Створана ў 1960 на базе Гомельскай прамысл. Арцелі «XVIII партз’езд» (з 1939). Асн. прадукцыя: строчана-вышытае дзіцячае адзенне, пасцельная і сталовая бялізна, вырабы вязаныя і ручнога ткацтва (ткуць у в. Неглюбка Веткаўскага р-на і ў Чачэрску), вырабы з лазы і саломкі. Шырокую вядомасць маюць неглюбскія ручнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЯСЫ́,
вырабы Гродзенскай шаўкаткацкай мануфактуры А.Тызенгаўза ў 1770-я — пач. 1780-х г. Запрошаныя сюды франц. майстры ўзялі за аснову арнаментальную структуру, памер і кампазіцыю слуцкіх паясоў, але арнамент сярэдняй ч. і матывы на канцах пояса распрацавалі паводле франц. узораў, якія пазней былі заменены на ўсходнія.
Росквіт персіярні (1774—78) звязаны з творчасцю ліёнскага майстра Ф.Селімана. Яго паясы вызначаліся гарманічнасцю кампазіцыі, лёгкім малюнкам; вытанчанасцю каларыту. У 1783 выраб паясоў спыніўся. Калекцыя Гродзенскіх паясоў зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛІМА́Н ((Selimand) Франсуа) (? — 1800),
французскі майстар-ткач залататканых паясоў. Запрошаны А.Тызенгаўзам з Ліёна на Гродзенскую персіярню ў 1774, якой кіраваў да 1778, на гэты час прыпадае росквіт персіярні. Стварыў новы тып пояса, дзе, не парушаючы велічыні, падзелу і арнаментальнай структуры слуцкага пояса, удала спалучыў традыц.ўсх. арнамент і ўзоры франц. арнаменту 18 ст. Паясы С. адметныя гарманічнасцю кампазіцыі, лёгкасцю малюнка, вытанчанасцю каларыту. Працаваў таксама ў Кабылцы пад Варшавай (да 1787), з 1794 у Корцу на Валыні ў кн. Чартарыйскіх. На многіх паясах работы С. ёсць метка «F.S.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЦКІЯ ШПАЛЕ́РЫ,
вырабы ткацкай мануфактуры Радзівілаў у г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл. ў 2-й пал. 17—1-й пал. 19 ст. Ткалі шпалеры пераважна жонкі прыдворных па кардонах прыдворных мастакоў К.Д. і Ю.К.Гескіх, Скажыцкага, Андрэя і Канстанціна (прозвішчы не вядомы). Сюжэты і кампазіцыі пераносілі з карцін А. ван Вестэрфельда, Дэль Бенэ, дэ Воза і інш. Мануфактура дасягнула росквіту ў сярэдзіне 18 ст.Найб. вядома серыя высокамаст. шпалер, выкананых паводле загаду (1752) М.К.Радзівіла Рыбанькі для ўслаўлення свайго роду: «Мікалай Радзівіл Чорны ў 1560 годзе прымае ад імя караля Жыгімонта Аўгуста пашану ад цэсарскіх паслоў», «Прысяга на вернасць каралю Жыгімонту Аўгусту і яго шлюб з Барбарай Радзівіл», «Наданне тытула князя Свяшчэннай Рымскай імперыі Мікалаю Радзівілу Чорнаму імператарам Карлам V у 1547 годзе», «Каранацыя Барбары Радзівіл», «Пацвярджэнне княжацкага тытула Радзівілаў на сейме ў Петрыкаве», «Бітва князя Януша Радзівіла пад Кіевам», «Баталія з Турцыяй пад Хоцімам Міхаіла Казіміра, польнага гетмана», «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам», «Агляд войск пад Заблудавам», «Узяцце ў палон Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе». Былі вытканы партрэты Радзівілаў: Януша, Крыштофа і інш. К.ш. вызначаліся мяккімі колеравымі спалучэннямі і высокай тэхнікай выканання, даволі вял. памерамі (349 × 329 см і падобныя). На некат. выяўлены меткі — прозвішчы ткачых Настассі Маркевіч і Марыі Кулакоўскай. Упрыгожвалі парадныя залы Нясвіжскага палаца.
Літ.:
Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.
Дз.С.Трызна.
