дзяржаўны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі. Ген.-фельдмаршал рас. службы (1726). З роду Сапегаў. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Варшавы (да 1685) і Брунсберга (Бранева, 1692). З 1682 староста бабруйскі, з 1697 пасол (дэпутат) сойма ад Брэсцкага ваяв. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21. У 1702 далучыўся да войска караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II, але неўзабаве перайшоў на бок шведаў. Адзін з ініцыятараў Варшаўскай канфедэрацыі 1704, створанай для дэтранізацыі Аўгуста II і абрання каралём Станіслава Ляшчынскага. Атрымаў шэраг перамог над войскамі Аўгуста II, у т. л. каля Пултуска (1704), Ляхавічаў (1709), удзельнік няўдалай бітвы каля Каліша (1706), 13.5.1709 разбіты рус. войскамі каля Лядухава (Украіна). У 1708—09 вял. гетман літоўскі (прызначаны шведскім каралём Карлам XII). Пасля паражэння шведаў у Палтаўскай бітве 1709 перайшоў на бок рускіх і Аўгуста II і дамогся для сябе амністыі. Аднак страціўшы пасаду гетмана, з канца 1709 з мэтай вяртання гетманскай булавы зноў павёў барацьбу (у 1711—13 узброеную) супраць Аўгуста II. У 1713 зноў перайшоў на яго бок і атрымаў амністыю. Выношваў план захопу Карла XII у час яго праезду праз Польшчу з Бендэр (Малдова) у Памор’е і выдачы яго аднаму з кіраўнікоў Сандамірскай канфедэрацыі 1704вял. кароннаму гетману А.Сяняўскаму. Але пасля няўдачы гэтай аперацыі быў сам арыштаваны прыхільнікамі Аўгуста II і аддадзены пад суд гетманаў; вызвалены праз заступніцтва крымскага хана Дэўлет-Гірэя. У 1720 разарваў адносіны з Аўгустам II. Намерваўся ажаніць свайго сына Пятра з Марыяй — дачкой рас. князя А.Д.Меншыкава, які хацеў з дапамогай С. атрымаць Курляндскае і Земгальскае герцагствы (заручыны адбыліся вясной 1726 у Пецярбургу, падарожжа С. ў рас. сталіцу апісана ў яго дзённіку). Аднак планы Меншыкава і С. не здзейсніліся, і пасля скасавання заручын іх адносіны пагоршыліся. Тымнеменш С. застаўся пры двары Кацярыны I і захаваў свае пазіцыі пры Пятру II [1727—30]. Удзельнічаў у рабоце вышэйшых дзярж. устаноў Расіі. Пасля ссылкі Меншыкава (1727) ген.-губернатар Пецярбурга і Інгрыі. Вясной 1728 выехаў у ВКЛ, каб умацаваць пазіцыі Сапегаў у дзяржаве, але беспаспяхова.
Літ.:
Артамонов В.А. Россия и Речь Посполитая после Полтавской победы (1709—1714). М., 1990;
Kriegseisen W. Diariusz petersburgskiej podróży Jana i Piotra Sapiehów z 1726 r. Warszawa, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́ЛЬНАЕ ЗЕМЛЕЎЛАДА́ННЕ,
сістэма сялянскага ўладання зямлёй у Рас. імперыі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Утварылася ў выніку сялянскай рэформы 1861, дзяржаўных сялян рэформы 1866—67, чыншавай рэформы 1886, рэформ удзельных сялян і інш. З пераходам сялян на выкуп, зацвярджэннем выкупных і люстрацыйных актаў надзельныя (гл.Надзел) і частка арандаваных зямель сталі іх уладаннямі. Уласнікам гэтай зямлі да сталыпінскай аграрнай рэформы была дзяржава. Н.з. захоўвала напаўпрыгонніцкі характар. Продаж і дарэнне надзельнай зямлі былі вельмі абмежаваныя. Сялянам забаранялася закладваць яе нават пасля выкупу. У той жа час сял. надзельныя ўчасткі свабодна адчужаліся для дзярж. і грамадскіх патрэб. Усё гэта стрымлівала развіццё капіталіст. адносін у сельскай гаспадарцы. Н.з. існавала ў абшчыннай і падворнай формах. Падворная форма яго панавала ў Прыбалтыцы, зах. і цэнтр. паветах Беларусі, на Правабярэжнай Украіне, у Бесарабіі, Каралеўстве Польскім. У астатніх рэгіёнах еўрап. Расіі панавала абшчыннае землеўладанне. Памеры Н.з. ў розных катэгорый сялян былі неаднолькавыя. У 1905 у б.дзярж. сялян надзел на двор у сярэднім дасягаў 12,5 дзес., а ў б. памешчыцкіх сялян — 6,7 дзес. У сярэднім на памешчыцкую латыфундыю ў еўрап. Расіі прыпадала 2,2 тыс.дзес., а на сял. двор — 11,1 дзес. зямлі пры тым, што мінімальныя патрэбы сял. гаспадаркі мог забяспечыць надзел, не меншы як 15 дзес. На пач. 20 ст. з 12,3 млн.сял. двароў 6,2 млн. мелі да 8 дзес. зямлі, а 2,2 млн. — больш за 15 дзес. Паскораны працэс разлажэння сялянства вёў да малазямелля асн. масы сялян, якое ўзмацнялася натуральным ростам сял. насельніцтва, і надзел часта не мог пракарміць сял. сям’ю. Пашыралася арэнда зямлі, найперш памешчыцкай. Неменш за 1/2 усёй зямлі, арандаванай сялянамі еўрап. часткі краіны, было сканцэнтравана ў руках сельскай буржуазіі (кулацтва), якая вяла на ёй капіталіст. гаспадарку. Рыначнай з’явай была купля зямлі сялянамі па-за межамі Н.з. Усяго з 1877 да 1905 сяляне еўрап. Расіі набылі 7,5 млн.дзес. зямлі, з якіх ад 2/3 да 3/4 знаходзілася ў руках кулацтва.
