ІМГЛА́, сухі туман,

памутненне ніжніх слаёў атмасферы ад мноства завіслых цвёрдых часцінак (дыму, гары, пылу). Бачнасць пры І. зніжаецца ад 1 км да некалькіх соцень і дзесяткаў метраў. Характэрна для пустынных і стэпавых раёнаў пры эрозіі глебы і пылавых бурах, узнікае пры лясных і тарфяных пажарах, вулканічных вывяржэннях. У вял. гарадах бывае гарадская І., выкліканая антрапагенным забруджваннем паветра (гл. Смог). На тэр. Беларусі здараецца толькі ў ціхае надвор’е, пераважна ў вял. гарадах (у Мінску — да 12 дзён за год), радзей пры пажарах на тарфяніках і ў лясах.

т. 7, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

адкладанні лёду на паверхні збудаванняў, дрэвах, правадах, дарогах і інш. аб’ектах. Утвараецца ў выніку выпадзення вадкіх ападкаў у халодную пару года, у туман, смугу. Адрозніваюць галалёд, зярністую і крышталічную шэрань, замёрзлае адкладанне мокрага снегу, складаныя адклады — з некалькіх слаёў розных відаў. На Беларусі за год колькасць сутак з абледзяненнем складае ў паніжаных месцах 20—28, на ўзвышшах да 40. Назіраецца з кастр. да крас., часцей за ўсё ў снеж. і студзені. Працягласць яго звычайна да 12 гадз. Самым працяглым на Беларусі было ў Навагрудку 28.12.1959—27.1.1960 (715 гадз). Небяспечная з’ява для работы транспарту, энергасістэм і інш. галін гаспадаркі.

т. 1, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗА́РАНКА (Пётр Мікалаевіч) (н. 9.4.1957, Мінск),

бел. жывапісец. Сын М.П.Назаранкі, брат А.М.Назаранкі. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). З 1985 выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа ў рэаліст. манеры. Творы вызначаюцца складанасцю каларыту, тонкай мадэліроўкай форм, псіхал. пранікненнем у глыбіню вобраза: «На прасторах Міншчыны» (1981), «Дыялог» (1982), «Фангомы», «Золата захаду» (абодва 1984), «Поле бою, поле вечнага жыцця» (1985), «Лімонны сок» (1989), «Белы бэз», «Успаміны» (абодва 1990), «Зямля Скарыны» (1992), «Туман» (1993), «Вераніка», «Месяцовая ноч» (абодва 1994), «Маланка» (1998), серыя «Нясвіж» (1998—99), «За каханне» (2000) і інш.

П.Назаранка. Месяцовая ноч. 1994.

Г.​А.​Фатыхава.

т. 11, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПО́ ((Copeau) Жак) (4.2.1879, Парыж — 20.10.1949),

французскі рэжысёр, акцёр, тэатр. дзеяч, адзін з заснавальнікаў сучаснай франц. рэжысуры. Вучыўся ў Сарбоне. У 1913 у Парыжы заснаваў т-р «В’ё каламб’е» («Тэатр старой галубятні»; кіраваў да 1924). Ставіў п’есы Мальера, У.​Шэкспіра, К.​Гальдоні, К.​Гоцы, М.​Гогаля, П.​Мерымэ, творы сучасных яму драматургаў («Крамдэйр стары» Ж.​Рамэна, 1920; «Мішэль Аклэр» Ш.​Вільдрака, 1922). Імкнуўся ствараць паэт. філас. спектаклі, адстойваў выхаваўча-этычнае значэнне мастацтва. У 1915 адкрыў тэатр. школу. Як акцёр выканаў ролі: Жака («Як вам гэта спадабаецца» Шэкспіра), Івана Карамазава («Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага). У 1936—40 працаваў у т-ры «Камеды Франсэз». Аўтар п’ес «Ранішні туман» (1897), «Родны дом» (1924) і інш.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЧАНКА (Леанід Максімавіч) (1.4. 1941, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 11.9.1996),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). Творы адметныя кампазіцыйнай завершанасцю, пластычнасцю малюнка, дасканаласцю тэматычнага абагульнення. Аўтар серый літаграфій «Жанчыны Палесся» (1974), «Новабудоўлі Беларусі» (1975), афортаў «Лета ў Залацінцы. БАМ» (1976), «Мой край азёрны» (1977), «Мінск» (1978—79), «Зямля і людзі» (1980), «Палярны круг» (1981), «Па Туркменіі» (1987), «Край нарачанскі» (1989—90), «Вёска Манькавічы» (1991), «Мая Беларусь» (1995). Працаваў у акварэлі: «Нарач. Вечар» (1991), «Вясна. Дождж», «Пахмурны дзень» (абедзве 1992), «Цішыня», «Бэз», «Першы снег», «Вясна» (усе 1993), «Туман», «Манькавічы», «Бабіна лета» (усе 1994). Акварэлям уласцівы багацце паўтонавых суадносін, каларыстычная ўраўнаважанасць.