Да арт.Карэліцкія шпалеры. Фрагмент шпалеры «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам». 2-я пал. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ДЫВАНЫ́,
вырабы Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, заснаваных А.Тызенгаўзам у 2-й пал. 18 ст. Адметныя высокай тэхнікай ткацтва і прыгажосцю. Кампазіцыі гродзенскіх дываноў (ворсавых і шпалер) складаліся з раскіданых па полі букетаў, перавязаных стужкамі, вазонаў і кошыкаў з кветкамі. Колеравая гама звычайна блакітная і залацістая. Раслінны арнамент ворсавых дываноў (букеты руж на светлым фоне) вызначаўся лёгкасцю формаў і гарманічнасцю колеравых спалучэнняў. Французскія майстры, якія працавалі на мануфактурах, пераймалі зах.-еўрап. ўзоры і стваралі дываны ў стылях барока і класіцызму. Часам у гродзенскіх дыванах трапляюцца ўзоры ў мясц. арнаментальных традыцыях.
Дз.С.Трызна.
Да арт.Гродзенскія дываны. Фрагмент шпалеры 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯДЗВІ́НСКАЕ ТКА́ЦТВА,
народнае мастацкае ручное ўзорыстае ткацтва на тэр. Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Вядомае здаўна (у л-ры — з 19 ст.). Тут ткалі посцілкі, дываны, ручнікі. Адметнае ў Верхнядзінскім ткацтве традыц. спалучэнне 2 колераў: чорнага з малінавым, белым, чырвоным ці аранжавым. Разнастайнасць дасягаецца ўзбуйненнем ці здрабненнем асобных матываў, рознымі перапляценнямі нітак пры захаванні адзінага кампазіцыйнага ладу. Тэхніка — перабор, шматрамізная, выбарная; узоры — «у дымкі», «у ромбы» і г.д. З 1967 пры Верхнядзвінскай ф-цы маст. вырабаў працуе цэх маст. ткацтва, дзе ткуць ручнікі, посцілкі, накідкі на крэслы ў традыц. колерах з бел. арнаментам. Матэрыял — лён, віскоза, воўна, чарот (з яго робяць сурвэткі, сумкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ РЭЗІДЭ́НЦЫЯ,
установа ордэна езуітаў у 17—18 ст. У пач. 17 ст. місіянерскую дзейнасць па прапагандзе каталіцызму ў Бабруйску пачалі манахі Нясвіжскага езуіцкага калегіума. У 1618 яны замацаваліся тут, у 1630 узнікла іх рэзідэнцыя. Гар. староста П.Трызна перадаў езуітам маёнткі Гарбацэвічы, Рыня, Устайла, пабудаваў для іх дом у Бабруйску і перадаў 7500 фларэнаў, атрыманых пад заклад маёнтка Кісялевічы. У 1638 нашчадкі Трызны аддалі езуітам в. Дваранавічы з ўніяцкай царквой, пабудавалі касцёлы ў вёсках Гарбацэвічы і Шацілкі, якія ў 1643 падараваў ордэну шляхціц П.Суляціцкі. Гэта дало магчымасць езуітам адкрыць тут місіянерскія пункты. У час антыфеад. вайны 1648—51 рэзідэнцыя прыйшла ў заняпад. У 1681 адноўлена дзейнасць іх школ. У час Паўн. вайны 1700—21 яна неаднаразова спыняла сваю дзейнасць. З 1720 пры рэзідэнцыі быў прытулак для збяднелай шляхты. Закрыта ў 1773 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ТКА́ЦТВА,
народнае мастацкае ўзорыстае ткацтва на Гродзеншчыне. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 17 ст. Ткачыхі выраблялі высокамастацкія рэчы — посцілкі, ручнікі, абрусы, дываны, падвойныя дываны і інш., у розных тэхніках: перабору, закладання, шматнітовага ткацтва. Посцілкі і дываны звычайна ткалі ў палосы без танальных адценняў і з адценнямі («вясёлка»), часам у клетачку. У апошні час пашырыліся кампазіцыі з каляровых палос, якія чаргуюцца з раслінным арнаментам, найб. тыповыя — зблянскія посцілкі з насычанай колеравай гамай (зялёны, малінавы, жоўты, чырвоны, фіялетавы). Ручнікам і абрусам уласціва серабрыста-белая гама. На аснове развітога нар. ткацтва ў 18—19 ст. былі засн.Гродзенскія каралеўскія мануфактуры, дзе выраблялі шпалеры (гл.Гродзенскія дываны), паясы (гл.Гродзенскія паясы) і інш. У 1920-я г. на Гродзеншчыне былі створаны прамысл. арцелі, а пасля Айч. вайны нар. майстры працавалі ў сістэме ф-к маст. вырабаў Гродна, Слоніма, дзе вырабляліся як унікальныя рэчы, так і прадметы шырокага ўжытку ў традыц. формах. У наш час ткацтва паступова перастала быць промыслам і стала заняткам асобных майстрых.
