэле- і радыёпраграмы, якія трансліруюцца і рэтрансліруюцца на Беларусі па 19 каналах, анонсы тэле- і радыёперадач, інтэрв’ю з іх удзельнікамі і стваральнікамі, тэхн. кансультацыі і інш.

т. 2, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тэлевізія, гл. Тэлебачанне

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Касмабачанне, гл. Касмічнае тэлебачанне

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАБА́ЧАННЕ,

гл. Касмічнае тэлебачанне.

т. 8, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ВЯЗЬ у тэхніцы,

перадача і прыём інфармацыі з дапамогай розных тэхн. сродкаў; галіна нар. гаспадаркі. Адрозніваюць пошту, радыёвяшчанне, тэлебачанне, электрасувязь, а таксама перадачу даных у лакальных і глабальных камп’ютэрных сетках. Усе сродкі С. (акрамя пошты) карыстаюцца эл.-магн. ваганнямі пэўных частот паводле шкалы, рэкамендаванай Міжнар. саюзам электрасувязі. Адбываецца пашырэнне відаў паслуг С., якія даюцца карыстальнікам у інтэрактыўным рэжыме, пераход на лічбавыя фарматы перадачы інфармацыі (гл. Лічбавае радыёвяшчанне, Лічбавае тэлебачанне), інтэграцыя электрасувязі і вяшчання з Інтэрнетам.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 15, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕ... (ад грэч. tēle далёка), састаўная частка складаных слоў, якая азначае далёкасць, дзеянне на далёкай адлегласці, напр. тэлебачанне, тэлеграф.

т. 16, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)