Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1801 з цэглы. У 1908 на ПдУ ад касцёла пастаўлена 2-ярусная мураваная званіца. Храм прамавугольны ў плане, з крыху выступаючым трансептам і паўцыркульнай апсідай. Гал. (паўд.) фасад завершаны трыгліфным фрызам з развітым карнізам, над якім атыкавы франтон з паўкруглым аконным праёмам у тымпане. Бакавыя фасады дэкарыраваны рустоўкай і завершаны прафіляваным карнізам. На сценах, скляпеннях асн. аб’ёму і алтарнай ч. жывапісныя кампазіцыі на біблейскія тэмы і дэкар.-арх. размалёўка, якая стварае ілюзорнае ўяўленне прасторы. Драўляны разны алтар 2-ярусны, расчлянёны калонамі карынфскага ордэра, дэкарыраваны накладной пазалочанай разьбой і скульптурай. Захаваўся абраз 17 ст. «Маці Божая з дзіцем» (перанесены з капліцы в. Мачульна ў 1945).
В.В.Церашчатава, Т.І.Чарняўская.
Роскі Троіцкі касцёл.Роскі Троіцкі касцёл. Фрагмент галоўнага алтара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1878 у г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. на сродкі В.Пуслоўскага і парафіян. Складаецца з аднанефавага прамавугольнага ў плане асн. аб’ёму і больш нізкай 5-граннай алтарнай апсіды з 2 сакрысціямі. Асн. аб’ём завершаны вежай званіцы з высокім шатровым дахам. Гал. (паўд.-зах.) фасад аздоблены плоскімі нішамі розных форм і акном-ружай у складаным прафіляваным стральчатым абрамленні. Партал увахода вылучаны вімпергам. У архіве касцёла захоўвалася метрыка хрышчэння Т.Касцюшкі, які нарадзіўся ў фальварку Мерачоўшчына каля Косава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЗАЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1914 з чырвонай цэглы ў г.п. Відзы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.). Мураваны 3-нефавы храм з трансептам і гранёнай апсідай, абапал якой 2 сакрысціі. Сцены звонку ўмацаваны контрфорсамі, вокны спічастыя. Двухвежавы гал. фасад з трохвугольным франтонам завершаны высокімі зубцамі. Такія ж франтоны ўпрыгожваюць тарцы трансептаў. Гал. ўваход вылучае перспектыўны партал з вімпергам і круглым акном-ружай над ім. Вежы на гал. фасадзе (выш. 59 м) завершаны вострымі 8-граннымі шатрамі і значна ўзвышаюцца над астатнімі аб’ёмамі. У інтэр’еры калоны і пілястры складанага профілю пераходзяць у высокія падпружныя спічастыя аркі скляпенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУ́РСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў 1825 у в. Індура Гродзенскага р-на. У 1901—04 да паўн. і паўд. фасадаў прыбудаваны вежы, з усх. боку зроблена прыбудова, якая ўключае трансепт, апсіду і сакрысціі. Асн. аб’ём захаваў пластычнае афармленне пач. 19 ст. Касцёл складаецца з трохнефавага асн. аб’ёму, шырокага трансепта, маленькай паўцыркульнай апсіды з бакавымі прыбудовамі і 2 вежаў, завершаных фігурнымі шлемамі з шатровымі ліхтарамі. Гал. фасад вылучаны магутным 4-калонным порцікам з атыкам і вял. паўцыркульным праёмам. Сцены па ўсім перыметры апяразаны дарычным антаблементам і члянёны пілястрамі. У касцёле 3 алтары ў стылі позняга класіцызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРВЯ́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1903 у в. Гервяты (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.) з чырвонай цэглы (арх. А.Альшалоўскі). 3-нефавая 1-вежавая базіліка з трансептам у зах.ч., накрыта 2-схільным крыжовым дахам. З У да гал. нефа прыбудавана высокая 2-ярусная вежа-званіца, завершаная шпілем. Сярэдні павышаны неф з нізкімі стральчатымі вокнамі ўмацаваны контрфорсамі, паміж кожнай парай якіх размешчаны высокія спараныя стральчатыя вокны з дэкар. ружамі ў завяршэнні. Бакавыя фасады ўпрыгожаны аркатурна-зубчастым поясам, антаблемент мае фрыз са стылізаваным арнаментам у выглядзе 3-ступеньчатых зубцоў і карніз. Ідэнтычна вырашаныя алтарны фасад і тарцы трансепта маюць ярусную кампазіцыю. Гал. ўваход аформлены перспектыўным парталам, які завершаны вімпергам і ружай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 18—пач. 20 ст. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1764—82 у стылі позняга барока. Мураваны 1-нефавы храм з выцягнутай паўкруглай апсідай і 2-вежавым фасадам, аздобленым ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, крапаванымі карнізамі і інш.). У 1902—08 (арх. Ю.Заро) прыбудаваны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало касцёлу аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю 3-нефавай крыжовай базілікі. 2-ярусныя вежы павялічаны на 2 ярусы, якія, як і цэнтр. фігурны франтон, маюць выцягнутыя верт. прапорцыі. Дэкар. аздабленне стылізавана пад першапачатковае. Тры драўляныя разныя алтары і амбон выкананы ў пач. 20 ст. У касцёле знаходзіцца абклад абраза «Маці Боская Адзігітрыя» 18 ст., захавалася каваная рашотка амбона. Над бабінцам хоры з арганам у стылі неаготыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАМАСКО́ЎСКІ ТРО́ІЦКІ САБО́Р,
помнік украінскага драўлянага дойлідства 18 ст. ў г. Новамаскоўск Днепрапятроўскай вобл. Узведзены ў 1773—81 дойлідам А.Паграбняком. Храм крыжападобны ў плане, 9-часткавы, увянчаны 9 купаламі з заломамі. У 1888 перабудаваны. У інтэр’еры выкарыстаны унікальны прыём вышыннага раскрыцця ўнутр. прасторы.