На Беларусі ў канцы 1870-х г. надзельныя землі (5535,7 тыс.дзес.) складалі 1/3 ад агульнай плошчы прыдатнай зямлі, памешчыцкія і казённыя — больш за 75. У 1877 на сял. двор тут прыпадала ў сярэднім 14,6 дзес., у 1905—10,2, на памешчыка і памешчыцкі маёнтак адпаведна 1097 і 813 дзес. Пры гэтым надзел на двор б. казённых сялян у сярэднім быў роўны 17 дзес., а б. памешчыцкіх сялян — 13,8 дзес. У 1877 менш за 15 дзес. (мінімальна неабходны надзел) мелі 61,9% бел. сялянскіх гаспадарак, у 1905—84,5%. Ва ўсх. Беларусі (у Магілёўскай і бел. паветах Віцебскай губ.), дзе захаваліся абшчынныя надзельныя землі, перыядычны іх перадзел у асн.не ажыццяўляўся. У Магілёўскай губ. да 1904 агульныя і прыватныя перадзелы зямельныя не праводзіліся ў 88% сельскіх грамад. У Віцебскай губ. агульныя зямельныя перадзелы таксама адсутнічалі ў большасці паселішчаў з абшчынным землеўладаннем. Недахоп надзельнай зямлі абумоўліваў на Беларусі арэнду сялянамі пазанадзельных зямель. На мяжы 19—20 ст. арандаваныя бел. сялянамі пазанадзельныя землі складалі каля 1/3 ад плошчы надзельнай зямлі. Адначасова бедната частку сваіх надзельных угоддзяў здавала ў арэнду заможным аднавяскоўцам. Побач з арэндай сяляне ўзмоцнена куплялі зямлю. На Беларусі плошча купленых імі зямель з 1877 да 1905 павялічылася ў 8,3 раза і дасягнула 21,5% ад надзельных. 82,1% сялянскай асабістай купленай зямлі тут належала заможным кулацкім вярхам вёскі. Землі, набытыя сял. грамадамі і т-вамі, таксама размяркоўваліся «па грошах» і траплялі пераважна ў рукі тых жа заможных гаспадароў. З часу сталыпінскай агр. рэформы сяляне атрымалі права выхаду з пазямельнай абшчыны і замацавання надзельнай зямлі ў асабістую ўласнасць без абмежаванняў. За час гэтай рэформы плошча Н.з. па Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. скарацілася: да 43% абшчынных зямель сталі асабістай уласнасцю сялян. За 1907—14 у 5 зах. губернях 40 820 сялян прадалі свае атрыманыя ў асабістую ўласнасць надзелы (187,8 тыс.дзес.), якія перайшлі пераважна ў рукі сельскай буржуазіі. Н.з. ліквідавана пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у выніку нацыяналізацыі ўсёй зямлі.
Літ.:
Зайончковский П.А. Проведение в жизнь крестьянской реформы 1861 г.М., 1958;
Ленін У.І. Аграрнае пытанне ў Расіі к канцу XIX в. // Тв. Т. 15 (Полн. собр. соч. Т. 17);
Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг. Мн., 1962;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ,
комплекс драўляна-земляных умацаванняў г.Слуцк у 11—18 ст. Самыя раннія ўмацаванні адносяцца да часу заснавання горада, які ўзнік у 11 ст. на гарадзішчы ранняга жал. веку ў сутоках рэк Бычок і Случ. Уяўлялі сабой глініста-пясчаны вал вышынёй каля 6 м, шырынёй 20—22 м у аснове. Па версе насыпу ішоў вастракол вышынёй 4—6 м з дубовых бярвён таўшчынёй 14—16 см, верхні край якога быў завостраны на гранёны конус. Вал ахопліваў усю пляцоўку дзядзінца летапіснага Случаска. За валам каля падэшвы гарадзішча быў выкапаны роў глыбінёй каля 2 м, шырынёй 25 м, які запаўняўся вадой з р. Бычок. Верагодна, у 12—13 ст. існавалі драўляна-земляныя ўмацаванні абапал вакольнага горада, што размяшчаўся на ПнУ ад дзядзінца (іх рэшткі зруйнаваны ў 1960-я г. ў час будаўніцтва).
У 1409 на месцы дзядзінца і вакольнага горада ўзніклі Верхні і Ніжні замкі (гл. ў арт.Слуцкія замкі). Відаць, да 16 ст. Слуцк меў драўляна-земляныя ўмацаванні, знешні выгляд якіх сфарміраваўся яшчэ ў стараж.-рус. час і якія надзейна ахоўвалі яго ад нападаў крымскіх татар у 1502, 1503, 1505, 1506 і войск Міхаіла Глінскага ў 1508 у час вайны Маск. дзяржавы з ВКЛ 1507—08. Паводле пісьмовых крыніц, у 1509 пачалося буд-ва ўмацаванняў вакол усяго гар. паселішча, што прымыкала да замкаў. Паводле Хронікі Быхаўца, у пач. 16 ст. гэтыя ўмацаванні ахоплівалі Стары горад з замкамі на правым беразе р. Случ і Новы горад (Зарэчча), які размясціўся на яе левым беразе. Як сведчыў маск. дзяк Трыфан Карабейнікаў, які ў 1539 з дыпламат. місіяй наведаў ВКЛ, Слуцк меў драўляна-земляныя ўмацаванні і тымнеменш быў «... горада Менска больши и лутчи...». На рубяжы 16—17 ст., калі на бел. землях пачалі пашырацца земляныя ўмацаванні старагаландскага тыпу, Слуцк быў абведзены магутным валам і вадзяным ровам. Непрыступнасць С.г.у. выявілася ў 1655 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, калі 20-тысячнае войска рус.кн. А.М.Трубяцкога 2—6 вер. беспаспяхова вяло аблогу горада. З 27 да 30 вер. войска Трубяцкога, да якога далучылася яшчэ 5 тыс. казакоў І.Залатарэнкі, паўтарыла аблогу і зноў няўдала. Увесь Слуцк, за выключэннем Астроўскага і Трайчанскага прадмесцяў, быў абнесены ўмацаваннямі. Абарончая лінія Старога горада мела выгляд магутнага землянога вала, які дугой апяразваў старую частку горада з У, Пн, З і ўпіраўся сваімі канцамі ў р. Случ. Тут было 12 бастыёнаў рознай канфігурацыі і памераў. Перад земляным валам знаходзіўся роў. Трапіць у Слуцк можна было праз 3 брамы — Астроўскую, Ільінскую (пазней Віленскую) і Капыльскую. Паводле гіст. крыніц, гар. вал дасягаў шырыні неменш як 26,6 м і вышыні каля 8 м. Капыльская і Ільінская брамы мелі аднолькавыя памеры ў аснове — 25,6 × 36,6 м, Астроўская —9,15 × 15,25 м. Цераз вадзяны роў былі перакінуты пад’ёмныя масты. Кварталы Новага места абкружалі вал і роў, якія сваімі канцамі сыходзіліся да р. Случ. Тут мелася 7 бастыёнаў і ўязная драўляная брама — Навамеская. Агульная даўжыня С.г.у. у канцы 18 ст. дасягала амаль 3840 м. На працягу 18 ст. Слуцк заставаўся магутным умацаваннем. У 1780 рас. афіцэры, якія складалі тапагр. апісанне горада, адзначалі непашкоджаны стан яго ўмацаванняў, у т. л. 4 брам. Канчаткова рэшткі С.г.у. бастыённага тыпу знішчаны ў выніку будаўнічых работ у жн. 1986.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;
Калядзінскі Л.У. Умацаванні і ўзбраенне дзядзінца летапіснага Случаска (XII—XIII стст.) // Гіст.-археал.зб.: Памяці Міхася Ткачова. Мн., 1993. Ч. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРА́РНЫЯ АДНО́СІНЫ,
вытворчыя адносіны ў сельскай гаспадарцы, абумоўленыя характарам уласнасці на зямлю. Гэта адносіны паміж класамі і сац. групамі на аснове пэўных формаў землеўладання і землекарыстання, а таксама паміж дзяржавай і землекарыстальнікамі (с.-г. прадпрыемствамі, фермерамі і інш.) у сувязі з умовамі арганізацыі вытв-сці, рэалізацыі прадукцыі і размеркавання атрыманага даходу.
