НЕАПАЛІТА́НСКАЯ О́ПЕРНАЯ ШКО́ЛА,

італьянская оперная школа і стылявы кірунак у 18 ст. Узнікла ў Неапалі. Заснавальнік — А.Скарлаці, першы найб. значны прадстаўнік — Ф.​Правенцале. Н.о.ш. абагульніла дасягненні італьян. оперы 17 ст. Вял. значэнне для яе фарміравання мелі традыцыі быт. неапалітанскай музыкі і дзейнасць кансерваторый Неапаля, якія падрыхтавалі многіх спевакоў-віртуозаў. У Н.о.ш. склаліся арыстакратычны жанр оперы-серыя (Скарлаці, Л.​Вінчы, Н.​Порпара, Л.​Леа, Н.​Іамелі, Т.​Траэта) і дэмакр. жанр оперы-буфа (Дж.​Б.​Пергалезі, Н.​Пічыні, Дж.​Паізіела, Д.​Чымароза). Сярод лібрэтыстаў — паэты і драматургі А.​Дзена і П.​Метастазіо. Вял. ролю ў ёй адыгралі кантыленныя і віртуозныя сольныя спевы, выкрышталізаваліся формы опернай арыі, італьян. опернай уверцюры, тыпы рэчытатыву, устанавіліся традыцыі выкарыстання аркестра ў оперы. Стыль Н.о.ш. паўплываў на еўрап. музыку.

Літ.:

Гл. пры арт. Опера.

т. 11, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЦЕ́ІНСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,

мастацкая школа ў бел. графіцы 17 ст.

Існавала ў 1630—54. Працягвала традыцыі Віленскай школы гравюры. Развіццё звязана з дзейнасцю друкароў Куцеінскай друкарні, гал. ролю ў яе фарміраванні адыграў С.Собаль. Кніжная гравюра (дрэварыт) стылістычна блізкая да бел. нар. лубка. Выданні мелі дэкар. тытульныя лісты, дзе часта змяшчаліся выявы людзей, былі багата ўпрыгожаны застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі з выявамі птушак, звяроў, фігур чалавека, а таксама ілюстрацыямі і гербамі. Выкарыстоўваўся літы наборны арнамент. У тонка выкананых малюнках прыкметны ўплыў мясц. флоры і фауны. Характэрная асаблівасць школы — свецкі, жанравы характар адлюстраваных сцэн. Найб. яскрава яе рысы выявіліся ў кнігах, выдадзеных Собалем, «Брашна духоўнае», «Буквар», «Часаслоў», а таксама кнігах «Дзідаскалія...» С.​Косава, «Гісторыя пра Варлаама Іасафа», «Брашна духоўнае», «Трэфалагіён», «Дыоптра», «Новы запавет», «Лексікон славенарускі» П.​Бярынды і інш. Традыцыі К.ш.г. прадаўжала Магілёўская школа гравюры.

В.​Ф.​Шматаў.

т. 9, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРАТУ́ШТРА, Зараастр,

паўлегендарны заснавальнік зараастрызму — стараж.-іранскай рэлігіі, у аснову якой пакладзена ідэя аб непазбежнай перамозе сіл дабра над сіламі зла; стваральнік самай стараж. часткі «Авесты». Згодна традыцыі і паводле меркаванняў вучоных, З. жыў і прапаведаваў у 7—пач. 6 ст. да н.э. на тэр. Усх. Ірана, Сярэдняй Азіі і Афганістана.

т. 6, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУСА́ЦТВА,

мілітарысцкія традыцыі юнкерства Прусіі, а пасля 1871 і аб’яднанай вакол яе Германіі. П. называюць таксама і мілітарысцкі паліцэйска-бюракратычны рэжым у Прусіі і Герм. імперыі. Адметныя рысы П. — шавінізм, нянавісць да інш., асабліва слав. народаў, агрэсіўныя памкненні, культ грубай сілы, вернападданства, пагардлівыя адносіны да культуры і прагрэсу, адданасць палачнай дысцыпліне.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМРЫКЯ́Н (Міхрдат Аванесавіч) (13.5.1843, Тбілісі — 17.2.1879),

армянскі акцёр, тэатр. дзеяч; адзін з заснавальнікаў сцэн. рэалізму ў арм. т-ры. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1859. Працаваў у Ерэване, Александропалі, Шушы, Канстанцінопалі. З яго імем звязаны традыцыі сцэн. ўвасаблення вобразаў у п’есах Г.​Сундукяна. Адна з лепшых роляў — Франц Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера). Выступаў як тэатр. крытык.

т. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЎТС, Боўтс (Bouts) Дзірк (Ц’еры; каля 1415, г. Харлем, Нідэрланды — 6.5.1475), нідэрландскі жывапісец. Выкарыстоўваючы традыцыі Рагіра ван дэр Вейдэна і Я. ван Эйка, імкнуўся да пераканаўчасці і трапнасці дэталяў, вытанчанасці і маляўнічай дэкаратыўнасці жывапісу (алтар «Таямнічасць прычасця», 1464—67, абраз «Пакуты Святога Эразма...», 1466, дыптых «Правасуддзе Атона III», 1475, карціна «Пекла» і інш.).

Дз.Баўтс. Пекла. 15 ст.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́СЕР ((Passer) Арэнт) (?—1637),

эстонскі скульптар і архітэктар. Паходзіў з Нідэрландаў. Працаваў пераважна ў Таліне (1589—1637) і г. Хаапсалу (1626—28). У творах апіраўся на традыцыі нідэрл. маньерызму, спалучаў выкананыя ў высокім рэльефе фігуры з пышным паліхромным арнаментам (надмагілле Понтуса дэ ла Гардзі ў Домскай царкве, 1589—95; фасад будынка брацтва Чорнагаловых, 1597, у Таліне).

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЦЫ ((Gozzi) Карла) (13.12.1720, г. Венецыя, Італія — 4.4.1806),

італьянскі драматург. Граф. Быў ваенным. Выступіў супраць драматургіі К.Гальдоні і франц. асветнікаў. Падтрымліваў традыцыі Адраджэння. Стварыў новы жанр — філас. тэатр. казку (ф’яба). Першая з іх — «Любоў да трох апельсінаў» (паст. 1760). У казках 1760-х г. «Воран», «Кароль-алень», «Прынцэса Турандот», «Жанчына-змяя», «Забеіда», «Блакітная пачвара», «Шчаслівыя жабракі», «Зялёная птушка», «Дзэім, кароль джынаў, альбо Верная раба» развіваў свой трагікамічны казачны стыль, спрабаваў, нягледзячы на рэформу т-ра, захаваць традыцыі камедыі дэль артэ. Яго ф’ябы адметныя паэтычнасцю, яркасцю і аптымізмам нар. казачнай фантастыкі. Аўтар 23 п’ес, напісаных пад уплывам ісп. «камедыі плашча і шпагі», у т. л. «Любоўнае зелле» (1777), паэмы «Дзіўная Марфіза» (1772), кн. ўспамінаў «Непатрэбныя мемуары» (1797). Казкі Гоцы паўплывалі на л-ру рамантызму і тэатр 20 ст. П’есы «Кароль-алень», «Прынцэса Турандот», «Зялёная птушка» неаднаразова ставіліся і тэатрамі Беларусі.

Тв.:

Рус. пер. — Сказки для театра. М., 1989.

С.​В.​Логіш.

К.Гоцы.

т. 5, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ТХУРА,

горад у Паўн. Індыі, на р. Джамна, у штаце Утар-Прадэш. Засн. ў 4 ст. да н.э., адзін з найстараж. гарадоў Індыі; паводле індускай традыцыі, месца нараджэння бога Крышны; да 1948 наз. Матра. Нас. 227 тыс. ж. (1991). Чыг. вузел. Прам-сць: тэкст., алейная, нафтахім., металаапрацоўчая. Археал. музей. Стараж. будыйскія помнікі (3—4 ст. да н.э.) і індуісцкія храмы.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБЮРО́ ((Deburau) Жан Батыст Гаспар) (31.7.1796, г. Колін, Чэхія — 17.6.1846),

французскі акцёр-мім. З сям’і вандроўных акцёраў-акрабатаў. З 1816 у трупе т-ра «Фюнамбюль» («Канатныя танцоры»). Стварыў у розных пантамімах вобраз П’еро, які стаў папулярным нар. камічным героем і атрымаў сусв. вядомасць. Захаваўшы старадаўні фарсавы грым П’еро, Д. змяніў яго аблічча і касцюм. У сучаснай пантаміме традыцыі Д. знайшлі працяг у творчасці Ж.Л.Баро і М.Марсо.

т. 6, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)