Літ.:

Леанід Марчанка: [Альбом]. Мн., 1997.

Н.​П.​Марчанка.

Л.Марчанка. Бабіна лета. 1994.

т. 10, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДВО́Р’Е,

стан атмасферы ў той ці іншай мясцовасці ў пэўны момант або за абмежаваны прамежак часу (суткі, месяц, год). Шматгадовы рэжым Н. наз. кліматам. Абумоўлена фіз. працэсамі, якія адбываюцца пры ўзаемадзеянні атмасферы з космасам і зямной паверхняй. Пастаянна зменьваецца. Перыядычныя яго змены абумоўлены вярчэннем Зямлі вакол сваёй восі (сутачны ход) і вакол Сонца (гадавы ход), неперыядычныя — працэсамі цыркуляцыі атмасферы (на Беларусі пераважна ў выніку заходняга пераносу паветраных мас). Характарызуецца прыблізнымі, спрошчанымі тэрмінамі (халоднае, цёплае, гарачае, сухое, дажджлівае) або сукупнасцю значэнняў метэаралагічных велічынь (т-ра і вільготнасць паветра, скорасць і напрамак ветру, воблачнасць, сонечная радыяцыя, атм. ападкі і інш.) і атмасферных з’яў (дождж, туман, навальніца і інш.). Падрабязную характарыстыку фактычнага Н. даюць назіранні метэаралагічных станцый, чаканае Н. — прадмет прагнозаў надвор’я. Для прадказання Н. на невял. тэрыторыях карыстаюцца таксама мясц. прыкметамі.

т. 11, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПРЭ́ЕНКА (Уладзімір Пятровіч) (н. 3.1.1944, в. Антонаўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мастак, прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1970). Творчасць вызначаецца пошукам новых сродкаў выразнасці, вобразным сімвалізмам каларыту. Тэматычныя кампазіцыі «У цэнтры зборкі касмічных караблёў» (1976), «Армагедон XX стагоддзя» (1992); паліпціхі «Праабражэнне», «Вяртанне майстра» (абодва 1993), трыпціх «Мой горад» (1994); пейзажы «Куточак старога Віцебска» (1968), «Адліга», «Вячэрні Віцебск» (абодва 1973), «Браслаўскі матыў» (1978), «У гарах Паміра» (1979), «Світанак», «Туман над возерам» (абодва 1983), «Моцны вецер» (1985), «Сонечны дзень у лесе» (1989), «Ціхі вечар» (1993), «Хмурая раніца» (1994), нацюрморты «Нацюрморт з рыбамі» (1968), «Сланечнік» (1980), «Макі» (1987), «Нацюрморт з рамонкамі» (1988), «Бэз», «Нацюрморт з ружамі» (абодва 1989), «Дары лесу» (1994), «Нацюрморт з ягадамі» (1995) і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

У.Напрэенка. Нацюрморт з ягадамі. 1995.

т. 11, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАЗО́ЛІ (ад аэра... + золі),

дысперсныя сістэмы з цвёрдымі ці вадкімі часцінкамі, завіслымі ў газавым асяроддзі (пераважна ў паветры). Да аэразоляў адносяцца туман, воблакі, дым (памер часцінак 0,1—5 мкм), пыл (10—100 мкм) і інш. Аэразолі ўтвараюцца ў прыродных працэсах (воблачнасць, вывяржэнні вулканаў, лясныя пажары, пылавыя буры, метэарытны і касм. пыл і інш.) або ў выніку дзейнасці чалавека (прамысл. і трансп. выкіды, пэўныя тэхналогіі, гарэнне паліва, пораху, арган. рэчываў, тытуню, радыяц. забруджванне). Аэразолі з прыроднага туману і выкідаў прам-сці наз. смогам.