Сутнасць аграрных адносін пры феадалізме вызначала поўная ўласнасць феадала на зямлю і няпоўная на прыгонных сялян, з якіх спаганялася высокая адработачная, натуральная ці грашовая зямельная рэнта. Пры гэтым сяляне заставаліся ў надзвычай цяжкіх умовах. Такія адносіны спараджалі антаганізм, сял. паўстанні, якія часам перарасталі ў сял. войны з мэтай пераўтварэння сістэмы землеўладання на больш справядлівай аснове. Пры капіталізме характар аграрных адносін абумоўлены захаваннем прыватнай уласнасці на зямлю. Селянін, атрымаўшы свабоду ад прыгону, фактычна заставаўся залежны ад землеўладальніка. Таму выкарыстанне наёмнай працы ў сельскай гаспадарцы спалучалася з феад. рэнтавымі адносінамі.
Пасля 2-й сусв. вайны аграрныя адносіны ў развітых капіталіст. краінах характарызуюцца дзярж. рэгуляваннем у агр. сектары. На аснове т.зв.«зялёных планаў» дзяржава аказвае цвёрдую матэр.-фін. падтрымку буйному землеўладанню, што вядзе да масавага разарэння дробных гаспадарак. Адначасова з узнікненнем буйных фермерскіх гаспадарак з’явіліся вял. землеўладанні карпарацый, якія каля 40% сваіх зямель здаюць у арэнду фермерам і прысвойваюць частку дзярж. субсідый. Тымнеменш у гэтых краінах створаны спрыяльныя ўмовы для выкарыстання дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу ў сельскай гаспадарцы, забеспячэння яе высокай эфектыўнасці і вырашэння харч. праблемы ў краіне.
На Беларусі, як і ва ўсёй Расійскай імперыі, асноўнай супярэчнасцю ў аграрных адносінах была наяўнасць буйнога землеўладання, з аднаго боку, і мноства малазямельных сялян і парабкаў — з другога. Сялянскі рух разгортваўся фактычна за ўсталяванне «амерыканскага» шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы — ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і феад. перажыткаў, у той час як царскія ўлады падтрымлівалі «прускі» шлях, ажыццяўляючы сталыпінскую аграрную рэформу.
Агр. праграма бальшавікоў прадугледжвала ліквідацыю прыватнай уласнасці на зямлю, перадачу зямлі сялянству і знішчэнне на гэтай аснове антаганізму ў аграрных адносінах. У перыяд грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі Сав. дзяржава, падтрымліваючы бядняцкія і серадняцкія слаі сялянства, вымушана праводзіла палітыку харчразвёрсткі, замененай у 1921 на харчпадатак. Пасля нацыяналізацыі зямлі, у выніку ліквідацыі памешчыцкага і абмежавання кулацкага землеўладання, зямельныя надзелы бядняцкіх і серадняцкіх гаспадарак былі істотна павялічаны. На гэтым этапе характар аграрных адносін вызначаўся фарміраваннем і развіццём сял. дробнатаварнай вытв-сці. Аднак з ажыццяўленнем калектывізацыі аграрныя адносіны прынцыпова змяніліся: заможныя гаспадары былі раскулачаны і сасланы, зямля перададзена калгасам і саўгасам. Сяляне, адчужаныя ад сродкаў вытв-сці і вынікаў сваёй працы, фактычна ператварыліся ў наёмных рабочых. Калектыўнымі гаспадаркамі кіравала дзяржава, якая хоць і дапамагала ім у матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні, але пры гэтым значную частку іх даходаў накіроўвала на вырашэнне інш.сац.-эканам. праблем грамадства.
З пач. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь заканадаўча дазволена арэнда зямлі, стварэнне фермерскіх гаспадарак, рэарганізацыя калгасаў, саўгасаў і інш. Сутнасць гэтых змен у тым, каб ператварыць сялян у паўнаўладных гаспадароў зямлі, стварыць у агр. сектары самастойных суб’ектаў рыначнай эканомікі. Для фарміравання стабільных, жыццядзейных аграрных адносін вырашаюцца таксама праблемы парытэту цэн на с.-г. і прамысл. прадукцыю, залучэнне замежных інвестыцый у агр. сектар, падатковых ільгот, субсідый і інш. формаў падтрымкі сельскай гаспадаркі, асабліва развіцця яе сац. сферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНІСЛА́Ў А́ЎГУСТ ПАНЯТО́ЎСКІ (да каранацыі Станіслаў Антоні; 17.1.1732, в. Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 12.2.1798),
апошні вял. князь ВКЛ і кароль Польшчы [1764—95]. Паходзіў з магнацкага роду Панятоўскіх. Скончыў калегіум тэатынаў у Варшаве. У 1755—64 стольнік ВКЛ. У 1755—56 і 1757—58 сакратар англійскага пасольства і пасол Саксоніі і Рэчы Паспалітай у Пецярбургу. Пасля смерці караля польскага і вял.кн.ВКЛ Аўгуста III (1763) Чартарыйскія і Кацярына II вылучылі кандыдатуру Панятоўскага на трон Рэчы Паспалітай. У Рэч Паспалітую былі ўведзены рас. войскі, і на элекцыйным сойме 6.9.1764 Панятоўскі абраны каралём. Напачатку ён спрабаваў вызваліцца ад поўнай залежнасці ад Расіі, шукаў шляхі саюзу з Аўстрыяй і Францыяй; ва ўнутр. палітыцы выступаў за пагадненне з апазіцыйнай групоўкай Патоцкіх («рэспубліканцамі»), каб адстаяць незалежнасць дзяржавы, але «рэспубліканцы» засталіся непрыхільнымі да караля. Тымнеменш праводзіліся рэформы 1764—66 па ўзмацненні дзярж. улады, але былі прыпынены новай інтэрвенцыяй Расіі. Скарыстаўшы Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю 1767, Кацярына II навязала ў лют. 1768 сойму і каралю «вечны трактат», якім Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне кардынальных правоў. Улада караля апынулася пад кантролем Расіі. Шырокія колы патрыятычна настроенай шляхты выступалі за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай, супраць караля-«узурпатара» і стварылі Барскую канфедэрацыю. На тэр. Рэчы Паспалітай зноў былі ўведзены рас. войскі, і канфедэраты пацярпелі паражэнне. Вынікам гэтага стаў першы падзел Рэчы Паспалітай (1772). Кароль спрабаваў пратэставаць, звяртаўся да еўрап. двароў, але ніводная дзяржава не прыйшла яму на дапамогу. Пасля 1-га падзелу ў барацьбе паміж рознымі магнацкімі групоўкамі ён паступова ўзмацніў сваю ўладу. У 1775 створана Пастаянная Рада, прыняты рашэнні, накіраваныя на развіццё прам-сці і гандлю, паляпшэнне прававога становішча мяшчан, у 1776 абмежавана ўлада гетманаў і каралю падпарадкавана войска. Але правядзенне далейшых рэформ Расія не дазваляла. Давялося пайсці на кампраміс з Кацярынай II і прызнаць над сабой кантроль рас. пасла О.М. фон Штакельберга. Кацярыну II падтрымлівала магнацкая апазіцыя. С.А.П. адкрыў у Варшаве Рыцарскую школу (кадэцкі корпус), садзейнічаў Адукацыйнай камісіі, падтрымліваў асветніцтва і адукацыю. Адносная раўнавага ў паліт. жыцці Рэчы Паспалітай была пахіснута дзеяннямі новай апазіцыі, якая на Чатырохгадовым сойме 1788—92 правяла шматлікія і грунтоўныя рэформы. Кароль пайшоў на пагадненне з рэфарматарамі. У адказ кансерватыўная групоўка магнатаў — Таргавіцкая канфедэрацыя — садзейнічала ў 1792 акупацыі краіны рас. войскамі. Рэформы скасаваны, кароль далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі, і на яго лягла адказнасць як на капітулянта. У час Гродзенскага сейма 1793 С.А.П. дзейнічаў цалкам пад кантролем рас. пасла Я.Я.Сіверса і пагадзіўся на другі падзел Рэчы Паспалітай. У час паўстання 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі С.А.П. адхілены ад улады, хоць фармальна захаваў трон Пасля паражэння С.А.П. жыў у Гродне. Тут ён даведаўся пра трэці падзел Рэчы Паспалітай і 25.11.1795 падпісаў акт адрачэння ад кароны на карысць Кацярыны II. Гэтым актам афіцыйна спынена існаванне Рэчы Паспалітай і яе часткі — ВКЛ. Пасля смерці Кацярыны II (ліст. 1796) Павел I выклікаў С.А.П. ў Пецярбург, дзе ён памёр. Пахаваны ў касцёле св. Кацярыны, у 1938 яго астанкі перапахаваны на радзіме — у Троіцкім касцёле мяст. Воўчын, у 1987 перавезены ў Польшчу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАДЖАЛЬНАСЦЬ.
Адной з прычын натуральнай страты насельніцтва Беларусі, якая адбываецца з сярэдзіны 1990-х г., з’яўляецца рэзкае зніжэнне нараджальнасці. У пач. 1950-х г. адзначалася павелічэнне нараджальнасці, што было вынікам уз’яднання сем’яў пасля вайны і некаторага павышэння жыццёвага ўзроўню. З 1960-х г. пачалося яе зніжэнне, пераважна з-за таго, што ў дзетародны перыяд уступілі жанчыны, што нарадзіліся ў гады вайны. У 1959—70 нараджальнасць паменшылася з 91‰ да 61,3‰ (гл.табл. 10). З 1965 тэмпы скарачэння паказчыкаў агульнай нараджальнасці знізіліся, бо ў актыўны дзетародны ўзрост пачалі ўступаць народжаныя ў пасляваенны перыяд жанчыны. У пач. 1980-х г. адзначыўся рост нараджальнасці, выкліканы і асаблівасцямі ўзроставай структуры, і шэрагам мер, прынятых урадам краіны, накіраваных на падтрымку сем’яў з дзецьмі. З канца 1980-х г. пачаўся новы спад нараджальнасці, які працягваецца і ў наш час. Ён характэрны для ўсіх сац. груп, абласцей і раёнаў Беларусі.
Зніжэнне паказчыкаў нараджальнасці паводле ўзросту ў пасляваенны час было нераўнамернае. Адбывалася зніжэнне нараджальнасці ва ўзроставых групах 25—29 гадоў і 30—34 гады, і чым старэйшай была ўзроставая група, тым вышэйшыя былі тэмпы зніжэння нараджальнасці. У 1960-я г. максімум нараджальнасці перайшоў з групы 25—29 гадоў у групу 20—24 гады, што характэрна і для нашага часу (гл.табл. 10). Павелічэнне нараджальнасці ў малодшых узроставых групах — вынік больш ранніх шлюбаў. Шлюбныя пары не адкладвалі нараджэнне першага дзіцяці надоўга, другое ж дзіця ў сям’і з’яўлялася больш рэдка. У 2002 з усіх народжаных у краіне 58,2% былі першынцы ў сям’і, 31,7% — другія дзеці, 6,8% — трэція, 3,3% — дзеці ўсіх астатніх чарговасцей. 80% усіх дзяцей нараджаюць маці да 30 гадоў. Дзеці нараджаюцца пераважна ў шлюбе. Узровень шлюбнай нараджальнасці ў значнай ступені вызначае велічыню нараджальнасці ў краіне. Самы высокі ён у групе да 20 гадоў. З узростам паказчык зніжаецца: у групе 20—24 гады ён ніжэйшы ў 2 разы, у групе 25—29 гадоў у 4 разы ніжэйшы, чым у групе да 20 гадоў. Тэндэнцыя да зніжэння нараджальнасці характэрна і для іншых узроставых груп. Калі ў 1950-я г. ў сярэднім на адну жанчыну прыпадала па 2,8 дзіцяці, то ў канцы 1960-х г. — 2,3 дзіцяці. З канца 1970-х г. паказчык сумарнай нараджальнасці апусціўся ніжэй за простае ўзнаўленне. У 1990-я г. гэты паказчык стаў у 2 разы ніжэйшы за неабходны для простага ўзнаўлення насельніцтва. У 2002 нарадзілася на 53,5 тыс.чал.менш, чым у 1990, і на 4,3 тыс.чал.менш, чым у 1999. Пры тым зніжэнне нараджальнасці адбываецца на фоне дадатнай дынамікі колькасці жанчын рэпрадуктыўных узростаў. Калі з 1990 па 1999 колькасць жанчын у найб. актыўных дзетародных узростах (20—29 гадоў) зменшылася на 823,2 тыс.чал., то за 4 гады (з 1999 да 2003) яна вырасла на 17,2 тыс.чал. Аднак колькасць народжаных павялічылася толькі ў 1998—2000, а потым зноў знізілася. Рэзкі спад нараджальнасці ў 1990-я г., абумоўлены ўступленнем у актыўны дзетародны ўзрост (20—29 гадоў) другога пакалення «дзяцей вайны», таксама адлюстроўвае адэкватную рэакцыю насельніцтва на зніжэнне ўзроўню жыцця і фарміраванне ў моладзі рэпрадукцыйных паводзін новага тыпу. У наш час сумарны каэфіцыент нараджальнасці дасягнуў самага нізкага за пасляваенны перыяд узроўню — 1,2 дзіцяці на 1 жанчыну. Узровень нараджальнасці сельскага насельніцтва 1,6 дзіцяці, гарадскога — 1,1 дзіцяці на 1 жанчыну. Павялічваецца і сярэдні ўзрост маці (у 1993—24,6 гады, у 1999—25,4, у 2003—25,9 года), што характэрна для большасці развітых краін (у Германіі сярэдні ўзрост маці 28,9 года, у Францыі — 28,7, у Вялікабрытаніі — 28,1 года).