Дз.С.Трызна.
Гродзенскае ткацтва. Посцілка. Вёска Малая Воля Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР БЕЛРАДЫЁЦЭ́НТРА, Сімфанічны аркестр Белрадыёкамітэта. Існаваў у 1928—37 у Мінску. Створаны на аснове сімф. аркестраў БДТ-1 (гл. Сімфанічны аркестр Беларускага дзяржаўнага тэатра першага) і Бел.дзярж.муз. тэхнікума. У 1928 налічваў 50 чал. У розныя часы ў склад аркестра ўваходзілі музыканты С.Жыў (1-я скрыпка), Ю.Дрэйзін (2-я скрыпка), К.Бянеўскі (альт), М.Арлоў (віяланчэль), М.Славачэўскі (кантрабас), Б.Трызна (флейта), Б.Паграбняк (габой), Г.Эльтэрман (кларнет), М.Паграбняк (фагот), Я.Сцягенны (валторна), М.Штэйман (труба), І.Рыбкін (трамбон), М.Казакоў (туба), С.Маркоўскі (літаўры); дырыжоры А.Бяссмертны, І.Гітгарц, М.Міхайлаў (выпускнік Ленінградскай кансерваторыі па кл. Э.Купера), А.Арлоў, Л.Штэйнберг. Рэпертуар складалі творы кампазітараў розных эпох і кірункаў. Быў папулярызатарам бел.муз. мастацтва: праводзіў творчыя радыёвечары, справаздачныя канцэрты бел. кампазітараў. У яго выкананні гучалі творы М.Аладава, В.Залатарова, Р.Пукста, А.Туранкова, М.Чуркіна, А.Багатырова, М.Крошнера, Р.Самохіна, П.Падкавырава. З 1937 у складзе Беларускай філармоніі.
Літ.:
Загородний Г.Н. Музыки высокое призвание. 2 изд. Мн., 1988;
Яго ж. Белорусская государственная филармония. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ГЛЮБСКІЯ РУЧНІКІ́,
традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі з в. Неглюбка і навакольных вёсак Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. Вядомы з сярэдзіны 19 ст. Ткуць з ільняных, баваўняных нітак, часам дадаюць мулінэ, шоўк, ірыс; даўж. ручніка 350—500 см, шыр. 40—50 см, арнамент 80—140 см на кожным канцы. Тэхніка ткання браная і пераборная. Пераважае старадаўні геам. і геам.-расл. арнамент, які часам мае асаблівыя назвы («крывулі», «кепцы» і інш.). Узор, змешчаны на канцы ручнікоў, складаецца з 5—9 шырокіх гарыз. арнаментальных палос, дзе 2—4 рознага ўзору, далей шырокая іншага характару, потым у люстэркавым адбіцці паўтараюцца першыя. Сярэдзіна ручніка запаўняецца рытмічна размешчанымі вузкімі каляровымі арнаментальнымі палоскамі. Канец з трох бакоў абшываецца кароценькімі, у колер закладак мохрыкамі, часам аздабляецца карункамі, вязанымі кручком. Колеравая гама Н.р. яркая, пераважае чырвоны, пашыраны чорны і белы колеры. У апошні час трапляецца зялёны, сіні, жоўты. У 1977 у в. Неглюбка створаны ткацкі цэх Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Сярод ткачых Е. і М. Барсуковы, Г.Грынькова, Т.Дзеранок, Е.Кавалёва, М.Кароткая, М.І. і М.П. Каўтуновы, С.Мельнікава, М.Прыходзька. Г.Суглоб, В.Халюкова і інш. Н.р. экспанаваліся на айч. і сусв. выстаўках.
Літ.:
Жабінская М.П. Мастацтва сяла Няглюбка: [Фотаальбом]. Мн., 1976.