Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГІ́НАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1886 з цэглы ў в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. Храм 4-часткавай падоўжна-восевай кампазіцыі: званіца, трапезная, асн. аб’ём з прыдзеламі, апсіда.
Прыдзелы і апсіда вырашаны паўратондамі. 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца надбудавана над прытворам і завершана цыбулепадобнай галоўкай. Над сяродкрыжжам буйны 8-гранны светлавы барабан накрыты самкнутым сферычным купалам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЭ́ЛЬВЕНСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 19 ст. з элементамі. псеўдарускага стылю. Пабудавана на фундаменце драўлянай царквы 1443 у г.п. Зэльва (Гродзенская вобл.). Цагляны 1-нефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём з квадратнай званіцай і паўкруглай апсідай пад 2-схільным дахам. Аконныя праёмы прамавугольныя. Званіца 2-ярусная, з паўцыркульнымі вокнамі і шатровым дахам, над якім узвышаецца невял. купал на круглым барабане. У інтэр’еры над уваходам размешчаны хоры з драўлянай агароджай, упрыгожанай разным геам. арнаментам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Будынак цэнтрычны, крыжападобны ў плане, на цагляным атынкаваным фундаменце. З трох бакоў зроблены ўваходы ў выглядзе шырокіх мураваных ганкаў з казыркамі на драўляных калонах. Над гал. уваходам — высокая васьмігранная ў плане 3-ярусная званіца, над сяродкрыжжам — вялікі светлавы барабан (дыяметр 8 м, вышыня 12,5 м) з купалам. Фасады вертыкальна ашаляваны. Вокны паўцыркульныя. У інтэр’еры цэнтральная 2-светлавая частка перакрыта самкнёным скляпеннем на ветразях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОНСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудавана з дрэва ў 1826 у в. Блонь (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.). Сіметрычны прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай апсідай. Над бабінцам званіца (васьмярык на чацверыку) са шпілем, над сяродкрыжжам 8-гранны светлавы барабан са шлемападобным купалам. Гал. фасад акцэнтаваны манум. порцікам, які ўтвараюць 4 мураваныя калонкі і трохвугольны франтон. Сцены гарызантальна ашаляваны, завершаны карнізам з поясам «сухарыкаў», разным фрызам. У інтэр’еры асн. частка 3-нефавая, над бабінцам хоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры ракако. Пабудавана ў 1768 у в. Вольна (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) як уніяцкі касцёл базыльян, з 1895 правасл. царква. Мураваная 3-нефавая, 2-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай, бакавымі сакрысціямі і трансептам. Гал. фасад вырашаны хвалістай плоскасцю сцяны, завершанай тонка прафіляваным карнізам, па вуглах і цэнтры ўмацавана ступеньчатымі контрфорсамі, крапавана тонкімі пілястрамі, лучковымі нішамі. У цэнтры размешчаны ляпны картуш з лісця аканту, з каронай і воінскай атрыбутыкай. У арх. дэкоры — плоскія нішы, валюты, вазы, вытанчаныя капітэлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЗДЗЕЖСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1784 у в. Бездзеж (Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.) на фундаменце царквы 1-й пал. 17 ст. Мае рысы стылю барока. Прамавугольны ў плане асн. і алтарны зрубы аб’яднаны 2-схільным дахам з вальмай над алтаром і трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння зрубаў. Гал. фасад завершаны трохвугольным зрубам, які спалучаецца з паўвальмай, і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі купалкамі. Інтэр’ер зальны, з 4 слупамі ў сярэдзіне, над уваходам — хоры; захаваліся абразы 17—18 ст. Перад царквой — брама-званіца, накрытая 2-схільным дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́ Маркава манастыра. Існавала ў Віцебску ў канцы 17 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1691 на правым беразе Зах. Дзвіны ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пастаўлена на фундаменце крыжовага драўлянага храма
(засн. ў 1633),
знішчанага пажарам.
Царква 4-зрубная, крыжова-цэнтрычнай кампазіцыі, тры зрубы 5-гранныя, заходні прамавугольны ў плане, паміж крыламі трансепта і алтарным зрубам — шматгранныя рызніцы. Зрубы і сяродкрыжжа былі перакрыты самкнутымі купаламі і накрыты невысокімі шатрамі з галоўкамі. Увесь будынак меў вял. абходную галерэю на разьбяных слупках з ганкам пры ўваходзе, накрытым шатровым дахам. Знесена ў 1920-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́ на Пескаватыку. Існавала ў Віцебску ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1761 па фундацыі Тадэвуша Агінскага на месцы старой царквы, вядомай па інвентарах з 1618. Вырашана ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пяцізрубны храм крыжовацэнтрычнай кампазіцыі. Цэнтральны 8-гранны зруб быў завершаны светлавым васьмерыком і накрыты пакатым шатром, які пераходзіў у невял. купалок з галоўкай, 4 прамавугольныя ў плане зрубы, арыентаваныя па баках свету, былі накрыты 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Да царквы прылягалі вял. шматгранная ў плане абходная галерэя, 2-ярусная званіца і невял. рызніца па баках алтарнага зруба. Знесена ў 1920-я г.