У краіне адзначаецца рост пазашлюбнай нараджальнасці. У наш час амаль кожнае пятае дзіця нараджаецца ў жанчын, якія не зарэгістравалі шлюб (для параўнання ў Швецыі доля пазашлюбных нараджэнняў складае 53%, у Нарвегіі — 48%, у Даніі — 47%, у Францыі — 35%, у Вялікабрытаніі — 34%). На Беларусі найвышэйшая доля нараджэнняў па-за шлюбам адзначаецца ва ўзроставых групах маці, маладзейшых за 20 гадоў, і 35—39 гадоў. У 1999 кожнае пятае дзіця, якое нарадзілася на вёсцы, было пазашлюбным. У абсалютным выражэнні амаль 64% пазашлюбных нараджэнняў у краіне прыпадае на горад.
Колькасць народжаных на 1000 жанчын адпаведнага ўзросту
СКН*
15-49
да 20
20—24
25—29
30—34
35—39
40-44
45—49
1958—1959
Усяго
91
16,2
146,8
177,6
120,5
71,1
22,6
4,2
2,764
Горад
76,6
13,3
122,1
148,4
94
48,9
12,1
1,5
2,154
Вёска
98,9
17,6
162,8
194
136,8
83,7
27,8
5,2
3,100
1969—1970
Усяго
61,3
19,6
161,6
134,5
87,1
43,2
12,3
1,3
2,331
Горад
60,4
19,4
145,8
120,7
76
32,5
7,7
0,7
2,027
Вёска
62,3
19,8
192,9
152,3
99,6
51,6
15,8
1,7
2,736
1978—1979
Усяго
60,8
30,4
171,1
117,5
60,9
23,4
6,3
0,4
2,052
Горад
62
27,2
154,2
110,1
55,9
18,1
4,3
0,2
1,835
Вёска
58,6
36,7
219,5
139,5
73,6
31,9
8,8
0,6
2,629
1989
Усяго
62,1
39,9
181,6
109,4
50,2
18,2
4,3
0,2
2,026
Горад
59,0
34,2
167,8
107,3
48,1
16,2
3,6
0,1
1,885
Веска
72,1
58,7
225,1
116,7
57,7
25,7
6,8
0,3
2,520
1999
Усяго
35,3
29,6
110,6
73,8
33,4
10,3
2,0
0,1
1,308
Горад
32,3
24,8
101,5
70,3
31,5
9,4
1,7
0,1
1,200
Вёска
45,6
47,5
143,6
85,0
39,3
13,8
3,4
0,2
1,719
2002
Усяго
33,3
23,5
96,6
73,1
37,1
11,7
2,1
0,1
1,222
Горад
31,2
19,6
87,0
70,5
36,8
11,0
1,9
0,1
1,132
Вёска
40,8
37,0
139,1
82,3
37,9
14,0
2,8
0,2
1,607
* СКН — сумарны каэфіцыент нараджальнасці, які паказвае сярэднюю колькасць дзяцей, якіх можа нарадзіць жанчына за ўсё жыццё пры ўмове захавання ўзроўню паўзроставай нараджальнасці разліковага перыяду.
Дынаміка агульнага, натуральнага і міграцыйнага прыросту насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЦІДЗЕСЯ́ТНІКІ,
паслядоўнікі адной з плыней у пратэстантызме. З’явіліся ў ЗША у пач. 20 ст. У аснову іх веравучэння пакладзена евангельскае паданне пра сыходжанне св. духа на апосталаў — вучняў Хрыста на 50-ы дзень пасля яго ўваскрэсення (свята Пяцідзесятніцы), што і дало назву плыні. Адсюль іх сцвярджэнне, што сапраўднаму верніку неабходны непасрэдныя зносіны з Богам праз св. духа, а таксама наяўнасць яго дароў — «гаварэння на іншых мовах» (гласалалій), прароцтва. Значнае месца ў П. адводзіцца ідэі блізкасці канца свету, другога прышэсця Хрыста і ўсталявання яго 1000-гадовага царства на Зямлі. Неабходны для П. абрад «хрышчэння св. духам» дасягаецца асаблівым комплексам доўгіх маленняў і пастамі. Для культу П. характэрны наяўнасць «прарокаў» і «прарочыц», вера ў магчымасць цудоўнага вылячэння і інш. Практыкуюцца абрады воднага хрышчэння і хлебапераламлення, у часткі П. — абмывання ног. П. не маюць цэнтралізаванай арг-цыі, якая б грунтавалася на адзіным веравучэнні, дысцыпліне, абраднасці. Існуе шэраг самаст. кірункаў П., у т. л. на Беларусі — хрысціяне веры евангельскай (ХВЕ), хрысціяне веры апостальскай (ХВА), хрысціяне поўнага евангелля (ХПЕ).
Першыя паслядоўнікі ХВЕ з’явіліся ў 1920-я г. ў Зах. Беларусі на тэр. Палескага ваяв. ў выніку дзейнасці замежных місіянераў і рээмігрантаў з ЗША і наз. таксама зеленасвёнткаўцы (ад польскай назвы Пяцідзесятніцы — Zielone Swiątki). Ва ўсх. Беларусі, дзе іх было значна менш, яны наз. таксама варанаеўцы (у гонар першага прапаведніка гэтага вучэння ў СССР І.Я.Варанаева). У 1930 абшчыны ХВЕ Палескага ваяв. (больш за 1 тыс.чал.) увайшлі ў Саюз ХВЕ у Польшчы (цэнтр у г. Лодзь). З 1929 Саюз выдаваў час. «Примиритель». У канцы 1944 была створана Царква ХВЕ у Літ. ССР, БССР і УССР з цэнтрам у г. Баранавічы, на чале з епіскапам І.К.Панько і ген. сакратаром С.І.Вашкевічам. Аднак у рэгістрацыі іх царкве было адмоўлена з-за іх экстатычнай абраднасці. Тады частка абшчын на чале з кіраўніцтвам Царквы ХВЕ у 1945 увайшла ў зарэгістраваны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ) са згодай адмовіцца ад гаварэння на «іншамовах». Частка абшчын ХВЕ, якія не пайшлі на рэгістрацыю, дзейнічала падпольна. У 1-й пал. 1970-х г. некат. абшчыны ХВЕ атрымалі дазвол на аўтаномную рэгістрацыю (па-за межамі ЕХБ), у 1989 аб’яднанне ХВЕ з ЕХБ распалася. У наш час ХВЕ займаюць першае месца сярод пратэстанцкіх плыней Беларусі. На 1.1.2001 зарэгістравана 443 абшчыны, якія аб’яднаны ў Саюз ХВЕ Беларусі.