Аэазолі ўплываюць на эл. і хім. характарыстыкі атмасферы, рассейванне і паглынанне ў ёй сонечнай радыяцыі, бачнасць, фарміраванне воблакаў і ападкаў. Штучныя аэразолі выкарыстоўваюцца ў аэразольтэрапіі (інгаляцыя, дэзінфекцыя), прам-сці (нанясенне металічных і лакафарбавых пакрыццяў, распыленне паліва), сельскай гаспадарцы (распыленне пестыцыдаў, інсектыцыдаў). Узнікненне аэразоляў часта непажаданае з-за страт каштоўных рэчываў, забруджвання паветра, шкоднага ўздзеяння на людзей і навакольнае асяроддзе, тэхн. канструкцыі і інш. (гл. таксама Аэразольная катастрофа).

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РГЕН ((Borgen) Юхан) (28.4.1902, Осла — 16.10.1979),

нарвежскі пісьменнік і літ. крытык. Дэбютаваў зб. навел «У напрамку цемры» (1925), гал. тэмы якіх — адзінота, трагічныя чалавечыя памылкі. Пад псеўданімам Мумле Госег выдаў шэраг вострасатырычных антыфаш. фельетонаў, эсэ, нарысаў. У 1941 эмігрыраваў у Швецыю. Удзел у антыфаш. Супраціўленні адлюстраваў у мемуарах «Дні ў Грыні» (1945). Супярэчнасці жыцця тагачаснага грамадства, якія прыводзяць да краху неардынарнай асобы, — у цэнтры трылогіі «Маленькі лорд» (1955), «Цёмныя воды» (1956), «Цяпер яму не ўцячы» (1957). Праблема раздвоенасці індывіда ў раманах «Я» (1959), «Блакітная вяршыня» (1964), «Чырвоны туман» (1967), «Мая рука, мае вантробы» (1972), зб. навел «Самотныя дрэвы ў садзе» (1969). Прозе Боргена ўласцівыя псіхалагізм, рэаліст. адлюстраванне рэчаіснасці. У літ.-крытычных працах і паліт. публіцыстыцы спалучэнне гуманістычнага зместу з вострапалемічнай формай.

Тв.:

Рус. пер. — [Избранное]. М., 1979;

Декабрьское солнце: Рассказы. М., 1983;

Избр. новеллы. М., 1984.

Літ.:

Нагибин Ю. Островитянин: Сон о Юхане Боргене // Иностр. лит. 1976. № 11.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 3, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯХА́Й (Рыгор Восіпавіч) (5.12.1914, в. Сяліба Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 25.7.1991),

бел. паэт і празаік. Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў настаўнікам. З 1946 у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Полымя», у Дзярж. выд-ве БССР. Друкаваўся з 1935. Аўтар паэт. зб-каў «Па сонечных узгорках» (1939), «Маё пакаленне» (1950), «Вялікі мой і ціхі акіян» (1954), «Размова з восенню» (1961), «Асеннія пракосы» (1973), аповесцей «Сарочы лес» (1965), «Туман над стэпам» (1971), «Шлях на Эльбу» (1976), «Я з табою, гвардыя» (1983), дакумент. аповесці «Героі не адступаюць» (1965). Гераізм народа ў Вял. Айч. вайну, пафас стваральнай працы — асн. тэматыка твораў. Пісаў для дзяцей («Пра храбрага хлопчыка», 1962; «Алёшка-атаман», 1967). Аўтар гіст.-краязн. нарыса «Мінская вобласць» (1968, 2-е выд. 1974). Зрабіў літ. запісы кніг В.​Лівенцава «Партызанскі край» (1950), І.​Вятрова «Браты па зброі» (1962), І.​Шубітыдзе «Палескія былі» (1969). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.​Твардоўскага, А.​Малышкі, Ю.​Збанацкага, М.​Рыльскага, М.​Стэльмаха, П.​Тычыны і інш.

Тв.:

Творы. Т. 1—2. Мн., 1984.

т. 11, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)