КАЛЯПЛО́ДНІК,

перыкарпій, сценка плода раслін, якая ахоўвае насенне. Утвараецца са сценак завязі. Складаецца з трох (часам з двух) слаёў. Вонкавы (экзакарпій) бывае тонкі скурысты (касцянка, ягада, яблык), тоўсты скурысты (памяранец), цвёрды (гарбуз). Сярэдні (мезакарпій) мясісты, сакавіты, часта афарбаваны (касцянка, ягада). Унутр. бывае сакавіты (ягада), хрусткаваты (яблык), камяніста-цвёрды (касцянка). Будова К. — адзнака, якая ўлічваецца ў сістэматыцы раслін.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ЗЕФСАН ((Josephson) Браян Дэйвід) (н. 4.1.1940, г. Кардыф, Вялікабрытанія),

англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1970). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1960), дзе і працуе (з 1974 праф.). Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і звышправаднікоў. Прадказаў (1960) праходжанне звышправоднага току праз тонкі слой дыэлектрыка, які раздзяляе 2 звышправаднікі (гл. Джозефсана эфект). Нобелеўская прэмія 1973 (разам з А.Джаеверам і Л.Эсакі).

Б.Джозефсан.

т. 6, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЯ́НКА,

сакавіты плод раслін з рэзкай дыферэнцыяцыяй слаёў каляплодніка. Мае ў сабе тонкі скурысты пазаплоднік, сакавіты міжплоднік і адраўнелы ўнутрыплоднік (эндакарпій), які ўтварае костачку, дзе знаходзіцца семя. Аднакасцянка ў вішні, слівы, міндаля, шматкасцянка ў малін, ажын, крушыны (іх плод складаецца з многіх дробных К., якія знаходзяцца на агульным кветаложы). Вядомы сухія К. са скурыстым (міндаль, грэцкі арэх) ці валакністым (какосавая пальма) міжплоднікам.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДО́РЫН (Андрэй Германавіч) (н. 22.8.1960, в. Бярозаўка Пермскай вобл., Расія),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1984). Творчасці ўласцівы індывідуальнасць бачання свету, псіхал. выразнасць кампазіцый, тонкі каларыт. Сярод работ: «Вяртанне. 1953 год» (1987), «Курапаты», «Калядныя яблыкі», «Сынок, тут быў сад», «Партрэт мастацтвазнаўцы», «Галлё для вогнішча» (усе 1988), «Зімовы сад» (1989) і інш.

М.​М.​Паграноўскі.

А.Задорын. Калядныя яблыкі. 1988.

т. 6, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НЕЙ,

тонкі слой ледзяных крышталёў, якія ўтвараюцца на глебе, траве і наземных прадметах у халодныя, ясныя і ціхія ночы. Узнікае пры ахаладжэнні зямной паверхні ў выніку цеплавога выпрамянення ніжэй за 0 °C і сублімацыі вадзяной пары на паверхні прадметаў. І. адрозніваюць ад шэрані, якая ўтвараецца пры тумане, у мароз. На тэр. Беларусі І. назіраецца з вер. да мая, ад 50 да 80 сутак.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІ́НІЕВЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ будаўнічыя,

канструкцыі і вырабы з алюмініевых сплаваў ці тэхн. алюмінію. Лёгкія, трывалыя, даўгавечныя, маюць высокія дэкар. якасці, але складаныя ў выкананні роўнатрывалых злучэнняў, асабліва зварных; патрабуюць уліку зніжанага (прыкладна ў 3 разы ў адносінах да сталі) модуля пругкасці алюм. сплаваў. На выраб алюмініевых канструкцый ідуць тонкі ліставы метал і прасаваныя танкасценныя профілі. Выкарыстоўваюцца як канструкцыйныя і аддзелачныя элементы ў будынках, трансп., спарт. і інш. збудаваннях.

т. 1, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРГА́НСА ((Berganza) Тэрэса) (н. 16.3.1935, Мадрыд),

іспанская спявачка (мецца-сапрана). Вучылася ў Мадрыдскай кансерваторыі. Спявае ў буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера»). Віртуозна валодае мастацтвам каларатуры. Выконвае найб. складаныя партыі ў операх Дж.​Расіні «Севільскі цырульнік» (Разіна), «Італьянка ў Алжыры» (Ізабэла), В.​А.​Моцарта «Вяселле Фігара» (Керубіна), «Міласэрнасць Ціта» (Секст) і інш. Тонкі інтэрпрэтатар камерных вак. твораў Э.​Гранадаса, М. дэ Фальі і інш. ісп. кампазітараў.

т. 3, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУ́ЛАЎ (Восіп Навумавіч) (16.11.1900—14.6.1953),

рус. акцёр. Нар. арт. Расіі (1944). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1918. З 1943 у Маскоўскім т-ры імя Массавета. Яркі характарны акцёр. Яго мастацтву ўласцівы віртуозная тэхніка, камедыйнасць і тонкі гумар. Сярод лепшых роляў: Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Дзядзька Васа («Пані міністэрша» Б.​Нушыча) і інш. Здымаўся ў кіно: Джон Сільвер («Востраў скарбаў»), Грэк Дымба («Вяселле» паводле А.​Чэхава). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІГРО́ЎСКІ (Антон Антонавіч) (6.2.1906, Мінск — 1937),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1935). Выступаў у Трупе У.​Галубка (БДТ-3). Творчай манеры характэрны высокае майстэрства пераўвасаблення, дакладны псіхал. малюнак, тонкі артыстызм. Найб. значныя ролі: памешчык («Пінская мадонна» У.​Галубка), Вася Балабан («Гісторыя пяці хвастоў» Л.​Левіна), Лундышаў («Гадзіншчык і курыца» І.​Качаргі), Кадлуб-Дабравольскі («Сяржант Дроб» Э.​Самуйлёнка), Юсаў («Даходнае месца» А.​Астроўскага) і інш. Рэпрэсіраваны ў 1937, рэабілітаваны ў 1957.

А.А.Згіроўскі.

т. 7, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКІЛАСТАМО́З,

гельмінтозная хвароба чалавека і жывёл, пры якой пашкоджваецца тонкі кішэчнік. Узбуджальнік — нематоды з роду анкіластом (Ancylostoma). Сустракаецца пераважна ў раёнах з цёплым і вільготным кліматам, на Беларусі адзначаецца ўсюды. Прыкметы: ірвота, паносы з прымешкамі крыві ў фекаліях, схудненне. Яйцы паразіта з калам інвазіраваных чалавека і жывёл трапляюць у вонкавае асяроддзе, з іх развіваюцца рухомыя лічынкі, якія праз рот ці скуру пранікаюць у арганізм гаспадара і ператвараюцца ў кішэчніку ў палаваспелых анкіластом. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)