ХВА (або евангельскія хрысціяне ў духу апостальскім — ЕХВДА, таксама смародзінцы ў гонар заснавальніка гэтай плыні ў Расіі ў пач. 20 ст. М.П.Смародзіна) прызнаюць большасць агульных догматаў П., але адмаўляюць траістасць Бога. На іх думку, толькі ў Ісусе Хрысце ўвасабляецца Бог-бацька, Бог-сын і Бог—св. дух. Адсюль іх інш. назва — ісусаўцы. Разам з тым хрышчэнне св. духам у шэрагу іх абшчын не лічыцца абавязковай умовай для асабістага выратавання. Паслядоўнікі ХВА пашыраны ў Гродзенскай вобл. (Мастоўскі р-н, Гродна і інш.) і ў Брэсцкім р-не (в. Страдзеч, Медна і інш.). У 1947 ЕХВДА, каб атрымаць рэгістрацыю, як і ХВЕ, увайшлі ў саюз ЕХБ. У 1970-я г. іх пачалі рэгістраваць аўтаномна. На 1.1.2001 на Беларусі 9 абшчын ХВА. ХПЕ сваім веравучэннем і рэліг. практыкай найб. блізкія да ХВЕ. Першыя абшчыны ХПЕ узніклі на Беларусі ў пач. 1990-х г. з актыўным удзелам місіянерскіх груп з ЗША, Канады, Швецыі. Іх членамі сталі пераважна маладыя вернікі з абшчын ХВЕ у Мінску, Брэсце, Баранавічах, Мікашэвічах (Брэсцкая вобл.). Ад ХВЕ яны адрозніваюцца ў асноўным знешнім бокам сваіх малітоўных сходаў; шмат увагі аддаюць сумесным спевам рэліг. гімнаў з плясканнем у далоні і танцамі пад акампанемент сучасных муз. ансамбляў. Вял. аўтарытэтам у вернікаў карыстаецца пастар, які праводзіць абрад вылячэння верай з ускладаннем рук. На 1.1.2001 на Беларусі дзейнічаюць 54 абшчыны, якія ўваходзяць у рэліг. аб’яднанне абшчын ХПЕ.
Літ.:
Баптизм и баптисты. Мн., 1969;
Москаленко А.Т. Пятидесятники. 2 изд. М., 1973;
Каліноўскі В. Этнаграфічная спецыфіка пяцідзесятніцкае вёскі на Берасцейшчыне // Форум: Інфарм.-культур. бюл. 1995—96. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́ДЫ ТЭЎТО́НСКАІА О́РДЭНА НА БЕЛАРУ́СЬ,
шматразовыя напады Тэўтонскага ордэна на ВКЛ, у т. л. землі Беларусі, у канцы 13 — пач. 15 ст. Упершыню прэтэнзіі Ордэна на пэўныя землі ВКЛ выказаны ў 1245, калі імператар Фрыдрых II выдаў вял. магістру Ордэна Генрыху фон Гогенлоэ прывілей, які даваў яму правы на землі, што ён здабудзе ў Куроніі, Літве і Земгаліі. Напачатку падставай для паходаў на ВКЛ быў язычніцкі стан балцкага насельніцтва, якое, згодна з устанаўленнямі крыжакоў, падлягала хрышчэнню. Прэтэнзіі Ордэна на землі ВКЛ падмацоўваліся і граматай (фальшывай?) кн. Міндоўга, якой ён быццам бы завяшчаў сваю дзяржаву Тэўтонскаму ордэну ў тым выпадку, калі застанецца без нашчадкаў. Войны Ордэна супраць ВКЛ пачаліся пасля падпарадкавання ім прусаў у 1283. Да 1309 быў заняты каланізацыяй Прусіі і ўнутраным яе ўмацаваннем, таму далейшую агрэсію праводзіў адносна невял. сіламі. Гал. аб’ектам яго нападаў была Жамойць, дзе апорнымі іх базамі сталі збудаваныя на Нёмане і Балтыйскім узбярэжжы замкі Мемельбург, Рагніт, Скірстымонія і інш. Паходы арганізоўвалі ордэнскія ўлады ўсіх узроўняў. Баявыя дзеянні цягнуліся бесперапынна, дробныя наезды невял. атрадаў перамяжоўваліся больш буйнымі паходамі — да некалькіх тыдняў. У 1290—94 крыжакі штогод рабілі неменш як 2 паходы. Часам яны нападалі на Гродна, якое літвіны выкарыстоўвалі як базу для нападаў на Прусію і Польшчу. Паходы на Гродна праведзены ў 1284, 1295, 1296 (двойчы), 1305, 1306 (двойчы). Прыгранічныя напады рыцараў на ВКЛ адбываліся і ў часы іх ваен. дзеянняў з Польшчай у 1309—43. Пераважна яны нападалі на Жамойць, а таксама на Гродна (1311, 1328), Навагрудак (1314). У адказ войскі ВКЛ учынялі паходы на крыжацкія замкі і ўладанні. Буйнейшы з іх праведзены сумесна з польскімі войскамі на Брандэнбург у 1326 пад кіраўніцтвам Давыда Гарадзенскага. Прывілеем 1337 імператар Людовік IV Баварскі перадаў вял. магістру Тэўтонскага ордэна і яго пераемнікам часткі зямель ВКЛ — Жамойць, Куронію і Русь. Пасля замірэння Ордэна з Польшчай (1343) маштабнасць і колькасць яго нападаў на землі ВКЛ павялічыліся. Некалькі разоў яны штурмавалі Вільню, Трокі, рабілі рэйды ў Верхняе Панямонне (да мяст. Дзяляцічы), нападалі на Беліцу (1377), Ліду (1384), Брэст (1379), Камянец (1373, 1375, 1379). Вял. князі ВКЛ Альгерд, Кейстут, Ягайла не заўсёды аказвалі моцнае супраціўленне Ордэну з-за ваен. дзеянняў на усх. і паўд. рубяжах краіны. Найб. значная бітва адбылася 2.2.1348 на р. Стрэва, у якой удзельнічалі атрады з Полацка, Віцебска, Смаленска, Брэста і інш. гарадоў. 29.10.1379 Кейстут і Ягайла заключылі перамір’е з Ордэнам, які абавязаўся 10 гадоў не нападаць на «рускія» землі ВКЛ. Але ў хуткім часе пагадненне было парушана і напады крыжакоў адбыліся ў 1382 і 1383. З часу хрышчэння літоўскай часткі насельніцтва ВКЛ ў выніку Крэўскай уніі 1385 рэлігійныя падставы агрэсіі Ордэна зніклі, паходы крыжакоў на пэўны час спыніліся. Яны аднавіліся пасля таго, як Вітаўт паводле Салінскага дагавора 1398 абяцаў перадаць Ордэну Жамойць узамен на падтрымку яго ў барацьбе за велікакняжацкі пасад. Невыкананне ўмоў гэтага дагавора прывяло да новых вял. паходаў крыжакоў (у 1402 да Салечнікаў, у 1403 да Ашмян). Рымскі папа Баніфацый IX булай ад 9.9.1403 забараніў крыжовыя паходы супраць ВКЛ. Канец паходам Тэўтонскага ордэна на землі ВКЛ паклалі Рацёнжскі дагавор 1404 і Грунвальдская бітва 1410, хоць яшчэ да Мельнскага міру 1422 вяліся ваенныя дзеянні Ордэна з Польшчай і ВКЛ на тэр. Прусіі. Гл. таксама Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.
Літ.:
Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага (Беларуска-Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы XIV — першай палове XV ст. // Адраджэнне: Гіст. альманах. Мн., 1995. Вып. 1;
Сагановіч Г. Беларусь і Нямецкі ордэн (да Крэўскай уніі) // З глыбі вякоў Наш край. Мн., 1997. Вьш. 2;
Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской: Пер. с лат.М., 1997;
Lietuvių, karas su kryżinoćiais. Vilnius, 1964;
Lowmiański H. Agresja Zakonu Krzyżackiego na Litwę w wiekach XII — XV // Lowmiański H. Prusy — Litwa — Krzyżacy. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНЫ,
каштарыс (расклад) даходаў і расходаў краіны на наступны год; асн.фін. план дзяржавы. Адлюстроўвае крыніцы фарміравання і напрамкі выкарыстання гал. цэнтралізаванага фонду краіны. Складаецца з вышэйшага — федэральнага ці рэсп. бюджэту і мясцовых бюджэтаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць бюджэтную сістэму. Змест і структура Б.дз. залежаць ад многіх фактараў: узроўню развіцця прадукцыйных сіл і характару вытв. адносін, тыпу дзяржавы, яе сац. палітыкі, канкрэтнай эканам. і сац. сітуацыі, нац. асаблівасцей і інш.
Неабходнасць у бюджэту дзяржаўнага узнікла з фарміраваннем дзяржавы і таварна-грашовых адносін. Да гэтага фін. рэсурсы і іх мэтавае выкарыстанне вызначаліся ў асобных каштарысах даходаў і расходаў. З развіццём грамадства, пашырэннем функцый дзяржавы працэс пераразмеркавання нац. даходу ўскладніўся, адпаведна павялічылася колькасць асобных каштарысаў, што ўскладніла кіраванне сродкамі дзярж. казны. Неабходна было аб’яднаць мноства асобных каштарысаў у адзіны фін. план дзяржавы. Практычна спроба скласці адзіны каштарыс даходаў і расходаў дзяржавы зроблены ў Англіі ў 7 ст. пад назвай бюджэт. У Расіі першыя звесткі пра бюджэт дзяржаўны вядомы з 1654, аднак рэгулярнае яго складанне пачалося пасля стварэння ў 1812 мін-ва фінансаў. З пач. 20 ст. бюджэт дзяржаўны распрацоўваецца ў большасці краін.
Беларусь, пазбаўленая дзярж. самастойнасці ў складзе Рас. імперыі, свайго бюджэту дзяржаўнага не мела, удзельнічала толькі ў фарміраванні даходаў бюджэту дзяржаўнага Расіі, плацячы ўскосныя падаткі ад казённай віннай манаполіі (50% агульных паступленняў), пошліны, акцызы; прамыя падаткі не перавышалі 8,3%. Расходы бюджэту дзяржаўнага накіроўваліся пераважна на ваен. мэты і ўтрыманне развітой на Беларусі сеткі чыгунак. Удз. вага астатніх асігнаванняў на Беларусі ў 1913—14 складала: па гасп. мін-вах 12%, органах дзярж. кіравання, юстыцыі і кантролю 24,5%; адукацыі 11% і інш. 8%. Акрамя таго, фін. рэсурсы выдаткоўваліся і праз мясц. бюджэты, на долю якіх прыпадала менш за 1/16 усіх бюджэтных сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны БССР складзены ў 1921, але ён выкананы з вял. дэфіцытам (амаль 92% усіх бюджэтных выдаткаў пакрыта за кошт эмісіі грошай). З 1922 бюджэт дзяржаўны БССР стаў састаўной часткай бюджэту дзяржаўнага СССР і меў адносную самастойнасць (яго даходы і расходы вызначаліся пераважна саюзнымі органамі). Для бюджэтаў 1922—40 характэрны хуткі рост аб’ёму даходаў і расходаў, фарміраванне даходаў пераважна (да 90%) за кошт паступленняў ад нар. гаспадаркі, найб. доля асігнаванняў прыпадала на сац.-культ. мерапрыемствы, таму што важныя нар.-гасп. аб’екты фінансаваліся з саюзнага бюджэту. Пасляваен. бюджэты Беларусі гал. мэтай ставілі аднаўленне нар. гаспадаркі. У 1950—70-я г. ўзмацніўся ўплыў бюджэту дзяржаўнага БССР на эканам. і сац. працэсы ў сувязі з ростам эканам. патэнцыялу рэспублікі і пашырэннем яе бюджэтных правоў; доля асігнаванняў на нар. гаспадарку павялічылася да 40—50% пры змяншэнні долі выдаткаў на сац. сферу і кіраванне. Бюджэты дзяржаўныя 1980—90-х г. вызначаліся раўнамерным ростам даходаў, павелічэннем колькасці плацяжоў прадпрыемстваў, адносным захаваннем прапорцый, што склаліся ў размеркаванні сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны суверэннай Рэспублікі Беларусь складзены ў 1991. Ён распрацоўваўся яшчэ да прызнання незалежнасці Беларусі і захаваў многія ранейшыя рысы, тымнеменш змянілася яго прызначэнне, змест, пашырыліся крыніцы даходаў. Адначасова пашырыўся і пералік расходаў, іх аб’ём і структура. Упершыню расходы перавысілі даходную частку, афіцыйна запланаваны дэфіцыт бюджэту дзяржаўнага. З гэтага часу мясц. органы ўлады набываюць поўную самастойнасць у складанні і выкананні сваіх бюджэтаў — абл., раённых, гар. і пасялковых. У гэтыя бюджэты паступаюць мясц. падаткі і зборы, а таксама адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў; яны адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні комплекснага эканам. і сац. развіцця адпаведных рэгіёнаў. За рэсп. бюджэтам пакінута фінансаванне органаў дзярж. улады і кіравання, абароны, органаў дзярж. бяспекі, устаноў і аб’ектаў рэсп. падпарадкавання, мерапрыемстваў па мінімізацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Бюджэт дзяржаўны на наступны год, а таксама яго выкананне за мінулы год зацвярджае Вярх. Савет Беларусі. У сувязі з пераходам да рыначнай эканомікі і стварэннем новай падатковай сістэмы істотна змяніліся структура і змест бюджэту дзяржаўнага: расце яго агульны аб’ём пры перавышэнні расходаў над даходамі, павялічылася колькасць падатковых плацяжоў, сярод якіх вял. доля ўскосных (гл.табл. 1).
У расходах бюджэту значная доля асігнаванняў (больш за 10%) накіроўваецца на мінімізацыю вынікаў чарнобыльскай катастрофы, паменшылася доля асігнаванняў на нар. гаспадарку, што абумоўлена павелічэннем долі ўласных і крэдытных рэсурсаў у фінансаванні вытв-сці, змяншэннем датацый стратным прадпрыемствам. Прыярытэтнай застаецца сельская гаспадарка, у якую ў розных формах накіроўваецца да 25% усіх асігнаванняў у матэрыяльную сферу. Доля асігнаванняў у сац. сферу расце пераважна за кошт фінансавання праграм падтрымкі маламаёмнага насельніцтва. Аднак тэмпы росту бюджэтных асігнаванняў на адукацыю, ахову здароўя і навуку адстаюць ад тэмпаў росту непрадукцыйных расходаў: на абарону, абслугоўванне дзярж. доўгу, праваахоўныя органы і органы кіравання (гл.табл. 2). Праз бюджэт дзяржаўны і пазабюджэтныя фонды пераразмяркоўваецца да 60% нац. даходу. Гэта сведчыць, што бюджэт дзяржаўны застаецца на Беларусі важным інструментам дзярж. рэгулявання грамадскіх працэсаў.
Літ.:
Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970;
Государственный бюджет. Мн., 1995.
М.І.Ткачук.
Табліца 1 Структура даходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Крыніцы паступлення
Гады
1993
1994
1995
Акцызы
16,8
11,0
9,1
Падатак на дабаўленую вартасць
29,6
27,2
23,0
Падатак на прыбытак і даходы
22,9
34,2
32,3
Падаткі з насельніцтва
8,2
10,9
10,5
Падатак на паліва
4,5
4,2
3,0
Падатак на нерухомасць
2,9
0,7
0,3
Плата за зямлю
1,6
2,1
0,4
Мытныя пошліны і зборы ад знешнеэканамічных аперацый
0,2
0,3
0,6
Зборы і непадатковыя даходы
1,4
3,8
9,1
Адлічэнні на ахову здароўя
—
28,0
—
Іншыя даходы
11,8
2,8
14,9
Табліца 2 Структура расходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЯ,
нацыянальна-вызваленчы антыфаш. рух у другую сусветную вайну 1939—45 супраць ням., італьян. і яп. захопнікаў, а таксама супраць мясц.калабарацыяністаў. Р.С. быў глыбока нац. ў кожнай краіне і адначасова інтэрнацыянальны (паводле складу, узаемадзеяння і ўзаемадапамогі ўдзельнікаў) для ўсіх народаў, якія змагаліся за вызваленне ад захопнікаў. У Р.С. ўдзельнічалі прадстаўнікі розных пластоў грамадства: патрыятычна настроеныя рабочыя, сяляне, прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, духавенства. У краінах Азіі ў барацьбу супраць яп. каланізатараў уключаліся некат. групы памешчыкаў. Тымнеменш на развіццё Р.С. наклалі адбітак тагачасныя класавыя і ідэалаг. супярэчнасці. Амаль ва ўсіх краінах, акупіраваных агрэсарамі, у Р.С. вылучаліся 2 плыні: лева-камуністычная і права-кансерватыўная. У Францыі, Італіі, Чэхаславакіі, Бельгіі, Даніі, Нарвегіі і інш. краінах абедзве плыні супрацоўнічалі ў барацьбе супраць агульнага ворага, у шэрагу краін (Югаславія, Албанія, Польшча, Грэцыя) адначасова са змаганнем супраць акупантаў яны варагавалі паміж сабой. У барацьбе супраць акупантаў Р.С. набыў разнастайныя формы: антыфаш. агітацыя і прапаганда, забастоўкі, дыверсіі і сабатаж на прадпрыемствах, якія выраблялі прадукцыю для акупантаў, збор разведвальных звестак для армій антыфаш. кааліцыі, партыз. вайна. Вышэйшая форма Р.С. — усенар. ўзбр. паўстанне. Асаблівая старонка Р.С. — мужная барацьба падп. арг-цый вязняў гітлераўскіх канцэнтрацыйных лагераў. Вязні Бухенвальда і Маўтгаўзена ў 1945 вызваліліся, узняўшы ўзбр. паўстанні. Барацьба супраць фашызму, за нац. вызваленне спалучалася з барацьбой за сац. і дэмакр. пераўтварэнні, у залежных краінах — з барацьбой супраць калан. прыгнёту. Пашырэнне маштабаў Р.С. ў шэрагу краін прыводзіла да аб’яднання патрыят. сіл на аснове тактыкі народнага фронту ў агульнанац. патрыят. франты (называліся Нац., Нац.-вызв. і інш.). У краінах Усх. Еўропы яны і створаныя імі часовыя ўладныя структуры адыгралі пры падтрымцы СССР значную ролю ў наступным прыходзе да ўлады камуніст. і левых сіл. У многіх краінах Еўропы ў Р.С. змагаліся грамадзяне СССР. Сярод іх Героі Сав. Саюза В.А.Квіцінскі, М.Гусейн-задэ, Ф.А.Палятаеў, В.В.Порык. У падп. групах і партыз. атрадах, што дзейнічалі на Тэр. Францыі, Польшчы, Югаславіі, Чэхаславакіі, Даніі, Нідэрландаў і інш. краін было нямала грамадзян з Беларусі: У.У.Анічэнка, У.М.Антоненка, Ф.К.Варанішча, У.П.Вардомскі, Л.М.Віцятнёў, Д.А.Гараеў, А.М.Грынеўскі, Б.К.Зузо, А.М.Кандраценка, Б.А.Кедышка, Л.М.Кашачкіна, Н.І.Лісавец, Ф.М.Ліхавец, А.Дз.Панізнік, У.М.Руткоўскі, М.С.Фралоў, В.К.Харытончык, Т.У.Чахоўская і інш. Грамадзяне шэрагу еўрап. краін змагаліся супраць гітлераўцаў у радах партызан і падпольшчыкаў на тэр.СССР, у т. л. на Беларусі (немец Ф.Шменкель, француз Р.Жан, бельгіец Ж.Говартс, славак Я.Налепка і многія інш.). На акупіраванай тэр.СССР Р.С. адбываўся ў форме партыз. і падп.-дыверсійнай дзейнасці, пераважна пад кіраўніцтвам Камуніст. партыі (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну 1941—45, Патрыятычнае падполле і інш.). Партыз. рух набыў таксама масавы характар у Югаславіі, Польшчы, Албаніі, Грэцыі, Італіі, Францыі, Кітаі, Філіпінах, Бірме, Малаі. На заключным этапе 2-й сусв. вайны Р.С. моцна спрыяў вызваленню ад акупантаў шэрагу краін (Югаславія, Францыя, Італія, Грэцыя, Кітай), у некат. выпадках сілы Супраціўлення самі вызвалілі свае краіны (Албанія, Грэцыя, Малая, В’етнам). Р.С. быў адным з істотных фактараў, якія спрыялі перамозе антыгітлераўскай кааліцыі, далейшаму развіццю нац.-вызв. барацьбы народаў Азіі і Афрыкі. Удзельнікаў Р.С. з 1951 аб’ядноўвае Міжнародная федэрацыя барацьбітоў Супраціўлення.
Літ.:
Антифашистское движение сопротивления в странах Центральной и Юго-Восточной Европы. М., 1991;
Движение сопротивления в Западной Европе, 1939—1945: Нац. особенности. М., 1991.
Э.М.Позняк.
Да арт.Рух Супраціўлення. Антыфашысцкае выступленне ў Даніі. Горад Одэнсе. 1943.Да арт.Рух Супраціўлення. Грэчаскія партызаны каля збітага імі нямецка-фашысцкага самалёта. 1943.